29.04.2015

Заканчэнне гісторыі касцей

Так атрымалася, што мае матэрыялы па гісторыі нямецкіх вайсковых могілак у Мінску ("Косці пад падмуркам") перадрукаваў сайт, які займаецца гісторыяй Мінска. І гісторыя мела свой працяг.
Праз некаторы час мадэратар сайта напісаў мне па электроннай пошце, што адзін гісторык які вывучае перыяд Вялікай Айчыннай вайны, хоча паразмаўляць са мной. Я выйшаў на сувязь з гэтым гісторыкам. Вызначалася, што яго цікавілі ўспаміны майго дзеда, якія я аправерг. Таму не столькі ён ад мяне штосьці даведаўся, сколькі я засыпаў яго пытаннямі. Праз пэўны час нашых перамоў гэты гісторык дазволіў мне апублікаваць дадаткую інфармацыю пра нямецкія могілкі з спасылкай на яго імя. Прыводжу яго інфармацыю ў беларускім перакладзе з захаваннем аўтарскага цёмнага вылучэння (арыгінал на рускай).

Ліст гісторыка Ўсачова.

"Шаноўны Андрэй!
Дзякую за Ваша пісьмо і прыведзеныя спасылкі.
Лічу, што Вам могуць быць карыснымі мае заўвагі па Вашай публікацыі.
Могілкі размяшчаліся ля Маскоўскай шашы (Moskauer Strasse). Шаша і самі могілкі (раней яны называлася могілкамі «герояў, ганаровым = Нeldenfriedhof, Ehrenfriedhof», зараз яго немцы называюць «салдацкім- Soldatenfriedhof» пазначаны на ім. планах Мінска (гл. Архіў БДА НТД 6-2-24, 6-2- 25) і ў Інтэрнэце.
У 1943  на гэтыя могілкі былі перанесены (гл. Фота ў інтэрнэце) часовыя пахавання, якія былі каля галоўнага акадэмічнага (НАНБ) корпуса (прэзідыума) і ля бальнічнага гарадка (там цяпер стаянка аўтатранспарту).
Могілкі стваралася па тыпавым праекце для 3 тыс. пахаванняў. План могілак і 6-7 фота гэтых могілак я бачыў у Wolfgang Brast (Вольфганга Браста) - прадстаўніка Народнага саюза Германіі па дагляду за воінскімі пахаваннямі (магіламі) ў Беларусі і Калінінградскай вобл., дастаткова добра гаворыць па-руску.
  ...
У Мінску і ў Касселе (ФРГ) для зносін з рускімі працуюць рускія супрацоўнікі. У іх можна ўдакладніць ўсе пытанні па могілках.
В.Браст атрымаў зімой 2014 дазвол (Першамайскага РВК) на эксгумацыю. З красавіка. 2014 да канца кастрычніка найманая ім прыватная фірма эксгумавала каля 2,5 тыс. (Каля 80% пахаванняў) рэшткаў і часова размясціла іх на арэндаваным складзе. Вясной 2015 г. выкапаюць астатніх і ўсіх перавязуць для перапахавання на зборныя могілкі ў Бярозе (Брэсцкая вобл.).
Па невядомых прычынах астанкі Г.Вёльке (вядомы нямецкі спартсмен забіты ля Хатыні -- А.Б) не перавезлі ў Германію. Яны былі эксгумаваныя гэтым летам. В.Браст паказваў мне на плане могілак месца знаходжання яго магілы. Падрабязныя звесткі аб пахаваннях на гэтых могілках маюцца ў нямецкім таварыстве Чырвонага Крыжа і ў даведачнай службе DD (былая даведачная служба Вермахта WASt), якія падцвярджаюць гэтую знаходку.
У немцаў усё было вельмі падрабязна рэгламентавана, напрыклад, нават тып і памер шрыфта надпісы на крыжы. У далёкім канцы могілак на невялікім узвышэнні быў усталяваны вялікі драўляны крыж. Рэгламент не прадугледжваў узвядзенне манумента і яго не было відаць на фотаздымках. Часам (са спасылкамі на сцвярджэнні іншых) згадваюць не аб мануменце, а аб вялікім помніку «генералу», што цалкам магчыма. Невялікая колькасць немцаў сваякі вывезлі ў Германію. Ля ўваходу (варот) на могілках было 2 невысокіх калоны. У разбураным стане іх маглі прыняць за помнікі.
Існаваў загад аб неадкладнай ліквідацыі на вызваленых тэрыторыях усіх нямецкіх могілак. Адпаведна, ў 1944 г. адразу ж знеслі і гэтыя могілкі. Гэтую дату зносу могілак падцвярджаюць і нямецкія крыніцы.
Больш падрабязна звесткі аб гэтым могілках (пасля поўнай і канчатковай яго ліквідацыі) планую апублікаваць (летам 2015 г.) на сайце Валожынскага.
Мне даводзілася гутарыць са старажыламі, якія тады дзецьмі пасля вайны раскопвалі гэтыя пахавання. Апошні раз (здалёк) бачыў (за «працай») некалькі дарослых «чорных капальнікаў» з сапёрнай лапаткай і металадэтэктарам позняй восенню 2014 г. ва ўсходняй частцы могілак.
...
З павагай і найлепшымі пажаданнямі,
А.І Усачоў"

Народны саюз дае звесткі.

Гісторык Усачоў прыводзіў кантактную інфармацыю Народнага саюза ў Мінску. Паколькі я ўжо быў папярэджаны аб нежаданні гэтай арганізацыі ісці на кантакт з журналістамі ці гісторыкамі, я пайшоў іншым шляхам. У мяне была нагода задаць ім пытанне не як гісторык, а як грамадзянін, жыхар суседняга мікрараёна. 
Справа ў тым, што ў лесапарку паміж Барысаўскім трактам і Маяком Мінска, дзе пахаваны немцы, мы часта гуляем з дзецьмі. І аднойчы ў кастрычніку ці лістападзе 2014 г. мы ўбачылі мікраўатобус ў хмызняку паміж сцежкамі , якія выводзілі з парка да ст. м. "Барысаўскі тракт" і на пр. Незалежнасці. У машыне былі людзі. Хмызняк вакол быў ачышчаны ад хвоі, галінак і смецця да глебы і былі бачны сляды капання ў зямле (магчыма, гэта быў проста прысыпаны грунт). Мы прайшлі побач з машынай сваёй дарогай і ніхто з яе не выходзіў, каб нас затрымаць ці прагнаць. Месца ачэплена ці агарождана не было.
Вось гэты эпізод і дапамог мне атрымаць падцвержданне таму, што мне напісаў А. Усачоў. У канцы снежня 2014 г. я напісаў такі "імейл" Народнаму саюзу ў Мінску:

"Паважаныя спадары!
Вам піша жыхар мікрараёна Усход.
Мне вядома, што ў раёне лесапарку паміж станцыямі метро "Усход" і "Барысаўскі тракт" падчас земляных работ былі выяўлены сляды масавага пахавання нямецкіх салдат у 1980-х гг.
Я час ад часу гуляю з дзецьмі ў гэтым лесапарку і ў апошні час стаў заўважаць там сляды глыбокіх земляных работ, падобных пракладцы трубаправода ў 80-х з выкарыстаннем тэхнікі. Паколькі ў афіцыйнай прэсе некаторы час таму згадвалася пра перапахаванне нямецкіх салдат на спецмогілкі, я хацеў спытаць у Вас як мне паступіць, калі я ўбачу ў лесапарку будаўнічую тэхніку? Ці варта звязацца з Вашай арганізацыяй? Выклікаць міліцыю? Ці нічога не рабіць? Справа ў тым, што я шмат чуў пра скарбашукальнікаў і несумленных прадпрымальніках, гатовых будаваць на могілках што заўгодна, і сярод маіх сваякоў хапае, тых, хто прапаў без вестак на той вайне. Таму патлумачце мне, калі ласка, ці ў курсе Вы ўсяго гэтага і ці ёсць падстава для турботы.
З павагай,
А.В. Берастоўскі"

Я быў гатовы, што мой зварот праігнаруюць, але ў сярэдзіне студзеня 2015 г. мне прыйшоў адказ: супрацоўнік арганізацыі папрасіла мой нумар тэлефона і праз хвілін 20 пасля таго як я яго выслаў, патэлефанавала на мой мабільны з гарадскога, здаецца іх офіснага нумара. Дзякуючы размове з ёй атрымалася пацвердзіць наступнае:
1. Мікрааўтобус сапраўды належыў іх арганізацыі. Іх супрацоўнікі праводзілі рэкультывацыю мясцовасці пасля эксгумацыі (новы грунт, вываз смецця)
2. Народны саюз сапраўды перавёз з дапамогай беларускай арміі большасць пахаваных на зборныя могілкі ў двух невялікіх беларускіх гарадах, і засталося правесці эксгумацыю яшчэ некаторых пахаванняў.
3. Ніякіх звестак аб знаходжанні на тэрыторыі будаўніцтва Маяка Мінска магіл нямецкіх салдат, Саюз не мае. (Такім чынам, усе сцвярджэнні аб знаходжанні нямецкіх магіл у раёне будаўніцтва не падцвердзіліся).
4. Звычайна месца эксгумацыі абгароджваецца папераджальнай лентай.

Апошні паход і крыху матэматыкі

Гісторык Усачоў яшчэ шмат дэталяў паведамляў вусна. Напрыклад, па яго звестках, менавіта марадзёрства стала прычынай чаму на месцы могілак пасадзілі лес (праўда спачатку "палявалі" больш на скураныя боты, чым на золата, а ў апошнія гады кожная салдацкая каска ці жэтон могуць быць аб'ектам пошуку "чорных капальнікаў". Яшчэ ён сцвярджаў, што могілкі не былі выключна нямецкімі: там хавалі і вайскоўцаў іншых нацыянальнасцяў. Апошняя дэталь могілак, якая магла б дапамагчы аднавіць іх гісторыю -- гэта рэзервныя рвы, якія знаходзіліся ў лесе. Усачоў лічыў, што гэта былі дадатковыя магільныя рвы на паўднёвай мяжы могілак, якія немцы не паспелі выкарыстаць да 3 ліпеня 1944 г., калі Чырвоная армія ўвайшла ў Мінск.
Вось з гэтымі рвамі мне і заставалася разабрацца.
Падчас адной з прагулак з дзецьмі, ў сакавіку 2015 г. я ўзяў лічбавую камеру і вымяряльную рулетку на 3 м. Мы мерылі рвы рулеткай, а маімі крокамі (з пэўнай пагрэшнасцю) адлегласць ад уваода ў парк да рвоў і працягласць парка ўздоўж пр. Незалежнасці.
Усяго было 5 рвоў. Глыбіня кожнага каля 1,5 м., шырыня 5-6 м з нейкім раздзяленнем пасярэдзіне, даўжыня рвоў -- па 70 м. Зразумела, што трэба прыняць да ўвагі культурны слой, які засыпаў рвы за 70 год. Ад увахода ў парк да рвоў прыкладна 90 м (+самі рвы цягнуцца яшчэ метраў 30). Уся даўжыня парка -- каля 300 м. Таму можна меркаваць, што могілкі займалі паўночную частку парка на плошчы 27 -- 36 тыс кв. м. У рэзервных рвах магчыма было пахаваць 350 чал. мінімум. Таму лічба 3 тыс. пахаваных, да якой я ставіўся скептычна ў пэўны час, даволі рэальная. Тым больш, што трэба дадаць яшчэ прыкладна 6 -7,5 тыс кв. м. тэрыторыі, дзе могілкі былі знішчаны падчас раскопак ў 1980-я гг. (калі будавалі метро ў 2000-х, ніякіх магіл там ужо не было). Таму агульная плошча можа дасягаць прыкладна 43 тыс. кв м альбо 4,3 га.

Здаецца, цяпер я магу паставіць кропку на гэтым праекце. Ва ўсялякім разе, хлопец, які ў 80-х гг меў дачыненне да вандалізму супраць забітых немцаў, унёс свае тры грошы кампенсацыі.

Фота аднаго рва з абазначэннем яго мяжы (чорная рыса) і яго шырыні (чырвоная стрэлка)

Відэа: рэзервныя рвы нямецкіх салдацкіх могілак (Яндэкс Дыск)

Тое ж відэа на "Ю ц'юбе"

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...