Показаны сообщения с ярлыком Падзеі. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком Падзеі. Показать все сообщения

05.06.2026

Равучыя 2020я (2021-2026)

 

У гісторыі ХХ ст перыяд 20-х гадоў увайшоў у англамоўную гісторыяграфію як "равучыя дваццатыя" (the Roaring Twenties). У некаторым сэнсе першая палова 2020-х гг. стала "равучай" для Беларусі.

Паўваеннае становішча

"Описывай не мудрствуя лукаво. Всё то, чему свидетель в жизни будешь: Войну и мир, управу государей, Угодников святые чудеса, Пророчества и знаменья небесны..."

А. Пушкин. Борис Годунов

2021 г. пачаўся затухаючым працягам паслявыбарчых пратэстаў, адначасова з усплёскам варыянтаў кавіда, эканамаічнымі санкцыямі, якія спараджалі часовы дэфіцыт самых розных прадметаў гандлю, эміграцыяй соцен тысяч грамадзян, сярод якіх было шмат багатых прадпрымальнікаў і рэдкіх спецыялістаў, спробамі мігрантаў з краін Азіі і Афрыкі прарывацца на тэрыторыю Польшчы, Літвы і Латвіі праз беларускую мяжу і арыштам удзельнікаў акцый пратэсту 2020 г. У 2022 г. сітуацыя пагоршылася узброенным процістаяннем Расіі з Украінай, у тым ліку з уводам войск РФ з тэрыторыі Беларусі. З 2023 г. сітуацыя паступова стала змягчацца: была вызвалена частка людзей прызнаных за мяжой палітзняволенымі

Даволі цяжка пісаць аб падобнай сітуацыі нейтральнай мовай, быццам апісваючы шахматную партыю. Але найбольш нейтральным і аб'ектыўным азначэннем яе было б неаб'яўленае паўваеннае становішча. Магчыма гісторыкі будучага часу са мной пагадзяцца.

У 2021 г. былі забаронены і прызнаны экстрэмісцкімі большасць недзяржаўных СМІ, сярод якіх самы буйны інфармацыйны партал TUT.BY, дзейнасць якога была спынена 25 мая 2021 г., а сам партал і яго прадукцыя прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі ў 2022 г. Пры гэтым да 2026 г. дзейнічаў сервіс электроннай пошты з гэтай назвай на воблачным сэрверы. Іншыя выданні, забароненыя і прызнаныя экстрэмісцкімі ў Беларусі, працягнулі дзейнасць за мяжой, напрыклад: «Наша Ніва», «Рэгіянальная газета», «Новы час», «Першы рэгіён» «CityDog». Аднак працягнуў дзейнасць партал Onliner.by, які перастаў асвятляць палітычныя падзеі, а таксама з 2022 г. пачаў дзейнічаць яшчэ адзін буйны незалежны партал tochka.by, які дазваляе сабе стрыманую крытыку асобных палітычных пытанняў і асвятленне іх нейтральна.

За 2020-26 г. па некаторых звестак не менш за 8500 грамадзян РБ былі асуджаны па крымінальных артыкулах па абвінавачванні ў экстрэмізме, таксама каля 20 тыс выпадкаў абвінавачванняў у распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў ці падпіску на іх. Пры гэтым па стане на 2026 г. Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў РБ налічваў 9000 аб'ектаў. 9 чалавек з асуджаных за экстрэмізм памерлі ў месцах зняволення у 2021-25 гг. Ячшэ 3 чалавекі з гэтай катэгорыі скончылі жыццё самагубствам. Каля 167 чалавек былі памілаваны ў 2024-26 гг. у рамках перамоў з ЗША, многія з іх былі высланы за мяжу. Таксама былі вызвалены некалькіх украінцаў, затрыманых па абвінавачанню ў тэрырыстычнай дзейнасці супраць РБ і РФ. Яшчэ некаторая частка грамадзян Беларусі з гэтай групы асуджаных былі памілаваны ў розны час і працягваюць жыць у краіне на свабодзе.

У 2023 г. не прайшлі перарэгістрацыю 12 палітычных партый: партыя БНФ (Беларускі народны фронт), кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ (КХП-БНФ), аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП), Беларуская партыя левых «Справядлівы свет». Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (БСДП). (БСДГ), Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская патрыятычная партыя, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская аграрная партыя. 

У 2025 г. перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый скончылася адмовай у рэгістрацыі 3 грэка-каталіцкіх парафій Брэсцкай вобласці і пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» ў Мінску. 

26 верасня 2022 г. быў зачынены Чырвоны касцёл ў Мінску. Афіцыйна прычына зачынення звязана з рэканструкцыяй пасля пажару. Аднак сама рэканструкцыя пачалася толькі ў 2025 г.

Пры гэтым прагнозы аб масавай забароне неапратэстанцкіх цэркваў у сувязі з перарэгістрацыяй не апраўдаліся. 16-17 мая 2026 г. з нагоды наведвання вядомым пратэстанцкім прапаведнікам Фрэнклінам Грэмам Беларусі на мінскай «Чыжоўка-Арэне» быў дазволены «Фестываль надзеі», які наведалі каля 10 тысяч неапратэстантаў, пераважна баптыстаў і пяцідзясятнікаў. Пры гэтым беларускія дзяржаўныя СМІ шырока асвятлялі перамовы Грэма, як сябра прэзідэнта ЗША Д. Трампа з А. Лукашэнкай, але пастараліся максімальна "ігнорыць" сам фестываль, як "шэраг мерапрыемстваў".

