14 лістапада 1920 года ў доме Эдварда Вайніловіча ў Слуцку пачалось паседжанне З'езда Случчыны, дэлегаты якога вырашылі не дапусціць пераходу Случчыны (якая тады знаходзілася пад польскім кантролем) пад кантроль Саветаў па Рыжскай мірнай дамове, якой скончылася вайна Польшчы з Савецкай Расіяй. Польская адміністрацыя Слуцка, якая збіралася пакінуць горад, не была супраць беларускага нацыянальнага сепаратызму на тэрыторыі ворага, таму яна нічым не процідзейнічала ні абранай беларускай адміністрацыі, ні яе кантактам з Радай Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР), ні фарміраванню ўзброеных атрадаў.
24 лістапада армія Польшчы пакінула Слуцк, а Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія (РСЧА) яшчэ не ўвайшла ў яго. 27 лістапада пачаліся баі паміж слуцкімі паўстанцамі і РСЧА. (Таму некаторыя даследчыкі вядуць адлік пачатку паўстання ад 14 лістапада, а іншыя ад 27 лістапада.) Баі з пераменным поспехам працягваліся да канца снежня, калі рэшткі атрадаў слуцкіх паўстанцаў перайшлі на польскую тэрыторыю, дзе былі абяззброены, інтэрніраваны і праз некаторы час адпушчаны на свабоду. У гісторыю падзея, якую я апісаў у двух абзацах, увайшла пад назвамі "Слуцкае паўстанне" і "Слуцкі збройны чын".
Я ніколі не паглыбляўся ў гэту тэму (бо немагчыма быць спецыялістам па ўсіх пытаннях гісторыі). Тым не менш, большасць інфармацыі, якую я чуў, глядзеў ці чытаў на тэму гэтай падзеі стогадовай даўніны, была не столькі аналітычнай, сколькі патрыятычнай. Як і абвяшчэнне БНР сто год таму як першай сучаснай дзяржавы беларусаў дэ-юрэ, Слуцкае паўстанне мае значэнне як першая спроба абараніць беларускую дзяржаўнасць дэ-факта. Сюды і адносіцца выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга, выхаванне мужнасці і г.д.
Мабыць я заўсёды цягнуўся да аналітычнага падыходу да гісторыі. Таму мяне зацікавіла як пра Слуцкае паўстанне на гістфаку БДПУ чытаў лекцыю Сакалоў, пра якога некалькі год таму я чуў ад яго калегі, што ён ужо памёр. Нажаль, не памятаю яго імя і імя па бацьку. Не магу намялаваць яго слоўны партрэт. Памятаю, што ён насіў гальштук пад світэрам і пінжак зверху, што заўсёды меў незадаволены выгляд. На адным семінары ён рэзка крытыкаваў патрыятызм нашага лепшага студэнта Юры Трусава, які сказаў, што ідэі БНР нажаль не вельмі цікавілі сялян:
-- Што значыць "нажаль"? Трэба сказаць "нават"!
На лекцыях, якія многім былі нецікавымі, і студэнты размаўлялі на іх, Сакалоў час ад часу рэзка гаворыў:
-- Шумна ў вас!
Сакалоў праігрываў як выкладчык, бо было шмат тых, хто ўмеў быць цікавым і дружалюбным. Але на кожным яго занятку прысутнічаў аналітычны падход: ён імкнуўся дапамагчы зразумець сутнасць той ці іншай падзеі без ідэалагічнай афарбоўкі. Таму мне ён падабаўся як настаўнік, хоць не падабаўся як чалавек.
На лекцыі пра савецка-польскую вайну, Сакалоў пачаў з крытыкі назвы падзеі, бо СССР яшчэ не існавала, а праз некаторы час дабраўся да Слуцкага паўстання. Вось як ён ахарактарызаваў падзею, наколькі памятаю яго словы:
-- Паўстанне фактычна вялося ў выглядзе нападаў на атрады РСЧА з нейтральнай тэрыторыі каля польскай мяжы і Чырвоная Армія здолела пакласці ім канец толькі калі Польшча дазволіла ёй увайсці ў нейтральную зону. Слуцкае паўстанне трэба разглядаць не толькі ў рамках нацыянальнай барацьбы беларусаў, але і ў кантэксце антыбальшавіцкіх паўстанняў таго часу, напр., на Тамбоўшчыне і ў Кранштаце.
Не раз ў жыцці потым я вяртаўся да апошняй думкі. Зразумела, ў беларускай гістарычнай навукі ёсць моманты, якія падобныя на Бостанскае чаяпіцце ў гісторыі ЗША: есць склаўшаяся традыцыя пераказу падзеі з элементамі каляпатрыятычных дадумак, але ёсць месца і халоднаму навуковаму вывучэнню падзеі. Хацелася б, каб Слуцкае паўстанне таксама апісвалі людзі, здольныя адыйсці ад сваіх уласных пачуццяў і разглядаць справу з навуковымі падыходамі, што ўключае ў сябе параўнанне сітуацыі ў Слуцку з іншымі антыкамуністычнымі выступленнямі таго часу, як раіў Сакалоў.
Зразумела, гэта не значыць, што Сакалоў, які "рэзаў праўду-матку" -- правы, а тыя, хто пяшчотна ставіцца да гістарычнай памяці Случчыны 1920 г -- не. Мяркую, я нават напісаў усё вышэйзгаданае, проста, каб не забыць нестандартны падыход, непрыязнага, але таленавітага гісторыка да вядомых падзей мінулага...
100 год Лютаўскай рэвалюцыі (на рускай)
100 год міліцыі (на рускай)
Пра іншых выкладчыкаў БДПУ:
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.