19.03.2022

Новыя змяненні ў Канстытуцыю Беларусі

 З таго часу як 15 сакавіка 1994 года была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прайшло шмат часу, і некалькі разоў у яе ўносілі змяненні і дапаўненні праз нацыянальны рэферэндум. 27 лютага 2022 года прайшоў яшчэ адзін такі рэферэндум.


Праект новай рэдакцыі Асноўнага закону РБ прадугледжвае абмежаванне прэзідэнцкай улады новым органам кіравання Усебеларускім народным сходам (УНС). Паводле новай беларускай канстытуцыі прэзідэнт можа выбірацца толькі на два тэрміны і яго прасцей будзе змясціць з дапамогай УНС і іншых органаў кіравання дзяржавай. Таксама ў новай версіі зніклі ідэі імкнення да нейтралітэту і безядзернага статуса Беларусі і з'явіліся палажэнні аб абавязку грамадзян дбаць пра сваё здароўе, праяўляць патрыятызм і пра тое, што шлюб з'яўляецца саюзам мужчыны і жанчыны. Многае, акрамя палажэнняў наконт прэзідэнцкай улады, замацоўвае status quo, а не прыўносць змяненні. Дэмакратычныя палажэнні наконт свабоды мірных сходаў, свабоды слова, свабоды веравызнання, прэзумпцыі невінаватасці засталіся нязменнымі.

Першыя прапановы распрацаваць новы Асноўны закон прагучалі яшчэ ў 2017-18 гг., але потым ідэя была адкладзена і яе зноў паднялі падчас летня-асенніх пратэстаў 2020 г. Тады ж пачаліся першыя спробы абмеркаванняў прадстаўнікоў спецыяльнай камісіі па распрацоўцы новай версіі Канстытуцыі РБ з працоўнымі калектывамі беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў і калектыввамі навучэнцаў вну.  У 2021 г. агучылі ідэю правядзення рэферэндума ў лютым 2021 г. і 27 снежня таго года апублікавалі праект змяненняў

Абмеркаванні праекта і пажаданняў грамадзян працягваліся і далей. Некаторыя праўладныя грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі праводзілі дэбаты наконт змяненняў. У пэўных працоўных калектывах правялі фармальна: сабраліся, сфоткаліся і напісалі на сайце, што прайшло абмеркаванне і ўсе з усімі змяненнямі пагадзіліся. У адным вядомым мне выпадку замест абмеркавання канстытуцыйных змяненняў прадстаўнік улады прачытаў студэнтам вну лекцыю аб падзеях 2020 года ў стылі беларускага тэлебачання. Яшчэ ў адным выпадку працоўны калектыў запрасілі тэрмінова сабрацца і толькі на месцы патлумачылі навошта, але там абмеркаванне прайшло без эмоцый і па сутнасці пытання.
 
Такія напаміны віселі на інфармацыйных дошках ў некаторых дзяржаўных арганізацыях і установах адукацыі ў студзені 2022 г.

А БРСМ запусціў стыкеры для Тэлеграма ў падтрымку змяненняў. Пазней БРСМ разам з БДУІР запусціў прыкладанне для мабільных тэлефонаў, якое дапамагае знайсці свой участак для галасавання.

11 лютага ўжо развесілі па ўсім Мінску агітацыю прыйсці на рэферэндум і пазначылі будучыя выбарчыя ўчасткі. Пушкінская бібліятэка на вул. Гікалы ў Мінску.



Да камунальных жыровак далучалі запрашэнні на выбары. Мне таксама прыслалі папяровую жыроўку, нягледзячы на тое, што я даўно адмовіўся ад такіх на карысць версіі для электроннай пошты.

Запрашэнні на рэферэндум былі і на афішах, і ў метро.

На тыдні правядзення датэрміновага галасавання прыходзіла і СМС-рассылка з апрашэннем на падзею. Яшчэ ў грамадскім транспарце круцілі напамін пра плебесцыт паміж прыпынкамі на рускай  і беларускай мовах. У метро ішлі ролікі "дзе ўсе?", сутнасць якіх была: чалавек/маці з сынам/маладая пара на рыбалцы/на Камароўскім рынку/у кіно здзіўляецца(юцца) адсутнасці людзей, якія ўсе пайшлі на галасаванне 27 лютага.

Газета "Вячэрні Мінск" адкрыта агітавала прагаласаваць "за" новую рэдакцыю Канстытуцыі РБ. Увогуле, ніякай агітацыі за старую Канстытуцыю я не заўважыў. Калі пачалося датэрміновае галасаванне, людзі, якія давалі інтэрв'ю дзяржСМІ, ніколі не казалі "я галасаваў(-ла) за змены" ці "супраць змен", а толькі намёкам: "прагаласаваў(-ла) за будучыню, развіццё і г.д"

Была актыўная агітацыя за байкот рэферэндума. Абодва варыянты не задавальнялі тых, хто пратэставаў у 2020 г. У нашым пад'ездзе па паштовых скрынях расклалі "Сумленную газету" -- самвыдат з крытыкай рэферэндума. Чаму яе кідалі ў сметніцу? Маю 2 версіі: многія пабаяліся браць дадому палітычную крамолу альбо разглядаюць тое, што яны не выпісваюць як непатрэбную рэкламу. Але наш дом хутчэй апалітычны, чым праўладны...

