14.06.2014

"Ра-га-а-ач!" Ці ўражанні ад Чэмпіянату свету па хакеі 2014.

У кожнага чалавека свае ўражанні ад значных момантаў гісторыі. І з шматлікіх назіранняў, як і з плённай працы над дакументамі, складаецца суцэльная панарама мінулага. Чэмпіянат свету па хакеі 2014 г. ў Мінску -- гэта падзея гістарычнага ўзроўню, прычым як для нацыянальнай, так і для сусветнай гісторыі. Маштаб і працягласць гэтай падзеі больш за міжнародныя музычныя фестывалі і шматлікія выставы, што час ад часу адбываюцца ў беларускай сталіцы. Нават фестываль "Славянскі базар", які штогод праводзіцца ў Віцебску не мае таго ўзроўню: па першае, ён абмежаваны Усходняй Еўропай (бо "Славянскі"), па другое, тое, што праводзіцца кожны год у адным месцы не выклікае столькі ўвагі, сколькі мерапрыемствы, якія штогод адбываюцца ў розных гарадах.

Беларусь рыхтуецца да хакею
З таго моманту як Мінск быў абраны месцам правядзення ЧС-2014, пачалася падрыхтоўка горада да мерапрыемства і адначасова новы этап інфармацыйнай вайны паміж СМІ палітычнай апазіцыі і СМІ ўрада краіны. Першыя запусцілі лозунг "Не гуляй у хакей з дыктатарам", другія абвінавачвалі першых у здрадніцтве інтарэсам дзяржавы. Але гэта звычайная з'ява для беларускіх СМІ, і нічога новага ў гэтым я не заўважыў. (Калі б урад прыняў закон аб неабходнасці чысціць зубы пасля ежы, апазіцыя таксама б заклікала байкатаваць яго выкананне, і гэта ў розных ступенях прысутнічае ў палітычных разборках розных партый і фракцый амаль ва ўсім свеце.)
Былі пабудаваны 2 арэны ў розных канцах горада -- Мінск-Арэна на поўначы і Чыжоўка-Арэна на поўдні сталіцы. Працавалі і над паляпшэннем гарадской інфраструктуры. Не атрымалася толькі пабудаваць дастатковай колькасці гасцініц, і з некаторых інтэрнатаў на Пятроўшчыне адсялілі студэнтаў каб пасяліць наведавальнікаў ЧС-2014.
Таксама за некалькі месяцаў да ЧС пачалася масіўная рэкламная кампанія падзеі. Паўсюль сталі з'яўляцца лагатыпы Міжнароднай федэрацыі па хакеі з шайбай і мясцовы сімвал ЧС-2014 зубр Волат (яго яшчэ звалі Валерай). Гэты Волат асабліва спадабаўся майму старэйшаму сыну Даніку, як увасабленне адной з прыдуманных намі казачных істот -- рагача. (Яму зараз амаль 5 год, і ён добра ведае, што гэта зубр, але дзецям хочацца верыць у казкі нават, калі і разумее ўсё правільна). Калі мы сустракалі дзе-небудзь на вуліцы выяву "рагача", які гуляў у хакей, Данік вясёла крычаў:
-- Ра-га-а-ч!
І рабіў выгляд, што гуляе з гэтай істотай у хакей.
Увогуле хакейнай рэкламы было, на мой сціплы погляд, больш, чым трэба. Здаецца, ўся краіна жыла чаканнем хакея. У кніжных крамах на відных месцах паставілі кнігі пра хакей, ва ўнутраным двары Палаца мастацтваў на вул. Казлова, 3 ў Мінску паставілі раставую ляльку хакеіста. З кожнага транспартнага сродку, акрамя машын усміхаўся "рагач" з клюшкай. Па радыё лічылі дні да чэмпіянату і тлумачылі правілы гульні ў хакей. Асабліва прыкольнай была рэклама ў метро, дзе на шыбу акна ў вагоне маглі прыклеіць выяву шайбы, што як быццам залятае ў салон, разбіўшы тую шыбу. Крэатыўна, але спецыфічна. Здаецца, заставалася толькі паставіць у градмадскіх туалетах фігуры хакеістаў, што адпраўляюць свае вялікія і малыя патрэбы... Дарэчы, ніякай ідэалогіі ў гэтай рэкламнай бамбардзіроўцы, думаю, не было. Адна камерцыя, што паказаў сам ЧС-2014.
Цікава, што "рагач" хутка прыстасоўваўся да перамен. Калі надыходзіў Новы год, ён "апрануў" дзедмарозаўскую шапку, а потым "зняў" яе.
Уздоўж плота ад ст. м. Усход да лесу ў напарамку на Барысаўскі тракт расцягнулі рэкламу ЧС-2014 і менавіта Волат стаў ахвярай вандалізму: тром з пяці зубраў выразалі твар, а аднаму з астатніх замалявалі вочы. Знішчылі тым жа чынам і аднаго хакеіста з лагатыпу МФХШ. Калі пачаўся ЧС, замест знішчаных зубраў наклеілі новыя палотны з сімволікай Міжнароднай федэрацыі. Паздзіралі і прыватныя аб'явы, што час ад часу клеілі паверх той рэкламы, але не замазалі графіці.
 Лагатып МФХШ на білеце
 У Нацыянальнай бібліятэцы
На вул. Ціміразева.
У метро не задоўга да пачатку ЧС-2014 пераклалі многія надпісы і аб'явы на англійскую. Пасля гэтага мой Данік любіць гуляць як аб'яўляюць у цягніку:
-- Асцярожна, дзверы зачыняюцца, наступны прыпынак "Інстытут Культуры". Please, mind the closing doors. Next station is "Instytut Kul'tury".
А адна жанчына падчас Чэмпіянату сказала сваёй спадарожніцы, выходзячы на "Нямізе":
-- Как мне надоели эти "стэйшены"!
На англійскую, аднак, не пераклалі даволі важную аб'яву -- "Цягнік рухаецца да...", што можа складаць праблемы для чужаземца, які не валодаючы беларускай, едзе да канцавой і мусць пакінуць цягнік дзе-небудзь у сярэдзіне. Не пераклалі і шматлікія віншаванні з святамі, што аб'яўляюць па ўнутранай сувязі ў вагонах метро (таксама, можа быць мусіць госця горада адчуць сябе няёмка: "А што там яшчэ аб'яўляюць?")
Перакладалі на англійскую і многія іншыя надпісы горада. Нават у кавярні спарткомплекса "Алімпійскі" на вул. Каліноўскага зрабілі нядрэнны пераклад мясцовага меню.

