Паўстанне
з-за віскі – адно з хваляванняў у ЗША,
якое найменьш вядома па-за межамі
Амерыкі. Тым не меньш, гэта паўстанне
паказала, наколькі агульнага мае гісторыя
народаў Расійскай імперыі – СССР з
мінулым Злучаных Штатаў.
Ці можна гэта
назваць паўстаннем?
Некаторыя
гісторыкі ставяць гэта паўстанне межамі
1791-94 гг. Іншыя – толькі 1794 г. Але на самой
справе класічнага паўстання, як
арганізаванай узброенай барацьбы
накшалт паўстання Т. Касцюшкі ў тым жа
1794 г. на тэрыторыі Польшчы і Беларусі,
не было. Гісторык Аляксандр Бушкоў у
сваёй кнізе пра Грамадзянскую вайну
1861-65 гг. у ЗША пісаў, што калі ўрад Злучаных
Штатаў увёў у 1791 г. падатак на выбар
віскі, па зборшчыкам гэтага падатку
сталі вясёла страляць з кожнага двара
(1). Але гэта не зусім было так. Шырока
вядома, што ў Штатах канца 18 – сярэдзіны
20 стст. быў распаўсюджаны самасуд над
злачынцамі або суд Лінча. Пры гэтым не
заўсёды гэта значыла смерць асуджанага:
нярэдка натоўп проста біў чалавека,
абліваў смалой і валяў у пер'ях. Пасля
чаго пакаранага адпускалі. Менавіта
гэты лёс напаткаў і многіх падатковых
інспектараў, а таксама тых фермераў,
што згаджаліся плаціць падатак. Да
трагедыі 1794 г., згодна гістарычным
дадзеным, ніхто ці амаль ніхто не загінуў.
Таму паўстаннем гэты пратэст можна
назваць умоўна.
Паўстанне
самагоншчыкаў.
Амерыканскія
фермеры не падтрымлівалі Рэвалюцыю
1775-83 гг., але і не вялі барацьбы з новым
урадам. Падчас самой Рэвалюцыі іх
лаяльнасць каралю выражалася толькі ў
тым, што яны прадавалі за золата і срэбра
сваю прадукцыю брытанскай арміі і
адмаўляліся прадаваць яе за папяровыя,
нічым незабяспечаныя долары арміі
Вашынгтона. Тут нічога асабістага,
толькі бізнес. Звычайны фермер, як гэта
ўдала было падкрэслена персанажам В.
Ірвінга Рыпам ван Вінклем, быў б задаволены
любым урадам акрамя ўлады злой жонкі.
(3)
І перад Рэвалюцыяй, і падчас яе, і пасля
яе фермеры жылі сваім жыццём не маючы
вялікай цікаўнасці да палітычных
перамен.
Праблемы з новым
урадам узніклі, калі падаткам сталі
абкладаць віскі, які фермеры выраблялі
з рэшткаў збожжавых культур. З дапамогай
такога падатку ўрад Злучаных Штатаў
паспрабаваў залатаць дзіркі ў бюджэце,
выкліканыя Рэвалюцыйнай вайной. Пры
гэтым эканоміка новай краіны была не ў
самым лепшым стане. Вайна за незалежнасць
Злучаных Штатаў была вайной грамадзянскай,
бо шматлікія белыя і чорныя жыхары 13
калоній, а таксама некаторыя плямёны
індзейцаў змагаліся ў брытанскай арміі,
і вайна цягнулася доўгія гады. Пасля
заключэння мірнага пагаднення прызнанне
Злучаных Штатаў з боку Вялікабрытаніі
было фармальным: брытанскія караблі
маглі без праблем арыштаваць амерыканскае
судна альбо прымусова мабілізаваць яго
каманду ў брытанскі флот (праўда, часцей
за ўсё яны толькі знаходзілі там сваіх
дэзерціраў і вярталі іх у каралеўскі
флот) (2). Мара заснаваць
новыя калоніі па-за заходняга берага
р. Місісіпі таксама была неажыццяўлённай:
раку кантралявалі іспанцы і дазвалялі
карыстацца ёй амерыканцам у даволі
абмежаваным выглядзе.
У такіх умовах
долар быў проста паперкай і самагонны
віскі быў тым жа, што і пры познім СССР
гарэлка – «вадкай валютай». Зразумела
п'янства заўжды хапала (і хапае) ў Злучаных
Штатах. Пазней ў 1920-30-х гг. падчас «сухога
закону» вытворчасць самагону набыла
савецкі размах. Тады самагон гналі
ноччу, ад чаго англійскае слова moonshine
-- «месячнае святло» --
набыло новае значэнне: «самагон». Тады
з'явілася праблема спажывання метылавага
спірту замест этылавага, які таксама
рабіў сляпымі ці забіваў амерыканскіх
півашоў як і савецкіх, бо ў спірту не
бывае нацыяналістычных пачуццяў. Тады
з'явіўся тэрмін «бутлегінг» – кантрабанда
алкаголю, і фабрычнага, і самаробнага,
-- бізнес, якім зараблялі амерыканскія
мафіозі. Але ўсё гэта было потым. У 18 ст.
забароны на самагон не было, а была
спроба ўвесці новы падатак: гоніш віскі
– плаці за права вырабу або перастань
яго гнаць. А хто жадаў адмовіцца ад
вадкай валюты? І дзясяткі самагоншчыкаў,
адмаўляўшыхся плаціць падатак, выклікалі
павесткамі ў суд.
Ці аддаваць
кесарава кесару?
Як я ўжо пісаў,
фермеры былі ў асноўнай масе нейтральны
да новай дзяржавы. Падаткі з розных
колаў насельніцтва амерыканскіх калоній
спаганялі ўжо спрадвек. І людзі разумелі
неабходнасць падаткаў як цаны, якую
плацілі за магчымасць штосьці мець ад
каланіяльнай адміністрацыі і дзяржавы.
Але Рэвалюцыя прынесла новыя ідэі: ці
мае права ўрад спаганяць падаткі за
народа без удзелу прадстаўнікоў, якіх
гэты народ абраў? Ці мае права народ
сілай мяняць уладу, якую лічыць
прыгнятальнай? Такія
пытанні паставіла Дэкларацыя незалежнасці
ЗША, прынятая 4 ліпеня 1776 г. (5). Такія
пытанні ставіць амаль кожная рэвалюцыя
і кожны раз знаходзяцца тыя яе бацькі,
якіх прыносяць у ахвяру дзеля ўмацавання
стабільнасці. Менавіта так скончылі
жыццё многія французскія якабінцы,
радыкальныя нацысты на чале з Рэмам,
савецкія трацкісты...
Такая ж праблема
ўзнікла ў ЗША. Да ідэі ўсеагульнай
роўнасці дарослых грамадзян было яшчэ
далёка. Многія бедныя фермеры і батракі
не мелі права выбіраць прэзідэнта і
кангрэсменаў. І ў іх натуральна ўзнікла
пытанне: а чаму мы павінны плаціць за
вайну, якую вялі багатыя джэнтльмены?
Яшчэ адзін
цікавы факт: у амерыканскім падручніку
па гісторыі ЗША An Outline of
American History прызнаюцца і
разглядаюцца многія непрыемныя і
складаныя моманты мінулага Злучаных
Штатаў. Але пра паўстанне з-за віскі
няма ні слова. Магчыма па прычыне яго
невялікай колькасці ахвяр. А можа каб
пазбегнуць непрыемных разважанняў на
тэму: хто мае права спаганяць падаткі,
а хто не...
Бой самагоншчкаў
з прадстаўнікамі ўлады ля Баўэр Хіл.
16 ліпеня 1794 г.
узброеная група паспрабавала захапіць
аднаго з буйных чыноўнікаў падатковага
ведамства генерала Невіля ў яго доме
на Баўэр Хіл пад Піцбургам (Пенсільванія).
Але ў адказ Невіль застрэліў аднаго з
нападаўшых Алівера Мілера. Пасля няўдалай
спробы прымусіць Невіля выйсці, група,
не здолеўшы захапіць дом, адступіла за
падмацаваннем. 17 ліпеня 1794 г. да Баўэр
Хіл падыйшлі ўжо каля 600 чалавек на чале
з ветэранам арміі Вашынгтона маёрам
Джэймсам МакФарлейнам, а на дапамогу
Невілю прыйшлі з Піцбурга 10 салдат на
чале з маёрам Абрахамам Кіркпатрыкам,
які быў сваяком жонкі Невіля. Перад
падыходам паўстанцаў генерал Невіль
здолеў пакінуць дом і схавацца. Паўстанцы
дазволілі жаншчынам і дзецям пакінуць
Баўэр Хіл і пачаўся бой. Праз адну гадзіну
перастрэлкі МакФарлейн (ці хтосьці з
яго паўстанцаў) заўважыў белы сцяг у
доме Невіля і спыніў агонь. Але калі ён
паспрабаваў увайсці ў дом, яго застрэлілі
на парозе трымаўшыя абарону. Пасля
гэтага паўстанцы падпалілі дом Невіля
і прымусілі капітуляваць ўсіх яго
абаронцаў. Акрамя МакФарлейна былі
забіты 1-2 паўстанца і 1 салдат-федэрал.
Астатнім салдатам было дазволена
вярнуцца ў Піцбург, а маёра Кіркпатрыка,
сына Невіля Прэслі і яшчэ аднаго ўрадавага
чыноўніка Дэйвіда Ленокса паўстанцы
ўзялі ў палон (адкуль яны неўзабаве
збеглі).
Пазней некаторыя
хваляванні, пераважна ў выглядзе
мітынгаў, працягваліся ў заходняй
Пенсільваніі. Падчас аднаго з такіх
мітынгаў гучалі заклікі аб выхадзе
некалькіх графстваў Пенсільваніі з
ЗША.
Тым часам
прэзідэнт ЗША Джордж Вашынгтон накіраваў
сваіх прадстаўнікоў для перамоў с
паўстанцамі, а сам пачаў збіраць апаўчэнне
для карнай аперацыі. У жніўні людзі
Вашынгтонасустрэліся з прадстаўнікамі
пратэстнага руху заходняй Пенсільваніі
і прапанавалі амністыю ў адказ на
падпарадкаванне законам ЗША. Быў
праведзены народны рэферэндум у верасні
1794 г., вынікі якога паказалі што
насельніцтва падазялілася на дзве
буйныя групы: тых, хто застаўся лаяльным
уладзе і тых, хто жадаў не падпарадкоўвацца
законам ЗША. Эмісары Вашынгтона
рэкамендавалі ўраду правесці ваенную
экспедыцыю.
Вашынгтон сабраў
12950 чалавек у федэральнае апаўчэнне.
Пры гэтым выкарыстоўваліся элементы
прызыву, што выклікала пратэст і
хваляванні прызыўнога насельніцтва ў
некаторых штатах: на ўсходзе Вірджыніі,
у Мэрыледзе.
Падчас карнай
аперацыі ў заходняй Пенсільваніі 29
верасня 1794 г. адзін з апаўчэнцаў выпадкова
застрэліў хлопчыка, які не меў дачынення
да палітыкі і хваляванняў. Праз два дні
яшчэ адзін мужчына быў забіты салдатам
Вашынгтона, калі яго спрабавалі арыштаваць
і ён супраціўляўся. Абодвух вайскоўцаў
судзілі грамадзянскім судом і апраўдалі.
У кастрыніку
1794 г. Вашынгтон сам прыехаў у месца
дзеяння свайго апаўчэння падчас карнай
аперацыі – рэдкі выпадак у гісторыі і
адзіны ў гісторыі ЗША, калі кіраўнік
дзяржавы вядзе салдат на вайну. Яшчэ да
Рэвалюцыі Вашынгтон меў багаты вопыт
арганізацыі апаўчэння і вядзення баявых
дзеянняў, калі ваяваў з французамі на
чале вірджынскіх апаўчэнцаў. Зразумела,
што супраць такой моцнай арміі (практычна
памерам з тую, што Вашынгтон ўзначаліваў
падчас Рэвалюцыі) на чале з чалавекам
з рэпутацыяй Рэмба, ніхто не пажадаў
ваяваць. Паўстанцы не аказалі аніякага
супраціўлення федэралам. Прыкладна 20
чалавек былі арыштаваны з іх 2 прысудзілі
да смяротнага пакарання за разбойныя
напады і іх памілаваў прэзідэнт Вашынгтон.
Значэнне
паўстання і магчымыя альтэрнатывы.
1794 г. паказаў
здольнасць федэральнага ўрада (а да
1789 г. ЗША былі Канфедэрацыяй) прымусіць
грамадзян падпарадкоўвацца сваёй уладзе
і сваім законам. Непапулярны падатак
на віскі быў адменены ў 1800 г. Узнікалі
новыя сітуацыі, калі федэральнай уладзе
кідалі выклік у тым ці іншым месцы ЗША.
Рух за выхад асобных штатаў з складу
ЗША мае месца і па сённяшні дзень, але
ён не мае значнай падтрымкі ў якім-небудзь
штаце. (6)
У 1980 г. Л. Ніл
Сміт, гісторык, напісаў кнігу The
Probability Broach (назву можна
перакласці як «Абмеркаванне магчымасці»
альбо «Магчымы прарыў») ў якой прапанаваў
альтэрнатыўны варыянт развіцця падзей
гісторыі Злучаных Штатаў (4). Згодна
Сміту, апаўчэнне магло пайсці на
Філадэльфію (тады -- сталіцу ЗША), пакараць
Дж. Вашынгтона смерцю, адмяніць Канстытуцыю
і аднавіць дзеянне Артыкулаў Канфедэрацыі.
Пасля чаго ЗША пераўтварыліся б у
Паўночнаамерыканскую канфедэрацыю.
Як бы тое не
было, але з гэтага часу федэральная
ўлада ў ЗША пачала ўзмацняцца і падушэнне
паўстання самагоншчыкаў стала аднім з
першых крокаў на шляху да пераўтварэння
Злучаных Штатаў у аднаго з сусветных
лідараў.
Спасылкі
на крыніцы і літаратуру
- А. Бушков. Неизвестная война. Тайная история США
- An Outline of American History. Published by US Information Agency, p. 106
- Rip Van Winkle by W. Irving
- L. Neil Smith. The Probability Broach (1980)
- Тэкст Артыкулаў Канфедэрацыі і Дэкларацыі незалежнасці ЗША можна знайсці ў зборніку «Гісторыя ЗША ў дакументах: пераклады на беларускую» Доступ: https://yadi.sk/i/FPmPfjyCYxVCR
- І. Біч. Сепаратызм па амерыканску//Новы час. Доступ: http://novychas.info/zamezza/separatizm_pa_amerikansku/
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.