20.12.2019

Рэакцыя на артыкул "Где эта vulica"

Гэты матэрыял быў апублікаваны ў 2014 г. у каментарыі да артыкула газеты "СБ-Беларусь сегодня". Разбіраючы свае віртуальныя архівы, знайшоў яго і вырашыў надрукаваць асобна без змяненняў, але з невялікімі скарачэннямі.


Прачытаў даволі добры артыкул В. Корбута "Где эта vulica", але толькі зараз знайшоў час
каб унесці ў абмяркаванне тэмы свае тры грашы.
Справа ў тым, што мне даводзілася даследаваць гэту праблему з пазіцый гісторыі і філалогіі. І магу сказаць, што кожны з варыянтаў перадачы ўласных імёнаў лацінкай, якія выкарыстоўваюцца ў нашай краіне падобны на кароткую коўдру: яе не нацягнеш на ногі і галаву адначасова. Іншымі словамі ў кожнага з такіх варыянтаў, а менавіта транскрыпцыі з рускай мовы на манер англійскай, перакладу ўласных імёнаў на англійскую і транскрыпцыі з беларускай адпаведна новым нацыянальным стандартам – маюць свае плюсы і мінусы. Таксама многія проста не разумеюць, што гэта праблема існуе. А яна існуе насамрэч.
Маё прозвішча можа перадавацца лацінкай наступным чынам. У пашпарце я Berastouski, ў некаторых віртуальных сістэмах я зарэгістраваны як Berestovski (з рускага вымаўлення майго прозвішча), а вось па правілам транскрыпцыі, якія прымяняюцца да тапанімічных назваў трэба пісаць Bierastoŭski. Усё гэта – тры розныя асобы для чалавека, які не ведае ні беларускіх рэалій, ні нацыянальных моў краіны. І што больш цікава -- «пашпартны» і «тапанімічны» варыянты з'яўляюцца правільнымі з пункту гледжання ўніфікацыі і стандартызацыі.
Такія ж праблемы існуюць і пры перадачы назваў вуліц і іншых тапонімаў. Наяўнасць розных варыянтаў, як справядліва адзначыў В. Корбут, робіць беспарадак. Але пры гэтым праблема нікуды не знікне і калі выдаць закон, які б абавязаў усіх пісаць уласныя імёны лацінкай па-беларуску і адпаведна новым правілам. Чаму? Патрэбен час, грошы і матывацыя, каб навучыць усіх пісаць правільна назвы плошчаў, вуліц і гарадоў. Патрэбна вырашыць праблему адсутнасці ў некаторых тэкставых рэдактарах дыякрытычных знакаў (накшалт ŭ замест «ў» і š замест «ш»). Патрэбна проста і цікава навучыць чытаць па-беларуску такой лацінкай, каб кожны жыхар краіны мог лёгка патлумачыць замежнаму госцю як праехаць куды яму трэба і які надпіс прачытаць у метро ці на вуліцы.
Гэта праблема вырашаецца, як можна бачыць на прыкладзе Азербайджана. Там нацыянальная мова пасля выхаду краіны з СССР была пераведзена на лацінку з дыякрытычнымі знакамі. Некаторыя камп'ютарныя сістэмы і мабільныя тэлефоны не падтрымліваюць дыякрытычныя знакі і ў такіх выпадках азербайджанцы пішуць на сваёй мове альбо на англійскі манер, альбо проста без дыякрытычных знакаў. Я раблю тое ж самае, калі мушу пісаць СМС-ку па-англійску ці па-французску гасцям сталіцы: пішу Autazavodskaja замест Aŭtazavodskaja. І гэта нармальна, бо адсутнасць пэўных сімвалаў у камп'ютарах і тэлефонах – праблема сусветная.
Наяўнасць некалькіх варыянтаў напісання лацінкай назвы вуліцы ці прозвішча чалавека прыводзіць да неабходнасці даваць некалькі варыянтаў у дужках: Hrodna (Grodno), Shauchenka (Shevchenko) (дарэчы ізноў прыходзіцца казаць пра наяўнасць «пашпартнага» і «тапанімічнага» варыянтаў стандартызацыі, якія супярэчаць адзін аднаму).
Так склалася, што некаторыя тапонімы Беларусі сталі вядомы свету спачатку ў перакладзе (звычайна на англійскую), а потым – ў «тапанімічным» варыянце беларускай лацінкі. І вось тут маюць месца даволі грубыя памылкі. Няма нічога дрэннага ў перакладзе назвы «Плошча Перамогі» (Plošča Pieramohi) ў Мінску на англійскую, але назва Victory Square падыходзіць ёй як рыбе парасон. Прычына? Square, літаральна «квадрат» – гэта слова, якім можна апісаць квадратную плошчу, але не круглую. Для круглай плошчы, такой як Пікадзілі ў Лондане, існуе зусім іншае слова – circus. Праўда, мушу прызнаць, што ніхто з англамоўных гасцей горада на такі пераклад пакуль мне не скардзіўся.

... [далей разбіраліся няўдалыя пераклады на англійскую, якія я выкладаў у паведамленні Круглы квадрат або беларускія грамацеі]

Зразумела, кожны чалавек мае права на памылку. Галоўнае, каб гэту памылку было каму выправіць.
І яшчэ адна думка. Наяўнасць такіх дыскусій сведчыць аб тым, што сучасных беларусаў нельга назваць ні «цёмнымі», ні «забітымі». Таксама немагчыма распрацаваць сістэму транскрыпцыі, якая б спадабалася ўсім і кожнаму. Наяўнасць незадаволеных не заўсёды значыць, што рашэнне памылковае. І крытыка працэса ўніфікацыі правілаў напісання ўласных імёнаў лацінкай – справа непазбежная. Але трэба навесці большы парадак у беларускіх стандартах, бо калі прозвішча «Шаўчэнка» ў пашпарце адрозніваецца ад надпісу на вуліцы Шаўчэнкі – гэта ўсё роўна як б цукар важылі ў фунтах і пудах за заводзе, і ў кілаграмах у рознічным магазіне.

Андрэй Берастоўскі
Гісторык, перакладчык, выкладчык англійскай мовы

Ілюстрацыя А. Берастоўскага, зробленая ў 2013 для іншага аналагічнага паведамлення.

Гл. таксамаПраблемы перакладу ўласных імён з беларускай мовы на англійскую.

"Адрас" артыкула В. Корбута: Советская Белоруссия №23 (24406). Четверг, 6 февраля 2014 года.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...