25.08.2013

Школьны дзённік маёй мамы

Гісторыя СССР - гэта не толькі войны, будоўля камунізму, лебядзінае возера, першамайскія дэманстрацыі, дэфіцыт і барацьба з дысідэнтамі. За гэтымі падзеямі лёгка не заўважыць жыццё простых людзей. А без разумення жыцця простых людзей няма правільнага ўспрымання гісторыі.
1970/71 навучальны год стаў апошнім школьным годам дзясяцікласніцы Люды Піянзінай -- маёй маці, Людмілы Дзмітрыеўны Берастоўскай (1953-2022). Яна вучылася ў СШ № 114 г. Мінска (гэта школа існуе і зараз). Вось фотаздымкі з яе школьнага дзённіка.

 Дзённік каштаваў 15 капеек.

 Кожны дзень па 5-6 урокаў з 8.15 да 13.45

 Запаўненне дзенніка і паводзіны таксама "караліся" ў балах

 Цікава, а што было ў к/т "Піянер"?

 На суботу задавалі як на экзамен


Гэта быў выпадак, калі дырэктар давёў маму да слёз і яна стала спіной, каб ён не бачыў як яна плача.
-Ты чаго стала да мяне задам? - вылаяўся ён.
- Разглядайце зад сваёй уласнай дачкі!- выпаліла Люда Піянзіна і выбегла з кабінета.

 На грамадазнаўстве вучылі праграмы КПСС, а СССР усё роўна разваліўся.

 Бацькі былі абавязаны штотыднёва падпісываць дзённік

 З гэтымі сходамі і пазакласнымі мерапрыемствамі ў СССР было як зараз у Туркменістане. Прычым патрабавалі з нармальных дзяцей, а адзін мамін аднакласнік спаў п'яны на ўроках матэматыкі і, я ўпэўнены, ні  яму, ні яго бацькам нічога не было.

 Беларускую мову тады дазвалялі не вучыць, а на ўроках "бел.літ." адказываць па-руску. Паспрабаваў б я ў Маскве "сачкаваць" у школе ўрокі рускай і адказываць на "рус.літ" па-беларуску.


Нормы "Гатовы да працы і абароны СССР": савецкая дзяржава была мілітарызавана да немагчымасці і з кожнага падлетка хацелі рабіць не толькі будаўніка камунізму, але і салдата.
 У канцы мая "расслабон" як у арміі перад "дэмбелем"

 Яшчэ адна праграма КПСС.

 Дзённік вучні запаўнялі чарніламі, а настаўнікі пісалі шарыкавымі асадкамі.

 Пасля 5 ўрокаў -Ленінскі залік. Не, з такім падыходам да выхавання, у СССР не было шансаў выжыць.


Імя настаўніцы хіміі захавалася поўнасцю для нашчадкаў. А ці жыва яна яшчэ?

Цікава і тое, што простыя пажаданні шчасця, поспеху, кахання, якімі пакрыты казённыя запісы дзённіка з'яўляюцца свайго кшалту сімвалам: якую б сістэму поглядаў не піхалі ў простых людзей, яны выжываюць і такая сістэма поглядаў праходзіць праз іх і выходзіць з арганізму амаль не зрабіўшы шкоды. Таксама як бы не хавалі гісторыю простага чалавека за драматычнай эпапеяй вялікай дзяржавы, гэта гісторыя будзе напісана паверх такой эпапеі рана ці позна.

Таксама: Пиянзины

21.08.2013

Марцін Лютэр Кінг. У мяне ёсць мара. Пераклад з англійскай

(Прамова, зробленая на прыступках мемарыяла Лінкальну ў Вашынгтоне (акруга Калумбія) 28 жніўня 1963 года Марцінам Лютэрам Кінгам, палітычным і рэлігійным дзеячом і барацьбітом за роўныя правы белага і чорнага насельніцтва ЗША)

Сотню гадоў таму вялікі амерыканец падпісаў Пракламацыю аб вызваленні нявольнікаў. Гэты гістарычны дакумент стаў як вялікае святло маяка надзеі для мільёнаў негрыцянскіх рабоў, якія пакутавалі ў агні пякельнай нясправядлівасці. Гэта было падобна таму, як прыходзіць радасны світанак, каб пакласці канец доўгай ночы палону.

Але, праз сто гадоў пасля гэтай падзе, мы мусім бачыць быць відавочцамі трагічнага факта, што негр яшчэ несвабодны. Праз сто гадоў жыццё негра яшчэ скавана наручнікамі сегрэгацыі і ланцугамі дыскрымінацыі. Праз сто гадоў негр жыве на адзінокім востраве беднасці сярод шырокага акіяна матэрыяльнага дабрабыту. Праз сто гадоў негр чахне на перыферыі амерыканскага грамадства і робіцца выгнаннікам на ўласнай зямлі. Таму мы прыйшлі сёння сюды, каб звярнуць увагу на такое жудаснае становішча.

У некаторым сэнсе мы прыйшлі да капітала нашай краіны, каб атрымаць наяўныя грошы па чэку. Калі архітэктары нашай рэспублікі  напісалі цудоўныя словы Канстытуцыі і дэкларацыі незалежнасці, яны падпісалі пазыковае абавязацельства, якому кожны амерыканец меў стаць спадкаемцам. Гэты вексель быў абяцаннем, што ўсім людзям будуць гарантаваны неад'емныя правы на жыццё, свабоду і шуканне шчасця.

Сёння відавочна, што Амерыка аннулявала пазыковае абавязацельства ў дачэненні да сваіх цёмнаскурых грамадзян. Замест таго каб выканаць гэты святы абавязак, Амерыка дала неграм незабяспечаны чэк, які ім вярнулі з нататкам "недастакова сродкаў". Але мы адмаўляемся паверыць, што банк справядлівасці стаў банкрутам. мы адмаўляемся паверыць, што ў сховішчах магчымасцяў нашай краіны недастаткова сродкаў. І вось мы прыйшлі каб атрымаць грошы па гэтаму чэку - па чэку, які дасць нам па патрабаванню багацці свабоды і бяспеку справядлівасці. Таксама мы прыйшлі на гэта святое месца, каб нагадаць Амерыцы аб жорсткай неадкладнасці сучаснай рэчаіснасці. Няма часу на раскошу заспакаення ці на падобныя транквілізатарам паступовыя рэформы. Цяпер час перайсці з цемнай і бязлюднай даліны сегрэгацыі на сонечны шлях расавай справядлівасці. Цяпер час адчыніць дзвер магчымасцяў для ўсіх дзяцей Бога. Цяпер час выцягнуць нашу краіну з хісткіх пяскоў расавай несправядлівасці і паставіць яе на цвёрды падмурак братэрства.

Для краіны было б катастрофай прапусціць гэты момант і недаацэніць дыскрымінацыю неграў. Пякучае лета справядлівай незадаволенасці неграў не скончыцца, пакуль не прыйдзе жывіцельная восень свабоды і роўнасці. Тысяча дзевяцьсот шэсцьдзясят трэці - гэта не канец, а пачатак. Тыя, хто спадзяецца, што неграм треба спусціць пару і супакоіцца, сутыкнуцца з жорсткай рэальнасцю, калі краіна вярнецца да свайго звычайнага жыцця. Не будзе ні міру, ні спакою, пакуль неграм не будуць дадзены іх грамадзянскія правы. Віхоры непарадкаў будуць далей трасці асновы нашай краіны, пакуль не настане дзень справядлівасці.

Але я маю нешта сказаць свайму народу, які стаіць на цёплым парозе, што вядзе ў палац спрядлівасці. У барацьбе за атрыманне месца, якое належыць нам па праву, мы не павінны запляміць сябе дрэннымі ўчынкамі. Хай не будзем мы праганяць смагу свабоды, піючы з келіха  крыўды і нянавісці.

