05.03.2013

Праблемы перакладу ўласных імён з беларускай мовы на англійскую.

Перакладаць з беларускай на англійскую для беларуса значна цяжэй чым з англійскай. Выключэнне з гэтага правіла складаюць носьбіты англійскай мовы - тыя, хто размаўляе на ёй з дзяцінства, як на роднай альбо другой (напрыклад, дзеці беларускіх эмігрантаў), і тыя, хто пастаянна жыве сярод носьбітаў - эмігранты ў першым пакаленні. Большасць праблем перакладу на англійскую можна ўмоўна падзяліць на 3 віды: лексічныя цяжкасці (падбор няўдалых слоў пры перакладзе), граматычныя памылкі (нядобрае веданне сістэмы відаў і часу, артыкляў і г. д.) і стылістычныя пагрэшнасці (выкарыстанне слоў розных стыляў мовы ў адным і тым жа кантэксце).
Асаблівую цяжкасць у перакладзе з беларускай мовы на англійскую складае адэкватная перадача ўласных імён. Гэта цяжкасць выклікана наступнымі акалічнасцямі: наяўнасць дзвюх дзяржаўных моў – рускай і беларускай, наяўнасць двух стандартаў беларускай мовы – афіцыйнага («наркамаўка») і традыцыйнага («тарашкевіца») і адсутнасці ўніфікаванага падыходу ў справе перадачы ўласных імён сімваламі лацінскага алфавіту.
Наяўнасць дзвюх дзяржаўных моў у краіне прыводзіць да праблемы выбару мовы, з якой перакладаюць на англійскую. Звычайна гэта праблема не ставіцца ўвогуле, калі зыходны тэкст ужо напісаны па-руску ці па-беларуску. Але ўласныя імёны могуць быць зусім непадобнымі пры перадачы адпаведна з рускай і беларускай: Grodno i Hrodna, Pavlov i Paulau (ці Paŭlaŭ), Krinki i Krynki. А для англічаніна ці амерыканца гэта блытаніна ўспрымаецца як гаворка пра розныя населеныя пункты і розныя асобы.
Магчымым варыянтам рашэння такой праблемы можа быць выкарыстанне абедзвюх версій – Grodno (Hrodna), калі гаворка ідзе пра населеныя пункты і калі пераклад робіцца для энцыклапедыі, навуковага ці навукова-папулярнага выдання; у перакладзе твораў мастацкай літаратуры магчыма прыводзіць тлумачэнне праз зноскі. (Падобным чынам Юджын Брыстоў у сваім зборы перакладаў твораў А. П. Чэхава з дапамогай зносак тлумачыў не толькі тапонімы (як пішуцца і як гучаць), але і некаторыя з'явы культуры і побыту Расіі часоў Чэхава) [гл.1]. Пры гэтым імёны грамадзян Рэспублікі Беларусь належыць перадаваць па лацінскаму варыянту напісання імя і прозвішча ў пашпарце, а гэта робіцца альбо транскрыпцыяй з беларускай мовы, альбо транскрыпцыяй з рускай мовы на выбар самога грамадзяніна. Няма абавязковых правілаў наконт усіх астатніх імён, такіх як імёны дзеячаў культуры, навукі, палітыкі Расіі, Беларусі, Балгарыі, Казахстана. Тым не менш, калі гэтыя людзі пакінулі свой адметны след ў гісторыі і вядомы за мяжой у пэўным лацінаграфічным варыянце, трэба трымацца такога варыянта пры перадачы такіх імён: Adam Mickiewicz, Marc Chagal, Szymon Budny. Такія імёны нельга перадаваць на англійскі манер: (Mitskevich і г.д.).
Суіснаванне двух варыянтаў беларускай мовы таксама мае свой адбітак на праблему правільнай перадачы ўласных імён лацінкай на англійскую мову і ўвогуле іншыя мовы Заходняй Еўропы. Стары варыянт, які мае неафіцыйную назву «тарашкевіца» (бо яго правілы былі канчаткова сфармуляваны Б. Тарашкевічам), патрабуе пісаць «Менск», «Слуцак» «Уладзімер», «Павал», а згодна афіцыйнаму, які ў процілегласць старому называюць «наркамаўкай» (бо яго прынялі на падставе наркамаўскага (міністэрскага) загаду ), трэба пісаць «Мінск», «Слуцк», «Уладзімір», «Павел». Магчыма выкарыстоўваць наступную альтэрнатыву, якую прымяняюць да г. Львова. У сучасных перакладах на англійскую пішуць Lvov, калі гаворка ідзе пра горад у савецкі час, і дадаюць у дужках (now Lviv) [гл. 2, с. 20]. Падобным чынам можна выкарыстоўваць гістарычную назву Мінска (Mensk), калі перакладаюць штосьці пра падзеі з жыцця горада да сярэдзіны 1930-х гг. і абавязкова дадаваць у дужках сучасную міжнародна прынятую назву горада (Minsk). Што датычыцца імён і прозвішчаў людзей, то мэтазгодна перадаваць іх па пашпартным дадзеным альбо адпаведна гістарычным традыцыям, як напісана вышэй. І гэта не адмаўляе магчымасць трымацца традыцыйнага, а не афіцыйнага стандарту пры напісанні па-беларуску і памятаць, што вольнасць у перадачы ўласных імён можа прывесці да блытаніны і нават да фінансавых страт.
Яшчэ адна праблема звязана з адсутнасцю адзінага падыходу да правілаў транслітарацыі геаграфічных назваў і іншых уласных імён. У 1990-я гг з лёгкай рукі некаторых чыноўнікаў склалася традыцыя перадаваць тапонімы на англійскі манер: Zhlobin, Ivatsevichy. У 2000 г. пастановай Дзяржкамітэта па зямельным рэсурсам, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь была выдадзена Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту. Яна патрабуе перадаваць беларускія тапонімы на падставе перапрацаванай гістарычнай лацінкі беларускай мовы (такая лацінка падобна на графіку польскай і чэшскай моў). Згодна такой сістэме, канчаткова дапрацаванай у 2007 г., вышэй названыя тапонімы трэба пісаць: Žlobin, Ivacevičy. Тым не менш, у пашпартах імёны і прозвішчы, як і раней, перадаюцца на англійскі манер: Galina Shauchenka ( не Halina Šaučenka).
Нягледзячы на тое, што ў справе перадачы ўласных імён падчас перакладу на англійскую існуюць некаторыя цяжкасці неабходна пазбягаць бессістэмнасці ў гэтай справе. Нават пры наяўнасці супярэчлівых правілаў перакладчыку з беларускай лягчэй данесці адэкватную інфармацыю для тых, хто жадае бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй, сучаснасцю і культурай Беларусі.

Зноскі:

1. E. K. Bristov. Anton Chekhov’s Plays. A Norton Critical Edition. NY-London : W. W. Norton & Co., 1977

2. Marian Tsiboulski. A promise I am determined to keep//Awake! June 22, 1998, pp. 20-24

1 комментарий:

  1. Прашу прабачэння ў чытачоў за некаторыя праблемы з шрыфтам. Гэта поўная версія майго навуковага артыкула, які ў крыху абрэзаным выглядзе надрукаваны:
    Берастоўскі А. В. Праблемы перакладу з беларускай мовы//Міжкультурная камунікацыя і прафесійна арыентаванае навучанне замежным мовам. Матэрыялы VІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 91-годдзю заснавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мн.: «Изд. центр БГУ», 2012, с.60-61
    На падставе матэрыялаў гэтага і некаторых іншых артыкулаў я рыхтую кнігу на рускай мове аб праблемах і тэндэнцыях выкарыстання лацінкі ў розных мовах свету ў апошнія дзясяцігоддзі.

    ОтветитьУдалить

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...