5 сакавіка гэтага года ў мяне атрымалася нечаканая магчымасць прагуляцца па вуліцы Залатая Горка паміж дзелавымі сустрэчамі. Гэта нельга паўнавартасна аднесці да катэгорыі "здымкаў на бягу", як тут, бо часу хапала, але не прэтэндую на грунтоўнае апісанне вуліцы.
Адзначу яшчэ адзін істотны момант: не трэба блытаць назву вуліцы з назвай аднайменнага мікрараёна і гістарычнага раёна беларускай сталіцы. Пра гэта не так даўно пісаў і здымаў Д. Блішч тут.
Здымкі ідуць пераважна ў тым парадку, у якім пралягаў мой маршрут.
Шпацыр пачынаецца з лесвіцы, якая дапамагае вырашыць праблему перамяшкання па ўзгорку, у гонар якога названы і вуліца,і гістарычны раён. Дарэчы, калі з горкай усё болей-меней зразумела, няма дакладнага тлумачэння паходжання яе "золата". 2 асноўныя тлумачэнні краязнаўцаў: 1) залатое лісце на ўзгорку увосень; 2) легенды пра разбойнікаў, хаваўшых золата і скарбы на гэтай горцы. Адзначу таксама, што пад'ём/спуск па "залатой горцы" даступны і тым, што перамяшкаецца на калясках або вядзе дзіцячую каляску праз пандусы ля праезнай часткі. І гэта вельмі добра!
Вуліца пераходзіць у вул. Гікалы, пра якую я ўжо пісаў. На фота 1-я дзіцячая паліклініка, адзінае, ці, можа, амаль адзінае месца ў беларускай сталіцы, дзе можна вакцынаваць непаўналетніх пацыентаў ад алергіі.
У час, калі нават легендарныя магазіны (напр., "Акеан") былі скуплены буйнымі сеткамі кшталту "Санты", "Суседзяў" і "Еўраопта", універсам "Залатагорскі" захаваў сваю ідэнтычнасць.
Праз дарогу ад "Залатагорскага" -- маленькі магазін кветак прама ў жылым доме. І таксама з пандусам, для людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату :)
Афармленне балконаў і уцяпленне сцен на Залатой Горцы -- справа індывідыальных густаў, без неабходнасці адпавядаць пэўным стандартам архітэктуры, ва ўслякім разе на няцотным баку ў раёне дамоў 7-15. Яшчэ на доме 13 расце плюшч, які можа выглядаць прыгожа ў летні час...
У цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Савецкага раёна Мінска: добрыя беларускамоўныя цэтлікі, прыкольныя амаль дызанерскія сметніцы ля ўвахода, абшыўка ўцяплення сцяны, якая хоць і выглядае латкай, але ж пазначае лакацыю аб'екта.
Адразу за 9-м домам Залатой Горкі ў дварэ бачна канструкцыя з чырвонай цэглы. Гэта відавочна падсобныя памяшканні для жыхароў аднаго з мясцовых дамоў. Заўважаў, што з такой цёмна-чырвонай цэглы часта будавалі ў 1950-х гг.
Гэты дом адносіцца да вул. Чырвоназоркавай, але геаграфічна знаходзіцца на Залатой Горцы. Бачна, што з афармленнем балконаў тут ўсё строга, але абшыўка сцен уцяпляльнікам застаецца пытаннем асабістага выбару жыхароў.
У доме 5, таксама па Чырвонзоркавай, працуе фірма па стварэнню магільных помнікаў і агароджы, насупраць сваёй майстрэрні яны зрабілі невялічкую каменную інсталяцыю. А што? Таксама мясцовая славутасць, як лесвіца і "Залатагорскі"...
Асвятленне Залатой Горкі робіцца не ліхтарамі на слупах, а вось такімі лямпамі на правадах па-над дарогай.
Від на суседнюю Чырвоназоркавую і знакамітую "глушылку". Гэта вышка рабіла перашкоды для трансляцыі замежных радыёстанцый у БССР. У 1963 г. яе жадала ўзарваць група студэнтаў-дысідэнтаў на чале з Сяргеем Ханжанковым (1942-2016). Тэракт прадухіліў КДБ і вышка стаіць па гэты дзень.
Далей па няцотным боку ідзе тэрыторыя, агароджаная плотам з дрэнажнай цэглы, і тэхнічныя будынкі з чырвонай цэглы пад белай фарбай.
Паміж дамамі 1 і 3 у дварэ стаіць трансфарматарная падстанцыя, на сцяне якой зрабілі такі прыгожы мурал. За дрэвамі злева выступае сілуэт Палаца мастацтваў. Акрамя Палаца месца за плотам на заднім фоне знакаміта дзвюма гістарычнымі славутасцямі: касцёлам Святога Роху і амаль зніклымі Залатагорскімі могілкамі.
Аздабленні фасада дома 2 па Залатой Горцы: круглыя вакенцы гарышча, ляпніна па-над верхнімі вокнамі і пад вокнамі другога паверху, фігурныя балконы...
У першага залатагорскага дома ў вочы кінулася навагодняя атмасфера ў упрыгожанні кафэ "Эйфарыя". Нагадаю, што гэта ўжо пачатак сакавіка...
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.