Показаны сообщения с ярлыком Спёка. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком Спёка. Показать все сообщения

28.02.2026

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд, у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней.

Студзень і люты апраўдалі свае назвы

Пачатак студзеня быў сцюдзены і снежны. Амаль штодзень даводзілася чысціць уваход у пад'езд і месца вакол машыны. А 8 студзеня Беларусь накрыў спадар Улі, наступствы якога разбіралі яшчэ некалькі тыдняў.

Неаднаразова слупок тэрмометра апускаўся да моцных маразоў: у ноч на 12.01 на метэастанцыі "Палеская" -25,2 °С, у ноч на 14.01 каля Оршы было -29,7 °С, у ноч на 18.01 у Клічаве -29,3 °С, ноч на 2.02. дала новы рэкорд на "Палескай": -31,1°С,а яшчэ ў адным месцы на поўдні краіны было -30°С,  у ноч на 10.02. Клічаў даў -29.6 °С.

Іней на сценах спускаў у метро Мінска даў магчымасць цікаўным рабіць такія часовыя малюнкі. Гэты быў 29.01 на станцыі "Плошча Перамогі". Бачыў падобныя і ў іншых месцах.

Аднак часам вярталася адліга і нават плюсавая тэмпература на паўднёвым захадзе РБ, а потым рэзка знікала: так 12-13 лютага была адліга, а 14-га у другой палове дня зноў рэзка пачало халадаць і ноччу ў асобных паўночных раёнах краіны было -20 °С. У ноч на 23.02 панавала плюсавая тэмпература з максімумам да +6.3 С на паўднёвым захадзе Беларусі. Пачалася яшчэ адна адліга. А з ёй і падтапленне часткі населенных пунктаў на поўдні РБ. Але 25 лютага ў цэнтральную Беларусь і Мінск вярнуліся снегапады і мінусавая тэмпература.

Капеж 27 лютага нагадвае, што вясна блізка.

А ў канцы месяца зноў пацяплела і 27 вярнулася плюсавое надвор’е. Апошнія 2 дні зімы было цёпла як вясной (напр, да +8 °С у Мінску 28.02).

Ад маразоў ламаліся сістэмы падачы цяпла ў памяшканні. Так аварыя цеплатрасы ў Мінску 19.01 пакінула захад сталіцы без цяпла да 21 студзеня. І падобнае здаралася ў іншых гарадах краіны.

20-21 студзеня Мінск накрываў ледзяны смог, які здзьмуў вецер 22.01. 21.01 паветра ў Мінску было так забруджана смогам, што адпаведныя службы прасілі мінчан па магчымасці не праветрываць памяшканні і не выходзіць з дому.

27.01 ішоў ледзяны дождж ад цыклону "Леоні" і тэмпература была "каля 0". Некалькі тысяч беларусаў атрымалі траўмы на галалёдзе. 27-28.01 ў некаторых раёнах Гомельшчыны былі адменены заняткі ў школах, бо дзяцей немагчыма было давезці аўтобусамі. А ў маёй машыны ледзяны дождж прымарозіў тармазную калодку, што прывяло не толькі да доўгіх спробаў вызваліць аўто, але і да таго, што пазней акумулятар аўтамабіля сеў на магістральным скрыжаванні, і я доўга мёрз, пакуль дачакаўся дапамогі.

2 лютага больш за 62% школьнікаў Беларусі не хадзілі ў школу па прычыне надзвычайных маразоў, хоць заняткі адмянялі толькі ў некаторых раёнах краіны. Дарэчы, мае сыны не скарысталіся гэтай магчымасцю ні падчас "Улі", ні 2.02.

Снег на дарогах расчышчалі паступова і часам паркоўкі ўздоўж другасных дарог доўга заставаліся заваленымі снегам. Я стараўся расчышчаць не толькі каля сваёй машыны, але і іншыя заваленыя снегам машынамесцы, але такіх энтузіястаў было мала. Цікава, што Беларусь робіць шмат снегауборачнай тэхнікі, але чамусьці яе не хапала, каб аператыўна чысціць дарогі і паркоўкі. Часам падчышчанае шуфелем месца паркоўкі зноў засыпала снегам, а то і трактар ЖКГ скідваў туды снег падчас чысткі дарогі.

Веладарожка на пр. Незалежнасці ў Мінску паміж вул. Гікалы і П. Броўкі была завалена снегам па стане на 27.01. Пазней яе нарэшце пачысцілі.

Вясна была загадкавай

Сакавік пачаўся цёплым надвор’ем без анамальна высокіх і надта нізкіх тэмператур, але пабіў рэкорды па адсутнасці ападкаў. Першыя 15 дзён было цёпла ўдзень (з мноствам абнаўленняў рэкордаў мінулых гадоў назірання на дзясятыя долі градусаў) і "каля нуля" ўначы (бо было малавоблачна і без ападкаў. У сярэдзіне месяца пачаліся лясныя пажары.

20 сакавіка ў Мінск прыйшлі дажджы з невялікім снегам. З 21.03 было без ападкаў.  Некалькі дзён быў нязначны мароз уначы, але ўдзень сонечна з камфортным цяплом. 27 сакавіка таксама убачыў невялікі дождж ва Уздзенскім раёне. 31-га лёгкі дождж быў і ў Мінску. 

Па стане на раніцу 30 сакавіка ў 8 гарадах на поўдні Беларусі ні разу не было дажджу за сакавік 

Красавік пачаўся цёплым і сонечным, але 4-га ўжо ішлі дажджы ў розных частках Міншчыны. 6-га апоўдні ў Мінск прыйшоў холад, а ў некаторых рэгіёнах краіны быў мокры снег ці снежная крупа. 7 красавіка часта ішоў дождж. У ноч на 9-е тэмпература ў Мінску апусцілася да -1°С, а 9-га ўжо лёталі снежныя "мушкі" і снежная крупа. 11 таксама мокры снег, а ў некаторых частках на ўсходзе Беларусі нават часовы снежны пакроў.

У ноч на 14 красавіка тэмпература ў Бабруйску дасягнула -3,2°С. Удзень 14.04 наадварот было вельмі цёпла (да 17°С у Мінску), а ўначы зноў "каля нуля".

16 красавіка ў Беларусь вярнуўся холад з дажджом і начнымі замаразкамі. 18.04. зноў цёплы і сонечны дзень.  У ноч на 22.04 у Клічаве -4°С. 23-га моцны вецер з паваленымі дрэвамі,  сарванымі дахамі і 2 пацярпелымі.

Паведамленне пра снег 26 красавіка ў ТГ-канале газеты "Звязда" (скрыншот)

26 красавіка прыйшлі дажджы, снег і моцны халодны вецер. У Мінску снег ішоў амаль незаўважна,  а ў некаторых частках Беларусі нават пакрыў зямлю. Такое надвор'е было да канца месяца. 

Май прыйшоў з рэзкім пацяпленнем. 1 мая было крыху цяплей,  чым у красавіку,  а 2.05 тэмпература паднялася за 20 градусаў.  У асобных раёнах дайшло да +25°С. 3.05. у Ганцавічах рэкорд: 26.8°С. 4.05 у некаторых месцах поўдня краіны 28.4°С.

5 мая ў Лельчыцах было 29.8°С, у гэты дзень па краіне прайшла навальніца. 6 мая рэкорд быў 30.6°С у Лельчыцах.

7 мая перапад тэмператур паміж паўночным захадам і паўднёвым усходам склаў да 17 градусаў па Цэльсію. З вечара 7 мая пачаліся дажджы. 8.05 дайшло да падтаплення асобных участкаў дарог Мінска. 

12 мая на некоторы час вярнулася цяпло (да 20°С у Мінску), а вечарам ізноў пачаліся дажджы. 13 мая было ўжо холадна і даждліва (да 12°С у Мінску); 14 зноў цёпла і сонечна (да 17°С у Мінску і да 20.7°С на метэастанцыі "Палеская"), а раніцай 15.05 на "Палескай" было -2°С на 2 см ад зямлі.

17 мая спякота перавышала 26°С у асобных раёнах, а 18-га прыйшлі навальніцы, у некаторых месцах на Міншчыне нават выпаў буйны град. 19.05 Касцюковічы 30.2°С. 21.05 у некаторых гарадах на ўсходзе Беларусі дайшло да 31°С.

