1 красавіка плата за праезд у грамадскім транспарце ў Беларусі паднімаецца на 23%. Калі аднаразавы талончык (на аўтобус) ці жэтон у метро 31 сакавіка каштаваў 3000 руб, то з 1.04 -- ўжо 3700, а за праязныя грошы трэба выкласць зусім іншыя.
Вось я і пастаяў у чарзе на ст. м. Усход ля свайго мікрараёна прыкладна з 20.20 па 21.20. Узгадаў свае дзяцінства, калі стаяў яшчэ у савецкіх чэргах за розным дэфіцытам. Асабліва памятаю, як стаяў за разліўным малаком у Пячах, якое яшчэ трэба было кіпяціць...
Чарга ў метро на абодвух канцах станцыі была прыкладна па 50 чал. Увесь час. Калі я купіў свой праязны, яна нават павялічылася на чалавек 10. Дарэчы, стаялі і днём на ўсіх станцыях, але я неяк не звярнуў увагі, бо не чуў пра павышэнне, а чэргі ля кас метро заўсёды з'яўляюцца ў канцы кожнага месяца ці ў першы дзень новага.
Нічога асаблівага не было. Чарга як чарга. Стаялі людзі, гутарылі, глядзелі штосьці на сваіх тэлефонах і планшэтах, лаялі тых, хто лез без чаргі за жэтончыкамі, бо метрапалітэнаўцы дазвалялі купляць аднаразавыя білеты і жэтоны па-за чаргой. Адна дзяўчына доўга не магла правільна прыкласці мабільнік з СМС-білетам да сканера на турнікеце, але, ўрэшце, прайшла.
Хіба беларусаў напужаеш чаргой? Іх хапае ў паліклініках, бюракратычных установах, а буднімі вечарамі і ў касах супермаркетаў. Калі некалькі месяцаў таму ў Мінск прыносілі "дары валхвоў", то жадаючыя звышнатуральнага аздараўлення стаялі чэргай даўжынёй у некалькі соцень метраў і пабілі рэкорды па колькасці ўдзельнікаў пакланення. І гэта -- негледзячы на люты мароз, які стаяў у тыя дні. Таму чарга для Беларусі -- гэта не падзея.
Але тут ёсць тэма для разважання. Калі да чаргі далучылася нейкая старая жанчына, юнак, які стаяў за мной, падкалоў яе:
--За айфонам стаім, маці!
Сапраўды, раней стаялі ў чарзе, каб дастаць проста неабходныя для жыцця тавары, цяпер стаім, каб набыць білеты на дарагі хакейны матч ці на поезд на мора, ці за айфонам. Раней цэны на хлеб павышалі на 10 капеек і мы былі незадаволены, цяпер незадаволены ростам цен на аўтамабільнае паліва.
Неяк мы з маім добрым знаёмым падлічылі, што сярод дзясяткаў нашых агульных знаёмых каля 10-15 маюць аўтамабіль. Усё больш і больш людзей маюць адначасова такія прылады для камунікацыі, як смартфон, планшэт, ноўтбук і стацыянарны камп'ютар. Калі я працаваў выкладчыкам, я быў амаль адзіным мужыком на кожнай кафедры, дзе даводзілася працаваць, бо выкладчыцкая работа традыцыйна лічыцца жаночай: каб зарабляць дадатковыя грошы ў сям'ю, пры тым што мужык здабывае асноўныя. Зразумела, хапае адзінокіх жаншчын, для якіх гэты заробак --асноўны. Але большасць маіх калег-выкладчыкаў ніколі не былі задаволены зарплатай, хоць яна ў краіне не самая нізкая.
Не ведаю наколькі добра я жыву ў матэрыяльным сэнсе. Колькі не спрабаваў падлічыць усе свае паступленні і расходы -- не атрымоўваецца, бо не магу падлічыць у грошах, колькі нам дае харчавання цёшча з дачы, а мой уласны заробак нестабілен. Я не ганяюся за тэхнічнымі навінкамі і не будую жыллё, але шмат грошай уходзіць на лячэнне сыноў, у якіх ёсць невялічкія нюансы па развіццю. Сумленна кажучы, агульны ўзровень беларускай медыцыны вышэй за ўкраінскі і расійскі, але калі ў цябе ёсць нейкая рэдкая спецыфіка, прыходзіцца шукаць прыватнай меддапамогі. Вось праз гэта ўсё і не ведаю: я сацыяльна належу да бедных ці да малога сярэдняга класу. Хутчэй за ўсё апошняе.
Мая прафесійная хвароба -- зацяты рэалізм. Час ад часу я незадаволены тым, колькі падаткаў мушу плаціць, што растуць цэны хутчэй за мой даход, але я разумею, што гэта залежыць ад такой колькасці ўмоў, што і не пералічыш на пальцах рук і ног, і скардзіцца не мае сэнсу. Яшчэ я разумею, што жыву ў нейкі асаблівы гістарычны момант, які пазней абавязкова назавуць эпохай Лукашэнкі (па аналогіі з эпохай Брэжнева) альбо, магчыма, эпохай сацыяльна-рынкавай эканомікі. І магчыма ізноў будзе настальгія па добрым мінулым часам, калі вось так міла стаялі за айфонамі ці праязнымі на метро. Ізноў будзе персаніфікацыя гісторыі накшалт "а якія плаўленыя сыркі былі пры Брэжневе", "а гэты здраднік Гарбачоў разваліў СССР", як быццам гісторыю піша кіраўнік дзяржавы, а мы толькі назіраем за яе рухам. І хацелася б захаваць цвярозы розум, каб зразумець усебакова гэты час і захаваць яго ў памяці якім ён сапраўды быў, а не здаваўся.
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.