Звычайна я раблю чарговы пост праекта "Вуліцы Мінска" пасля таго як старанна фотаграфую адметнасці пэўнай вуліцы. Але бывае, што атрымоўваецца толькі зрабіць пару кадраў падчас бегу з пункта А ў пункт В па сваіх паўсядзённых справах. Паколькі Мінск мяняецца пастаянна, не хочацца губляць магчымасці зрабіць штосьці для захавання яго візуальнай гісторыі. Большасць здымкаў зроблена ў асенні час, які ў Беларусі лічыцца дэпрэсіўным, але ў беларускай восені ёсць свой шарм. А цяпер, як гаворыцца, будуць слайды :)
Залатая восень на вуліцы Цікоцкага
Большасць дамоў гэтай вуліцы -- 9-павярховыя на дзясятак пад'ездаў. У некаторых гарадах такія называюць кітайскай сцяной. Таксама на фота можна бачыць, што гэты квартал мінскага Зялёнага Луга паміж вуліцамі Цікоцкага і Карбышава стаіць на ўзгорку.Вуліца Цікоцкага пераходзіць у Карбышава ў раёне спартыўных інтэрнатаў і пратэстанцкай царквы "Ласка Хрыста"
А з другога боку знаходзіцца змешаны бярозава-сасновы лесапарк. Тут часта адпачываюць і гуляюць жыхары квартала. Гэты лесапарк аддзяляе квартал ад МКАД.
Школа № 13 -- амаль адзіны няцотны будынак гэтай вуліцы (д. 57). Яшчэ адзін такі будынак -- школа 163 (д. 9) у раёне пераходу на бізнес-цэнтр "Аквабел".
Вуліцы Калініна і Мяржынскага
Вуліца Калініна (да 1946 г. -- Мопраўская) ідзе ад плошчы Калініна побач з пр. Незалежнасці да вул. Я. Коласа. Яна адносіцца да ўскраіны Мінска 1940-х гг, але яе цяперашняя забудова адносіцца да больш позняга часу. Цікава што 2 фота я зрабіў ў жніўні, а астатнія ў другой палове лістапада 2021 г. і атрымалася, што на нейкіх здымках зялёныя дрэвы, а на нейкіх ляжыць ранні снег...
Від на вуліцу з боку пешаходнага пераходу на пл. Калініна. Будынак злева -- дом № 1, дзе знаходзіцца знакаміты яшчэ з савецкіх часоў магазін "1000 дробязяў".Ад скрыжавання з вул. Мяржынскага да скрыжавання з вул. К. Чорнага цотныя дамы (10-16) уяўляюць сабой 2-павярховыя маласямейкі барачнага тыпу, як на Валгаградскай.
Гэта каляровае цялятка паставілі побач з мясным магазінам у пачатку вуліцы. Верагодна, статуя стаяла з пачатку 2021 г (аб'яўленага годам Быка) і яе ўбралі паміж жніўнем (час, калі я зрабіў фота) і лістападам таго ж года.
Трактаразаводскі пасёлак
Яшчэ адно цікавае месца беларускай сталіцы -- вуліцы Трактаразаводскага пасёлка каля МТЗ і станцыі метро "Трактарны завод". Гэты раён забудоўвалі з 1946 г і тут захавалася архітэктура 1950-х, эпохі Брэжнева і постсавецкага часу.
Акрамя архітэктурных асаблівасцяў у вочы кідаецца вялікая колькасць "Табакерак" і зялёных кантэйнераў для збора макулатуры.
Бульвар Трактарабудаўнікоў
Кашавога 3 будуць альбо зносіць, альбо рэканструяваць.
Скрыжаванне вул. Кашавога і Стаханаўскай. Від на Стаханаўскую з боку Кашавога 7/Стаханаўскай 26. Звярніце ўвагу на архітэктурныя формы вуглоў дамоў па той і другі бок вуліцы.
Гастраном з савецкай назвай "Постторг" на рагу вул. Шчабакова і Кашавога. Характэрнае архітэктурнае афармленне кутка дома. Тэхнічна, гэта Шчарбакова 20.
На даляглядзе -- паварот вуліцы ў бок Партызанскага праспекта і самы высокі будынак вуліцы: дом 30
Уваход у Антонаўскі парк насупраць ЗАГСа Партызанскага раёна з надпісам "Шчасця маладзёнам".
І сам ЗАГС, дом 27А
Далей вуліца ідзе ў бок Партызанскага праспекта, перасякае яго і ўпіраецца ў аўтавакзал "Усходні".
Адной з мясцовых асаблівасцяў з'яўляецца Захарые-Елісавецінская царква, пабудаваная ў 1998 г. між дд. 28 і 34. Праезд па абодва бакі гэтай царквы называецца Вучнёўскі завулак.
Від на вул. Будзёнага, у якую ўпіраецца Стаханаўская. На заднім плане бачна "хрушчоўка", якую маглі пабудаваць ужо ў брэжнеўскія часы, і вежавыя краны ў раёне вуліцы Ванеева ці нават парка 50 год Перамогі.
Па другі бок ад вул. Кашавога на Стаханаўскай ёсць некалькі адметнасцяў Ліцэй МУС (дом 13 на фота), хоспіс (д.19)...
Нягледзячы на вонкавую нявялікую значнасць вулачак Трактаразаводскага пасёлка тут большай часткай вельмі добрыя дарогі.
Медцэнтр МТЗ займае цэлы комплекс. Бліжэй да вуліцы старыя 2-павярховыя дамы адміністратыўнага прызначэння (дд. 10 і 12), а за ім сучасны шэры будынак (д. 10а), дзе медцэнтр аказвае свае паслугі
Дом 7 выглядае пакінутым. На некалькіх вокнах аркушы паперы з надпісам "Здаю ў арэнду". Справа ў тым, што ў Мінску ў такіх былых маласямейках нярэдка кватэры выкупаюць розныя фірмы або пасля перасялення жыхароў у новы дом стары будынак аддаюць пад карыстанне розным камерцыйным і некамерцыйным структурам.
І яшчэ адна дэталь: сучасны беларускамоўны цэтлік з адрасам дома прыкрывае стары надпіс фарбай на рускай мове. Дарэчы, гэта не мяккая беларусізацыя "дзясятых", а проста элемент добраўпарадкавання: цэтлік выглядае салідней за просты надпіс на сцяне па-савецку...