Апошні тыдзень мая быў хутчэй цёплым, чым халодным. 27.05 быў моцны вецер, які валіў дрэвы і пашкодзіў шэраг аўтамабіляў і пабудоў. Добра, што абышлося без ахвяраў і пацярпелых. 

У большасці гарадоў Беларусі май перавысіў норму ападкаў  (у Мінску на 210%, пабіўшы рэкорд 1984 г.).


Пост будзе абнаўляцца. Калі не пазначана інакш, фотаграфіі і скрыншоты рабіў А. Берастоўскі.

10.01.2026

Гарэзы цыклону "Улі"

 Надвор'е ў пачатку 2026 г. ужо было студзёным і снежным. Нават канец 2025 г. стараўся даказаць, што прыйшла зіма. Але 8 студзеня Беларусь наведаў цыклон "Улі", які адразу нагадаў многім беларусам свайго калегу "Хаўера", які завітаў у 2013 г.

Але, калі да "Хаўера краіна была негатова і адказала транспартным калапсам, то "Улі" ўжо чакалі. Пра яго гаворылі яшчэ да яго прыходу, а 8-га ў 4 гадзіны вечара навіны па радыё перадавалі, што ў Брэсцкай вобласці снегапад ужо ідзе. "Улі" завітаў у Беларусь. У Мінску яго чакалі прыкладна праз 2 гадзіны. На наступны дзень, 9 студзеня, быў аб'яўлены чырвоны ўзровень небяспекі.

У 17:15 снегапад у раёне вуліцы Чкалава, дзе я быў па справах, яшчэ слаба праяўляў сябе, а ў 6 вечара цыклон ужо шчодра асыпаў сталіцу снегам. Ветра было няшмат, а холад быў і да прыходу "Улі". Галоўнай праблемай быў снегапад.

Так выглядаў наш мікрараён "Усход-1" а палове восьмай вечара. Каляровыя ліхтарыкі, якія развесілі перад навагоднімі святамі, дадавалі прыгажосці.

Снег ішоў усю ноч, хоць на яго прыбіранне мабілізавалі не толькі камунальныя службы з тэхнікай, але і супрацоўнікаў розных арганізацый, перш за ўсё сілавікоў: міліцыю, армію і ратавальнікаў. На адкрытых прасторах снегапад суправаджаў моцны вецер.

Наступным ранкам транспартны калапс адбыўся, хоць і ў меншай ступені, чым у 2013 г. Пераважна гэта было ў затрымцы грамадскага транспарту і перапаўненні некаторых станцый мінскага метро ў ранішні пік. Практычна ўсе дарогі былі пад снежнымі сумётамі. Вядома, што сталічныя магістралі пачысцілі аператыўна, але на другарадных дарогах і выездах да магазінаў ці двароў снег ляжаў паўсюль.


У раёне "Маяк Мінска" я сустрэў невялікую завіруху і адчуў як цяжка дыхаць. Але гэта было толькі імгненні. З "Хаўерам" не параўнаць. Нават сфоткаць гульню ветра са снегам атрымалася не с першай спробы.

А на "Усходзе-1" ўсё танула ў такіх сумётах. Аднак яшчэ зранку людзі пратапталі трапінкі да метро, школ і магазінаў. Таксама можна было ісці па каляінах на праезных частках дваравых дарог.

Частка аўтамабілістаў чысцілі снег вакол машын. Адзін пажартаваў другому:
-- Можа нам ЖЭС за гэта заплаціць?
Праходзячы міма, я заўважыў яму:
-- Вашай узнагародай стане магчымасць не плаціць штраф за непрыбраны снег каля аўтамабіля.
Аўтааматар згодна кіўнуў і далей стаў грэбці снег шуфелем.

У нашым двары некалькі аўтамабілістаў прыбіралі снег каля сваіх машын і пад'ездаў. Да прыходу дапамогі камунальнікаў адзін з іх расчысціў пешаходную дарожку ў бок выхаду з квартала да метро. Тым часам трактар ЖКГ, адчысціўшы пешаходную зону ля метро, пачаў  расчышчаць дарогі ў дварах.

У гэты дзень ЦікТок запоўнілі відэа снежных сумётаў і працы па іх прыбіранню, а галоўнай тэмай размоў стала стыхія. Быў выпадковым сведкам, як адна жанчына скардзілася камусці па відэасувязі, што ўвесь дзень капала снег у сваім катэджным пасёлку, бо разлічваць на аператыўную дапамогу камунальных служб не магла. 

Машыны часта загразалі ў калеях. У той дзень тройчы даводзіася дапамагаць выштурхоўваць чыісці аўто. Таксама звычайнай з'явай быў рух аўтамабіля заднім ходам па калее, каб прапусціць іншае аўто на выезд. Але частка таксістаў скарысталася магчымасцю зарабіць дадатковыя грошы і павысіла цэны ў 2-3 разы. Таксама з'явіліся паслугі па платнай расчыстцы ад снегу парковак і двароў.

10 студзеня была субота, і беларусаў масава заклікалі чысціць снег. Калі жыхароў дамоў можна было толькі прасіць па сумленні, то элемент мабілізацыі быў у сістэме адукацыі бацькоў, чыі дзеці вучацца ў школе ці дзіцячым садзе, прасілі прыбраць снег ля школы ці садзіка.

У нашым выпадку я і мой малодшы сын прыбіралі снег каля школы. Бацькоў прасілі прыходзіць а пэўнай гадзіне і яны мусілі змяняць адно аднаго. Але наша змена за палову гадзіны прыбрала ўсе вылучаныя участкі, так што потым іншая брыгада прыбірала за тэрыторыяй школы, а майму старэйшаму сыну далі адбой і ён у якасці альтэрнатывы расчысціў некалькі парковачных месцаў недалёк ад дому.

Любамір нават патрапіў на фотку для школьнага Тэлеграм-канала...


Снег ішоў увесь дзень 10 студзеня, але стыхія ўжо адступала. Замест завеі ішоў анамальны холад...

***
Абнаўленне за 14-20.01.2026. Пасля таго, як 10 студзеня па ўсёй краіне дабраахвотна і прымусова беларусы прыбіралі снег, выявілася вось што. Камунальнікі па-ранейшаму чысцілі дарогі і праезды, часткова пешаходныя дарожкі і тратуары. Кіроўцы машын прыбіралі снег вакол сваіх машын, але не імкнуліся адкопваць засыпаныя снегам іншыя машынамесцы. Веладарожкі наўпрост завалены снегам, хоць рух веласіпедаў зімой не забаронены. На адной з вуліц Мінска снег з праезда ў двор прыбралі толькі праз прыкладна 5 дзён пасля "Улі". На вулічных паркоўках, як і на шэрагу дваравых, снег проста раскатваюць машыны з высокім клірэнсам і такім чынам там атрымоўваецца паркавацца. У асобных выпадках міліцыя арганізуе г.зв. "дармаедаў" прыбіраць снег каля дзяржаўных устаноў.

Калі мне хтосьці на гэта скажа: "вось лепш сам бы прыбіраў снег, чым скардзіўся", на гэта адкажу, як вослік Іа з казкі пра Віні Пуха: "я не скарджуся, а канстатую факт". І як раз і прыбіраю снег, калі маю час і сілы. Учора адкапалі адно з трох заваленых снегам машынамесцаў на пару са старэйшым сынам. Сёння там ужо паркуюцца. Але не кожны дзень даходзяць да гэтага рукі. Так што "Улі" скончыўся, а справа яго жыве...

20.01 адкапаў апошняе заваленае снегам машынамесца недалёк ад дома. Некалькі прахожых задавалі ў розных версіях пытанне: "Табе больш за ўсіх трэба?".

15.03.2025

Цыклон Хаўер. Калі Беларусь накрыла снегам

 

15 сакавіка 2013 г. Беларусь патрапіла пад цыклон Хаўер, які з 9 сакавіка ўжо шкамутаў Еўропу. Гэту падзею падрабязна апісала Беларуская Вікіпедыя, але я сам тады не асабліва звяртаў увагу на яе: маўляў, не першае і не апошняе стыхінае бедства ў маім жыцці.

