14.11.2020

100 год Слуцкаму паўстанню. Заўвага памерлага гісторыка.

 14 лістапада 1920 года ў доме Эдварда Вайніловіча ў Слуцку пачалось паседжанне З'езда Случчыны, дэлегаты якога вырашылі не дапусціць пераходу Случчыны (якая тады знаходзілася пад польскім кантролем) пад кантроль Саветаў па Рыжскай мірнай дамове, якой скончылася вайна Польшчы з Савецкай Расіяй. Польская адміністрацыя Слуцка, якая збіралася пакінуць горад, не была супраць беларускага нацыянальнага сепаратызму на тэрыторыі ворага, таму яна нічым не процідзейнічала ні абранай беларускай адміністрацыі, ні яе кантактам з Радай Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР), ні фарміраванню ўзброеных атрадаў.

24 лістапада армія Польшчы пакінула Слуцк, а Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія (РСЧА) яшчэ не ўвайшла ў яго. 27 лістапада пачаліся баі паміж слуцкімі паўстанцамі і РСЧА. (Таму некаторыя даследчыкі вядуць адлік пачатку паўстання ад 14 лістапада, а іншыя ад 27 лістапада.) Баі з пераменным поспехам працягваліся да канца снежня, калі рэшткі атрадаў слуцкіх паўстанцаў перайшлі на польскую тэрыторыю, дзе былі абяззброены, інтэрніраваны і праз некаторы час адпушчаны на свабоду. У гісторыю падзея, якую я апісаў у двух абзацах, увайшла пад назвамі "Слуцкае паўстанне" і "Слуцкі збройны чын".

Я ніколі не паглыбляўся ў гэту тэму (бо немагчыма быць спецыялістам па ўсіх пытаннях гісторыі). Тым не менш, большасць інфармацыі, якую я чуў, глядзеў ці чытаў на тэму гэтай падзеі стогадовай даўніны, была не столькі аналітычнай, сколькі патрыятычнай. Як і абвяшчэнне БНР сто год таму як першай сучаснай дзяржавы беларусаў дэ-юрэ, Слуцкае паўстанне мае значэнне як першая спроба абараніць беларускую дзяржаўнасць дэ-факта. Сюды і адносіцца выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга, выхаванне мужнасці  і г.д.

Мабыць я заўсёды цягнуўся да аналітычнага падыходу да гісторыі. Таму мяне зацікавіла як пра Слуцкае паўстанне на гістфаку БДПУ чытаў лекцыю Сакалоў, пра якога некалькі год таму я чуў ад яго калегі, што ён ужо памёр. Нажаль, не памятаю яго імя і імя па бацьку. Не магу намялаваць яго слоўны партрэт. Памятаю, што ён насіў гальштук пад світэрам і пінжак зверху, што заўсёды меў незадаволены выгляд. На адным семінары ён рэзка крытыкаваў патрыятызм нашага лепшага студэнта Юры Трусава, які сказаў, што ідэі БНР нажаль не вельмі цікавілі сялян:

-- Што значыць "нажаль"? Трэба сказаць "нават"!

На лекцыях, якія многім былі нецікавымі, і студэнты размаўлялі на іх, Сакалоў час ад часу рэзка гаворыў:

-- Шумна ў вас!

Сакалоў праігрываў як выкладчык, бо было шмат тых, хто ўмеў быць цікавым і дружалюбным. Але на кожным яго занятку прысутнічаў аналітычны падход: ён імкнуўся дапамагчы зразумець сутнасць той ці іншай падзеі без ідэалагічнай афарбоўкі. Таму мне ён падабаўся як настаўнік, хоць не падабаўся як чалавек. 

На лекцыі пра савецка-польскую вайну, Сакалоў пачаў з крытыкі назвы  падзеі, бо СССР яшчэ не існавала, а праз некаторы час дабраўся да Слуцкага паўстання. Вось як ён ахарактарызаваў падзею, наколькі памятаю яго словы:

-- Паўстанне фактычна вялося ў выглядзе нападаў на атрады РСЧА з нейтральнай тэрыторыі каля польскай мяжы і Чырвоная Армія здолела пакласці ім канец толькі калі Польшча дазволіла ёй увайсці ў нейтральную зону. Слуцкае паўстанне трэба разглядаць не толькі ў рамках нацыянальнай барацьбы беларусаў, але і ў кантэксце антыбальшавіцкіх паўстанняў таго часу, напр., на Тамбоўшчыне і ў Кранштаце.

Не раз ў жыцці потым я вяртаўся да апошняй думкі. Зразумела, ў беларускай гістарычнай навукі ёсць моманты, якія падобныя на Бостанскае чаяпіцце ў гісторыі ЗША: есць склаўшаяся традыцыя пераказу падзеі з элементамі каляпатрыятычных дадумак, але ёсць месца і халоднаму навуковаму вывучэнню падзеі. Хацелася б, каб Слуцкае паўстанне таксама апісвалі людзі, здольныя адыйсці ад сваіх уласных пачуццяў і разглядаць справу з навуковымі падыходамі, што ўключае ў сябе параўнанне сітуацыі ў Слуцку з іншымі антыкамуністычнымі выступленнямі таго часу, як раіў Сакалоў.

Зразумела, гэта не значыць, што Сакалоў, які "рэзаў праўду-матку" -- правы, а тыя, хто пяшчотна ставіцца да гістарычнай памяці Случчыны 1920 г -- не. Мяркую, я нават напісаў усё вышэйзгаданае, проста, каб не забыць нестандартны падыход, непрыязнага, але таленавітага гісторыка да вядомых падзей мінулага...

Таксама на тэму "стагоддзяў":

100 год Лютаўскай рэвалюцыі (на рускай)

100 год міліцыі (на рускай)

100 год БССР 

150 год з паўстання 1863 года

Пра іншых выкладчыкаў БДПУ:

І.Б. Канапацкі

І.В. Карпенка

Г.А. Космач

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...