26.01.2023

90-я: эпоха тэктанічных змен

Пасля аглядаў на 2000-я і дзясятыя гады, звяртаю ўвагу на яшчэ адну цікавую эпоху: 1991-2000. За гэты час Беларусь набыла незалежнасць, а таксама ў ёй з'явілася шмат таго, што сёння лічыцца неад'емнай часткай жыцця.

Маштабнае

У 1991 г. Беларусь увайшла як частка СССР і набыла незалежнасць, якую здолела захаваць па цяперашні час. У гэты ж час нацыянальная сімволіка (бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня") стала дзяржаўнай, беларуская мова была адзінай дзяржаўнай, што спарадзіла першую хвалю мяккай беларусізацыі на працягу амаль усіх 90-х і пачалі функцыянаваць свае інстытуты дзяржаўнасці. Насуперак міфам аб панаванні беларускіх нацыяналістаў ў Вярхоўным савеце, большасць дэпутатаў першага нацыянальнага парламента складалі людзі з савецкімі поглядамі, якія дзейнічалі адпаведна духу часу.

У 1992 г. з'явіліся першыя беларускія рублі з выявай зайца на банкноце ў 1 руб. Хутка зайку з'ела гіперінфляцыя, але мянушка "зайчыкі" захавалася за беларускімі грошамі яшчэ і ў дзясятых. Дарэчы, "звярыныя" назвы ў той час час існавалі і для білетаў з іншымі наміналамі. Вось прыклад з верша "У цырульні" У. Ермалаева:

"Пенсіянер сарваўся ў шок,

"Зуброў", "мядзведзяў" лічачы"

Калі наміналы ў 100 і 50 руб. з зубрамі і мядзведзямі адпаведна зніклі, паэт перапісаў радок: "Паперкі-грошы лічачы".

У гэтым жа годзе пачаў прайшоў першы фестываль "Славянскі базар" у Віцебску, які прайшоў шлях з 80-х ад "Фестывалю польскай песні" да штогадовага афіцыйнага мерапрыемства пад патранажам дзяржавы. З гэтым фестывалем узгадваецца рэклама па ТБ у 1993 г.: "Сёлета такога і такога ліпеня другі раз у старажытным Віцебску адбудзецца міжнародны фестываль "Славянскі базар".

1992 год таксама стаў годам свабоды веравызнання ў Рэспубліцы. Тады быў прыняты закон аб свабодзе веравызнання, пазней замацаваны ў Канстытуцыі. Гэта быў час кароткага перыяду роўнасці розных рэлігій і неўмяшальніцтва дзяржавы ў рэлігійнае жыццё. Практычна ўся сённяшняя рэлігійная разнастайнасць у Беларусі і наяўнасць у шматлікіх грамадзян уласнай Бібліі ў доме звязана з пачаткам 90-х. Вядома, што камусьці былі не да спадобы новыя рэлігійныя рухі кшталту "Белага братэрства", але гэта быў час, калі беларусы цікавіліся рэлігіяй, знаёміліся з рознымі плынямі, хрысціянскімі і нехрысціянскімі, былі сапраўды крыху талерантней, чым раней ці пазней. Было нармальнай з'явай арэнда памяшкання ў школе пад рэлігійныя сустрэчы ці выступленне пратэстацкага пастара перад вучнямі школы. А 24 сакавіка 1993 г. было заснавана Радыё "Бі-Эй", якое дзейнічала да 2023 г і было адным са шматлікіх праектаў беларускіх пратэстантаў (у дадзеным выпадку баптыстаў), якія змянілі жыццё Беларусі да лепшага.

З 2000-х уся гэта вольніца скончылася на карысць асаблівага палажэння Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату і стварэння абмежаванняў для астатніх канфесій. Аднак да жорсткіх пераследванняў за рэлігійныя погляды, як цяпер у Расіі, справа не дайшла.

7 мая 1993 года ў Беларусь прыйшла сотавая сувязь тэхналогіі NMT-450 1-я станцыі былі на Залатой горцы, і ў мікрараёнах Захад, Зялёны Луг і Серабранка. Аператар "БелСел" не доўга дзейнічаў у Беларусі, але сотавая сувязь стандарта GSM дзейнічае і ў цяперашні час. 16 красавіка 1999 у Беларусі з'явіўся першы аператар мабільнай сувязі стандарта GSM: Velcom (цяпер А1). Яшчэ ў 90-х з'явіліся пэйджары, якія ў 2000-х сталі ахвярай канкурэнтнай барацьбы з сотавай сувяззю. Але захавалася некалькі вершаў і песень, у якіх абыгравалася рыфма слоў "цінейджар" і "пэйджар"

5 мая 1994 года Беларусь атрымала свой дамен ў інтэрнэце: BY. З гэтага часу з'явіўся байнэт.

Таксама ў першай палове 90-х ў Мінску рабілі першыя персанальныя камп'ютары "Сантака" (крыніца фота тут) ...

... і ноўтбукі ПК-300 ("Электроніка МС 1504") (крыніца скрына тут)

1990-я сталі часам ядзернай дэмілітарызацыі Беларусі: у 1992-1996 Беларусь перадала Расіі ўсю ядзерную зброю практычна без якіх-небудзь умоў ці кампенсацый.

У 1994 была прынята канстытуцыя, якая дзейнічае і па цяперашні час і быў абраны першы прэзідэнт, які хутка пасадзейнічаў прыняццю законаў ператварыўшых краіну з прэзідэнцкай у суперпрэзідэнцкую, правеў змену нацыянальнай сімволікі і зрабіў рускую мову другой дзяржаўнай, што паступова спыніла хвалю беларусізацыі. З таго часу ёсць 2 версіі гімна, сцяга і Дня незалежнасці Рэспублікі: афіцыйны варыянт і неафіцыйны.

Змена дзяржаўнага герба на мінскім Доме Ўрада. Май 1995 г.

26.09.1995 "Белпрамбудбанк" правёў 1-ю аперацыю з плацежнай карткай. Цяпер такія карткі неад'емны аксэсуар амаль кожнага беларуса. (Пра карты і стары інтэрнэт я пісаў тут).

У першай палове 90-х таксама з'явілася шмат прыватных пачынанняў у сферы адукацыі, частка з якіх знікла праз некалькі год. З другога боку, у гэты ж час пачалося згортванне разнастайнасці ў выкладанні замежных моў. Раней англійская, нямецкая, французская, італьянская і іспанская выкладаліся ў самых розных школах, а з 90-х пайшла тэндэнцыя выкладаць амаль выключна англійскую, у выніку чаго ў краіне пачало не хапаць спецыялістаў з валоданнем французскай, нямецкай або іспанскай. Таксама сістэма адукацыі перажыла крызіс маштабнага недахопу школьных настаўнікаў, калі заняткі праводзілі студэнты старшых курсаў ці школьныя бібліятэкары. 

У 90-я ўзышла і зайшла зорка першай хвалі беларусізацыі, калі ў 1990-1995 гг. беларуская мова была адзінай дзяржаўнай, што закранула сферы адукацыі і справаводства. У другой палове дзясяцігоддзя пайшло згортванне колькасці беларускамоўных школ, а раўнапраўе рускай і беларускай моў прывяло да паступовага выціскання арэалу выкарыстання беларускай мовы ў розных сферах жыцця. Да 2010-х нават бывалі сітуацыі, калі беларускамоўных беларусаў маглі разглядаць як палітычна недабранадзейных па прычыне размовы на беларускай у пабытовых сітуацыях. Ад сябе дадам: у 90-я я добра засвоіў беларускую мову ў рускамоўнай школе, а потым у ВНУ і таму потым калі праз гады я прыйшоў да высновы, што хачу ёй актыўней карыстацца, мне было няцяжка аднавіць навыкі і веды. Гэта было б цяжэй зрабіць, калі б у пачатку 90-х не было беларусізацыі.

Другая палова 90-х была частам гарачага процістаяння паміж міліцыяй і палітычнай апазіцыяй. 1996-1997 азначыўся шэрагам сутычак пад агульнай назвай "Мінская вясна". А 17 кастрычніка 1999 г у Мінску адбыўся "Марш свабоды", падчас разгону якога міліцыя мела справу з падрыхтаванымі удзельнікамі "Белага легіёну" і гэта быў бадай адзіны выпадак, калі мілцыя і пратэстоўцы біліся на роўных.

Фота збіцця міліцыянера 17.10.1999 на старонцы ўрадавай газеты.

1990-я сталі часам з'яўлення і знікнення шэрагу недзяржаўных СМІ (напр., газета "Свабода" і палітычных партый (напр., "Партыя аматараў піва"). Але як мінімум адзін СМІ з таго часу праіснаваў да 2021 і меў значны ўплыў на грамадска-палітычнае жыццё Беларусі: у 1999 г. з'явіўся партал TUT.BY, які ў 2021 г. быў ліквідаваны як экстрэмісцкі сайт. У 1996 г. кампартыя Беларусі раскалолася на 2 і з даволі ўплывовай палітычнай сілы пераўтварылася ў дзве невялікія партыі, адна з якіх стаіць на пазіцыях сацыял-дэмакратыі, а другая фармальна трымаецца ленінізма, але фактычна ідзе ў фарватары філасофіі "рускага свету" (правай ідэалогіі, супярэчнай марксізму). Падобным чынам ад правай партыі БНФ на працягу 90-х аддзяляліся партыі і рухі пакуль сама яна не раздзялілася на 2 і страціла свой уплыў на грамадства. 

З прыемнага

У 1996 г. , яшчэ да фарміравання грамадства спажывання у Беларусь прыйшоў рэстаран "Макдональдс" і стаў пэўнай часткай мясцовай культуры. Для многіх беларусаў 30+, асабліва да тых, што выраслі ў правінцыі, паездкі/паходы ў "Макдак" сталі часткай успамінаў, як і камп'ютарныя гульні. Калі сетка рэстаранаў прайшла рэбрэндынг у канцы 2022 г., можна было сказаць, што скончылася эпоха.

У спорце Беларусь адзначылася нечаканай перамогай у футболе: 7 чэрвеня 1995 г адборачны матч "Еўра-1996" Нідэрланды-Беларусь скончыўся перамогай беларусаў 1:0. У наступным годзе на самім чэмпіянаце нідэрландцы ўзялі рэванш: 0:1, але гэта быў нейкі момант усведамлення нацыянальнай годнасці для жыхароў маладой постсавецкай рэспублікі. Потым хакей 2002 г. паўтарыў гэта адчуванне: мы не горш за ўсіх.

Скрыншот відэа матча з ТГ-канала Backtobelarus.

У 1999 г. мінскі Парк Чалюскінцаў праславіў у сваёй песне "Халі-галі" Ілля Міцько з групы "Лепрыконсы". "Халі-галі", "Паратрупер" (таксама вядомы як "парашут" і "пара трупаў") і "Супер 8" - гэта назвы атракцыёнаў, якія дзейнічалі ў той час. Песня лілася ледзь не з кожнага праса ў той час, таму сціплы мінскі парк нечакана стаў вядомым за межамі Беларусі.

Кліп 1999 г. на песню "Халі-галі".

У 1999 г. скончылася будаўніцтва аўтавакзала "Маскоўскі", які доўгі час лічыўся архітэктурнай славутасцю, пакуль яго ў 2014 г. не разбілі на шчасце

Так выглядаў "Маскоўскі" пакуль быў цэлы. Крыніца фота.

Нарэшце...

Нарэшце, у гэты час пайшла тэндэнцыя скарачэння насельніцтва краіны, якая ідзе з года ў год, і традыцыя праводзіць перапіс раз у 10 год. Таксама гэты час паскорыў урбанізацыю краіны і знікненне вёсак.

Галоўная дзяржаўная газета краіны надрукавала кароткую заўвагу пра першы перапіс незалежнай Беларусі (1999)

Гумар таго часу добра зразумее той, хто тады жыў. Вось пара анекдотаў:

1) Снікерс пытаецца ў Марса:

- А ты бавіў час з Баўнці?

- Не

- Дарэмна. Райская асалода!

2) Віктар Карэна кажа Хуану Карласу:

- Па-першае, твая Марыя - распутніца, па-другое, я правёў з ёй ноч, а па-трэцяе, як табе падабаецца па-другое?

А той адказвае:

- Па-першае, я з ёй даўно не жыву, па-другое, у яе СНІД, па-трэцяе, як табе падабаецца па-другое?

Гэтыя жарты паказваюць той час як эпоху новых заморскіх шакаладак і лацінаамерыканскіх серыялаў.

Калі ў Расіі Віктар Чарнамырдзін спрарадзіў шэраг мемаў (праўда, само такое слова ўвайшло ў карыстанне толькі з сярэдзіны 2000-х гг.), то ў Беларусі такім "мемагенам" стаў Мікалай Дземянцей (1930-2018), які быў старшынёй Вярхоўнага савета БССР з 18.05.1990 па 25.08.1991: "кончыў,  кончыў -- рэгламент", "кто как хотіт, так і говоріт" і, галоўнае, "6-ы мікрафон у заднім праходзе", што стала сапраўдным мемам часоў парламенцкай Беларусі.

***

Цяжка сказаць ці можна лічыць 90-я выключна ліхімі. Кожная эпоха мае штосьці асаблівае, што добра для кагосьці аднаго і блага для кагосьці іншага. Для мяне гэта быў і час значнай беднасці, і перыяд юнацтва, калі я скончыў школу, паступіў у вну, упершыню бачыў сонечнае зацьменне і, нарэшце, закахаўся ў дзяўчыну, з якой праз некалькі год звязаў сваё жыццё.

Гл таксама:

Фестываль піва, трагедыя на Нямізе і развітанне з 90-мі

Грошы як свята

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...