ЧС пачаўся. "Свята кожны дзень"
9 мая пачаўся ЧС-2014. Але гэта яшчэ і Свята дня Перамогі. У той дзень можна было сустрэць мноства людзей з маленькімі сцяжкамі Беларусі. Іх продаж падчас ЧС набыў масавы характар. Аднак павагі да сімвала дзяржавы ад гэтага не стала больш: у той жа дзень я бачыў кавалак ад парванага сцяжка ў пераходзе паміж ст. м. Кастрычніцкая і Купалаўская. Камерцыялізацыя любой ідэй, у тым ліку і патрыятызму, мае свае "мінусы", ад якіх не ўцячэш.
Прыкладна ў гэты ж час на некаторых станцыяй метро паставілі спецыяльныя камеры для праверкі ручной паклажы, якія звычайна стаяць у аэрапортах. Гэтыя камеры стаяць там і зараз.
Таксама у першы дзень ЧС у метро дзяжурылі не толькі ахоўнікі і міліцыянеры (і тыя, і іншыя ва ўніформах), але таксама і маладыя хлопцы ў дзелавых касцюмах. Дарэчы, гэта не абавязкова павінны быць кадэбісты, маглі быць і студэнты-дружыннікі -- іх таксама выкарыстоўваюць для аховы грамадскага спакою.
У пачатку ЧС мне патэлефанаваў адзін мой знаёмы нямецкі доктар, які працаваў на вядомы беларускі футбольны клуб, і прапанаваў мне схадзіць з ім на хакей, бо ў яго быў свабодны білет (а яны былі дэфіцытам). Але я адмовіўся: і час вольны цяжка знайсці, і асабліва хакеям не цікавіўся. Але заставалася адчуванне, што атмасфера свята праходзіць мінуючы мяне і я вырашыў паспрабаваць паглядзець хоць адзін з матчаў па ТБ.
Крыху пазней я мусіў па справах быць у раёне пр. Пераможцаў ля Траецкага прадмесця і потым Мінск-Арэны. Было ўражанне, што прыехаў на крымскі курорт: ля ст. "Няміга" да Палацу спорту ўздоўж берага Свіслачы было адно суцэльнае кафэ, піва лілося ракой, паўсюль пахла шашлыком і каўбаскамі. На спецыяльна пабудаванай сцэне выступала спявачка. Было шмат латвійскіх балельшчыкаў.
На "Нямізе" мяне падхапіў на сваёй машыне мой напарнік і мы паехалі ў бок Мінск-Арэны. Калі мы даехалі туды, вакол гэтага раёна было немагчыма прыпаркавацца: паўсюль стаялі машыны з беларускімі і еўрапейскімі нумарамі. Урэшце, мы паставілі машыну за паўтара кіламетра ад Арэны каля вясковай хаты, якую вось-вось павінны былі знесці для пашырэння будаўнічай тэрыторыі. Цікава было бачыць хатку на фоне шматпавярховікаў і Арэны на даляглядзе.
Пасля таго як мы зрабілі сваю справу, напарнік вырашыў падвезці мяне па МКАД да дому. Калі мы спрабавалі выехаць на праспект Пераможцаў і стаялі ў чарзе іншых машын, я нечакана для сябе казаў:
-- Ведаеш, тая атмасфера свята, якую мы зараз бачылі, знікне, калі скончыцца Чэмпіянат, а сапраўднай доўгай радасці ў гэтых людзей няма. Іх радасць залежыць ад абставін.
Напарнік пагадзіўся. Ён, імігрант з Афрыкі, мусіў шмат працаваць і не мог сабе дазволіць так забаўляцца як еўрапейскія госці. Яму больш падабаўся футбол, чым хакей, але рабочы графік не дазваляў яму нават сачыць за матчамі па тэлебачанню.

"Разгавеўся".
Я не з тых, каго можна аднесці да вялікіх аматараў спартыўных перадач. Час ад часу я гляджу буйныя футбольныя матчы, але без асаблівага энтузіязму. А хакей мяне ўвогуле не "чапляў". Тым не меньш калі ішоў матч Беларусь-Германія, і хтосьці з суседзяў азартна крычаў "Беларусь!" (бо беларускія хакеісты "парвалі" немцаў з лікам 5:2), а я скурыў сцены ў пакоі пад новыя абоі, я канчаткова вырашыў знайсці час на хакей.
І вось у наступную нядзелю я сядзеў з дзецьмі дома і адкрыў для сябе і іх хакей. Здаецца, быў матч Канада-Швецыя. Тэлевізар нам "абрубілі" ў сувязі з рамонтам у кватэры, мы ўключылі ан-лайн трансляцыю на "Беларусь 2" і праз некаторы час акунуліся ў атмасферу свята і спартыўнай барацьбы. Данік і Любчык, мае сыны, пачалі гуляць у хакей самі пад ураджаннем ад гульні на экране.
Потым я стараўся глядзець некаторыя іншыя матчы пасля таго як клаў дзяцей спаць. Праўда нармальна ў Інтэрнеце можна было глядзець толькі "Беларусь 2". А вось фінал па "Беларусь 5" ніяк не ўдалося паглядзець ні праз браўзер, ні праз url-плэеры. Пры ўсім сваім дылетанцтве не магу не бачыць, што беларуская каманда была моцнай і паказала прыгожую гульню з камандай Расіі і Швецыі. Былі шанцы прайсці ў 1/4 фінала, а можа і далей. Як бы яно ні было, але ў гэтым плане да ЧС краіна падрыхтавалася добра.

Уражанні ад ЧС-2014 на вуліцы і ў Сеціве
Пасля гульні Беларусь-Латвія, падчас якой былі бойкі хакеістаў, а адзін з латышскіх ігракоў разбіў сваю клюшку аб борцік арэны, на аўтобусным прыпынку чуў як дзяўчына распавядае двум хлапцам свае ўраджанні:
-- Я так смотрела телефон, гляжу: приходит сообщение, что хокеист клюшку разбил. Вот, думаю, надо посмотреть...
У магазіне кіўнуў аднаму старому, твар якога мне здаўся знаёмым. Ён падыйшоў бліжэй і кіўнуў у адказ. Я кажу:
-- День добрый!
А ў Беларусі даволі часта і рускамоўныя і беларускамоўныя вітаюць адзін аднаго такой нейтральнай фразай, што гучыць прыкладна аднолькава і па-руску і па-беларуску.
-- Калі ён добры, -- адказаў па-беларуску стары.
Потым ён пачаў распавядаць, як яму тэлефанавалі з нагоды апытання наконт ЧС-2014 і ён скардзіўся:
-- Навошта нам той Чэмпіянат. Вось Аўстрыя -- багатая дзяржава, а адмовілася. А ў маёй вёсцы з 2000 года эляктрычнае асвятленне вуліцы не працуе...
Калі пасля перамогі каманды Расіі над беларусамі на Мінск-Арэне пачалося стыхійнае братанне балельшчыкаў абедзвюх каманд, некаторыя беларускія нацыяналісты абураліся гэтаму ў Сеціве. Пазней, калі Расія мела гуляць з фінамі ў фінале, адзін з іх напісаў: "Сёння я Суомі". Сапраўды, у гэты дзень многія балельшчыкі падзяліліся на тых, хто фанацеў за саюзную дзяржаву (пасля перамогі РФ ў маім раёне час ад часу чуліся крыкі "Ра-сі-я!", прычым не толькі з вуліцы, але і з дамоў) і тых, хто жадаў паражэння рускім няважна ад каго. Апошняе часткова было звязана з падзеямі ва Украіне і Крыму.

А ці яно было трэба?
Калі будавалі адну з Арэн, з маёй жабрацкай настаўніцкай зарплаты ў 400000 руб. (тады -- каля 200 долараў) адлічылі адзін працоўны дзень (здаецца тысяч 10 ці 20). Адлічылі "дабраахвотна-прымусова" як быццам настаўнікі той гімназіі ўсе з энтузіязмам аддавалі свае капейкі на карысць дзяржавы і ставілі аб гэтым подпісы насупраць сваіх прозвішчаў у спецыяльным спісе. (Каб удакладніць: афіцыйна прымусіць было немагчыма, чалавек аддаваў грошы наяўнымі з уласнага кашалька). Мне гэта было знаёма. Раней у мяне такім жа чынам забіралі грошы на будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі. Сумленна магу сказаць, што мяне такія паборы не радавалі, але я ахвотна аддаваў грошы на такія справы. Прычына? Мае рэлігійнае выхаванне не дазваляла мне ўдзельнічаць у многіх палітычных і ўрачыстых мерапрыемствах школьнага жыцця, і я заўсёды імкнуўся паказаць, што не сквапны падзяліцца грошамі на справу, якую не лічу дрэннай, альбо зрабіць дадатковую работу, якая не супярэчыла майму сумленню і жыццёвым прынцыпам. Цяпер я магу шчыра сказаць, што плюсаў у гэтай хакейнай эпапеі напэўна было больш, чым мінусаў. Нават усе непапулярныя рашэнні прымаліся не ад дурной галавы, калі аб'ектыўна падумаць. Выселілі студэнтаў, каб засяліць у інтэрнаты балельшчыкаў? Але ці вытрымаў б бюджэт краіны будоўлю некалькіх дадатковых атэляў? А што рабіць з імі пасля ЧС-2014, калі бурны паток турыстаў пераўтварыцца ў невялічкі ручай? Зачыніць і зруйнаваць?
Выкарыстанне валанцёраў для дапамогі турыстам таксама мела больш плюсаў, на мой погляд: метадам Тома Сойера пераўтварылі работу ў забаву -- магчымасць папрактыкавацца ў англійскай і паразмаўляць з людзьмі з розных краёў свету для студэнтаў бывае даволі цікавай. Да таго, наколькі ведаю, прымусу да валанцёрства не было: нават, здаецца, не дапускалі тых, хто не быў членам БРСМ -- патрыятычнай арганізацыі моладзі (што таксама не назавеш справядлівым, але ў дзяржаўных структур была свая логіка ў гэтым рашэнні). Было б добра, каб за такую работу плацілі, але не трэба забываць што Беларусь -- не Лівія, каб атрымоўваць міліёны нафтадолараў на душу насельніцтва і не Паўднёвая Карэя, дзе працуюць раскручаныя тэхналагічныя брэнды. Многія мае суайчыннікі жывуць катэгорыямі "вось прыедзе барын..." і забываюць, што іх дабрабыт залежыць у першую чаргу ад іх саміх. Я сам зразумеў гэта лепей, калі пачаў працаваць на сябе. Сапраўды адкуль дзяржава возьме вялікія грошы для кожнага беларуса? Адсутнасць разнастайных карысных выкапняў, савецкая спадчына ў  прамысловасці ў выглядзе такіх буйных "чамаданаў без ручкі", як МАЗ, МТЗ БелАЗ і іншых прадпрымстваў, што патрабуюць мадэрнізацыі альбо ліквідацыі (а і тое, і іншае можа выклікаць эканамічную катастрофу), вялікая колькасць пенсіянераў і ільготнікаў, нізкая рэнтабільнасць сельскай гаспадаркі, кансерватыўны менталітэт насельніцтва і бюракратыя нікуды б не зніклі, калі б проста праелі тыя грошы, што пайшлі на ЧС-2014.
Яшчэ адна праблема -- хамства некаторых турыстаў. Але мінчане яшчэ не ўяўляюць сабе як з такім хамствам кожнае лета жывуць жыхары Крыма. Я памятаю як мы з жонкай бачылі аднойчы ў пасёлку Мірны пад Еўпаторыяй: п'яны турыст у кавярні спявае пад акампанемент яе гаспадара пошлую песню, пры гэтым голаса не мае, на нагах ледзь стаіць, а падчас пройгрышу курыць цыгарэту. І мясцовыя навучыліся на такіх зарабляць. А Мінск сутыкнуўся з такой хваляй шумных гасцей упершыню. Не дзіва, што камусьці было непрыемна такое бачыць.
Я далёк ад думкі, што Беларусь зарабіла грошы на ЧС-2014. Бясспрэчна, вялікі спорт -- гэта вялікі бізнес. Але "наварыліся" на ЧС пераважна гандляры сувенірамі, тыя, хто здаваў турыстам кватэры, крымінальны сектар (бо падабаецца Вам ці не, на такіх турыстаў, як мухі на мёд, ляцяць прастытуткі і наркадзілеры, а міліцыя была абмежавана ў магчымасці затрымліваць турыстаў), і, зразумела, самі хакеісты. А беларуская каманда, зразумела, працуе не за беларускія зарплаты, нават і прозвішчы ў некаторых з іх зусім не беларускія.
Тут неабходна быць рэалістамі. Каб арэны і бібліятэкі акупілі тыя міліярды рублёў, што пайшлі на іх будоўлю, трэба каб мінулі дзясяцігоддзі. Але ў бізнесе ёсць такое правіла: спачатку ты працуеш на рэпутацыю, потым рэпутацыя працуе на цябе. Праца на рэпутацыю -- сабе ў страту, як і расходы на рэкламу. Але праз некаторы час твае грошы могуць вярнуцца з "плюсам".
Па-за межамі Беларусі нярэдка ўспрымаюць яе як еўрапейскую Паўночную Карэю. Гэта не так. У плане правоў чалавека яна, на мой погляд гісторыка, бліжэй да Паўднёвай Карэі альбо да Расійскай Імперыі: ёсць сур'ёзныя праблемы, ёсць парушэнні і несправядлівасць, але да Паўночнай Карэі, Туркменістана, Эрытрэі, Індыі і Сінгапура Беларусі яшчэ далёка. І ЧС-2014 быў магчымасцю для многіх пазнаёміцца з нармальным еўрапейскім горадам і зрабіць свае высновы. А потым распавесці іншым як вусна, так і праз Інтэрнет. Што і зрабілі.

Свята скончылася.
У чэрвені з некаторых білбордаў, аўтобусаў і тралейбусаў горада ўжо паздымалі сімвал ЧС -- зубра Волата: камерцыя-с, трэба каб павісела больш актуальная рэклама. Цяпер аматары спорту пераключыліся на ЧС па футболу ў Бразіліі (там, здаецца, падрыхтоўка ішла праз большыя цяжкасці, чым у Беларусі, ну ў мяне такое ўражанне ад перапісцы з адным знаёмым у Рыо-дэ-Жанейра). Знікла святочная атмасфера, што панавала ў некаторых частках сталіцы падчас хакейнай эпапеі. Я не зарабіў на ЧС-2014 ані рубля ні як выкладчык англійскай, ні як перакладчык. Але я ў некаторым сэнсе пабываў за мяжой, не пакідаючы краіны, і адкрыў для сябе хакей. А многія іншыя адкрылі для сябе Мінск. Нядаўна глядзелі з дзецьмі ролікі на Ю-ц'юбе з "рагачом"-Волатам. яны рагаталі, быццам іх казыталі пад бокі. Можа ў гэтым і ёсць тое, што варта любых грошай?
Данік з "рагачом" 7.01.14
Данік і Любчык гуляюць у хакей пад уражаннем ад убачанага.

***
На канец года ўсіх "волатаў" і хакеіста паздзіралі амаль адаўсюль (мабыць выключэннем з'яўляецца кавярня на вул. Куйбышава ў раёне універсама "Рыга", дзе "рагач" вісеў і познім летам 2015 г., Запарожская плошча і вул. Радыяльная бліжэй да АЗС на скрыжаванні вул. Чалюскінцаў і Партызанскага пр., дзе такія "рагачы" вісяць і цяпер). Знікла і англійская мова ў вусных аб'явах у метро. Знікла меню на англійскай у кавярні спарткомплекса на вул. Каліноўскага 111. Хакейная тэма паступова пайшла ў мінулае.

1 комментарий:

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...