Па YouTube круцілі рэкламу заявы апазіцынага лідара ў эміграцыі Святланы Ціханоўскай, якая заклікала выразіць пратэст прыходам на выбарчыя ўчасткі 27.02 у 14:00 і псаваннем бюлеценяў крыжыкамі у абовух квадратах (і "за", і "супраць"). Крытыкі прыхільнікаў байкоту назвалі за гэта апошніх "крыжакамі", але мянушка не асабліва пайшла ў народ.

Падчас датэрміновага галасавання іншагароднім студэнтам некаторых вну дазволілі ехаць дадому за тое, што яны прагаласуюць датэрмінова, некаторыя раз'ехаліся нават у сераду 24.02. (2-і дзень датэрміновага галасавання). У адной раённай бальніцы пад Мінскам супрацоўнікаў пабуджалі пайсці на выбары праз пагрозу звальнення. І ў адным інтэрнаце студэнтам вну неаднаразова нагадвалі пра рэфэрэндум, але без пагроз. Больш нічога негатыўнага ці пазітыўнага па-за межамі СМІ не чуў.

Перад рэферэндумам і падчас датэрміновага галасавання былі затрыманы некаторыя людзі, якія крытыкавалі мерапремства ці, па версіі следства, планавалі яго сарваць. Падрабязнасці гэтых эксцэсаў не маю. Часткова ўвага многіх беларусаў пераключылася на расійска-украінскую вайну, якая пачалася 24 лютага, прычым у баявых дзеяннях былі задзейнічаны і войскі РФ, якія да гэтага былі на вучэннях на тэрыторыі Беларусі. Дзяржаўныя СМІ працягвалі трымаць тэмай №1 менавіта рэферэндум, а не баявыя дзеянні ва Ўкраіне.

27 лютага ў 14:00 на некаторых выбарчых участках сапраўды сабраліся чэргі пратэстоўцаў, якія пратэставалі супраць рэферэндума і вайны ва Ўкраіне. Прыкладна з 15:20 па 16:30 я быў у раёне двух выбарчых участкаў (СШ № 137 і СШ № 121) па сваіх справах (спачатку бегаў на стадыёне, потым хадзіў у магазін). Было спакойна. У СШ № 121 заходзілі і выходзілі па 1-2 чалавекі кожныя паўхвіліны, часам выходзілі невялікія кампаніі сяброў ці сем'і. У нейкі момант да школы наблізілася група міліцыянераў, пастаяла на школьным двары і пайшла кудысці. Унутры школы маглі быць чэргі, падобныя як ў жніўні 2020 г., але звонку народу амаль не было, бо калідоры там доўгія. Звычайна, хтосьці чакаў членаў сваёй сям'і. На тэрыторыю 137-й школы заходзілі толькі асобныя людзі, ды яшчэ пара мужыкоў у дзелавых касцюмах з бэджамі курылі ля школы, магчыма, члены выбарчай камісіі. Уздоўж безыменнай алеі ("Брадвей/алея Ціханоўскай) гулялі жыхары навакольных дамоў, бо надвор'е было добрым.

Тым часам у нашым квартале на праспекце у раёне аптэкі "Бераліна" (Незалежнасці, 143) ішла калона пратэстуючых. Там былі і затрыманні. Пратэставалі і побач з "Дана Молам". А ў цэнтры горада і ў іншых гарадах Беларусі на пратэст выйшла яшчэ больш народу. Як у 2020 г. сігналілі машыны, гучалі лозунгі, былі затрыманні. У Барысаве, і, мяркую, у іншых гарадах былі праблемы з мабільным інтэрнэтам, але ў мяне на Усходзе не глушылі, ва ўсялякім разе, я быў з тэлефонам, які працуе на 2G. МУС паведаміла пра 900 затрыманых на пратэстах па ўсёй краіне.

Наступным ранкам інфармацыя было аб'яўлена, што паводле папярэдніх дадзеных больш за 65% выбаршчыкаў зацвердзілі новую версію Канстытуцыі.

І тым жа ранкам Мінску пачалі масава знікаць прыкметы былога плебесцыту. Вось такі рэквізіт як кабінкі для галасавання (верагодна без шторак у якасці супрацькавіднай меры), сталы і нават дошку з запрашэннем на выбары вывозілі з Пушкінскай бібліятэкі. 

3 сакавіка было аб'яўлена, што 82,86% ад прыняўшых удзел у рэферэндуме зацвердзілі новую рэдакцыю Асноўнага закону РБ. Гэта версія Канстытуцыі часткова пачала працаваць з 15 сакавіка бягучага 2022 года, але палажэнні пра ЎНС і абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў будуць ўводзіць у жыццё на  працягу года пасля прыняцця адпаведных законаў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...