30.06.2025

Нестандартныя лакацыі для сямейнага адпачынку

 Гэта не рэклама, хоць гаворка пойдзе не пра нейкія бесплатные месцы, кшталту берага возера. Я вяду блог па прынцыпу нулявых даходаў і па магчымасці нулявых расходаў, бо добра ведаю, што хто плоціць, той і камандуе, а я цаню свабоду творчасці. Таму яшчэ раз паўтаруся, што мне не плоцяць уладальнікі гэтых месцаў адпачынку за напісанне такіх тэкстаў і нават не ведаюць, што я вырашыў пра гэта напісаць.

Гэты пост нарадзіўся спантанна, калі набралося фотаграфій з некалькіх мясцін, якія я не планаваў даследваць грунтоўна.

Кантактны заапарк (сядзіба) "ДаРэні" ў вёсцы Чапялі пад Салігорскам

Асаблівасць: камбінацыя кантактнага заапарка з крэатыўным музеем побыту ХІХ-ХХ ст.

Уваход у заапарк. Магчыма шыльду рабіў разьбар Юрась Камандзірчык ?

Від на заапарк унутры

Клеткі з жывёламі, драўляны мядзведзік і галава майго малодшага сына


У клетках і за агароджамі свойскія і дзікія жывёлы.

Мае сыны назіраюць за экзатычнымі курамі.

Гэты белы сабака круціўся з намі ўвесь час, што мы былі ў заапарку

Па цэнтры тэрыторыі агляду пад навесам знаходзіцца мініяцюрны музей пабытовых рэчаў ХІХ-ХХ ст. Тут і кераміка, і дыскавыя стацыянарныя тэлефоны,  і пральныя машыны нашых продкаў у выглядзе бочак і дошак. :)


За музеем пад навесам можна ўбачыць савецкія машыны і матацыкл, пераробленыя ў клумбы, а таксама катушку для провада, ператвораную у драўляную інсталяцыю.

За кадрам застаўся яшчэ батут ля ўваходу і цэтлік на агароджы загона восліка, які пазначаў, што на тако жывёле ў Іерусалім уязджаў Ісус Хрыстос.

Гаспадары заапарка - людзі творчыя, працавітыя і цікавыя. Гэта муж і жонка, якія вядуць справу як сямейны бізнес і хобі адначасова. Іх рэлігійнасць можна заўважыць па незвычайных імёнах для сваіх дзяцей, якія яны абралі і па цэтліку для асла. 

За тую гадзіну, што мы пабывалі ў заапарку, акрамя нас там пабывала яшчэ адна сям'я.

Пазней з Інстаграма гэтай ініцыятывы я даведаўся, што яшчэ іх платныя паслугі ўключаюць ежу з печы, катанне на поні і лазню. З гэтай прычыны яны часцей пазначаны як сядзіба, а не заапарк.

З недахопаў, але непрынцыповых, магу зазначыць вымушаную кампактнасць тэрыторыі заапарка, бо гаспадары не могуць сабе дазволіць арэндаваць больш; практычна за ўсё трэба плаціць: уваход, корм для жывёлаў (ну, гэта зразумела) і батут, але такі бізнес не мае вялікай прыбытковасці, ды і не казаў б што плаціў шмат, хоць не памятаю дакладна колькі аддаў за кожны пункт; нарэшцэ недахопам можна назваць і адсутнасць грамадскага транспарту непадалёк, але на машыне ад трасы Мінск-Салігорск там зусім недалёка. Таму лепш туды ехаць сваім транспартам.

Фота зроблены 5 ліпеня 2024 г.

База адпачынку "Прудавое" (Смалявіцкі раён, недалёк ад Кургана Славы)

Асаблівасць: спалучэнне сямейна-сяброўскага адпачынку з магчымасцю заказаць забаўляльную праграму.

Уваход на тэрыторыю

Пляцоўкі для адпачынку і бяседкі

Домікі для гасцей


Атракцыён "Энгрі Бёрдз"

Баскетбольна-валейбольная пляцоўка


Выхад на возера, дзе можна катацца на чоўне.

І само возера. Месца, дзе тут можна купацца на тэрыторыі базы, я не знашоў. Бераг зарос, а на прыстань так проста не пускаюць, толькі катацца на чоўне за плату.

За кадрам засталіся выгоды нумароў для гасцей, лясная частка аграсядзібы, больш дэталёвы від бяседак, лазня. Пазней на сайце базы я даведаўся і пра наяўнасць вяровачнага гарадка :)

Тут клас майго старэйшага сына адзначыў гэтым летам заканчэнне 9 класаў. Для іх былі арганізаваны розныя конкурсы, квесты і забавы, сярод якіх катанне на квадрацыкле, лазертаг, гульні з мячом. Мае дзеці не ва ўсім з гэтага ўдзельнічалі, але праграма была цікавай.

Бацькі смажылі шашлык на мангале ля арэндаванай бяседкі. Быў выходны дзень (праўда не для мяне, бо мусіў прывезці сваю сям'ю на месца, потым ехаць працаваць амаль увесь дзень і толькі вечарам я пабываў у сядзібе), і такіх кампаній у бяседках было шмат. Тут і там танчылі пад музыку, смажылі шашлыкі, гулялі з мячом...

Я не памятаю колькі заплаціў за адпачынак, бо расходы на выпускны сына ўключалі ў сябе і іншыя моманты і склалі некалькі соцень рублёў і гаворка ішла пра вялікую групу адпачываючых. 

З недахопаў магу падкрэсліць загружанасць базы ў выходныя дні. Калі хтосьці хоча ціха адпачыць з сям'ёй, то прыйдзецца мірыцца з шумнымі кампаніямі па суседству. Таксама без свайго транспарту сюды дабірацца праблематычна (але магчыма, бо недалёк прыпынак для міжгародніх аўтобусаў).

Фота зроблены 14 чэрвеня 2025 г.

Магчымы працяг тэмы :)

Гл. таксама пасты пра Азярцо і Дукору.

01.06.2025

(Не)звычайныя вуліцы Мінска

 Папярэдні пост на тэму цікавостак мінскай урбністыкі быў звязаны з нестандартнымі назвамі вуліц. Цяпер звярну ўвагу на некалькі звычайных вуліц з малавядомымі асаблівасцямі.

Усіхсвяцкая

Вуліца Каліноўскага ахоплівае даволі шырокі дыяпазон адрасоў вакол сябе. Нават дамы, якія стаяць бліжэй да суседніх вуліц Кедышкі і Цікоцкага, нярэдка адносяцца да вуліцы імя "Яські, гаспадара з-пад Вільні". Тым не менш, будынкі Ўсіхсвяцкай царквы, якія проста стаяць побач з праезнай часткай Каліноўскага адносяцца да вуліцы Ўсіхсвяцкай. Прычым, гэта адзіны адрас вуліцы імя усіх святых (д. 2).

Дакладнай інфармацыі на гэты конт не маю, але ёсць чуткі, што спонсары будаўніцтва царквы не жадалі, каб храм стаяў на вуліцы імя беларускага Гевары, які змагаўся з Расіяй і праваслаўем. У выніку вырашылі назваць Усіхсвяцкай праезд ад вул. Каліноўскага да вул. Гінтаўта ў раёне 56-га км МКАДа.

Усіхсвяцкая днём...

... і амаль ноччу. Агні на даляглядзе - гэта месца, дзе вуліца усіх святых саступае месца кварталам Уручча і Новай Баравой.

На вуліцы знаходзіцца аўтасалон, шынамантаж і яшчэ некалькі структур, звязаных з аўтамабілямі, але царква на вышэй апублікаваных фота -- гэта адзіны будынак з "прапіскай" на вуліцы ўсіх святых.

У чым незвычайнасць: У Мінску ёсць вуліцы і завулкі, дзе засталося 1-2 дамы, але гэта вынік ушчылення гарадской забудовы, калі адны вуліцы "з'ядаюць" іншыя. Незвычайнасць Усіхсвяцкай у яе прызначэнні пад канкрэтны будынак.

Таксама: Усіхсвяцкая на маіх старых відэа. Частка 1 і 2.

Пятра Мсціслаўца

Гэта вуліца была пабудавана ў адносна новым мікрараёне "Маяк Мінска" на былой пустцы насупраць квартала Усход-1.

Гэта вуліца двойчы злучае вуліцы Язмінавую і Кірылы Тураўскага: ...


уздоўж задняй сцяны Дана Мола...

...і ў раёне, дзе на Тураўскага пачынаецца аўтастаянка ля Дома Міласэрнасці, а на Язмінавай такая ж стаянка ля Нацыянальнай біблятэкі.

У чым незвычайнасць: У беларускай сталіцы ёсць вуліцы, раздзеленыя на некалькі частак, але звычайна гэта звязана з ушчыленнем забудовы і выглядзіць у форме перасячэння адной вуліцы іншай. Напрыклад, Наваўфімская вуліца ля станцыі метро Інстытут Культуры раздзелена забудовай Магілёўскай вуліцы так што частка знаходзіцца ў Чкалаўскім мікрараёне, а частка значна далей ля чыгуначнага палатна ў невялічкім аазісе сядзібнай забудовы паміж вуліцамі Льва Талстога, Слонімскай і Магілёўскай. Скрыжавання Магілёўскай і Новаўфімскай вуліц фактычна няма, але відавочна яно некалі было.  А вуліца Пятра Мсціслаўца спраектавана як дзве амаль паралельныя вуліцы ў новым гарадскім квартале. Навошта так было рабіць мне невядома.

2025 г. Усе фота зроблены А. Берастоўскім

Избранное сообщение

Надвор'е 2025-га

  У апошнія гады я рабіў эпізадычныя заметкі на тэму надвор'я (як, напрыклад, тут ). Але глабальнае пацяпленне і пагодныя анамаліі пабуд...