13.08.2023

II гульні краін СНД

 4-14 жніўня 2023 г. некалькі гарадоў Беларусі прымалі ІІ гульні краін СНД. Насамрэч, гэта было спартыўнае мерапрыемства, якое выходзіла за рамкі краін СНД, і ў спаборніцтвах прымалі ўдзел спартсмены Кубы, Венесуэлы, Егіпта і некаторых краін Азіі, якія ніколі не былі членамі Садружнасці незалежных дзяржаў. Усяго ўдзельнічала 20 краін свету.

Талісманам Гульняў стала рысь Рыся, а дэвізам: "Моцны характар - яркая гульня"

З 1 жніўня ў розных грамадскіх месцах, як тут на станцыі метро "Усход" з'явіліся постары, якія анансавалі Гульні СНД.

У Мінску час ад часу можна было сустрэць валанцёраў у спецыяльнай форме. Валанцёраў набіралі пераважна са студэнтаў ВНУ. Супрацоўнікі, якія забяспечвалі працу гульняў, насілі ідэнтыфікацыйныя бэджы.

У гарадах, дзе праходзілі Гульні, аўтобусы пазначылі лагатыпам мерапрыемства. На фота: Салігорск.

А на такіх аўтобусах прывозілі ўдзельнікаў Гульняў на месца правядзення пэўнага спаборніцтва. На фота ізноў Салігорск, раён вакзала.

У адрозненне ад ЧС-2014 і Еўрапейскіх гульняў 2019 г. маштаб гэтага спартыўнага івента быў больш сціплы. Таксама значнасць падзеі была адценена навінамі з галіны ваенных і палітычных канфліктаў, чаго не было ў такой ступені ні ў 2014, ні ў 2019 гг. Аднак у 2023 г. не толькі Мінск, але і яшчэ каля дзясятка гарадоў прымалі спартсменаў, у тым ліку Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Жлобін, Магілёў, Маладзечна, Орша і Салігорск. Згодна дадзеных афіцыйнага сайта Гульняў, Беларусь заняла 2-е месца ў агульным медальным заліку пасля Расіі: (41 залаты, 68 срэбраных і 101 бронзавы медаль). Таксама ўваход на ўсе арэны быў бясплатным.

Акрамя ўласна спартыўнага жыцця на шматлікіх спаборніцтвах раскіданых па ўсёй Сінявокай, элементы святочнай атмасферы былі каля Палаца спорту на Нямізе. Скрыншоты з відэа YouTube.

 Нельга казаць, што канцэрты збіралі вялікую колькасць наведвальнікаў, але да поўнага ігнору справа не дайшла, хоць у даждлівае надвор'е пляцоўка пусцела. Відавочна асноўнымі наведвальнікамі былі самі спартсмены і моладзь, якая любіць тусавацца на Нямізе незалежна ад спартыўнага каляндара :). Галоўнае, што трагэдыя 1999 г. ўжо не паўтарылася.

Яшчэ адна "легенда" пра Гульні заключаецца ў тым, што быццам дзеля рэпутацыі мерапрыемства змясцілі графік адключэння гарачай вады. Магчыма ў некаторых месцах камунальнікі маглі мець такую матывацыю, але ў Мінску адключалі ваду і перад Гульнямі і падчас іх, што ведаю з уласнага досведу.

З гульнямі звязана як мінімум адна гісторыя з ратаваннем жыцця: урач зборнай Азербайджана па муай-тай Дыльбяр Сафарава выратавала жыццё 2-гадовай беларускай дзяўчынкі, якой стала дрэнна ў самалёце Масква-Мінск. Доктар стабілізавала стан здароўя дзяўчынкі і самалёт экстрэнна сеў у Віцебску, каб перадаць хворую "хуткай" дапамозе. Д. Сафарава была адзіным медыкам у гэтым рэйсе...

Сувенірная талерка ў кіёску БелСаюзДруку ў Мінску. Гэта адзіны выпадак, калі я знайшоў сувенір з Гульняў у продажы. Падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў сувеніраў нарабілі зашмат і потым прадавалі не адзін год пасля таго, як тэма перастала быць актуальнай.

Як і ў 2010-я спартыўныя івэнты ўносілі змены ў працу грамадскага транспарту і даступнасць дарог для аўтамабілістаў. Таксама ёсць верагоднасць, што бяздомных і асацыяльных грамадзян ізалявалі ад гасцей Гульняў у бальніцах і СІЗА, бо ў жніўні такіх амаль не заўважаў. Але тут дакладных звестак не маю.

Ці вартыя былі Гульні ўкладзеных у іх грошай? Ці варта пра іх пісаць на фоне больш трагічных падзей? Адказу не маю. Ва ўсялякім разе для спартсменаў РБ гэта была магчымасць паказаць сябе і не губляць форму, бо многія міжнародныя спаборніцтвы для іх цяпер закрытыя. Таксама плюсам была магчымасць паказаць Беларусь гульцам, балельшчыкам і турыстам з пазітыўнага боку. І гэта спартыўная падзея безумоўна стала часткай найноўшай гісторыі Беларусі.

Фотаздымкі і скрыншоты зроблены А. Берастоўскім ў жніўні 2023 г.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...