08.06.2021

Дзень народнага адзінства

 Учора, 7 чэрвеня 2021 года беларускі прэзідэнт А. Лукашэнка падпісаў загад, якім 17 верасня аб'яўлялася днём народнага адзінства. Крыху раней у студзені-лютым гэтага ж года трымалася інтрыга ці будзе гэта свята 17 верасня ў гонар пачатку наступлення Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 г., якое ў афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі адзначаецца як "вызваленчы паход", альбо гэта будзе 14 лістапада ў гонар афіцыйнага ўваходу Заходняй Беларусі ў склад БССР.

У сувязі з гэтым гісторык Ігар Мельнікаў, які з'яўляецца аўтарам ужо больш за 10 кніг па тэме Заходняй Беларусі, пісаў 25 лютага ў Фэйсбуку:

"Ну, што, чарговая гістарычная спрэчка. Дачакалася дата "17 верасня 1939 г." шырокай гістарычнай дыскусіі. Але, ані верасень, ані лістапад на якасць даты "Дня нацыянальнага адзінства", па маім меркаванні не падыходзяць. Чаму? Таму, што старая мяжа ў выглядзе "зоны з загароды" працягвала існаваць і беларус з Глыбокага не мог паехаць да сваякоў у Бабруйск, бо "віза НКУС жа патрэбна". Трагедыя чэрвеня 1941-га, калі сотні жыхароў заходніх абласцей БССР не змаглі эвакуіравацца ў тыл з-за памежных КПП на "старой" мяжы таму пацверджанне. А калі ўжо абмяркоўваць дзень народнага адзінства, то паводле мяне на такую дату пасуюць ці 27 ліпеня 1990 г., калі была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, ці 25 жніўня 1991 г., калі ў згаданая дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага закона. Думаю, што павага да незалежнасці і суверэнітэт сваей краіны сапраўды аб'ядноўвае беларускі народ"

Цяпер, ён піша больш лаканічна: "якія б спрэчкі ні былі, галоўнае, што людзі звяртаюць увагу на гэту дату ў гісторыі".

Некаторыя іншыя гісторыкі робяць акцэнт на сталінскіх рэпрэсіях, якія напаткалі Заходнюю Беларусь пасля падзей 1939 г. і таму робяць выснову аб адсутнасці сувязі з народным адзінствам.

Год адзінства і раскол грамадства

Палітычны крызіс, які пачаўся ў маі-чэрвені 2020 года, падштурхнуў беларускі ўрад аб'явіць 2021 год Годам народнага адзінства, аб чым сведчаць плакаты ў розных частках Мінска:

ля станцыі метро "Акадэмія навук"

ля Прывакзальнай плошчы

Аднак грамадства ў Беларусі расколата як ніколі раней. Існуюць два супрацьлеглыя лагеры з невядомай колькасцю прыхільнікаў ў кожным: 1) прыхільнікі змены ўлады, нефармальна вядомыя як "змагары" (у гэтым лагеры знаходзяцца людзі абсалютна розных поглядаў, але іх аб'ядновае жаданне больш "гарызантальнага" і кантралюемага народам ўрада і негатыўнае стаўленне да міліцэйскага насілля) і 2) апаненты пратэсту, больш вядомыя як "ябацькі" (часам "ямыбацькі" ці "забацькі", ад праўладнага лозунга "ЯМыБацька"). У другім лагеры таксама шырокі спектр поглядаў ад шчырых прыхільнікаў Лукашэнкі да тых, хто лічыць яго найменшым злом у параўнанні з лідарамі пратэсту летам-восені 2020 г. Паміж гэтымі лагерамі ёсць моцная напружанасць. З розных СМІ вядома адно забойства па матывах палітычнай нянавісці (я не пра  забойства Р. Бандарэнкі), 2-3 бойкі і некалькі выпадкаў распаду сем'яў. Агрэсіўнасць абодвух лагераў не зніжаецца, нягледзячы на тое, што маштабныя акцыі пратэсту спыніліся ў снежні 2020 г. і зараз носяць абмежаваны характар. Не выпускаюць "пару" і спробы праводзіць дыялогі паміж прадстаўнікамі абодвух лагераў (гл. у YouTube "Диалоги о важном", диалоговая площадка "1+1", "змагарыvsябатьки"), часткова таму што гэта адбываецца на фоне працягу ўзаемнай інфармацыйнай вайны і фактычнага надзвычайнага становішча з чэрвеня 2020 г, замацаванага новымі законамі ў студзені-чэрвені 2021 г., што значна абмяжоўвае права на мірны пратэст, а часткова таму, што ніякага істотнага кансэнсусу на такіх сустрэчах знойдзена не было, большасць удзельнікаў былі "на сваёй хвалі" і не пачулі сваіх апанентаў.

Няма адзінства і ў гэтых умоўных лагерах. Прыхільнікі пратэсту раздзелены на тых, хто падтрымлівае галоўнага апазыцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую (пераважна рускамоўныя беларусы з прагматычнымі поглядамі) і тых, хто падтымлівае больш кансерватыўныя апаізцыйныя сілы (пераважна беларускамоўныя беларусы, для якіх галоўнымі каштоўнасцямі з'яўляюцца не эканоміка, а беларуская мова, культура і максімальна магчымая ізаляцыя ад Расіі).


Прыклад ідэалагічнай барацьбы сярод беларускіх апазіцыянераў.

Апаненты пратэсту, якія спачатку выступалі адзіным фронтам, таксама раздзяліліся на варожыя групы. Напрыклад, стыхійныя мітынгі з дзяржаўнымі сцягамі каля ГЦ "Спектр" ля станцыі метро "Уручча" сталі рэгулярным месцам збору 20-30 прыхільнікаў такіх дзянняў. З другога боку, брэсцкі блогер Аляксей Голікаў стаў збіраць "Саюз блогераў Беларусі", які раскрытыкаваў "Спектр", як ура-патрыётаў. У выніку паміж гэтымі групамі ідзе жорсткая палеміка, і гасцей з "Саюза блогераў" на "Спектры" не вітаюць, як бачна, напрыклад, з гэтага відэа.

Нарэшце, хапае і даволі спецыфічнай лексікі ў некаторых журналістаў дзяржаўных СМІ. Вось прыклад:

А гэта ўжо рэпосты на старонцы ў Фэйсбуку барысаўскага аддзялення ГА "Белая Русь". У духу свайго часу злева пост 27.08.2020 з моцнай пагардай да еўрапейскіх народаў, а справа пост 19.08.2021 прыхільныцы Лукашэнкі з ненарматыўнай лексікай ў канцы, якую я абрэзаў на скрыншоце.

Дзень адзінства-2007

 Цікава, што ў гісторыі сучаснай Беларусі была спроба мець "аднаразовы" Дзень народнага адзінства": 25 сакавіка 2007 года. Апазіцыя прапанавала, прэзідэнт Лукашэнка згадзіўся і дзень прайшоў. Але не зусім так, як прапанавалі. Ніякага тэлемосту на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску з перамовамі паміж прадстаўнікамі апазіцыйных рухаў і беларускім урадам не было. Было дазволена шэсце, якое праходзіла і без гэтага штогод, як святкаванне Дня Волі (у 2018 г. - Сто год БНР). Прайшло яно не зусім мірна, бо былі бойкі паміж удзельнікамі шэсця і АМАПаўцамі, якія яго спрабавалі абмежаваць. Праўда, здаецца, ніхто ў бальніцу тады не патрапіў.

А па тэлевізары паказвалі беларускі Клуб Вясёлых і Знаходлівых, дзе было дазволена жартаваць на некаторыя праблемныя тэмы, але сцэну пра размеркаванне студэнтаў у правінцыю выразалі як неактуальную (так і патлумачылі).

Канцэрт "За незалежную Беларусь" 25.03.2007. Фота: wikipedia.org

Яшчэ ў той дзень каля Нацыянальнай бібліятэкі прайшоў праўладны канцэрт "За незалежную Беларусь", які праходзіў да таго моманту, калі да яго наблізілася шэсце апазіцыянераў і паміж АМАПам і апазіцыянерамі адбылася сутычка.

Дзень адзінства-2021 і яго канун
1 верасня 2021 г. першы ўрок у школах Беларусі быў прысвечаны тэме народнага адзінства. Звестак пра "навязванне любові да прэзідэнта", як хтосьці чакаў ад гэтага ўрока, у мяне няма. Пераважна былі размовы і конкурсы на тэму любові да Радзімы, якасцяў беларусаў як народа, прычым маіх сыноў, якія ў конкурсах не ўдзельнічалі, ніхто не прымушаў ні да чаго. Магчыма, у большасці сітуацый  гэты ўрок прайшоў як стандартнае патрыятычнае мерапрыемства без спробы распальваць нянавісць да кагосьці, нярэдка настаўнікі проста фармальна "аптушваюць" такія ўрокі.

Таксама некаторыя дзяржслужачыя, удзельнікі грамадскага аб'ядняння "Патрыёты Беларусі" і іншых аб'яднянняў, якія падтрымліваюць палітыку беларускага ўрада, правялі аўтапрабег ў гонар дня адзінства напярэдадні гэтага свята. 

З 10 па 17 верасня актывісты розных падраздзяленняў БРСМ правялі флэшмоб паціскання рук пад тэгам #Мы_едины.

У гонар свята адзінства былі памілаваны 13 ўдзельнікаў пратэстаў 2020 г., большасць з якіх былі пазбаўлены свабоды поўнасцю ці часткова за вандалізм ці абразы чыноўнікаў або міліцыянераў.

17 верасня раніцай у многіх школах РБ правялі флэшмобы народнага адзінства, пераважна маляванкі ці танцы з афіцыйнай дзяржаўнай сімволікай ці яе колерамі або запуск паветраных шарыкаў. У Баранавічах правялі кулінарны флэшмоб: школьнікі рабілі бутэрброды ў чырвона-зялёных колерах дзяржаўнага сцяга.

У некаторых дзяржаўных арганізацыях людзі выкладалі лічбу "17", а часцей слова "мы" з розных рэчаў ці самі строіліся ў гэтыя сімвалы.

У Магілёве 17 верасня ўрачыста адкрылі плошчу народнага адзінства з помнікам кветцы-васільку, ў Бярозе абнавілі помнік ахвярам былога польскага канцлагера. У Брэсце ўсталявалі мемарыяльную дошку ў памяць аб чырвонаармейцах, якія загінулі ў 1939 г. у баях з польскай арміяй.

У Баранавічах пачаў дзейнічаць Музей народнага адзінства.

У сталіцы і іншых гарадах Беларусі 17 верасня прайшлі ўрачыстыя канцэрты, пераважна вечарам па прычыне працоўнага дня. У г.п. Свіслач "Альфа радыё" правяла дыскатэку, а на "Мінск-Арэне" прайшоў канцэрт, на якім з прамовай выступіў прэзідэнт РБ.

Нарэшце, розныя дзяржаўныя арганізацыі праводзілі сустрэчы, на якіх ўзгадвалі падзеі верасня 1939 г.
Рэпрадукцыя архіўных заходнебеларускіх газет 1939 г. на сцяне кіёска "БелДрука". Фота А. Берастоўскага

Некаторыя насілі бутаньеркі з васільком няпярэдадні і падчас свята, якія звычайна выкарыстоўваюць на Дзень перамогі.

У продажы кіёскаў "БелДрука" з'явіліся паштоўкі да Дня адінзства.

Пакуль не знайшоў інфармацыі аб тым, што гэта свята неяк адзначалася неафіцыйна, як, маўляў, Дзень Перамогі ці нават 100 год БССР. Практычна ўся інфармацыя ідзе ад дзяржаўных структур і грамадскіх аб'яднанняў, якія актыўна падтрымліваюць дзяржаўную палітыку (БРПА, БРСМ, "Белая Русь, "Патрыёты Беларусі", "Жанчыны Беларусі", праўладные блогеры). Я меў магчымасць запытаць, некалькіх знаёмых, якія не былі мной заўважаны раней у прынцыповай апалітычнасці, што яны мяркуюць наконт новага свята. Частка выразіла абыякавасць да новай падзеі, некаторыя казалі "не ведаю як яго адзначаць", а хтосьці ўпершыню пра гэта пачуў. Зразумела, гэта не значыць, што на гэта свята ўсе пайшлі толькі па разнарадках ці патрабаванню начальства. Хоць хэштэгі на тэму гэтай падзеі амаль поўнасцю вядуць дзяржаўныя ці грамадскія арганізацыі, знайшліся і некалькі выпадкаў як на свяце ў сацсетках адзначыліся звычайныя людзі. Вось прыклад ад наведвальніка "Мінск-Арэны":


 Яшчэ заўважыў, што ў некаторых дзяржаўных структурах новае свята "аптушылі" па мінімуму: павесілі віншаванні з днём адзінства на  афіцыйных сайтах і знешніх дзвярах, а ўнутры будынкаў нічога не адрознівала гэты дзень ад іншых працоўных дзён. 

А на вуліцах Мінска, калі не браць да ўвагі пэўныя святочныя зоны, пра новае свята нагадвалі толькі плакаты і сцягі на ліхтарных слупах магістральных вуліц. Атмасферы свята не было. Нават дзень горада, які адбыўся ў пачатку верасня святкавалі актыўней, хоць злыя языкі распаўсюджвалі фоткі нізкага наведвання святочных мерапрыемстваў. Але дзень горада быў у суботу пры ясным надвор'і, а дзень адзінства ў працоўную пятніцу з холадам і дажджом. Час пакажа ці прыжывецца новае свята далей...

У сацыяльных сетках  ёсць шмат дадатковай інфармацыі пад тэгамі: #17сентября_День_народного_единства, #МыВместе, #Беларусьединая, #Мы_едины, #деньнародногоединства, #дзеньнароднагаадзінства, #17верасня, #17сентября, #мы, а таксама #годнародногоединства і #годнароднагаадзінства, выкарыстоўваюць і стары тэг #тоештонасяднае.

У 2021 г. таксама дзейнічаў адмысловы сайт Года народнага адзінства godedinstva.by. У 2023 г. сайт прыйшоў у занядбанне, нехта падключыў там рэкламу казіно і сайт ліквідавалі. Скрыншот снапшота ад 23.03.2023.

Дзень адзінства ў 2022-2024 гг.
У 2022 годзе дзень народнага адзінства выпаў на суботу, але прайшоў прыкладна тым жа чынам, як і ў папярэдні раз. Напярэдадні свята прайшлі вела- і аўтапрабегі, флешмобы з дзяржаўным сцягам, сустрэчы ў фармаце дыялогавых пляцовак, дзе праўладныя гісторыкі тлумачылі значнасць падзей верасня 1939 г. для стварэння беларускай дзяржаўнасці і канцэрты. Прычым у мерапрыемствах адзначыліся розныя дзяржаўныя і адукацыйныя арганізацыі, а таксама частка чырвона-зялёных блогераў (частка іншых засяродзілася на расійска-украінскіх пытаннях) на фоне адсутнасці адчування свята ў звычайных людзей. З новага можна было адзначыць спробы спяваць гімн у некаторых школах, агульнанацыянальны дыктант на беларускай мове ў розных навучальных установах на тэму новага свята і больш актыўны ўдзел радыё ў стварэнні элементаў святочнага настрою, чым ў мінулым годзе.

Яшчэ адно адрозненне 2022 года ад 2021 ў росце негатыўнага стаўлення да Польшчы з боку прадстаўнікоў беларускіх уладаў і праўладных актывістаў. За год прыкладна з лета-восені 2021 года Польшча стала для Беларусі нефармальным ворагам №2 (пасля ЗША), што выразілася ў ліквідацыі ў РБ польскіх культурных арганізацый, часткі навучальных устаноў, афіцыйных абвінавачваннях да заходняй суседкі ў сур'ёзных парушэннях міжнароднага права і планах нападу на Беларусь. Таксама гэта закранула і стварэнне вобразу ворага з беларускіх каталікоў з боку прарасійскіх і праўладных актывістаў і часткі журналістаў дзяржСМІ, спробы пераацэнкі гісторыі беларуска-польскіх адносін, у тым ліку і адмовы ад гераізацыі ролі Каліноўскага ў гісторыі Беларусі. А яшчэ і спробы дабіцца адмены выкарыстання беларускай лацінкі на вуліцах Мінска як польскага падрыўнога элементу.

Віншаванне з Днём адзінства ля ўвахода ў мінскі ЦУМ. Такіх плакатаў ў Мінску нешмат. Ёсць адчуванне, што і людзі, і арганізацыі ігнаруюць гэта свята. Фота А. Берастоўскага

Студэнты ІПД пішуць дыктант, прысвечаны новаму святу. Скрыншот паста ў Інстаграме Інстытута.

Праўладны блогер Таццяна Сідаровіч з Саюза блогераў Беларусі спрабавала падняць пытанне аб ліквідацыі вулічных надпісаў па-беларуску лацінскім правапісам на дыялогавай пляцоўцы медыйнага агенцтва "Мінск Навіны" (выдавец "Вячэрняга Мінску"), але яе пытанне спусцілі на тармазах. Скрыншот УКантакце.

Тая ж блогерка віншуе з 17 верасня з прывязкай да "таварыша Сталіна" ў сваім ТГ-канале.

Палітолаг ад "Белай Русі" заявіў на сваёй старонцы ЎКантакце, што збіраецца адзначаць 17 верасня разам са сваякамі. Рэдка ў сацсетках сустракаю, каб гэта свята адзначалі па ўласнай ініцыятыве з сям'ёй за сталом, а не на афіцыйным мерапрыемстве дзяржаўнай структуры ці праўладнага грамадскага аб'яднання.

Згодна ТГ-каналу Вольгі Бондаравай, прарасійскай актывісткі з Гродна, у Гродне знамя Перамогі мясцовым прарасійскім актывістам, якія прыйшлі ўскладаць кветкі да Вечнага агню 17 верасня, загадалі згарнуць як сімволіку, няўзгодненую з мясцовымі ўладамі.

Дзень адзінства ў 2023 г. выпаў на нядзелю, чым збылася мара тых, хто жадаў, каб гэты дзень стаў нерабочым. Ужо 11 верасня ў грамадскім транспарце Мінска пачалі гучаць віншаванні ад гарадскіх уладаў з гэтым святам. У метро з'явіліся віншавальныя плакаты.

Плакаты з віншаваннем ў 2023 г аформілі на залацістым фоне.

Залацісты фон быў і на іншых плакатах гэтага свята ў 2023 г.

Акрамя традыцыйных забегаў, вела- і аўтапрабегаў, флеш-мобаў і святочнага дыктанта, Дзень адзінства-2023 вылучыўся прэм'ерай фільма "На другім беразе" (першая назва "Мы адзіныя") у стылі постсавецкага рускага кіно, дзе элементы савецкага патрыятызму ідуць побач з пазітыўнай характарыстыкай Праваслаўя і нават элементамі каляэратычных сцэн (што было неймаверна для савецкіх фільмаў на такую тэму).

Трэйлер фільма "На другім беразе" ў YouTube

У 2024 г. дзень выпаў на аўторак. Атмасферы свята ў Мінску неяк не адчуў, але ўстановы адукацыі, дзяржСМІ і праўладныя актывісты адзначалі падзеі пастамі ў інтэрнэце і рознымі мерапрыемствамі. Тыя, хто шчыра падтрымліваюць ідэю гэтага свята, маглі і зладзіць святочную вячэру, але мне такія выпадкі невядомы.

У 2024 г. лагатып свята быў пераважна ў чырвона-зялёных танах, як тут і з абавязковым сілуэтам дзяржаўных межаў РБ.

Скрыншот часткі паведамлення ў Тэлеграме Мінадукацыі РБ

Таксама ў 2024 г. у школах Беларусі быў праведзены адзіны ўрок у гонар мерапрыемства. Магчыма, новым элементам такога ўрока стаў удзел піянераў і членаў БРСМ у мадэрацыі мерапрыемства.

Як святкавалі 17 верасня ў савецкі час і незалежнай Беларусі
Гісторык І. Мельнікаў пісаў у сваім блогу, што актыўна дзень уваходу савецкіх войск у Заходнія Беларусь і Ўкраіну святкавалі ў 1940-я гг. У гэты дзень праводзілі вайсковыя парады і іншыя ўрачыстасці. Але з 1950-х 17 верасня перастала быць значнай падзеяй ў БССР. Пра яго 20-гадовы юбілей (1959) згадалі толькі адмысловымі артыкуламі, а 30-годдзе (1969) адзначылі ўрачыстым канцэртам. Пасля гэтага 17 верасня стала цікавіць толькі гісторыкаў, дзяржаўных мерапрыемстваў амаль не праводзілася.

Вайсковы парад у Мінску у верасні 1945 г. Крыніца: https://historiapobach.livejournal.com/62682.html

У 1992 г. паўкруглая дата адзначалася артыкуламі  гісторыкаў, як гэты на фота ў газеце "Звязда" за 17.09.92 № 187, с. 1, 3, 

Яшчэ дадам, што на мой погляд, рэальным днём народнага адзінства з'яўляецца... Новы год, бо яго не святкуюць толькі асобныя людзі як я, напрыклад. :)

Скрыншот перапіскі ў незабароненым на верасень 2024 г. ТГ-канале аднаго з мікрараёнаў Мінска ў навагоднюю ноч 2021 г.

Калі не пазначана інакш, фота і скрыншоты зроблены гісторыкам А. Берастоўскім.

Гл. таксама:

2 причины не отмечать 23 февраля

Дзень ліку «пі» (π) і іншыя незвычайныя святы

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...