Паўваеннае становішча таксама выразілася ў забароне мець і карыстацца дронамі фізічным асобам з верасня 2023 г. і зняцці з рэгістрацыі больш за 2000 разнапланавых грамадскіх арганізацый з 2020 г. ад структур, звязаных з папулярызацыяй беларускай мовы («Мова Нанова», «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны») да шэрагу экалагічных ініцыятыў і нацыянальна-культурных аб'яднанняў. Частка гэтых арганізацый прызнана экстрэмісцкімі.

Пры гэтым з сацыяльных сетак забаранілі толькі LiveJournal (лістапад 2023 г.).

Процістаянне з суседнімі Польшчай, Літвой і Латвіяй  па шэрагу пытанняў, сярод якіх хвалі мігрантаў у ЕС з 2021 г. палітычныя рознагалоссі, блакіроўкі мяжы з боку ЕС для людзей і тавараў з РБ, спарадзіла хвалю нянавісці для палякаў і прыбалтаў, што прывяло не толькі да пэўных дзеянняў з боку прадстаўнікоў улады, але і да ініцыятыў ад беларускіх прыхільнікаў "рускага свету", напрыклад, знішчэння лацінкі ў тапаніміцы, спробы змагацца з тымі, хто святкуе Хэлоўін і Дзень святога Валянціна (гэтыя святы забаронена адзначаць у дзяржструктурах і сістэме адукацыі, але дазволена ў прыватных дамах ці на закрытых вечарынках).

У ТГ-канале прыхільніцы "рускага свету" Вольгі Бондаравай апублікавана адабрэнне інфармацыі аб магчымым знішчэнні польскага пахавання пад Гроднам у 2022 г. Паведамленні пра знішчэнні польскіх некропаляў на тэрыторыі Беларусі былі яшчэ, але я не правяраў іх. Але дакладна ведаю пра згортванне многіх праграм і курсаў вывучэння польскай мовы.

У эканоміцы "стан аблогі" праявіўся ва ўсплёсках часовага дэфіцыту і спробах рэгулявання цэн і відаў дзейнасці.

У першай палове 2022 г. у сувязі з санкцыямі ўзніклі праблемы з набыццём белай паперы для прынтараў

Нават з'явіліся прыватныя аб'явы "куплю паперу"...

Некаторы час у 2022 г. былі праблемы з фарбамі для упаковак TetraPak і паліцы ў крамах "пабялелі".

У кастрычніку 2022 г. у продажу ў Мінску пачалі знікаць курыныя яйкі па прычыне вывазу ў Расію, але гэта не цягнулася доўга.



Таксама ў канцы 2022 г. у сувязі з праблемай з пастаўкамі сыравіны Беларусь пакінуў «МакДональдс», і ў 2023 г. яго замяніў брэнд «Мак бай».

У 2024-26 гг. былі унесены заканадаўчыя змены, звязаныя з рэарганізацыяй малога бізнесу. Многім індывідуальным прадпрымальнікам стала немагчыма працаваць далей у такім статусе, і стаў выбар паміж рэарганізацыяй свайго бізнесу у форму кампаніі і закрыццём бізнесу. Да гэтага трэба дадаць, што распаўсюджанне сетак магазінаў, інтэрнэт-крам з дастаўкай і анлайн маркетплейсаў «Азон» і «Вайлдберыз» таксама скарацілі колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў. 

Нарэшце, рэгуляванне цэн на пэўныя тавары і паслугі стала спробай стрымаць інфляцыю, але гэта, ў сваю чаргу спарадзіла рост цэн на іншыя тавары. Напрыклад, на ўсіх АЗС паліва прадаецца прыкладна па адной цане, але іншыя тавары могуць каштаваць значна больш, чым у спецыялізаваных магазінах.

Памажы сабе сам

У 2020-х эканоміка Беларусі адзначылася яшчэ адной тэндэнцыяй: усё больш ролі сталі адыгрываць высокія тэхналогіі, якія сталі замяняць сабой людзей.

Касы самаабслугоўвання ў многіх магазінах...

... і іншыя падобныя тэрміналы, якія прадаюць і каву, і яшчэ шмат чаго.

У нейкай ступені актыўны прыход Яндэкса на беларускі рынак таксама ўнёс свае карэктывы ў эканамічныя рэаліі, перш за ўсё ў форме службы дастаўкі і таксі.

Год імя...

У 2021 г. другое жыццё атрымала традыцыя прысвячаць год нейкай падзеі, праблеме ці групе людзей.

2021 - год народнага адзінства (у гэтым жа годзе было ўведзена амаль новае аднайменнае свята).

2022 - год гістарычнай памяці 


2023 - год міру і стварэння (малюнак знойдены у інтэрнэце). Цікава, што планавалі аб'явіць яго годам рускай мовы, на што беларускія апазіцыянеры за мяжой аб'явілі яго годам беларускай мовы. Аднак год рускай мовы "змясцілі" на узровень краін СНД, а ў Беларусі замест паднялі больш нейтральную тэму, пасля чаго спрэчкі вакол тэмы моў з прывязкай да году амаль ніхто не вёў.


2024 - год якасці, у які быў распрацаваны адмысловы беларускі знак якасці (крыніца ілюстрацыі: stravita.by).