Памятаю, што заўважыў стыхію калі ішоў дадому з работы ў другой палове дня.  Як толькі я выйшаў з метро, на мяне паляцеў снег з усіх бакоў. Вецер быў такі моцны, што цяжка было дыхаць. Але з ног не валіла, проста было цяжка прабірацца скрозь снег паўсюль. Ужо ў двары свайго дома дапамог нейкім мужыкам штурхаць мікрааўтобус, які не мог праехаць і хвілін 20 мы яго штурхалі некалькі пад'ездаў. Потым падняўся да сябе і чысціў ад снега свой балкон, дзе раму аднаго з вакон ашклянення пашкодзіў вецер і накідаў снега (адрамантавалі яе толькі ў пазней у цёплы час).

Наступным ранкам у суботу вяртаюся на работу ў ФМА БДУ, дзе ў мяне павінны былі быць 4 пары. На вуліцы ўсё было спакойна, толькі суседзі-аўтамабілісты адкопваюць свае машыны ў двары. Я выйшаў на вуліцу Ленінградскую з метро, а усё прыступкі выхаду  на вуліцу былі пакрыты снегам. Мае студэнты-міжнароднікі не прыйшлі на заняткі, і я ўсё чатыры пары пісаў пост пра старажытных людзей.

Пазней са мной падзяліліся ўспамінамі 2 ахвяры стыхіі. Адна дзяўчына ўспамінала, як ішла са школы і моцна напужалася ратоўнай завірухі. Яшчэ адна жанчына ўзгадала, што яе муж з сябрам доўга прасядзелі ў машыне ў раёне Кургана Славы, бо стыхія не давала ім ехаць далей. На шчасце, гэтыя мужчыны не замерзлі, але ў гэты дзень 2 чалавекі загінулі ў аўтакатастрофе на МКАДзе, стаўшы адзінымі ахвярамі Хаўера ў Беларусі.

Мне пашанцавала больш за многіх у тыя дні, бо дарога да метро і ад метро не складала вялікую адлегласць і калапс наземнага транспарту ў Мінску і іншых гарадах Беларусі амаль прайшоў незаўважаным для мяне. (Пра магчымасць самому сесці за стырно, я тады і не думаў). Таксама цыклон падарыў мне некалькі гадзін плённай даследчай працы з-за адмененых заняткаў...

На фота ілюстрацыя транспартнага калапсу ў Пінску. Крыніца: група УК "Пінскі веснік"+"Полесская правда". Новости.

01.03.2025

Надвор'е 2025-га

 


У апошнія гады я рабіў эпізадычныя заметкі на тэму надвор'я (як, напрыклад, тут). Але глабальнае пацяпленне і пагодныя анамаліі пабудзілі мяне пачаць весці назіранне за капрызамі беларускай прыроды на працягу года, прыкладна так, як я назіраў за кавіднай пандэміяй.

Зіма, якой (не) было?

Архіў надвор'я першых 2-х месяцаў 2025 г. (зроблены на падставе дадзеных https://minsk.nuipogoda.ru/)

Студзень пачаўся нестудзёным і бясснежным. Ужо прыкладна чвэрць стагоддзя як на дварэ хлюпа замест снежных сумётаў і прыблізна 15 гадоў як снег ляжыць рванымі шматкамі, як падраная і раскіданая вата (вось прыклад такой заўвагі за канец 2017 г.). Часам выпадаў неглыбокі снег і праз дзень-два таяў, пакрываючы наваколле туманам. Амаль увесь месяц стаяла плюсавая тэмпература. 

Аднойчы ў мяне нават атрымалася пабегаць басанож на нашым абноўленым школьным стадыёне. У мяне парваліся красоўкі падчас бегу, а бегавая дарожка была без снега і смецця, я, нядоўга думаючы, скінуў абутак, зняў шкарпэткі і прабег пару кругоў па дарожцы. Надвор'е было, як ранняй вясной, і ногі не апякала холадам, толькі крыху незвычайна адчувалася ў голыя ступні прарызіненае пакрыццё, якім замянілі асфальт.

Люты крыху паспрабаваў апраўдаць сваю назву маразамі з 8-га па 22-е тэмпература ўдзень была стабільна ніжэй нуля (за выключэннем 13.02), а ноччу ў Мінску магла апусціцца да -17 С. Спачатку гэта былі бясснежныя маразы, потым пайшоў снег

Крыху снега 14.02 і пабольш 20.02 на адным і тым жа месцы ў Мінску

У гэты час рэчкі скаваў лёд і некаторым беларусам пашанцавала пакатацца на каньках. Мае сыны пакаталіся адзін раз з горкі на лядзянцы, а я адзін раз папрацаваў шуфелем для снега, які купіў у машыну, памятаючы, што ў лютым снегу можа наваліць, і парковачнае месца можа спатрэбіцца чысціць. Але нічога чысціць не трэба было, проста на прыступках і пандусе ля майго пад'езда было крыху снега, і я вырашыў даць свайму шуфелю шанец папрацаваць хоць раз :) 

Прыкладна ў гэты ж час кіроўцы машын азадачыліся: як праграваць сваё аўто за 5 хвілін ці менш, калі маразы гэтага не дазваляюць. Звычайна, праблему вырашалі тым, што глушылі матор праз 5 хвілін, рабілі паўзу і зноў уключалі запальванне.

Лыжы за гэту зіму мы так і не дасталі са сховішча, але я некалькі разоў ездзіў па справах на веласіпедзе.

З 23 лютага вярнулася вясна. Гэта адчувалася паўсюль: і ў цёплым свежым паветы, і ў капелі з дахаў, і ў цвірканні птушак...

Лёд на Сляпянскім канале тае. Від з "Мамантава маста" (Усход 1, Мінск). 25.02.2025.

У апошні дзень зімы ў школах РБ праводзіліся вучэнні па эвакуацыі, і мой старэйшы сын сказаў, што падчас іх атрымалася згуляць у снежкі. У мяне адразу пытанне:

-- Дзе ўзялі снег?

-- Ну, штосьці яшчэ заставалася. -- адказаў Данік.

Асаблівасцю канца гэтага лютага сталі салёныя дарогі. Звычайна кожную зіму дарогі пасыпаюць пясчана-саляной сумессю, каб снег і лёд не заміналі руху транспарту і пешаходаў. Але ў 2025 г. з прычыны сухога бясснежнага надвор'я соль проста пакрыла пылам дарогі Беларусі, абутак пешаходаў і машыны. На аўтамойках з'явіліся чэргі: аўтамабілісты імкнуліся адмыць свае машыны ад белых плямаў. Хтосцьці жартаваў у сацсетках, што соль на дарогах насыпана для прафілактыкі захворванняў пешаходаў.

Салёныя прыступкі выхаду з метро "Усход".

Капрызная вясна

Сакавік прышоў з жартамі: раніцай выпаў снег, якога амаль не было зімой. Хтосьці дастаў цюбінг катаць сваё дзіця, скарыстаўшыся момантам, але снег мокры і тае вельмі хутка.

Снег раніцай 1 сакавіка ляжаў амаль паўсюль, але за дзень растаяў.

І такое ж надвор'е было ў пачатку вясны, але 6 сакавіка надвор'е было ўжо такім цёплым, як раней у красавіку ці маі (у Маларыце тэмпература паднялася да 19 С). Потым нават пры зніжэннні тэмпературы стаяла даволі сухое надвор'е. Калі нават бываў дождж, усё высыхала вельмі хутка. 13 сакавіка ўвечары пайшоў моцны дождж, які раніцай наступнага дня перайшоў у мокры снег і месцамі моцны вецер.

15 сакавіка ў гадавіну "Хаўера" частку Беларусі зноў накрыла снегам. ЦікТок напоўнілі відэа з Гомельшчыны, Брэстчыны і Магілёўшчыны пра двары і машыны, заваленыя снегам. Тым часам у Мінску было суха і цёпла. 17 сакавіка раніцай Мінск таксама пакрыў неглыбокі снег, але апоўдні ён амаль паўсюль растаяў. А вось 24-га ўвесь дзень ліў дождж, які кампенсаваў традыцыйную норму ападкаў месяца. У цэлым сакавік паўтарыў рэкорд 1945 г.

3-га красавіка тэмпература ў асобных паўднёвых гарадах Беларусі паднялася да 20 С, а на наступны дзень адбыўся рэзкі пераход: вельмі цёплы дзень плаўна перашоў у даволі халодны вечар (з +18 да +3 С). 

