25.12.2015

Хачу яго памятаць

Гэты чалавек, які выкладаў мне як студэнту некалькі дысцыплін, не ўвайшоў у гісторыю ў той ступені, што і адзін з маіх іншых выкладчыкаў. Не магу і шчыра казаць, што ён быў для мяне чымсьці накшалт "навуковага бацькі". Але нядаўна я ў чарговы раз пачаў тлумачыць некаторым ганарлівым еўрапейцам, з якімі працую, што не ўсе мусульмане -- галаварэзы. І ўзгадаў яго словы, сказаныя ў прыватнай гутарцы, нажаль нашай апошняй.


Ібрагім Барысавіч Канапацкі, беларускамоўны татарын, гісторык і ісламскі рэлігійны дзеяч,  выкладаў мне гісторыю Беларусі, здаецца, на першым курсе. Тады ён быў для мяне як гэтакі добры дзядзька. Памятаю, як ён крыху прыабняў мяне і запытаў:
-- А ты ведаеш, што значыць слова "мусульманін"?
-- Пакорны Богу.
-- Правільна, малайчына.
Мне вядомы толькі адзін выпадак, калі нейкая група цяжка здавала яму залік.
-- Раззлавалі яго? -- пытаюся ў хлопца з той групы
-- Так, раззлавалі.

Памятаю, як Канапацкі казаў на адной лекцыі:
--Вось выганяць мяне з універсітэта за перакананні, пайду ў пераход метро і буду на скрыпцы граць.
Ён быў блізкі па палітычных перакананнях да беларускіх нацыяналістаў. Ва ўсялякім разе, Ібрагім Барысавіч балюча ўспрымаў увесь негатыў, які ў гісторыі і сучаснасці неяк замінаў развіццю беларускай мовы і культуры. Напрыклад яму не падабалася назва "сувораўскае вучылішча", бо лічыў Суворава палкаводцам, які прынёс больш зла для Беларусі, чым дабра. Але Канапацкі ніколі не выказваў негатыву да рускіх ці палякаў.

У больш познія гады майго студэнцкага жыцця аднойчы бачу, як Канапаці, кульгаючы "ламануў" на чырвоны светлафор праз пешаходны пераход ў месцы, дзе пр. Незалежнасці пераходзіць у мост на вул. Маскоўскую ля нашага ўніверсітэта (зараз там перахода няма, толькі падземны). Я чамусьці -- за ім.
-- Што ж вы на чырвонае святло пераходзіце? - пытаюся, пакуль каля нас рэзка спыняюцца машыны.
-- А-а, як лёсам наканавана, так і будзе. Я ўжо ў аварыю патрапіў, цяпер кульгаю. -- хмура адказаў настаўнік, не звяртаючы ўвагі на небяспеку.

На пятым курсе ён кіраваў маёй школьнай практыкай і мы з ім ужо "бадаліся".
-- Андрэй, ну навошта ты кажаш сваім вучням "спадары"? Для іх гэта мянушка і слова гэта штучнае, -- журыў ён мяне пасля майго ўрока гісторыі ў 8 класе 171-й мінскай гімназіі.
-- Я ж павінен праяўляць павагу да вучняў, -- горача даказваў я. -- Я не магу гаворыць ім "ты".
-- Ну, тут я згодны, трэба гаварыць "вы".
Другім разам я спрачаўся з ім за аднаго таварыша, які правальна правёў свой першы ўрок. Канапацкі мягка мяне спыніў і "адкрытыкаваў" таварыша строга, але па-бацькоўску.

Спецкурс, які ён мусіў весці на тым жа 5-м курсе, Ібрагім Барысавіч паспяхова прагуляў. Не ён адзін так рабіў.

Ібрагім Барысавіч Канапацкі яшчэ быў пэўны час адным з рэлігійных лідараў беларускіх мусульман. Аб гэтым я даведаўся пазней, калі чытаў яго інтэрв'ю адной беларускай газеце. І аднойчы мы сустрэліся каля дому па вул . Славінскага 37, дзе мусульманская абшчына мела свой місіянерскі цэнтр, які (наколькі я чуў) працаваў з крымінальнымі зняволенымі турмаў і калоній. Загаварылі за жыццё.
-- Што ж у цябе, Андрэй, дзяцей няма?
Не першы раз я чуў гэта пытанне. Зарагатаў.
-- Чаго ты рагочаш? -- адказаў мой былы настаўнік, -- Божы загад, каб мы пладзіліся.
Ён добра ведаў мае рэлігійныя перакананні і сказаў, паціскаючы мне руку на развітанне:
-- Я шаную кожную рэлігію, абы толькі чалавек не чорту пакланяўся.

Больш я яго не бачыў. Не памятаю ці быў гэта 2004 ці 2005 год, здаецца апошняе Але ў 2005 г. Канапацкага не стала. Яму яшчэ не было  і 60 год. Пра яго смерць я даведаўся значна пазней. Выпадкова. На адным гістарычным сайце. Дамашні тэлефон яго ў мяне быў яшчэ з студэнцкіх часоў: тады мабільнікаў амаль не было, з кіраўніком практыкі трэба было сувязь трымаць. А так проста даведацца, як жыве чалавек, рукі не даходзілі.

Ён не зрабіў рэвалюцыі ні ў маім жыцці, ні ў маёй свядомасці. У маім жыцці было яшчэ шмат мусульман з розных краін свету. Розныя яны былі людзі. Але ў апошні час па-за межамі кола маіх сяброў і аднадумцаў мне не хапае такіх, як Ібрагім Канапацкі. Калі чалавек, які стаіць на чале пэўнага рэлігійнага руху, кажа табе (не на камеру, а ў прыватнай размове), што шануе тваю веру і веру многіх іншых людзей, гэта даражэй за многае іншае, што такі чалавек можа ўмець ці рабіць. Не ўяўляю на яго месцы праваслаўнага мітрапаліта ці каталіцкага біскупа. Як не ўяўляю іх сваімі выкладчыкамі гісторыі альбо людзьмі, якія паціскаюць рукі студэнтам-мужчынам і пакідаюць ім свой асабісты тэлефонны нумар...
Цяпер цяжка не бачыць як расце нецярпенне да чужой думкі ў беларускім грамадстве. Я не ведаю ці зламала б такая тэндэнцыя таго добрага і памяркоўнага чалавека, ці не. Але я даражу яго апошнімі словамі больш, чым усім, што ён зрабіў для мяне, як выкладчык. Калі ён быў жывы, было з чым спрачацца ці не згаджацца. Цяпер проста хачу яго памятаць.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...