19.08.2016

Печы-4

Гэта ўжо чацвёрты "тур" у Печы, былы ваенны гарадок у межах г. Барысава. На гэты раз паехаў туды з усёй сям'ёй: я+жонка+абодва сыны. Як я пісаў крыху раней, маршруткі "руляць" у міжгародніх паездках, і ў гэты раз мы выбралі паехаць маршруткай ад ст.м. Усход, а не электрычкай. Перавага была і ў тым, што каб ехаць з Мінска маршруткай трэба было толькі выйсці з дому і прайсці пешшу кароткую адлегласць, і ў тым, што электрычка ходзіць раз у гадзіну, а маршруткі кожныя 10-15 хвілін, і ў тым што даехаць можна менш, чым за гадзіну, (электрычкай усе паўтары).

Заходзім з Барысаў-Арэны

Нас высадзілі на аўтобусным прыпынку недалёк ад новага стадыёна "Барысаў-Арэна"


Дарога на Печы. Яе ад маршруткі можна прайсці прыкладна за 20 хвілін


Барысаў-Арэна


Аўтобусны прыпынак вёскі Востраў. Пакуль мы ішлі да Пячэй, праехалі абодва аўтобусы, якія курсіруюць у Печы (№ 9 і 10) і 3-4 гарадскіх маршруткі. На маёй памяці нават у 2000-х транспарт у Печы хадзіў дрэнна. А тут і брукаванку добрую зрабілі ўздоўж дарогі. Арэна - рухавік прагрэсу...


Мост над чыгункай аршанскага накірунку. Від на паўстанак.


Від на другі бок. Чыгунку, як я ужо пісаў, агарадзілі толькі з аднаго боку. Так што ад аматараў пераходзіць рэйкі дзе не трэба гэты плот абараняе, а ад дзяцей, якія могуць пажадаць гуляць на рэйках - не. Як і ад падлеткаў, якія часам б'юць вокны у электрацягніках.


За мастом, але да царквы і былога КПП, ёсць новая грунтовая дарога, перпендыкулярная асноўнай, што вядзе на Печы. На грунтоўку мы збочылі, каб хутчэй дайсці да дому маіх бацькоў. Тут я раптоўна сустрэў бітую цэглу, якую маглі раней выкарыстоўваць у вайсковых інжынерных умацаваннях, ліквідаваных у 2000-2010-х гг.

"Закон подласці" і бібліятэка

Я ізноў наступіў на старыя граблі. Як і ўвосень 2013 г. я забыўся зарадзіць акумулятар лічбавага фотаапарата і папярэдні кадр стаў апошнім на яго карце памяці. У маіх тэлефонах няма камеры. У жонкі смартфон. Але там таксама акумулятар быў на 4%а яго зараднік застаўся дома. У бацькоў такога няма. Але там, куды я збіраўся пайсці, можна было і не рабіць такой фотасесіі, як у папярэднія паходы. Я ішоў у бібліятэку Печынскага дома культуры (былы дом афіцэраў).

У гэты раз пашанцавала пагутарыць з бібліятэкаркай, якую мне ухвалілі як знаўцу гарадка. Насамрэч, яна працуе на гэтым месцы толькі 4 гады і раней гарадок не ведала. Тым не менш, падзялілася тым, што сама сабрала пра Дом культуры.


За час сваёй працы яна сабрала папку ксеракопій газетных артыкулаў пра нямецкую разведшколу "Сатурн", якая падчас Вялікай Айчыннай знаходзілася ў Пячах.


Дакладна невядома ці была гэта школа у Доме культуры або ў казармах аўтабата. Мясцовы гісторык Іваноў, з якім я меў размову падчас аднаго з папярэдніх візітаў, лічыць што "Сатурн" мяшкаўся у Доме культуры, а казіно было у цяперашнім дзіцячым садзе. А былы вайсковы шафёр Пётр Пятроў, з якім я пазней меў размову УКантакце, сцвярджаў, што бачыў як праступаў надпіс "CASINO" гатычнымі літарамі менавіта на Доме афіцэраў - г.зн. Доме культуры і лічыў, што "Сатурн" дзейнічаў у казармах аўтабата згодна пэўным савецкім фільмам пра гэту разведшколу.


Бібліятэкарка не пацвердзіла звесткі П. Пятрова пра надпіс, але паказала мне месца, дзе пастаянна зафарбоўваюць свастыку. Яна пад зоркай на жоўтай паласе.

 Апошні кадр патраціў на буклет мясцовай вайсковай часткі, дзе апісана храналогія яе дзейнасці у Пячах. Цікаўныя могуць яго спампаваць і нешта убачыць, але пасля гэтага смартфон жонкі аб'явіў мне забастоўку.

Была яшчэ адна кропка куды можна было паспрабаваць зайсці негледзячы на навальніцу: новы Дом афіцэраў, дзе як мне казалі, знаходзіліся матэрыялы пра гарадок. Але адказны за афіцэрскі клуб падпалкоўнік Курэнковіч на сувязь са мной не выходзіў негледзячы на мае розныя спробы з ім звязацца. Спецыяльна для яго пішу, што мяне цікавіць толькі гісторыя гарадка, як населенага пункта, а не распалажэнне гармат і асаблівасці маральна-псіхалагічнай падрыхтоўкі салдат. Ніякай фотасесіі на тэрыторыі казарм абяцаю без дазволу не весці. Але я ведаю, што знайду дастаткова інфармацыі нават, калі для мяне зачыняцца і іншыя дзверы. Гэта ўжо не першая такая сітуацыя.

Назад ішлі ўздоўж праезда, які пераходзіць у вул. Тухачэўскага. Заўважылі новы дом па Сярэбрэнікава 49 і будоўлю яшчэ аднаго жылога побач. Значыць неўзабаве тут будзе 50 шматкватэрных дамоў.



Перад ад'ездам атрымалася рэаніміраваць жонкін смартфон і сфоткаць з перона малады падлесак, які пасадзілі зусім нядаўна.

Працы яшчэ хапае. Нават калі б не тэхнагэнная катастрофа. Таму працяг будзе. Хутчэй за ўсё наступным годам.

Гл. таксама:
Печы: гісторыя, ўспаміны і сучаснасць. Вандроўка з сынам
Ізноў у Печы па ўспаміны
Трэці паход на Печы
Печы на картах і фотаздымках

Вандроўка адбылася 16.08.2016

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...