5 красавіка раніцай  ужо было "каля нуля". А ўдзень пайшоў вялікі мокры снег, які вечарам сарваў на 16-й хвіліне футбольны матч на стадыёне "Дынама" ў Мінску, як гэта засняў мой сябр:

Акрамя таго, у некаторых раёнах стыхія абясточыла шэраг населеных пунктаў. 6 красавіка да снегу дадаўся моцны вецер, які, праўда, у большасці раёнаў Беларусі не перайшоў ва ўраган. 7-га зноў мяцелі.
10 красавіка надвор'е мянялася па некалькі разоў на гадзіну. То выглядала сонейка, то раптам хмары пачыналі сыпаць снег і дзьмуў моцны вецер. А на выходных 12-13 пачало вяртацца вясенняе цяпло.

15 красавіка ўжо было па-летняму цёпла і сонечна, 16-га ліў дождж і дзьмуў вецер, а тэмпература упала на некалькі адчувальныя градусы, а 17-га зноў тэмпература скокнула на 13 градусаў і стала спякотна як раней у маі. 19 і 20 красавіка надвор'е было ўжо чэрвеньскім, з тэмпературай пад 28 С. 

З гэтых дзён пачаўся перыяд спякотнага сухога надвор'я, з-за чаго ў майго малодшага сына абвастрылася алергія на бярозавы пылок, які шчорда пакрываў дарогі і машыны. Толькі 23 красавіка раніцай прайшоў невялікі дождж, але потым надвор'е вярнулася да сухой спякоты.

Апошнія выходныя красавіка ў Беларусі вярнуліся начныя замаразкі да - 3-4 С, якія працягнуліся і ў 29 красавіка. Але надвор'е заставалася пераважна сухім, а ўдзень нават крыху цёплым.

Май прыйшоў з капрызным зменлівым надво'ем: 1-га ветранае і пахмурнае, 2-га цёплае (неспякотнае!) і сонечнае, ноччу на 3-е невялікі дождж, які пакінуў рэдкія сляды на вуліцах Мінска, і ранкам 3-га зноў стала даволі цёпла, а ўдзень часам нават спякотна. 4-га пайшлі дажджы, якія нарэшце прыбілі да долу бярозавы пылок, які трымаў майго Любаміра дома.

Тыдзень 5-11 мая быў халадней, чым звычайна ў маі, нават з начнымі замаразкамі да -5 С. За гэта вострыя на язык рускамоўныя беларусы далі месяцу мянушку "маябрь", а ўлады некаторых рэгіёнаў краіны зноў уключылі цэнтральнае атапленне. Пры гэтым дажджы амаль не ішлі, але бярозавы пылок ужо не так актыўна сыпаў, і Любамір здолеў пакатацца на веласіпедзе ... у масцы. Я ніяк не мог угадаць з вопраткай пад надвор'е і пад канец тыдня нарэшце прастудзіўся.

Наступны тыдзень пачаўся сухім надвор'ем і замаразкамі ноччу, але ўжо ў 15 мая ўвечар пачаліся нясмелыя дажджы. На наступны дзень яны ішлі эпіізадычна, а ў суботу 17 мая ўжо быў амаль няспынны дождж. Але з той суботы замаразкі скончыліся.

З 22 мая дажджы пайшлі амаль няспынна. У выходныя 24-25 нам давялося шмат ездзіць па поўдні краіны і часам прыходзілася пераязжаць такія вялікія лужы, што здавалася што мы ўтопім сваю машыну, але абышлося без гэтага. А тым часам на поўначы Беларусі ў Віцебску 25 мая сапраўды быў патоп.

Дажджы ў Мінску 26 мая ішлі з кароткімі перапынкамі, але не пераходзілі ў ліўні

Трэба зазначыць, што пасля анамальнага недахопу ападкаў зімой і вясной, гэта было хоць якой кампенсацыяй ад прыроды. Дажджы  ішлі і далей А вось апошнія 2 дні вясны былі крыху больш сонечнымі і цёплымі.

Загадкавае лета

Чэрвень пачаўся цёплым выходным днём з нармальнай тэмпературай для пачатку лета (каля 20 С). А на тыдні 2-8 чэрвеня спякота і навальніцы з моцным ветрам і градам змянялі адно аднаго. 4 чэрвеня валіла дрэвы і лініі электраперадач на Гомельшчыне. 5-га ўвечар затапіла некаторыя вуліцы ў пэўных раёнах Мінска. 6-га ў Брагіне і Лельчыцах крыху абнавіліся тэмпературныя рэкорды (31,7 С) на фоне моцнай спякоты па ўсёй краіне. 7 чэрвеня моцны вецер валіў дрэвы на Брэстчыне а ў Мінску і ваколіцах залева падтапіла некаторыя будынкі. Але добра, што за гэты тыдзень абышлося без гібелі ці траўміравання людзей ад наступстваў прыродных з'яў, ва ўсялякім разе, без афіцыйна зафіксаваных фактаў наяўнасці ахвяр і пацярпелых.

9 чэрвеня навальніца зноў падтапіла некаторыя часткі Мінска, а ў Столінскім раёне маланка забіла мужччыну. Потым надвор'е было хутчэй халаднаватым, а сонца і дажджы змянялі адно аднаго. 15 чэрвеня было пераважна цёпла, асобныя мінчукі спрабавалі купацца ў Мінскім моры, а 16 чэрвеня быў ужо даволі спякотны дзень (да 25,5 С у Мінску, 32,6 С ў Пінску). Уночы на 17-е дажджы пачалі вяртаць халадок, але было ўжо цяплей, чым на папярэднім тыдні.

19-20 чэрвеня моцны вецер стаў прычынай невялікіх разбурэнняў у Мінскай і Магілёўскай абласцях, ішлі дажджы, але без залевы. 

Узбярэжжа Цнянскага вадасховішча 22 чэрвеня 2025 г. На пляжы амаль няма людзей, хоць як раз была нядзеля. Купаліся адзінкі, а астатнія  наведвальнікі рэкрэацынай зоны адпачывалі ў бяседках з шашлыкамі.

21-га вярнулася цяпло, прычым тэмпература паднялася на прыкладна 5 С (з 14 да 19 С ў Мінску). А вецер і дождж ў нядзелю 22 чэрвеня рабілі адчуванне, што лета застаецца халодным.

Наступным тыднем дажджы ішлі амаль штодня. А 27 чэрвеня ў двух месцах на поўдні Беларусі быў заўважаны смерч.

Фотакалаж смерчаў з ТГ-канала Метеовайб

Апошні дзень месяца прынёс у Беларусь штармавы вецер, які паваліў дзясяткі дрэў, што стала прычынай неабходнасці тром пацярпелым звярнуцца па медыцынскую дапамогу, але ўсё абышлося без гібелі людзей і ці шпіталізацыі пацярпелых.

Больш за ўсё чэрвень 2025 г. запомніцца беларусам незвычайным холадам.

Ліпень прынёс анамальна цёплае надвор'е. 3 ліпеня спякота дасягнула 32 С у Мінску і максімум 34,5 С у Беларусі. Ёсць верагоднасць, што маглі быць ахвяры сярод людзей з праблемамі з сэрцам, але жадаю памыліцца.


Мноства адпачываючых на Цнянскім вадасховішчы у Мінску ўдзень 3 ліпеня. Але акрамя спякоты вялікая колькасць людзей на пляжы звязана з выходным днём з нагоды Дня Незалежнасці.

У ноч на 8 ліпеня спякота змянілася моцным дажджом, але ўдзень тэмпература паветра зноў паднялася да 23-30 С у розных раёнах краіны.

9-10 ліпеня спякота чарагавалася з ураганам, ліўнямі і градам. Вуліцы Мінска тапіла, на Магілёўшчыне і ў Магілёве  валіла дрэвы і наносіла пашкоджанні канструкцыі, пад Гомелем град спыняў аўтатранспарт на трасе. Нажаль, ад урагана загінула жанчына і яшчэ некалькі чалавек атрымалі траўмы, а буралом у Магілёве разбіралі і праз некалькі дзён. 

11-14 ліпеня зноў царавала спякота. 15 ліпеня вярнулся даждлівае надвор'е, і частка вуліц Мінска была падтоплена.

