Беларуская мова развіваецца, як і любая іншая жывая мова ў свеце. На маёй памяці з'явіліся некалькі зменаў, якія характэрны для 2010-х-2020-х гг.
Адна з тэндэнцый - адмова ад русізмаў, калі перавага аддаецца словам непадобным на рускія. Пра гэта я ўжо пісаў крыху.Яшчэ адна тэндэнцыя -- імкненне да выражэння гендэрнай роўнасці. Так да слоў "эксперт", "блогер", "дырэктар" дадаюць "ка", а жанчыну-геолага могуць называць "геалагіняй". Гэту з'яву пакуль сустракаў толькі ў літаратурнай мове недзяржаўных СМІ і беларусаў замежжа, але не заўважаў, каб гэтаму вучылі ў навучальных установах.
Нарэшце, існуе тэндэнцыя выкарыстання англіцызмаў у новых рэаліях. Напрыклад, "кейс" ужо не столькі азначае "чамаданчык", колькі "выпадак", "справу", нават "прэцэдэнт". Таксама літаратурную мову заваявала слова "данаціць" (ахвяраваць грошы). Гэты трэнд характэрны для літаратурнай мовы беларусаў замежжа і таксама для моладзевага слэнгу: "рофліць" (смяяцца), "хайпаваць" (імкнуццца да папулярнасці), "чыліць" (адпачываць).
Да іншых асаблівасцяў беларускай мовы ў ХХІ ст. можна аднесці барацьбу за выжыванне і пашырэнне сфер яе выкарыстання, дыялектызмы і наяўнасць дзвюх версій правапісу, а таксама спецыфіку разумення ідэі роднай мовы. Так атрымалася, што стандарт правапісу Б. Тарашкевіча, ад якога афіцыйна адмовіліся 90 год таму, адрадзіўся ў 1990-х і існуе ў якасці альтэрнатыўнага афіцыйнаму сярод часткі беларускамоўных беларусаў (цікава, што дарэвалюцыйны рускі правапіс за гэты час паспеў памерці нават для самых перакананых рускіх манархістаў). Афыцыйны літаратурны правапіс таксама мяняўся ў 2008 годзе ("лідар" замест "лідэр", "адажыа", замест "адажыо", "пядзясят" замест "пяцьдзесят" і г.д.). Гэта нават спарадзіла сітуацыю, калі новыя грошы надрукавалі загадзя, каб памяняць ў 2008 г., а ўвялі ў абарот толькі ў 2016 г., так што 50-рублёвыя банкноты пайшлі ў народ з арфаграфічнай памылкай.
Гэта ўсё прыводзіць да нейкай каларытнай разнастайнасці сярод носьбітаў беларускай мовы: нехта гаворыць і піша літаратурнай мовай 80-х, якую я вывучаў у школе, хтосьці карыстаецца "тарашкевіцай" (правапісам і лексікай 90-гадовай даўніны з пэўнымі абнаўленнямі), ёсць і тыя, хто ідзе ў нагу з новымі зменамі ў нацыянальнай мове... І ўсе яны разумеюць адно аднаго практычна без праблем. А значць беларуская мова -- гэта не памылка гісторыі, а нармальная жывая мова сучаснасці.
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.