Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд, у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней.
Студзень і люты апраўдалі свае назвы
Пачатак студзеня быў сцюдзены і снежны. Амаль штодзень даводзілася чысціць уваход у пад'езд і месца вакол машыны. А 8 студзеня Беларусь накрыў спадар Улі, наступствы якога разбіралі яшчэ некалькі тыдняў.
Неаднаразова слупок тэрмометра апускаўся да моцных маразоў: у ноч на 12.01 на метэастанцыі "Палеская" -25,2 °С, у ноч на 14.01 каля Оршы было -29,7 °С, у ноч на 18.01 у Клічаве -29,3 °С, ноч на 2.02. дала новы рэкорд на "Палескай": -31,1°С,а яшчэ ў адным месцы на поўдні краіны было -30°С, у ноч на 10.02. Клічаў даў -29.6 °С.
Іней на сценах спускаў у метро Мінска даў магчымасць цікаўным рабіць такія часовыя малюнкі. Гэты быў 29.01 на станцыі "Плошча Перамогі". Бачыў падобныя і ў іншых месцах.Аднак часам вярталася адліга і нават плюсавая тэмпература на паўднёвым захадзе РБ, а потым рэзка знікала: так 12-13 лютага была адліга, а 14-га у другой палове дня зноў рэзка пачало халадаць і ноччу ў асобных паўночных раёнах краіны было -20 °С. У ноч на 23.02 панавала плюсавая тэмпература з максімумам да +6.3 С на паўднёвым захадзе Беларусі. Пачалася яшчэ адна адліга. А з ёй і падтапленне часткі населенных пунктаў на поўдні РБ. Але 25 лютага ў цэнтральную Беларусь і Мінск вярнуліся снегапады і мінусавая тэмпература.
Капеж 27 лютага нагадвае, што вясна блізка.А ў канцы месяца зноў пацяплела і 27 вярнулася плюсавое надвор’е. Апошнія 2 дні зімы было цёпла як вясной (напр, да +8 °С у Мінску 28.02).
Ад маразоў ламаліся сістэмы падачы цяпла ў памяшканні. Так аварыя цеплатрасы ў Мінску 19.01 пакінула захад сталіцы без цяпла да 21 студзеня. І падобнае здаралася ў іншых гарадах краіны.
20-21 студзеня Мінск накрываў ледзяны смог, які здзьмуў вецер 22.01. 21.01 паветра ў Мінску было так забруджана смогам, што адпаведныя службы прасілі мінчан па магчымасці не праветрываць памяшканні і не выходзіць з дому.
27.01 ішоў ледзяны дождж ад цыклону "Леоні" і тэмпература была "каля 0". Некалькі тысяч беларусаў атрымалі траўмы на галалёдзе. 27-28.01 ў некаторых раёнах Гомельшчыны былі адменены заняткі ў школах, бо дзяцей немагчыма было давезці аўтобусамі. А ў маёй машыны ледзяны дождж прымарозіў тармазную калодку, што прывяло не толькі да доўгіх спробаў вызваліць аўто, але і да таго, што пазней акумулятар аўтамабіля сеў на магістральным скрыжаванні, і я доўга мёрз, пакуль дачакаўся дапамогі.
2 лютага больш за 62% школьнікаў Беларусі не хадзілі ў школу па прычыне надзвычайных маразоў, хоць заняткі адмянялі толькі ў некаторых раёнах краіны. Дарэчы, мае сыны не скарысталіся гэтай магчымасцю ні падчас "Улі", ні 2.02.
Снег на дарогах расчышчалі паступова і часам паркоўкі ўздоўж другасных дарог доўга заставаліся заваленымі снегам. Я стараўся расчышчаць не толькі каля сваёй машыны, але і іншыя заваленыя снегам машынамесцы, але такіх энтузіястаў было мала. Цікава, што Беларусь робіць шмат снегауборачнай тэхнікі, але чамусьці яе не хапала, каб аператыўна чысціць дарогі і паркоўкі. Часам падчышчанае шуфелем месца паркоўкі зноў засыпала снегам, а то і трактар ЖКГ скідваў туды снег падчас чысткі дарогі.
Вясна была загадкавай
Сакавік пачаўся цёплым надвор’ем без анамальна высокіх і надта нізкіх тэмператур, але пабіў рэкорды па адсутнасці ападкаў. Першыя 15 дзён было цёпла ўдзень (з мноствам абнаўленняў рэкордаў мінулых гадоў назірання на дзясятыя долі градусаў) і "каля нуля" ўначы (бо было малавоблачна і без ападкаў. У сярэдзіне месяца пачаліся лясныя пажары.
20 сакавіка ў Мінск прыйшлі дажджы з невялікім снегам. З 21.03 было без ападкаў. Некалькі дзён быў нязначны мароз уначы, але ўдзень сонечна з камфортным цяплом. 27 сакавіка таксама убачыў невялікі дождж ва Уздзенскім раёне. 31-га лёгкі дождж быў і ў Мінску.
Красавік пачаўся цёплым і сонечным, але 4-га ўжо ішлі дажджы ў розных частках Міншчыны. 6-га апоўдні ў Мінск прыйшоў холад, а ў некаторых рэгіёнах краіны быў мокры снег ці снежная крупа. 7 красавіка часта ішоў дождж. У ноч на 9-е тэмпература ў Мінску апусцілася да -1°С, а 9-га ўжо лёталі снежныя "мушкі" і снежная крупа. 11 таксама мокры снег, а ў некаторых частках на ўсходзе Беларусі нават часовы снежны пакроў.
У ноч на 14 красавіка тэмпература ў Бабруйску дасягнула -3,2°С. Удзень 14.04 наадварот было вельмі цёпла (да 17°С у Мінску), а ўначы зноў "каля нуля".
16 красавіка ў Беларусь вярнуўся холад з дажджом і начнымі замаразкамі. 18.04. зноў цёплы і сонечны дзень. У ноч на 22.04 у Клічаве -4°С. 23-га моцны вецер з паваленымі дрэвамі, сарванымі дахамі і 2 пацярпелымі.
Паведамленне пра снег 26 красавіка ў ТГ-канале газеты "Звязда" (скрыншот)
26 красавіка прыйшлі дажджы, снег і моцны халодны вецер. У Мінску снег ішоў амаль незаўважна, а ў некаторых частках Беларусі нават пакрыў зямлю. Такое надвор'е было да канца месяца.
Май прыйшоў з рэзкім пацяпленнем. 1 мая было крыху цяплей, чым у красавіку, а 2.05 тэмпература паднялася за 20 градусаў. У асобных раёнах дайшло да +25°С. 3.05. у Ганцавічах рэкорд: 26.8°С. 4.05 у некаторых месцах поўдня краіны 28.4°С.
5 мая ў Лельчыцах было 29.8°С, у гэты дзень па краіне прайшла навальніца. 6 мая рэкорд быў 30.6°С у Лельчыцах.
7 мая перапад тэмператур паміж паўночным захадам і паўднёвым усходам склаў да 17 градусаў па Цэльсію. З вечара 7 мая пачаліся дажджы. 8.05 дайшло да падтаплення асобных участкаў дарог Мінска.
12 мая на некоторы час вярнулася цяпло (да 20°С у Мінску), а вечарам ізноў пачаліся дажджы. 13 мая было ўжо холадна і даждліва (да 12°С у Мінску); 14 зноў цёпла і сонечна (да 17°С у Мінску і да 20.7°С на метэастанцыі "Палеская"), а раніцай 15.05 на "Палескай" было -2°С на 2 см ад зямлі.
17 мая спякота перавышала 26°С у асобных раёнах, а 18-га прыйшлі навальніцы, у некаторых месцах на Міншчыне нават выпаў буйны град. 19.05 Касцюковічы 30.2°С. 21.05 у некаторых гарадах на ўсходзе Беларусі дайшло да 31°С.
Апошні тыдзень мая быў хутчэй цёплым, чым халодным. 27.05 быў моцны вецер, які валіў дрэвы і пашкодзіў шэраг аўтамабіляў і пабудоў. Добра, што абышлося без ахвяраў і пацярпелых.
У большасці гарадоў Беларусі май перавысіў норму ападкаў (у Мінску на 210%, пабіўшы рэкорд 1984 г.).
Субтрапічнае лета
Калаж паведамленняў аб экстрэмальным надвор'і за лета 2026 г. з ТГ-канала газеты "Звязда"Чэрвень пачаўся камфортным цяплом (крыху больш за 20°С у многіх частках Беларусі) і так было большую частку першага тыдня, 8.06 Беларусь накрылі дажджы, Слуцк і Салігорск падтапіла.
11 чэрвеня спякота (да 28°С) змянілася дажджамі, а 12.06 па большай частцы краіны ўжо было ў раёне 15°С і дождж, а ў Касцюковічах на ўсходзе Беларусі 29°С ў 12.00.
З 14.06 па 17.06 сонца з памяркоўным цяплом і летнія дажджы "гулялі ў хованкі", 18-га вярнулася цяпло, 20 і 21 было ўжо спякотна. Але 21 і 22 ліўні прайшлі ў розных частках Беларусі. І ўжо 22-га апоўдні тэмпература 25°С і вышэй пачала вяртацца ў краіну. 24.06 сонца і дождж. Пасля гэтага тэмпература паступова стала рухацца ў бок 30°С.
28 чэрвеня спякота чырвонага ўзроўню небяспекі (да 37°С у Кобрыне). Болей за 10 гарадоў пабілі рэкорды тэмпературы. 29 чэрвеня быў самым спякотным днём месяца. Па ўсёй краіне было блізка да 30°С ці вышэй за гэту лічбу, а Пінск апоўдні паставіў новы абсалютны нацыянальны рэкорд за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў у РБ: 40,4°С. Яшчэ больш за 10 гарадоў узялі больш сціплыя рэкорды. Спадзяюся, што ніхто не памёр ад тэмпературных анамалій за гэтыя 2 дні. У гэты жа дзень па некаторых частках Беларусі прайшлі ліўні, у некаторых гарадах і вёсках былі разбурэнні канструкцый і паваленыя дрэвы. Апошні дзень чэрвеня быў таксама спякотным, але не такім, як папярэдні.
1 ліпеня было спякотна, больш за 30 па большай частцы краіны і максімум 37,1°С у Кобрыне. Спякоту паступова змянялі навальніцы са шквалістым ветрам.
Тыдзень ад 6 ліпеня быў сапраўды асенні: дажджы і нават тарнада над Полацкам і Наваполацкам 6.07., а таксама тэмпература ў сярэднім 15-20°С. А 11 ліпеня ліўні затапілі квартал Мінск-свет і некаторыя іншыя вуліцы ў цэнтры сталіцы. 13 ліпеня вярнулася цёплае надвор'е, у некаторых месцах да 30°С і крыху вышэй.
А тыдзень ад 20 ліпеня стаў даждлівым. 24-га зноў падтапіла некаторыя вуліцы Мінска. У нядзелю 26.07 быў вельмі цёплы і сонечны дзень, а 27-га вярнуліся навальніцы. У той дзень некаторыя гарады на захадзе Беларусі, напрыклад Гродна, сутыкнуліся з падтапленнямі вуліц і градам у 1,5-2 см, у некаторых раёнах пацярпеў ураджай, былі пашкоджаны пабудовы і некалькі аўтамабіляў. Пры гэтым на паўднёвым усходзе краіны было вышэй за 30°С (у Васілевічах +32.1 °С).
29 і 30 было зноў суха і цёпла, толькі ў асобных раёнах вышэй за 30°С. 31 ліпеня вярнулася спякота. У Мінску было да 28°С, але на паўднёвым захадзе Рэспублікі перайшло за 30 (максімум у Брэсце: 34.8°С).
1 жніўня стала днём, калі 10 гарадоў РБ абнавілі тэмпературныя рэкорды (там было па 34-36°С). З іх Брэст зноў стаў нацыянальным рэкардсменам: 36.3°С. Тым часам ліўні з навальніцамі гулялі па краіне і затапілі вуліцы Гродна. У ноч на 2.08 у некаторых раёнах Беларусі смерч валіў дрэвы і канструкцыі.
5 жніўня спякота, якая пачала адступаць, зноў узмацнілася, шмат дзе ў Сінявокай было за 30, а ў Століне рэкорд: 38.1°С.
6.08 на поўдні Беларусі была спякота за 30 (максімум 40.3°С у Мазыры), але ў краіну прыйшлі і навальніцы са шквалістым ветрам, якія прынеслі разбурэнні ў больш чым 400 населеных пунктаў РБ. У гэты дзень я быў у Салігорску і пры тэмпературы ля 33 градусаў прайшоў каля 3 км па вуліцы, было адчуванне знаходжання ў лазні :)
7 жніўня былі дажджы, тэмпература знізілася да дыяпазоне 20-25 градусаў, і адчувалася ўжо холадна. Далей тэмпература была бліжэй да 20°С цягам некалькіх дзён.
14 жніўня зноў тэмпература пайшла ў бок 30 градусаў. 15.08 максімумы былі ад 24 на паўночным усходзе да 29 на паўднёвым захадзе Сінявокай. А 16-га частка гарадоў поўдня і цэнтра РБ перайшлі мяжу ў 30+. Увогуле ў той дзень было ад 20.5°С у Верхнядзвінску на поўначы да 34.3°С у Івацэвічах на паўднёвым захадзе. Пасля гэтага спякота зноў стала адыходзіць. 18-19.08 было надвор’е як вясной (па адчуваннях тэмпературы) і ішлі дажджы.
20 жніўня склалася цікавая сітуацыя: поўдзень Беларусі да Слуцка быў пад уплывам трапічнай тэмпературы, некалькі гарадоў перайшлі мяжу ў 30 градусаў, а цэнтр і поўнач былі мокрымі і халаднаватымі. А 22 жніўня на паўднёвым усходзе РБ было трапічна, у Брагіне нават 33.6°С; а тым часам на астатняй частцы краіны гуляў моцны халодны вецер, які валіў дрэвы і ЛЭПы, шкодзіў дахі будынкаў і аўтамабілі. 21.08 у выніку падзення дрэва загінуў чалавек, а 22-га 2 чалавекі былі траўміраваны.
Апошні тыдзень лета надвор'е было практычна асеннім. 25.08 былі зафіксаваныя замаразкі ў некаторых паўднёвых раёнах РБ, а вуліцы Гродна часткова затапіла ліўнямі.
Апошні дзень лета даў камфортнае цяпло як развітальны падарунак (27°С у Мінску і 30 ў некаторых гарадах поўдня бліжэй да украінскай мяжы).
За гэта лета моцна абмялелі рэкі Прыпяць і Сож на поўдні Беларусі, але не настолькі катастрафічна, як рэкі Еўропы. Трапічнае лета забрала жыццё дзясяткаў тысяч еўрапейцаў. У РБ не было так спякотна, як у Еўропе, і пра ахвяры спякоты не гаворылася, але мяркую, што і ў нашай краіне не ўсе спакойна перажылі тэмпературныя арэлі.
Пост будзе абнаўляцца. Калі не пазначана інакш, фотаграфіі і скрыншоты рабіў А. Берастоўскі.








