Пра міліцыю часта пішуць у стылі вядомага анекдота пра паштовыя маркі з Брэжневым, якія адны надта старанна ліжуць, другія плююць не на той бок. Так і пра міліцыю: або рэкламна-патрыятычныя опусы, або апавяданні ў чорных фарбах.
Я не стаўлю тут мэтай неяк ахарактарызаваць міліцыю як структуру. Проста ў рамках маіх мемуараў "Каб не забыць" паспрабую занатаваць усе свае істотныя ўспаміны пра беларускіх міліцыянераў, якія да гэтага часу не забыў.
Сацыяльная беларускамоўная рэклама міліцыі на скрыжаванні вул.
Валгаградскай і пр. Незалежнасці. 2014 г. Фота А. Берастоўскага. Першапачаткова апублікавана
тут.
Сацыяльная рускамоўная рэклама міліцыі на вул. Пляханава. 2014 г. Фота А. Берастоўскага. Першапачаткова апублікавана
тут.
Пачатак і працяг беларускай міліцыі.
Памятаю, як у пачатку 90-х міліцэйскія машыны перафарбавалі з савецкага стылю ў нейкае падабенства амерыканскай паліцыі. Тады гэта здавалася мне, падлетку, крыху дзіўным, як і новыя грошы, і беларусізацыя вулічных надпісаў.
У пачатку 90-х у маім мікрараёне "Усход-1" вечарамі часта не хапала асвятлення. Здаецца, лямпачкі рэдка мянялі. І аднойчы я ўбачыў, як па двары ідзе міліцэйскі патруль з трох чалавек у новых формах. Нейкі мужчына, які, як і я, ішоў па сваіх справах выгукнуў ім:
-- Приветствую вас!
Сапраўды было адчуванне, што калі ёсць патрулі, то начны горад не кінуты ва ўладу хуліганаў і злачынцаў. Цяпер сустрэць міліцэйскі патруль -- справа звычайная, і многія нават крыху баяцца сустрэчы з міліцыяй. Напрыклад адна старая бабуля некаторы час таму выходзіла з выбарчага ўчастку падчас мясцовых выбараў. Гэта было ў школе 121 г. Мінска. Яна раптам дрэнна сябе адчула і рухнула ля знешняй жалезнай брамы, а зараз ўсе школьныя двары апаясаны высокім жалезным плотам з брамамі. Я бачыў як з участка падбег да яе дзяжурны міліцыянер, а яна напужалася і пачала тлумачыць, што не п'яна, хоць ён і падбег выключна каб дапамагчы ей.
Добрыя, дрэнныя і розныя.
У пачатку 90-х бачыў такую сцэну. З боку станцыі метро Усход ідзе п'яны мужчына, за 60. Яму насустрач ідзе міліцыянер, крыху больш за 20. Падышэдшы да п'янага міліцыянер спыніў яго, потым рэзка стукнуў лбом у твар, так што нават яго міліцэйская кепка зляцела з галавы. П'яны паваліўся на зямлю, мацюгнуўшыся. Я ў гэты час праходзіў міма і, калі азірнуўся, міліцыянер ужо вёў п'янага скуліўшы яму руку за спіну.
Таксама ў 90-х на чыгуначнай станцыі «Інстытут культуры» да пустой прыгараднай «эляктрычкі», дзверы якой яшчэ былі зачынены, падышоў нейкі мужык і стаў спрабаваць іх адчыніць. Адразу да яго наблізіўся мііліцыянер у форме і груба сказаў:
-- Ты што робіш, прыдурак?
Мужык адразу кінуў свой вандалізм.
Я яшчэ не раз сустракаўся з хамаватымі міліцыянерамі, але я іх не суджу, бо, калі працаваў у школе настаўнікам і штодзень меў справу з хуліганамі, сам рабіўся хамаватым да вучняў час ад часу.
Калі я сканчаў навучанне ў вну адзін з студэнтаў курсам старэйш уладкаваўся працаваць у міліцыю (ён быў не адзін-гісторык педагог, хто так зрабіў) і двойчы патрапіў у гісторыю. Першы раз ён прынёс у аддзяленне касету з матным рэпертуарам і ўсё аддзяленне спыніла работу (за гэта атрымаў вымову). Другі раз зачыніўся ў кабінеце начальства з каханай дзяўчынай для пэўных патрэб. За «амаралку» быў звольнены. Аднавіўся на службе. Гаворылі, што за хабар.
Ужо ў 2010-х я ехаў у машыне, за рулём якой быў афіцэр КДБ (не, мяне не арыштавалі і стукачом я не з'яўляюся). Гэта было ў Салігорску. На дарогах міліцэйскі рэйд праверка дакументаў. Нас спыняюць. Вадзіцель дастае сваё пасведчанне супрацоўніка дзяржбяспекі замест вадзіцельскага і міліцыянер выцягнуўся, казырнуў яму і сказаў вінавата ўсміхаючыся:
-- А мы тут праводзім рэйд, правяраем дакументы.
Вадзіцель таксама ўсміхнуўся і паехаў далей.
Хацелася б узгадаць пару станоўчых выпадкаў для аб'ектыўнасці. У канцы 2000-х я быў па сваіх справах у раене плошчы Свабоды ў Мінску як адчуў крык жаншчыны, у якой вор выхапіў з рук сумку. Міліцыянер, які дзяжурыў недалёк, кінуўся за ворам у бок Траецкага прадмесця. Бег ён шпарка. Не ведаю, ці дагнаў вора, але такія праваахоўцы як ён заслугоўваюць павагі.
Другі выпадак недалёка ад першага, але праз прыкладна пяць год бачыў мой знаёмы каля маста праз вуліцу Няміга з боку пешаходнай зебры праз пр. Пераможцаў. Рух на мост быў перакрыты з-за чакання нейкага ўрадавага картэжа. Адзін вадзіцель стаў патрабаваць ад гаішніка прапусціць яго на мост.
-- Я значная асоба і еду ў той жа бок, што і картэж. Прапусці, каб у цябе праблем не было.
-- З'язджай з маста ўбок! -- патрабаваў міліцыянер.
-- Я павінен туды ехаць, а ў цябе будуць праблемы! -- вадзіцель дэманстратыўна вылез з кабіны.
У адказ міліцыянер дастаў пісталет з кабуры і пхнуў вадзіцеля зваротна у кабіну з крыкам:
-- З'яздзджай з маста, бо прыстрэлю!
Пасля гэтага вадзіцель больш не спрачаўся і з'ехаў у патрабаваным накірунку.
Падчас хваляванняў і не толькі.
У 1996 г. я пасля сканчэння школы хадзіў на курсы ў БДУ. У гэты час крызіс ва ўладзе вывеў многіх апанентаў прэзідэнта на вуліцу. Як раз падчас перыяду масавых пратэстаў з мардабоем і параненымі, як сярод пратэстуючых, так і міліцыянераў, я тады 17-гадовы юнак застукаў, як у студэнцкім гарадку БДУ недалёк ад плошчы Незалежнасці хаваецца крыты грузавы аўтамабіль поўны «амапаўцаў».
-- А што вы тут робіце? -- пытаюся.
-- Адпачываем. -- адказаў з усмешкай 40-гадовы міліцыянер з кабіны вадзіцеля.
Я пайшоў далей. Здаецца, у той дзень там ніхто ні з кім не біўся. Але на тыя ж курсы хадзіў адзін міліцыянер, які потым казаў пра нашага выкладчыка рускай мовы:
-- А ён, гарэзнік, на дэманстрацыі ходзіць.
Сапраўды, я не раз потым бачыў, што «змагароў з рэжымам» многія міліцыянеры не ўспрымалі як сваіх ворагаў. Хутчэй як хуліганчыкаў.
Пазней, у 2000 г., калі я вучыўся ў БДПУ, падчас фортак на парах і на вялікіх перапынках я выходзіў на пл. Незалежнасці і навакольныя вуліцы, каб рапаўсюджваць прахожым пэўную адукацыйную інфармацыю ў рамках майго валанцёрства ў пэўнай інфармацыйнай кампаніі. Каля будынку мінгарвыканкама мяне спыняе міліцэйскі патруль. Сяржант, начальнік патруля салютуе і кажа:
-- Добры дзень. Што вы раздаеце, грамадзянін?
Я паказваю міліцыянерам свае матэрыялы і тлумачу, што яны не маюць дачынення да палітыкі.
-- Па-за палітыкай, па-за канкурэнцыяй, -- жартуе сяржант, па матывах рэкламнага роліка, які тады круцілі па ТБ.
-- Дзякуй, -- адказваю.
Пасля гэтага яны зноў салютуюць і адыходзяць. Яны яшчэ хадзілі туды- сюды, але мяне больш не турбавалі.
Масавыя мерапрыемствы.
Пасля
некалькіх тэрактаў у Мінску масавыя мерапрыемствы, за выключэннем некаторых флэш-мобаў, без дазволу ўлад стала праводзіць немагчыма. Пры гэтым уваход на кожнае такое мерапрыемства азначаў праход праз металашукальнік і дагляд асабістых рэчаў.
Адна з маіх студэнтак, даволі прыгожая 20-гадовая дзяўчына, аднойчы перад парай казала:
-- Я хадзіла паглядзець на салют, дык мяне міліцыянер 5 разоў абмацаў.
Не думаю, што сапраўды ён яе правяраў 5 разоў, але магчыма, што адзін раз ён старанна выканаў свой абавязак. Але дзіўна, што не знайшлося міліцыянера-жаншчыны на той выпадак. Таму прыводжу яе словы, як тое, што магло адбыцца, але не абавязкова было.
Я сам неаднаразова быў на масавых мерапрыемствах. Нават у час
хваляванняў 2011 г. правесці мерапрыемства, якое не было б ініцыятывай пэўнай праўрадавай сілы, было магчыма, але трэба было
сабраць шмат папер і дазволаў. Прысутнасць міліцыі на такіх мерапрыемствах звычайна звязана з даглядам на ўваходзе, а ў сам ход мерапрыемства міліцыянеры, як правіла, не лезуць.
Вечар у аддзяленні.
Некалькі год таму мяне выклікалі на вусны пераклад допыту ў адно з мінскіх аддзяленняў міліцыі. Падазравалі італьянца ў пэўным правапарушэнні, але была субота майскім вечарам, і знайсці перакладчыка з італьянскай агенцтва перакаладаў не здолела. Запрасілі мяне як "англічаніна". Допыт цягнуўся хвілін 30-40, потым інспектару па селектарнай сувязі перадалі аб тым, што на такой і такой вуліцы памерла бабуля і трэба было ехаць на дазнанне прычын смерці. Італьянцу загадалі чакаць на першым паверсе ў зале, якое рашэнне прыме іншы інспектар. За гэты час мы з ім маглі назіраць, як у аддзяленне майскім суботнім вечарам прыводзяць затрыманых. За 2 гадзіны чакання мы бачылі як прывялі каля дзясятка п'яных. Аднаго п'янага тоўстага мужчыну прывезла "хуткая дапамога". Дужыя санітары і два міліцыянеры з цяжкасцю занеслі яго ў аддзяленне, а ён мірна спаў. Яго кінулі на падлогу, бо не маглі несці далей. На жываце мужчыны задралася кашуля. А ён ўсе храпеў.
-- Mama mia, -- сказаў італьянец, назіраючы за гэтым.
Калі нам абрыдла чакаць, я падышоў да акенца дзяжурнага і запытаў, ці прынялі нейкае рашэнне наконт італьянца. Той патэлефанаваў кудысць, перадаў наша пытанне, выслухаў адказ і казаў:
-- А гэты можа быць свабодны.
Праў быў Салжаніцын, калі пісаў, што чалавека трэба загадзя рыхтаваць да арышту. Калі італьянец пачуў, што ён свабодны, ен нагаварыў мне кампліментаў і быў гатовы любіць увесь свет. Думаю, ён навучыўся цаніць свабоду.
Дарэчы за той заказ агенцтва, наколькі я ведаю, заплаціла мне з сваіх грошай, бо баяліся папрасіць міліцыю расплаціцца.
***
У маім жыцці былі розныя сітуацыі, дзе я сутыкаўся з міліцыяй. Да згаданага вышэй магу дадаць толькі, што нярэдка мае студэнты завочнікі, якія працавалі ў міліцыі, саромеліся назваць сваю прафесію на занятку. Звычайна, я тады іх падбадзёрваў:
-- Ну, павінен жа хтосьці бандытаў лавіць.
Яшчэ адна рыса, якую мне жадалі навязаць. Многія беларусы баяцца супрацоўнічаць з міліцыяй, бо баяцца помсты злачынцаў. Калі я быў падлеткам, аднойчы ў Барысаве да мяне падышоў міліцыянер і запытаўся ці не бачыў я як ўчора паблізу адбыўся крадзеж. Я не мог бачыць, бо жыў на зусім іншай вуліцы і ў азначаны час быў дома. Што і патлумачыў. Інспектар відавочна працаваў для "галачкі". Я потым бачыў падобнае. Але начытаны дэтэктывамі я дома з захапленнем распавёў пра гэту сустрэчу бабулі.
-- Ты хочаш, каб цябе заклікалі ў суд?! -- раззлавалася яна. -- Ніколі, чуеш, ніколі ты не павінен штосьці паведамляць міліцыі.
Але бясспынны ціск хуліганаў у школе выхаваў у мяне спартыўную злосць на ўсемагутных бандытаў. Калі я стаў паўналетнім, я ўжо не слухаў такіх парад. Так у маім пад'ездзе была доўгая міжусобіца паміж дзвюмя сем'ямі, і часта выклікалі міліцыю на разборкі. Аднойчы адна з жанчын, якая шумела па начах, прыйшла да мяне разбірацца, чаму я даваў на яе паказанні.
-- Таму што міліцыя мае права патрабаваць ад мяне паведаміць, што я ўласна бачыў ці чуў, а ў вашых разборках я не ўдзельнічаю і, калі супраць вас збіралі подпісы жыхароў пад'езда, я не ставіў.
Гэта яе супакоіла, але яна б і так мне нічога не зрабіла.
Мая цяперашняя пазіцыя да міліцыі падобна той, якую заняў мой адзін знаёмы, калі быў у турме. Там ад яго патрабавалі падпісаць дакумент аб супрацоўніцтве з адміністрацыяй з псіхалагічным ціскам і карцерам. Урэшце ён падпісаў: "гатовы супрацоўнічаць з адміністрацыяй ва ўсіх пытаннях, якія не супярэчаць майму сумленню". Як падаткаплацельшчык я маю такое ж права.