29.06.2026

Дух часу 2020-х гг.

 Перыяд з 2021 па 2026 гг. цяжка ахарактарызваць адным словам. Часткова я апісаў тут пра асноўныя змены ў палітычнай, эканамічнай і пабытовай сферах у гэты час. Але за гэты час я назбіраў каля сотні фотак, якія перадавалі змены і асаблівасці гэтага часу вартыя асобнага паста. Спачатку я жадаў назваць такі пост "БССР2.0", бо чуў такое апісанне падзеяў, але потым усвядоміў, што "дух часу" перадае сітуацыю больш трапна, бо настальгія часткі беларусаў па вяртанні БССР гэта толькі невялікі момант у адбываючыся падзеях. Мае агляды робяцца як свайго кшталту дзённік назіранняў, якія я імкнуся рабіць максімальна нейтральнымі. Тое, што я пішу можа не падабацца прыхільнікам розных палітычных поглядаў, але я раблю гэта таму, што мне хочацца запісаць тое, у аб'ектыўнасці чаго я ўпэўнены. 

Усе візуальныя прыклады мовы нянавісці ці кантэнт, які можа абразіць чые-небудзь пачуцці, прыводзяцца не для іх папулярызацыі, а выключна для пацверджання апісаных падзеяў.

Як я заўважыў, "дух часу" гэтай пяцігодкі склаўся з наступных элементаў:

"Сцягіфікацыя" краіны

У адказ на распаўсюджанне сцягаў БЧБ-камбінацыі падчас пратэстаў 2020 г. пайшла моцная хваля распаўсюджання колераў дзяржаўнага сцяга у даволі нечаканых праявах і месцах.

На вуліцах і будынках, як тут на "Амкадоры" на Гікалы.

Даволі незвычайна атрымалася ў раёне "Дана Мола". Тут былі сцягі розных дзяржаў свету, якія павесілі з нагоды 2-х Еўрапейскіх гульняў 2019 г. Калі я пісаў аб гэтай спартыўнай падзеі, то выклаў і фота гэтай лакацыі. Цяпер тут толькі сцягі РБ. Так што можна параўнаць 2 фоткі. 

Біблборды з папулярызацыяй дзяржаўнай сімволікі
Сцяжкі сталі прадаваць ва ўсіх тыпах магазінаў, іх сталі ставіць у самых нечаканых месцах, нават з'авілася вопратка ў стылі колераў дзяржаўнага сцяга. Мабыць самае дзіўнае месца для такой сімволікі знайшлі ў адным магазіне, дзе сцяжкі на продаж уторкнулі сярод пачкаў з прэзерватывамі на касе...

Чыноўнікі рознага рангу сталі насіць на пінжаках і блузках такія значкі.

У кабінетах натарыусаў з'явіліся спецыяльныя таблічкі партрэтнага фармату з гербам, сцягам і тэкстам гімна РБ. Часам гэтыя таблічкі вешаюць на сцены. У магазінах падобныя напаміны аб дзяржсімволіцы звычайна проста наклеены на сцены ці дзверы на паперах фармату А3 ці А4.

Брамы ўезду на ўнутраную тэрыторыю арганізацыі на вул. Казінца расфарбаваны ў колеры сцяга Беларусі

Некаторы час у 2023 г. гарманіст, які выступае ў падземным пераходзе ля мінскага "ЦУМа", ставіў чырвона-зялёны сцяжок у футляр гармоні. Але ці публіка не зацаніла маркетынгавы ход, ці яму зрабілі заўвагу ў прафанацыі патрыятычных пачуццяў, аднак музыка хутка перастаў так рабіць.



"Патрыятычны цягнік" у сталічным метро.  Усе вагоны афарбаваныя ў дзяржсімволіку, на ўнутраных сценах замест рэкламы інфармацыя пра беларускія рэгіёны і знакавыя месцы, пераважна на рускай мове.

Новыя акцэнты міжнароднай палітыкі

Калі ў 2010-х гг. Беларусь імкнулася трымацца нейтралітэту ў міжнародных канфрантацыях, то з 2021 г. сітуацыя моцна змянілася. Краіны Еўропы, якія накладалі эканамічныя санкцыі на РБ за пераслед удзельнікаў пратэсту 2020 г., пасадку самалёта "Райэн ЭйР" у Мінску і падтрымку РФ у канфлікце з Украінай, сталі успрымацца як ворагі, а Расія, Кітай і шэраг краін Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі -- як саюзнікі. Асаблівую увагу сталі надаваць супрацоўніцтву з Расіяй і Кітаем.

