15.03.2025

Цыклон Хаўер. Калі Беларусь накрыла снегам

 

15 сакавіка 2013 г. Беларусь патрапіла пад цыклон Хаўер, які з 9 сакавіка ўжо шкамутаў Еўропу. Гэту падзею падрабязна апісала Беларуская Вікіпедыя, але я сам тады не асабліва звяртаў увагу на яе: маўляў, не першае і не апошняе стыхінае бедства ў маім жыцці.

Памятаю, што заўважыў стыхію калі ішоў дадому з работы ў другой палове дня.  Як толькі я выйшаў з метро, на мяне паляцеў снег з усіх бакоў. Вецер быў такі моцны, што цяжка было дыхаць. Але з ног не валіла, проста было цяжка прабірацца скрозь снег паўсюль. Ужо ў двары свайго дома дапамог нейкім мужыкам штурхаць мікрааўтобус, які не мог праехаць і хвілін 20 мы яго штурхалі некалькі пад'ездаў. Потым падняўся да сябе і чысціў ад снега свой балкон, дзе раму аднаго з вакон ашклянення пашкодзіў вецер і накідаў снега (адрамантавалі яе толькі ў пазней у цёплы час).

Наступным ранкам у суботу вяртаюся на работу ў ФМА БДУ, дзе ў мяне павінны былі быць 4 пары. На вуліцы ўсё было спакойна, толькі суседзі-аўтамабілісты адкопваюць свае машыны ў двары. Я выйшаў на вуліцу Ленінградскую з метро, а усё прыступкі выхаду  на вуліцу былі пакрыты снегам. Мае студэнты-міжнароднікі не прыйшлі на заняткі, і я ўсё чатыры пары пісаў пост пра старажытных людзей.

Пазней са мной падзяліліся ўспамінамі 2 ахвяры стыхіі. Адна дзяўчына ўспамінала, як ішла са школы і моцна напужалася ратоўнай завірухі. Яшчэ адна жанчына ўзгадала, што яе муж з сябрам доўга прасядзелі ў машыне ў раёне Кургана Славы, бо стыхія не давала ім ехаць далей. На шчасце, гэтыя мужчыны не замерзлі, але ў гэты дзень 2 чалавекі загінулі ў аўтакатастрофе на МКАДзе, стаўшы адзінымі ахвярамі Хаўера ў Беларусі.

Мне пашанцавала больш за многіх у тыя дні, бо дарога да метро і ад метро не складала вялікую адлегласць і калапс наземнага транспарту ў Мінску і іншых гарадах Беларусі амаль прайшоў незаўважаным для мяне. (Пра магчымасць самому сесці за стырно, я тады і не думаў). Таксама цыклон падарыў мне некалькі гадзін плённай даследчай працы з-за адмененых заняткаў...

На фота ілюстрацыя транспартнага калапсу ў Пінску. Крыніца: група УК "Пінскі веснік"+"Полесская правда". Новости.

01.03.2025

Надвор'е 2025-га

 


У апошнія гады я рабіў эпізадычныя заметкі на тэму надвор'я (як, напрыклад, тут). Але глабальнае пацяпленне і пагодныя анамаліі пабудзілі мяне пачаць весці назіранне за капрызамі беларускай прыроды на працягу года, прыкладна так, як я назіраў за кавіднай пандэміяй.

Зіма, якой (не) было?

Архіў надвор'я першых 2-х месяцаў 2025 г. (зроблены на падставе дадзеных https://minsk.nuipogoda.ru/)

Студзень пачаўся нестудзёным і бясснежным. Ужо прыкладна чвэрць стагоддзя як на дварэ хлюпа замест снежных сумётаў і прыблізна 15 гадоў як снег ляжыць рванымі шматкамі, як падраная і раскіданая вата (вось прыклад такой заўвагі за канец 2017 г.). Часам выпадаў неглыбокі снег і праз дзень-два таяў, пакрываючы наваколле туманам. Амаль увесь месяц стаяла плюсавая тэмпература. 

Аднойчы ў мяне нават атрымалася пабегаць басанож на нашым абноўленым школьным стадыёне. У мяне парваліся красоўкі падчас бегу, а бегавая дарожка была без снега і смецця, я, нядоўга думаючы, скінуў абутак, зняў шкарпэткі і прабег пару кругоў па дарожцы. Надвор'е было, як ранняй вясной, і ногі не апякала холадам, толькі крыху незвычайна адчувалася ў голыя ступні прарызіненае пакрыццё, якім замянілі асфальт.

