воскресенье, 25 ноября 2018 г.

Чарнігаўскія могілкі на Чарнігаўскай вуліцы

Пра гэтыя могілкі пішу без рамантычных загалоўкаў. Гэтыя былыя вясковыя могілкі на поўдні беларускай сталіцы вельмі падобныя на многія іншыя былыя вясковыя могілкі Мінска. І тым не менш, маюць і свае адметнасці. Пра гэта мой фотарэпартаж з каментарыямі. У канцы дадам некалькі здымкаў Чарнігаўскай вуліцы, як "бонус".

Дарэчы, кожны здымак можна разглядзець падрабязна, націснуць на яго выяву на экране сваёй прылады. Некаторыя фоткі крыху апрацаваны ў праграме Fast Stone для таго, каб лепш чыталіся эпітафіі.

Від на могілкі з вуліцы з раёна суседняй спецшколы для дзяцей з праблемамі апорнага апарату. Не магу не заўважыць, што актуальная праблема, паднятая ў 2017-18 гг. у Курапатах, праблема суседства могілак з жылой ці забаўляльнай інфраструктурай застаецца адкрытай і тут. Яна патэнцыяльна можа існаваць, хоць звычайна на вуліцах зніклых вёсак не стаіць востра. Насупраць могілак жылы дом і не адзін. Там патэнцыяльна могуць святкаваць вяселле ці дзень нараджэння з песнямі, танцамі і фейерверкамі, што можа разглядацца кім-небудзь як абраза памяці памерлых і загінуўшых, якіх пахавалі на могілках праз дарогу. А, з другога боку, жыхарам вуліцы таксама можа не падабацца такое суседства. Такая ж праблема датычыцца могілак Цна і Масюкоўшчына на поўначы Мінска. Зразумела, вырашыць гэту праблему адсяленнем людзей ці зносам могілак праблематычна і несправядліва.

 Уваход на могілкі.

 Інфармацыйны стэнд, які паведамляе, што дагляд за могілкамі ажыццяўляе адміністрацыя Козыраўскіх могілак, а кніга скаргаў і прапаноў знаходзіцца у адміністрацыі Кальварыйскіх могілак.
У кадр патрапіла мясцовая славутасць: помнік чырвонаармейцам, загінуўшым падчас Вялікай Айчыннай вайны.


 Цікава, што яшчэ некалькі год таму тут былі пазначаны імёны толькі Цярэшынай і Паўлавай, а астатнія 13 былі пазначаны, як невядомыя байцы Чырвонай арміі. Цяпер высветліліся імёны яшчэ двух пахаваных. Трэба зазначыць, што загінулі яны ў ліпені 1944 г. падчас вызвалення Мінска ад немцаў. Значыць магчымасць усталяваць імёны забітых вайскоўцаў была лепш, чым падчас адступлення ў 1941 г. І тое, што іх імёны высвятляюць пераважна энтузіясты з пашуковых атрадаў, а не дзяржаўныя структуры, якія маюць доступ да архіўных дакументаў многае гаворыць пра ступень ўдзячнасці чыноўнікаў да салдат Другой сусветнай вайны. Дарэчы, ніжні цэклік сведчыць пра дзяржаўную ахову магілы як гістарычнай каштоўнасці, што, безумоўна, плюс дзяржаве. Такая ж брацкая магіла 1944 г ёсць і на Чырвонай слабадзе, таксама на поўдні горада.



 Жалезныя крыжы, часткова апрацаваныя рэстаўратарамі.

 Пахаванне з помнікам 1998 г. Тыпавы познясавецкі помнік.


 А тут дрэва ўрасло ў агароджу магілы.
Гэта ўсё недалёк ад увахода з вул. Чарнігаўскай.


 На ўчастку сям'і Іуціных адносна нядаўнія пахаванні: 2015 і 2016 гг. Мяркую, што гэты помнік паставілі ў 2017 ці пачатку 2018 г. Як і на іншых малых могілках горада, тут магчыма пахаванне урнай да сваякоў.

 Магіла сярэдняй дагледжанасці побач з апорнай сцяной, якая цягнецца ўздоўж мяжы справа ад увахода на могілкі ў бок спуску з узгорку, на якім стаіць некропаль
 Магіла са старым крыжом і новым цэклікам на фоне плота, які спускаецца ўздоўж крутога ўзгорка.
 Гэтыя два пахаванні атрымалі "лісты шчасця": патрабаванні адміністрацыі могілак прывесці агароджу і могілкі ў патрэбны стан за два гады. Як паказвае вопыт Крупцоў і Вайсковых могілак недагледжаныя пахаванні потым замяняюць тыпавых квадратным помнікам. Гэта таксама выклакае спрэчкі паміж грамадзянамі і дзяржавай: з аднаго боку актывісты жадаюць захавання агароджы вакол участкаў і індывідуальнасці пахаванняў замест стандартных "квадратаў", якія лёгка могуць згубіць надпіс на сонцы і сыйці ў грунт, а, з другога, ёсць праблема іржавых агароджаў, з бур'янамі і смеццем і нават "рэйдэрскіх захопаў" агароджамі тэрыторыі вакол пахаванняў, так што агароджа можа ставіцца на стары помнік, які амаль сышоў у зямлю. Як і ў праблеме ахоўнай зоны ў Курапатах, тут таксама няма рашэння, якое б задаволіла ўсіх удзельнікаў спрэчкі.

