Показаны сообщения с ярлыком грошы. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком грошы. Показать все сообщения

27.11.2024

Беларусь у палоне хай-тэка: працяг тэмы

 Час паказаў, што тэма, пра якую я пісаў амаль 10 год таму, мае свой працяг у бягучым дзясяцігоддзі. Звернем увагу на некалькі тэндэнцый у сферы тэхналогій, якія зрабілі 2020-я гг. непадобнымі на папярэднія.

Касы і тэрміналы самаабслугоўвання

Хтосьці можа казаць, што банкаўскія інфакіёскі з'явіліся ў Беларусі хутка пасля банкаматаў, ды і самі банкаматы давалі магчымасць разгрузіць супрацоўнікаў банкаў і пошты. Можна згадаць і пра паркоўкі самабслугоўвання 2010-х і іншы хай-тэк, які выконвае працу за жывых людзей. Але менавіта ў 2020-х гг. магазіны пачалі актыўна ставіць шалі самаабслугоўвання і касы самаабслугоўвання. Калі спачатку гэта было толькі ў буйных магазінах і толькі для пакупнікоў з плацёжнымі карткамі або прыкладаннем "Аплаці", то неўзабаве нават пакупнікі з наяўнымі грошамі атрымалі магчымасць не стаяць у чарзе да жывога касіра.

Прылада для папаўнення бескантактавых праязных білетаў на прыпынку каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Праўда, спачатку трэба праз АРІП аплаціць за праезд, а потым прыкладваць карту праязнога. Чэрвень 2021 г.

Каса самабслугоўвання ў "Кароне" (Мінск, пр. Незалежнасці, 154) прымае манеты і банкноты, а не толькі карткі і мабільныя прыкладанні. Ліпень 2024 г.

Паштамат самабслугоўвання на Ложынскай вуліцы ў Мінску. Люты 2024 г.

Капіравальна-друкавальны апарат самаабслугоўвання ў БДУІР. Фота 2021 г.

Апарат па продажу квіткоў на цягнік ля вакзала "Мінск-Пасажырскі" прымае і карткі, і наяўныя. Фота 2021 г.

Апарат па продажы аптэчных безрэцэптурных тавараў у будынку вакзала "Мінск-Пасажырскі". Фота 2022 г.

Кавярня самаабслугоўвання ў БДУІР. Здымак зроблены ў лістападзе 2024 г.

Апарат па продажу кантактных лінз у будынку магазіна "Санта". Мінск, пр. Газеты Праўда, 20. ЛІстапад 2024 г.

На 2-м паверсе ГЦ "Гермес" (Мінск, вул. Казінца 11а) да кавярні самаабслугоўвання дадалі кіёск для продажу прысмакаў праз адмысловае мабільнае прыкладанне. Лістапад 2025 г.

Ужо сустракаў думкі ў публіцыстыцы, што прафесія прадаўца ідзе да знікнення, але пакуль ў Мінску ёсць толькі адзін магазін самаабслугоўвання, і там працуюць аператары, каб сачыць за парадкам і дапамагаць пакупнікам пры збоях на касе. Таму пакуль можна гаворыць пра скарачэнне попыту на жывых прадаўцоў і частковую замену іх машынамі. 

Яшчэ адна сфера, якую пачынае закранаць сфера самаабслугоўвання -- гэта бібліятэкі папяровых кніг. У Беларусі пакуль гэта выражана ў форме буккросінга, калі не лічыць забойцай бібліятэк інтэрнэт. Але буккросінг пераважна выкарыстоўваецца для пазбаўлення ад непатрэбных кніг (ці кніг увогуле), а не абмену адных кніг на іншыя, як задумвалася ідэя, і, калі пункт доступу да такіх кніг знаходзіцца ў адкрытай шырокай публіцы прасторы, то кнігі нярэдка дастаюцца збіральнікам макулатуры, а не бібліяфілам. Тым не менш, ў больш развітых краінах сустракаюцца бібліятэкі самаабслугоўвання, дзе чытачы па сваіх білетах атрымоўваюць папяровыя кнігі ў часовае карыстанне і вяртаюць іх у такія бібліятэкі праз вызначаны час. Калі гэта з'ява праз некалькі год будзе ў РБ, то працы жывых бібліятэкараў будзе кінуты выклік. Зразумела, і тут машыны не заменяць жывых людзей адразу, а толькі пасадзейнічае скарачэнню працоўных месцаў. І хуткасць такога скарачэння можа быць вышэй, бо ў магазіны людзі ходзяць часцей, чым у бібліятэку, і на прадаўцоў попыт застанецца вышэй.

Бум маркетплейсаў

Мяркую, гэта асобны пункт, хоць моцна звязаны з папярэднім і наступным. Маркеплейс, як прастора інтэрнэту, дзе прадавец сустракаецца з пакупніком на агульнай віртуальнай пляцоўцы, якая зарабляе на пасрэдніцтве і дастаўцы тавараў ад прадаўца пакупніку, варта адрозніваць ад беларускіх інтэрнэт-гіпермаркетаў кшталту "ХХІ веку" ці сайтаў камерцыйных аб'яў такіх як "Куфар".

Маркетплейс "Вайлдберыз" або "ВБ" прыйшоў у Беларусь яшчэ ў сярэдзіне 2010-х гг., але ў 2020-х гг. яго пункты выдачы разрасліся па Мінску, а таксама з'явіліся нават у невялікіх населеных пунктах па ўсёй краіне. У "дзясятых" там куплялі пераважна вопратку і абутак, а цяпер там можна заказаць і канцылярскія тавары, і бытавую хімію і шмат чаго яшчэ.

Наколькі мне вядома, уся праца па кіраванні пунктаў продажу ідзе бізнесменамі, якія не працуюць непасрэдна на "ВБ", а купляюць пункт і права ім карыстацца і могуць перапрадаць іншым камерсантам. Пункт кіруецца праз мабільнае прыкладанне ў тэлефоне. Пад Мінскам ёсць аптовы склад гэтага маркетплейса, дзе грузчыкі (пераважна студэнты) сартыруюць заказы для перадачы на больш дробныя склады. Камунікацыя супрацоўнікаў ідзе праз суполкі ў Тэлеграме, а справаводства -- праз мабільнае прыкладанне. Усё гэта значыць гібкасць магчымасцяў працаваць, адмову ад бюракратызму (у значнай ступені) пры захаванні адказнасці перад спажыўцамі, і, вядома, магчымасць купляць тавары з розных краін свету за даступныя беларусам цэны.

Асноўным канкурэнтам "ВБ" стаў маркетплейс "Азон" што спарадзіла мем:

Аднак "Еўраторг", які ў свой час запусціў ў РБ магізіны "Еўраопт" і "Грошык", праекты "Е-дастаўка" і "Еўрапошта", таксама запусціў ў 2025 г. E-mall (І-мол) як беларускі маркетплейс. 


Маркетплейсы безумоўна будуць адціскаць традыцыйныя магазіны і рынкі ў Беларусі, хоць наўрадці да вынішчэння, але ці стануць беларускія пляцоўкі кшталту "І-мола" рэальнымі канурэнтамі расійскіх "Азона" і "Вайлдберыз" пакуль невядома.

Бум мабільных прыкладанняў


Мабільныя прыкладанні для iOS i Android пачалі распаўсюджвацца разам са смартфонамі. Але менавіта ў 2020 г. набылі рэкордную папулярнасць прыкладанні Zoom i Telegram, створаныя яшчэ ў 2013 г. Пандэмія COVID-19 падштурхнула развіццё ў галіне дыстанцынага навучання і аддаленай працы, а гэта азначала рост выкарыстання мабільнымі прыкладаннямі для відэаканферэнцый і ўвогуле іншых прыкладанняў.

Таксама мабільныя прыкладанні далі штуршок для развіцця каршэрынга і кікшэрынга: праз адмысловае прыкладанне на смартфоне чалавек можа ўзяць на карыстанне самакат або арэндаваць аўтамабіль, нават грузавы. Прыкладанні паслуг таксі YandexGo i Uber злучаюць паміж сабой таксістаў і пасажыраў, пры гэтым кампанія выступае ў касці пасрэдніка. Прыкладанні дапамагаюць вучыць замежныя мовы і перакладаць з іх інфармацыю (але я па-ранейшаму лічу, што жывых прафесіяналаў яшчэ  яны не заменяць, як я і пісаў тут). Гэта толькі пара прыкладаў, дзе прыкладанні могуць аблегчыць чалавеку жыццё.

Магчыма, галоўная перавага прыкладанняў над сайтамі ў магчымасці працаваць без доступу да сеціва ў шэрагу выпадкаў. Калі чалавек карыстаецца сайтам анлайн біблітэкі кніг і відэаматэрылаў, яму патрэбны браўзер і доступ у інтэрнэт, але калі гэты чалавек спампаваў сабе ўсё, што трэба праз мабільнае прыкладанне той жа біблітэкі, то перабоі з інтэрнэтам у некі час збой на сайце ці, у некаторых выпадках, блакіроўка сайта не будуць замінаць доступ да матэрылаў у аўтаномным рэжыме.

У сучасных беларускіх рэаліях ёсць нюансы, якія абмяжоўваюць магчымасці мабільных прыкладанняў. Некаторыя плацёжныя прыкладанні для смарт-гадзіннікаў ці прывзаныя да міжнародных картак не працуюць па прычыне эканамічных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь. А з 1 лістапада змяненні ў нерэгулярных перавозках (у тым ліку таксі) ускладніла працу праз мабільныя прыкладанні для тых, хто не можа ці не хоча працаваць па новых правілах для такіх перавозак.

Надпіс на аптэчнай вітрыне: "аплата праз тэлефон ці смарт-гадзіннік немагчыма". Май 2024 г.

Штучны інтэлект

Яшчэ адна вобласць развіцця тэхналогій у апошні час - гэта нейрасеткі і штучны інтэлект, пра што я коратка пісаў раней. З дапамогай гэтых тэхналогі можна пісаць апавяданні, складаць тэсты па замежнай мове, маляваць ілюстрацыі, карыстацца галасавымі памочнікамі і нават ствараць праграмнае забспечанне. Паколькі я ў гэтай галіне не спецыяліст, і карыстаўся гэтымі дасягненнямі нешмат, пакуль прамаўчу і буду назіраць за развіццём гэтага віду тэхналогій. Зазначу толькі, што людзей яны пакуль не заменяць па якасці працы, толькі  па аб'ёмах яе...

Дроны

Баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны з 2022 г., а пазней і ў іншых гарачых кропках, паказалі, што беспілотная авіяцыя мяняе правілы вядзення вайны і робіць бранетэхніку і фартыфікацыі прыступнымі для беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА). Акрамя ваенных мэтаў, БПЛА сталі актыўна выкарыстоўвацца ДАІ для кантролем за дарожнай сітуцыяй, СМІ для панарамных здымкаў мерапрыемстваў, сельскагаспадарчымі арганізацыямі і нават пашукова-ратавальнымі атрадамі для аблягчэння пошуку заблукаўшых у дзікай прыродзе людзей. Да верасня 2023 г. дронамі маглі карыстацца і звычайныя беларускія грмадзяне, але з таго часу гэта магчыма толькі індывідуальным прадпрымальнікам і арганізацыям з папярэдняга дазволу Дэпартамента па авіяцыі. Гэта абмежаванне магло быць звязана з атакамі БПЛА ў верасні і снежні 2021 г. на базы МУС у Мінску і Мінскай вобласці, адказнасць за якую ўзяла група "Чорны Бусел". У сувязі з такім абмежаваннем выкарыстанне дронаў у РБ не такое шырокае, як патэнцыяяльна магло б быць. Тым не менш, як мінімум з 2016 г. у Беларусі ідзе навучанне вайсковых і цывільных аператараў БПЛА.

2024-2025

23.04.2017

Дэнамінацыя ў Беларусі. Заканчэнне

Тэма дэнамінацыі 2016 года ахоплівае ўжо трэці і, думаю, апошні пост. Раней я апісаў даволі падрабязна першы месяц пасля дэнамінацыі і першыя 6 месяцаў суіснавання старых і новых грошай. Цяпер будзе лагічна завяршыць гэтай назіранне цягам амаль год. Паспрабую зрабіць гэта кароткімі замалёўкамі.

Старыя грошы – пераважна старублёўкі, эквівалентныя новай 1 кап., – накіраваліся ў масавым парадку ў празрыстыя скрыні для ахвяраванняў на розныя патрэбы (як правіла, патрэбы Беларускай праваслаўнай царквы) у першыя дні і тыдні пасля Новага года, калі старыя грошы перасталі прымаць у магазінах. Паколькі старыя грошы можна здаваць у банк і мяняць на новыя, то думаю або магазіны, або царкоўныя служыцелі проста здалі іх у банк. Праз пару месяцаў старыя грошы ў гэтых скрынях пачалі знікаць. Адну скрыню са старой 500-рублёўкай атрымалася сфатаграфаваць у магазіне «Суседзі» на вул. Каліноўскага, 66А гэтай вясной. У магазіне «Востраў чысціні» на пр. Незалежнасці 143/2 нядаўна бачыў скрыню ад дзіцячага хоспіса, дзе ляжала старая 1000 (10 новых кап.).

Старыя 500 руб у царкоўнай скрыні. Магазін "Суседзі" (Каліноўскага 66а) Мінск, красавік 2017 г. Чырвоная стрэлка паказвае на купюру.

Людзі сталі часцей губляць грошы – пра што я пісаў. Але высветлілася, што даволі шмат паважаных небедных мінчан не цураюцца падняць з зямлі кінутую капейку. Дарэчы я знайшоў на вуліцы кінутыя 300 старых рублёў і падчас аднаго з візітаў у банк памяняў іх на капейкі. Можа выглядае як дурасць, але гэта магчыма звязана з тым, што я рос у беднай сям'і і нават зараз часам жыву капейка ў капейку. Пры гэтым я неяк інстынктыўна не падбіраю манеты з наміналам 5 ці больш капеек, бо заўсёды прамільгне думка: раптам хто шукае такія грошы і плача?

Цікава, што нацыянальны кансерватызм беларусаў прымушае амаль усіх іх далей карыстацца катэгорыямі старых грошай («гэта каштуе 500 (тысяч), а я зарабляю 5 (мільёнаў) 300» замест «гэта каштуе 50, а я зарабляю 530»). Мабыць таму я і цягнуў з напісаннем гэтай апошняй часткі працы пра дэнамінацыю – ўсё чакаў, калі ж людзі пераключацца на новыя грошы. Праўда, цяпер, праз некалькі месяцаў малыя сумы сталі часцей і часцей называць правільна не толькі прадавачкі: 3.50, 11.20, 4 рублі... Магчыма, часткова людзям цяжка пераключыцца яшчэ і таму, што ў гэты раз інфляцыя ўжо не ляціць так хутка, як раней. Нават долар здаў пазіцыі з 2 руб. да 1.87 на момант напісання гэтых радкоў і гэта цягнецца ўжо некаторы час.

Калі гаворыць пра курсы валют далей, то там даволі цікавы трэнд. Цэны пішуць нібыта старымі грошамі (напрыклад, 1.875) але насамрэч кропка аддзяляе рублі ад капеек, а трэцяя лічба пасля кропкі – гэта дзясятая частка капейкі. Гэта трэцяя лічба мае значэнне толькі калі купляеш ці прадаеш больш за 10 долараў ці еўра і выбіраеш цэны, але за меншую суму ў Мінску мала што можна купіць.

Нарэшце яшчэ адзін элемент майго працоўнага жыцця, дзе зніклі старыя грошы. Доўгі час я здаваў справаздачу адной кампаніі, з якой супрацоўнічаю як перакладчык, у старых грошах, бо інакш экселеўская формула акругляла мой заробак у большы ці меншы бок. Я неаднаразова спрабаваў вырашыць гэта пытанне і нарэшце, проста плюнуў на магчымасць атрымоўваць ганарар з дакладнасцю да капейкі, тым больш, што сістэма акругляла і на маю карысць...

21.01.2017

Падатак на "дармаедаў"


Да гэтага часу я быццам ігнараваў існаванне г. зв. «падатка на дармаедаў», беларускага закона, які патрабуе, каб асобы, якія з 2015 г. не працуюць больш за 180 дзён у год, плацілі пэўную суму ў дзяржбюджэт ці выконвалі прымусовую грамадскую працу. Вядома, ёсць выключэнні. У тым ліку і тыя, хто зарэгістраваўся як беспрацоўны і (альбо) даказаў мясцовым чыноўнікам цяжкае матэрыяльнае становішча ці іншую грунтоўную падставу немагчымасці працаваць. І ў мяне нарэшце з'явіўся матэрыял, які я магу выкарыстаць у рамках праекта «Каб не забыць».

***
Калі я ўпершыню пачуў пра падатак на дармаедаў, у мяне ўжо быў вопыт працы без працоўнай кніжкі. Я даваў прыватныя ўрокі англійскай і рабіў пераклады. З ліпеня 2013 г. я толькі часам выконваў заказы, з якіх ішлі адлічэнні ў пенсіённы фонд. Потым у студзені 2014 г. уладкаваўся працаваць па кантракту на курсы англійскай. Але мая працоўная кніжка«адпачывала» яшчэ да верасня таго ж года. Пры гэтым я кожны месяц плаціў падаткі з восені 2011 года.
Добра ведаючы, што заўжды магу апынуцца ў сітуацыі, калі прыйдзецца зноў зарабляць толькі перакладамі і рэпетытарствам, запытаўся пра новы падатак у свайго падаткавага інспектара.
– Ды дурасць гэта! – з абурэннем адказаў ён. – Хіба тыя, хто не хоча працаваць, будуць яго плаціць?!
Больш дэталяў я ад яго не даведаўся. Але пазней праштудзіраваў пэўныя крыніцы і зразумеў, што мяне гэта закрануць не павінна: я плачу падаткаў значна больш, чым збор з дармаедаў – 360 ці 420 новых руб (для тых хто не жыве ў Беларусі: дзелім на 2 і атрымоўваем суму ў доларах ЗША).
Перад тым як перайсці да знойдзенага матэрыялу, прыйдзецца зрабіць невялікі экскурс у сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў Беларусі.



Грошай няма, але вы трымайцеся.

Падатак на дармаедаў - з'ява, за якой стаіць сур'ёзная праблема. Амаль кожная спроба пабудаваць сацыялізм – гэта дарагое задавальненне. Беларусі цяжка сабе такое дазволіць: няма вялікай колькасці свабодных грошай, якія б дазвалялі мець сацыялістычную эканоміку ў цяперашніх рэаліях.
Праблема ўскладняецца наяўнасцю вялікай колькасці дзяржслужачых, якія не ствараюць які- небудзь карысны прадукт, спажываюць грошы падаткаплацельшчыкаў і часам робяць істотныя бюракратычныя цяжкасці тым, хто як раз стварае такія прадукты ці прадае іх у Беларусі. Яшчэ адна праблема - наяўнасць некаторай колькасці нерэнтабельных прадпрыемстваў часоў СССР, што спажываюць больш грошай, чым прыносяць краіне. Акрамя таго, у Беларусі жыве вялікая колькасць пенсіянераў. Часткова гэта звязана з тым, што нараджаецца людзей менш, чым памірае, а часткова з яшчэ адным элементам савецкай спадчыны: раней Беларусь была заходняй мяжой Савецкага саюза і тут асела шмат ваенных пенсіянераў, якія могуць атрымоўваць пенсію з 40-45 год.
І нарэшце яшчэ адна праблема. Беларусы ў большасці сваёй кансерватары. Таму спробы дзяржаўнай улады будаваць эканоміку "са смакам сацыялізму" маюць істотную падтрымку. Адкрытую ўхвалу такой эканомікі можна пачуць рэдка, але часта людзі лічаць яе меншым злом у параўнанні з магчымасцю моцнага сацыяльным расслаеннем ці грамадзянскай вайной. А яшчэ кансерватызм пабуджае трымацца старога, наладжанага наколькі магчыма. Нярэдка і звычайны рабочы, і звычайны чыноўнік добра ведае свой фронт работы, але мае даволі сціплыя, часам наіўныя веды ў плане эканомікі ці сацыялогіі.
Такім чынам, як бы тое ні было, грошай не хапае. Адзін са спосабаў выйсця са становішча такі: спрабаваць малымі грошамі падтрымліваць высокі ўзровень якасці. Так у «Мінсктрансе» эканомяць на дарагіх запчастках і спрабуюць выкруціцца таннымі. Аўтобусы ламаюцца ад гэтага хутчэй, і слесарам галаўны боль: як зрабіць каб нізкаякасныя дэталі працавалі не горш за высокаякасныя. У фармакалогіі есць спробы прапхнуць на айчынны рынак лекі з такімі ж таннымі кампанентамі і адпаведна нізкай якасці праз дзяржаўны пратэкцыянізм. У вну настаўнікі пішуць падручнікі і дапаможнікі, якія мусяць рабіць канкурэнцыю замежным, пры тым, што ў апошнія укладзены значна большыя грошы і куды больш інтэлектуальнай працы.
Яшчэ адзін спосаб - ціхі адыход ад сацыялістычных атрыбутаў эканомікі ў адукацыі і сацыяльным абслугоўванні, аб чым я пісаў раней.
І нарэшце есць спробы прымусіць плаціць тых, хто звычайна застаецца без шырокай падтрымкі. Гэта могуць быць прадпрымальнікі розных маштабаў. Алкаголікі і наркаманы, якіх накіроўваюць на прымусовую працу. І нарэшце, тыя, хто па розным прычынам не працуе. Кожная з гэтых катэгорый паасобку можа не выглядаць як ахвяра несправядлівасці. Кансерватызм і многіх чыноўнікаў, і шматлікай часткі простых грамадзян у нейкай ступені адбіваецца на тым, што прадпрымальнікаў могуць разглядаць як тых, хто мала працуе і шмат зарабляе, хоць часта гэта зусім не так.
Таксама большасць беларусаў – працаголікі. Таму сітуацыя, калі хтосьці не працуе ці мала працуе, каб больш праводзіць часу з дзецьмі ці жыць сваімі інтарэсамі, звычайна ні паразумення, ні ўхвалы сярод сваякоў і суседзяў не знаходзіць.
Цяпер, як я закрануў нерв і карані нездаровага зуба, уторкну абязбольваючае. Гэты закон, як і іншыя непапулярныя меры эпохі 1990-2010-х, гэта не дурасць ці злосць чыноўнікаў. Яны добра ведаюць, што большасць тых, хто мае заплаціць гэты падатак плацяць за тавары і паслугі ў магазіне, што ў цэны за такія тавары і паслугі закладаюцца і падаткі і што ніякімі «дармаедамі» яны ў строгім сэнсе слова не з'яўляюцца. Таму хутчэй гэта іх «крык душы», адзін з элементаў паспрабаваць перавезці ваўка, казу і капусту ў адным чоўне. Усе, пра што я казаў вышэй і ў іншых эканамічных распрацоўках, – гэта праблемы, якія не маюць простага вырашэння. Забіць ваўка ці казу ў нашым прыкладзе, выкінуць на вуліцу ўсіх чыноўнікаў і супрацоўнікаў нерэнтабельных заводаў, праблематычна. Вось і шукаюць варыянты. У тым ліку і такія незвычайныя.

Ліст "шчасця" з падаткавай.

«Дармаеды» і падатак.

Цяпер пра тых каго закрануў гэты новы падатак з маіх асабістых знаёмых. Адзін з іх – гэта чалавек, які мае спецыфічную хваробу і абмежаваныя навыкі работы. Жыве на працэнты ад грошай, якія атрымаў ад продажу нерухомасці і паклаў у банк. Жыве даволі сціпла. Праблему з новым падаткам вырашыў так. Не чакаючы ліста з падаткавай заплаціў падатак са зніжкай датэрмінова. Прычым загадзя, падрыхтаваўшыся.
Другі пакутуе ад дэпрэсіі. Нейкія ўнутраныя прычыны замінаюць яму працаваць рэгулярна. Атрымаўшы ліст на 360 новых рублёў, аплаціў яго з сваіх грашовых запасаў на чорны дзень без якой-небудзь спробы што-небудзь даказаць. Нервы даражэй.
Трэці ў апошнія гады працаваў на адну кампанію нелегальна, атрымоўваў зарплату ў канвертах. Калі мы з ім вышлі ў размове на патэнцыяльныя праблемы з падаткавай, ён мацюгнуўся і сказаў:
– Я нічога плаціць не буду. А калі прыйдуць прыставы, знясу «плазму» ў падвал і нічога каштоўнага яны не знойдуць.
Чым скончылася яго гісторыя, не ведаю.
Ведаю яшчэ сям'ю, дзе жанчына вымушана працаваць некалькі месяцаў штогод, каб не плаціць новы падатак. Нягледзячы на дрэнны стан здароўя. Бо атрымаць інваліднасць часам даволі праблематычна.
Ведаю яшчэ сям'ю, дзе маці малалетняга дзіця ўладкавалася на новую работу, каб не плаціць «дармаеда». На мой погляд, калі яе сын праз дзесяць год стане хуліганам і кіне цагліну у акно кватэры якога-небудзь чыноўніка проста так, дзеля забавы, то той гэтым атрымае вынікі адмовы бацькам у магчымасці праводзіць дастаткова часу з дзецьмі.
Ведаў у свой час гэтакіх вольных мастакоў, якія працавалі даволі спецыфічна, нерэгулярна і грошай ім не хапала. Даўно іх не бачыў і нічога пра іх не чуў. Не думаю, што іх трэба прымушаць ісці на завод.
Некалькі недзяржаўных СМІ паведамілі мінімум пра два выпадкі самагубства тых, хто мусіў заплаціць новы падатак. Паколькі падрабязнасці не ведаю – без каментарыяў...
Тым не менш, толькі час пакажа куды прывядзе гэты новы закон і як ён будзе працаваць.

Малюнкі ўзяты з крыніц Інтэрнэта і маюць ілюстратыўны характар

***
Падатак на дармаедаў адмянілі ў тым жа 2017 г. па прычыне масавых пратэстаў беларусаў. Але закон перапрацавалі і ў 2019 г. "дармаеды" мусілі плаціць 100% камунальных паслуг. Аб гэтым я ўзгадаў у наступным відэа:

***


У студзені 2020 года ў адным з пад'ездаў па вул. Каліноўскага я знаўшоў рарытэтны стыкер, які заклікаў да антыдармаедскіх пратэстаў. Для слабанервных: я не заклікаю да пратэстаў, а адзначаю моманты гісторыі. Звычайна наклейкі ў пад'ездах доўга не жывуць, а гэты стыкер пражыў больш за 2 гады.

31.12.2016

Дэнамінацыя 2016 г. Частка 2

У канцы снежня, як і абяцаў раблю яшчэ некалькі нататкаў па тэме дэнамінацыі ў Беларусі. Яны не будуць такімі падрабязнымі як назіранне за першы месяц увядзення новых грошай. Але таксама вартыя для гісторыі.

Злата рве кішэні.
У пачатку жніўня падчас адпачынку ў Браславе знайшлі першую манетку кінутую ці забытую на зямлі. Гэта былі 2 капейкі. Мы іх пакінулі дзе знайшлі. Пазней ужо ў Мінску у нас з сынамі быў свайго роду «спорт»: мы выцягвалі доўгімі палкамі капейкі з фантана недалёка ад нашага дому, куды іх час ад часу кідалі на шчасце прахожыя. Жартавалі пры гэтым, што адбіраем ахвяру ў бога ўдачы. Звычайна гэта былі манеты 1 ці 2 кап. Цяпер заўважыць 1 капейку на дарозе – з'ява звычайная. Манета маленькая, цёмная і вечарам заўважыць яе на цёмнай падлозе, маўляў падземнага пераходу можна толькі пры вельмі добрым зроку ці мэтанакіраваным пошуку. Як бы тое ні было, але старыя грошы было лягчэй знайсці згубіўшы.

Цікава было назіраць як беларусы вучацца абыходзіцца з новымі капейкамі. Старыя жанчыны звычайна высыпаюць усю дробязь на талерку ў касе ці даюць касіру на далоні самому выбраць што трэба. Кур'еры з «Еўраопта» возяць мяшэчкі з манетамі, з якіх часам доўга выкалупваюць патрэбную або выбіраюць высыпаўшы на далонь.

Манеты не падабаюцца многім беларусам яшчэ і таму, што яны важаць больш, чым папяровыя грошы. Часам пад іх купляюць кашалькі з аддзяленнямі для манет. Часам – спецыяльныя манетніцы. Але манеты рвуць кішэні тых, хто не мае кашалькоў. У гэтай з'яве банальнае тлумачэнне таго чаму ў канцы 19- пачатку 20 ст. ў Расіі так часта людзі адмаўляліся ад залатых манет на карысць папяровых грошай: «злата» таксама рвала кішэні.

У касах гандлёвых кропках і кабінах вадзіцеляў грамадскага транспарту з'явіліся старыя савецкія латкі з аддзяленнямі для розных манет. А некаторыя гандляры карыстаюцца пластыкавымі каробкамі з-пад цукерак, і кладуць на месца слодычу новыя беларускія манеты.

Адаптацыя
Старыя купюры наміналам больш за 50 тыс (5 новых руб) хутка зніклі з абароту. Здаецца бачыў адну такую ў нейкай жанчыны сярэдняга ўзросту у чарзе ў аптэцы восенню. Але банкноты меншага наміналу яшчэ трапляліся мне і на вочы і на рукі.

Аднойчы ў верасні я прадаў непатрэбную рэч праз Інтэрнэт. Сустракаюся з пакупніком. Ён дае мне частку сумы старым білетам на 20000, а я не магу зразумець што гэта два новых рублі ў эквіваленце. Мужчына пачаў тлумачыць мне суму ў старых рублях: «пяцёрка – гэта 50 тысяч...», але мая праблема была ў тым, што я ўжо перанастроіўся на новыя грошы і ўжо стаў адвыкаць ад старых. Вядома ж у той сітуацыі я дакеміў што чым з'яўляецца нарэшце.

У канцы снежня паспрабаваў свае сілы ў ан-лайн тэсце на адаптацыю да новых грошай і выбіў 10 з 10. Праўда,калі б там не прыводзіліся варыянты адказаў, вынік быў б не такім высокім.

Банкноты старога наміналу па 1000, 5000, 10000 і 20000 мелі сваю нечаканую перавагу. Большасць інфакіёскаў, што працуюць з наяўнымі, не прымаюць манеты. Пры гэтым яны не прымаюць і білеты на 100 і 500 старых рублёў. Таму, калі маеш заплаціць за мабільнік не картай, а наяўнымі і шкада класці 5 новых рублёў, то старыя грошы маюць значэнне. Таму калі мне некалькі разоў трапляліся такія старыя купюры, то я стараўся скарыстаць іх у інфакіёсках.

Праўда калі плаціш новымі наяўнымі за паслугі сувязі, дзе загадзя выстаўлены рахунак, і кладзеш больш грошай, чым трэба (маўляў, рахунак на 7 руб 58 кап., а кладзеш 10 руб), то інфакіёск можа прапанаваць залічыць рэшту куды-небудзь яшчэ. Так бывае ў паштовых аддзяленнях. А ў Беларусбанку машына прапануе выбраць: усю суму на гэты рахунак ці рэшту куды яшчэ? Бо здачу інфакіёскі не выдаюць.

У канцы снежня заўважыў, што гандлёвыя аўтаматы ў маім вну пачалі працаваць ізноў. Калі пачаўся навучальны год, яны не працавалі (былі пустыя), некаторы час таму там ізноў з'явіўся тавар, але я не памятаю ці была яшчэ восень, ці ўжо зіма. У іх купюрапрыймальнікі замянілі на слоты для манет. Праўда цяпер гэта таксама праблема, хоць і малаверагодная: калі раней усе грошы былі банкнотамі можна было укладаць буйныя білеты і купляць хоць увесь аўтамат (які здачу не дае), а цяпер, калі нейкі багацей захоча прасадзіць дваццаць новых рублёў на аўтамат, яму спратрэбіцца 10 манет па 2 руб, як мінімум. Асноўны кантынгент карыстальнікаў гандлёвых аўтаматаў так не шыкуюць, але не ў кожнага бываюць манеты пад рукой.


Больш "развіты" аўтамат, які выдае здачу. Паркоўка ля Траецкага прадмесця і плошчы Свабоды ў Мінску. Аўтарскі здымак. Верасень 2016 г.

Цікавы лёс у старых старублёвак і пяцьсотрублёвак. Практычна адразу пасля дэнамінацыі іх сталі у вялікай колькасці кідаць у скрыні для ахвяраванняў. Гэта дало ім дадатковае жыццё. Справа ў тым, што у кожнай установе, дзе ёсць такая скрыня ад праваслаўнай царквы ці таварыства інвалідаў, дробныя грошы здаюцца ў касу установы і мяняюцца на буйныя. Але ў апошнія дні туды кідаюць усё менш старой наяўнасці. Ахвяраванні капейкамі павялічваюцца, але не значна. Часам можна сустрэць купюру у 5 ці 10 руб. Відавочна, што ахвяруюць менш, аддаючы старыя білеты згодна прымаўцы «бяры, Божа, што мне не гожа».

Гумар
Мой бацька, заўзяты гумарыст неяк распавядаў пра свой маналог у магазіне пасля дэнамінацыі. Ён кажа гандлярцы:
– У вас керэнкі прымаюць?
– У іх срок годнасці выйшаў, – не разгубілася яна.

Таксама ў першы месяц дэнамінацыі у маршрутку, на якой я ехаў, падсела маладая жанчына пад «шафэ» і з бутэлькай алкаголю ў руках, з якой яна падчас паездкі папівала.
– Вам савецкімі рублямі заплаціць ці драўнянымі? – жартуе яна з вадзіцелем. Мабыць мела на ўвазе, што і старыя і новыя беларускія грошы маюць мала стабільнай вартасці.

У мяне жарты былі крыху больш педантычныя. Калі жонка сказала, што прадала нейкую старую рэч за 50 тыс., я адказаў:
– Калі за 50 тысяч, то гэтага нам на доўгі час хопіць!

Адпетыя махляры
У сувязі з некаторым падабенствам беларускіх рублёў на еўра былі выпадкі, калі беларускімі рублямі разлічваліся ў еўрапейскіх магазінах. У Беларусі быў таксама выпадак, калі замест аднарублёвай манетай расплаціліся батарэйкай таго ж памеру.

Большасць беларусаў па-ранейшаму вядзе разлік у старых грошах, карыстаючыся новымі. Новыя 5 рублёў называюць «50 тысяч» нават трымаючы ў руках. Разліковыя запісы, якія вядуцца асабіста у сшытках, як у групе працяглага дня майго старэйшага сына, звычайна вядуць у дадэнамінацыйных грошах, хоць атрымоўваюць «даніну» ад бацькоў новымі. І гэта таксама спараджае аналагічныя праблемы. Так у адной мінскай маршрутцы, на пытанне «Колькі каштуе праезд?» вадзіцель падчас машынальна адказваў:
– 15. (маючы на ўвазе тысяч старых рублёў або 1 руб 50 кап. новымі)
І не раз пасажыры моўчкі даставалі 15 новых рублёў і аддавалі яму.