Мы заўсёды павінны весці сваю барацьбу на высокім узроўні годнасці і дысцыпліны. Мы не павінны дазволіць нашаму творчаму пратэсту апусціцца да фізічнага насілля. Зноў і зноў мы мусім уздымацца да велічных вышыняў супрацьстаяння фізічнай сіле сілай духу. Новы цудоўны баявы дух, што ахапіў негрыцянства, не павінен падштурхоўваць да недаверу ўсім белым людзям, бо многія з нашых белых братоў, як сведчыць аб гэтым іх прысутнасць тут сёння, зразумелі, што іх лёс звязаны з нашым лёсам, а іх свабода неразрыўна звязана з нашай свабодай. Мы не можам ісці ў адзіночку.

І пакуль мы ідзем, мы мусім прысягнуць, што пойдзем уперад. Мы не можам павярнуцца назад. Ёсць тыя, хто пытаюцца ў барацьбітоў за грамадзянскія правы: "Калі ўжо вы будзеце задаволены?" Мы не можам быць задаволенымі, пакуль нашы целы,  стомленыя ад цяжкай дарогі не адпачнуць у матэлях ля шашы і гарадскіх атэлях. Мы не можам быць задаволенымі, пакуль асноўная магчымасць негра куды-небудзь пераехаць - гэта змяніць маленькае гэтта на гэтта паболей. Мы не можам быць задаволенымі, пакуль негр у Місісіпі не мае права галасаваць, а негр у Нью-Ёрку лічыць, што яму няма прычын удзельнічаць у выбарах. Не, не, мы не задаволеныя і не будзем задаволенымі, пакуль не пацячэ, як вада, суд і праўда - як моцны паток. (1)

Я не маю сумненняў, што некаторыя з вас прайшлі праз цяжкасці і выпрабаванні. Некаторыя з вас прыйшлі сюды непасрэдна з-за кратаў. Некаторыя з вас прыйшлі з раёнаў, дзе ваша жаданне атрымаць свабоду сутыкнулася з навальніцай праследаванняў  і вятрамі паліцэйскага самавольства. Вы сталі выпрабаванымі ваярамі ў разнастайных пакутах. Працягвайце сваю справу з верай у тое, што несправядлівыя пакуты будуць узнагароджаны.

Вяртайцеся ў Місісіпі, вяртайцеся ў Алабаму, вяртайцеся ў Джорджыю, вяртайцеся ў Луізіану, вяртайцеся ў трушчобы і гета нашых паўночных гарадоў і ведайце, што нейкім чынам гэта становішча можа і будзе мяняцца. Не будзем жа качацца ў даліне адчаю.

Я вам кажу, сябры, што, нягледзячы на цяжкасці і расчараванні цяперашняга часу, у мяне ёсць мара. Гэта мара каранямі ўходзіць у амерыканскую мару.

У мяне ёсць мара, што аднойчы наша краіна ўстане і будзе жыць у згодзе з сваім крэда: "Мы зыходзім з той відавочнай праўды, што ўсе людзі створаны роўнымі." (2)

У мяне ёсць мара, што аднойчы на чырвоных узгорках Джорджыі сыны былых рабоў і сыны былых рабаўладальнікаў здолеюць сесці разам за адным сталом брацтва.

У мяне ёсць мара, што аднойчы нават штат Місісіпі, штат-пустыня, што пячэ гарачынёй нясправядлівасці і прыгнёту, стане аазісам свабоды і правасуддзя.

У мяне ёсць мара, што чацвёра маіх дзяцей будуць калі-небудзь жыць у краіне, дзе аб іх будуць судзіць не на падставе колеру іх скуры, а на падставе сутнасці іх характару.

У мяне сёння ёсць мара.

У мяне ёсць мара, што аднойчы штат Алабама, дзе цяпер з вуснаў губернатара цякуць  словы умяшальніцтва і адмовы прызнаць федэральныя законы, пераўтварыцца ў месца дзе малыя чорныя хлопчыкі і дзяўчынкі здолеюць узяцца за рукі з малымі белымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі і гуляць разам як сёстры і браты. (3)

У мяне сёння ёсць мара.

У мяне ёсць мара, што аднойчы кожны дол напоўніцца, і кожная гара і падгорак панізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі; і з'явіцца слава Гасподняя і ўбачыць гэта кожная плоць. (4)

Гэта наша надзея. Гэта вера, з якой я вярнуся на Поўдзень. З гэтай верай мы выпілім з гары адчаю камень надзеі. З гэтай верай мы здолеем пераўтварыць лаянку сварак у нашай краіне ў прыгожую сімфонію братэрства. З гэтай верай мы здолеем разам працаваць, разам маліцца, разам змагацца, разам ісці за краты, разам змагацца за свабоду, ведаючы, што аднойчы мы будзем свабодныя.

Гэта будзе дзень, калі ўсе дзеці Бога змогуць спяваць з новым сэнсам словы: "Мая краіна, пра цябе, мілы край свабоды, пра цябе я спяваю. Зямля, дзе памерлі мае бацькі, зямля гонару пілігрыма, хай з кожнага горнага схілу звініць свабода." (5)

І калі Амерыка мае стаць вялікай дзяржавай, гэта абавязкова павінна адбыцца. Так хай звініць свабода з чароўных узгоркаў Нью-Гэмпшыра. Хай звініць свабода з магутных гор Нью-Ёрка. Хай звініць свабода з узвышша Алегені ў Пенсільваніі!

Хай звініць свабода з пакрытых снежнымі шапкамі скал Каларада!

Хай звініць свабода з фігурыстых горных вяршынь Каліфорніі!

Але не толькі гэта; хай звініць свабода з Стоўн Маўнцін у Джорджыі!

Хай звініць свабода з Лукаўт Маўнцін у Тэнэсі!

Хай звініць свабода з кожнага пагорку і кожнай кратавіны ў Місісіпі. З кожнага ўзгорку хай звініць свабода.

Калі мы дадзім свабодзе зазвінець, калі мы дадзім ёй звінець з кожнай вёскі і хутара, з кожнага штата і горада, мы паскорым з'яўленне таго дня, калі ўсе дзеці Бога, чорныя і белыя, яўрэі і людзі з іншых народаў, пратэстанты і каталікі змогуць узяць адно аднаго за рукі і заспяваць стары негрыцянскі духоўны гімн: "Нарэшце свабодныя! нарэшце свабодныя! дзякуй Богу Ўсемагутнаму, мы нарэшце свабодныя!" (6)

Пераклад з англійскай Андрэя Берастоўскага

ТЛУМАЧЭННІ:

(1) Цытата з Бібліі з незначнымі змяненнямі, Кніга прарока Амоса, раздзел, 5 верш 24 (прыведзена з пераклада Васіля Сёмухі, стылізаванага пад сучасную беларускую арфаграфію);

(2) Цытата з Дэкларацыі незалежнасці ЗША прыведзена па апублікаванаму на HistoriaPure і ў Вікіпедыі тэксту пераклада, зробленага маімі былымі студэнтамі;

(3) Фраза "адмова прызнаць федэральныя законы" лепей перадае ідэю слова nullification, чым літаральны эквівалент "ануляванне";

(4) Цытата з Бібліі з незначнымі змяненнямі, Кніга прарока Ісаі, раздзел, 40, вершы 3 і 4 (прыведзена з пераклада Васіля Сёмухі, стылізаванага пад сучасную беларускую арфаграфію);

(5) У арыгінале гэта песня ўяўляе сабой рыфмаваны верш, але, шкада, перакласці верш вершам, каб яшчэ і захавалася гара, на якой звініць свабода, я не пацягнуў, таму словы гэтай песні на беларускай атрымаліся крыху нязграбна.

(6) Gentiles лепш перакладаць "людзі з іншых народаў", чым "неяўрэі" ці "язычнікі".

20.08.2013

"Патапка" - якасны прадукт

Нярэдка ў апазіцыйных СМІ можна праследзіць такую думку "у Беларусі нічога не робяць, каб друкаваць якасную сучасную літаратуру". Гэта не зусім так. Нават гэта зусім не так. Праблема стварэння якаснага інфармацыйнага прадукту на беларускай мове ёсць, але хачу падзяліцца з цікаўнымі, якую кніжку я знайшоў у дзіцячай бібліятэцы свайго мікрараёна (Усход-1). Дарэчы, там выбар ёсць, хоць і ў некалькі разоў меньшы за рускі "кантэнт". Гэта кніжка - добры прыклад таго, што на сучаснай беларускай мове МАГЧЫМА выдаць якасны інфармацыйны прадукт, у т.л. для тых, хто хоча чытаць сваім дзецям кніжкі па-беларуску.










18.08.2013

Мой кастынг неандэртальцаў

Як, я ўжо пісаў, вучоныя-эвалюцыяністы выбіраюць з адкапаных неандэртальцаў найбольш нязграбных і непадобных на сучаснага чалавека. Гэта свайго роду "кастынг", які мае мэтай даказаць, што неадэртальцы былі ніжэй у развіцці за homo sapiens, а старажытныя людзі ўвогуле дурней за сучасных.
Таксама я пісаў, што бачыў сучаснага чалавека, знешне падобнага на неандэртальца. І вось я вырашыў паказаць, што сучасных людзей, якія падобны на неандэртальцаў хапае. І ўвогуле, паколькі няма дакладнай інфармацыі па расаваму і нацыянальнаму паходжанню чалавечых асоб, яікіх умоўна назвалі неандэртальцамі ад назвы пэўнай мясцовасці (як, напрыклад слова мінчанін ці расіянін можа прымяняцца да чалавека любой нацыянальнасці  ці культуры), то няма магчымасці дакладна сцвярджаць, што існавала пэўная, маўляў, раса ці тып людзей, і што неандэртальцы вымерлі як маманты. Можа з такім жа поспехам варта сцвярджаць аб існаванні расы гарбатых. Да таго ж, некаторыя егіпецкія фараоны мелі незвычайную форму чэрапа, але пры гэтым заставаліся homo sapiens... Карацэй вось мае неандэртальцы з Інтэрнета.





***
А вось адносіны да неандэртальцаў даследчыка Жоаа Зільяа (ун-т Барселоны): "неандэртальцы не проста мелі прызнакі культуры и абстрактнага мыслення, але і ў цэлым значна былі падобны на сучасных людзей". (цыт па: http://www.vesti.ru/doc.html?id=1085522&cid=2161) (вось таксама яго ўласная выкладчыцкая старонка: http://www.ub.edu/SERP/membres/zilhao.html)
Іншае па тэме:
Старажытныя людзі: дурней ці разумней за нас? Жывапіс і разважанні.
Старажытныя людзі: сям'я, грамадства, дзяржава і рэлігія

11.08.2013

Косці пад падмуркам

Перш за ўсё, вандроўкай гэты праект можна назваць умоўна, бо жыву я побач і магу абыйсці гэты раён меньш чым за адну гадзіну. Але ўсё ж гэта можна аднесці да катэгорыі вандровак.

Навошта лезці ў такое мінулае?
"-- Где цыган, там обман
-- Фашист -- значит примитивист
-- Я -- фашист"
(Из настенной переписки радикалов в полукилометре от строительства комплекса "Маяк")

У 2013 г. комплекс будынкаў "Маяк Мінска" быў аб'яўлены найлепшым шматфункцыянальным комплексам Усходняй Еўропы. Але ў 1940-60-я гг. на ўсходняй частцы гэтага комплекса былі пахаванні нямецкіх салдат і афіцераў.
1 - Могілкі салдат Вермахта (чырвоныя і чорныя контуры) (межы на падставе ўспамінаў майго дзеда),
2 - "Маяк Мінска" (раён будаўніцтва абведзены жоўтай рысай),
3 - Лесапарк,
4 - Дом Міласэрнасці, бізнес-центр і філіял БДПУ (зялёны контур).

Для многіх жыхароў Беларусі салдаты гітлераўскай арміі былі, і ёсць не больш чым праклятыя фашысты. Таму я стаўлю сябе ў далікатнае становішча: калі пісаць пра могілкі зниклай вёскі Ўручча - справа больш-меньш удзячная, то пісаць аб тым як знішчылі "фашысцкія" моглікі там дзе хутка будзе стаяць новы бізнес-цэнтр - значыць выклікаць непаразуменне і абурэнне. Але калі вы лічыце, што ўсе немцы, якія служылі ў гітлераўскім войске, былі фашыстамі, то падумайце вось над чым: германская армія камплектавалася мабілізацыяй, пад канец вайны сталі прызываць нават падлеткаў і старых, у армію шлі і тыя, хто любіў Гітлера, і тыя, хто яго не любіў, і тыя, хто рабаваў мясцовае насельніцтва, і тыя, хто раздаваў беларускім дзецям шакаладкі. Выбар у немца быў чыста тэарэтычны: тых, хто адмаўляўся служыць, каралі смерцю праз расстрэл ці гільяціну (менавіта такі лёс напаткаў больш за сто маладых нямецкіх Сведкаў Іеговы, перакананні якіх не дазваляюць ім служыць у арміі). Таму няма сэнсу паліваць брудам усіх салдат Гітлера.
З аднаго боку нічога зрабіць ужо немагчыма, бо апаганьванне могілак гітлераўскіх вайскоўцаў пачалося пасля іх адступлення ў 1944 г. і скончылася поўнай ліквідацыяй у 1960-х гг. Цяпер будаўніцтва "Маяка" не з'яўляецца ў поўным сэнсе вандалізмам, бо могілкі былі знішчаны задоўга да таго як гэта будаўніцтва з'явілася ў праекце. Таксама зямля больш патрэбна жывым, чым памерлым. Але для кагосьці гэтыя забітыя салдаты былі бацькамі, сынамі, братамі і сябрамі. Не ўсе яны забівалі і рабавалі мірнае насельніцтва, хтосьці нават увогуле не забіваў людзей. Нават і косткі і памяць аб тых, хто рабіў ваенныя злачынствы, нельга знішчаць як смецце, бо той, хто гэта робіць сам робіцца нацыстам: яны лічылі славянаў недачалавекам, а таптаць нагамі чалавечыя косткі - значыць таксама лічыць гэтых людзей недачалавекамі. Не ведаю, што сапраўды сёння можна зрабіць, але думаю, што пісаць і ведаць аб гэтых знішчаных могілках варта і трэба. Магчыма ў будучым калі свядомыя людзі будуць знаходзіць новыя косці на тэрыторыі "Маяка" іх будуць перадаваць нейкім арганізаваным чынам у пасольства ФРГ для далейшай ідэнтыфікацыі і перазахавання ў Германіі. Дарэчы той факт, што некаторыя нашчадкі салдат, якія біліся з гітлераўцамі з мэтай выкараніць фашызм як з'яву, і тых, хто знішчаў нямецкія вайсковыя могілкі, лічаць сябе фашыстамі, пішуць аб гэтым на сценах горада і ў Інтэрнеце, яскрава сведчыць аб немагчымасці нянавісцю і вандалізмам перамагчы нянавісць і вандалізм.

Што ўжо і без мяне вядома.

Блогер, які здымаў гэты раён вясной, здолеў заўважыць вынікі працы "чорных капацеляў", у тым ліку адну чалавечую костку. (Немецкое кладбище времён Второй мировой войны в Минске.//Портал: Могілкі Беларусі-Кладбища Беларуси). Некаторыя даследчыкі лічаць, што на гэтых могілках за 1941-1944 гг. былі пахаваны больш за тысячу гітлераўскіх вайскоўцаў. (Город мертвых в городе живых. //Портал: Старый и новый Минск). Больш нічога ў Інтэрнеце і кнігах я не знайшоў.


Успаміны майго дзеда.

Мой дзед, Дзмітрый Сямёнавіч Піянзін, у снежні 1945 г. быў праездам у Мінску у складзе камісіі па расследаванню гітлераўскіх злачынстваў (яго ўзялі па камсамольскай лініі па прычыне добрага валодання нямецкай мовай). Мэта гэтай камісіі была збіраць дакументы гітлераўскіх карных службаў. Калі яны поездам прыехалі ў Мінск ім прапанавалі прайсці па гораду і паглядзець на вынікі дзейнасці акупантаў. Яны прайшлі пешшу ўздоўж сучаснага праспекта Незалежнасці ад тэрыторыі плошчы Леніна да сучасных Маскоўскіх (Усходніх) могілак. Дзед узгадаў, што бачыў як палонныя немцы штосьці будавалі ў раёне парка Чалюскінцаў (тады гэта была ўскраіна горада). Паводле яго ўспамінаў, ад лесу (сённяшні лесапарк паміж метро "Барысаўскі тракт" і "Маяком") на некалькі дзясяткаў метраў у шырыню і прыкладна на кіламетр у даўжыню цягнуліся магілы нямецкіх вайскоўцаў. На магілах стаялі драўляныя крыжы, на якіх былі начэплены салдацкія каскі. Многія крыжы былі зрублены, бо з зямлі тырчалі толькі кароткія калочкі. Каскі з такіх крыжоў валяліся на зямлі. Ніякіх прызнакаў таго, што хтосьці капаўся ў магілах не было бачна. Дарэчы тэрыторыя цяпер элітных Маскоўскіх могілак тады была не агароджана і пахаванні там былі не савецкія, а праваслаўныя (з крыжамі). А нямецкіх афіцэрскіх могілак у раёне метро "Акадэмія навук" Д.С. Піянзін не заўважыў.
У канцы 1960-х гг. мой дзед ізноў быў у гэтым раёне па сваіх вайсковых справах (ён займаўся арганізацыяй курсаў і навучаннем афіцэраў розных савецкіх сілавых структур). На месцы нямецкіх могілак ужо было аўсянае поле. У канцы 1969 г. ён атрымаў кватэру у новапабудаваным прэстыжным мікрараёне Усход і нярэдка хадзіў збіраць рамонкі на гэта поле. На працягу 1970-80-х гг. ён падчас такіх "паходаў" знаходзіў на паверні поля чалавечыя косці. Ізноў ніякіх слядоў таго, што хтосьці капаў зямлю на гэтым полі ён не заўважыў.

Мае ўспаміны.

Я даволі смутна памятаю як мы з дзедам гуляючы на аўсяным полі бачылі нейкія косці (штосьці такое было, але ў маёй памяці адны ўрыўкі, хоць само поле і прагулкі з дзедам памятаю добра). Але больш дакладна памятаю як у 1987 ці 1988 г. ад метро Усход у бок Маскоўскага накірунку клалі ў зямлю нейкія трубы. Памятаю як гэтыя трубы ляжалі ў бетонных канаўках на глыбіні каля метра і вакол былі раскіданы да самога лесу чалавечыя косці. Я гуляў з некалькімі такімі касцямі. На адну выпадкова наступіў, калі ішоў у лес і яна (нейкі пазванок ці што) стукнула мяне па шчыкалатке па прынцыпу грабель. Мая маці падцвердзіла, што ў гэты час многія людзі знаходзілі чалавечыя косці на месцы правядзення зямляных работ.
Звычайна бацькі вучаць дзяцей не курыць, не маніць, не лаяцца матам, шанаваць дарослых. А гуляць з чалавечымі касцямі ў нармальнай сям'і не забараняюць, бо звычайна яны не валяюцца на дарозе. Таму ад сваёй бабулі я атрымаў маральнае павучэнне толькі пасля такіх гульняў, калі меў неасцярожнасць паведаміць дома, што я бачыў і што рабіў. Гэта адна з прычын, акрамя сваей любові да гісторыі, якая пабуджае мяне пісаць гэтыя радкі: я маю некаторы маральны абавязак перад сваякамі тых немцаў, да глумлення над рэшткамі якіх я маю некаторае дачыненне.

Фотасесія.

Калі мы з маім старэйшым сынам абыходзілі раён будаўніцтва на працягу некалькіх дзён, нашы вочы і наш фотаапарат не заўважылі ніякіх слядоў ці то магіл, ці то "капацеляў". Тым не меньш, гэта фотасесія дапаможа ўявіць сучасны выгляд знішчаных нямецкіх вайсковых могілак.

 Від на "Маяк" з боку мікрараёна Усход


 Магчыма тут стаяў нацысцкі манумент


 Тут маглі быць магілы гітлераўскіх ваенных. Апошнія 2 здымкі рабіў мой сын Данііл.


 Праз шчыліну ў плоце.

 Зямля з катлавана

 Цераз плот будоўлі.
 Тут маглі быць магілы...
 Яшчэ раз цераз плот.


 Магчымае месца былых могілак ля шашы.

 Уваход забаронены, фатасесія -- не.

 Гэты будынак па словах, Д. С. Піянзіна стаіць на месты салдацкіх магіл.


 З боку вуліцы Скарыны ля Дома Міласэрнасці. Хутчэй за ўсё -- гэта не "капацелі".

 Дарога на месцы могілак.

 Цераз плот яшчэ адной забудовы. Паўднёвы усход ад Дома Міласэрнасці і "Маяка".

 Від на будаўнічую дарогу, Дом Міласэрнасці мяжуе з будоўляй "Маяка". На гэтай тэрыторыі былі магілы салдат Вермахта.





 Дарога і пабытоўкі будаўнікоў на месцы былых могілак.

 У гэтай траве калісьці стаялі крыжы з каскамі.



Яшчэ раз па зямлі з катлавана.

Мае сціплыя вывады.

Наўрадці пры будаўніцтве "Маяка" ці Дома міласэрнасці знаходзілі чалавечыя косці: гэта хутка бы патрапіла ў Інтэрнэт. Таксама размова з будаўніком метрапалітэна падцвердзіла маю гіпотэзу, што ўсе косці выкапалі падчас зямляных работ у 80-х і, калі ў 2000-х гг. капалі метро ў бок Уручча, знайшлі толькі маманта. Значыць яшчэ ў 60-х падчас знішчэння могілак павінны былі выкапаць і вывезці значную колькасць касцей з магіл. Гэта таксама тлмачыць, чаму ў 70-я косці знаходзілі на паверхні поля: плуг трактара, які араў поле, мог выкідываць застаўшыяся косткі, якія ўжо былі перамешаны з зямлёй і знаходзіліся ў дасягальнасці плуга. Хутчэй за ўсё знішчалі могілкі армія ці міліцыя. Косці і іншыя рэчы маглі перезахаваць у іншым месцы ці ўтылізіраваць іншым чынам (агонь, падмурак асфальту і г.д.)

Недаробленае.

Няма сэнсу адмаўляць, што ў канцы гэтага паста хутчэй трэба паставіць пытальнік, а не кропку. Але такі пост, як і многія іншыя, я напісаў, каб выклікаць цікаўнасць шырокай аўдыторыі чытачоў да няпростых момантаў гісторыі. Магчыма хтосьці ведае адказ на пытанні, якія я падняў лепш за мяне бо валодае больш надзейнай інфармацыяй, але пакуль не лічыць яе важнай. Можа гэты пост разварушыць яго ці яе...
Як бачым катастрафічна не хапае трох рэчаў:  1)дадатковых успамінаў відавочцаў гэтых могілак (і відавочцаў іх знішчэння), 2) фатаздымкаў могілак і 3) дакументаў (савецкіх і нямецкіх), якія маюць дачыненне да гэтага. Самае цяжкае з гэтага - знайсці дакументы, бо ў Беларусі ў архіве проста так у дакументах палазіць не дадуць, а дазвол на гэта атрымаць справа цяжкая. Нялегкай справай з'яўляецца і пошук нямецкіх дакументаў. Але дакументы і фатаграфіі могуць быць у апублікаваных кнігах такіх тыпаў: гісторыя Мінска і яго наваколля, гісторыя Айчыннай вайны, мемуарная літаратура 40-60-х. Знайсці і пабудзіць распавесці пра мінулае сведкаў-відавочцаў -- таксама справа нялегкая. Яня ўскладняецца тым, што многія з тых, хто бачылі тыя могілкі: памёрлі, не звярталі на іх увагі, калі бачылі, і цяпер амаль нічога не памятаюць, баяцца ўлезці ў якую-небудзь патэнцыяльную праблему (раптам гэта нейкі правакатар ці "капацель" пытаецца пра могілкі "праклятых фашыстаў"?). Адно магу сказаць дакладна: ў Інтэрнеце гэта інфармацыя не распрацавана і калі хто зацікавіцца гэтай тэмай больш легкіх шляхоў шукаць не давядзецца...
Ліпень-жнівень 2013 г.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...