23-26 ліпеня дажджы, што чаргаваліся з вельмі цёплым і сонечным надвор'ем цягам некалькіх гадзін штодзень, часткова падтаплялі Мінск і Віцебск. Познім вечарам 29-га Мінск зноў падтапіла залева. Апошні дзень ліпеня дождж ішоў увесь дзень з кароткімі перапынкамі

 Жнівень прыйшоў з мяккім цяплом і невялікімі дажджамі. Але 3 жніўня быў па большай частцы краіны камфортнай нядзеляй з прыймальным цяплом да 28 С і амаль паўсюль без ападкаў. Пляжы сталіцы напоўніліся адпачываючымі :)

Далей цяпло чаргавалася з не вельмі працяглымі і не вельмі моцнымі дажджамі. 10-га ўвечары ў Мінску выбухнула навальніца, паведамленняў аб падтапленнях ці паваленых дрэвах у інтэрнэце не гуляла, але былі невялікія разбурэнні на Гродзеншчыне. Потым 16-га зноў навальніца:  у Мінску крыху падтапіла, у Магілёўскай і Брэсцкай абласцях невялікія разбурэнні. Але добра, што не было ахвяр і пацярпелых...

23 жніўня тэмпература паветра пачала зніжацца, а ў панядзелак 25-га надвор'е стала асеннім (12-16 С у Мінску). Пачаліся жарты, што лета скончылася, не пачаўшыся. Аднак лета вырашыла даць развітальнае цяпло з 28 жніўня, якое дасягнула кульмінацыі спякоты 30-га (каля 31 С).

Апошні дзень жніўня даў моцную хвалю спякоты. У Мінску было да 31 С, а мой гомельскі сябра выкладаў сторыс з тэрмометрам, дзе было амаль 40 С ("Турцыя? Егіпет? Не, Гомель") Але пры купанні на Цнянскім вадасховішчы мы заўважылі, што вада не прагрэлася як трэба нават апоўдні.

Пахмурна-сонечная восень

1 верасня пачалося пахмурным халаднаватым ранкам, але дзень быў цёплым. 3 верасня ў Мінску даходзіла да 26 С. 4 і 6 верасня тэмпература ў Мінску была 26-27 С, а па краіне даходзіла да 30 С. 

Тыдзень 8-14 верасня таксама быў з летняй тэмпературай за 20 С. Большай часткай у горадзе хадзіў у кашулі з кароткім рукавом або цішотцы, толькі часам была патрэбна лёгкая кофта. Жоўтае лісце асыпала машыны і дарогі, але дрэвы па-ранейшаму стаялі зялёныя.

15 верасня тэмпература знізілася, ішоў дробны дождж і адчуваўся прыход сапраўднай восені. 17-20 ішло процістаянне пахмурнага (часам даждлівага) і сонечнага надвор'я, а 21-га было ўжо 26 С.

22 верасня быў, бадай, апошнім летнім днём восені. З 23-га тэмпература рабілася ўсё больш асенняй. 25 і 26 ноччу тэмпература апусцілася ніжэй за нуль.

Наступствы замаразкаў раніцай 26.09: шкло машыны пакрылася снегам

Апошнія 2-3 дні верасня была класічная беларуская восень: мала сонца, холадна, пераважна пахмурна, часам невялікі дождж.

Кастрычнік пачаўся крыху марозным, але сонечным ранкам, які неўзабаве перайшоў у цёплы дзень. Хоць у Мінску тэмпература не перавышала 11 С, але здавалася, што сонейка прыемна грэла (а можа гэта мае суб'ектыўныя адчуванні). Потым тэмпература стала патроху расці і 6-8 кастрычніка дасягнула 14 С у Мінску (у асобных частках РБ да 18 С).

11-га яшчэ панавала класічная восень: то холадна і пахмурна, то сонечна і цёпла, 12-га прайшлі дажджы з моцным ветрам, які абясточыў на дзень 37 населеных пунктаў у Віцебскай вобласці. У ноч на 13-е выпаў снег, але ранкам ужо растаяў. 13 кастрычніка ўдзень тэмпература была каля 8 С, часам ішлі праліўныя дажджы, часам было сонечна.

23-24 кастрычніка тэмпература паветра паднялася да 13 С (у асобных раёнах крыху вышэй), але ішлі дажджы. 25-га тэмпература пайшла ўніз, а дождж суправаджаўся рэзкімі парывамі ветру.

Апошні дзень кастрычніка быў крыху дажджлівым, але не вельмі халодным. Увогуле, кастрычнік больш напамінаў беларускую восень, чым верасень не толькі ў гэтым годзе, але і апошнія некалькі гадоў.

Лістапад прыйшоў з лёккім дажджом, які скончыўся яшчэ зацемна. Дзень быў крыху цеплаваты з туманамі і тэмпературай да 11 С (на паўднёвым захадзе да 13 С).

3.11 тэмпература яшчэ крыху паднялася, і ў Беларусі былі невялікія дажджы і туманы

Вечарам 8 лістапада былі замаразкі і туманы, а Яблыневы сквер каля нашага мікрараёна выглядаў у такім стылі "хорар" :)

У ноч на 15 лістапада значна пахаладала, раніцай ішоў дождж са снегам. Удзень 15-га  было сонечна без ападкаў. У ноч на 16-е тэмпература ў Мінску апусцілася да -6 С. У наступны дзень было "каля нуля", на дарогах змерзлі лужыны, інеем пакрыліся трава і апалае лісце, але снег і замаразкі ў сярэдзіне лістапада не з'яўляюцца чымсьці незвычайным.

22 лістапада на поўдні РБ выпаў снег, удзень 23-га снег ішоў і не таяў у Мінску, а на дварэ быў мароз (-1 да -3 С). У гэты ж час Брэстчыну так пакрыла снегам, што спатрэбілася ўборачная спецтэхніка.  Вечарам мае сыны адкрылі сезон сняжкоў :)

22 лістапада ішоў дождж са снегам, а на наступны дзень снег ператварыўся ў густы туман. 28-га вечарам зноў ішоў снег і субота 29-га падарыла аўтамабілістам галаледзіцу з туманам, якія потым перайшлі ў дождж са снегам. Апошні дзень восені быў сырым і туманным.

(Бяс)снежны снежань

Раніца 1 снежня "аптушыла" свой прыход снежынкамі, якія таялі ледзь дакрануўшыся зямлі. Потым былі толькі густыя асеннія туманы і дажджы з тэмпературай "каля нуля". А ў ноч на 13 снежня даждлівы вечар скончыўся марозам (-6 - -7 С у сталіцы) і галаледзіцай у некаторых месцах.

У ноч на 14 выпаў снег. Мокры снег ішоў на працягу дня.

15 снежня снег пачаў актыўна таяць і ператварацца ў густы туман.

Па стане на дзень 17 снежня ў Мінску дзе-нідзе захаваліся вось такія купкі, а так па горадзе голая зямля і густыя туманы.

19-га ўдзень пайшоў невялікі снег, а 20-га снег таяў, а замест яго ішоў дробны дождж. Потым было сонечнае позняасенняе надвор'е, а 23-га пачаліся маразы (да -11 С ноччу). Пры гэтым снег практычна не ішоў. Увогуле бясснежны снежань ствараў адчуванне, што да канца года яшчэ далёка. А 25 снежня мароз (хоць і ў раёне -3 С) з ветрам давалі адчуванне дысанансу: дзе снег у такі холад? У ноч на 26-е снег выпал, а цягам дня поўнасцю растаяў, не пакінуўшы нават тумана. Пры гэтым тэмпература вышэй за нуль (да +2 С па Мінску) адчувалася як мароз, бо вецер апякаў холадам.

28 снежня снег ішоў стабільна з  ранку да вечара, і мае дзеці хадзілі гуляць у снежкі. Да снега дадаўся мароз і ён не знік, як раней. Пашлі жарты кшталту "снег не чапаць, гэта на Новы год".



Так выглядаў наш мікрараён і суседні лесапарк у апошні дзень года (31.12.2025)

Год скончыўся шчодрым снегападам, а навагодняя ноч стала адной з самых марозных (каля -20 С), аднак гэта ўжо варта назіранняў наступнага года. (Іх я пастараюся зрабіць лаканічней за гэты пост).

Калі не пазначана інакш, фота зроблены А. Берастоўскім.

30.09.2024

Гарачы верасень

 Нечакана, гэты месяц стаў гарачым не толькі ў тым сэнсе, што традыцыйна ў верасні ў мяне больш працы і пачынаецца чарговы школьны сезон для маіх сыноў. У гэтым месяцы былі падзеі, якія вылучылі яго ў маім каляндары жыцця.

Верасень 2024 года стаў рэкордным па тэмпертуры паветра. Ніколі раней, паводле даступнай мне інфармацыі, восень не пачыналася ў канцы верасня.

Надвор'е ў верасні 2024 года ў РБ. Крыніца тут.

Па прычыне сухога анамальна спякотнага надвор'я  ў некаторых раёнах Беларусі гарэлі лясы і тарфянікі. У Мінску і Гомелі часам пахла гарэлым па гэтай прычыне. У краіне неаднаразова аб'яўлялі чырвоны ўзровень небяспекі.

З другога боку, было адчуванне, што лета падарыла яшчэ 1 месяц. Аднойчы, мне давялося збіраць вінаград на лецішчы цешчы ля Салігорска, і складалася ўражанне, што я знаходжуся дзесьці ў паўднёвай Украіне ці Малдове. А летнія дары, такія як кавун, былі ў продажы яшчэ ў пачатку кастрычніка, прычым на фоне дэпрэсіўнага, даждлівага і халоднага надвор'я.

Тым не менш, глабальнае пацяпленне і звязаныя з імі прыродныя анамаліі дабром для Беларусі не назавеш. Пабачым, як далей  будзе развівацца восень, якая раптоўна прыйшла 29 верасня рэзкім пахаладаннем...

Мой аднакурснік атрымаў 4 гады за інтэрв'ю рэсурсу, прызнанаму экстрэмісцкім. Майго былога аднакурсніка гісторыка Ігара Мельнікава 13 верасня асудзілі на 4 гады калоніі за інтэрв'ю СМІ, якое пазней было аб'яўлена экстрэмісцкім у РБ, што кваліфікавалі як садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

Фота з залы суда 10.09.2024. Крыніца: sb.by

Каментаваць нічога не буду, бо гэта не мае сэнсу. Калі ён быў на свабодзе, было з чым спрачацца, згаджацца і не згаджацца. Магчыма, у некаторым сэнсе я зайздросціў яго поспеху, хоць ніколі сабе ў гэтым не прызнаваўся. Цяпер проста шкада чалавека.

Абнаўленне: У канцы лета 2025 г. Ігар Мельнікаў зноў з'явіўся ў нтэрнэце з краязнаўчымі аглядамі. Рады, што чалавек хутка пакінуў калонію.

Дзень без аўтамабіля 22 верасня. Нярэдка, дзень без аўтамабіля прыпадаў на рабочыя дні і на мінскіх дарогах быў запаволены рух, бо шмат тых, хто яго ігнорыць і для каго магчымасць бясплатна ездзіць у грамадскім транспарце з вадзіцельскім пасведчаннем і дакументамі на машыну, не варыянт. А паехаць на веласіпедзе на работу не кожны здолее. Але ў 2024 г. акцыя выпала на нядзелю і да вечара дарогі сталіцы былі куды свабодней, чым у іншыя дні.

Раней гэта акцыя мяне не асабліва датычылася, бо я не быў аўтамабілістам, але ў гэты раз я свядома скарыстаўся веласіпедам пры сваіх гаспадарчых паездках па вуліцах Мінска, а потым і проста пакатаўся на ім па горадзе. Увогуле, праблемы забруджвання навакольнага асяроддзя аўтатранспартам я разумею і бачу, таму імкнуся мець нейкі баланс у карыстанні ўласнай машынай, грамадскім транспартам і веласіпедам. Хацелася, каб больш было людзей, якія таксама бачаць, што нешта могуць рабіць для экалогіі Беларусі.

Абнаўленне: 22 верасня 2025 г. скарыстаўся "халяўнай" магчымасцю ездзіць у метро бесплатна з тэхпашпартам і пасведчаннем кіроўцы. Акрамя мяне, познім ранкам яшчэ адзін аўтамабіліст прайшоў турнікет з правамі і тэхпашпартам. Калі верыць беларускім СМІ, то штогод так робяць каля 12 тысяч аўтамабілістаў у многіх гарадах краіны, і гэта хоць як-небудзь скарачае шкодныя выкіды ў атмасферу :)

Відэа пра магчымасць ездзіць у дзень без аўтамабіля

Таксама:

Лета 2023 г.                                                    Зіма 2024 г.                                        Ліпень 2024 г.

14.07.2024

Канец святла або крыху пра надвор'е ў ліпені 2024 г.

Лета 2024 г. б'е рэкорды лета-2023. Прыродныя катаклізмы ўжо працяглы час здараюцца летам у Беларусі: спачатку некалькі дзён пануе моцная спякота, потым ідуць трапічныя ліўні з ветрам, затапленнем вуліц, дамоў, паломкамі інфраструктурамі і нажаль смерцю 1-2 чалавек амаль кожны раз, звычайна ад падзення дрэў ці некіх канструкцый. У гэтым плане 13 ліпеня гэтага года не адрозніваецца ад урагану які адбыўся роўна 8 год да гэтага (відэа 1 і відэа 2 наступстваў стыхіі), ад трапічнай залевы 18 ліпеня мінулага года і ад іншых падобных момантаў.

Аднак ёсць і новае. Здаецца, ніколі раней тэмпература ў сярэдзіне лета не дасягала такіх вышынь. За дзень да таго МНС прыслала СМС-папярэджанне: "13 ліпеня тэмпература паветра дасягне +35 +37 о С. Беражыце сябе!". Наступным ранкам па адчуваннях было проста спякотна як у Затоцы, па факце тэмпература дасягала 31-32 о С. Да спякотнага лета мы звыклыя, таму вялікіх праблем гэта нашай сям'і не стварала. Нічога не паказвала, што набліжаецца трапічны вецер.

Вечарам мне з дзецьмі спатрэбілася ехаць у другую частку горада. Прыкладна ў 6 вечара было адчуванне, што набліжаецца навальніца: хмары засцілалі неба, але было душна нават пры адчыненых вокнах машыны. На скрыжаванні недалёк ад тралейбуснага прыпынку "Вірская", дзе мы стаялі на светлафоры, мы зразумелі, што будзе не проста "незапланаваная" метэаролагамі навальніца. У "Мінск-Свеце" ў сотне метраў ад нас пясок круціла ў маленькім смерчы, на вуліцы падняўся моцны вецер, які кідаў смецце і пясок паўсюль. Мы зачынілі вокны і адчулі, што вецер спрабуе змясціць машыну. Страшна не было, але было непрыемна.

Мы паехалі далей. Вакол лёталі некалькі невялікіх кардонных каробак і пласмасавых абгортак, але ў нас не патрапілі. Адзін аўтамабіліст дзяліўся, што бачыў як ляталі дарожныя знакі. Хутка мы даехалі да патрэбнай паркоўкі на вул. Казінца і тут падняўся зусім моцны вецер.

Вецер рве банеры з флагштокаў на пляцоўцы каля бізнес-цэнтра "Гермес" на вул. Казінца

Хутка мы даведаліся, што дома ў нас адключылася святло, як і на ўсім Усходзе-1. Ці стала прычынай гэтага маланка або вецер, мне пакуль невядома. Праз пару гадзін мы ехалі дамоў. На дарогах часам валяліся сцяжкі, сарваныя з ліхтарных слупоў ветрам і іншыя прадметы, але большай часткай праблем праехаць не было.

Ужо на праспекце Незалежнасці ў раёне Ўсхода-1 бачна было, што электычнасць абрубіла ва ўсім квартале. Светлафоры не працавалі. Рэкламныя агні былі толькі на баку "Маяка Мінска". Паварот з праспекта на вул. Каліноўскага стаў сапраўдны праблемным пры адсутнасці светлафора, бо трэба было саступаць сустрэчным машынам. Магазіны нашага квартала не працавалі, і мне прыйшлося ісці ў "Дана Мол" купіць прадукты на вячэру. На пуці сустракаю знаёмага.

--Андруха, здароў! Што тут здарылася?
-- Здаецца з-за ўрагану электрычнасці няма.
Як гэта магчыма? Кабель жа пад зямлёй! Ведаеш, калі электрычнасць дадуць?
-- Дакладна не ведаю, але чуў, што могуць і заўтра. (так пачула ад кагосьці мая жонка)
-- У мяне, блін, курыца ў халадзільніку пратухне! І вады няма, і святла няма!
-- Пайду купіць прадукты ў "Дану". Там святло ёсць?
-- Вядома! Гэта ж у нас савецкая сістэма, а там усё сучаснае. Мабыць, генератары стаяць. Ну, бывай!