2025 - год добраўпарадкавання (5-годкі якасці) (ілюстрацыя з rasna.kamenec.edu.by). У гэты год у многіх гарадах вяліся няспынныя рамонтныя работы як тут на мінскай вул. Русіянава:

Але пры ўсёй нязручнасці перамяшкання па перакапаных гарадах у гэтых работах было і добрае: у 2021 г. у самых розных гарадах Беларусі разбураліся масты і ламаліся сістэмы водазабеспячэння, таму, напрыклад, рамонт маста паміж пл. Незалежнасці і вул. Маскоўскай, які зімой 2025 стварыў транспартны калапс у цэнтры Мінска, быў меншым злом у параўнанні з падзеннем маста праз Нямігу раней.

2026 - год беларускай жанчыны. Пад гэту справу запусцілі Жаночае радыё, якое пачалаося трансляцыяй папулярнай музыкі анлайн і паступова набывае рысы класічнага радыё.

Акрамя гэтага некаторыя гады былі прысвечаны пэўным гістарычным юбілеям: 2024 - год 30-годдзя прэзідэнцтва і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а 2025 г. стаў годам 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

КосмасНаш, безбар'ернае асяроддзе і Videobel.by

З безумоўна пазітыўнага можна адначыць наступныя моманты.

23 сакавіка 2024 г. Марына Васілеўская паляцела ў космас у рамках сумеснай расійска-беларускай экспедыцыі. Строга кажучы, яна была не столькі касманаўт, колькі касмічны турыст, але ў Беларусі гэта сталі разглядаць як значны крок у развіцці нацыянальнай касманаўтыкі.

Мой малодшы сын сачыў за яе адлётам у прамым эфіры :)

У 2020-я стала больш безбар'ернага асяроддзя ў розных гарадах Беларусі. Напрыклад, у 2023 г. шмат дзе сталі з'яўляцца надпісы шрыфтам Брайля для людзей з праблемамі зроку, як на перылах у мінскім ЦУМе. 

Таксама ў дваццатыя дзяржаўныя СМІ пачалі актыўней ўлівацца ў бум сацсетак і месенджараў. Акрамя публікацыі спасылак на артыкулы і відэа са сваіх выданняў СМІ сталі і часцей рэагаваць на пэўныя публікацыі ў саміх сацстеках, як у плане абвяржэння нейкай крытычнай інфармацыі, так і перапосту папулярнага кантэнту. Цікавасць да такіх інстументаў прывяла і да спробы стварыць беларускі мультымедыйны партал videobel.by. Яго спрабавалі прэзентаваць як аналаг YouTube, але на цяперашні час ён з'яўляецца проста месцам, дзе захоўваюцца відэа вядучых дзяржаўных тэлеканалаў. Адсутнасць у мяне тэлеканалаў, і магчымасць прагляду стрымаў і запісаў з гэтых тэлеканалаў са смартфона ў руце, робіць гэты сэрвіс для мяне (мяркую і не толькі) карысным.

Дух часу або рознае...

Гульні СНД і выстава «Біблія ў Беларусі» сталі нейкім "мініацюрным успамінам былой славы" 2010-х гг. Ва ўсялякім разе, так мне падаецца.

* Надвор'е ў 2020-я гады працягвае звяртаць на сябе ўвагу.

* У 2021-25 гг. беларусы шматразова хадзілі на выбарчыя ўчасткі: рэферэндум 2022 г., выбары ў парламент і мясцовыя саветы ў 2024 г. і выбары прэзідэнта ў 2025 г. На фота: збор подпісаў у Мінску за пераабранне Лукашэнкі з лозунгам "Трэба!", які раскручвалі падчас гэтых выбараў.

* Спроба забараніць рэкламу ў паштовых скрынях



Жыхары розных дамоў Мінска забараняюць класці рэкламу ў свае паштовыя скрыні. 2024 г.

* На адным фота адначасова 2 элементы "духу часу": таксі «Яндэкс Go» і ўсплёск патрыятызму (сцягі і лозунгі паўсюль, дзе толькі бачна).


* Кантроль малочнай прадукцыі праз кью-ар код

З 2025 г. каб прабіць на касе самаабслугоўвання ў магазіне "малочку" трэба сканаваць менавіта кью-ар код, а не штрых-код. Прычым звязана гэта з кантролем якасці прадуктаў, але не распаўсюджваецца на безлактозныя малочныя тавары.

* Беларуская пятніца

Спробы папулярызацыі беларускіх тавараў, паслуг і нацыянальнай мовы. Што тычыцца апошняга, то неабходнасць у гэтым узмацняецца, бо арганізацыі, якія папулярызавалі мову, сталі забаронены ў палітычным віхуры, мясцовыя беларускамоўныя радыёстанцыі ціха памерлі цягам другой паловы 2010-х, пачатку 2020-х, а таксама шмат носьбітаў беларускай мовы пажылога ўзросту памерлі.

* У 2021-26 гг. у розных гарадах РБ ратоўна здараліся перабоі з вадазабяспячэннем.

Такія машыны з пітной вадой прыязжалі ў месцы, дзе адбываліся такія перабоі. Фота хутчэй ілюстратыўнае, бо не бачыў тут чаргі за вадой. Дарэчы, гэтыя збоі, калі яны прыйшлі ў наш дом, пабудзілі мяне трымаць дома калі 10 літраў бутуляванай вады на такі выпадак, і гэта ўжо апраўдвала сябе :)

* Перыядычна краіны ЕС блакіравалі доступ для экспарту з тэрыторыі Беларусі з нагоды міграцыйнага крызісу, прадастаўлення беларускіх тэрыторыі і рэсурсаў на карысць Расіі ў баявых дзеяннях супраць Украіны, затрымання грамадзян ЕС і праблемы кантрабанды цыгарэт ў Еўропу.

Падобныя паведамленні, як гэта ад "БелТА" 22.05.2024, сталі нярэдкімі.

* У 2026 г. скончылася эпоха таксафонаў

Пераход на станцыі метро Маскоўская напамінае, як на гэтай сцяне яшчэ віселі таксафоны. (май 2026 г.).

* 4 лютага 2026 г. увялі новы графічны знак беларускага рубля. З 2005 г. выкарыстоўвалі абазначэнне Br, але ім амаль не карысталіся, пасля дэнамінацыі 2016 г. увялі абазначэнне BYN, і некаторыя беларусы (пераважна студэнцкая моладзь) сталі называць іх "бунамі", а расіяне, пераехаўшыя ў Беларусь, "бінамі", але гэтыя мянушкі былі рэдкімі. Ці прыжывецца новы знак рубля, пакажа толькі час, але яго пачалі выкарыстоўваць на цэнніках у магазінах.

* Ну, і паколькі мая традыцыя аглядаў дзясяцігадовых адрэзкаў патрабуе крыху сказаць пра сябе, напішу, што галоўнай зменай у маім жыцці за гэтыя 5 год сталі "правы" і машына :).

28.02.2026

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд, у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней.

Студзень і люты апраўдалі свае назвы

Пачатак студзеня быў сцюдзены і снежны. Амаль штодзень даводзілася чысціць уваход у пад'езд і месца вакол машыны. А 8 студзеня Беларусь накрыў спадар Улі, наступствы якога разбіралі яшчэ некалькі тыдняў.

Неаднаразова слупок тэрмометра апускаўся да моцных маразоў: у ноч на 12.01 на метэастанцыі "Палеская" -25,2 °С, у ноч на 14.01 каля Оршы было -29,7 °С, у ноч на 18.01 у Клічаве -29,3 °С, ноч на 2.02. дала новы рэкорд на "Палескай": -31,1°С,а яшчэ ў адным месцы на поўдні краіны было -30°С,  у ноч на 10.02. Клічаў даў -29.6 °С.

Іней на сценах спускаў у метро Мінска даў магчымасць цікаўным рабіць такія часовыя малюнкі. Гэты быў 29.01 на станцыі "Плошча Перамогі". Бачыў падобныя і ў іншых месцах.

Аднак часам вярталася адліга і нават плюсавая тэмпература на паўднёвым захадзе РБ, а потым рэзка знікала: так 12-13 лютага была адліга, а 14-га у другой палове дня зноў рэзка пачало халадаць і ноччу ў асобных паўночных раёнах краіны было -20 °С. У ноч на 23.02 панавала плюсавая тэмпература з максімумам да +6.3 С на паўднёвым захадзе Беларусі. Пачалася яшчэ адна адліга. А з ёй і падтапленне часткі населенных пунктаў на поўдні РБ. Але 25 лютага ў цэнтральную Беларусь і Мінск вярнуліся снегапады і мінусавая тэмпература.

Капеж 27 лютага нагадвае, што вясна блізка.

А ў канцы месяца зноў пацяплела і 27 вярнулася плюсавое надвор’е. Апошнія 2 дні зімы было цёпла як вясной (напр, да +8 °С у Мінску 28.02).

Ад маразоў ламаліся сістэмы падачы цяпла ў памяшканні. Так аварыя цеплатрасы ў Мінску 19.01 пакінула захад сталіцы без цяпла да 21 студзеня. І падобнае здаралася ў іншых гарадах краіны.

20-21 студзеня Мінск накрываў ледзяны смог, які здзьмуў вецер 22.01. 21.01 паветра ў Мінску было так забруджана смогам, што адпаведныя службы прасілі мінчан па магчымасці не праветрываць памяшканні і не выходзіць з дому.

27.01 ішоў ледзяны дождж ад цыклону "Леоні" і тэмпература была "каля 0". Некалькі тысяч беларусаў атрымалі траўмы на галалёдзе. 27-28.01 ў некаторых раёнах Гомельшчыны былі адменены заняткі ў школах, бо дзяцей немагчыма было давезці аўтобусамі. А ў маёй машыны ледзяны дождж прымарозіў тармазную калодку, што прывяло не толькі да доўгіх спробаў вызваліць аўто, але і да таго, што пазней акумулятар аўтамабіля сеў на магістральным скрыжаванні, і я доўга мёрз, пакуль дачакаўся дапамогі.

2 лютага больш за 62% школьнікаў Беларусі не хадзілі ў школу па прычыне надзвычайных маразоў, хоць заняткі адмянялі толькі ў некаторых раёнах краіны. Дарэчы, мае сыны не скарысталіся гэтай магчымасцю ні падчас "Улі", ні 2.02.

Снег на дарогах расчышчалі паступова і часам паркоўкі ўздоўж другасных дарог доўга заставаліся заваленымі снегам. Я стараўся расчышчаць не толькі каля сваёй машыны, але і іншыя заваленыя снегам машынамесцы, але такіх энтузіястаў было мала. Цікава, што Беларусь робіць шмат снегауборачнай тэхнікі, але чамусьці яе не хапала, каб аператыўна чысціць дарогі і паркоўкі. Часам падчышчанае шуфелем месца паркоўкі зноў засыпала снегам, а то і трактар ЖКГ скідваў туды снег падчас чысткі дарогі.

Веладарожка на пр. Незалежнасці ў Мінску паміж вул. Гікалы і П. Броўкі была завалена снегам па стане на 27.01. Пазней яе нарэшце пачысцілі.

Вясна была загадкавай

Сакавік пачаўся цёплым надвор’ем без анамальна высокіх і надта нізкіх тэмператур, але пабіў рэкорды па адсутнасці ападкаў. Першыя 15 дзён было цёпла ўдзень (з мноствам абнаўленняў рэкордаў мінулых гадоў назірання на дзясятыя долі градусаў) і "каля нуля" ўначы (бо было малавоблачна і без ападкаў. У сярэдзіне месяца пачаліся лясныя пажары.

20 сакавіка ў Мінск прыйшлі дажджы з невялікім снегам. З 21.03 было без ападкаў.  Некалькі дзён быў нязначны мароз уначы, але ўдзень сонечна з камфортным цяплом. 27 сакавіка таксама убачыў невялікі дождж ва Уздзенскім раёне. 31-га лёгкі дождж быў і ў Мінску. 

Па стане на раніцу 30 сакавіка ў 8 гарадах на поўдні Беларусі ні разу не было дажджу за сакавік 

Красавік пачаўся цёплым і сонечным, але 4-га ўжо ішлі дажджы ў розных частках Міншчыны. 6-га апоўдні ў Мінск прыйшоў холад, а ў некаторых рэгіёнах краіны быў мокры снег ці снежная крупа. 7 красавіка часта ішоў дождж. У ноч на 9-е тэмпература ў Мінску апусцілася да -1°С, а 9-га ўжо лёталі снежныя "мушкі" і снежная крупа. 11 таксама мокры снег, а ў некаторых частках на ўсходзе Беларусі нават часовы снежны пакроў.

У ноч на 14 красавіка тэмпература ў Бабруйску дасягнула -3,2°С. Удзень 14.04 наадварот было вельмі цёпла (да 17°С у Мінску), а ўначы зноў "каля нуля".

16 красавіка ў Беларусь вярнуўся холад з дажджом і начнымі замаразкамі. 18.04. зноў цёплы і сонечны дзень.  У ноч на 22.04 у Клічаве -4°С. 23-га моцны вецер з паваленымі дрэвамі,  сарванымі дахамі і 2 пацярпелымі.

Паведамленне пра снег 26 красавіка ў ТГ-канале газеты "Звязда" (скрыншот)

26 красавіка прыйшлі дажджы, снег і моцны халодны вецер. У Мінску снег ішоў амаль незаўважна,  а ў некаторых частках Беларусі нават пакрыў зямлю. Такое надвор'е было да канца месяца. 

Май прыйшоў з рэзкім пацяпленнем. 1 мая было крыху цяплей,  чым у красавіку,  а 2.05 тэмпература паднялася за 20 градусаў.  У асобных раёнах дайшло да +25°С. 3.05. у Ганцавічах рэкорд: 26.8°С. 4.05 у некаторых месцах поўдня краіны 28.4°С.

5 мая ў Лельчыцах было 29.8°С, у гэты дзень па краіне прайшла навальніца. 6 мая рэкорд быў 30.6°С у Лельчыцах.

7 мая перапад тэмператур паміж паўночным захадам і паўднёвым усходам склаў да 17 градусаў па Цэльсію. З вечара 7 мая пачаліся дажджы. 8.05 дайшло да падтаплення асобных участкаў дарог Мінска. 

12 мая на некоторы час вярнулася цяпло (да 20°С у Мінску), а вечарам ізноў пачаліся дажджы. 13 мая было ўжо холадна і даждліва (да 12°С у Мінску); 14 зноў цёпла і сонечна (да 17°С у Мінску і да 20.7°С на метэастанцыі "Палеская"), а раніцай 15.05 на "Палескай" было -2°С на 2 см ад зямлі.

17 мая спякота перавышала 26°С у асобных раёнах, а 18-га прыйшлі навальніцы, у некаторых месцах на Міншчыне нават выпаў буйны град. 19.05 Касцюковічы 30.2°С. 21.05 у некаторых гарадах на ўсходзе Беларусі дайшло да 31°С.

Апошні тыдзень мая быў хутчэй цёплым, чым халодным. 27.05 быў моцны вецер, які валіў дрэвы і пашкодзіў шэраг аўтамабіляў і пабудоў. Добра, што абышлося без ахвяраў і пацярпелых. 

У большасці гарадоў Беларусі май перавысіў норму ападкаў  (у Мінску на 210%, пабіўшы рэкорд 1984 г.).


Пост будзе абнаўляцца. Калі не пазначана інакш, фотаграфіі і скрыншоты рабіў А. Берастоўскі.

10.01.2026

Гарэзы цыклону "Улі"

 Надвор'е ў пачатку 2026 г. ужо было студзёным і снежным. Нават канец 2025 г. стараўся даказаць, што прыйшла зіма. Але 8 студзеня Беларусь наведаў цыклон "Улі", які адразу нагадаў многім беларусам свайго калегу "Хаўера", які завітаў у 2013 г.

Але, калі да "Хаўера краіна была негатова і адказала транспартным калапсам, то "Улі" ўжо чакалі. Пра яго гаворылі яшчэ да яго прыходу, а 8-га ў 4 гадзіны вечара навіны па радыё перадавалі, што ў Брэсцкай вобласці снегапад ужо ідзе. "Улі" завітаў у Беларусь. У Мінску яго чакалі прыкладна праз 2 гадзіны. На наступны дзень, 9 студзеня, быў аб'яўлены чырвоны ўзровень небяспекі.

У 17:15 снегапад у раёне вуліцы Чкалава, дзе я быў па справах, яшчэ слаба праяўляў сябе, а ў 6 вечара цыклон ужо шчодра асыпаў сталіцу снегам. Ветра было няшмат, а холад быў і да прыходу "Улі". Галоўнай праблемай быў снегапад.

Так выглядаў наш мікрараён "Усход-1" а палове восьмай вечара. Каляровыя ліхтарыкі, якія развесілі перад навагоднімі святамі, дадавалі прыгажосці.

Снег ішоў усю ноч, хоць на яго прыбіранне мабілізавалі не толькі камунальныя службы з тэхнікай, але і супрацоўнікаў розных арганізацый, перш за ўсё сілавікоў: міліцыю, армію і ратавальнікаў. На адкрытых прасторах снегапад суправаджаў моцны вецер.

Наступным ранкам транспартны калапс адбыўся, хоць і ў меншай ступені, чым у 2013 г. Пераважна гэта было ў затрымцы грамадскага транспарту і перапаўненні некаторых станцый мінскага метро ў ранішні пік. Практычна ўсе дарогі былі пад снежнымі сумётамі. Вядома, што сталічныя магістралі пачысцілі аператыўна, але на другарадных дарогах і выездах да магазінаў ці двароў снег ляжаў паўсюль.


У раёне "Маяк Мінска" я сустрэў невялікую завіруху і адчуў як цяжка дыхаць. Але гэта было толькі імгненні. З "Хаўерам" не параўнаць. Нават сфоткаць гульню ветра са снегам атрымалася не с першай спробы.

А на "Усходзе-1" ўсё танула ў такіх сумётах. Аднак яшчэ зранку людзі пратапталі трапінкі да метро, школ і магазінаў. Таксама можна было ісці па каляінах на праезных частках дваравых дарог.

Частка аўтамабілістаў чысцілі снег вакол машын. Адзін пажартаваў другому:
-- Можа нам ЖЭС за гэта заплаціць?
Праходзячы міма, я заўважыў яму:
-- Вашай узнагародай стане магчымасць не плаціць штраф за непрыбраны снег каля аўтамабіля.
Аўтааматар згодна кіўнуў і далей стаў грэбці снег шуфелем.

У нашым двары некалькі аўтамабілістаў прыбіралі снег каля сваіх машын і пад'ездаў. Да прыходу дапамогі камунальнікаў адзін з іх расчысціў пешаходную дарожку ў бок выхаду з квартала да метро. Тым часам трактар ЖКГ, адчысціўшы пешаходную зону ля метро, пачаў  расчышчаць дарогі ў дварах.

У гэты дзень ЦікТок запоўнілі відэа снежных сумётаў і працы па іх прыбіранню, а галоўнай тэмай размоў стала стыхія. Быў выпадковым сведкам, як адна жанчына скардзілася камусці па відэасувязі, што ўвесь дзень капала снег у сваім катэджным пасёлку, бо разлічваць на аператыўную дапамогу камунальных служб не магла. 

Машыны часта загразалі ў калеях. У той дзень тройчы даводзіася дапамагаць выштурхоўваць чыісці аўто. Таксама звычайнай з'явай быў рух аўтамабіля заднім ходам па калее, каб прапусціць іншае аўто на выезд. Але частка таксістаў скарысталася магчымасцю зарабіць дадатковыя грошы і павысіла цэны ў 2-3 разы. Таксама з'явіліся паслугі па платнай расчыстцы ад снегу парковак і двароў.

10 студзеня была субота, і беларусаў масава заклікалі чысціць снег. Калі жыхароў дамоў можна было толькі прасіць па сумленні, то элемент мабілізацыі быў у сістэме адукацыі бацькоў, чыі дзеці вучацца ў школе ці дзіцячым садзе, прасілі прыбраць снег ля школы ці садзіка.

У нашым выпадку я і мой малодшы сын прыбіралі снег каля школы. Бацькоў прасілі прыходзіць а пэўнай гадзіне і яны мусілі змяняць адно аднаго. Але наша змена за палову гадзіны прыбрала ўсе вылучаныя участкі, так што потым іншая брыгада прыбірала за тэрыторыяй школы, а майму старэйшаму сыну далі адбой і ён у якасці альтэрнатывы расчысціў некалькі парковачных месцаў недалёк ад дому.

Любамір нават патрапіў на фотку для школьнага Тэлеграм-канала...


Снег ішоў увесь дзень 10 студзеня, але стыхія ўжо адступала. Замест завеі ішоў анамальны холад...

***
Абнаўленне за 14-20.01.2026. Пасля таго, як 10 студзеня па ўсёй краіне дабраахвотна і прымусова беларусы прыбіралі снег, выявілася вось што. Камунальнікі па-ранейшаму чысцілі дарогі і праезды, часткова пешаходныя дарожкі і тратуары. Кіроўцы машын прыбіралі снег вакол сваіх машын, але не імкнуліся адкопваць засыпаныя снегам іншыя машынамесцы. Веладарожкі наўпрост завалены снегам, хоць рух веласіпедаў зімой не забаронены. На адной з вуліц Мінска снег з праезда ў двор прыбралі толькі праз прыкладна 5 дзён пасля "Улі". На вулічных паркоўках, як і на шэрагу дваравых, снег проста раскатваюць машыны з высокім клірэнсам і такім чынам там атрымоўваецца паркавацца. У асобных выпадках міліцыя арганізуе г.зв. "дармаедаў" прыбіраць снег каля дзяржаўных устаноў.

