02.09.2019

Чаму 10-бальная сістэма адзнак лепш за 5-бальную


Так атрымалася, што я вучыўся па 5-бальнай сістэме і здаў апошнія экзамены ў БДПУ ў чэрвені 2002 г. З верасня таго ж года я пачаў працаваць настаўнікам у школе, і як раз Беларусь перайшла на 10-бальную сістэму адзнак.

Калі ты толькі скончыў вну, цяжка разабрацца ў новай сістэме. Але цяжка было і вопытным настаўнікам, якія на спецсемінарах тлумачылі іншым як прымяняць новыя адзнакі. Напрыклад, ніхто тады не мог мне патлумачыць, што такое "цана адзнакі". Але з цягам часу і вопытам работы разуменне новай сістэмы з'явілася і ў мяне, і ў іншых маіх калег.

Зараз балы з 0 па 3 звычайна лічацца адзнакамі серыі "незадавальняюча", 4-5 балаў - гэта "задавальняюча", 6-8 - "добра", а 9-10 - "выдатна". Зразумела, кожны настаўнік мае свае крытэрыі як іх ставіць, нават, калі ёсць інструкцыі па выстаўленню кожнай адзнакі.

Чаму 10 балаў лепш

*Раней было толькі тры варыянты паспяховай адзнакі: 3, 4 і 5 -- і гэта ўскладняла выбар выкладчыка. Таксама была тэндэнцыя акругліць да 5 балаў таму, хто добра вучыўся, але нешта не дацягнуў. Цяпер ёсць больш варыянтаў (4-10), хаця праблема фаварытызму да патэнцыяльных медалістаў застаецца.
*Пры напісанні розных тэстаў, дзе вынік лічыцца ў працэнтах, лягчэй перавесці вынік у 10-бальную сістэму, чым у 5-бальную.
*Навучэнец вучыцца крыху рэалістычней глядзець на свае здольнасці. Нехта атрымаў 9, а нехта 8, а нехта 10, а не старую "пяцёрку" з мінусам ці плюсам, якая ўраўноўвала вынікі трох розных вучняў.

Ідэальнай сістэмай адзнак, на мой погляд, з'яўляецца іракская: 100 балаў усяго, 90-100 - "выдатна", 80-89 - "вельмі добра", 70-79 - "добра", 60-69 - "задавальняюча", 50-59- "здаў/здала", ніжэй за 50 "незадавальняюча".

Але нават вельмі добрая сістэма адзнак не заменіць якасці навучання. Я нярэдка казаў сваім вучням: "Адзнакі - гэта беларускія рублі, яны хутка абясцэньваюцца, а веды, як долары ЗША". Праўда плюсы і мінусы беларускай сістэмы адукацыі - гэта ўжо іншая гісторыя...

Ілюстрацыя з паведамлення "Школьны дзённік маёй мамы".

Гл. таксама:
Зніклыя вну Беларусі
Хто як хоча... Апавяданне

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...