 А гэтыя пахаванні побач з папярэднімі "лістоў шчасця" не атрымалі, але робяць уражанне яшчэ менш дагледжаных. Логіку наглядача могілак не разумею...

 Дзіцячая магіла 1957 г. Дарэчы, драўляны крыж адносна новы, як і цэклік.

 Яшчэ пахаванне ў бур'янах і пень спіленага дрэва.

 Від на магілы знізу ўзгорка. Узгорак круты, але яго 45 градусаў яшчэ дазвалялі мне свабодна паднімацца па яго схілу без удзелу рук. На Пятроўшчыне быў круцейшы: там рукамі за агароджу чапляўся, каб залезці  угару.


 Адзіны помнік з эпітафіяй па-беларуску. Прычым тарашкевіцай, а не афіцыйным правапісам. Цікава, што прозвішча Капусцік часта сустракаецца на гэтых могілках. Але самае рапаўсюджанае тут: Асадоўскі (у некалькіх варыянтах на рускай мове). На заднім фоне від на ніжнюю мяжу могілак і прыватны сектар непадалёк.


 Магіла Фабіаны Канановіч з эпітафіяй на польскай мове. Тут трэба зазначыць: у Расійскай імперыі могілкі закладалі па канфесіянальнай прыкмеце  і каталікоў Мінска і ваколіц хавалі на Кальварыі ці Залатагорскіх могілках. Чарнігаўскія былі відавочна закладзены як праваслаўныя могілкі. Але Саветы адмянілі такую палітыку, і ўсе могілкі сталі змешанымі. Таму польскія эпітафіі могуць сустракацца як тут (я сустрэў толькі адну), так і, напрыклад, на Цне. Гэта пахаванне 1968 г.

 Здаецца Ягор, пахаваны тут, быў дзіцём ці падлеткам. Эпітафію разабраць не здолеў, нават з тэхнічнай апрацоўкай фота. Прашу прабачэння за гэта і мой абутак, што патрапіў у кадр.

Швідовіч Валерый 1947-49 гг. Ахвяра пасляваеннага ліхалецця ці чагосьці яшчэ?


А Занаіда Пацяранчанка загінула ў 1954 ва ўзросце 31 год. Прычына невядома ды і гінуць людзі ў любы час з розных прычын...

Паваленыя помнікі скінуты з узгорка. Як на Брылевічах. Але гэта не абавязкова вандалізм. Магчыма проста сваякі паставілі новыя, а старыя кінулі тут.

Тут, бліжэй да левай мяжы, шмат Асадоўскіх.


Сямён Асадоўскі. Магіла 1905 г. Руская эпітафія дарэвалюцыйным правапісам.

Павалены помнік 1889 (магчыма 1869, надпіс разабраць цяжка). Самая старая дата, якую я тут знайшоў.


Разнастанасць пахаванняў каля левай мяжы могілак (калі арыентавацца па ўваходу).

Старыя помнікі (бліжэй да цэнтру могілак) зыходзяць у зямлю.

На ўчастку Шэварковых недалёк ад увахода самае новае пахаванне могілак: 26.09.2018 г. Як і на іншых малых могілках, напрыклад, на Лошыцы, хаваюць прыкладна аднаго чалавека за год.

Апошні кадр з могілак. Тут неяк апрацавалі ўзгорак, але пахаванне старое. Магчыма, як і іншыя каля ўвахода дзесьці паміж 1950 і 1990 гг. І яшчэ адзін стары помнік (можа канца 19, а можа пачатку 20 ст.) які амаль сышоў у грунт.

І некалькі кадраў з Чарнігаўскай вуліцы наўздагон.

Як бачым з аб'явы на сметніцы, вываз смецця адміністрацыя могілак адкладае да вясны. Напэўна мае сэнс правесці прыватызацыю гэтай гарадской службы, бо зараз яе літаральна сняжкамі закідаць можна і яна спыніць працу... Пра сняжкі жартую, а вось пра прыватызацыю кажу сур'ёзна.


Санаторная школа-інтэрнат № 9 для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы (дом. 46). Знаходзіцца побач з могілкамі далей у бок пачатку вуліцы. Гэта галоўная славутасць Чарнігаўскай вуліцы Мінска і, здаецца, адіная такая ўстанова горада.

Таксама цотны бок вуліцы, толькі бліжэй да пачатку. Маю ўвагу прыцягнулі яблыкі, якія яшчэ вісяць на дрэвах, калі ўжо абляцела лісце. Ураджай яблыкаў у цотныя гады - катастрофа, як казаў мне адзін дачнік Увогуле практычна ўся забудова на Чарнігаўскай - гэта прыватныя дамы і катэджы.

У гэты дзень сонейка засвяціла толькі тады, калі я ехаў дадому, таму ўсе мае здымкі былі крыху хмурыя.

Вандроўка адбылася 21.11.2018 г. Усе фотаграфіі зроблены гісторыкам А. Берастоўскім.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.