Дай мільён!
У ліпені я атрымаў грошы за буйны заказ білетамі па 50 і 100 новых рублёў. Тады праз некаторы час мне трэба было разлічыцца ў аптэцы і за мной была чарга каля 10 чалавек. Я даў новую сторублёўку (1 мільён старымі) і касірка разгублена панесла яе ва ўнутраны пакой, каб знайсці здачу. Людзі ў чарзе не злаваліся на мяне, бо у аптэцы чэргі – з'ява звычайная. А тады народ яшчэ звыкаўся з новымі грошамі. Здачу мне сабралі за пяць хвілін. Але да канца года я трымаў у руках толькі сторублёўкі, нават калі мне былі павінны заплаціць больш. Банкноты па 200 і 500 рублёў пакуль бачыў толькі на малюнках.

***
Тым не менш, цэны ідуць далей. 21 снежня падаражэў праезд у грамадскім транспарце на 5 кап. Паступова даражэюць камунальныя паслугі. Таму я не здзіўлюся з'яўленню новых банкнот у будучыні, як падарункаў інфляцыі. Магчыма праз некаторы час ізноў адродзяцца жарты пра беларускіх мільянераў, а мае дзеці будуць мець цяперашнія новыя пяцьсотрублёўкі, як кішэнныя грошы. Але не магу не заўважыць, што інфляцыя замарудзілася крыху у параўнанні з маім юнацтвам. Часам яна ідзе рыўкамі, але часцей паўзе. Таму толькі праз пэўны час будзе бачна, колькі пражывуць новыя рублі і капейкі.

Патрэбны далейшыя назіранні адвыкання беларусаў ад старых грошай, таму тэма дэнамінацыі яшчэ працягнецца ў наступным годзе.

Таксама: Мы будуем "ізм". Частка 1, частка 2 і частка 3.

08.12.2016

Мы будуем "ізм". Яшчэ некалькі замалёвак.

Я ўжо напісаў два пасты з пэўнымі назіраннямі за сацыяльна-эканамічным ладам Беларусі. Так камусьці здаецца, што Беларусь – гэта такі востраў савецкага сацыялізму, дзе час застыў у 1980-х гг. Але гэта толькі ілюзія.
Увогуле ў свеце няма чыстых капіталістычных ці сацыялістычных дзяржаў. Ёсць камбінацыі таго і другога. Пра беларускую камбінацыю я пісаў неаднаразова, і больш такой інфармацыі можна знайсці ў спасылках у канцы гэтага паста.
У рамках праекта «Каб не забыць» я раблю асноўны акцэнт не на працу з гістарычнымі дакументамі і рознымі поглядамі на іх змест, а на ўласныя ўспаміны і назіранні. Таму я нічога не буду зараз пісаць пра знакаміты закон аб дармаедах, які спарадзіў шмат шуму, пра карупцыю, бюракратыю і праблемы прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. У гэтай працы хачу засяродзіць увагу на ціхае кананне пэўных савецкіх рысаў сацыяльна-эканамічнага жыцця і іх замяшчэнне адпаведнымі рысамі капіталізму. Як звычайна, я нічога не ўхваляю і не асуджаю. Проста шэраг назіранняў, што набраліся за няпоўны 2016 год.

Капейкі савецкіх часоў, якія захаваліся ў маім доме. Фота Д. Берастоўскага, носіць ілюстратыўны характар.

***
Аксамітны летні вечар. Чорнае неба за акном. Ідзе лёгкі дождж, але на вуліцы цёпла. На гадзінніку амаль 23.00. Я знаходжуся ў офісе невялікай кампаніі ў бізнес-цэнтры "Парус" на вул. Мележа. Гэта я здаю праект па перакладу заказчыку – дырэктару гэтай кампаніі.
Дырэктар, мужчына, якому крыху за 30, засяроджана глядзіць у манітор. У яго праблемы з камп'ютарам. Пакуль я адпраўляю яму са свайго нетбука пераклад на пошту, мы абменьваемся кароткімі думкамі.
– Многія беларусы думаюць, што дырэктар кампаніі - гэта чалавек, які ўвесь час свабодны, ходзіць у казіно, ездзіць адпачываць на Канары, – кажу я з усмешкай.
– Працуем над выкараненнем гэтага стэрэатыпу, – крыху дзелавіта адказвае дырэктар.
– А сям'я заўжды разумее працу бацькі і мужа ў такі позні час?
– Разумее. Але часам праводзім тлумачальныя гутаркі.

***
Суботні ранак у пачатку ці сярэдзіне кастрычніка. Збіраюся на работу ў вну. Раптам за акном грымнуў пахавальны марш. Калі я вучыўся ў пачатковай школе, гэта музыка часта пужала мяне. Увогуле пахавальныя працэсіі тады пужалі і адначасова зачароўвалі мяне. Я не баяўся нябожчыкаў, але менавіта раптоўная музыка і, чамусьці, самі труны пужалі і вабілі маленькага Андрэя. Канчаткова гэта пачуцце знікла з першай смерцю ў маёй сям'і ў 2001 г. Потым былі яшчэ пахаванні сваіх і чужых. Але да кастрычніка 2016 г. з 80-х гг. я доўга не чуў гукі пахавальнага маршу. Адвык. Таму здрыгануўся, як ад нечаканага стрэлу.
Дом, дзе я жыву амаль усё жыццё, пабудавалі ў 1969 г. для ваенных. Таму пачуць сумныя гукі труб у 80-х было звычайнай з'явай. За гэты прамежак часу я бачыў вайсковыя аркестры, якія чакалі таго, хто не пачуе іх намаганняў. Чуў стрэлы салюту на Каладзішчанскіх могілках. Здаецца, аднойчы чуў здалёк і забыты марш, як раз на наступны дзень пасля трагедыі на Нямізе ў 1999 г. Але пахаванні са сцягам з чорнай стужачкай, вайсковым аркестрам адыходзяць у мінулае разам з тымі, для каго робяцца такія намаганні і хто не можа іх ацаніць.
Праз кароткі час атрымаў заказ, які абяцаў мне бадзёрую ноч. Калі  мне называлі дакумент па тэлефону, здавалася працы будзе менш, чым на гадзіну, а калі яго даслалі аказалася, што гэта рукапісная выпіска з мноствам пячатак і штампаў, якая абяцала мне "вясёлую" ноч. Не стрымаўся:
– Блін! З такой работай здохнеш і нават на драўляную скрыню, у якой мяне пахаваюць, грошай не хопіць!
– Колькі каштуе такая скрыня?– пытае старэйшы сын.
– Рублёў 400. (Праца перакладчыкам – гэта дадатковая адукацыя, таму цэны на труны я прыблізна ведаў.)
– Старых ці новых?
– Новых.
– Тады ты б навучыўся іх рабіць, і мы б выйшлі з крызісу, – адказвае мудры Данік.

***
У гэтым годзе я ўпершыню за сем апошніх год ездзіў ў адпачынак на адзін тыдзень. За гэты час амаль не рабіў перакладаў. А з прыходам новага навучальнага года жыццё зрабіла мне сюрпрыз. У вну, дзе я працую няпоўны дзень, мяне скарацілі да 0,25 стаўкі. Адначасова адправіў старэйшага сына, Даніка ў першы клас, а малодшага Любчыка ў спецыяльны сад для дзяцей з праблемным зрокам. Ужо пэўны час існуе павер'е, што дзеці ў кране нараджаюцца толькі ў буйных бізнесменаў і чыноўнікаў. Таму мы адразу "ўляцелі" на некалькі соцень новых рублёў. За харчаванне, вопратку, падручнікі, туалетную паперу, сурвэткі, пітную ваду, фламастары, алоўкі, сшыткі, за прынтар у садзік і, калі не памыляюся, плазменны тэлевізар у школе. Верасень-кастрычнік выплачвалі "даніну", а на астатняе спрабавалі жыць. Нярэдка бывала заробіш 10 рублёў, ідзеш з імі ў краму за ежай ці да настаўнікаў у школу і грошы ідуць у далейшы абарот "адпачыўшы" у маім кашальку пару гадзін. Данік спрабаваў мяне падтрымаць:
– Нічога, тата, калі трэба, я магу даць табе рубель з маіх грошай.
Такія словы могуць выклікаць усмешку ў сыты час. Тады гэта рэзанула па сэрцу. Але дзеці таксама плацілі з кішэнных грошай, якія зараблялі ў мяне. Так Данік са сваіх грошай аплаціў паветраны шарык за 1 руб 50 кап, які запускаў у неба падчас урачыстай лінейкі і столькі жа аддаў за паход у экамузей па школьнай лініі. Таксама некалькі калекцыйных дыназаўраў за 6.90 дзеці купілі за свае грошы або папалам са мной. Таму яны добра адчулі наш крызіс.
На цяперашні час сітуацыя з большага нармалізавалася. Але яна не першая ў маім дарослым жыцці. І я па-свойму задаволены, што яны таксама прайшлі праз такі курс маладога бедняка.

***
У Данікавай школе ідзе збор грошай. На гэты раз збіраюць з настаўнікаў. Настаўніца і выхавальніца здалі па рублю ў фонд абароны міру. У мяне, ужо сытага пасля крызісу, узнікае жаданне пакпіць са збіральніцы даніны, хоць мяне гэта не датычыцца.
– А куды пойдуць гэтыя грошы?
– Не ведаю, – дзелавіта, але без злосці адказала яна, – я збіраю іх па загаду завуча. Шукайце ў Гугле.
– Я сам тры гады "адпахаў" настаўнікам. І гэту сітуацыю ведаю добра. Але навошта крыўдзіць нашых настаўніц? Яны і так мала зарабляюць. І як гэтыя грошы дапамогуць бараніць мір?
– Я не ведаю. Вось рэквізіты фонду, – яна паказала мне аркуш паперы са спісам настаўнікаў, у "шапцы" якога быў юрыдычны адрас і банкаўскія рэквізіты арганізацыі. – Я толькі збіраю грошы. Спытаеце ў Гугла.
І яна юркнула ад мяне ў бліжэйшы праход.

***
Таксама ўвосень сустракаю знаёмага. Ведаю яго ўжо год 30. Добры, таленавіты мужык, але залежны ад алкаголю. Ён разумее сваю праблему і змагаецца з ёй. Пры чарговай сустрэчы пытаюся як работа, як здароўе.
-- Ведаеш, закадзіраваўся. Начальнік за свой кошт гэта арганізаваў.
-- Больш не п'еш?
-- Не.
-- А як яны кадзіруюць?
-- Дык я ведаю тое ж, што й ты. Прыйшоў, сеў, яны штосьці казалі, падняўся, пайшоў.
-- Начальнік дбае пра тваё здароўе, раз за свой кошт цябе лячыў.
-- Начальнік уклаў у мяне грошы, як у рамонт інструмента. Інструмент не працуе і ты яго рамантуеш. Вось і ўсё!

