30.09.2020

Як мы ездзілі ў Крым

 Працягваю тэму вандровак. І вяртаюся ў дні сваёй маладосці, у сярэдзіну 2000-х. Некалькі разоў мы з жонкай ездзілі ў Крым. У 2004 г. мы правялі мядовы месяц у севастопальскай Балаклаве. У 2005 г. мы пабывалі ў пасёлку Мірны пад Еўпаторыяй. А ў 2007 г. ізноў пабывалі ў рысе Вялікага Севастопаля: ў вёсцы Андрэеўка, якая лічылася часткай горада.


2004 год. Гэта мы на фоне генуэзскіх вежаў у Балаклаве. Так што на пытанне "Чый Крым?" ёсць больш варыянтаў адказаў, чым прапануюць прарасійскія, праўкраінскія актывісты і мясцовыя татары. Дарэчы, самі вежы іспісаны сучаснымі графіці, пераважна на рускай мове. У адным з графіці нехта падзякаваў Беларусі за добры сэкс... Вось такі кроскультурны дыялог.


Горны Крым мне спадабаўся больш, чым стэпавы ў раёне Еўпаторыі, а маёй жонцы наадварот: яна не аматар лазіць па гарах і хадзіць па жалезных мосціках уздоўж стромай скалы на далёкі пляж.

Цікава, што ў тым 2004 г. у Балаклаве пачаў працаваць музей на былой расійскай падводнай базе. Мы на фоне ўвахода ў музей. Недалёк ад музея была кінутая вайсковая частка з бітымі вокнамі. Шкадую, што тады не разумеў свае магчымасці фотаграфаваць не толькі каханую дзяўчыну :) З 2014 г мне туды дарогі ўжо няма...


А гэта стэпавы Крым, пасёлак Мірны. 2005 год. Мы смажым сасіскі каля мора. Дарэчы, набраць галінак як у Беларусі было нерэальна: вакол толькі зялёна-рыжа-чырвоная трава, і мы набралі дошак у гаражы аднаго з сяброў той сям'і, у якой мы гасцявалі.


Агульныя ўражанні таго часу

Тагачасны Крым быў царствам савецкага аўтамабіля. Сучасныя машыны на вуліцах належылі пераважна турыстам. У адным выпадку мясцовы мужык купіў "Запарожэц" толькі для форсу і ездзіў на ім адзін раз на год на тэхагляд. Праўда, у Севастопале жыццё было больш сучасным  і наладжаным. У канцы 2008-х сітуацыя стала мяняцца ў плане прагрэсу тэхналогіі. У 2008 годзе мы гасцілі ў Львове і мясцовыя жыхары жартавалі: "ездзім адпачываць у Турцыю, бо ў Крым дорага".

Крым быў звычайным рускамоўным рэгіёнам тагачаснай Украіны. У Мірным, напрыклад, калі ідзеш па звычайным савецкім пад'ездзе, бачыш шматлікія надпісы на сценах мясцовых хлопцаў на рускай мове. Адна жанчына скардзілася мне: "Навошта мне ведаць украінскую мову і разумець што напісана на вакзальных цэкліках? Чаму гэта нельга зрабіць цэклікі на рускай?" Аднак, не было там у прыватных размовах з мясцовымі жыхарамі нейкага адчування што крымчане лічаць сябе рускімі, якія выпадкова жывуць ва Ўкраіне. Усё, што я бачыў вельмі нагадвала аналагічныя рускамоўныя рэгіёны, дзе могуць не карыстацца ўкраінскай у паўсядзённым жыцці, не любіць украінскі ўрад, але пры гэтым спакойна ставіцца да ўсяго ўкраінскага.

Жыхары Крыма жылі бедна і сціпла. Даволі сур'ёзнай праблемай паўвострава быў недахоп магчымасцяў добрага працаўладкавання. У Еўпаторыі, у Мірным і ў Адрэеўцы бачыў шмат т.зв. "блашыных рынкаў": стыхійных ганлёвых кропак, дзе турыстам спрабавалі прадаць усё, што толькі можна: ад ракушак да старых савецкіх кніг. І гэта не толькі прадпрымальніцкая здольнасць крымчан, але і банальная спроба скарыстаць сезон заробкаў на ўсе 100, бо потым усе магчымасці будуць мінімальнымі.

Амаль паўсюль, дзе мы адпачывалі, былі праблемы з вадой, за выключэннем гасцінічных домікаў. Таму добра мыцца пасля мора артымоўвалася не заўсёды

Самае смешнае

Так атрымалася, што менавіта з адпачынку ў Мірным у мяне засталіся самыя смешныя ўспаміны. Яшчэ калі мы ехалі на аўтобусе з Еўпаторыі ў Мірны дзесьці каля 6:00 і міналі нейкі аўтобусны прыпынак, на якім стаяла пара жэўжыкаў. Я сустрэўся поглядам з адным з іх і ён паказаў мне сярэдні палец. Не проста паказаў, а пакруціў ім, каб я бачыў, што гэта мяне ён так "вітае" ў сваім горадзе. Цікава, а як гэты хлопец (ўжо даўно мужык) зараз жыве і як яго закранулі перамены 2014 г?

* У Мірным мы з жонкай аднойчы ішлі на культурнае мерапрыемства і я быў у кашулі з гальштукам. Нейкая немаладая жанчына ўбачыла мяне і пачала крычыць на ўсю вуліцу:

-- Вось нарэшце мужчына з'явіўся ў нас! Хоць адзін з гальштукам! А ўсе астатнія тут -- свінні!!!

* У час нашага адпачынку ў Мірным там праходзіў фестываль "Казантып". Нехта са знаёмых гаспадара, у якога мы здымалі пакой, быў сведкам размовы двух мясцовых бабуль:

-- Я здолела падыйці бліжэй да "Казантыпа" і слухала чым яны там займаюцца, -- выхвалялася адна.

-- А я глядзела ў дзірачку ў сцяне на ўсё, што яны там рабілі! -- пакрыла сваім козырам другая.

А як цяпер

Наколькі мне атрымалася даведацца ад розных жыхароў паўвострава, за апошнія гады жыць стала некалькі цяжэй. Многім уласнікам жылля даводзіцца плаціць шмат кампаніям, якія прадстаўляюць таварыствы ўласнікаў ці камунальныя паслугі (я тут не ва ўсім разабраўся, але, па маіх звестках, гэта прывяло да таго, што частка людзей проста прадала свае дамы і пераехала жыць у іншыя месцы). 

Калі верыць расійскім блогерам, якія пераехалі жыць у Крым з іншых рэгіёнаў Расіі, адна з самых значных праблем паўвострава -- гэта дарагоўля.


Гэта фота з пляжа "Аркадзія" ў Адэсе. 2019 год. Як бачым турыстычныя кампаніі і гасцініцы скупаюць месцы каля пляжа, што стварае цяжкасці мясцовым жыхарам і "дзікім" турыстам знаходзіць сабе "месца пад сонцам" ва ўсіх сэнсах слова. Наколькі мне вядома, такая ж праблема ёсць і ў Крыму, але там сітуацыя ўскладняецца узроўнем карупцыі і негалоснай забаронай на пратэсты.
Можна яшчэ ўзгадаць праблемы свабоды слова, рэлігіі, інфармацыю пра нейкія дзеянні супраць крымскіх татар з боку расійскай адміністрацыі, падобныя крыху на палітыку КНР адносна ўйгураў. Ёсць і праблемы ўзаемаразумення паміж тымі, хто даўно жыве на паўвостраве, і тымі, хто туды пераехаў у 2014 годзе. Але пакуль маю мала дакладнай інфармацыі...

Крым стаў першым месцам, дзе я купаўся ў моры, і нейкім напамінам аб маёй зніклай маладосці. Магчыма, ў будучым у мяне атрымаецца туды вярнуцца, але зараз застаецца толькі шкадаваць, што за той кароткі адрэзак часу фоткаў амаль выключна сваю каханую жонку і цяпер маю так мала візуальных напамінаў пра сам Крым...

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...