суббота, 26 января 2019 г.

Генадзь Космач, якім я яго памятаю

Генадзь Космач быў даволі неадназначным выкладчыкам гісторыі. У гісторыю ён увайшоў пераважна як гісторык-германіст. У мяне ж ён выкладаў найноўшую гісторыю Азіі і Афрыкі. І даволі цікава выкладаў: ведаў як трымаць увагу аўдыторыі. З аднаго боку, Космач быў патрабавальным да нас на заліках і экзаменах, з другога, не паводзіў сябе са студэнтамі як пан з халопамі. Так атрымалася, што значнасць знаёмства з гэтым выкладчыкам (як і з Канапацкім і Карпенкай) я не мог зразумець тады, у пачатку 2000-х. А неабходнасць пісаць пра Г.А. Космача зразумеў толькі пасля таго як даведаўся пра яго смерць паўтары гады таму, калі выпадкова сустрэўся з яго былой жонкай. Таму мае ўспаміны пра гэтага гісторыка будуць прывязаны да пэўных выпадкаў, якія зачапіліся за маю памяць.

Генадзь Аркадзевіч Космач. Крыніца фота: https://www.aversev.by/rus/avtory/kosmach-ga 

«Вялікі грэшнік»

На сваіх лекцыях Генадзь Аркадзевіч задаваў пытанні, адказ на якія даваў магчымасць атрымаць «выдатна» аўтаматам на экзамене.
– Што значыць «банзай»? – пытаецца лектар.
– Дзесяць тысяч год жыцця. – адказвае мой сусед па парце.
– Каму?
Гэта ўжо не ведаў ніхто. Мабільнага інтэрнэта яшчэ ў студэнтаў не было.

Другі раз Космач апавядаў пра некалькі спецыфічных фраз на санскрыце, якія не прайшлі цэнзуру ў выданні слоўніка па прычыне свайго эратычнага зместу. Студэнты хіхікалі. А калі адну з гэтых фраз выкладчык напісаў на дошцы кірылічнымі літарамі, аўдыторыя выбухнула рогатам: надпіс быў падобны на вядомую мацерную лаянку на руска-беларускай трасянцы. А на гэта ён зазначыў:
– Адзін праваслаўны святар казаў мне: ты грашыш, бо чытаеш лекцыі пра індыйскую філасофію. Вось бачыце, што я вялікі грэшнік. Не падабаецца мне такі праваслаўны фундаменталізм.

Ад сябе дадам: эпізадычна выходзіў з ім на размову пра біблейскае вучэнне аб аднаўленні Раю на зямлі. Генадзь Аркадзевіч, як і яго жонка (якая выкладала ў нас гісторыю славянскіх народаў), заўсёды казаў, што гэта магчыма, і ставіўся да гэтай надзеі з павагай. Таму бязбожнікам ці маральным нігілістам я б яго не назваў.

Быў яшчэ адзін забаўны выпадак: выкладчык гісторыі славянскіх народаў Уладзімір Пуцік аднойчы заўважыў на семінары:

– Наш Космач, калі ён, як бы гэта казаць, раззняволены, апавядае нам такое, што ўтвараюць індыйскія браміны....

А нам «вялікі грэшнік» гэта тлумачыў так:
– Тое, што робяць браміны ў Індыі, мы б назвалі вычварэнствамі.

Наксаліты

Аднойчы, калі Генадзь Аркадзевіч пачаў сваю лекцыю такім чынам:
– Нядаўна адзін з вас зрабіў мне заўвагу, чаму я, гаворачы пра Індыю, нічога не казаў пра мясцовых камуністаў...

У гэты момант некаторыя студэнты пачалі задуменна пераглядацца: каго гэта сярод нас цікавяць камуністы.
– Гэта не ты? – спыталася ў мяне адна аднакурсніца (мабыць думала, што, калі я насамрэч цікаўлюся гісторыяй, то гэта я мог такое запытацца).
Я толькі паціснуў плячыма: мо, не ведаю, хто гэта, сам здзівіўся.

У мяне была думка, хто мог заказаць экскурс у гісторыю камуністаў Індыі: Валера Цагойка, які адкрыта заяўляў пра свае камуністычныя перакананні. Я агледзеў аўдыторыю, але Цагойкі не было. Ён больш цікавіўся алкаголем, чым палітыкай, і вучыўся слаба. Пасля трагедыі на Нямізе, Валера нават спрабаваў здаць экзамен метадам, апісаным у фільме «Насланне» з серыі камедый пра Шурыка.

А Космач бадзёра зрабіў экскурс па гісторыі камуністаў Індыі, з якога я запомніў толькі заўвагу пра наксалітаў, радыкальных камуністаў, якія вялі партызанскую вайну ў адным з індыйскіх штатаў. А потым перайшоў да асноўнай тэмы.

Экзамен

На экзамен Генадзь Аркадзевіч задаў больш за сто пытанняў па гісторыі дзясяткаў краін . Усе ведалі, што ён патрабавальны. Атрымаўшы спіс пытанняў, я пажартаваў аднагрупнікам, што буду рыхтавацца да бітвы з «касмачамі» ў Ферганскай даліне (па аналогіі з басмачамі). Ні камп'ютара ні Інтэрнэта яшчэ не меў. Больш за палову пытанняў Космач на лекцыях не разглядаў, таму нават я, які не прапусціў ніводнай хвіліны ніводнай яго лекцыі, мусіў падняць свае кніжныя энцыклапедыі і рыхтавацца хоць як.

Раніцай перад яго экзаменам мае аднагрупнікі рэальна нерваваліся. Раптам адзін з іх, казаў:
– А я не праваслаўны!
Нейкая дзяўчына падтрымала хвалю:
– А я таксама. Я каталік! (менавіта так яна і казала – А. Б).
– Хом мане падмэ хум. – вымавіў эратычную мантру хлопец, які толькі што выракся Праваслаўя, і стаў нібыта ў позу ёга. Пазней той хлопец пытаўся ў мяне, калі будзе праваслаўны Вялікдзень, таму яго вырачэнне не цягнулася доўга.

На самім экзамене наш выкладчык заявіў, што дрэнна сябе адчувае. Я быў, як звычайна, у першай пяцёрцы. Выцягнуў білет. Першае пытанне «Карэйская вайна» я ведаў болей-меней, а па другому «Манголія ў 1945-90 гг» я ведаў толькі 2-3 факты. Накідаў адказ на паперцы. Пайшоў адказваць. Мне пашанцавала, што «вялікаму грэшніку» хапіла Карэйскай вайны. Атрымаў «выдатна». Як адказалі астатнія не ведаю, бо як звычайна рабіў, я здаў і пайшоў дадому, але скаргаў на перасдачы я не чуў ні ад аднаго аднагрупніка.

Акрамя гэтага...

Генадзь Аркадзевіч выкладаў у мяне таксама метадалогію вывучэння гісторыі, але яго выкладанне гэтага прадмету неяк выслізнула з маёй памяці. Там захавалася толькі адно параўнанне. Калі мы вывучалі цывілізацыйны падыход А. Тойнбі, Космач зазначыў:
– Тойбі ў гістарычнай навуке, як Пеле ў футболе.

Пасля яго смерці я даведаўся, што ён спецыялізаваўся на гісторыі Германіі 1920-40-х гг, напрыклад, жыццё В. Кубе, якога большасць беларусаў ведаюць толькі як гаўляйтэра, забітага мінскім падполлем; таксама разам з жонкай Генадзь Акадзевіч пісаў пра палітыкаў СССР 1920-30-х гг. І толькі тады я ўпершыню прачытаў пра свайго выкладчыка як пра выбітнога гісторыка. Не магу судзіць наколькі глыбока гэты чалавек даследаваў пытанні, за якія яго пасмяротна ўшанавалі лаўрамі, але словы, за якія магу адказаць: ён быў таленавітым выкладчыкам усходняй гісторыі, здольным шанаваць годнасць навучэнцаў.

Дарэчы, яго былая жонка Алена Эскрыдж Космач зараз выкладае гісторыю ў адным з універсітэтаў ЗША і вывучае гісторыю славянскіх народаў і расійска-кітайскія адносіны, а яго сын Павел з'яўляецца беларускім гісторыкам-амерыканістам і не толькі. Таму Космач – гэта прозвішча не аднаго беларускага гісторыка, а цэлай дынастыі даследчыкаў і выкладчыкаў навукі аб мінулым.

Алена Эскрыдж Космач. Фота з сайта Ўніверсітэта Фрэнсіс Марыён, https://www.fmarion.edu/directory/eskridge-kosmach-elena/ 

Павел Генадзевіч Космач, дацэнт БДПУ, сфера цікаўнасці: "рэлігійны фактар у гісторыі заснавання ЗША; гісторыя фізіка-матэматычных навук на тэрыторыі Беларусі (да 1914 г.); філасофія і тэорыя гісторыі". Крыніца фота і цытаты: https://www.bsu.by/main.aspx?guid=59391 

четверг, 10 января 2019 г.

100 год БССР

Калі я пісаў пра святкаванне БНР 100, то заўважыў, што без тэгаў #100БНР і #БНР100 не было б хэштэга #БССР100. Аднак негледзячы на тое, што адзначэнне стагоддзя БССР выглядае, як адказ левых і ўрадавых сіл на святкаванне стогадовага юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, адрозненняў паміж гэтымі святочнымі акцыямі хапае.

1. Святкаванне стагоддзя БНР было прывязана да пэўнай даты: 25 сакавіка; яна была кульмінацыяй. А святкаванне стагоддзя БССР ўяўляе сабой шэраг рознапланавых акцый і мерапрыемстваў, якія толькі часткова прывязаны да самога юбілею: 1 студзеня 2019 г., але пачынаюцца раней і цягнуцца пазней. Прычым сам юбілей кульмінацыяй не быў: можа таму, што прыпаў на Новы год.
2. Святкаванне БНР 100 прывязана да даты абвяшчэння незалежнасці Беларусі, а дата БССР 100 -- гэта дзень абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь як часткі Расіі, з якой ССРБ (пазней БССР) выйшла толькі праз месяц. Таму прывязка менавіта гэтай даты да станаўлення беларускай дзяржаўнасці даволі спрэчна.
3. Цікаўнасць да святкавання стагоддзя ССРБ-БССР абмяжоўваецца пераважна камуністамі і сацыялістамі, частка з якіх падтрымлівае ўладу, а частка знаходзіцца ў апазіцыі. Для многіх урадавых структур гэта проста яшчэ адна падзея, якую можна "аптушыць" канцэртам, лекцыяй, інфармацыйнай гадзінай ці выставай. БНР 100 святкавалі людзі розных палітычных поглядаў.

Ну, цяпер, як гаворыцца ў старым анекдоце, будуць слайды. З маімі тлумачэннямі.

Такі малюнак з тэгам #БССР100 запусцілі беларускія левыя з 25 сакавіка 2018 г. Можна заўважыць надпісы беларускай мовай арфаграфіі часоў абвяшчэння БССР. Сам хэштег з'явіўся раней. Заўважаў паведамленні з ім, зробленыя ў лютым 2018 г.


А гэты транспарант павесілі ў снежні 2018 г на скрыжаванні вул. Акадэмічнай і пр. Незалежнасці ў Мінску. Яркасць колераў -- гэта мая апрацоўка ў FastStone. Здымак Андрэя Берастоўскага. Такія транспаранты маглі павесіць і на іншых магістральных праспектах горада. Здаецца, бачыў такі на пр. Пераможцаў.


Стэнд каля станцыі метро "Маскоўская" побач з "Беларусьфільмам" Канец снежня 2018 г. Здымак А. Берастоўскага
Гэта ўсё, што я знайшоў у Мінску наконт стагоддзя БССР.

Вось такі каляндар у электронным выглядзе бясплатна распаўсюджваюць беларускія левыя. Выява на красавік 2019 г.

Адзінае знойдзенае мной віншаванне са стагоддзем ССРБ/БССР у навагоднюю ноч 2019 г. Скрыншот у Facebook

29 снежня 2018 г. 2 прадстаўнікі КПРФ прыехалі ў мінскі музей Вялікай Айчыннай вайны на канцэрт прысвечаны стагоддзю ўтварэння Кампартыі Беларусі. Гэта была адна з падзей, да якой прывязалі стагоддзе БССР. Сярод іншых 100 год камсамолу, 101 Кастрычніцкай рэвалюцыі. Скрыншот УКантакце.

29 снежня 2018 г. Чавускі музей. Актывісты БРСМ, супрацоўнікі музея і пісьменнік Салаўцоў чытаюць лекцыі на тэму БССР 100. Скрыншот УКантакце.

Скрыншот Укантакце: серыя тэлеканала АНТ пра Васіля Быкава, як аднаго з выбітных дзячоў Савецкай Беларусі. Серыял "100 год БССР" (на рускай мове).

Серыя экскурсаў у гісторыю ўтварэння ССРБ/БССР ад БРСМ.

З гэтай жа серыі УКантакце з'явіўся скан тэкста тэлеграмы Сталіна 28.12.18 наконт планаў утварэння Савецкай Беларусі. Крыніца не высвятлена.


#БРСМ #МолодежьМстиславщины #БССР100-лет Единый день информирования для учащихся в рамках "Образование БССР": от истории к современности». Педагог – организатор, классные руководители провели в оздоровительном лагере с дневным пребыванием в период зимних каникул мероприятий, посвященных 100-летию со дня образования Белорусской Советской Социалистической Республики среди учащихся ГУО "Гимназия г.Мстиславя"
А гэта ўжо мая копія з паста  ад 3 студзеня 2019 г. Укантакце і Аднакласніках. Тэкст аднолькавы, нават памылка ў слове "Мстиславля" захавалася нязменнай.

Акрамя гэтага, у Ленінскай бібліятэцы Гомеля праходзіць кніжная выстава з 8.01 па 8.02.2019, прысвечаная стагоддзю БССР і анеалагічная выстава з 2.01 па 2.02 праходзіць у Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Можна ўзгадаць і акцыю ускладання кветак на магілу аднаго з першых лідараў Савецкай Беларусі Чарвякова на Вайсковых могілках мінскімі камуністамі 4.01.2019. Нарэшце ёсць мінімум 2 адмысловыя групы ў сацсетках святкавання БССР 100: "ССРБ100 | Первая республика день за днём" Укантакце, (створана 7 студзеня 2019) і "БССР100" ў Аднакласніках (створана 7 красавіка 2018 г., на 10 студзеня 2019 там 2 ўдзельнікі і 4 запісы, апошні -- ад 12 красавіка). Калі старт-ап у Аднакласніках заціх задоўга да 1 студзеня 2019 г, то група ССРБ100 нядрэнна раскруцілася: практычна штодзень з'яўляюцца пасты з серыі "гісторыя без купюр", прысвечаныя першым месяцам існавання Савецкай Беларусі. Гэтыя заўвагі прывязаны да гістарычных матэрыялаў і сайта https://ssrb100.info/sto-let-nazad/, іх праглядаюць ад некалькі дзясяткаў да некалькіх соцень карыстальнікаў УКантакце... Гэтая ж група мае свой канал у Telegram.

Можна яшчэ ўзгадаць пра акцыю "Зроблена ў Беларусі", сутнасць якой у тым, каб рабіць сэлфі на фоне аб'ектаў, звязаных с гісторыяй БССР. Гэта сваеасблівы адказ левых на акцыю "Сэлфі незалежнасці", прысвечаную святкаванню БНР 100...

***
Як бачым, калі гаворка ідзе пра дзяржаўныя структуры, то ёсць тэндэнцыя "аптушыць" мерапрыемствы згодна інструкцыям вышэйшых інстанцый. У левых партый больш энтузіязма, магчыма праз хэштэгі і акцыі ў сацыяльных сетках яны імкнуцца пашырыць свой уплыў на маладое пакаленне. Аднак, я не думаю, што само карыстанне сацсеткамі як сродкам масавай інфармацыі робіць пазіцыю "бацькоў" прывабней пакаленню іх "дзяцей". Часткова, гэта звязана з тым, што беларуская моладзь пераважна мае іншыя каштоўнасці і погляды, чым іх бацькі. Таксама магла мець месца памылковая думка, што вывучэнне гісторыі развівае патрыятызм, значыць, знаёмства з фактамі гісторыі БНР і БССР дапаможа карыстальнікам сацсетак стаць патрыётамі Беларусі ў большай ступені.

Аднак у святкавання стагоддзяў БНР і БССР ёсць адна важная адметнасць. Гэтыя падзеі далі нагоду разважаць над фактамі беларускай гісторыі. І нават калі прыхільнікі аднаго лагера імкнуліся ігнараваць свята другога, ім прыйшлося мець некаторую палеміку праз электронныя рэсурсы, і самыя розныя людзі, звычайна абыякавыя да гісторыі, звярнулі ўвагу на падзеі мінулага сваёй краіны.

Дадаткова:

Раніцай 1 студзеня 2019 года я прагуляўся па сваім мікрараёне Усход-1 і зрабіў некалькі нататкаў на відэа. Сярод іншага я паднімаў пытанне: Ці святкавалі жыхары нашага мікрараёна стагодддзе БССР у навагоднюю ноч?

четверг, 3 января 2019 г.

Зрабіў!

Нарэшце дапісаў кнігу па гісторыі ЗША. Яе асобныя часткі даступны тут па тэгу ЗША. Але ў кнізе ўсё максімальна дапрацавана.

У бліжэйшы вольны час арганізую яе друк абмежаваным тыражом за свае грошы, пасля гэтага выкладу тут спасылку для бясплатнага спампоўвання яе версіі PDF.

Таму гэты пост яшчэ чакае свой працяг.