"Дана Мол" працаваў нармальна. У "Грыне" быў вялікі для 10 вечара натоўп. А калі я выйшаў, то ўбачыў, што  ў нашым квартале аднавілі святло. Як высветлілася пазней, мае сыны паспелі памыцца пры адключанай гарачай вадзе пры адсутнасці святла пры свечках. Рамантыка! :)

Від на Усход-1 у 10 вечара 13 ліпеня 2024 г. з ўвахода ў "Дана Мол".

Вецер паваліў сметніцы каля "Беларусбанка" і яшчэ адну адкінуў далей.



Шмат дзе валялася галлё дрэў, у тым ліку на праезных частках, нават на наступны дзень.

Нажаль, стала вядома пра смерць 2 чалавек і яшчэ некалькіх пацярпелых ад гэтай стыхіі. Можна сказаць, што нам у некаторым сэнсе пашанцавала, бо ні мы, ні наша маёмасць не пацярпелі ад буры.

Але я ўбачыў адзін важны момант. Многія падобныя катастрофы раней так не закраналі маё жыццё, максімум прыходзіў дамоў мокры. А "канец святла" нагадаў пра неабходнасць рыхтавацца да стыхійных бедстваў, бо адсутнасць тых жа паўэрбанкаў зрабіла нашыя тэлефоны ўразлівымі перад працяглай адсутнасцю святла, амаль поўная адсутнасць у кішэні наяўных грошаў, замененых пластыкавай карткай таксама можа быць праблемай. І колькасць прадуктаў, якія залежаць ад халадзільніка, перавышае колькасць тых, якія захоўваюцца без яго. Толькі перабоі з вадой у іншых кварталах беларускай сталіцы прымусілі мяне мець запас пітной вады.

14 ліпеня зноў уключылі гарачую ваду і жыццё яшчэ больш наладзілася :) У той жа дзень у Лунінецкім раёне град пабіў машыны і мы разважалі ці паўтарыцца сітуацыя ў Мінску. Навальніца прыйшла хутчэй, чым казаў прагноз надвор'я, але абышлося без граду... А на Гомельшчыне ўраган нанёс вялікія разбурэнні і забраў жыццё яшчэ некалькіх чалавек. Усяго за 13-14 ліпеня загінула 7 чалавек па дадзеных МНС. 

18 ліпеня ў  Мінску ў некалькі прыёмаў паўтарылася трапічная залева мінулага года (спасылка на відэа у пачатку паста). У выніку заліла некаторыя станцыі мінскага метро, падземныя паркінгі, вуліцы, Камароўскі рынак. Адбыўся транспартны калапс. Мне давялося стаяць у шматлікіх заторах, калі ехаў дамоў і дабіраўся я паўтары гадзіны замест планаваных 40 хвілін. Але мне пашанцавала, бо у многіх месцах горада машыны проста апынуліся напалову пад вадой. Купаліся (нават літаральна) і пешаходы. Многія лічаць гэты дождж самым моцным за гісторыю метэаназіранняў у беларускай сталіцы.

Залева размыла частку ўзгорка каля Сляпянскага вадасховішча ў раёне скрыжавання пр. Незалежнасці і вул. Філімонава з боку мікрараёна Усход-1.

Былі яшчэ навальніцы са шквалістым ветрам. Так 28-29 ліпеня парывы ветра таксама вялі да разбурэнняў у розных частках Беларусі. На шчасце, ніхто не загінуў, але як мінімум 2 чалавекі атрымалі траўмы...

***
У жнўні надвор'е мянялася туды-сюды, але спякота і "патопы" працягнулі сваю працу. Некалькі разоў аб'яўлялі чырвоны ўзровень неябспекі, але больш не было штармавых папярэджанняў, якія б паўтарылі ліпеньскія падзеі.

Мінскае мора (Заслаўскае вадасховішча) броснее ад анамальнай спякоты. 9 жніўня 2024 г.

Аб'ява пра чырвоны ўзровень небяспекі 19 жніўня 2024 г.

У верасні надвор'е засталося па-летняму спякотным. Але аб гэтым глядзіце тут.
Гл. таксама: 

03.03.2024

Зіма 2023-2024 была незвычайнай

 

Зіма, якая нядаўна скончылася, запомнілася мне пяццю момантамі. Пра іх паспрабую напісаць.

Надвор'е, як капрызнае дзіця

Як я пісаў у паведамленні пра мінулае гарачае лета, зімовыя месяцы снежань, студзень і люты перасталі адпавядаць сваім назвам. Ужо больш чым 20 гадоў надвор'е зімой вагаецца паміж вясновым з хлюпай пад нагамі альбо поўнай адсутнасцю снега і часовымі моцнымі  маразамі.

Але гэтай зімой былі сітуацыі, калі ў адзін і той жа дзень на поўначы Беларусі была тэмпература -4С, а на поўдні да +5С. Такая разбежка ўжо бывала ў гісторыі метэаназіранняў па Рэспубліцы, нават у красавіку 2012 г. былі зафіксаваны моцныя тэмпературныя перапады. Але сітуацыі, калі холадна ў адным рэгіёне і цёпла ў іншым, пакуль здараюцца не так часта. Тым больш, што краіна не настолькі вялікая, каб займаць некалькі кліматычных паясоў.

А апошні дзень зімы (у гэтым годзе 29 лютага) адкрыў сезон палявання кляшчоў на людзей...

Платны збор бутэлек

Фандамат "Экаплатформ" у магазіне "Суседзі" на Каліноўскага 66а ў Мінску.

У канцы снежня 2023 года фірма "Экаплатформ" адрадзіла савецкую традыцыю здаваць пустыя бутэлькі ў абмен на грошы. У сетцы магазіна-партнёра "Суседзі" размясцілі фандаматы, якія прыймаюць пластыкавыя бутэлькі і алюмініевыя слоікі праз зялёнае акно, трушчаць іх на перапрацоўку і даюць карыстальніку за гэта бонусы на карту лаяльнасці "Купілка" магазіна "Суседзі" у памеры 200 бонусаў (20 прадметаў) = 1 рубель. Як варыянт, можна атрымаць зніжку і ў інтэрнэт-магазіне "ХХІ век". Каб бонусы залічыліся, трэба адсканаваць код праз спецыяльнае мабільнае прыкладанне або ўвесці нумар сотавага тэлефона, прывязаны да гэтага прыкладання на экране фанадамата.

Па маіх назіраннях здаюць не толькі людзі са слядамі п'янства, але і пенсіянеры, для якіх кожная капейка мае значэнне, а таксама аматары такой дзейнасці, якія могуць прыязджаць на машыне з мяшкамі бутэлек. Таксама заўважаю, што колькасць пластыкавых бутэлек на зямлі рэзка скарацілася ў нашым мікрараёне, але асацыяльныя элементы перасталі збіраць актыўна макулатуру і шкляныя бутэлькі. Напрыклад, шмат дзе на траве і ў брудзе валяюцца "шкалікі" з-пад моцных танных настояў ці гарэлкі.

Яшчэ крыху сімвалічна, што бутэлькі здаюць амаль у тым жа месцы, дзе іх прыймалі ў 80-я гг. Калі быць зусім дакладным, то на месцы, дзе зараз стаіць фандамат, быў кафетэрый, дзе я піў сумесь вады з яблычным сокам, якую прадавалі як "сок яблычны". А пункт прыёму шклатары быў у павальным памяшканні справа ў ад галоўнага ўваходу ў магазін. Цяпер там нейкі клуб знаходзіцца, а падвальны ўваход знішчылі падчас рэканструкцыі ў пачатку 2000-х гг.

Абноўлена. Прыкладна ў маі 2026 г. гэты фандамат зламаўся, яго дэмантавалі і цяпер прыходзіцца здаваць бутэлькі ў іншых фандаматах горада :(.

Падпольнае святкаванне Дня святога Валянціна

У рамках барацьбы з уплывам заходнееўрапейскай культуры адміністрацыі гарадоў і раёнаў забаранілі афіцыйна адзначаць  Валянцінаў дзень у апошнія гады. Забарона распаўсюджваецца на дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы адукацыі і культуры. Аднак свята засталося даволі папулярным сярод гарадской моладзі і людзей сярэдняга ўзросту. Таму заўважыў нейкія спробы вылучыць ці адзначыць гэты дзень рознымі людзьмі і арганізацыямі.

У некаторых ВНУ студэнты адзначалі свята квэстамі, конкурсамі, абдымашкамі, але неафіцыйна.

У адным вучэбным кабінеце сцяну ўпрыгожылі такой гірляндай з лямпачак і потым дадалі папяровыя сэрдэчкі.

Пэўны банк дадаў сардэчка да галоўнай старонкі свайго сайта без каментарыяў. Адна фірма адкрыта павіншавала сваіх кліентаў з днём усіх закаханых у сваім тэлеграм-канале.

На вуліцы ў той дзень пачуў тэлефонную размову, якую па мабільніку вяла маладая жанчына:

-- Я званю маме, каб сказаць ёй, што яе люблю, а яна мне кажа: "Ну, хоць гэта не наша свята, у гэты дзень трэба казаць: я цябе люблю". Ну, ты разумееш? А я кажу: "Мама, ты што?! Я табе званю, каб сказаць, што я цябе люблю, а ты мне пра што кажаш?".

Відавочна, у гэтым выпадку адбыўся невялікі канфлікт пакалення тэлегледачоў, якія ў большай ступені пазітыўна ўспрымаюць барацьбу з заходнееўрапейскім уплывам, і пакалення ХХІ ст., якія ставяць многія аўтарытэты пад сумнеў.

У тэлеграм-канале газеты "Звязда" гэта падзея атрымала такі стрыманы каментарый. Астатнія дзяржаўныя СМІ проста праігнаравалі Дзень усіх закаханых.

Выбары 20-25 лютага 2024 г.

Гэтыя выбары і былі падобныя на многія папярэднія, і не былі. 25 лютага быў аб'яўлены адзіным днём галасавання, але можна было прагаласаваць датэрмінова з 20 па 24 лютага. 

У першай палове снежня ў вагонах мінскага метро з'явіліся такія рэкламныя ўлёткі. Хутка такія ж напаміны былі наклеены на ўваходах у ЗАГСы, магазіны, паліклінікі... Потым увесь снежань, студзень і люты мільгацелі напаміны аб гэтым мерапремстве: гучалі ў аб'явах у грамадскім транспарце, высковалі ў тэлеграм-каналах дзяржаўных арганізацый, віселі на розных афіцыйных сайтах і нават экранах банкаматаў.

30 студзеня 2024 у публічных месцах размясцілі агітацыйныя стэнды.  Праз некалькі дзён на адным з іх (каля 19-й паліклінікі) з'явілася фота кандыдаткі Наталлі Дзеркач, а на другім (каля дзіцячай бібліятэкі 10) павесілі партрэты А. Гайдукевіча, чарговы раз пераабіраўшагася ў парламент і І. Эйсманта, які балатаваўся ў Мінгарсавет.

Каля апошняга стэнда дзве бабулі абмяркоўвалі палітыку:

-- Я гэтага лысага, як яго, Гайдукевіча, не люблю. Балабоніць нешта па тэлебачанні...

Увогуле было адчуванне, што боязі сказаць ці зрабіць нешта "лішняе" ў дачыненні да кандыдатаў у дэпутаты ў людзей не было. Мабыць, у свядомасці шэрагу абывацеляў гэтыя выбары не ўспрымаліся як "палітыка", за якую могуць пакараць. Гэта заўважыў і ў тым, што многія інфармацыйныя ўлёткі з інфармацыяй аб кандыдатах і з запрашэннем на выбары, якія традыцыйна кідаюць у паштовыя скрыні, я бачыў у сметніцах каля пад'ездаў ці ўнутры іх.


Нярэдка на адных стэндах былі кандыдаты розных акруг, прычым хтосьці ішоў у парламент, а хтосьці ў мясцовы савет.

На дзвярах магазіна "Грошык" каля ст. м. Усход парадку і інфарматыўнасці было больш: тры кандыдаты ў мясцовы савет ад адной акругі разам.

Рэклама марафона "Выбірай.BY" на "Метро-ТБ". Акрамя гэтага марафона ў метро круцілі ролікі ад розных прадпрыемстваў "Галасуем разам" з прыгожымі дзяўчынай і хлопцам з гэтага прадпрыемства, а таксама ролікі з сем'ямі, што разам з дзецьмі ідуць на выбары, з тэгам #МинскГолосует.

Калі пачалося датэрміновае галасаванне, мне даводзілася чуць пару размоў маладых людзей, у адной з якой юнак скардзіўся, што ў яго ўніверсітэцкім інтэрнаце прымушаюць студэнтаў ісці галасаваць датэрмінова. У другой размове дзяўчына-студэнтка шкадавала, што ёй толькі 17 год і яна не можа атрымаць адгул ад вучобы за датэрміновае галасаванне, як яе суседка па пакоі ў інтэрнаце. Яшчэ ў адным інтэрнаце студэнты рыхтавалі актавую залу пад выбарчы ўчастак і з гэтай прычыны не пайшлі на заняткі (ці так патлумачылі сваёй выкладчыцы).

У школе, дзе вучацца мае сыны, традыцыйна арганізавалі некалькі выбарчых участкаў. Я на выбары не хаджу па сваіх прычынах, але давялося забегчы ў школу падчас датэрміновага галасавання, каб занесці макулатуру, якую збіраюць па класах. На уваходзе ля турнікетаў стаяў малады міліцыянер, які ветліва мяне спыніў, агледзіў мой груз і прапусціў. Унутры было некалькі таблічак, якія пазвалі напрамак да выбарчых участкаў дзесьці ў левым ад увахода крыле школы на другім ці трэцім паверху. Даводзілася чытаць, што на выбарчых участках сталі рабіць доступ для інвалідаў-вазочнікаў, але гэта дакладна не пра нашу школу. Аднак і ў той дзень, і ў галоўны дзень да школы і ад яе цягнуліся ў асноўным пажылыя людзі па аднаму ці парамі (сем'і ці сяброўкі). Я не стаяў там і не лічыў людзей, але ўражанне было, што на выбары хадзілі пераважна людзі савецкай закалкі з выпрацанавай гадамі звычкай хадзіць на выбары.

З іншых нюансаў выбары адрозніваліся тым, што было забаронена выстаўляць кандадатуру асобам з замежным грамадзянствам (акрамя расійскага для кандытатаў у дэпутаты мясцовых саветаў) і асобам з напагашанай судзімасцю, што кандыдатуры выстаўлялі толькі члены лаяльных уладзе палітычных партый і беспартыйныя (раней традыцыйна былі кандыдаты з апазіцыйнымі поглядамі і праграмамі і ў некаторых выпадках яны траплялі ў парламент ці пэўны мясцовы савет) і што на пэўных ўчастках дзяжурылі валанцёры ад БРСМ, задача якіх была дапамагаць выбаршчыкам. Таксама на ўчастках было забаронена фатаграфаваць свой бюлетэнь згодна абноўленаму выбарчаму заканадаўству.

У дзяржаўнай структуры, з якой я супрацоўнічаю, была рабочая нарада, падчас якой заклікалі прыйсці і прагаласаваць, каб выканаць грамадзянскі абавязак, але ніякага кантролю за гэтым я не заўважыў, як яго не заўважаў і раней. Магчыма ў пэўных іншых структурах маглі быць спробы прымусіць галасаваць супрацоўнікаў, але такі прымус парушае законы РБ.

Некалькі эпідэмій

Гэта зіма адзначчылася эпідэміяй адру, нейкай формы грыпу і гепатыту А. Адзёр абмінуў нашу сям'ю і кола знаёмых, гепатытам захварэла дачка аднаго з маіх сяброў, а вось грып моцна пабіў і нашу сям'ю і шырокае кола нашых знаёмых. Мы хварэлі некалькі тыдняў па дзве хвалі, калі ты робішся амаль здаровы, а потым зноў хварэеш па-новаму.

Зноў, як у кавідны час, давялося насіць маску, калі хварэў, а трэба было ісці на работу. Зноў для прафілактыкі гепатыту прыходзіцца часцей мыць рукі ці апрацоўваць іх санітайзерам. Пры гэтым час пандэміі 2020-23 гг. узгадваўся крыху настальгічна...

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць