12.10.2018

Новыя правілы...


З 12 кастрычніка 2018 г. пачалі дзейнічаць новыя правілы перавозак пасажыраў аўтатранспартам. Змены не рэвалюцыйныя, але цікавыя. Некаторыя з'яўляюцца проста прыстасаваннем правілаў да тэхнічнага прагрэсу. А вось некаторыя мяне здзівілі.

Напрыклад, калі ты хочаш набыць білет у вадзіцеля, то абавязаны прайсці у салон аўтобуса/тралейбуса/трамвая праз пярэднія дзверы. А як быць, калі ты бяжыш за аўтобусам і ледзь заскочыў у заднія? А як быць, калі ты гатовы набыць білет у вадзіцеля, а ў яго яны скончыліся? У мяне быў і зусім камічны выпадак, калі я меў пры сабе толькі буйныя грошы, а вадзіцель тралейбуса не меў здачы. Паводле тлумачэнняў БелТА, гэта мае праблемы, што я не мог набыць білет загадзя, і, згодна новых правілаў мяне трэба штрафаваць... Час пакажа ці будуць штрафаваць за праход не ў тыя дзверы альбо немагчымасць набыць білет у вадзіцеля.

Іншае правіла: здымаць заплечнік і трымаць яго ў руках падчас паездкі. Я ўпершыню пачуў яго па радыё абвестцы аўтобуса, калі ехаў з малодшым сынам Любамірам у садзік.
-- Любчык, здымай заплечнік! -- загадаў я з усмешкай -- Новае правіла.
-- Зачем здымаць? -- адказаў сын на трасянцы і зарагатаў.
-- Ну, правіла такое, -- тлумачу ў адказ, -- мы павінны яго слухацца.
Мы з Любчам сядзелі, у яго дзіцячым заплечніку была толькі пара цацак, ды і салон быў не набіты людзьмі, але сын паслухмяна зняў заплечнік і ўзяў яго ў рукі. Таксама толькі час пакажа, як будзе працаваць гэта правіла.

Таксама заўважыў, што не ва ўсіх мінскіх аўтобусах рабілі анонс новых правілаў на пачатку гэтага тыдня. Так у 87с я не чуў такіх напамінаў, а ў 921 і 100 новыя правілы аб'яўлялі па ўнутраным радыё.

А што вы заўважылі, паважаныя чытачы? Як дзейнічаюць новыя правілы? І ці адчуваецца нейкая розніца з тым як было да 12 кастрычніка? Заўвагі можна пісаць у каментарыях.

***
На працягу года я назіраў сітуацыю з правіламі перавозак пасажыраў. Едзіць па Мінску мне даводзіцца амаль штодзень, але, пераважна, аднымі і тымі жа маршрутамі. Нягледзячы на жорсткасць правілаў, пакуль не сустракаў жорсткіх паводзінаў кантралёраў да "зайцоў" ці тых, хто заскочыў у транспарт і не паспеў купіць білет у вадзіцеля. У кастрычніку 2019 кантралёрам далі права спыняць аўтобус/тралейбус на дарозе для праверкі. Але пакуль не сутыкаўся з такімі выпадкамі.

 Пра правілы 2018 года ў мінскіх аўтобусах нагадваюць толькі такія інфармацыйныя табло, дзе правілы выводзяць у стылі прэзентацыі.

Засняў ветлівую кантралёрку подлым "стрэлам у спіну".

Іншае па тэме:
Пратэст" у мінскім аўтобусе 5 ліпеня 2013 г.
Чарга, як за айфонам
Паважаныя пасажыры! Саступайце месца

На здымку ў пачатку артыкула: Аўтобус МАЗ (прыводзіцца для ілюстрацыі). Крыніца фотаграфіі: http://www.russian-bus.ru/63469/

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...