***
У канцы лістапада спатрэбіўся электрык. Іду заказаць паслугу ў дыспетчарскай ЖЭС. Дзяжурная стаіць на парозе і курыць.
– Пачакаем, – усміхаюся старэйшаму сыну, які быў са мной, – пакуль спадарыня выканае свой абавязак перад тытунёвымі кампаніямі.
Гэта ўжо стары жарт. Я часта кажу знаёмым курцам, што яны – свядомыя грамадзяне, бо плацяць за тытунёвыя акцызы, потым актыўней карыстаюцца паслугамі медыкаў і купляюць фармакалагічныя тавары, а ўрэшце рана паміраюць і не прымушаюць дзяржаву доўга плаціць ім пенсію.
Жанчына нічога не адказала. Нават не ведаю ці зразумела яна, што гэта быў жарт, а не сарказм. "Жэсаўцам" часта хамяць.
Нарэшце ідзем у памяшканне. На дзверы надпіс, што размова запісваецца. У галаве думка, што тым лепш.
– Добры дзень яшчэ раз. Мне патрэбна заказаць паслугі электрыка: выключальнік на ванны пакой туалет і кухню іскрыць і дрэнна працуе.
– А Вы самі не можаце гэта зрабіць? – незадаволена пытаецца дзяжурная.
– Мне даводзілася такое рабіць, але цяпер там складаная сістэма і я думаю, што лепш даверыць гэта прафесіяналу.
– Вас што у школе не вучылі гэтаму?
– На ўроках фізікі мы збіралі простую электрычную схему, а ў мяне дома складаная.
– А на ўроках працы хіба не вучылі?
– На ўроках працы вучылі працаваць з дрэвам і металам, пілавалі, стругалі, а з выключальнікамі не вазіліся.
– У нас з электрыкамі праблема. Электрык можа і не згадзіцца выканаць гэта як заказ. Хіба толькі вы з ім дамовіцеся. Наогул мужчына сам павінен умець такое рабіць. У нас зараз так цяжка з аплатай і не хапае спецыялістаў.
– Нарэшце, я маю права на такія паслугі як падаткаплацельшчык, – пачынаю пераходзіць у контратаку я. – Я плачу падаткі і за гэта маю права на такія паслугі.
– Вы плаціце толькі 30% камунальных паслуг. Мы даўно прапануем жыхарам вашага дома стварыць таварыства ўласнікаў, плаціць 100%, як гэта робяць у Расіі,  і самім вырашаць якія паслугі вам патрэбны і як нам працаваць. Дык не жадаюць.
– Я б плаціў 100%, калі б было трэба.
– Дык гэта Вы... А пакуль плаціце 30% і маеце такія паслугі.
– Але ж усё роўна рэшту паслуг аплачваюць не з кішэні прэзідэнта...
Тут дзяжурная спыніла мой эканамічны лікбез, магчыма напужалася, што размова пераходзіць у палітыку. І пачала браць мае каардынаты. Яшчэ адзін чалавек са слядамі злоўжывання алкаголем на твары (ці падабенствам на тое), нецікавай работай і верай у тое, што дзяржава – гэта такі дзядзька, які плаціць за ўсе.
Дарэчы, у цяперашніх беларускіх рэаліях за "кішэню прэзідэнта" у такім варыянце ніякай прававой адказнасці не прадугледжана. Тым больш, што я толькі тлумачыў, што бюджэт складаецца з падаткаў, а не з асабістых запасаў прэзідэнта. І пагроза асуджэння за "палітыку" была толькі ў галаве той жанчыны.
Цікава, што рамонт выключальніка заняў толькі пару хвілін увагі электрыка і я сапраўды мог бы яго не турбаваць, але тады гэта было невядома.

***
Паборы ў школе і садзе даюць сваю ціхую перавагу. Есць думка, што кліент заўжды правы. Мабыць, многія бацькі, як кліенты адукацыйных паслуг, гэтага проста не ведаюць. Калі мы далі зразумець свае нетрадыцыйныя погляды на пэўныя патрыятычныя цырымоніі і многія папулярныя святы, то менавіта гэта ідэя права кліента, як плацельшчыка, неяк заўважалася ў рэакцыі настаўнікаў, хоць і ні была агучана.
Мне вядомы выпадак, калі ў суседняй школе класная сына адной знаёмай спрабавала прымусіць увесь клас далучыцца да піянерскай арганізацыі, дзіцячага патрыятычнага руху. Сын і маці цвёрда адмовіліся нягледзячы на прэсінг класнай. Настаўніца перастала цкаваць хлопца за гэта, але яшчэ доўга кпіла з яго (паводле слоў яго маці). А маці аднаго з яго аднакласнікаў, даведаўшыся, што ён-такі не далучыўся да піянераў, здзівілася:
– А што, значыць можна было і не далучацца?
Тут я павольна пераходжу да іншай тэмы: паступовага канання рэлігійных традыцый і палітычных ідэалогій на Беларусі, якія зараз маюць вельмі здаровы выгляд. Паколькі тут я рабіў асноўны акцэнт на эканоміку, то пра другое распавяду асобным пастом.

Таксама:

30.07.2016

Дэнамінацыя 2016 г. Частка 1

У Беларусі чарговы раз памянялі грошы. Для мяне ліпеньская дэнамінацыя 2016 г. стала трэцяй зменай грошай, для маіх дзяцей - першай. Другі раз у гісторыі незалежнай Беларусі зніклі жарты пра беларускіх мільянераў. Першы быў у 2000 г.
На мой сціплы погляд чарговая змена грошай пры спецыфічным развіцці эканомікі і інфляцыі не мела сэнсу. Дакладна не ведаю колькі стабільнай валюты пайшло на новыя беларускія грошы, але, калі верыць інфармацыі, што на выраб талераў і грошай (якія планавалі ўвесці, але не ўвялі ў 90-х) у Еўропе пайшло 25 млн дол., то кошт новых беларускіх грошай можа вымярацца мільёнамі долараў ці еўра. Спадзяюся, што памыляюся.
Крыху гісторыі. У 1992 г з'явіліся першыя беларускія грошы. Ад зайца на аднарублёвай купюры пайшла народная назва беларускага рубля, якая пераходзіла на новыя версіі гэтай грашовай адзінкі. Спачатку «заяц» каштаваў 10 руб як савецкі «чырвонец». Гэта значыць, калі касір кажа: «З вас дзесяць рублёў», даеш ёй аднарублёвага «зайца» ці 2 банкноты па 50 капеек.
У 1994 зрэзалі віртуальны нуль: «заяц» стаў рублём не толькі па наміналу, але і па факту. Інфляцыя ляцела далей. Пра зайцоў ужо было неактуальна, і у кашальках хадзілі білеты на сто тысяч, адзін мільён і пяць мільёнаў рублёў.
2000 г. Ізноў мяняюць грошы з разлікам 1:1000. Але інфляцыя хутка вывела з кашалькоў купюры 1, 3 і 5 руб. Долей пратрымаліся білеты на 10, 20 руб. Потым пала пяцідзясятка. Цяпер грошы, якія планавалі ўвесці ў 2009 г., замяняюць старыя з разлікам 1:10000. Гэта значыць 100 руб старымі = 1 кап новымі, а 10 тыс старых руб= 1 новы руб.
Наконт капеек зазначу, што яны знікалі як плацежныя сродкі намінальна пасля ліквідацыі «вавёрак» (50-капеечная банкнота), але фактычна заставаліся як віртуальны працяг сотай часткі рубля. Аднойчы мне давялося дапамагаць у валанцёрскім праекце, часткова звязаным з арэндай памяшкання. Арэндадаўца лічыў плату па сваёй спецыфічнай формуле, якую трэба было перадаць у рублях у гадзіну. І я напісаў «столькі руб», «столькі кап». Адказныя асобы здзівіліся, але дакументальна ўсё пракаціла.
Таксама нельга сказаць, што цяперашнія манеты – першыя ў гісторыі незалежнай РБ. Доўгі час існуюць памятныя і юбілейныя манеты, якія з'яўляюцца плацежным сродкам. Але праблема ў тым, што іх можна набыць толькі ў спецыялізаваных пунктах Нацбанка за значна большыя грошы, чым яны каштуюць па наміналу. Таму імі цікавяцца выключна калекцыянеры. Можа хто і дзе расплаціўся у касе 20-рублёвай манетай, якую набыў за, маўляў, 50 тыс руб, калі не хапіла на гарэлку, але нічога такога не чуў.
Нарэшце, у галовах беларусаў ужо прайшла пэўная дэнамінацыя з разлікам 1:1000, на ўзроўні ўспрымання грошай з нулямі. Нярэдка можна пачуць: «У вашай маршрутцы каштуе праезд 12 рублёў?» (замест 12 тыс) ці «пры савецкай уладзе я зарабляў 120 тысяч у месяц».
Цяпер я выключаю гісторыка і ўключаю наглядача. Далей буду пісаць пра тое, што я назіраў перад дэнамінацыяй і ў першы месяц з'яўлення новых грошай у г. Мінску. Гэтаму прысвечана першая частка. Пазней, бліжэй да канца года, апублікую больш познія, доўгатэрміновыя назіранні. А больш пра гісторыю беларускіх грошай можна даведацца на сайтах belbonistika.com i nbrb.by.
***
Перад дэнамінацыяй
Напэўна, дэнамінацыя прыйшла ў жыццё мінчан вясной, калі магазіны і кіёскі пачалі выстаўляць цэннікі ў старых і новых рублях. Ніякіх новых рублёў на руках яшчэ не было, а калі і былі, то да 1 ліпеня грошамі не з'яўляліся. Я чамусьці думаў, што закон аб дэнамінацыі адменяць ці адтэрмінуюць да больш стабільнага часу, але падрыхтоўка да змены грошай вялася паўсюль.
Цэны ў новых грошах на маё ўяўленне здаваліся да дэнамінацыі больш нізкімі. Чай па 45000 рублёў за пачак здаваўся даражэй за тую ж цану новымі грошамі – 4 руб. 50 кап. Зразумела, я не вёўся на свае ўражанні і купляў галавой, а не сэрцам. Крыху нагадвала савецкія цэны, але я добра памятаў, што пры Саветах яны былі значна ніжэй і на 4,50 я мог б купіць чаю на перапродаж, калі б займаўся спекуляцыяй. Але гэта ўжо лірыка.
Падрыхтоўка да дэнамінацыі ішла і ў мяне дома. Ужо некаторы час я вучу старэйшага сына Даніка карыстацца грошамі і зарабляць кішэнныя грошы праз выкананне пэўных маіх даручэнняў. Напэўна, самы вялікі плюс ад скасавання нулёў як раз у тым, што шасцігадоваму хлопцу лягчэй рабіць разлікі у межах 100 рублёў, чым лічыць дзясяткі тысяч і мільёны. Але да дэнамінацыі, як і пасля яе я мусіў доўга, цярпліва і бесстаронна тлумачыць Даніку, як працуе эканоміка Беларусі, навошта робяць столькі трактароў, як тата зарабляе грошы і куды ідуць яго падаткі і, што пра суадносіны паміж старымі і новымі грошамі.
За тыдзень да дэнамінацыі пачала з'яўляцца інфармацыя пра магчымыя перабоі з электроннымі плацежнымі сістэмамі. Спачатку на інфармацыйных парталах, потым у СМС-паведамленнях ад мабільных аператараў і банкаў. Таму загадзя зрабіў усе плацяжы якія звычайна рабіў у пачатку месяца. А запас наяўных грошай вырашыў зрабіць ужо бліжэй да дня Х.
29 чэрвеня вечарам вырашыў зняць наяўныя ў банкамаце Беларусбанка на пр. Незалежнасці 155/1, ля м. Усход. Чарга ў банкамат была прыкладна 5-7 чалавек. Я прастаяў 5 хвілін і ў банкамаце скончыліся наяўныя ледзь не перад маім носам. Кінуўся ў бліжэйшы філіял банка на вул. Каліноўскага 82/2 –  там ўжо скончыўся працоўны дзень, а банкамат не працаваў. Вярнуўся на папярэднюю «кропку». Ля старога банкамата ізноў чарга яшчэ даўжэйшая за першую. Нейкая жанчына перад банкаматам у голас «бласлаўляла» дзяржаву і яе ўрад, які, на яе думку, быў вінаваты, што ў банкамаце не было наяўнасці. Часу стаяць не было: мусіў ехаць на другі канец горада. Познім вечарам таго дня інтэрнэт-банкінг працаваў добра.
30 чэрвеня позняй раніцай гуляў з сынамі. Без праблем і чаргі знялі патрэбную суму у банкамаце на вул. Кедышкі ля міні-рынка «Верас».
Першыя новыя грошы
"Сёння ў тысячу разоў // Робяць дэвальвацыю. // А праз месяц трэба зноў // Мяняць намінацыю". Іван Астроўскі. Ох, інфляцыі... (2016) // Не любитель я грустных стихов. Мн.: Колоград, 2024, с. 293

1 ліпеня мусіў наведаць стаматолага на вул. Чорнага 31. Пры сабе меў запас старых грошай, бо ведаў, што тэрмінала там не будзе. Па закону подласці маіх грошай не хапіла: трэба было даплаціць 5 руб новымі ці 50000 старымі. І я пайшоў шукаць банкаматы.
У магазіне «Рублёўскі» непадалёк ад стаматалогіі быў «чужы» банкамат (іншага банка). Банкамат прыняў маю карту, паказаў расклад новых грошай ад 5 руб і далей. Выбіраю 5 руб. У адказ надпіс «наяўных грошай няма». Іду шукаць шчасця далей.
Ля плошчы Калініна знайшоў «родны» банкамат. Выбіраю 10 руб. Выдае дзве новыя пяцёркі, дызайнам крыху падобныя на еўра. За мной прыладзіўся мужчына каля 60.
– Што, новыя грошы ёсць? – пытаецца.
У адказ паказваю пяцёрку.
– Як еўра, – кажа мужчына. – Калі б гэта еўра было!
– Было б файна, – адказваю. І мы абодва смяёмся.
Нясу трафей у стаматалогію, дзе як сумленны чалавек пакінуў свой чэк на касе (бо пакідаць гадзіннік у заклад не рашыўся). Касірка таксама ўзрадавалася новым грошам і стала іх паказваць аднаму з супрацоўнікаў. Дарэчы, мне выпаў гонар стаць іх першым кліентам, якому выбілі чэк у новых рублях, але зніжку на гэты конт не далі.
Дома паказаў дзецям другую пяцёрку. Таксама была радасць. Вечарам паказаў яе знаёмаму, 25-гадоваму хлопцу, з якім меў пэўную сумесную справу. Рэакцыяй было задуменнае здзіўленне. Значыць, яшчэ адзін плюс дэнамінацыі – магчымасць падняць настрой чалавеку.
У першы дзень дэнамінацыі USSD-запыт не працаваў да вечара. У 20.30 праверыў баланс тэлефонаў і адной банкаўскай карткі: ужо працавала і ў новых грошах. Пры гэтым капейкі перадаваліся як сотая частка рубля, напрыклад, 4,41 руб.
Першыя пару дзён мы з жонкай імкнуліся дзе магчыма плаціць карткай, а не наяўнымі. Але ні разу не сутыкнуліся з праблемай тэрміналаў. Пасля гэтага мы пачалі аддаваць старую наяўнасць, якую назапасілі на дзень Х.
4 ліпеня ў жыццё нашай сям'і ўвайшлі капейкі. Я атрымоўваў плату за адзін стары заказ і мне заплацілі выключна новымі грошамі з банка. 3 руб. 80 капеек атрымаў адпаведна манетамі, прычым большую частку па 5 капеек. Мае дзеці ўжо добра ведалі, што такое манеты, бо ў нас скапіліся польскія, украінскія і румынскія грошы з часоў, калі мы з жонкай не мелі дзяцей і маглі сабе дазволіць ездзіць на адпачынак за мяжу. Новыя капейкі сталі дадатковай забавай. Але з гэтага моманту да прыкладна 20-х дзён месяца новыя грошы амаль не бывалі ў нашых руках як здача ў магазіне. Часам давалі новыя рублі і капейкі, але пераважна здачу давалі старымі грошамі. Новыя грошы можна было атрымаць у банкамаце ці ў банку, але наяўнасці хапала і старымі.
Напэўна, найбольшы стрэс ад новых грошай атрымалі старыя. Памятаю як 21 ліпеня у чарзе магазіна «Суседзі» на Каліноўскага 66а перад намі з хлебам-пляцёнкай стаяла жанчына, якой на выгляд было далёка за 70 і нервова круціла двухрублёвую манету. Перад ёй хлопец, год 25 дастаў свае манеты з кашалька. Не вытрымаўшы жанчына кажа яму:
-- Баюся я тыя грошы даваць.
-- Як у вашым дзяцінстве мабыць – усміхнуўся хлопец.
У адказ жанчына штосьці казала пра грошы хрушчоўскай эпохі. Праз пару хвілін касірка па-добраму дапамагла ёй разлічыцца. Было бачна,што для жанчыны звычайны паход у магазін быў сапраўдным стрэсам.
Новыя грошы перадалі чарговы рэверанс ад інфляцыі, бо раней максімальнай банкнотай была 200000 руб (=20 новых руб), а замена грошай прывяла да з'яўлення новых банкнот з больш высокім наміналам: да 500 руб, што фактычна адрадзіла хаджэнне 5-мільённых купюр як ў 2000 г. Але зазначу, што вышэй за 100 новых руб (1 млн руб старымі), грошы ў руках пакуль не трымаў.

 Рубель 1992 г.
 Купюра 1999 г.
 Грошы 2009 года, уведзеныя ў 2016 г.
 Аб'ява на рынку "Верас": у сувязі з дэнамінацыяй тэрмінал не працуе.
 Шпаргалка на спецыфікацыі "Еўраопта": у першыя дні дамалёўвалі дадатковыя нулі, каб не блытацца ў новых цэнах.
 Новыя білеты на наземны транспарт. Злева той, што прадаюць вадзіцелі, на ім новая цэна праштампавана, справа той, што прадаюць у касах Мінска.
 Касавыя апараты "Еўраопта" працуюць са старымі цэнамі, а тэрміналы для картак - з новымі.
 Я больш не мільянер.
Чарга ў магазіне "Феронія" ("Отличный") на пр. Незалежнасці (Усход-1) 10 ліпеня 2016 г. На касе яшчэ вучацца лічыць грошы.

Новыя цэны
Чарнушка пачухаў патыліцу: тры рублі, грошы такія пакласці...
Іван Мележ. Людзі на балоце
У пачатку месяца купляў дзецям ласунак у «Макдональдсе» ля м. Кастрычніцкая.
– З вас 94 тысячы або 9 рублёў 40 капеек, – бойка казала дзяўчына на касе.
Гэта быў рэдкі выпадак яснасці думак у першыя дні дэнамінацыі. Я доўга назіраў, як у магазінах стаялі марудныя чэргі. Касіры глядзелі ў чорна-белыя ксеракопіі шпаргалак параўнання старых і новых грошай, выбівалі чэкі ў новых цэнах, потым на калькулятарах дамалёўвалі нулі і называлі суму ў старых цэнах. Часам касір мог называць цэны ў старых грошах для аднаго пакупніка і ў новых для другога. Але пераважна беларусы думалі катэгорыямі старых грошай. Некаторыя касавыя апараты, напрыклад, інтэрнэт-дастаўкі «Еўраопта», аптэкі «Бераліна» на Незалежнасці 143/1 па-ранейшаму працуюць ў старых цэнах.
Доўгі час праведзены за тлумачэннем старэйшаму сыну грошай дапамог мне больш-менш не блытацца з грошамі, я ўзяў за правіла абмяркоўваць з ім усе цэны выключна ў новых грошах і нават пералічваць старыя грошы прамаўляючы іх услых на новы лад: «2 рублі, 4 рублі» замест «20 тысяч, 40 тысяч». Але не асабліва дапамагло. Часам усё роўна «тупіў» з цэнамі і грошамі, добра што без наступстваў для сямейнага бюджэту. Аднойчы атрымаўшы здачу старымі і новымі грошамі 5 хвілін стаяў і пералічваў іх ізноў і ізноў, пакуль не ўцяміў, што ўсё мне далі правільна. Другі раз палічыў, што пэўная дзіцячая цацка каштуе 2500 старымі (25 капеек новымі) з-за надпісу «2,5» на цэнніку. Насамрэч, яна каштавала 25 тыс BYR (2 р, 50 к BYN).
Сваім заказчыкам я звычайна называю цэны ў старых і новых грошах, але з некаторымі агенцтвамі, з якімі я супрацоўнічаю праз каштарысы ў Excel, мы будзем жыць катэгорыямі старых грошай да канца года, калі старыя грошы перастануць быць плацежным сродкам.
Здаецца, прыкладна пасля 20 ліпеня прадаўцы магазінаў, аптэк, кавярняў і кіёскаў пачалі часцей і часцей называць цэны новымі грошамі і дадаваць пры неабходнасці стары варыянт.
Найбольш смешны момант з новымі цэнамі адбыўся са мной 21 ліпеня раніцай. У садзе, куды  ходзіць мой старэйшы сын, выдалі мне чарговы квіток да аплаты дзіцячага харчавання. На квітку была сума 50900 руб. Як звычайна, адразу пайшоў у бліжэйшы інфакіёск заплаціць карткай па рахунку і ўбачыў што гэта сума выстаўлена новымі грошамі. Зразумела, гэта было памылкай. Я заплаціў 5 руб 9 кап., як трэба і вярнуўся ў сад. Патлумачыў выхавальніцы пра памылку, на што атрымаў адказ, што новы бухгалтар і аванс спецыфічна налічыў, а пакрысе і жартаўлівую прапанову заплаціць гэту суму поўнасцю і набыць дзіцячы сад. Пасмяяліся і разышліся. Дарэчы заўважыў, што на віртуальнай клавіятуры інфакіёскаў з'явілася кропка, каб аддзяляць рублі ад капеек. Можа яна была і раней, але не звяртаў увагі. Падобная кропка з'явілася і на экранах валютных абменнікаў, дзе кошт валюты ў беларускіх рублях па-ранейшаму перадаваўся 5-значнымі лічбамі, але пасля першай стаяла кропка.
Капейкі
Вера-вера-верабейка, Ну, шчасліўчык, слоў няма! Гэта ж цэлую капейку. Ні за вошта атрымаў!
З дзіцячай песні
Яшчэ адным выклікам для кашалькоў і людзей сталі новыя капейкі. Многія кашалькі проста беларусаў проста не маюць аддзялення пад манеты. Але нават калі такія аддзяленні ёсць, ўсё роўна шукаць патрэбныя манеты бывае цяжэй, чым банкноты. Звычайна, я складаю свае банкноты ў парадку ад большай да меншай. І такім чынам заўжды хутка разлічваюся. А капейкі прыходзіцца выцягваць двума пальцамі, перабіраючы кожную з аддзялення, дзе яны ляжаць хаатычна. Але вялікай праблемы ў гэтым не бачу, бо пакуль манеты ў маім кашальку не затрымліваюцца ў вялікай колькасці: часцей за ўсё здачу даюць старымі дробнымі купюрамі.
Бліжэй да канца месяца кур'еры «Еўраопта» пачалі хадзіць з мяшэчкамі з новымі манетамі, у адрозненне ад 18 стагоддзя гэта былі пластыкавыя банкаўскія празрыстыя мяшэчкі перавязаныя рызінкамі. Але даставаць адтуль грошы яшчэ весялей, чым з кашалькоў.
Больш сур'ёзнай праблемай з'яўляецца тое, што расце колькасць малых дзяцей, якія глытаюць новыя капейкі і ствараюць праблему і для бацькоў і для хірургаў. Але думаю, што з цягам часу бацькі навучацца хаваць такія грошы ад дзяцей.
На шчасце!
У пачатку месяца назіраў такую сцэну ў магазіне «Отличный» («Феронія) на Незалежнасці 123. Нейкі малады чалавек з выглядам байкера, які ўжо разлічыўся з касай, пачуў, што там ёсць новы рубель і папрасіў яго даць у абмен на 10000 старымі.
– Трымайце. Ён у мяне тут адзіны. – адказала касірка. – Даю вам на шчасце!
З гэтага часу пачаў заўважаць параваныя старыя старублёўкі (экв. новай 1 капейкі), якія валяліся на дарозе як смецце. Нехта нават выкінуў 2 такіх білета у біятуалет. Мабыць, таксама на шчасце. Не ведаю, ці адрадзіўся звычай кідаць манеткі ў фантаны, вечны агонь на пл. Перамогі, рэкі горада ці тыя ж біятуалеты. Але часу прайшло пакуль мала. Не ўсю знятую ў канцы чэрвеня старую наяўнасць яшчэ рэалізавалі беларусы.
Была магчымасць паназіраць за празрыстымі скрынямі для ахвяраванняў, якія раскіданы па ўсім горадзе на карысць Праваслаўнай царквы, інвалідаў і нават жывёл у заапарку. Ніколі не бачыў новых грошай ні манетамі ні купюрамі. Заўсёды гэта былі старыя грошы, пераважна старублёўкі, рэдка да 10000 (1 новы рубель). У царкоўную скрыню на станцыі метро Усход нехта нават кінуў старыя 50 руб., якія ўжо доўгі час перасталі быць плацежным сродкам.
Цікава, што вакол новых грошай з'яўляюцца канспіралагічныя тэорыі. Адзін з кур'ераў інтэрнэт-дастаўкі ўсур'ёз лічыў, што ўвядзенне манет – гэта падрыхтоўчы этап да ўвядзення расійскага рубля. Мабыць ёсць і тыя, хто знойдзе на новых грошах масонскія сімвалы і кабалістычныя лічбы. Час пакажа.

Гл. таксама: Грошы як свята

19.08.2014

Грошы як свята



Калі мой бацька, тады афіцэр беларускай арміі, прынёс сваю першую зарплату ў беларускіх грошах, было нейкае адчуванне свята. Гэта былі аднарублёвыя купюры з выявай зайца. Адсюль пайшла назва беларускіх рублёў -- "зайчыкі", якая час ад часу выкарыстоўваецца і сёння. Новыя грошы былі рознакаляровымі. старыя савецкія рублі таксама былі рознакаляровымі, але гэта былі новыя колеры і новыя намінацыі: банкноты ў 20 і 30 рублёў замест савецкай 25-кі і білет у 50 капеек.
Памятаю адчуванне свята калі мой дзед атрымаў зарплату новымі грошамі і пералічыў яе ў маёй прысутнасці. Памятаю, як ля Камароўкі стаялі маладыя валютчыкі і бадзёра зазывалі:
-- Долары-марачкі!
Долараў у іх не бачыў і першы свой долар трымаў у руках толькі ў 2000 г. . Нямецкую марку так і не ўбачыў ніколі. Але ў руках валютчыкі звычайна трымалі пачкі беларускіх рублёў.
Было адчуванне, што краіна пачынае наядацца. З'явіліся многія замежныя тавары, якімі сёння нікога не здзівіць.
Пазней гэтыя грошы, якія ўводзілі па курсу 10 савецкіх рублёў = 1 "заяц", абясцэніліся да сваіх надпісаў: 1 рубель з зайцам стаў каштаваць адзін рубель, а не дзесяць. Потым яны пачалі губляць сваю вартасць далей...
Цікава, што, калі савецкія рублі звычайна рвалі пасля іх абясцэнвання, то ў абароце можна было сустрэць "зайцы" з дамаляванымі геніталіямі, або надпісам "долар" замест "рубель".
Я перажыў яшчэ дзве дэнамінацыі, і грошы мянялі свой дызайн. Праз такія дэнамінацыі згубіў сваю заначку з стэпендыі: грошы змяніліся і абмяняць іх было немагчыма. Мой дзед і я згубілі праз змены грошай каля 100 долараў за ўсю гісторыю незалежнасці Беларусі. Пры гэтым я стараўся хутка мяняць свае пры кожнай дэнамінацыі. Некаторы час таму згубіў яшчэ маленькую суму: купюры ў 10 і 20 рублёў адмянілі і іх пэўны час можна было здаваць у банк эквівалентам 50 руб. 150 р. я так спажыў, а 30 так і засталіся на памяць ад інфляцыі.
У Севастопальскім парку мінулай зімой бачыў рэшткі вогнішча: хтосьці спаліў ўсе свае дваццаткі прычым напалову каб бачылі ўто гарэла, а некаторыя іншыя скарыстаў як туалетную паперу. (Гэта не самае бескультурнае з таго, што я бачыў: у Педуніверсітэце, дзе я вучыўся, хтосьці пакінуў падобны "след" на прыступках аварыйнага выхаду, так што адукацыя не робіць людзей культурней...)
Некаторы час таму разам са старэйшым сынам хадзіў атрымоўваць грошы за выкананыя заказы. Калі мы ўсё атрымалі і выйшлі, я запытаўся:
--Калі я атрымоўваў грошы, ты што-небудзь адчуваў?
-- Не, -- здзіўлена адказаў сын.
Напэўна маё адчуванне свята ад новых "зайчыкаў" у падлеткавым узросце было звязана з беднасцю, ў якой жылі паны-афіцэры беларускай арміі, і з тым, што мяне вучылі любіць грошы. Адсутнасць такой рэакцыі ў майго сына хутчэй за ўсё звязана не з узростам (5 год), бо ён ужо многае разумее, а з тым, што ён не жыве ў беднасці, не бачыў перамен у краіне і вучыцца шанаваць грошы, а не любіць іх.

Таксама:
Дэнамінацыя 2016 г. Частка 1
Дэнамінацыя 2016 г. Частка 2
Дэнамінацыя ў Беларусі. Заканчэнне

28.07.2014

Валютны крызіс 2011 г.

Валютны крызіс 2011 г. пачаўся неяк нечакана. Памятаю, як вясной я сядзеў за камп'ютарам на сваёй кафедры ў Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці, туды забегла мая студэнтка Карына Кошалева і прашчабятала:
-- У Мінску перасталі прадаваць валюту!
Я не звярнуў увагі на тую навіну: і без таго хапала праблем. Думаў, мера часовая, толькі што ў магазінах знікаў і зноў з'явіўся цукар-пясок, значыць і з валютай будзе не надоўга. Але хутка сітуацыя стала выглядаць сур'ёзней.
Увогуле крызіс прыходзіць адкуль яго не чакаеш. І нават самая стабільная эканоміка можа рухнуць пры з'яўленні якога-небудзь «фактара-неспадзяванкі». Тым больш эканоміка беларуская, якая ішла то ўгару, то ўніз.

Укладаем цешчыны грошы і свае пакрысе.
Летам мая цешча перадала нам эквівалент тысячы долараў у беларускіх рублях і загадала адрамантаваць на іх кухню пакуль яны не прагарэлі. Пачалася «вясёлая» рамонтная пара. Адзін майстар змяняў другога, цешчыны грошы хутка скончыліся і мы пачалі пускаць у расход нашы зберажэнні. І скончылася ўсё тым, што каб не застацца зусім без грошай на жыццё я мусіў уладкавацца на будоўлю чорнарабочым і папрацаваць там пару тыдняў да выхаду на асноўную работу выкладчыкам англійскай.
Не ведаю, ці было б лепш праесці тыя грошы і спакойна пражыць лета, але рамонт на кухне ўсё роўна трэба было рабіць...
Таксама было адчуванне дэжавю калектывізацыі, калі сяляне рэзалі скаціну, каб не здаваць яе ў калгасы. Мы з жонкай як і многія іншыя таксама знішчылі свае грашовыя рэзервы амаль да нуля, каб апярэдзіць інфляцыю. Дарэчы, інфляцыю не столькі ў плане цэн у магазіне, сколькі рухкі рост долара на чорным рынку: дзяржаўны курс быў 5000, рэальны 6000, потым 7000 і ўрэшце 8600 беларускіх. Акрамя рамонту, купілі аэрагрыль за 2/3 маёй тагачаснай зарплаты (цяпер ён стаіць і чакае чарговага рамонту, а тады здаваўся файнай інвестыцыяй).

А таму што крызіс!
Увесь гэты час, пакуль валюту ізноў не пачалі прадаваць свабодна, было адчуванне набліжэння сацыяльнага выбуху. Прадукты нікуды не знікалі, чэргі стаялі толькі ў валютных абменніках, на вуліцах не было масавага рабаўніцтва, але я думаў, што надахоп валюты можа прывесці да знікнення некаторых гандлёвых арганізацый, што працавалі з імпартным таварам і не маглі тады яго набыць, што многія беларусы, панабраўшы валютных крэдытаў могуць пазбавіцца жылля і сродкаў да жыцця – і тады ўсе праблемы, што ўжо былі ў краіне могуць прывесці да грамадзянскай вайны. Пры гэтым дзяржаўным СМІ даверу ўжо даўно не было, а апазіцыйныя скарысталіся сітуацыяй па поўнай і ім было цяжка не верыць. Да таго ж сарафаннае радыё прадказвала далейшы абвал рубля да курсу 20000 за долар наступнай (2012 г.) вясной. (Што так і не адбылося).
Памятаю, як жонка прасіла мяне знайсці новую работу, бо рост зарплаты не чакаўся, а кошт жыцця ўсё рос і рос. Але я працаваў на будоўлі і не меў часу на пошукі. Таксама беларускі асцярожны менталітэт утрымліваў мяне ад таго каб рабіць рэзкія рухі ў гэтым плане: з работы мяне не гналі, як раз перад крызісам мяне хацела падсядзець загадчыца кафедры, але яе знялі з пасады, а калі начальства вышэй разбірала яе абвінавачванні супраць мяне, за мяне заступілася намдэкана і я сам знайшоў, што адказаць, каб замест лаянкі атрымаць пахвалу. Таму работа ў мяне яшчэ была як тая сініца ў руцэ.
У гэты час многае спрабавалі спісаць на крызіс. Выраз «а таму што крызіс» стаў тлумачэннем многім праблемам, якія насамрэч мелі да яго толькі ўскоснае дачыненне. Думаю, хапіла бізнесмэенаў, што здолелі «наварыцца» менавіта «таму што крызіс».