Саюз з Расіяй заіскрыўся новымі фарбамі. Калі ў 2010-х гг. СМІ і палітыкі РБ падкрэслівалі ўнікальнасць Беларусі у культуры і гісторыі, то з 2021 г. сталі часцей гаворыць пра "адзінства веры" (як на рэкламным роліку ў метро на фота вышэй), "брацкія народы" і нават "Адзіную Айчыну ад Брэста да Ўладзівастока".

Наступным па значнасці саюзнікам для Беларусі стаў Кітай. Візіты кітайскіх палітычных лідараў (як прыезд прэм'ера Дзяржсавета КНР Лі Цаня 22.08.2024 ў Мінск, аб чым нагадваюць сцягі на будынку БДПУ), супрацоўніцтва ў эканоміцы разглядаліся СМІ як значныя падзеі для РБ.

Потым можна вылучыць супрацоўніцтва Беларусі з Зімбабве і шэрагам іншых краін свету, але менавіта РФ і КНР разглядаюцца як самыя значныя партнёры для Беларусі 2020-х гг.

Палеміка з мінулым пратэстам.

Масавыя маршы пратэсту лета-восені 2020 г. змяніліся кропкавымі дзеяннямі супраць улады ў 2021 г. Апошні ўсплёск пратэстаў прыйшоўся на пачатак баявых дзеянняў Расіі супраць Украіны ў лютым 2022 г. За гэты час сотні тысяч удзельнікаў і прыхільнікаў пратэсту пакінулі Беларусь, яшчэ дзясяткі тысяч былі пакараны ад штрафаў да некалькіх год зняволення. Тым не менш, тэма падзей 2020 г. не сышла ў мінулае, як гэта было падчас масавых і рэзанансных акцый 1995-96, 1999, 2006, 2010 і 2017 г., калі праз некаторы час дзяржава тэму проста забывала. У гэты раз дзяржаўныя СМІ, палітолагі і чыноўнікі працягвалі разважаць на тэму "20-га года".

Білборд з асуджэннем мінулых пратэстаў. Мінск, Ігуменскі тракт, канец ліпеня 2023 г.

Папярэджанне аб небяспецы экстрэмізму і QR-код з рэспубліканскім спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў Беларусі ў адной з мінскіх ВНУ.

Ролік у мінскім метро, дзе моладзь заклікаюць не займацца экстрэмісцкай дзейнасцю. У кадры хлопцы сціраюць слова "экстремизм" і пішуць замест яго "экстрим".


У той час як экстрэмісцкай аб'яўлялася дзейнасць пратэстнага характару, нават напрамую не звязаная з класічным разуменнем экстрэмізму, як ваяўнічай нецярпімасці і распальвання варожасці, звычайна гэта характарыстыка не прымянялася да радыкальных выказванняў супраць удзельнікаў пратэсту з боку журналістаў дзяржСМІ. На здымку журналіст выдавецкага дома "Беларусь сегодня" Юрый Церэх трымае падараную яму кувалду, якая была модным сімвалам у 2022 г. падтрымкі арміі і, згодна пэўным відэа ў інтэрнэце, прыватная армія ПВК "Вагнер" забівала сваіх ваяроў, абвінавачаных у здрадзе ударам такога інструмента па галаве. ТГ-канал "Матолька Пагары", прысвечаны выражэнню нянавісці да апазіцыйнага блогера Антона Матолькі, адкрыта прапануе Церэху забіць гэтай кувалдай Матольку. (Дарэчы, дзейнасць Матолькі прызнана судом экстрэмісцкай у РБ, але пры гэтым пакуль падобныя заклікі не заўсёды прызнаюцца экстрэмізмам).

Яшчэ адна праява духу часу: ТГ-канал, які заяўляе аб сваёй сувязі з ГУБАЗІК, міліцэйскай структурай, якая з 2020 г. займаецца "эктрэмісцкімі" справамі, прапануе пісаць у іх бот на тых, хто не здаў свае дроны, хто чытае экстрэмісцкія матэрыялы ў метро ці абмяркоўвае палітыку на рабочым месцы. Пры гэтым беларускія словы "змагар" і "перамен" выкарыстоўваюцца саркастычна ў рускамоўным тэксце. Часам такая пагарда да беларускіх ці украінскіх слоў сустракаецца ў падобных тэкстах, але тэлеграм-каналы, якія асацыююць сябе з сілавымі структурамі могуць пісаць і пазітыўна пра беларускую мову, у адрознненні ад пэўных прарасійскіх блогераў.

Цытаты Лукашэнкі і 30 год прэзідэнцтва

У 2010-я, калі мае сыны пайшлі ў школу, ім давалі першы падручнік як сімвалічны падарунак ад прэзідэнта Беларусі. Хтосьці бачыў у такім моманце культ асобы Лукашэнкі, але хутчэй выглядала як стандартная працэдура ўручэння ўзнагароды ад улады, якая існуе шмат дзе ў свеце. Акрамя гэтых момантаў і партрэтаў кіраўніка дзяржавы ў дзяржаўных структурах і ўстановах адукацыі, больш нічога не вылучала асобу Аляксандра Рыгоравіча.

Але з 2021 г. увага і павага да першай асобы дзяржавы пачала набываць спецыфічныя рысы, якія раней разглядаліся б як перагіб.

Па-першае, з падачы некаторых медыйных расіян з 2020 г. сярод беларукскіх прыхільнікаў прэзідэнта пачалося распаўсюджанне мянушкі "Бацька" ў дачыненні да Лукашэнкі (раней яго так называлі толькі заўзятыя аматары расійскіх тэлеканалаў). Таксама ў дзяржСМІ з 2020-х актыўнае распаўсюджанне пайшла яшчэ адна мянушка кіраўніка Рэспублікі: Першы. Да гэтага часу, выкарыстанне мянушак да першай асобы ў дзяржаве выглядала як нешта недарэчнае (хоць часам "Бацькам" яго ўсё ж называлі).

У канцы 2021 г. пачаліся продажы вопраткі ў спецыялізаванай краме з цытатамі "Ад Першага"

Буцік "Первый" у ГЦ "Сталіца" з цытатай Лукашэнкі на сцяне: "Прэзідэнтамі не робяцца, прэзідэнтамі нараджаюцца".
Гэты ж буцік у ГЦ "1-ы Нацыянальны".

У 2024 г. у рамках адзначэння юбілейнай даты 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва Беларусі асобе Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі былі прысвечаны шэраг новых акцый. Напрыклад, былі напісаны некалькі песень ("Ах Александр", "Батька у нас крутой"), якія можна праслухаць тут.


З ТГ-канала школы маіх сыноў...

Чэлендж у сацсетках з цытатамі Лукашэнкі і хэштэгамі

Цытата на рэкламным экране мінскага метро. Верасень 2024 г.

У ЦікТоку было шмат відэа святкавання 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва.

У пачатку 2025 г. прайшлі чарговыя выбары прэзідэнта, на якіх было аб'яўлена аб перамозе Лукашэнкі з лікам 86,82%. Падчас перадвыбарчай кампаніі прайшоў флэш-моб, дзе у адказ на відэа заявы Аляксандра Рыгоравіча "Так. Пойду (на выбары - А.Б.). Калі прыхільнікі мае скажуць, што гэта трэба...", людзі з розных арганізацый і суполак крычалі "трэба". На кароткі час слова "трэба" стала мясцовым мемам, дзе ў звычайных пабытовых сітуацыях людзі маглі казаць яго з клічнай інтанацыяй і смяяцца. Аднойчы я узгадаў гэты мем у размове з сістэмным адміністратарам адной мінскай бальніцы і той казаў:

-- А, было такое! Нам усім загадалі выйсці, пракрычаць "трэба" на камеру. Потым я манціраваў відэа, і мы ўсе смяяліся.

Як было ў іншых калектывах з гэтым флэш-мобам, я не ведаю.

Пасля гэтых выбараў акцэнт на усхваленні асобы кіраўніка дзяржавы стаў не такі востры, але захаваліся яе элементы. Так "Жаночае радыё", створанае ў 2026 г., мае рубрыку "З першых вуснаў", дзе гучаць выказванні А. Лукашэнкі аб пазітыўнай ролі жанчын. Як ён сам ставіўся і ставіцца да ўсяго гэтага пакуль невядома...

Цікава, што калі прэзідэнт выступаў з праграмным пасланнем да беларускага народа і парламента 18 снежня 2025 г. усе тэлеканалы, акрамя "Беларусь 2", "Беларусь 3" і "Беларусь 5", трансліравалі яго прамову як тэрміновыя навіны, хоць гэта было звычайным рабочым выступленнем кіраўніка дзяржавы. Магчыма, Беларускае тэлебачанне так рабіла і да 2020-х гг., але, здаецца, такі акцэнт на рабочыя прамовы не рабілі і пакзвалі іх са скарачэннямі ў выпусках навін.

Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, ваенны патрыятызм і генацыд беларускага народа

У Беларусі, дзе падчас Другой сусветнай вайны загінула чвэрць насельніцтва, тэма памяці вайны мае глыбокае значэнне. І гэта закранае 3 памятныя даты 22 чэрвеня -- пачатак Вялікай Айчыннай, 3 ліпеня - дзень вызвалення Беларусі і  9 мая -- Дзень Перамогі ў ВАВ.

Калі ў 2021 г. святоныя шэсці праходзілі абмежавана па прычыне кавіда і магчымасці паўтарэння пратэстаў, то ў 2024 г. быў юбілей маштабнай падзеі: 80 год вызвалення Беларусі. Потым, у 2025 г. 80 год перамогі ў ВАВ і, нарэшце, 22.06.2026 г. узгадалі 85 год ад пачатку Вялікай Айчыннай. Самыя маштабныя мерапрыемствы прыйшліся на 2024-25 гг.



У мінскім метро ходзіць цягнік, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі. Лагатып 80-годдзя вызвалення краіны выкарыстоўвалі і на наступны год перад 9 мая 2024 г. там пасажыраў віталі дзяўчыны-школьніцы ў вайсковым аддзенні і супрацоўнік метро з бутаньеркай на уніформе.
 
Дарэчы, калі ў 2015 г. увялі гэты сімвал, які дабраахвотна ці прымусова носяць супрацоўнікі розных арганізацый перад святамі 9 мая і 3 ліпеня, ён выглядаў як на верхняй частцы фота, а ў 2020-х яе "наблізілі" больш да колераў сцяга краіны, дадаўшы арнамент. Крыніца выявы тут.

Некаторыя аўтамабілісты размяшчалі ў 2024 г. такія патрыятычныя ўлёткі на сваіх аўто. Часцей заўважаю традыцыю вешаць георгіеўскую стужку (радзей чырвона-зялёную) на люстэрка задняга віду у прыватных машынах.

У 2021 г. пачаўся бум ваенна-патрыятычных клубаў, класаў і мерапрыемстваў. Такое было і да 2020-х, але за першую пяцігодку іх стала немагчыма не заўважыць. Пад патранажам Міністэрства ўнутраных спраў дзейнічае 186 такіх клубаў, а Мінабароны курыруе 46 клубаў. Колькі юнакоў там вучыцца, няма дакладнай інфармацыі, але ёсць мяркаванні, што каля 8000. З 2023 г. дзясяцікласнікі сталі абавязкова праходзіць ваенныя зборы зімой і летам. Паводле таго, што я чуў ад некалькіх удзельнікаў, гэта не заўсёды азначае прымусовы ўдзел у вайсковым жыцці, часам праводзіцца фармальна (прагляд фільмаў, праслухоўванне лекцый, магчымасць паглядзець зброю і тэхніку для цікаўных), і гэта дае магчымасць перакананым пацыфістам не ісці супраць сумлення. Мой старэйшы сын, які па рэлігійных перакананнях не хоча вучыцца ваяваць, атрымаў дазвол праходзіць медычную падрыхтоўку зімой 2026 г., але летнія зборы быў абавязаны прайсці як вайсковыя, пры гэтым удзел у вайсковых практыкаваннях быў дабраахвотным, і ён паўдзельнічаў толькі ў навучанні працы з пажарным шлангам.

У гістарыяграфіі з'явіўся новы тэрмін "генацыд беларускага народу". З 2021 г. Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу па факце карнай палітыкі нямецкай акупацыйнай адміністрацыі ў 1941-44 гг. Тэме генацыду прысвяцілі кнігі і выставы.

Выстава ў адной ВНУ (злева) і ў Упраўленні міграцыі (справа), прысвечаныя генацыду беларускага народу.

Пры ўсіх пазітыўных момантах, звязаных са спробай разабрацца з мінулым, новая ідэя мае і сваю спецыфіку. На тэрыторыі БССР у спаленых карнікамі вёсках, лагерах смерці і гета гінулі не толькі этнічныя беларусы, але і іншыя жыхары СССР, а таксама жыхары краін Еўропы, якіх прывозілі ў лагеры смерці. Акрамя таго, мірнае насельніцтва забівалі не толькі немцы і мясцовыя калабаранты, але і ўдзельнікі партызанскага руху, дзе акрамя савецкіх партызан, былі атрады польскіх і украінскіх нацыяналістаў, якія бачылі ў немцах агульнага ворага. Спробы пісаць і даследваць падобныя пытанні могуць разглядацца пракуратурай як адмаўленне генацыду беларускага народу і скончыцца крымінальным пакараннем тых, хто выражае альтэрнатыўныя думкі.

Загоны на мерапрыемствы

Гэта праблема існавала ў савецкі час і паступова адрадзілася з фарміраваннем суперпрэзідэнцкай формы кіравання ў незалежнай Беларусі. Аднак у 2020-х гг. колькасць падобных з'яў значна павялічылася ў сувязі з ростам патрыятычнага выхавання моладзі і фарміраваннем культуры, дзе прадпрыемствы дэманструюць свой узровень патрыятычнай свядомасці. Удзел у суботніках, патрыятычных канцэртах, сустрэчах з прадстаўнікамі ўлады для большай частцы грамадзян Беларусі не можа быць абавязковым, але нізкая яўка можа спарадзіць праблемы для супрацоўнікаў розных структур, якія адказваюць за ідэалагічную і выхаваўчую работу. І тады можа ўключацца адмінстратыўны рэсурс з пагрозамі ці прапановамі бонусаў.


Пара прыкладаў са школьных бацькоўскіх чатаў...

Зазначу дзеля справядлівасці, што гэта не заўсёды страчаны час. У 2021 г. я згадзіўся прыйсці на сустрэчу прадстаўнікоў розных служб з бацькамі школьнікаў. Мяне папрасілі проста прыйсці і "адзначыцца" ад якой я школы і класа, крыху пасядзець і пайсці. Я мяркаваў, што ў кантэксце рэха нядаўніх палітычных хваляванняў прамовы спікераў будуць палітызаванымі, але быў рады памыліцца. Міліцэйскі чыноўнік выступаў пра праблему бяспекі дзяцей у інтэрнэце і даваў шэраг слушных рэкамендацый, прадстаўнік ДАІ казаў пра бяспеку на дарозе, чыноўнік ад пажарнікаў пра прафілактыку пажараў. Калі б мне не было трэба наведаць яшчэ адно важнае мерапрыемства праз паўтары гадзіны, я б з радасцю быў на той сустрэчы да канца. Падобным чынам, мой паход з малодшым сынам на "Першы ровар" у 2023 г. быў для мяне і сына цікавай падзеяй, але было прыкра, калі класная сына прасіла даслаць фота нашай прысутнасці для справаздачы (што стала ў гэты час абавязковым атрыбутам справаздач для ідэалагічных і выхавальных івэнтаў) і калі пасля спаборніцтваў фізрук казаў: "Ну, цяпер можаце ісці дамоў, вы выканалі сваю справу".

У каментарыях анлайн-вебінара праходзіць пераклічка прысутных. Я падключаўся як супрацоўнік пэўнай арганізацыі, але пісаць для "галачкі" пра сваю прысутнасць было прыкра. Сам вебінар слухаў з цікаўнасцю.

Прыход спартсмена-паралімпійца Талая на сустрэчу з дзецьмі ў школу маіх сыноў выклікаў крытыку у каментарыях у ТГ-канале школы з боку часткі бацькоў, што так губляецца час вучобы. Адміністрацыя школы ў адказ падкрэсліла, што ўсе прыходзілі дабраахвотна. Пасля той спрэчкі ТГ-канал школы закрыў магчымасць каментаваць свае пасты. Ад сябе дадам, сустрэчы школьнікаў з вядомымі людзьмі -- гэта частка адукацыі, асабліва, калі прысутнасць на іх праходзіць без загонаў і пагроз. І, дарэчы, Талай на цяперашні час адзіны выпадак жывога беларуса, у гонар якога назвалі аб'ект (школу). Да верасня 2024 быў яшчэ адзін спартсмен, якога ганаравалі падобным чынам прыжыццёва.

Працоўныя калектывы ў адзінстве глядзяць паседжанне Усебеларускага народнага сходу ў 2024 г. згодна сацыяльным сеткам.

Так я дабраахвотна-прымусова падпісаўся на ТГ-канал школы сваіх сыноў... Дарэчы, спачатку было не вельмі прыемна, потым было шмат цікавага :) Былі выпадкі, калі я адмаўляўся ад падпіскі, і мне нічога не было: ні пакарання, ні працягвання працоўных адносінаў...

Мова нянавісці ў сацсетках і новыя магчымасці для блогераў

Раскол грамадства на лагеры прыхільнікаў і апанентаў пратэсту прывёў да ўсплёску мовы нянявісці ў сацыяльных сетках. Пры гэтым выразы нянавісці да прадстаўнікоў улады і сілавікоў і Расіі выкараняліся карнымі органамі актыўней, чым выразы нянавісці да прыхільнікаў пратэсту, Украіне, краін Захаду, а таксама беларускай мовы і культуры. У 2021 г. былі спробы дыялогу паміж прыхільнікамі і апанентамі пратэсту, але без якіх-небудзь замацаваных пісьмова ці заканадаўча вынікаў. Паралельна распадаліся і самі лагеры, якія аб'ядналіся ў 2020 г. вакол мэты змяніць/захаваць існуючы палітычны рэжым. Калі палеміка паміж рознымі групамі былых удзельнікаў пратэсту праходзіла пераважна па-за межамі Беларусі, бо ў РБ гэта ўжо было небяспечна, то палеміка паміж рознымі групамі лаялістаў улады ў сацсетках і відэазваротах праходзіла як раз у Беларусі і часткова знаходзіцца ў публічным доступу.

У чэрвені 2025 г. выпускнікі школы публічна парвалі брашуры з экзаменацыйнымі білетамі па гісторыі Беларусі і суправаджалі гэта мацернай лаянкай. Пазней іх адшукала міліцыя, і ў якасці папраўча-выхаваўчай работы вінаватыя зняліся ў пакаянным відэа, дзе ўсклалі кветкі на Плошчы Перамогі і папрасілі прабачэння за свае дзеянні. У каментарыях як мінімум 4 чалавекі выказваюцца ў стылі "сёння ты граеш джаз, а заўтра Радзіму прадасі". Дарэчы фармат пакаянных відэа, які ў гісторыі існуе даўно, практыкуецца ў Беларусі з 2017 г. і ў першыя гады 2020-х гг. стаў мегапапулярным.

Каментарыі ў ТГ-каналах, дзе выражаюць радасць з нагоды смерці ў калоніі мастака Алеся Пушкіна 11.07.2023, які адбываў пакаранне па абвінавачванні ў экстрэмісцкай дзейнасці.


Выпад супраць рашэння ўлады амністыраваць 16 удзельнікаў пратэсту выклікаў адмоўную рэакцыю часткі прарасійскіх блогераў. Дарэчы, аўтар гэтага і многіх іншых адыёзных выказванняў Вольга Бондарава, атрымала некалькі сутак зняволення за распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў і мову нянавісці. Яшчэ некалькі радыкальных прыхільнікаў "рускага свету" таксама атрымлівалі адмінстратыўныя пакаранні за гэтую пяцігодку.

Спрэчка журналіста Рыгора Азаронка з прарасійскай актывісткай Эльвірай Мірсалімавай, пакаранай за экстрэмізм.

Спрэчка ў ТГ-канале блогера і спявака Цімурам Прахіным, які асуджае беларускіх спартсменаў, выступаючых у нейтральным статусе.

