Вы ўсё яшчэ ... ? Тады мы ідзем да вас! Гэта фраза з папулярнай тэлерэкламы даўно стала крылатай. Калі я быў падлеткам рэклама як частка бізнесу толькі пачынала раскручвацца ў Беларусі. Не, вядома, яна існавала заўжды, проста 90-я далі ёй пачатак у цяперашнім выглядзе.
Але цяпер рэклама паўсюль. Яна не толькі на тэлеэкране, радыё, у газетах і Інтэрнэце. Яна ў транспарце, на кожным доме, у паштовых скрынях, нават на дзвярных ручках. Некаторых раздражняе тое, што дзеля рэкламы ім могуць патэлефанаваць на дамашні ці мабільны нумар або пазваніць у дзверы. Я на гэта не злуюся і стараюся быць ветлівым з рэкламшчыкамі, нават калі вельмі заняты. Але звычайна загадзя думаю, што мне чарговая прапанова нецікава.
Бывае і што рэклама носіць сапраўды агрэсіўны характар. Астап Бендэр адпачывае. Напрыклад, некалькі дзён таму на гарадскі тэлефон нам званок. Жонка бярэ трубку і праз хвіліну размовы крыху разгублена перадае мне. У трубцы мужчынскі голас дзелавіта:
-- Вы адказны за кватэру?
-- Так, -- адказваю я.
-- Мы праводзім праверку акон у вашым доме. Якія ў вас вокны,: пластыкавыя ці драўляныя?
-- А вы камерцыйная кампанія ці ЖЭС?
-- ЖЭС цяпер не займаецца вокнамі. Мы працуем у адпаведнасцю з загадам Прэзідэнта Беларусі № 554. Наша арганізацыя называецца "Рэліз-вокны" або проста "Служба акон".
-- У нас вокны мянялі адносна нядаўна і мы не маем з імі праблем...
-- Мы выконваем загад Прэзідэнта. Вы можаце сёння пусціць да вас нашага спецыяліста з 12 да 14?
-- Гэта абавязкова?
-- Абавязкова.
-- Я не ведаю, калі ў мяне будзе магчымасць пусціць вашага спецыяліста. Я сам вам патэлефаную, калі буду ведаць.
Выканаўца загадаў Прэзідэнта прадыктаваў мабільны нумар і дадаў, што ўсё роўна абавязаны патэлефанаваць мне зноў. Мы з жонкай загуглілі назву кампаніі, што адразу прывяло да пераадрасацыі на сайт аконнай кампаніі з іншай назвай, дзе ані слова не было пра выкананне распараджэнняў дзяржавы. А сам загад 554, знойдзены на спецыялізаваным партале, быў толькі пра агульныя меры зберажэння энергіі. Тэлефанаваць выканаўцам прэзідэнцкіх дэкрэтаў я не стаў. Чым скончыцца гэта санта-барбара, пакуль не ведаю...
***
У гэтым жа месяцы, аднак, жыццё прымусіла мяне задумацца над сваёй звычкай загадзя вырашаць адмовіцца ад чарговай прапановы, нават да таго як мне яе зробяць. Гэта быў звычайны дзень поўны турбот. Я спяшаўся ад адной справы да другой і адной з такіх спраў было завітаць у банк, каб разблакіраваць адну зарплатную картку і здаць другую, у якой скончыўся тэрмін дзеяння. Пакуль я шыбаваў па вуліцы ад станцыі метро да банка, мяне спыніла дзяўчына, якая раздавала рэкламныя ўлёткі. Гэта было пра магчымасць набыць дысконтную карту ў суседняй аптэцы, але толькі ў той дзень да сямі гадзін вечара. Можа я б і набыў, але часу зусім не меў. Я ўзяў улётку, але так і не скарыстаўся ёй.
У банку мне патлумачылі як разблакіраваць карту і зрабілі яшчэ адну рэкламную прапанову. Я хацеў было адмовіцца, але выслухаўшы яе сутнасць зразумеў, што гэта было тое, што мне трэба. Пры гэтым я заплаціў толькі адзін рубель (0,5 долара ЗША).
Навошта я пішу пра гэта? Жыццё ў вялікім горадзе звязана з вялікай колькасцю прапаноў. І бывае, што мы настолькі стамляемся ад некаторых нецікавых і нязначных для нас ці ўвогуле мухлярскіх, што можам не звярнуць увагу на такія, што нам сапраўды патрэбны. Я ледзь так не зрабіў. А вы заўсёды гатовы ўважліва выслухаць рэкламшчыка, каб пераканацца, што няма нічога вартага ў яго прапанове?
Гл. таксама: Беларусь у палоне хай-тэка
На іншых рэсурсах: Оно того стоило (Самиздат)
Ілюстрацыя зроблена на падставе малюнка з Інтэрнэта.
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.