У мінулым паведамленні на гэту тэму я імкнуўся распавесці гісторыю кожнага аб'екта ці даць яму апісанне. У гэтым будзе пра перамены у маштабе імгненнасці (было-цяпер) з мінімумам апісанняў.
Калі ў 2022 г. я фоткаў "Грушаўскі пасад", мне здавалася, што ў кадр патрапіў прыгожы від будоўлі дома ў працэсе: злева яшчэ будуецца, пасярэдзіне дэкаруецца, а справа - ўсё гатова. І толькі потым я даведаўся, што гэта адзін са сталічных доўгабудаў, які толькі нядаўна зноў пачалі дабудоўваць.Стэла ў ваенным гарадку Печы на маіх фота ў 2013 г. і ў 2015 г. Калі барацьба з бел-чырвона-белай сімволікай яшчэ не была "мейнстрымам" у Беларусі, чырвоную паласу на стэле ў ваенным гарадку замянілі цёмна-зялёнай. Ёсць інфармацыя, што пэўныя пенсіянеры ўбачылі ў гэтым крамолу, хоць сама стэла была пастаўлена яшчэ у савецкі час.
На Маскоўскай вуліцы ў Мінску захаваўся след надпісу "Добры друк" па-над аркай аднаго з дамоў на цотным баку бліжэй да маста, які звязвае гэту вуліцу з праспектам Незалежнасці.
А пад самім мастом паміж пр. Незалежнасці і вул. Маскоўскай быў мурал "Імгненнасць", які мне пашанцавала сфоткаць за некалькі месяцаў да поўнай ліквідацыі. Цяпер там бардова-карычневая сцяна.
Яшчэ прыклад з серыі "няма таго, што раньш было" знішчаныя надпісы беларускай ліцінкай на вуліцах Мінска. На фота: прыпынак "Чырвоная" ў маі і лістападзе 2023 г.
Магчымы працяг тэмы