Спрэчкі ў ТГ-канале журналісткі Саблінай наконт ініцыятывы кампартыі Беларусі аднавіць помнік Сталіну. Тут ужо толькі мяккая крытыка ЦК КПБ.

У гэты час адбыўся ўзлёт і падзенне руху чырвона-зялёных блогераў, які сфарміраваўся ўвосень 2020 г., спрабаваў аформіцца арганізацыйна ў 2021 г. і да 2023 г. паступова зноў атамізаваўся. Гэты рух быў сапраўды народнай справай, вартай асобнага разгляду.

За гэты час дзяржаўныя структуры зрабілі стаўку на папулярных блогераў. І да асвятлення грамадскіх і палітычных падзеяў падцягнуліся людзі, якія раней пісалі/здымалі зусім іншы кантэнт.

Блогер "Мерзкий Кокобай" (Павел Крамар) прапануе сваім падпісчыкам наведаць выставу "Паралельныя светы" ў "Нацыянацы" у студзені 2024 г. У тэматыку яго аглядаў пост пасуе, бо блогер піша пра падзеі ў сталіцы  і магчымасці дзесьці нешта атрымаць нядорага ці бясплатна. Звычайна ён не пісаў да таго моманту пра івэнты, звязаныя з распаўсюджаннем пэўных палітычных поглядаў. Пазней падобныя пасты таксама не заўважаліся.

Папулярныя блогеры Дзім Дзімыч (Дзмітрый Сіўчык), Анджыліша (Ангеліна Міхалёва), Улька-Пулька (Ульяна Сталярова) (на здымку злева направа) у 2025 г. правялі шмат патрыятычна-выхаваўчай працы са школьнікамі, а таксама удзельнічалі ў "Марафоне адзінства", мэтай якога было падтрымаць пераабранне Лукашэнкі прэзідэнтам РБ. На фота яны праводзяць сустрэчу з вучнямі гімназіі №3 г. Мінска. Крыніца фота: "Мінск-Навіны".

Акрамя таго быў праведзены шэраг мерапрыемтсваў, дзе блогераў вучылі працаваць у новых беларускіх рэаліях. Самай значнай такой падзеяй, магчыма, была "Фабрыка блогераў" у Магілёве, дзе 15 удзельнікаў жылі ў спецыяльным доме, выконвалі заданні ў фармаце рэаліці-шоу, вучыліся прасоўваць брэнды і рабіць папулярны кантэнт.

Рознае

* У 2022 г. у школах Беларусі ўвялі абавязковы адзіны элемент, напрыклад, у СШ № 121 Мінска, дзе вучацца мае сыны, гэта быў бардовую камізэльку і значок з лагатыпам школы. У 2024 г. увялі адзіны стандарт дзелавога стылю: цёмна-сіні, цёмна-карычневы і чорны тон для ўсіх, штаны, кашулю, камізэльку і пінжак для хлопцаў, спадніцу, штаны, блузку, сарафан ці камізэльку з пінжаком для дзяўчат. У нашым выпадку дазволілі працягваць насіць бардовую камізэльку ці насіць цёмна-сінія пінжак ці камізэльку.

* Даволі моцна актывізіваліся махляры:

У Беларусі праз інтэрнэт каскадам пайшлі фейкавыя навіны, дзе ад імя вядомых журналістаў прапаноўвалі зарабіць грошы ці акцыі праз пераход па спасылцы. Верагодна, гэта адрасавана на больш пажылых людзей, якія ўспрымаюць дзяржаўных журналістаў і ТБ-каналы як аўтарытэтныя крыніцы інфармацыі.

* Для больш маладога пакалення прапануецца магчымасць атрымаць хуткія грошы праз анлайн-казіно.

Рэклама казіно сустракаецца паўсюль, напрыклад, метро (верхняе фота) ці на старонках СМІ (ніжні скрыншот). Магчыма, джынглы і выявы, звязаныя з казіно "Бетэра", увойдуць у гісторыю, як рэклама фірмы "Модум" у свой час. Ад сябе дадам: я адмоўна стаўлюся да рэкламы азартных гульняў па шэрагу прычын, напрыклад такіх.

2026 г.

Калі не пазначана інакш фотаграфіі і скрыншоты зроблены А. Берастоўскім.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць