Што мы ведаем пра старажытных людзей, якія жылі ў каменным, бронзавым і жалезным вяках? Я ўжо публікаваў пост на тэму "Старажытныя людзі: разумней ці дурней за нас?" дзе разважаў над жывапісам і скульптурамі старажытнасці. Асноўныя ідэі, якія я спрабаваў данесці да патэнцыяльнага чытача праз той пост былі такія: "палеалітычныя венеры" былі парнаграфіяй каменнага веку (дарэчы доказам гэтага служаць і старажытныя статуэткі мужчын з непамерна вялікім пенісам); археалогія ня мае магчымасці дакладна вымераць узрост знаходак, старэйшых за 2000 г. да н.э.; дзяленне эпох старажытнасці на каменны, бронзавы і жалезны век з'яўляецца гіпатэтычным, бо няма яўных доказаў таго, што людзі не пачалі карыстацца каменнем і металамі адначасова; пячорны жывапіс мог быць проста прыкладам схематычных намалёвак, падобных на сучасныя схематычныя малюнкі настаўнікаў у школе, зробленыя каб растлумачыць штосьці (таксама гэта магло быць чымсьці накшалт сучаснага графіці: праява пэўнай субкультуры). Галоўнае аб чым я пісаў: няма падстаў лічыць, што старажытныя людзі адрознівалісь ад сённяшніх інтэлектам.
У гэтым артыкуле я паспрабую развіць тэму і напісаць пра сям'ю, грамадства, дзяржаву і рэлігію старажытных людзей. Мае разважанні не з'яўляюцца вынікам плённага і грунтоўнага даследавання, хутчэй за ўсё яны запісаны каб пабудзіць тых навукоўцаў, якія доўгі час вывучалі старажытнасць паспрабаваць падцверзіць ці аправергнуць мае думкі бясспрэчнымі фактамі. Пісаць аб гэтым можна ў каментарыях да поста ці на маю электронную пошту. Калі і ня згаджусь, абавязкова азнаёмлюся з усім, што мне напішуць.
Недасказанае.
У папярэднім артыкуле я не зазначыў адзін прынцыповы момант: я ня веру ў тэорыю эвалюцыйнага паходжання чалавека ад малпы і лічу, што чалавек разумны быў створаны Богам такім, які ён ёсць зараз. Я не спрабую гэтым артыкулам паказаць слабыя месцы тэорыі Дарвіна, бо аб іх шмат пісалі і розныя рэлігійныя прапаведнікі, і навукоўцы, і публіцысты. Сярод такіх навукоўцаў можна адзначыць астранома Фрэда Хойла, які ня верыць у Бога і лічыць, што жыццё занесена на Зямлю з космаса. Сярод публіцыстаў праблемныя моманты тэорыі Дарвіна выкрываў Аляксандр Бушкоў ("Зямля: Планета прывідаў"). З рэлігійнай літаратуры найбольш грунтоўнай лічу кнігу "Жыццё. Як яно ўзнікла? Шляхам эвалюцыі ці стварэння?", апублікаваную Сведкамі Іеговы. Таксама я не спрабую весці рэлігійную пропаведзь пад маскай навуковага даследавання. Магу толькі патлумачыць сваю пазіцыю. Калі я паступаў вучыцца на выкладчыка гісторыі і англійскай мовы ў вну, я ўжо верыў у Бога і нярэдка спрачаўся з выкладчыкамі, якія прытрымліваліся тэорыі эвалюцыі. І ніхто з іх ня прыводзіў якія-небудзь факты каб даказаць сваю пазіцыю. Усё, што я чуў было накшалт "Эвалюцыя - гэта факт", "Вы проста жадаеце верыць у Бога", "Вы мяне ня пераканаеце" і т.п. Усё гэта і ўсё, што я потым чытаў пра тэорыю эвалюцыі і старажытнае грамадства пераканала мяне ў тым што многія навукоўцы проста свята вераць у паходжанне чалавека ад малпы. Мне не хапае такой веры. Не дадзена. Калі я паверу ў эвалюцыю біялагічных відаў, мне трэба будзе прызнаць, што надпіс на сцяне дома "Тут Вася піў піва, і яму было добра", сама сцяна і ўвогуле ўвесь дом узніклі пры выпадковым ўздзеянні розных сіл прыроды. Не дадзена мне так шчыра верыць...
Яшчэ адзін момант супраць эвалюцыі: я бачыў жывога неандэртальца ў Мінску. Аднойчы летам па майму кварталу гуляў п'яны хлапец, які быццам сышоў з падручніка па біялогіі. Яму ня хапала толькі скураў і каменнай сякеры, але летам скура была непатрэбна і ён быў з голым торсам. Убычыўшчы прыгожую дзяўчыну, якая спускалася ў мятро, "неандэрталец" зароў як сапраўдны пячорны чалавек і пайшоў туды ж. Пра тое як вучоныя праводзяць кастынг сярод адкапаных неандэртальцаў на пошук найбольш нязграбных і непадобных на сучасных людзей і пра тое, які ёсць доказы таго, што неадертальцы ня былі дурней за сучасных людзей напісалі і бяз мяне шмат. Таму лічу, што неандэртальцы - гэта такія ж людзі, як і нашы продкі, а малпы застаюцца малпамі.
Абмежаванні навукі.
Я ўжо цытаваў у папярэднім артыкуле як археолагі самі прызнаюць свае абмежаваныя магчымасці. Цяпер чарга савецкага этнографа Ю. Сямёнава: "...этнаграфія мае справу ня з тымі першабытнымі грамадствамі, якія існавалі да узнікнення класавых, а толькі з тымі, якія захаваліся ў якасці дакласавых непасрэдна да Новага і Найноўшага часу ... існуюць навук, якія ў адрозненні ад этнаграфіі займаюцца сапраўднай першабытнасцю — палеаантрапалогія, археалогія. Але апошнія даюць дадзеныя непасрэдна толькі альбо аб марфалагічным вобліку людзей першабытнага грамадства, альбо аб іх матэрыяльнай культуры і гаспадарцы." (Ю. Семёнов. О методике реконструкции развития первобытного общества по данным этнографии//Этнография как источник реконструкции истории первобытного общества. М. Издательство "Наука". Главная редакция восточной литературы. 1979. С. 108-125; перепечатано в журнале "Скепсис")
Іншымі словамі этнографы ня ведаюць ці так паводзілі сябе людзі старажытнасці, як сучасныя плямены эскімосаў, папуасаў, бушменаў ці ўвогуле інакш. З другога боку, археалогія і іншыя навукі могуць толькі паведаміць як прыкладна мог выглядаць адкапаны старажытны чалавек, якой сякерай ён карыстаўся, якім было яго жытло і г.д. Таму ўсё, што можа быць напісана пра сем'і, грамадскі лад і рэлігію старажытных людзей, у тым ліку і мае ўласныя думкі, носіць выключна гіпатэтычны характар.
Старажытныя сем'і.
Лічыцца, што старажытная сям'я прайшла развіццё ад некантралюемага палавога жыцця (кожная жаншчына належыць кожнаму мужчыне і наадварот) праз буйную палігамную сям'ю (звычайна адзін муж і некалькі жонак, радзей нааадварот) да манагамнай сям'і (адзін муж і адна жонка). Таксама сцвярджаецца, што чалавецтва прайшло праз этапы, якія ўмоўна называюць матрыярхат (улада жонкі ў сям'і і жаншчын у грамадстве) і яго супрацьлегласць патрыярхат.
Але ня ўсё так проста. Развіццё сям'і ня было лінейным рухам да прагрэсу. У сённяшнім грамадстве фактычна прысутнічаюць усе вышэй згаданыя з'явы: нягледзячы на тое, што афіцыйна ў большасці краін свету заканадаўча дазваляецца толькі манагамная сям'я, многія мужчыны жывуць на дзве ці нават тры сям'і, маючы каханак, якія нараджаюць ім дзяцей. Праміскуітэт (некантралюемае палавое жыццё) прысутнічае ў маладзёжных субкультурах і ня толькі.
Таму я лічу, што ўсе разнастайныя формы сямейнага жыцця, ў тым ліку і сучасныя аднаполыя сем'і, не пераходзілі адна ў адну паступова, а суінавалі. Праміскуітэт ніколі ня быў шырока распаўсюджаны, бо інакш чалавецтва вымерла б ад венерычных захворванняў і гемафіліі. Палігамныя сем'і ня кожны мужчына здольны забяспечыць матэрыяльна (задачка першакласніку: колькі мамантаў мусіць забіць неандэрталец ў год, каб пракарміць 15 жонак і 35 дзяцей на працягу года?). Таксама непазбежна і барацьба за мужа паміж жонкамі палігаміста, нават калі яны лічаць палігамізм нармальнай з'явай. Таму найбольш удалай формай сямейнага жыцця з'яўляецца манагамная. Яна можа ўключаць як прысутнасць бацькоў мужа ці жонкі ў доме ці жыццё невялікай сямейнай абшчынай, так і асобнае пражыванне маладых сямей (пры росце насельніцтва гэта непазбежна, асабліва калі шмат зямлі яшчэ ня заселена).
У розных культурах існуюць розныя погляды на дазволенае ў адносінах палоў, напрыклад гамасэксуалізм і мастурбацыю. Таму праблематычна перанесці вопыт адной культуры на ўсё чалавецтва. У навуковых і калянавуковых публікацыях нярэдка пішуць пра даволі спецыфічныя абрады ініцыяцыі юнакоў (мужчына перадае вопыт юнаку праз анальны палавы кантакт) і ачышчэння ўдоў (адзін з сваякоў мае інтымныя зносіны з жонкай памерлага, каб ачысціць яе ад праклёну) ў некаторых народаў як доказ паступовай эвалюцыі сямейнага жыцця. Але дазвольце ня згадзіцца. Сэр Элтан Джон жанаты на мужчыне і мае дзіця (ня ад яго) ў цівілізаванай Вялікабрытаніі. Дзікары-с...
Да таго ж у мяне застаюцца пытанні: наколькі распаўсюджаны такія абрады ініцыяцыі і таму падобнага ў азначаных культурах? Можа ўвогуле там толькі некаторыя людзі дазваляюць сабе такія паводзіны пры маўклівым асуджэнні іншых? А можа навуковец штосьці дадумаў ці ўвогуле схлусціў? А мы вывучаем ня гістарычную праўду, а яго эратычныя фантазіі.
Дарэчы, нічога ня буду пісаць пра матрыярхат, бо і бяз мяне добра напісана, што гэта тэорыя высасана з пальца (гл., напр., тут)
Грамадства і дзяржава ў старажытнасці.
Ізноў не магу пагадзіцца, што грамадства і дзяржава паступова развіваюцца ад горшага да лепшага. Як і у выпадку з сям'ёй, розныя формы эканамічнага і палітычнага жыцця, якія лічаць этапамі развіцця грамадства і дзяржавы суіснуюць разам на працягу гісторыі. Рабаўладальніцкі лад ніколі ня знікаў: антычныя цывілізацыі, Сярэднявечча (асабліва ў Азіі), Новы час (Паўночная і Паўднёвая Амерыка), Найноўшы час (Савецкі ГУЛАГ і міжнародны гандаль людзьмі). Таксама феадальная сістэма землеўладальніцтва была спецыфічнай і няадназначнай з'явай. У розных краінах і рэгіёнах свету феадалізм быў настолькі розным, што браць за эталон сістэму землеўладальніцтва сярэднявечнай Заходняй Еўропы няправільна. А ў Новы час класічны заходняеўрапейскі феадалізм адрадзіўся ў некаторых паўночнаамерыканскіх калоніях 17 ст. Вось як аб гэтым пісалі ў кнізе An Outline of American History (Нарыс гісторыі ЗША, існуе пакуль толькі на англійскай мове і распаўсюджваецца па вучэбным установам праз пасольства ЗША ў Беларусі):
"Каб заахвоціць перасяленне ў раён ракі Гудзон, галандцы спрыялі ўсталяванню разнавіднасці феадальнай арыстакратыі, вядомай як "патранажная" сістэма. Першыя такія маёнткі ўзніклі ў 1630 г. ўздоўж узбярэжжа Гудзона.
Паводле патранажнай сістэмы кожны акцыянер ці патрон, які прыводзіў у свой маёнтак 50 дарослых людзей, атрымоўваў праз 4 гады 25 кіламетраў узбярэжжа Гудзона, эксклюзіўныя правы на рыбалоўства і паляванне, а таксама права ажыццяўляць грамадзянскую і крымінальную юрысдыкцыю. У сваю чаргу ён даваў жыллё, прылады працы і быдла, а арандатары плацілі яму рэнту і давалі яму лепшую частку ўраджая." (An Outline of American History. Editors: Howard Cincotta and others. US Information Agency, p. 18)
А калгасна-савгасную сістэму сельскай гаспадаркі СССР сяляне называлі "другім прыгонным правам (бальшавікоў)", бо да 1960-х гг. толькі служба ў арміі ці зашлюбаванне з гарадскім хлопцам (для дзяўчыны) маглі дазволіць селяніну пакінуць вёску, дзе ён працаваў за працадні (форма натуральнай гаспадаркі) і ня меў пашпарта.
Калі працягнуць размову пра эканоміку СССР, то шчыра кажучы нельга назваць савецкі лад сацыялістычным, як і лад іншых краін свету, якія будуюць сацыялізм. Правільна было б назваць гэта дзяржаўным капіталізмам.
Ну а пра тое як сучасныя краіны свету гуляюць у дэмакратыю (само слова, як вядома, прыйшло ў мовы свету ад антычных грэкаў і значыць "улада народа") па прынцыпу "я свайму слову гаспадар: даў і забраў" вядома шмат: ганенні на мусульман і імігрантаў у Францыі, амерыканскі канцлагер на Кубе для патэнцыяльных тэрарыстаў, турэмнае зняволенне хрысціянскіх прапаведнікаў у Індыі, палітычная і рэлігійная цэнзура для іншадумцаў у Расіі, і ўсе гэтыя дзяржавы лічаць сябе дэмакратычнымі. Таму цяжка сказаць, што ёсць яўны прагрэс у абароне правоў чалавека. Хутчэй за ўсё дзяржавы карыстаюцца ідэямі дэмакратыі і правоў чалавека выбарча: калі закранаюцца інтарэсы ўсей дзяржавы, яе лідараў ці ўплывовай частцы грамадства ад пэўных дэмакратычных свабод можна і адмовіцца.
Такім чынам розныя формы арганізацыі гаспадаркі і грамадства ўзнікаюць, квітнеюць і знікаюць у розны час гісторыі незалежна ад пэўнай эпохі.
Таксама ня назіраецца паступовы лінейны пераход ад дробных слабаарганізаваных дзяржаў да буйных наднацыянальных саюзаў. Практычна ўсю гісторыю чалавецтва суіснавалі дзяржавы дробных, сярэдніх і вялікіх памераў. Імперыі ўзнікаюць і распадаюцца. Наднацыянальныя саюзы падобныя Еўрапейскаму дзейнічаюць пакуль прыносяць карысць большасці іх удзельнікаў.
Такім чынам грамадскі лад і дзяржаўныя ўтварэнні хутчэй уяўляюць сабой броўнаўскі рух часціц, чым паступовае развіццё ад горшага да лепшага. Паспрабую разглядзець іх узнікненне з пабытовага пункту гледжання.
Розныя формы грамадскага і дзяржаўнага ладу, як і розныя эканамічныя мадэлі ўзнікаюць там, дзе яны адпавядаюць патрэбам людзей і знікаюць, калі яны ўжо нікому ня патрэбны. Грамадства і дзяржава ўзнікаюць там дзе ёсць патрэба ў абароне супольных інтарэсаў вялікай групы людзей. Калі ў пэўнай мясцовасці больш-меньш кампактна рассяляюцца людзі з агульнымі ці падобнымі мовамі і культурай і паміж імі ўзнікаюць больш-меньш сціслыя зносіны, ўтвараюцца абшчыны, саюзы плямёнаў, якія прытрымліваюцца агульных звычаяў, асабліва ў галіне маралі, паводзін палоў, гандлёвай этыкі, адносін да пэўных злачынстваў. У кожным такім аб'яднанні з'яўляюцца лідары, якія могуць быць аўтарытэтамі ў справе вядзення гаспадаркі, лячэння захворванняў, абароны абшчыны ад ворагаў і вядзення вайны, пытаннях рэлігіі і маралі. Калі насельніцтва такіх аб'яднанняў расце альбо да такіх саюзаў далучаюцца новыя плямёны і абшчыны (ўпакоранныя вайной за першынства ці ў выніку гандлёвых саюзаў), узнікаюць людзі якія прафесійна выконваюць функцыі кіраўнікоў, суддзяў, святароў, дактароў і ваяроў, і для ўтрымання такіх функыянераў астатнія плацяць падаткі ці даніну (пастаянна ці калі маюць патрэбу ў іх паслугах). Так узнікае дзяржава.
У кожным грамадстве людзі працуюць па рознаму, і ў выніку гэтага, а таксама і іншых прычын (смерць ці цяжкая хвароба здабытчыка сям'і, прыродныя катаклізмы, рабаванне гаспадаркі ворагам) адны робяцца багатымі, а другія бяднеюць. Калі да гэтага дадаецца наяўнасць дзяржаўных функцыянераў, падаткаў і прымусовай працы на абшчыну, багатага крэдытора, ці дзяржаўнага функцыянера, то гэта ня ўсім будзе да спадобы. І ўнутрасямейны эгаізм (хто павінен выносіць смецце, а хто ляжаць на канапе) пераходзіць за парог асобнай хаты і пераўтвараецца ў тое, што марксісты называюць класавай барацьбой. Але ўся сістэма звычайна застаецца нязменнай, калі большасць насельніцтва такіх дзяржаў задаволена сваім жыццём альбо калі няма пагрозы існавання дзяржавы па знешнім прычынам (дзяржава-канкурэнт, стыхійныя бедствы, знікненне неабходных для эканомікі краіны прыродных рэсурсаў).
Селянін быў павінен рыцару-феадалу настолькі насколькі феадал селяніну: адзін корміць, другі абараняе. А калі даспехі рыцара навучыліся прабіваць стрэламі і кулямі, то феадалам пачалі ўсё часцей і часцей помсціць за злоўжыванні адносна сялян і гараджан (паўстанне Жакерыя ў сярэднявечнай Францыі), і паступова ад прафесіянальнай рыцарскай арміі ў Еўропе адмовіліся на карысць агульнай абавязковай вайсковай службы.
Папуасам і бушменам была непатрэбна моцная дзяржава бо іх дабрабыт будаваўся на спажыванні лёгкадаступных прыродных рэсурсаў: сельская гаспадарка, паляванне, збіранне дароў лесу. А жыхарам Еўропы, Азіі і Паўдневай Амерыкі трэба было змагацца за выжыванне ў неспрыяльных прыродных умовах, што было магчыма пры арганізацыі больш-меньш магутнай дзяржавы, бо каб карміць тых, хто здабывае руду, абараняе межы дзяржавы, вучыць дзяцей, лечыць людзей, трэба больш здабытчыкаў ежы. Калі знаходзяцца спосабы аблегчыць жыццё за кошт технічных інавацый, яны хутка прымяняюцца пры ўмове, што для гэтага ёсць матэрыяльныя сродкі, вольны час і свабодныя рукі. Дзяржавы змагаюцца паміж сабой за прыродныя рэсурсы, магчымасць паспяхова гандляваць і проста існаваць, бо калі ў адной дзяржаве жыццё лепш, чы у другой, жыхары менш паспяховай прагаласуюць супраць яе нагамі. (Гэта тлумачыць бясконцыя войны паміж продкамі беларусаў і расіян, якія скончыліся толькі калі беларускія землі ўвайшлі ў склад Расіі ў канцы 18 ст.).
Каб лепш патлумачыць, што тэхнічны прагрэс ня абавязкова прыносіць шчасце, вось адзін анекдот: "Папуас ляжыць пад пальмай і жуе банан. Падыходзіць еўрапеец і пытае яго: "Дзе ўзяў банан?"
-- Залез на пальму і сарваў, -- адказаў папуас.
-- Дурны ты, бо ты б мог нарваць яшчэ бананаў і прадаць іх. Потым наняць на гэтыя грошы людзей, якія б зрывалі табе бананы, а ты б іх прадаваў. Потым ты б мог наняць людзей, якія б прадавалі твае бананы, а ты б ужо сам нічога ня рабіў.
-- А я і так нічога ня раблю."
Дзяржава, міждзяржаўныя саюзы і тэхнічны прагрэс з аднаго боку аблягчаюць жыццё чалавека, а з другога ўскладняюць яго, робяць кожнага чалавека залежным ад усяго грамадства. Калі знікаюць важныя прыродныя рэсурсы, ці грамадства дзеліцца на празмерна багатых і празмерна бедных, ці эпідэмія, вайна, альбо прыродныя стыхіі знішчаюць значную частку працоўнага насельніцтва, дзяржава можа загінуць. Рым, каланіяльныя імперыі Еўропы, Расійская імперыя, СССР служаць прыкладам такіх дзяржаў. А народы, якім дзяржава няпатрэбна, і якія жывуць невялікімі плямёнамі, маюць меньш драматычную гісторыю і лёгка ўваходзяць у склад іншых дзяржаў пры ўмове, што іх гэта ня вельмі закранае. З другога боку такія народы таксама залежаць ад прыродных рэсурсаў, але ўвогуле больш здольныя да выжывання ў новых кліматычных умовах і да засваення новых спосабаў здабычы харчавання. (Уявіце сабе прафесара сацыялогіі з матыгай ці лукам і стрэламі).
Таксама вышэй згаданы анекдот выкрывае яшчэ адну праблему: колькі чалавеку патрэбна для шчасця. У пэўны час тэхнічны прагрэс спарадзіў праблему празмернага спажывання прыродных рэсурсаў і прадуктаў вытворчасці. Існаванне прамысловай вытворчасці і дабрабыт тых, хто ў ёй працуе залежыць ад пастаяннага росту спажывання тавараў і паслуг, а гэта спараджае праблему знішчэння прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. Такая праблема практычна ня існуе ў невялічкіх плямёнаў Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі, бо там чалавек працуе, каб забяспечыць сябе і сваю сям'ю самым неабходным, а не для таго каб яго краіна мела самыя найлепшыя танкі ў свеце, каб у яго дзяцей быў такі ж камп'ютар як у суседа. Таму сацыяльных хваляванняў, злачынстваў, самагубстваў і стрэсу ў такіх грамадствах значна меньш, чым у Еўропе.
Такім чынам, прагрэс справа адносная і спрэчная. Каменная сякера можа пры пэўных умовах быць важней за планшэтны камп'ютар.
Прылады працы чалавека заўсёды былі высакаякаснымі. Старажытнымі каменнымі сякерамі можна без праблем працаваць і сёння: секчы і дрэвы, і галовы. Таму каменнымі прыладамі працы карысталіся і пасля таго, як, гіпатэтычна, людзі сталі карыстацца бронзай і жалезам. Магчыма, чалавецтва ўсю гісторыю займаецца сельскай гаспадаркай (земляробствам і жывёлагадоўляй), апрацоўкай металаў, камення і дрэва і карыстаецца агнём. Калі зыходзіць з канцэпцыі паходжання чалавецтва ад Адама і Евы, то зразумела, што ўсе іх нашчадкі перадавалі вопыт выжывання сваім нашчадкам. Паўтару яшчэ раз: няма доказаў паступовага развіцця чалавечай гаспадаркі, таму тэорыя эвалюцыйнага паходжання чалавека, грамадства і дзяржавы ня можа лічыцца адзіна правільнай.
Каменная сякера
Каменны нож. Такім, згодна Бібліі, мог быць абрэзаны сын прарока Майсея
Тое што адны народы і культуры стварылі моцныя дзяржавы, а другія не, тлумачыцца фактам, што ўсе яны апынуліся ў розных сітуацыях і каб выжыць ім было патрэбна прыймаць зусім розныя рашэнні. У некаторых мясцовасцях лягчэй займацца паляваннем, у іншых земляробствам ці здабываннем карысных выкапняў. А тое, што ня можаш здабыць сам, можна вымяняць ў іншых народаў (а бывае, што і забраць як трафей ці даніну). Таму розныя формы гаспадаркі і грамадскага ладу - гэта розныя шляхі выжывання, а не падцверджання тэорый аб арыйцах і "ўнтэрмэншэнах" (нядачалавеках). Дарэчы, маім чытачам мангалоіднай расы мае сэнс верыць у тэорыю эвалюцыі Дарвіна: кітайскі навуковец першай паловы 20 ст. д-р Сунь Ятсэн лічыў, што мангалоіды (кітайцы, карэйцы, японцы, казахі і г.д.) больш развітыя чым людзі белай ці чорнай расы, бо апошнія больш валасатыя, а значыць нядалёка ўшлі ад малпы ў сваім развіцці.
Безумоўна, можна ўзгадаць, што тэхнічны прагрэс распаўсюджваецца паспяхова ва ўсім свеце, і людзі пераязджаюць з меньш тэхнічна развітых краін у больш тэхнічна развітыя, але гэта ня даказвае перавагу грамадскага ладу апошніх над першымі. І асобныя людзі, і грамадства і дзяржава нярэдка кіруюцца эгаізмам, і большасць людзей ва ўсім свеце выбіраюць тое, што прынясе карысць зараз, нават калі потым гэта прынясе праблемы іх нашчадкам. Гэта праблема закранае і плямёны і постіндустрыяльную цывілізацыю. Таму тэхнічны прагрэс - гэта яшчэ ня прагрэс маральны.
Рэлігія старажытных народаў.
Пра рэлігію старажытных людзей пішуць пераважна з утылітарных пазіцый. Але лічыць, што рэлігія патрэбна старажытнаму чалавеку толькі каб ня вельмі баяцца прыродных з'яў, гэта тое ж самае як лічыць, што сям'я патрэбна толькі для таго каб мужчына і жаншчына маглі займацца сэксам.
Вось, што аб рэлігійных поглядах старажытных людзей на падставе разважанняў над наскальнымі малюнкамі напісана ў "Бібліі Каафы":
""Маліліся" гэтыя людзі ня прадстаўленным жывёлам, бо яны іх елі, а абстрактнаму бажаству, якое яны ўяўлялі ў абліччы гэтых жывёл. Калі кажуць , што "пакланяліся мядзведзям", то ня разумеюць, што тыя людзі ня былі вар'ятамі, каб падаць ніц перад жывёламі... Прынашэннем гэтых ахвяр людзі імкнуліся аказаць уздзеянне на разумовае бажаство ці прадстаўленную гэтым сімвалам Прыроду, каб тое зрабіла для іх больш жывёл, каб яны маглі іх ізноў забіваць і ізноў есці." (Библия Кафы - о храмовых обществах каменного века)
Гэта яшчэ адна тэорыя аб ролі жывапісу ў старажытных пячорах. Можна і ня ва ўсім пагадзіцца з ёй, але калі б нашы продкі сапраўды былі вар'ятамі, ідыётамі, каго яны б маглі нарадзіць?
Ня думаю, што людзі баяліся грому і маланкі і іншых прыродных з'яў настолькі каб пакланяцца ім. Але пры гэтым яны разумелі складанасць навакольнага асяроддзя і верылі, што ім кіруе штосьці разумнае ці хтосьці разумны. Вось для гэтага і існуе рэлігія (гэта слова літаральна значыць "сувязь") - звязаць чалавека з Богам ці звышнатуральным.
Я асабіста веру ў існаванне Бога, а таксама добрых і злых анёлаў як разумных істот і іншую форму жыцця ня падобную на звычайныя біялагічныя сістэмы. Але ў далейшым буду карыстацца больш шырокім юрыдычным тэрмінам "звышнатуральнае".
Я асабіста быў сведкам паранармальных з'яў, і пры адной з такіх з'яў прысутнічала мая маці, што падцвярджае, што мне ўсё, што я бачыў і чуў ня здалося. У прыватных суразмовах каля дзясяці розных людзей падцвярджалі мне, што былі відавочцамі звышнатуральных з'яў. Толькі адна жаншчына з іх была псіхічна няадэкватнай. Сярод такіх відавочцаў два вучоных, адзін з іх атэіст і лічыць, што яго суразмова (наяву) з памерлай сваячкай была толькі разнавіднасцю яго ўспаміна аб ёй.
Існуюць дзве прычыны, чаму афіцыйная навука адмаўляе існаванне звышнатуральнага. Адна - наяўнасць бязмернай колькасці танных сенсацый аб прывідах, барабашках і іншапланетных касмічных караблях. Практычна ўсё гэта з'яўляецца дэзінфармацыяй, якая ставіць тлусты знак пытання на магчымасці звышнатуральных з'яў увогуле. Другая праблема - панаванне матэрыялістычных і атэістычных ідэй у навуковых колах. Калі навукоўцы вераць у Бога ці звышнатуральнае, звычайна яны імкнуцца пазбегнуць непаразуменняў з боку сваіх калег і начальства і маўчаць аб гэтым. Нават спробы навукоўцаў (пераважна фізікаў) праводзіць эксперыменты па вывучэнню звышнатуральных з'яў з'яўляюцца сакрэтнымі, бо навуковыя інстытуты і лабараторыі ня жадаюць псаваць сваю рэпутацыю. Мне ня ўдалося знайсці аб такіх эксперыментах аніякай інфармацыі, акрамя таго, што яны былі. Лягчэй правесці сацыялагічнае апытанне ў Паўночнай Карэі. Такім чынам грошы і кар'ера становяцца важней за навуковы падыход да праблемы.
Дарэчы некаторыя гісторыкі і сацыёлагі Беларусі паступова ідуць да прызнання існавання з'яў, якія навука ня можа патлумачыць на падстве вядомых законаў прыроды. Так калі я выкладаў грамадазнаўства ў школе ў 2002-2003 гг. ў падручніку 8 класа сцвярджалася, што чалавек можа мець экстрасэнсорныя здольнасці. Ня ведаю ці змянілася "лінія партыі" пасля гэтага...
Яшчэ аднім доказам існавання звышнатуральнага служаць дакументальныя сведчанні аб паляванні на ведзьмаў. У Сярэднявеччы і ў Новы час людзі не баяліся маланкі, землятрусаў, нават калі лічылі іх карай ад Бога, але знішчалі тых, хто займаўся чараўніцтвам. Паўтараю: нашы продкі ня былі вар'ятамі. Яны маглі адрозніваць прыродныя з'явы ад звышнатуральнага. І бачылі, што апошняе можа несці ім нябяспеку.
Таксама асабіста я лічу, што некаторыя апавяданні Івана Тургенева накшалт "Бежына луга" могуць быць заснаваны на рэальных падзеях, бо ён пісаў толькі тое, што чуў ад іншых і прыводзіў імёны сваіх "інфарматараў".
Фальклор народаў свету таксама сведчыць аб тым, што нашы продкі мелі кантакты з разумнымі істотамі з духоўнай сферы. Безумоўна цяжка праверыць, дзе праўда, дзе хлусня ў легендах, але прысутнасць звышнатуральнага ў паданнях розных народаў, у тым ліку і беларускага, ня можа быць адкінута як хлусня толькі па прычыне моды на атэізм сярод навукоўцаў. Атэізм - гэта вера ў няіснаванне Бога, а вера ня можа быць адэкватнай альтэрнатывай навуковаму спазнанню чалавека і прыроды.
Таму, я лічу што ў фундамент многіх рэлігійных поглядаў нашых старажытных продкаў быў закладзены вопыт іх уласнага спазнання звышнатуральнага. А вось яшчэ адзін цікавы факт: у многіх рэлігіях свету існуе ідэя бяссмяротнай душы (якая ня мае ніякага дачынення да Бібліі, бо тая вучыць аб нясвядомым стане памерлых і цялесным уваскрэшанні). Да сённяшняга часу розныя людзі сцвярждаюць, што бачылі наяву сваіх памерлых сваякоў і атрымоўвалі ад іх інфармацыю. Пры гэтым практычна няма звестак каб каго небудзь абараняў дух памерлага продка. Мне гэта асабліва цікава ў сувязі з тым, што першым ідэю жыцця пасля смерці згодна паведамленню біблейскай кнігі Быццё (раздзел 3) выказаў змей, першы "дэзінфарматар" сярод звышнатуральных асоб. А рэлігіі свету свята трымаюцца за гэту "дэзу"... Але гэта маё лірычнае адступленне ад тэмы.
Забабоны старажытных людзей таксама ня сведчаць аб іх дурноце. Сучасны цівілізаваны навуковец таксама можа лічыць, што калі разбіць шкляны фужэр па п'яні на вяселлі, то гэта прынясе шчасце маладым, а калі ў тым жа стане разбіць люстэрка - то гэта да ліха. Але ж гэта ня робіць яго вар'ятам. Забабоны і прымхі ва ўсім свеце адлюстроўваюць распаўсюджаны падыход да неправераных звычаяў: можа яно і ня так, але калі так зраблю мне горш ня стане. Такі падыход існуе і ў навуках. Напрыклад, у розных краінах свету падчас адных і тых жа хірургічных аперацый трансфузіёлагі пераліваюць розную колькасць крыві пацыенту, згодна таму, як іх навучылі іх больш вопытныя калегі. І так забабон перадаецца новым пакаленням хірургаў, якія таксама прыймаюць на веру сколькі крыві ліць і ня пытаюцца чаму столькі.
Забабоны - гэта толькі адна з спроб чалавека разумнага адключыць розум пры прыняцці рашэнняў. На самой справе, калі правяраць усю інфармацыю, якая валіцца на сучаснага чалавека, можна стаць вар'ятам. Па гэтай прычыне людзі і робяць некаторыя дзеянні бяздумна, ня таму што дурныя, а таму што разумныя. Каму хочацца стаць вар'ятам?
Абярэгі ці талісманы прысутнічаюць у жыцці сучасных людзі прыкладна столькі сколькі яны прысутнічалі ў жыцці людзей каменнага веку. Толькі адна дэталь: абярэгі маглі насіць ня столькі як абарончы сімвал (ну колькі вадзіцеляў сапраўды вераць, што іконы ў машыне абараняюць ад аварыі? Хіба старажытныя людзі ня бачылі, што абярэг ня ратуе ад драпежных звяроў, стыхійных бедстваў, вайны і эпідэміі?), сколькі сімвал рэлігійнай прыналежнасці, як крыж у праваслаўных і каталікоў.
Абярэгі старажытных беларусаў. Фатаграфіі з сайта: http://paganstva.org/viewtopic.php?p=1154
Таксама нельга адназначна сцвярджаць што ўсе нашы продкі пакланяліся мноству багоў і духаў. Сярод іх маглі быць манатэісты, якія пакланяліся аднаму Богу. Няма доказаў адсутнасці манатэістычных веравызнанняў, акрамя дакументальнага сведчання Бібліі. Таму нельга катэгарычна сцвярджаць, што колькасць багоў у рэлігіях нашых продкаў паступова скарачалася да аднаго.
Яшчэ раз пра навуку.
Навуковую літаратуру можна ўмоўна падзяліць на даследчую, папулярную і вучэбную. Апошніх два віда - гэта вяршыня айсберга, але ня весь айсберг. Вучэбная літаратура ня можа заўсёды ісці ў фарватары апошніх навуковых распрацовак, бо абмежавана патрабаваннямі ўстаноў адукацыі і шматлікімі вучэбнымі планамі і праграмамі, за межы якіх выкладчык ісці ня павінен (ведаю на ўласным вопыце выкладчыка англійскай мовы: калі спрабуешь выкарыстоўваць дадатковыя падручнікі, начальства табе кажа, што ты ня маешь права адхіліцца ад праграмы, нават калі тыя дадатковыя падручнікі больш падыходзяць да пэўнай групы навучэнцаў). Таму вучэбная літаратура ня можа быць аўтарытэтнай крыніцай для даследчыка сама па сабе.
Навуковыя даследаванні, якія звычайна публікуюцца ў навукова-даследчай і навукова-папулярнай літаратуры могуць быць абмяжаваны боязю згубіць пасаду, аўтарытэт і сяброў, калі вучоны разумее, што яго вывады супярэчаць поглядам яго калег і настаўнікаў. Таму навука, ў тым ліку гістарычная, можа час ад часу губляць свой сэнс і пераўтварацца ў ідэалогію (сістэму пэўных поглядаў і перакананняў).
Навуковы кансерватызм асабліва няцяжка ўбачыць, калі аправяржэнне спрэчных навуковых гіпотэз пераходзіць у лаянку з апорай на свой ці чый-небудзь іншы аўтарытэт альбо ў раздачу абразлівых ярлыкоў ("псеўданавуковы", "тэндэнцыёзны" і т.п.). Навуковая спрэчка можа нават перайсці ў заклікі забараніць распаўсюджанне пэўных ідэй. Таму вучоным нельга верыць проста таму, што яны прафесіяналы, верыць трэба бяспрэчным фактам.
Галоўная думка двух маіх артыкулаў пра старажытнасць: нельга будаваць навуку на пяску спрэчных тэорый і бяздоказна сцвярджаць, што мы разумней за нашых продкаў. Паколькі няма матэрыялаў, якія б поўнасцю падцвердзілі довады якой-небудзь з гіпотэз аб паходжанні і развіцці чалавека і грамадства, нельга лічыць навуковай і вернай толькі адну - эвалюцыйную.
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.