Калі мне хтосьці на гэта скажа: "вось лепш сам бы прыбіраў снег, чым скардзіўся", на гэта адкажу, як вослік Іа з казкі пра Віні Пуха: "я не скарджуся, а канстатую факт". І як раз і прыбіраю снег, калі маю час і сілы. Учора адкапалі адно з трох заваленых снегам машынамесцаў на пару са старэйшым сынам. Сёння там ужо паркуюцца. Але не кожны дзень даходзяць да гэтага рукі. Так што "Улі" скончыўся, а справа яго жыве...

20.01 адкапаў апошняе заваленае снегам машынамесца недалёк ад дома. Некалькі прахожых задавалі ў розных версіях пытанне: "Табе больш за ўсіх трэба?".

30.11.2025

Выстава "Біблія ў Беларусі" | Expo Bible in Belarus

 5-9 лістапада ў а.г. Бараўляны праходзіла выстава "Біблія ў Беларусі". Мне і маім сынам атрымалася наведаць яе. У адрозненні ад выставы 2018 г., праведзенай ў Нац. бібліятэцы, гэта падзея была крыху больш сціплай па колькасці рарытэтаў, але больш мабільнай, бо адбылася ў некалькіх розных гарадах Беларусі: напрыклад, 12-16.11 у Белаазёрску, а 22-30.11 у Лідзе. Яшчэ адно адрозненне ў тым, што арганізатарамі выставы ў гэты раз былі шэраг неапратэстанцкіх цэркваў, але накіравана яна была на шырокае кола цікаўных.

From 5 to 9 November in village Barauliany near Minsk hosted expo Bible in Belarus. Me & my sons had  chance to visit it. Unlike the similar one in 2018 held in the National Library of Belarus this event was a bit more modest in terms of exibits to show, yet more mobile as it was held in different towns of the country: e.g. on 12-16.11 it was in Belaaziorsk and on 22-30.11 in Lida. Another difference is that this expo was organized by some neo-Protestant churches, but it targeted a wide circle of those interested.



Праход на тэрыторыю царквы "Уваскрэсенне" з боку Першамайскай вуліцы / Access to the area of Resurrection Church from Piershamajskaja street

Банер выставы / Expo banner

Уваход у будынак / Entrance to the building

Унутры памяшкання, арганізаванага пад выставу / Inside the hall arraged for the expo

Асноўныя пастулаты пратэстантызму, напісаныя на лацінскай мове каля ўваходу / Main Protestant principles in Latin on  a sign on a door near the hall entrance

Пачну агляд злева ад уваходу / I'm going to start my survey on the left from the hall entrance.

Стэнд "Нараджэнне Бібліі" і матэрыялы, на якіх яе пісалі / Stand Bible Birth & materials used to write this book


Пергамент і мадэль каменных скрыжаляў з Дэкалогам / Parchment & Decalogue stone tables model

Рукапіс кнігі Старога Запавету на іўрыце, а таксама шэраг артэфактаў з Палесціны і Месапатаміі / An Old Testament book scroll & some artifacts from Palestine & Mesopotamia

Цыліндр Кіра, Бабілон, 538 г. да н.э. / Cyrus Cylinder, Babylon, 538 BCE

Вядома, што гэта копія, а не арыгінал з Брытанскага музея / Of course, it's a replica, not the Brittish Museum original :)


Манеты часоў Старога Запавету / Old Testament times coins

Старонка з Септуагінты, Англія 1707 г. / A Septuaginte page, England 1707

Манеты часоў Новага Запавету, дакладней 1 ст да н.э - 1 ст. н.э / New Testament coins, 1 century BCE to 1 century CE, to be exact

3 рымскія дынары і папірус 3 ст н.э. Чэсцера Біці / 3 Roman denarii & Chester Beatty's papirus

Тураўскае Евангелле, 1-ы вядомы пераклад часткі Бібліі на тэрыторыі Беларусі (11 стагоддзе н.э.). Прашу прабачэння, што здымак атрымаўся неякасны / Turau Gospel, the 1st translation of a part of the Bible in the territory of Belarus (11 century CE). Sorry, for my low-quality photo.

Рэпрадукцыя Рэмбранта "Вяртанне блуднага сына" / The Return of the Prodigal Son by Rembrandt. A replica.


Гэты элемент відавочна захаваўся з часоў святкавання 500-годдзя беларускай Бібліі ў 2017 г. (бо 6 жніўня 1517 г. беларускі першадрукар Францыск Скарына выдаў першую частку Бібліі на старабеларускай мове). Кожны мог прасунуць галаву ў дзірку на твары і адчуць сябе першадрукаром.

This element obviously survived the celebration of the 500 years of the Belarusian Bible in 2017 (as on the 6 August 1517 the first Belarusian printer Francysk Skaryna published the first part of the Bible in the old Belarusian language). Everybody could put their head through the face hole & feel like the first printer.


Асаблівай "фішкай" выставы для юных наведвальнікаў быў андроідны робат у выглядзе Францыска Скарыны на сцэне залы, які распазнаваў рускую і беларускую мовы і адказваў на беларускай (сучаснай, вядома) / The expo unique feature for the young visitors was an Android robot Skaryna that sat on the hall stage could recognize Russian and Belarusian speech & reply in Belarusian (of course, present-day language).

Экран на сцэне / A screen on the stage

Справа ад сцэны знаходзілася рэпрадукцыя друкарскага станка часоў Скарыны. / The was a replica of Skaryna's times printing press on the right of the stage.

Мой малодшы сын адкатаў на ім з дапамогай супрацоўніцы экспазіцыі тэкст "Ойча наш" на беларускай. Цікава, што на выставе 2018 г. на такім станку мае сыны друкавалі Псалом 1  / My younger son printed on it  (assisted by an Expo volunteer) the Lord's Prayer text in Belarusian. Interestingly, at the expo of 2018 on a similar press my kids printed the text of Psalm 1.

З правага боку знаходзіліся экспанаты часоў Рэфармацыі / On the right there were Reformation times exhibits

Напр., старонка з Бібліі, друкаванай Гутэнбергам (1455) / e.g. A page from the Bible printed by Gutenberg (1455)

Біблія ў перакладзе М. Лютэра (1541) / M. Luther's Bible translation (1541)

Кнігі, выданыя Францыскам Скарынай і грошы часоў яго дзейнасці / Some books published by Francysk Skaryna & some money of his days

Евангелле паводле Мацвея ад Васіля Цяпінскага, беларускага асветніка і хрысціяніна-антытрынітарыя, на старабеларускай мове (1576) / Matthew's Gospel by Wasyl Ciapiński (a Belarusian educator & an Antitrinitarian Christian) in old Belausian (1576)

Рарытэтная Радзівілаўская Біблія 1563 г., разгорнутая на кнізе Выхад. Нажаль, фота атрымалася не вельмі добра. / Rare Radziwiłł's Bible (1563) open in Exodus book. Unfortunately, the photo isn't really good.

Пераклад Новага Запавету на польскую мову Сымона Буднага, вядомага дзеяча руху Польскіх братоў (1572) / A New Testament translation into Polish by Symon Budny, a well-known activist of the Polish Bretheren (1572)

Пераклад Буднага цікавы апрача іншага і тым, што гэта рэдкі выпадак выкарыстання імя "Іегова" ў Новым Запавеце, што робіць яго асаблівым унёскам у беларускую і сусветную культуру. Я вылучыў 2 выпадкі ў тэксце на фота, але там можна знайсці больш :)

Budny's translation is interesting by being among those rare that have Jehovah's name in the New Testament, which make it a special contribution to the Belarusian and world culture. I highlighted 2 cases in the text in the photo but you can find more :)

Кніга псальмаў выдання 19 ст. і буклеты пра Кухціцкі кальвінскі збор, старэйшую пратэстанцкую царкву Беларусі / A 19-century edition book of Psalms and booklets about Kuchcice Calvinist Church, the oldest Protenstant church in Belarus.

Лацінска-польская Біблія (злева, 1864) і руская Сінадальная Біблія (справа, 1904) / Latin & Polish Bible (left, 1864) & Russian Synodal Bible (right, 1904)


Сучасныя беларускія пераклады Бібліі / Modern Belarusian Bible Translations

Пераклад Евангелля паводле Лукі на сучасную беларускую мову 1926 г. Цікава, ці карысталіся ім мае аднавернікі ў 1920-1930-х гг.? / Gospel of Luke translated into the modern Belarusian language (1926). I wonder if my fellow believers used it in 1920-1930s?

Набор для друкавання / Printing set


Руская Сінадальная Біблія выдання 1977 г. з бібліятэкі Евангельскай Царквы Брэста. Гэта ўжо савецкі рарытэт / Russian Synodal Bible published in 1977. It's a kind of Soviet era rare specimen

Рэклама сайта bible.by, дзе ёсць мноства перакладаў на рускай, беларускай і іншых мовах з магчымасцю параўнання сціхоў у розных перакладах. / A banner advertising bible.by site where one can find lots of translations in Russian, Belarusian and other languages with a possibility to compare verses in different translations.



Стол з выданнямі Бібліі на беларускай мове / A table with Bible editions in Belarusian

Кодэкс перапісаных кніг Новага Запавету 2017-2018 гг. / A Code of hadwritten New Testament books of 2017-2018

Акрамя выставы для дзяцей была магчымасць прайсці квест па пошуку пэўных экспанатаў і атрымаць за гэта ласунак / Apart from the expo itself there was a quest for kids about finding particular exhibits & getting a treat for this.

Таксама была магчымасць прайсці яшчэ адзін квіз на веданне Бібліі і гісторыі хрысціянства на простым і прасунутым узроўнях са смартфона. Скажу, што просты ўзровень быў не такім ужо і простым нават для мяне, хоць я і не поўны прафан ў гэтай тэме. / Also, there was a possibility to take part in an online quiz on Bible and Christianity history with a smartphone at easy & advanced levels. I tell you that the easy level wasn't really easy for me although I am not a complete simpleton in those issues.

Таксама ў памяшканні была магчымасць бясплатна ўзяць друкаваныя Бібліі на беларускай мове, і мы ўзялі сабе некалькі перакладаў / Also, in the premises there was a possibility to take home free Bible copies in Belarusian, so we took some different trnaslations for ourselves.

Сімвалічна, што атрымалася закончыць гэты пост толькі ў Міжнародны дзень Бібліі / It's also remarkable that I managed to finish the post only on the World Bible Day.

Гл. таксама / See also

Вандроўка ў азярэцкі музей на адкрытым паветры | A Trip to the Open Air Museum of Azjarco 

Новы Запавет на палескай мове (Новый Завіт Клімчука)

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць