11.05.2013

2 грамадзянскія вайны амерыканскага народа


У 2004 г. я меў магчымасць праслухаць курс лекцый па гісторыі ЗША, які чытаў на англійскай мове прафесар Дональд Узэнхант для студэнтаў і выкладчыкаў філіяла факультэта міжнародных адносін Белдзяжуніверсітэта. Тое, што я ведаў тады з рускамоўных крыніц пра Амерыканскую рэвалюцыю канца 18 ст. і Грамадзянскую вайну ў ЗША 1861-65 гг. было падцверджана падобнай інфармацыяй на англійскай мове. У некалькіх радках можна гэта выказаць наступным чынам: падчас Рэвалюцыі (Вайны за незалежнаць ЗША) жыхары калоній аб'яднана разбілі войскі нямецкіх наёмнікаў брытанскага караля і пазбавіліся ад тыраніі, а падчас Грамадзянскай вайны праціўнікі рабства разбілі рабаўладальніцкую армію Паўднёвай Канфэдэрацыі і ўсе жылі доўга і шчасліва. Але факты не заўсёды поўнасцю супадаюць з тымі ці іншымі трактоўкамі. Я не хачу казаць, што ўсё, што пішуць у падручніках па гэтым двум пытанням -- гэта падман. Наадварот, я прапаную зірнуць на факты аб'ектыўна без жадання асудзіць ці апраўдаць, бо так мусіць рабіць кожны сумленны гісторык.
Гэты агляд не мае мэты ахапіць усе падзеі двух войн: толькі некаторыя, пераважна малавядомыя падзеі, якія можна разглядаць з розных бакоў. Таксама некаторыя рашэнні, якія прызнаны памылковымі, не трэба судзіць надта строга. Калі чалавек ці група людзей прымае рашэнне, яму ці ім цяжка вызначыць якія будуць вынікі. А рашэнні, якія прыймаюць у час палітычнай напруджанасці, могуць быць прадыктаваны больш эмоцыямі, чым розумам. Тым не меньш, аб памылковасці тых ці іншых рашэнняў буду пісаць без дыпламатычнай віціяватасці.
Амерыканская рэвалюцыйная вайна
Калоніі і метраполія: у кожнага свая праўда.
Пасля перамогі ў Сямігадовай (Франка-індзейскай) вайне (1757-1763 гг.) Вялікабрытанія атрымала новыя землі ў Паўночнай Амерыке і новыя праблемы. На новых тэрыторыях жылі французскія каланісты і індзейскія плямёны, якія падчас вайны былі ворагамі брытанскай кароны. Урад Вялікабрытаніі быў вымушаны выдаць загады, якія абмяжоўвалі правы насельніцтва англамоўных калоній на будаўніцтва новых пасяленняў на захопленых тэрыторыях, а таксама ўвесці новыя падаткі і абмежаванні ў 13 англамоўных амерыканскіх калоніях каб папоўніць бюджэт краіны. І атрымалася, што ўсе бонусы атрымалі Брытанская дзяржава, пераможаныя французы і індзейцы, а англійскія каланісты, якія рызыкавалі жыццём у гэтай вайне, павінны былі гэтыя бонусы плаціць. Гэты дысбаланс спрадзіў напруджанасць паміж каланістамі і метраполіяй. Тыя, хто жадаў стварыць незалежную дзяржаву ці групу незалежных дзяржаў на атлантычным узбярэжжы Паўночнай Амерыкі, атрымалі падтрымку розных катэгорый насельніцтва гэтых калоній. Тым не меньш, пасля таго як у Бостане адбылася сутычка брытанскіх вайскоўцаў з мясцовымі жыхарамі ("Бостанская бойка") напруджанне сціхла, і ўмеранныя каланісты здолелі дамовіцца з брытанскім  парламентам аб адмене пэўных эканамічных абмежаванняў у калоніях. Барацьбіты за незалежнасць засталіся адні на некалькі гадоў (1).
Бостанская бойка.
5 сакавіка 1770 года ў Бостане адбылася першая сутычка брытанскіх ваенных з амерыканскімі каланістамі. Нярэдка ўсё падаецца так: змораныя голадам і здзекамі каланісты сталі шпурляць каменні і снежкі ў вайсковы патруль і тыя растралялі мірную акцыю пратэста. Але трэба памятаць, што гэта акцыя пратэста была адначасова і нападам на вайсковы патруль, які мусіў ахоўваць горад ад беспарадкаў. Калі б вайскоўцы пакінулі вуліцу і вярнуліся ў казармы, ці была гарантыя, што "пратэстанты" не пачнуць  рабаваць магазіны, рэзаць сваіх недругаў і гвалціць іх жонак і дачок? Я ўласна ведаю, што такое атрымаць удар каменнем, хіба што траўму ад яго не атрымаў. Але і снежкі -- не проста хуліганская зброя, накшалт яек ці памідораў. Крыху больш за 10 гадоў таму я працаваў школьным настаўнікам, узімку мы з вучнямі "выяснялі адносіны" праз гульню ў снежкі, і, паколькі біліся снежкамі мы жорстка, аднойчы мне нават падбілі вока снежком. У 1899 г. бунтаваўшыя расійскія студэнты паспяхова закідывалі снежкамі, калвалкамі ільда і камянямі паліцыю. Таму снежок -- таксама зброя, якой, як і пяском, можна асляпіць салдата на некаторы час, за які яго можна абяззброіць ці нават забіць.
Камандзір патруля прыняў рашэнне страляць у нападаўшых, і тры бостнацы былі забіты. Безумоўна, тым, хто змагаўся за незалежнасць калоній, смерць нападаўшых была доказам тыраніі брытанскага караля і яго парламента. Але пры ўважлівым разглядзе падзеі, гісторык, як і следчы, можа прыйсці да іншай высновы.
Бостанскае чаяпіцце
Праз некалькі гадоў, калі напруджанне паміж насельніцтвам калоній і ўрадам метраполіі пачало сціхаць, яшчэ адна акцыя пратэсту ў Бостане была падобна шклянке бензіну на тлеючае вуголле. Прапаную разгледзіць яе ўсебакова.
Найбольш папулярнай і эфектыўнай формай пратэсту супраць брытанскай урадавай палітыкі быў байкот англійскіх тавараў у калоніях. Менавіта праз байкот парламент быў вымушаны адмяніць некаторыя непапулярныя меры. Адным з прадметаў "эмбарга" быў чай, які ў той час пілі пераважна заможныя жыхары калоній. Забарона на продаж чаю англійскіх кампаній спарадзіла прыбыльны бізнес па кантрабандзе чаю ў калоніі. Кантрабандысты не толькі добра зараблялі, але і, зразумела, не плацілі падаткаў -- ні калоніям, ні метраполіі. У гэты час урад Вялікабрытаніі дазволіў Ост-Індыйскай кампаніі манапольнае права беспасрэднага імпарту чая ў калоніі Паўночнай Амерыкі. Гэта быў нокаўт чайнай кантрабанды: цены Кампаніі былі ніжэй, а яе тавар легальны (а значыць з гаратыяй якасці).
16 снежня 1773 г. на борт некалькі караблёў Кампаніі ўзыйшлі людзі на чале з Самуэлем Адамсам, аднім з лідараў барацьбы за незалежнасць. Няма адзінай думкі ці з самага пачатку яны планавалі выкідываць легальны чай у мора, ці мірная акцыя пратэсту перайшла запланаваныя межы, але тавар Кампаніі выкінулі ў мора і такім чынам знішчылі. Зразумела, што Кампанія, якая не мела дачынення да палітычнай барацьбы, патрабавала ад урада метраполіі кампенсацыі і пакарання злачынцаў. Тады парламент Вялікабрытаніі прыняў шэраг рэпрэсіўных актаў супраць Бостана (блакада порта), калоніі Масачусэтс і астаніх 12 калоній. Але тут быў зроблен адзін з першых пралікаў: замест асуджэння змагароў за незалежнасць, Масачусэстса і бостанцаў многія жыхары астатніх калоній выступілі супраць рэпрэсіўнай палітыкі. Далёка не ўсе яны прагнулі незалежнасці, але агульная праблема аб'яднала  іх вакол лідараў накшалт Самуэля Адамса. Пачалося фарміраванне ўзброенных атрадаў г.зв. "мінтімэнаў" (каланістаў, гатовых ваяваць літаральна "за хвіліну"). Пры гэтым гучалі і галасы тых, хто шукаў кампрамісу з урадам, а не незалежнасці калоній. Напрыклад, прадстаўнікі рэлігійнай групы квакэраў Філадэльфіі восенню 1774 г. высылалі каралю і парламенту петыцыі з прапановамі мірнага ўрэгулявання (я не чытаў дакумент, але думаю, там былі сур'ёзныя кампрамісныя прапановы, а не агульныя фразы накшалт "джэнтльмены, давайце жыць дружна"). І ўрад метраполіі, і самакіраванне калоній праігнаравалі такія прапановы кампрамісу, што можна лічыць чарговым, але не апошнім пралікам (2). Да вайны заставалася меньш чым два гады.
Дарэчы, толькі некаторыя з людзей Адамса былі пераапрануты ў індзейцаў (3). І такая маскіроўка проста не мела сэнсу: чалавек еўрапейскай знешнасці з пер'ямі ў валасах так падобны на індзейца, як Джэкі Чан на Анастасію Валачкову. Хутчэй за ўсё гэта была не маскіроўка, а пачуццё гумару "пратэстантаў". А ўжо ў 19 ст. стала прынята маляваць як каля дзясятка індзейцападобных мужчын кідаюць скрыні з караблёў у мора, а маракі і прадстаўнікі Кампаніі стаяць і нават не спрабуюць спыніць тых, хто ў іх вачах былі проста хуліганамі.
Рэвалюцыя пачынаецца, а браневік не запраўлены.
Рэвалюцыя (альбо вайна за незалежнасць) пачалася, калі 19 красавіка 1775 г. буйны атрад брытанскіх вайскоцаў, які накіроўваўся на знішчэнне склада баяпрыпасаў і зброі амерыканскіх "незаконных узброенных фарміраванняў", сустрэў атрад мінітмэнаў, каля вёскі Лексінгтан недалёка ад Бостана і абстраляў іх. Пасля гэтага мінітмэны ў большай колькасці  зрабілі засаду і перастралялі яшчэ больш вайскоўцаў. Дарэчы брытанская армія, размешчаная ў калоніях, не складалася з цалкам і поўнасцю з гесэнскіх наймітаў, якія размаўлялі толькі на нямецкай і не разумелі мовы насельніцтва калоній. Наадварот, на пачатку рэвалюцыі многія з вайскоўцаў былі англічане ці мясцовыя ўраджэнцы.
10 мая 1775 г. збіраецца Другі Кантынентальны Кангрэс, сход арыстакратыі 13 калоній, якая ўдзельнічала ў мясцовым самакіраванні. 15 мая Кангрэс аб'яўляе вайну Вялікабрытаніі (значыць з 19 красавіка па 15 мая ніякіх значных сутычак паміж каланістамі і каралеўскай арміяй не абдылося?). 4 ліпеня 1775 г. Другі Кантынентальны Кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці, якая абвяшчала аб аддзяленні іх ад метраполіі па прычыне тыраніі караля (4). Многія ідэі Дэкларацыі былі бясспрэчна правільнымі. Але ёсць пытаніі па легітымнасці сходу. У калоніях не праводзілі спецыяльны рэферэндум, які б вызначыў пазіцыю большасці насельніцтва. Таму можна сказаць, што і прадстаўнікі каралеўскай улады ў калоніях, і прадстаўнікі Кангрэса дзейнічалі ад імя народа і пры гэтым з народам ні аб чым не раяліся. Тым не меньш, гэта сітуацыя ўласціва і іншым рэгіёнам: абвяшчэнне Беларускай народнай рэспублікі і БССР і скасаванне СССР праводзілася палітычна актыўнай меньшасцю, а большасць альбо пост-фактум вітала гэтыя змены, альбо абыякава ставілася да іх, альбо журылася, але на вілы "прадстаўнікоў народа" не падняла.
У гісторыі 2-га Кангрэса цікава іншае: Петыцыя аліўкавай галінкі прынятая 5 ліпеня 1775 г (5). Калі дэлегаты Кангрэса ставілі свае подпісы пад Дэкларацыяй незалежнасці, першы з іх Джон Хэнкок напісаў свае імя і прозвішча вялікімі літарамі, каб кароль мог яго прачытаць без акуляраў. Іншыя дэлегаты таксама былі настоены па-баявому, бо разумелі, што могуць скончыць жыццё на эшафоце. Але Петыцыя аліўкавай галінкі -- гэта поўная супрацьлегласць Дэкларацыі незалежнасці. Дэлегаты Кангрэса  (праўда не ўсе) прасілі міра з каралём, называлі сябе яго вернападданымі, і ніякай думкі аб незалежнасці больш не было. Пры гэтым армія Паўночнаамерыканскіх Злучаных штатаў (ПАЗШ) на чале з Дж. Вашынгтонам ужо пралівала кроў за ідэі незалежнасці. Кароль зрабіў чарговую памылку: праігнараваў Петыцыю.
Кангрэс не быў маналітам. Там панавалі розныя супярэчлівыя думкі. Нават Дэкларацыя незалежнасці не акрэслівала паўнамоцтваў новай дзяржавы, так што не было вядома ці будзе гэта фэдэрацыя, ці саюз незалежных дзяржаў (дарэчы англійскае слова state азначае і штат (частка краіны), і дзяржаву). Але калі спачатку ад імя рэвалюцыйнага ўрада абвяшчаецца вайна за незалежнасць, а потым некаторыя прадстаўнікі гэтага ўрада выражаюць гатоўнасць цалаваць ручкі каралю, супраць прафесіянальнай арміі якога адправілі неабстрэляных апаўчэнцаў, то маральны дух апошніх ад гэтага не ўзрасце.
Лаялісты робяць вайну за незалежнасць грамадзянскай.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што каля 500 000 белых жыхароў 13 калоній былі супраць незалежнасці ад Брытаніі, а гэта каля 20% ад усяго белага насельніцтва. Акрамя белых за Карону, ваявалі індзейцы і чорныя вольнаадпушчанікі. У гэтай сувязі яшчэ адна памылка брытанскай адміністрацыі: некаторыя губернатары абяцалі волю ўсім чорным рабам Поўдня, якія пойдуць служыць у брытанскую армію, і гэтым яны адштурхнулі ад сябе буйных землеўладароў, а тыя ў сваёй большасці падтрымлівалі караля, а не Рэвалюцыю (6). Апаўчэнне амерыканскіх лаялістаў, змагаўшыхся за караля налічвала 19 000 чал. Так рэвалюцыя перайшла неўзабаве ў грамадзянскую вайну.
Ваенная перавага была ў большай ступені на баку Брытаніі: салдаты, і англійскія, і гесэнская, былі добра навучаны ваяваць, а армія Злучаных Штатаў складалася пераважна з апаўчэння "мінітмэнаў". Думаеце, індзецы былі лёгкай здабычай арміі каланістаў? Дарэмна. Па-першае, яны ўжо свабодна карысталіся агнястрэльнай зброяй і палілі з стрэльбаў ня горш за белых аднапалчан. Па-другое, індзейцы добра валодалі тактыкай партызанскай вайны і ведалі мясцоваць падчас лепш за белых. Армія Вашынгтона перамагала больш моцнага ворага раптоўнымі нападамі. Але да 1778 г., калі Францыя пачала актыўна дапамагаць амерыканскім рэвалюцыянерам, Рэвалюцыя магла скончыцца паражэннем.
Не мелі падтрымкі салдаты Вашынгтона і ў фермераў. Фермеры ахвотна прадавалі сельскагаспадарчыя вырабы брытанцам за золата і срэбра, але не жадалі нічога прадаваць барацьбітам за незалежнасць, якія спрабавалі плаціць папяровымі доларамі. І тут не столькі лаяльнасць каралю сколькі карысць, бо ў песні пяецца "спачатку думай пра Радзіму, потым пра сябе", а звычайны чалавек робіць наадварот. І да таго ж гэта была вайна не супраць знешняга ворага, а паміж рознымі палітычнымі групамі ў адной краіне.
Тое, што гэта вайна была грамадзянскай можна даказаць яшчэ аднім фактам: Бенджамін Франклін быў дыпламатычным прадстаўніком урада  ПАЗШ (потым прэзідэнтам ЗША), а яго сын Уільям -- лаялістам. Не думаю, што яны палілі з пісталетаў адзін у аднаго, але іх дарогі разышліся. А колькі было такіх выпадкаў мне невядома. Вядома толькі, што ў Паўднёвай і Паўночнай Каралінах баі паміж мясцовымі рэвалюцыянерамі і лаялістамі былі найбольш жорсткімі, бо і тых, і другіх было дастаткова.
Трэба прызнаць, вайна за незалежнасць была джэнтльменскай. Вышэйазначаных фермераў не рабавалі. Такіх выпадкаў я не ведаю. Амерыканцы ішлі ў апаўчэнне лаялістаў і апаўчэнне арміі Вашынгтона дабраахвотна, а не праз мабілізацыю. Гэта дало магчымасць усім, хто жадаў, застацца ўбаку ад удзелу ў вайне. Такой магчымасцю акрамя шырокай праслойкі апалітычных гандляроў і фермераў скарысталіся і розныя рэлігійныя меньшасці, якія лічылі насілле грахом, напрыклад квакеры.
Пасля заключэння мірнага пагаднення ў Парыжы, якое прызнавала ЗША ў межах паміж Іспанскай Фларыдай, р. Місісіпі і Канадай, каля 100 000 лаялістаў пакінулі краіну і перасяліліся ў Канаду і на Багамы. І далёка не заўсёды гэта быў пратэст. Нярэдка лаялісты ўходзілі па прычыне выгнання, рабавання і канфіскацыі маёмасці. Цікавая арыфметыка: на аднаго апаўчэнца (19 000) прыходзілася па чатыры не ваяваўшых лаяліста, а калі падлічыць, што тысячы лаялістаў загінулі ў баях з арміямі Злучаных Штатаў і Францыі, то колькасць "недабранадзейных" грамадзян, якіх пацярпелі ад рэквізіцый і выгнання толькі ўзрастае. Праўда Парыжскае пагадненне ўключала ўмову недапушчальнасці такіх рэпрэсій, і некаторым нашчадкам выгнаннікаў вярнулі канфіскаваныя маёнткі альбо заплацілі кампенсацыю (7).
Альтэрнатыўная гісторыя ЗША
Як бачым, Рэвалюцыі ў 13 калоніях магло і не быць. Калі б на месцы Георга ІІІ стаяў больш разважлілвы чалавек, Рэвалюцыю маглі б падавіць класічнай камбінацыяй бізуна і перніка. Рэвалюцыя не выстаяла б (нават сталіцу ПАЗШ Філадэльфію адбілі ў Кангрэса брытанскія войскі ў 1777 г.), калі б Францыя не пачала актыўна дапамагаць амерыканцам, а потым і адправіла дэсант на кантынент. А яшчэ Іспанія пачала вайну з Фларыду, а яшчэ Вялікабрытанія аб'явіла вайну Галандыі за гандль з амерыканскімі калоніямі...
Калі б Рэвалюцыі не было ці яна б не перамагла ЗША б не стала сверхмагутнай дзяржавай. Магчыма, аддзяленне ад Вялікабрытаніі адбылося б мірна, як  у выпадку суседняй Канады. 13 калоній альбо існавалі б як самастойныя дзяржавы, альбо як фэдэрацыя. Па ўзроўню прамысловага развіцця, магутнасці арміі і колькасці насельніцтва былыя калоніі былі б падобны Аргенціне ці Іспаніі. Рабства ўсё роўна адмянілі б, але без грамадзянскай вайны і прыкладна ў канцы ХІХ ст. Вынаходніцтвы Эдысана, Бэла, Гейтса знайшлі б сваю славу ў Еўропе. А ў др. пал. ХХ ст пачалася б эміграцыя з 13 былых калоній ў Еўропу, пераважна ў Вялікабрытанію.
Грамадзянская вайна 1861-65 гг.
Чаму пачалася вайна?
Трэба прызнаць, што раскол ЗША на Фэдэрацыю (Поўнач) і Канфэдэрацыю (Поўдзень) быў непазбежным. "Адна краіна -дзве сістэмы" -- гэта ўтопія, бо людзі пабягуць адтуль, дзе горш, туды , дзе лепш. У Кітаі "дзве сістэмы" існуюць толькі на паперы: фактычна ва ўсім Кітаі будуюць капіталізм пад камуністычнымі сцягамі, але ў Сянані і Аомыні яшчэ ёсць і дэмакратыя, а каб кітайцаў у дэмакратыю не цягнула, "бамбукавы занавес" застаўся і звычайная сям'я з Шанхая не можа паехаць на ўік-энд у Аомынь каб наведаць мясцовыя казіно: пропуск не выдадауць. Падобным чынам рабства ў ЗША было праблемай больш эканамічнай чым маральнай. Рабы беглі на Поўнач, дзе ім трэба было дзесьці жыць і працаваць. А на Поўдні праблема як іх утрымаць і якім занавесам адмежавацца ад Поўначы. Да таго ж з пашырэннем тэрыторыі краіны на усход далучаліся новыя штаты, і ўзнікала пытанне захавання баланса паміж рабаладальніцкімі і свабоднымі штатамі ў Кангрэсе. Даходзіла да перастрэлак: у Канзас  пры яго засяленні хлынулі людзі з Поўдня і Поўначы, кожны з іх імкнуўся перацягнуць штат у адпаведны лагер і пачаліся баі мясцовага значэння з нярэдкімі выпадкамі забойств.
Рух за адмену нявольніцтва ў ЗША -"абаліцыянізм" не трэба ўспрымаць як прамень дэмакратыі ў цёмным царстве. Сярод абаліцыяністаў хапала тых, каму было шкада чорных рабоў як жывёлу, якая працуе на поле замест таго каб жыць у джунглях. (Гэта падобна на тое, як сёння некаторыя змагаюцца супраць вопытаў над жывёламі і лічаць апошніх "братамі меньшымі"). Разуменне таго, што людзі цёмнаскурай расы і індзейцы не з'яўляюцца дзікарамі і роўныя беламу чалавеку па інтэлекту прыйшло ў амерыканскае грамадства прыкладна праз стагоддзе пасля гэтай вайны.  А палітыкам пераважна не было справы да таго, што белы чалавек на Поўдні мог забіць свайго чорнага раба проста так ці згвалціць яго жонку альбо дачку, што нярэдка сем'і нявольнікаў разлучалі каб прадаць іх па-асобку. Галоўная праблема для палітычнага кіраўніцтва Штатаў была магчымасць расколу краіны на дзве ці больш. А гэта, як развод у сям'і: трэба дзяліць сумесна нажытую маёмасць. Да таго ж ад свавольства Вялікабрытаніі, ваенныя караблі якой захоплівалі амерыканскіх грамадзян і прымушалі іх да службы ў каралеўскім флоце, з цяжкасцю адбіліся толькі падчас вайны 1812-1815 гг. (Другая вайна за незалежнасць ЗША). А калі краіна распадзецца на дзве, англічанам будзе іх лягчэй упакорыць па-асобку.
Размовы аб адмене рабства на ўсёй тэррыторыі ЗША прывялі да таго, што частка рабаўладальніцкіх штатаў Поўдня аб'явіла аб  сваім выхадзе з краіны і ўтварэнні Канфэдэрацыі штатаў. Прэзідэнт Злучаных Штатаў А. Лінкальн у адказ аб'явіў іх мяцежнікамі і накіраваў войскі ў некаторыя гарады Поўдня. Войскі былі сустрэты агнём. Пачалася вайна.
Не ведаю, наколькі правільна паступіў Лінкальн з юрыдычнага пункту гледжання. Да гэтага ўжо былі спробы асобных штатаў стаць незалежнымі дзяржавамі. Пры гэтым такія штаты маглі спасылацца на Дэкларацыю незалежнасці і Рэвалюцыю як прэцэдэнт: свайго роду права нацыі на самавызначэнне. Але Дэкларацыя даволі агульна распавядае пра правы асобы і народа, таму спасылацца на яе было бессэнсоўна. Як казаў адзін прадстаўнік пасольства ЗША ў Беларусі ў прамове да студэнтаў БДУ: "Мы не лічым, што сітуацыя ў Косава такая ж як і ў Абхазіі і Паўднёвай Асетыі, таму незалежнасць Косава не можа быць прэцэдэнтам для Абхазіі і Паўднёвай Асетыі".
Чырвонаармейскія атакі Поўначы і Пракламацыя 1863 г.
На першы погляд здаецца, што ў Поўдня не было шансаў: Поўнач быў прамысловым, Поўдзень аграрным, насельніцтва Поўначы ў разы перавышала колькасць белых жыхароў Поўдня, якім яшчэ маглі страляць у спіны паўстаўшыя нявольнікі. Але белае насельніцтва Поўдня ваявала на сваёй зямлі, якую яны ведалі лепш за салдат Поўначы.  Таксама, ўпершыню Прэзідэнт ЗША правёў частковую мабілізацыю з прымусовым прызывам. Такія мерапрыемствы ставяць вырашаць адну задачу разам тых, хто жадаў ваенных прыгод, і тых, хто баяўся іх як хірургічнай аперацыі без наркоза (а тады былі пераважна такія аперацыі), тых, хто жадаў прадзіравіць як мага больш плантатарскіх галоў, і тых, хто лічыў забойства чалавека смяротным грахом. Вось гэты "натоўп" кінулі супраць канфэдэратаў, якія з дзяцінства вучыліся валодаць зброяй і ваяваць. Хто глядзеў экранізацыю "Унесенных ветрам", памятае, як жыхары Поўдня збіраліся на вайну з намерам закідаць фэдэралаў шапкамі. Генералы Лінкальна кідалі войскі ў атакі, падобныя чырвонаармейскім падчас фінскай ці Вялікай Айчыннай вайны. Калі палкі фэдэралаў радзелі іх папаўнялі навабранцамі і ізноў кідалі ў наступленне. Безумоўна, былі таленавітыя вайсковыя рашэнні з абодвух бакоў, але нярэдка армію канфэдэратаў выцісківалі ўглыбь Поўдня. Можа на Поўначы таксама лічылі, што пакуль ўсю іх армію пераб'юць, амерыканскія жаншчыны новых салдат панараджаюць?
Ледзь не забыў: для тых, хто надта даражыў сваім жыццём альбо жыццём чалавека ўвогуле, была афіцыйна дазволеная магчымасць адкупіцца ад службы ў арміі за 300 долараў (тады гадавы заробак чорнарабочага, на сённяшнія грошы гэта некалькі тысяч долараў, на сучасныя беларускія - некалькі дзясяткаў мільёнаў рублёў) (8). Пры гэтым крэдыт падчас вайны атрымаць праблематычна, а нырку тады прадаць было немагчыма. Таму такую магчымасць маглі сабе дазволіць толькі нябедныя людзі.
1 студзеня 1863 г. пачала дзейнічаць Пракламацыя Лінкальна аб адмене нявольніцтва. Але прапаную падумаць як мог дзейнічаць такі дакумент. На пачатку дзеяння Пракламацыі на баку Поўначы ваявалі салдаты з некалькіх рабаўладальніцкіх штатаў, якія не ўваходзілі ў Канфэдэрацыю. Войскі Лінкальна ўжо прасунуліся на Поўдзень і кантралявалі як целыя штаты, так і іх асобныя часткі. Таму не дзіва, што рабства адмянялася... толькі на "мяцежнай" часткі Поўдня, там дзе яшчэ маршыравалі войскі канфэдэратаў. Пры гэтым вызваленне нявольнікаў было, як тлумачыла Пракламацыя адказам на мяцеж і вымушанай мерай. Таксама вольнаадпушчанікам Лінкальн загадваў сумленна працаваць на сваіх гаспадароў за разумную плату і ўстрымлівацца ад насілля (9). Уявіце сабе нейкага дзядзечку Тома, які прыйшоў да свайго гаспадара, а той згубіў сваіх сыноў на вайне і сам рыхтаваўся да апошняга бою за маёнтак, з копіяй такой Пракламацыі і прапановай абмеркаваць, што яны абодва лічуць разумнай аплатай. Добра, калі гаспадар застрэліць такога раба на месцы... Таму Пракламацыя дзейнічала толькі на паперы. Часткова яна пачала дзейнічаць па меры далейшага адступлення канфэдэратаў. Поўнае скасаванне рабства ў ЗША было зроблена 13-й папраўкай да Канстытуцыі (ратыфикавана 6 снежня 1865 г.) (10).
Паўстанне ў Нью-Ёрку і ваеннапалонныя: жорсткасць па-за межамі фронту.
Падчас Грамадзянскай вайны на Поўначы ўзмацнілася расавая нянавісць да былых чорных нявольнікаў. Гэта было звязана з тым, якім коштам давалася кожная перамога над канфэдэратамі. Высакародных энтузіястаў, якія лічылі неабходным вызваліць рабоў заўжды было нямнога ў ЗША. Большасць астатніх грамадзян згаджаліся на адмену рабства пры ўмове, што гэта будзе не за іх кошт. Але цану заплацілі нямалую: і грошамі, і чалавечымі стратамі. Таму не дзіва, што многія лічылі гэтую вайну непатрэбнай. На фоне гэтага ў Нью-Ёрку летам 1863 г.пракацілася хваля пагромаў, падчас якіх забілі некаторых урадавых чыноўнікаў, якія былі адказныя за прызыў у войска, дзясяткі афраамерыканцаў з чорных кварталаў горада (усяго загінула 105 чал.) і разарабавалі некалькі пратэстантскіх церкваў. Пагромы спыніліся толькі калі ў горад увялі некалькі армейскіх франтавых палкоў (11).
Канфэдэраты трымалі ваеннапалонных у спецыяльным лагеры Андэрсанвіль (альбо Самтэр), дзе шмат з іх загінула ад жорсткіх умоваў жыцця і стасунку аховы (12). Стасункі да палонных канфэдэратаў на Поўначы былі не лепш. (Дарэчы гэта быў не апошні выпадак выкарыстання канцлагероў у ЗША супраць людзей, якіх лічылі ворагамі. У 1942 г. больш за 100 000 японцаў, немцаў і італьянцаў, якія жылі ў ЗША, ў тым ліку і грамадзян краіны, адправілі ў спецыяльныя 10 лагероў, як "патэнцыяльна небяспечных чужынцаў" (alien enemies)(13). Частка зняволенных памерла ад цяжкіх жыццёвых умоваў, некаторыя сем'і ніколі не злучыліся ізноў). Таму Грамадзянская вайна ў адрозненні ад вайны за незалежнасць не была джэнтльменскай.
Амаль кожная вайна нясе з сабой марадзёрства, катаванне палонных, рабаўніцтва і забойства мірнага насельніцтва. Сцэна рабаўніцтва горада на Поўдні, ў які вось-вось павінны былі ўвайсці фэдэральныя войскі, апісана эпізодам у экранізацыі "Унесенных ветрам". Больш дакладных і правераных звестак аб такіх ваенных злачынствах не маю, таму пакідаю гэта пытанне адкрытым.
Як нарадзіўся Ку-клукс-клан.
Лінкальн быў вельмі разважлівым палітыкам. Калі Поўнач атрымаў перамогу над Канфэдэрацыяй, прэзідэнт жадаў захаваць за пераможаннымі штатамі самакіраванне і пакараць толькі актыўных удзельнікаў паўстання. Але канфэдэраты зрабілі ўдалы замах на яго жыццё, і, забіўшы яго засталіся на літасць плеяды ўрада ЗША, ў якім панаваў дух помсты. У былой Канфэдэрацыі ўвялі ваеннае кіраванне. На злосць былым рабаўладальнікам чорным жыхарам давалі адміністратыўныя пасады, якія не давалі мясцовым белым арыстакратам. Рабоў надзялялі зямлёй іх былых гаспадароў. Так было на працягу прыкладна 10 гадоў, калі паступова вызвалілі адбываўшых пакаранне канфэдэратаў і вярнулі самакіраванне пераможанным штатам.
Калі сціснуць пружыну, а потым адпусціць яе, яна адскочыць. Такі ж эфект на былых белых гаспадароў мела палітыка пераможцаў. Пасля паражэння асобныя этузіясты з канфэдэратаў працягвалі "махаць кулакамі" -- нападаць на ваенных з Поўначы і вызваленных рабоў. Але Ку-клукс-клан нарадзіўся пазней у адказ на рэпрэсіўную палітыку Поўначы пасля перамогі ў вайне. Калі паўднёвыя штаты "адпусцілі" Ку-клукс-клан пачаў квітнець, а разам з гэтым з'явіліся сегрэгацыя (асобнае пражыванне белых і чорных) самасуд над былымі рабамі і ўсё гэта пакрывалася заканадаўсвтвам штатаў і мясцовымі ўладамі, якія не дапускалі чорных да магчымасці выстаўляць кандыдатуру на выбары ў самакіраванне штатаў праз маёмасны цэнз ці па прычыне малаадукаванасці былых нявольнікаў. Сітуацыю канчаткова пераламілі толькі ў 1940-60 гг.
Альтэрнатыва вайны
Магу паўтарыцца: мірнае суіснаванне рабаўладальніцкага ладу з капіталізмам не магло цягнуцца вечна ў ЗША. Адзінай альтэрнатывай мог быць распад дзяржавы на дзве без вайны, забраўшай каля паўмільёна жыццяў. Тым не меньш, Поўдзень і Поўнач маглі б быць у стане "халоднай вайны": эканамічная канкурэнцыя, жалезны занавес на мяжы, магчымыя пагранічныя канфлікты. Поўдзень застаўся б аграрнай дзяржавай, а Поўнач паступова стаў прамысловай.  Абедзве краіны ніколі б не дасягнулі росквіту і магутнасці сучасных ЗША, але Поўнач мог стаць рэгіянальнай дзяржавай, якая б мела ўплыў на паздеі ў іншых краінах Амерыканскага кантынента. Рабства было б скасавана ў Канфэдэрацыі прыкладна на мяжы 19-20 стагоддзяў, калі б стала зразумелай фатальная залежнасць эканомікі Поўдня ад рабскай сельскагаспадарчай працы і калі б з'явілася істотная патрэба іскаць альтэрнатывы. Але аб'яднанне з ЗША ўжо стала б малаверагодным: дзве краіны сталі б надта рознымі для гэтага.
Зноскі
(1) An Outline of American History. Published by US Information Agency, p.66
(2) An Outline of American History, p.70
(3) Young, Shoemaker, 183-185 цыт. па: "Boston Tea Party" at "Wikipedia" Access mode: http://en.wikipedia.org/wiki/Boston_Tea_Party Access date: May 11, 2013
(4) Тэкст Дэкларацыі ў беларускім перакладзе даступны на сайце Historiapure. Рэжым доступу: http://historiapure.narod.ru/index/0-17 Дата доступу 11.05.2013
(5) Тэкст Пэтыцыі даступны на англійскай мове па спасылцы: http://www.learner.org/workshops/primarysources/revolution/docs/olive.html Дата доступу 11.05.2013
(6) Так у лістападзе 1775 г. лорд Данмор, губернатар Вірджыніі, прапанаваў свабоду кожнаму чорнаму нявольніку, які будзе служыць у арміі Вялікабрытаніі. Гл.: An Outline of American History, p.72
(7) An Outline of American History, p.79
(8) An Outline of American History, р. 177
(9) Тэкст Пракламацыі ў беларускім перакладзе даступны на сайце Historiapure. Рэжым доступу: http://historiapure.narod.ru/index/0-10 Дата доступу 11.05.2013
(10) Тэкст 13-й папраўкі да Канстытуцыі ЗША апублікаваны ў артыкулу "Трынаццатая папраўка да Канстытуцыі ЗША" на сайце "Вікіпедыя" Рэжым доступу: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A2%D1%80%D1%8B%D0%BD%D0%B0%D1%86%D1%86%D0%B0%D1%82%D0%B0%D1%8F_%D0%BF%D0%B0%D0%BF%D1%80%D0%B0%D1%9E%D0%BA%D0%B0_%D0%B4%D0%B0_%D0%9A%D0%B0%D0%BD%D1%81%D1%82%D1%8B%D1%82%D1%83%D1%86%D1%8B%D1%96_%D0%97%D0%A8%D0%90 Дата доступу: 11.05.2013. Тэкст усіх паправак да Канстытуцыі ЗША ў беларускім перакладзе даступны на сайце Historiapure. Рэжым доступу: http://historiapure.narod.ru/index/0-27 Дата доступу 11.05.2013
(11) An Outline of American History, р. 177
(12) Статья "Андерсонвилль" на сайте "Википедия". Режим доступа: http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D0%BD%D0%B4%D0%B5%D1%80%D1%81%D0%BE%D0%BD%D0%B2%D0%B8%D0%BB%D0%BB%D1%8C Дата доступа 11.05.2013
(13) Тэкст адпаведных дакументаў ў беларускім перакладзе даступны на сайце Historiapure. Рэжым доступу: http://historiapure.narod.ru/index/0-11 Дата доступу 11.05.2013

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...