20.10.2024

Другое жыццё мінскіх будынкаў

 Тэма, безумоўна, можа ахапіць тысячы прыкладаў, бо жыццё ў беларускай сталіцы ідзе сваім тэмпам і будынкі мяняюць сваіх гаспадароў і прызначэнне, як школа, ператвораная ў бюрю тэхнічнай інвентарызацыі на вул. Папаніна, або шэраг дзіцячых садоў, змяніўшых прафесію. Але пакуль у мяне толькі некалькі прыкладаў.

Петруся Броўкі, 1: праз 90 год жыццё толькі пачынаецца...

Гэты дом на рагу вул. П. Броўкі і праспекта Незалежнасці доўгі час адносіўся да 1-й бальніцы горада. Тут былі адмінстратыўныя памяшканні, потым амбулаторыя. Але апошнія гады было уражанне, што будынак закінуты і не выкарыстоўваецца.

У 2023 г. пачалася маштабная рэканструкцыя будынка. На фота бачна як у чэрвені мянялі дах і ўнутраныя канструкцыі.

На аналагічным фота ў сакавіку 2024 г. бачна, што будынак рэканструіравалі, а прылеглую тэрыторыю аддзялілі ад бальніцы, плот якой перанеслі бліжэй да бальнічных будынкаў.


12 верасня 2024 г. у дом 1 на Броўкі ўрачыста пераехаў "Мінгаз". Цяпер абноўленым 90-гадовым будынкам будуць карыстацца газаўшчыкі сталіцы, і пры гэтым будынак не значна змяніўся знешне, калі не лічыць перафарбаваных сцен. Нават вокны зроблены пад "старыну" і агароджа на даху палепшана.

Пр. Незалежнасці 134: ад "Магніта Мінска" да "1-га нацыянальнага гандлёвага дому"


Забудова гандлёвага цэнтра на тэрыторыі будучага "Маяка Мінска" пачалася яшчэ ў 2009 г. А на гэтых фота бачна, што атрымалася ў 2013 г. з праектуемага будынку "Магніт Мінска". Потым будынак паспелі зашкліць у большай часцы, на чым праект і спыніўся на некалькі год. Фота здымаліся ў сувязі з такой тэмай.

У 2023 г. праект змяніў канцэпцыю і назву: цяпер гэта быў ужо не толькі бізнес-цэнтр, але і жылы дом для супрацоўнікаў сілавых структур. Вітрыннае шкло знялі і замянілі на тыпавыя вокны для жылых дамоў.

У канцы 2023 г. у будынку урачыста адкрылі новы гандлёвы цэнтр пад назвай "Першы нацыянальны гандлёвы дом". Адзін мой знаёмы выпадкова патрапіў туды і атаварыўся недарагімі прадуктамі харчавання, бо яго прынялі за прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, якія наведвалі месца з праверкай перад тым, як "1-ы нацыянальны" адчыніў дзверы шырокай публіцы. Калі прадаўшчыцы зразумелі, што мой знаёмы не той, за каго яны яго прынялі, то параілі яму ціха пакінуць будынак з пакункамі, што ён і зрабіў.



"1-ы нацыянальны" у першыя тыдні сваёй працы. Студзень 2024 г.

А гэта ўжо сярэдзіна сакавіка 2024 г.

У канцы сакавіка 2024 г. мне давялося з сынамі пабачыць яго ўнутры.

Уваход у падземны паверх з боку вул. Кірылы Тураўскага

На калідоры падземнага паверха

Схема распалажэння памяшканняў па паверхах


Вось такая столя ў гэтым бізнес-цэнтры

Асаблівасцю "Першага нацыянальнага" з'яўляецца спроба зрабіць гандлёвы цэнтр выключна для беларускіх тавараў. Можа гэта смела, можа наіўна, але з квотай на беларускую музыку на радыё гэта ў свой час спрацавала.


Магазіны беларускіх брэндаў

За кожнай з 6 абласцей замацаваны пэўны сектар будынка


Яшчэ не ўсе павільёны распачалі працу



Па аналогіі з суседнім ГЦ "Дана Мол" на 3-м паверху ў Брэсцкім сектары арганізавалі фуд-корт з рэстаранамі і кафэ беларускай кухні.

Дары Мазыра не даюць дарма, толькі прадаюць...

Беларускія "лега"
Мабыць, больш за ўсё ўвагі прыцягнула крама "Белтэлекама". Там прадаюць электроніку, пераважна смартфоны, планшэты, ноўтбукі і тэлевізары, таксама і іншую тэхніку, але амаль усе іх тавары па зразумелых прычынах не беларускага паходжання. Магчыма з гэтай прычыны на экранах тэлевізараў там паказвалі патрыятычныя застаўкі.

Каля ўваходу на 1-ы паверх "Першага" можна сустрэць такую спецурну для батарэек, што добра для навакольнага асяроддзя

Від з уваходу на 1-ы паверх на "Маяк Мінска" і "Усход-1"

Від адтуль жа на вуліцу Каліноўскага. У кадр патрапіў і падземны пераход праз праспект усяго толькі ў 100 метрах ад месцах, дзе раней быў надземны пераход.

Мабыць, я надаў ужо непрапарцыянальна шмат увагі новаму бізнес-цэнтру, але яшчэ ўзнікла тэма сектара "Дзяржпаслугі" ў гэтым будынку. Мне спатрэбілася атрымаць даведку для сына, якую раней давалі ў ЖЭСе, і вось што атрымалася

Знайсці на 2-м паверсе паварот на калідор, які вядзе ў "Дзяржпасугі", быў квестам для мяне. На той момант я быў хворы, і мне гэты квест даўся з цяжкасцю. Я шукаў разлікова-даведачны цэнтр (РДЦ), куды мяне не вельмі ветліва адфутболілі па тэлефоне з ЖЭСа, патрапіў у аднайменны цэнтр "Мінскэнерга" і там мне ветліва паказалі шлях у "Дзяржпаслугі".


Ёсць яшчэ такі паказальнік на слупе, можа і не адзін, але гэта для самых назіральных. Ёсць і схема будынка на тым жа паверсе, але яна мне не вельмі дапамагла, бо там не паказана, дзе я знаходжуся.


Многія паказальнікі "Дзяржпаслуг" аформлены на беларускай мове, што цудоўна!



Унутры некалькі залаў, дзе праз электронную чаргу (з выдачай талонаў на рэсэпшэне, а не праз інфакіёскі!) жыхары Першамайскага раёна атрымліваюць паслугі, якія раней рабілі у РДЦ пры ЖЭСах.


Чакаць там можа быць і доўга. Я чакаў сваю чаргу каля гадзіны. Мабыць таму у кожнай зале ёсць такія столікі для дзяцей і маляванкі, каб наведвальнікі з дзецьмі не так сумавалі. Ёсць і кулер з гарачай і халоднай вадой.


Туалет для наведвальнікаў агульны "жаноча-мужчынскі", там ёсць папера і сушылка для рук, але пакуль няма мыла.

Дарэчы, я сваю чаргу прапусціў, але мяне абслугавалі па-за чаргой, выдача даведкі заняла некалькі хвілін. Такім чынам, у мяне змешаныя пачуцці ад гэтага месца ў бізнес-цэнтры.

Велазаводская 3: Следчы камітэт у былым самым жаночым царстве СНД

1 лютага 2018 г. я пабываў на месцы знаходжання былога прыватнага інстытута "Энвіла", які знаходзіўся у 2-павярховым доме па Велазаводскай, 3. Тады атрымалася зрабіць шэраг сталкерскіх фота закінутага з другой паловы 2012 г. будынка.


На першы погляд здаецца, што будынак зарос дрэвамі, але на відэаархівах першай паловы 2012 г. гэтыя дрэвы былі. Такім чынам, за дрэвамі проста не даглядалі каля 5 год.

З тылу будынка сцены распісаны графіці, вокны пабіты...

Па стане на 2023 г. будынак адрэстаўравалі і туды пераехаў Следчы камітэт Партызанскага раёна Мінска.

Так выглядае ўваход у будынак згодна картам Яндэкс у цёплы сезон 2023 года. Дрэў стала менш (зніклі ялінкі), але ўчастак выглядае добра дагледжаным. Калючы дрот па перыметры плота таксама зразумелы, бо новыя супрацоўнікі тут маюць справу не толькі з інтэлігентнымі дзяўчатамі. Галоўнае будынак менавіта адрэстаўравалі, далі яму другое жыццё, а ва ўмовах, калі ў горадзе пастанна нешта зносяць і будуюць, рэстаўрацыя дапамагае захаваць стары Мінск у новым :)

Гл. таксама:

Новы будынак 9-й дзіцячай паліклінікі на Даўгабродскай

Раней і цяпер

Раней і цяпер: у імгненні кадраў

Калі не пазначана інакш, фота зроблены А. Берастоўскім

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...