воскресенье, 10 марта 2019 г.

Мураш Ферда


Гэту кнігу я маю ў двух экземплярах, і абодва мне далі людзі, якія жадалі пазбавіць свае кніжныя палічкі ад непатрэбнай ім літаратуры. Магчыма, яшчэ больш такіх кніг пайшлі ў лепшым выпадку ў бібліятэкі, у горшым -- у макулатуру. Камусьці не падабаецца вялікі аб'ём старонак, камусьці дызайн вокладкі, які сапраўды можна назваць "мінулым стагоддзем" і літаральна, і тэхналагічна, хтосьці прынцыпова не чытае кнігі на беларускай... А я паведаю чаму мы з маім малодшым сынам Любчыкам з задавальненнем прачыталі яе.

Сюжэт кнігі даволі просты. Мураш, якога завуць Ферда, трапляе далёка ад роднага мурашніка ў розныя прыгоды. Потым з ім адбываюцца новыя прыгоды па вяртанні ў мурашнік. Кніга складаецца з трох частак і мноства кароткіх апавяданняў. Сюжэт мяняецца пастаянна, і немагчыма прадказаць што далей адбудзецца з мурашом. Пры гэтым насілле і смерць у гэтай "бурапене" прыгод не выходзіць на першы план.

Пераклад на беларускую, як гэта нярэдка бывае, рабілі з рускай мовы, а не з чэскай. Тым не менш, нейкіх шэрахаватасцяў не адчувалася, мабыць, акрамя таго, што беларуская мова з таго часу крыху змянілася, як і іншыя мовы свету, і часам заўважаеш, што так, як напісана ў творы ўжо не гавораць беалрускамоўныя суайчыннікі ў сацыяльных сетках. Але гэта адчуванне ў мяне было толькі пару разоў, значыць пераклад вельмі добры.

Аб'ём можа напужаць чалавека, які нічога даўжэй за SMS чытаць не любіць, але насамрэч нічога цяжкага: кнігу можна прачытаць прыкладна за 6 гадзін чытання ўслых. Акрамя цікавага сюжэту на гэта ўплываюць вялікі шрыфт тэксту і мноства каляровых ілюстрацый.

Мае дзеці не вельмі сапсаваныя гаджэтамі і я сачу за тым, каб яны знаходзілі час на чытанне. Але нават у сям'і, дзе дзеці разглядаюць чытанне як пакаранне, а не забаву, ёсць шанец для мураша Ферды. Мы прачыталі яе павольна пакуль лячылі вочы сыну ў бальніцы. Нам хапіла тры дні. І гэта была не адзіная кніга, якую мы прачыталі.

Камп'ютарныя гульні і відэаролікі -- гэта таксама магчымасць развіцця, але добра, калі чалавек развіваецца не толькі праз відэрад.

P.S. Учора, нягледзячы на мноства праблем і значны аб'ём работы, я з Любчам выбраўся на стадыён пабегаць. Дакладней, я бегаў, а ён катаўся на веласіпедзе. Прыйшлося сябе прымусіць і атрымаў задавальненне. Можа, мае сэнс такім жа чынам узяць кнігу ў рукі і зрабіць невялікае намаганне, каб потым атрымаць задавальненне, якое немачыма атрымаць праз іншыя крыніцы шчасця?

Іншыя кнігі ў беларусім перакладзе на гэтым сайце:
Навучыліся рабіць
Базгулаг на беларускай
Дзеці вучацца выжываць у каменных джунглях

Мае ўласныя пераклады мастацкіх твораў:
Э. Хэмінгуэй. Чакаў цэлы дзень
С. Лікак. Як мы святкавалі Дзень Маці
Vasil Bykaŭ. The Wall: 3 short stories that I translated

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.