Гэты матэрыял быў апублікаваны ў 2014 г. у каментарыі да артыкула газеты "СБ-Беларусь сегодня". Разбіраючы свае віртуальныя архівы, знайшоў яго і вырашыў надрукаваць асобна без змяненняў, але з невялікімі скарачэннямі.
Прачытаў даволі добры артыкул В. Корбута "Где эта vulica", але толькі зараз знайшоў час
Андрэй Берастоўскі
Гісторык, перакладчык, выкладчык англійскай мовы
Ілюстрацыя А. Берастоўскага, зробленая ў 2013 для іншага аналагічнага паведамлення.
Гл. таксама: Праблемы перакладу ўласных імён з беларускай мовы на англійскую.
"Адрас" артыкула В. Корбута: Советская Белоруссия №23 (24406). Четверг, 6 февраля 2014 года.
Прачытаў даволі добры артыкул В. Корбута "Где эта vulica", але толькі зараз знайшоў час
каб унесці ў абмяркаванне тэмы свае тры грашы.
Справа ў тым, што мне даводзілася даследаваць гэту праблему з пазіцый гісторыі і філалогіі. І магу сказаць, што кожны з варыянтаў перадачы ўласных імёнаў лацінкай, якія выкарыстоўваюцца ў нашай краіне падобны на кароткую коўдру: яе не нацягнеш на ногі і галаву адначасова. Іншымі словамі ў кожнага з такіх варыянтаў, а менавіта транскрыпцыі з рускай мовы на манер англійскай, перакладу ўласных імёнаў на англійскую і транскрыпцыі з беларускай адпаведна новым нацыянальным стандартам – маюць свае плюсы і мінусы. Таксама многія проста не разумеюць, што гэта праблема існуе. А яна існуе насамрэч.
Маё прозвішча можа перадавацца лацінкай наступным чынам. У пашпарце я Berastouski, ў некаторых віртуальных сістэмах я зарэгістраваны як Berestovski (з рускага вымаўлення майго прозвішча), а вось па правілам транскрыпцыі, якія прымяняюцца да тапанімічных назваў трэба пісаць Bierastoŭski. Усё гэта – тры розныя асобы для чалавека, які не ведае ні беларускіх рэалій, ні нацыянальных моў краіны. І што больш цікава -- «пашпартны» і «тапанімічны» варыянты з'яўляюцца правільнымі з пункту гледжання ўніфікацыі і стандартызацыі.
Такія ж праблемы існуюць і пры перадачы назваў вуліц і іншых тапонімаў. Наяўнасць розных варыянтаў, як справядліва адзначыў В. Корбут, робіць беспарадак. Але пры гэтым праблема нікуды не знікне і калі выдаць закон, які б абавязаў усіх пісаць уласныя імёны лацінкай па-беларуску і адпаведна новым правілам. Чаму? Патрэбен час, грошы і матывацыя, каб навучыць усіх пісаць правільна назвы плошчаў, вуліц і гарадоў. Патрэбна вырашыць праблему адсутнасці ў некаторых тэкставых рэдактарах дыякрытычных знакаў (накшалт ŭ замест «ў» і š замест «ш»). Патрэбна проста і цікава навучыць чытаць па-беларуску такой лацінкай, каб кожны жыхар краіны мог лёгка патлумачыць замежнаму госцю як праехаць куды яму трэба і які надпіс прачытаць у метро ці на вуліцы.
Гэта праблема вырашаецца, як можна бачыць на прыкладзе Азербайджана. Там нацыянальная мова пасля выхаду краіны з СССР была пераведзена на лацінку з дыякрытычнымі знакамі. Некаторыя камп'ютарныя сістэмы і мабільныя тэлефоны не падтрымліваюць дыякрытычныя знакі і ў такіх выпадках азербайджанцы пішуць на сваёй мове альбо на англійскі манер, альбо проста без дыякрытычных знакаў. Я раблю тое ж самае, калі мушу пісаць СМС-ку па-англійску ці па-французску гасцям сталіцы: пішу Autazavodskaja замест Aŭtazavodskaja. І гэта нармальна, бо адсутнасць пэўных сімвалаў у камп'ютарах і тэлефонах – праблема сусветная.
Наяўнасць некалькіх варыянтаў напісання лацінкай назвы вуліцы ці прозвішча чалавека прыводзіць да неабходнасці даваць некалькі варыянтаў у дужках: Hrodna (Grodno), Shauchenka (Shevchenko) (дарэчы ізноў прыходзіцца казаць пра наяўнасць «пашпартнага» і «тапанімічнага» варыянтаў стандартызацыі, якія супярэчаць адзін аднаму).
Так склалася, што некаторыя тапонімы Беларусі сталі вядомы свету спачатку ў перакладзе (звычайна на англійскую), а потым – ў «тапанімічным» варыянце беларускай лацінкі. І вось тут маюць месца даволі грубыя памылкі. Няма нічога дрэннага ў перакладзе назвы «Плошча Перамогі» (Plošča Pieramohi) ў Мінску на англійскую, але назва Victory Square падыходзіць ёй як рыбе парасон. Прычына? Square, літаральна «квадрат» – гэта слова, якім можна апісаць квадратную плошчу, але не круглую. Для круглай плошчы, такой як Пікадзілі ў Лондане, існуе зусім іншае слова – circus. Праўда, мушу прызнаць, што ніхто з англамоўных гасцей горада на такі пераклад пакуль мне не скардзіўся.
... [далей разбіраліся няўдалыя пераклады на англійскую, якія я выкладаў у паведамленні Круглы квадрат або беларускія грамацеі]
Зразумела, кожны чалавек мае права на памылку. Галоўнае, каб гэту памылку было каму выправіць.
І яшчэ адна думка. Наяўнасць такіх дыскусій сведчыць аб тым, што сучасных беларусаў нельга назваць ні «цёмнымі», ні «забітымі». Таксама немагчыма распрацаваць сістэму транскрыпцыі, якая б спадабалася ўсім і кожнаму. Наяўнасць незадаволеных не заўсёды значыць, што рашэнне памылковае. І крытыка працэса ўніфікацыі правілаў напісання ўласных імёнаў лацінкай – справа непазбежная. Але трэба навесці большы парадак у беларускіх стандартах, бо калі прозвішча «Шаўчэнка» ў пашпарце адрозніваецца ад надпісу на вуліцы Шаўчэнкі – гэта ўсё роўна як б цукар важылі ў фунтах і пудах за заводзе, і ў кілаграмах у рознічным магазіне.
Андрэй Берастоўскі
Гісторык, перакладчык, выкладчык англійскай мовы
Ілюстрацыя А. Берастоўскага, зробленая ў 2013 для іншага аналагічнага паведамлення.
Гл. таксама: Праблемы перакладу ўласных імён з беларускай мовы на англійскую.
"Адрас" артыкула В. Корбута: Советская Белоруссия №23 (24406). Четверг, 6 февраля 2014 года.