Люты крыху паспрабаваў апраўдаць сваю назву маразамі з 8-га па 22-е тэмпература ўдзень была стабільна ніжэй нуля (за выключэннем 13.02), а ноччу ў Мінску магла апусціцца да -17 С. Спачатку гэта былі бясснежныя маразы, потым пайшоў снег

Крыху снега 14.02 і пабольш 20.02 на адным і тым жа месцы ў Мінску

У гэты час рэчкі скаваў лёд і некаторым беларусам пашанцавала пакатацца на каньках. Мае сыны пакаталіся адзін раз з горкі на лядзянцы, а я адзін раз папрацаваў шуфелем для снега, які купіў у машыну, памятаючы, што ў лютым снегу можа наваліць, і парковачнае месца можа спатрэбіцца чысціць. Але нічога чысціць не трэба было, проста на прыступках і пандусе ля майго пад'езда было крыху снега, і я вырашыў даць свайму шуфелю шанец папрацаваць хоць раз :) 

Прыкладна ў гэты ж час кіроўцы машын азадачыліся: як праграваць сваё аўто за 5 хвілін ці менш, калі маразы гэтага не дазваляюць. Звычайна, праблему вырашалі тым, што глушылі матор праз 5 хвілін, рабілі паўзу і зноў уключалі запальванне.

Лыжы за гэту зіму мы так і не дасталі са сховішча, але я некалькі разоў ездзіў па справах на веласіпедзе.

З 23 лютага вярнулася вясна. Гэта адчувалася паўсюль: і ў цёплым свежым паветы, і ў капелі з дахаў, і ў цвірканні птушак...

Лёд на Сляпянскім канале тае. Від з "Мамантава маста" (Усход 1, Мінск). 25.02.2025.

У апошні дзень зімы ў школах РБ праводзіліся вучэнні па эвакуацыі, і мой старэйшы сын сказаў, што падчас яе атрымалася згуляць у снежкі. У мяне адразу пытанне:

-- Дзе ўзялі снег?

-- Ну, штосьці яшчэ заставалася. -- адказаў Данік.

Асаблівасцю канца гэтага лютага сталі салёныя дарогі. Звычайна кожную зіму дарогі пасыпаюць пясчана-саляной сумессю, каб снег і лёд не заміналі руху транспарту і пешаходаў. Але ў 2025 г. з прычыны сухога бясснежнага надвор'я соль проста пакрыла пылам дарогі Беларусі, абутак пешаходаў і машыны. На аўтамойках з'явіліся чэргі: аўтамабілісты імкнуліся адмыць свае машыны ад белых плямаў. Хтосцьці жартаваў у сацсетках, што соль на дарогах насыпана для прафілактыкі захворванняў пешаходаў.

Салёныя прыступкі выхаду з метро "Усход".

Капрызная вясна

Сакавік прышоў з жартамі: раніцай выпаў снег, якога амаль не было зімой. Хтосьці дастаў цюбінг катаць сваё дзіця, скарыстаўшыся момантам, але снег мокры і тае вельмі хутка.

Снег раніцай 1 сакавіка ляжаў амаль паўсюль, але за дзень растаяў.

І такое ж надвор'е было ў пачатку вясны, але 6 сакавіка надвор'е было ўжо такім цёплым, як раней у красавіку ці маі (у Маларыце тэмпература паднялася да 19 С). Потым нават пры зніжэннні тэмпературы стаяла даволі сухое надвор'е. Калі нават бываў дождж, усё высыхала вельмі хутка. 13 сакавіка ўвечары пайшоў моцны дождж, які раніцай наступнага дня перайшоў у мокры снег і месцамі моцны вецер.

15 сакавіка ў гадавіну "Хаўера" частку Беларусі зноў накрыла снегам. ЦікТок напоўнілі відэа з Гомельшчыны, Брэстчыны і Магілёўшчыны пра двары і машыны, заваленыя снегам. Тым часам у Мінску было суха і цёпла.

Пост будзе абнаўляцца ўвесь год. Калі не пазначана інакш, фота зроблены А. Берастоўскім.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...