Які крызіс?
Было і іншае. Я сустракаў бабуль, што сядзелі ў банках і магазінах ля абменнікаў, чакаючы калі праз 4-5 гадзін яны пачнуць працаваць (а працавалі яны вечарам, бо нерэнтабельна было трымаць касіраў поўны працоўны дзень, калі дурных здаць валюту не было) і трымаючы свае месца ў чарзе. Некаторыя нават прыносілі кнігі і складныя стульчыкі. Ніякай злосці ці стомленасці ў іх не бачыў. Не, хапала і тых, хто быў раз'юшаны на ўрад, але былі і тыя, хто моўчкі лавіў свой шанец купіць валюту, як рыбку.
Аднойчы я гуляў з сынам (цяпер старэйшым, тады адзіным) ля мосціка праз Сляпянскае вадасховічша, што злучаў 1-ы і 2-і Ўсходы. Там з боку школы №137 пасвяцца голубі ў вялікай колкасці. Мой Данік любіў іх паганяць. Пакуль ён ганяў, я назіраў такую сцэнку: маладая мама сыпле пшанічную крупу з пакета птушкам. Адна старая жаншчына пытае ў яе:
-- Вы чаго сыплеце пшано ў такой колькасці?
-- А чэрві ў ім завяліся, дык усё роўна выкідаць. Хай хоць птушкам будзе, -- адказала маладая мама. А голубі шалелі ад такой колькасці ежы.
Я падумаў тады: не ўсё так блага, калі мы кормім галубей, а не ядзім іх.
На другім баку ракі стары чалавек дастаў пакет з абгрызенымі хлебнымі коркамі і стаў крышыць іх качкам. Я падыйшоў да яго і загаварыў пра крызіс
-- Які крызіс? Вось вайна была, а гэта не цяжкасці, -- разважліва адказаў стары.
Я пагадзіўся. Мне ён нагадаў тое, што я бачыў раней і перажыў сам. Калі мне было гадоў 5-6, стары 80-гадовы сусед даставаў батоны з сметніцы ля пад'езда і крышыў іх галубам. Тады я не разумеў, як можна лезці рукамі ў сметніцу. Але ў 90-х, калі сур'ёзна пачала хварэць мая маці і трэба было купляць ёй дарагія лекі, я даведаўся што значыць жыць з пастаянным пачуццём голаду. Не, зразумела, не такога, калі няма чаго есці, а такога калі ты ўвесь час недаядаеш. Памятаю, як мы з братам елі свежы белы хлеб з такім смакам, як бы ён быў пірожным. Цяпер я сам рэдка дазваляю сабе выкінуць старую ежу ва ўнітаз ці ў сметніцу. Хлеб з сметніц не дастаю, але таго суседа-нябожчыка разумею добра.
Таксама не спынялася бясконцая будоўля, якую можна бачыць то тут, то там у Мінску. Усё працавала вакол і валютны крызіс не здолеў гэта спыніць.

Перамен!
Крызіс вывеў многіх незадаволеных на вуліцы. Пачаліся маўклівыя акцыі пратэсту, калі ўдзельнікі час ад часу пляскалі ў далоні, а астатні час маўчалі. Вадзіцелі спынялі машыны і сігналілі, штучна рабіўшы заторы на дарогах. Міліцыя арыштоўвала некаторых удзельнікаў гэтых акцый, і іх прысуджалі да выплаты штрафаў. Хадзілі жарты, што пляскаць у тэатры і на канцэртах цяпер забаронена, бо тады могуць арыштаваць за палітыку. Узмацнілася і адказнасць за арганізацыю і правадзенне масавых мерапрыемстваў. Тым не менш, масавыя мерапрыемствы, якія не мелі дачынення да патрыятызму і лаяльнасці ўладзе, не былі забаронены. Так летам 2011 г. мне даводзілася пабываць на адным масавым мерапрыемстве, не звязаным з палітычнымі спаборніцтвамі і ніякага прэсінгу я там не адчуў. Міліцыя шчыльна ахоўвала ўваходы, недазваляла праносіць некаторыя патэнцыяльна небяспечныя рэчы, але толькі каб прадухіліць магчымасць тэрарыстычнай пагрозы. Ніхто з некалькіх тысяч удзельнікаў не быў затрыманы, ніякай забароны пляскаць у далоні прамоўцам не было, як не было і ніякай спробы прымусіць удзельнікаў мерапрымства заявіць аб лаяльнасці ўладзе. (Пішу ўсё гэта, бо не раз сустракаў людзей, якія лічаць, што ў Беларусі ўсё кантралюецца дзяржавай і ўсіх незадаволеных кідаюць у турмы і лагеры).
Паколькі я не быў сведкам акцый пратэсту, я не магу нічога аб'ектыўнага напісаць пра іх акрамя таго, што ўжо напісаў. І праблема тут у адсутнасці сапраўды аб'ектыўнага апісання той пратэстнай хвалі, што была летам-восенню 2011 г. Дзяржаўныя і апазіцыйныя СМІ напісалі і знялі на відэа многае, але кожны на свой лад, так што цяжка зразумець што ж было на самой справе. Многія гісторыі, што з'яўляліся ў друку і Інтэрнеце немагчыма праверыць. Відэа здымалася так, што не было зразумела колькі чалавек сапраўды прыйшло на дэманстрацыю, чаму міліцыя і КДБ хапалі адных і пакідалі іншых.
Негледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці нешта аб'ектыўнае і фактычнае пра пратэсты 2011 г. я сказаць магу. Адна з маіх студэнтак неяк ішла з работы дадому і ўбачыла, як раптам людзі вакол яе запляскалі ў далоні. Яна казала, што была атмасфера нейкага свята (а тады яна не ведала, што гэта быў пратэст).
Падчас крызісу многія мае студэнты-завочнікі лаялі Лукашэнку за валютны крызіс. Асабліва тыя, што не выплацілі валютныя крэдыты. Я пытаюся ў адной групе:
-- Ну а што б вы казалі прэзідэнту, калі б ён зараз увайшоў у аўдыторыю?
-- I want to join BRSM (я хачу далучыцца да БРСМ), -- адказаў адзін хлопец, і ўсе зарагаталі.
Калі крызіс ужо ішоў у свой фінал, сярод маіх завочнікаў быў адзін апазіцыянер-актывіст. Ён казаў, што кожны дзень слухае песню В. Цоя «Перемен», якая стала сімвалам пратэсту для многіх незадаволеных у той час, і ходзіць на акцыі маўклівага пратэсту. Я цынічна скарыстаўся яго перакананнямі, каб «уцюхаць» яму свой тавар:
-- Каб быць харошым рэвалюцыянерам, трэба добра вучыцца. Асабліва вучыць англійскую мову. Бо інакш, як замежжа Вам дапаможа?
Цікава, што гэта размова была ў кабінеце падзеленым тонкай сцяной на дзве часткі, і на другой палове таксама займалася група з настаўніцай. Я не раз бачыў, як палохаліся мае калегі, калі размова пры студэнтах пераходзіла на палітыку (тут, мабыць, працуюць гены, прычым нават не савецкіх часоў, а яшчэ эпохі Расійскай імперыі). Але я добра разумею, што мне за такія жарты нічога ад правахоўцаў не будзе: па-першае, ў кожным вну хапае людзей, якія рэальна парушаюць законы (хабарнікі, і інш.), па-другое, Беларусь – гэта не СССР, дзе ўсіх прымушаюць згаджацца і ўхваляць што-небудзь (я добра адчуў гэту розніцу з дзяцінства), па-трэцяе, нічога крамольнага ў падобных жартах няма. Зразумела, ў кожным вну хапае тых, хто шукае магчымасці здаць калегу за эскімо, але даказаць абвінавачванні таксама не проста. У гэтым выпадку мая калега магла пачуць нашу суразмову, але, нічога мне не казала.
Магу ўзгадаць яшчэ адзін выпадак. Ужо пасля крызісу вулічныя акцыі яшчэ праходзілі, і апазіцыя планавала масавы мітынг «Народны сход» у адну з субот кастрычніка. У той дзень на завочцы паставілі па 5-6 пар. Думаю, што гэта было звязана з мітынгам: каб студэнты не ішлі на яго, але ці была гэта мясцовая ініцыятыва, ці загад «зверху» -- не ведаю. Пры гэтым студэнтам давалі магчымасць адпрошвацца праз пісьмовую заяву дэкану, і мы з групай, што я вёў, жартавалі:
-- Студэнт піша «прашу адпусціць мяне з заняткаў у сувязі з наведваннем «Народнага сходу»».
Але з тых, што адпрасіліся, думаю, ніхто і не думаў ісці на такі сход. Народ ужо згубіў цікаўнасць да палітыкі.

Яны плацілі наяўнымі.
Як я ўжо пісаў, былі тыя каго крызіс не закрануў, альбо закрануў меньш за іншых. Я бачыў як некаторыя прадпрымальнікі плацілі доларамі за адсутнасцю рублёў (зразумела, не ў магазіне). Адзін мой калега запрасіў майстроў рамонтнікаў, штосьці адраматнаваць у кватэры на вялікую суму грошай. Быў вечар нядзелі, калі трэба было ім заплаціць. Звычайна майстры ахвотна бяруць доларамі (хоць афіцыйна рубель – адзіная плацежная адзінка), але ў гэтай сітуацыі адмовіліся і патрабавалі заплаціць рублямі. І, як я зразумеў, па файнаму для сябе курсу.
Яшчэ нейкі раз на тралейбусным прыпынку гутарыў з нейкім чалавекам. Нечакана ён паказаў мне на праваслаўную царкву недалёк і запытаў:
-- Царкву бачыш?
--Бачу.
-- Я там праводзіў тэлефанію. Навошта ім яна там?
-- Ну, пажарных выклікаць...
-- Не, ты не разумееш, там такая спадарожнікавая сувязь, што ого-го! Але я не супраць: яны плацяць наяўнымі і ў валюце.
Потым дадаў:
-- Калі б нас Расія купіла, дык і наладзілася ўсё.
Дарэчы думка «Расія нас купіць» была ў нейкай ступені распаўсюджана, але нельга казаць, што ў Беларусі многія мараць аб уз'яднанні Беларусі і Расіі. Памятаю як у пачатку 2000-х на ўроку, які я вёў у школе, адзін хлопец выпусціў газы і казаў, што яны для Расіі (а тады ішла чарговая гандлёвая вайна: Расія жадала прадаваць газ даражэй, а Беларусь – купляць яго танней і многія адчувалі некаторую варожасць да ўсходняй суседкі). Ідэйных патрыётаў на Беларусі, якія б жадалі незалежнасці ад Расіі ці наадварот далучэння да яе я сустракаў нешмат. Асноўная маса – прагматыкі, якім галоўнае не ідэя, а матэрыяльны дабрабыт. У той час некаторым бачылася, што аб'яднанне з РФ магло б палепшыць іх дабрабыт. Цяпер такіх людзей менш.
Але галоўнае ў іншым: падчас крызісу валюта ў Беларусі была, але не для ўсіх.

Урокі эканоміі
Крызіс 2011 цягнуўся нядоўга, але навучыў мяне з жонкай лепш карыстацца сваімі магчымасцямі. Раней некаторыя старыя рэчы мы проста аднослі на сметніцу. Цяпер звычайна шукаем магчымасць прадаць іх хоць за 5000 руб ці абмяняць на штосьці іншае. Пасля крызісу я пачаў працаваць больш і праз некаторы час мой дадатковы заробак – рэпетытарская дзейнасць і пераклады – стаў асноўным.
Таксама доўгі час пасля крызісу я меў моцны недавер да банкаў і трымаў грошы дома. Але потым ізноў паклаў іх у той жа самы банк (зараз іх ужо з'еў капітальны рамонт).
Некаторыя спецыялісты пачалі брацца за розныя работы. Напрыклад, плітачнікі сталі рабіць іншыя віды рамонту і выязджаць нават на невялікія заказы. Некаторыя іншыя сталі браць меньш за свае паслугі (але найбольш раскручаныя – наадварот больш).

Пасля таго як цэны на валюту паднялі да ўзроўню чорнага рынку і стала магчыма ізноў набываць яе ад крызісу застаўся толькі адзін напамін: каб купіць валюту трэба было прад'яўляць пашпарт (практыка, адмененая ў 2006 г.). Але ці магчыма было пазбегнуць гэты крызіс? Не думаю, што, калі б хваляванні супраць улады перараслі ў сапраўдную рэвалюцыю, новы ўрад быў бы здольны спыніць крызіс. Калі б насельніцтва размяло валюту з абменнікаў, ніякай карысці б дзяржаве ад гэтага не было. Быў выбар ці падняць цэны на валюту да ўзроўню «кусачых», ці прадаваць яе абмежавана па нізкіх. Спачатку зрабілі другі варыянт, потым, калі паніка сціхла – перайшлі да першага. Ніякі ўрад не здолеў б знайсці які небудзь геніяльны трэці варыянт. А будаваць эканоміку так, каб крызіс не ўзнік... Думаю, што недасканалым людзям гэта праблематычна, бо ёсць многія рэчы, якія могуць абваліць любую эканоміку, і якія не прадугледзіш...

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць