27.09.2019

Забароненыя гаджэты


Учора Данік прыйшоў са школы і сказаў:
-- Добра, што я тэлефон забыў, бо трэба было б здаваць у школе.

Распытаўшы сына падрабязней я даведаўся, што тэлефон здаваць трэба менавіта ў класе ў спецыяльную каробку. Таксама даведаўся, што ў яго класе настаўніца не патрабуе абавязкова здаваць тэлефон. Як варыянт можна не даставаць яго з сумкі. Пра забарону фотаграфаваць у нашай школе нічога пакуль чутна не было.

Абмежаванні на карыстанне гаджэтамі існуе ў розных школах свету. Але ў беларускіх школах яна з'явілася ў рамках загадам міністэрства адукацыі пасля таго, як юнак ў Стоўбцах пасправаў зрабіць у школе калумбайн. Некаторыя лічаць, што забарона гаджэтаў звязана з нядаўнім скандалам у гомельскай школе, дзе вучань 4 класа здымаў на відэа як настаўніца лаецца матам. Як бы яно ні было, але цяпер кожная школа вырашае як і ў якой ступені вучням можна карыстацца дэвайсамі.

Нават пры самай строгай забароне, пранесці камеру смартфон і выкарыстаць гэта на уроку рэальна, бо дзеці могуць проста здаваць у каробкі старыя тэлефоны і ўпотай карыстацца сучаснымі. (Так, дарэчы, робяць курсанты ў вайсковых вучылішчах).

Зараз неабходнасці выкарыстоўваць тэлефон на занятках у майго сына няма, а на перапынках ён пераважна бегае, як і іншыя дзеці. Акрамя таго, наша класная – даволі памяркоўны чалавек, і яна не будзе забараняць карыстацца тэлефонам, калі гэта неабходна сыну. Але забарона на дэвайсы яшчэ толькі пачынаецца і як яна закране нас і іншых беларускіх школьнікаў – пакажа час...

У наступным годзе Данік ідзе ў 5 клас, а Любчык у 1. Новыя класныя, новыя прадметы, правілы і абавязкі. А значыць могуць быць і новыя нагоды пісаць пра школьнае жыццё маіх дзетак.

На фота: каробка ля настаўніцкага стала з аддзяленнямі для 30 тэлефонаў у класе Даніка. Здымак 14.10.2019.

04.09.2019

З адпачынку ў Браславе ў 2016 г.

Каб любіць Беларусь нашу мілую... можна пабываць не толькі ў розных краях свету, але і ў розных краях самой Беларусі. У 2016 г. давялося з сям'ёй правесці 10 летніх дзён ў Браславе. Пасля той паездкі я пісаў і здымаў пра зніклую вуліцу гэтага ўтульнага гарадка. А цяпер крыху пра сам адпачынак.

Мы арэндавалі домік на прыватным участку праз інтэрнэт і прыехалі на маршрутцы з Мінска. Паездкі на маршрутках - гэта заўжды выклік для маіх сыноў, бо іх гайдае. Ехалі больш за 3 гадзіны, але пратрымаліся. На месцы нас забраў на машыне гаспадар і адвёз да нашага доміка. Паколькі ў яго была карта горада, хутка мы ўжо няблага арыентаваліся на месцы.

Галоўны пляж горада. Бераг возера Дрывяты. Бераг звычайны, травяны, але засыпаны пяском. Мы сфоткаліся як раз калі пляж ачысцілі ад смецця і акуркаў перад рабочым візітам Прэзідэнта Беларусі. Надвор'е часам было асеннім, і гэта бадай галоўны недахоп летняга адпачынку ў Беларусі.




Вада ў Дрывятах неглыбокая, каб даросламу купацца, трэба ісці далёк ад берага. Але каб маленькіх дзетак купаць - самае тое. Яшчэ на пляжы можна пачуць розныя мовы, як і на заморскіх курортах.


Там, дзе мы спыніліся, побач было болей "дзікае" возера Навяты. Акрамя магчымасці пакарміць суседскую казу каля берага, можна было і купацца. Вада чыстая, возера глыбокае, для дарослых. Бераг у чароце, акрамя мосцікаў і спускаў на ваду. Тут можна было купацца ў адзіноцтве ад шумнай пляжнай публікі. Праўда ў апошні дзень перад ад'ездам я заўважыў змяю пад адным з мосцікаў на возера, але ўсё роўна пакупаўся. Думаю, гэта быў вужык )))

Яшчэ з прыемнасцяў адпачынку былі шашлыкі (праўда, месца для мангала было не зусім удалае, але ад мяне яно не залежыла) і вялікая колькасць дармавых яблыкаў, якія ў Беларусі проста выкідваюць на смецце ці пакідаюць на траве, як манга ў Венесуэле...

... і магчымасць папіць ранкам каву на прыродзе пад яблыняй. Так прыгожа і хораша, што і не думаеш, што з яблыні ападак можа прызямліца табе на галаву )))

Акрамя надвор'я, якое мянялася па некалькі раз на дзень, да мінусаў я б аднёс наяўнасць мабільнай сувязі. Паколькі я не пакідаў Беларусь, мне як перакладчыку званілі амаль штодзень, не ўсім можна было адмовіць, і таму не магу сказаць, што я адчуў сябе ў поўным адпачынку. Ну і яшчэ камары вечарам на двары цалавацца лезуць.

А да плюсаў я б аднёс нетараплівае жыццё і нізкія цэны ў параўнанні з Мінскам. Шмат людзей едзе сюды піць-гуляць і купацца ў вольны час, але некаторыя -- менавіта адсыпацца пасля шумных гарадоў...

Ну і мяккая беларусізацыя на дарожных шчыльдах - таксама плюс )))

Апошні кадр ля Дрывятаў на шляху дамоў.

Здымкі з уласнай калекцыі Андрэя Берастоўскага

02.09.2019

Чаму 10-бальная сістэма адзнак лепш за 5-бальную


Так атрымалася, што я вучыўся па 5-бальнай сістэме і здаў апошнія экзамены ў БДПУ ў чэрвені 2002 г. З верасня таго ж года я пачаў працаваць настаўнікам у школе, і як раз Беларусь перайшла на 10-бальную сістэму адзнак.

Калі ты толькі скончыў вну, цяжка разабрацца ў новай сістэме. Але цяжка было і вопытным настаўнікам, якія на спецсемінарах тлумачылі іншым як прымяняць новыя адзнакі. Напрыклад, ніхто тады не мог мне патлумачыць, што такое "цана адзнакі". Але з цягам часу і вопытам работы разуменне новай сістэмы з'явілася і ў мяне, і ў іншых маіх калег.

Зараз балы з 0 па 3 звычайна лічацца адзнакамі серыі "незадавальняюча", 4-5 балаў - гэта "задавальняюча", 6-8 - "добра", а 9-10 - "выдатна". Зразумела, кожны настаўнік мае свае крытэрыі як іх ставіць, нават, калі ёсць інструкцыі па выстаўленню кожнай адзнакі.

Чаму 10 балаў лепш

*Раней было толькі тры варыянты паспяховай адзнакі: 3, 4 і 5 -- і гэта ўскладняла выбар выкладчыка. Таксама была тэндэнцыя акругліць да 5 балаў таму, хто добра вучыўся, але нешта не дацягнуў. Цяпер ёсць больш варыянтаў (4-10), хаця праблема фаварытызму да патэнцыяльных медалістаў застаецца.
*Пры напісанні розных тэстаў, дзе вынік лічыцца ў працэнтах, лягчэй перавесці вынік у 10-бальную сістэму, чым у 5-бальную.
*Навучэнец вучыцца крыху рэалістычней глядзець на свае здольнасці. Нехта атрымаў 9, а нехта 8, а нехта 10, а не старую "пяцёрку" з мінусам ці плюсам, якая ўраўноўвала вынікі трох розных вучняў.

Ідэальнай сістэмай адзнак, на мой погляд, з'яўляецца іракская: 100 балаў усяго, 90-100 - "выдатна", 80-89 - "вельмі добра", 70-79 - "добра", 60-69 - "задавальняюча", 50-59- "здаў/здала", ніжэй за 50 "незадавальняюча".

Але нават вельмі добрая сістэма адзнак не заменіць якасці навучання. Я нярэдка казаў сваім вучням: "Адзнакі - гэта беларускія рублі, яны хутка абясцэньваюцца, а веды, як долары ЗША". Праўда плюсы і мінусы беларускай сістэмы адукацыі - гэта ўжо іншая гісторыя...

Ілюстрацыя з паведамлення "Школьны дзённік маёй мамы".

Гл. таксама:
Зніклыя вну Беларусі
Хто як хоча... Апавяданне

Избранное сообщение

2010-я. Агляд нестабільнай эпохі

 Цікава, што ў англамоўным свеце 1890-я замацаваліся пад назвай gay 90s (вясёлыя 90я), а на былой савецкай прасторы 1990я ўвайшлі ў гісторы...