20.03.2015

Сонечнае зацьменне

Першае ў сваім жыцці сонечнае зацьменне я назіраў 11 жніўня 1999 г. Памятаю, як мы з братам у Пячах выйшлі з дому, каб убачыць гэтую з'яву. Сонечныя акуляры не дапамагалі, і мы паклалі паверх іх тонкую фольгу. Тады атрымалася ўбачыць, як невялічкі кавалак Сонца пачарнеў. Але мы чакалі большага: знікнення святла і пахаладання -- і не дачакаліся. Толькі праз гады я даведаўся, што поўнае сонечнае зацьменне ў Беларусі не здараецца :)

Зацьменні 31 мая 2003 г, 3 кастрычніка 2005 г, 1 жніўня 2008 г. і 4 студзеня 2011 г. прайшлі зусім незаўважна ў маім жыцці. Ніхто з маіх сяброў і знаёмых не абмяркоўваў гэту з'яву, а за навінамі я пэўна не так старанна сачыў. Ды і змены на беларускім небе ў вочы не кідаліся.

20 сакавіка 2015 г. я падрыхтаваўся інакш: Спусціўся ў падвал, дастаў невялікі кавалак аконнага шкла, закурыў яго запаленай старой асадкай і абматаў бакі малярнай лентай. На вуліцы ў спалучэнні з сонечнымі акулярамі бачна было добра. Дома -- толькі ў адкрытае акно. Ізноў няпоўнае зацямненне азначала яго звонкавую нябачнасць.

 Сонца на фота падчас зацьмення

Мой "інструмент"

Мая суседка па пляцоўцы ў той дзень казала мне, што бачыла поўнае зацьменне ў Слуцку прыкладна 50 год таму. Тады яна знаходзлася на адкрытай прасторы. Цемра наступіла раптоўна, але не была поўнай. Таксама раптоўна стала вельмі холадна, нават пачаў дзьмуць вецер. Суседка казала і пра тое, што ў гады яе дзяцінства акрамя закурвання шкла, карысталіся бітымі каляровымі бутэлькамі, але чорных акуляраў не было. (Верагодна, што гэта жанчына бачыла або частковае зацьменне ў 1954 г. (яно было поўным у Брэсце) ці менш маштабныя частковыя зацьменні 1961, 1966, 1975 ці 1976 г.)

Мае студэнты ў той дзень глядзелі на зацьменне і праз дыскеты, і праз акуляры, і праз шкляныя прадметы. У адным з мінскіх паркаў стаяў моцны тэлескоп, з якім працаваў мой сябар -- аматар астраноміі. З яго слоў у самы пік зацямнення, прыкладна з 13:06 па 13:09, сонечнага святла стала відавочна менш, як быццам звечарэла (дыск сонца зышоў у цень на 70%). Я гэты момант "правароніў". 

З таго часу ў РБ назіраліся і іншыя зацьменні, але наступная з'ява такога кшталту, якую я спрабаваў адсочыць, адбылася 29 сакавіка 2025 г. Тады ў Беларусі, як і ў іншых рэгіёнах геаграфічнай Еўропы, адбылося яшчэ адно частковае зацьменне сонца (да 8% дыска зоркі). На гэты раз мае сыны з энтузіазмам шукалі магчымасць паглядзець на рэдкую з'яву. Сонечныя акуляры з фальгой не працавалі, бо харчавая фольга была надта тоўстай. Хлопцы шукалі іншыя варыянты, у тым ліку і кавалак шкла, які б можна было пакрыць сажай, як 10 год таму, але ў гэты раз мы спяшаліся па іншых справах, і нам бракавала часу на плённыя астранамічныя назіранні. Мой малодшы сын Любамір сказаў, што праз анучу і сонечныя акуляры ўбачыў закрыты месяцам край сонца.

Па маіх адчуваннях пік зацьмення прайшоў незаўважанным: было яснае сонечнае надвор'е і колькасць святла не мянялася з з набліжэннем піку зацьмення. Вуліцы Мінска, здаецца, былі заліты сонцам увесь дзень. Любамір сцвярджаў, што каля 14.00 святла стала менш. Пік зацьмення наступіў яшчэ праз паўгадзіны, але мы на той момант былі ў памяшканні з тоўстымі шторамі і не мелі магчымасць убачыць змены як трэба :(, але іншыя беларусы рабілі фоткі

12 жніўня 2026 г. частковае сонечнае зацьменне зноў наведала Беларусь. На гэты раз сонца заходзіла. Толькі ў некаторых заходніх рэгіёнах было бачна, як месяц закрыў 76% сонца. А ў Мінску у пік падзеі было цяжка заўважыць ці змярканне ідзе ад зацьмення, ці аблокі ды сам захад свяціла даюць менш святла. Таму зноў нічога не заўважыў. 
Фота максімальнай фазы зацьмення ў Гродне (76%) ад Аляксандра Федаракі, апублікаванае ў ТГ-канале "Метэавайб"

Зноў спадзяюся ўбачыць падзею лепш у наступны раз. Дарэчы, 16 мая 2227 г. на захадзе Беларусі зноў можна будзе пабачыць поўнае зацьменне сонца. Спадзяюся дажыць :)

2015, 2025-26 гг.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць