05.04.2018

Газета "Печинские новости"

У 1990-91 гг. барысаўскі гарадок Печы меў сваю ўласную газету. Газета была на прынцыпах самаакупнасці, і свет пабачылі толькі 3 нумары. Але гэта цікавая частка гісторыі эпохі позняга СССР і нараджэння незалежнай Беларусі. Мне атрымалася сфатаграфаваць змест гэтых нумароў у Нацыянальнай Бібліятэцы Беларусі. І цяпер чытачы блога могуць азнаёміцца з тым, што пісалі ў пачатку 90-х у малавядомай правінцыяльнай газеце. Калі на той ці іншай прыладзе праблематычна прачытаць шрыфт фотаздымкаў, іх можна свабодна пампаваць і чытаць на камп'ютары. Пры неабходнасці буду дадаваць свае заўвагі.

№1. Серада 7 лістапада 1990 г.

 Старонка 1


 Генеральскія планы рэдакцыі.



 На першай старонцы першага нумара - пра стварэнне Камітэта грамадскага самакіравання гарадка Печы. Газета будзе відавочна на баку грамадскіх актывістаў, якія будуць "у контрах" з камандаваннем гарадка.


 Артыкул на стар. 3. Абмеркаванне мітынгу 17 кастрычніка 1990 г. у г. Жодзіна, прысвечанага тэме "Ці павінны юнакі БССР служыць у Савецкай арміі?". Цікава, што ў мітынгу прыймалі ўдзел прадстаўнікі БНФ (тады яшчэ грамадскай арганізацыі, пазіцыя якой была крыху больш левай і сацыялістычнай, чым сённяшняй партыі з аднайменнай назвай) і аўтар, які відавочна трымаецца поглядаў позняй Перабудоўлі, сумленна прызнае, што "бэнээфаўцы" паводзілі сябе прыстойней за савецкіх вайскоўцаў-кансерватараў, якія спрабавалі перакрычаць апанентаў ці задаць ім правакацыйнае пытанне. Цікавае заключэнне: "Але галоўнае: ні з таго ні з другога боку не прагучала пытанне: "Каму служыць?". Бо на сённяшні дзень для арміі і для народа - гэта не рытарычнае пытанне."

 Апошняя 4-я старонка з фотаздымкамі...

 ...прапановамі падаць платныя аб'явы ў рэдакцыю і самім адрасам рэдакцыі. Паколькі рэдакцыя знаходзілася ў гарадской кватэры (хутчэй за ўсё галоўнага рэдактара) і цяпер там могуць жыць людзі, якія не маюць дачыненне да газеты, я вырашыў не даваць дакладны адрас і тэлефон у масы. Тыя, хто жадае ведаць іх, могуць самі заказаць гэту газету у Нацыянальнай бібліятэцы. (І, думаю, не толькі там).

 Аптымістычны тыраз у 1000 экз. і анонс наступнага нумара, а таксама важнае тлумачэнне: "Выходзіць адпаведна напаўненню матэрыялам". Тым не менш, я думаю, што наступны нумар выйшаў значна пазней па прычыне фінансавых праблем газеты (і ўсяго СССР), а не недахопу кантэнта.

№2. Чацвер 31 студзеня 1991 г.

 У новым нумары зноў падымаюцца пытанні грамадскага самакіравання і эканамічных рэформ. Гэта быў дух часу.

 Цікава, што заснавальнікі, рэдакцыя і карэспандэнты заставаліся ананімнымі, магчыма па прычыне таго, што за газетай стаялі некалькі чалавек з актыўнай грамадскай пазіцыяй, але без уплыву. Трэба адзначыць, што пачатак 90-х быў часам, калі новыя выданні яшчэ не ведалі слова "рэдакцыйная палітыка" і публікавалі практычна ўсё, што ім дасылалі.

 Цана, як і ў папярэдняга нумара, - 75 савецкіх кап., лозунг на "шапцы" "Уся ўлада Саветам!", які тады быў рэвалюцыйным: перадача ўлады ад КПСС - мясцоваму самакіраванню. Аналагічны - "Уся ўлада Саветам, а не партыям" быў у кранштадскіх матросаў  падчас паўстання 1920 г.
Таксама заўвага аб тым, што Камітэт грамадскага самакіравання ваеннага гарадка нарэшце зарэгістравалі.

Старонка 2. Крытытка бесгаспадарчага стасунку камандавання гарадка да інфраструктуры і абгрунтаванне неабходнасці мясцовага самакіравання.

Кафэ "Віцязь" адпраўляла "налева" прадукты. Класіка жанру эпохі позняга СССР.

Старонка 3. Палкоўнік Крамарэнка прыйшоў у магазін з патрэбнай сумай грошай і купіў каляровы тэлевізар. У чым праблема? Ён не стаяў у доўгай чарзе за "дэвайсам", што было неабходнасцю таго часу. Як кажуць тыя, хто настальгіруе па савецкім часам, такую краіну згублілі! Але, калі сур'ёзна, гэта было парушэннем парадку, нават свайго роду карупцыяй, і газета яшчэ не раз прайшалася па савецкаму блату.

Гэта быў апошні нумар, які быў выдадзены да падзення савецкай улады. На яго апошняй (4-й) старонцы пераважна знаходзіліся вершы і аб'явы. Фінансавыя праблемы заміналі рэдакцыі выдаць новы нумар амаль да канца года. Я ў гэтым упэўнены, бо знайсці матэрыял нават для правінцыяльнага выдання не праблема. Тым больш, што газета друкавала і лісты чытачоў, і артыкулы дэпутатаў мясцовых саветаў, і матэрыялы іншых выданняў. Таксама наўрадці рэдакцыі проста было лянота друкавацца. Нават калі гэта былі 1-2 чал., на этапе выдання тыражом 1000 экз. яны былі ўжо завязаны ў бізнесе і не маглі ўсё так кінуць. І, нарэшце, савецкая ўлада на гэты момант ужо так аслабла нават у правінцыі, што не дазваляць друкаваць газету мясцовым вайсковым і цывільным чыноўнікам было праблематычна. Таму застаюцца толькі фінансы, як магчымыя праблемы выдання "Печинских новостей".

№3. Чацвер 26 снежня 1991 г.


Першы нумар у дзень, калі СССР канчаткова знік як дзяржава, дэнансаваны Саветам Рэспублік Вярхоўнага Савета Савецкага саюза. І апошні нумар гэтай газеты. Рэдакцыя не развітваецца з чытачамі, але больш ніводнага нумара ў Нацыяналцы я не знайшоў, з чаго і раблю такую выснову. Лозунг "Уся ўлада Саветам!" змяніўся віншаваннем з надыходзячым новым годам. А цана ўзрасла да 1 савецкага рубля.



Дэпутат Мінскага абласнога савета Ігнаценка ўжо публікаваўся ў гэтай газеце. На гэты раз ён звяртае увагу на тое, як старшыя афіцэры абыходзілі малодшых у чарзе на набыццё аўтамабіля. Зноў савецкія рэаліі: не дастаткова было мець патрэбныя грошы на машыну, трэба было чакаць некалькі год сваёй чаргі і начальства цябе лёгка абыходзіла.
Тут трэба заўважыць, што гэта быў дэпутат новай хвалі, куды патрапілі і многія тыя, хто шчыра жадалі дапамагаць людзям і яшчэ не былі сапсаваны палітычнай барацьбой і карупцыяй. Пазней частка з іх прарасла ў наменклатуру ці пакінула палітычную дзейнасць з расчараваннем. Як кажуць, новая мятла спачатку лепш мяце. Дэпутат Ігнаценка мог быць часткай гэтай "пранароднай" хвалі свядома ці несвядома.



Зноў першая старонка. Дэпутаты Ігнаценка, Крыжаноўскі і Дэйко разам са старшынёй Беларускага Згуртавання Вайскоўцаў Статкевічам сустракаюцца з жыхарамі гарадка ў Доме афіцэраў (цяпер гэта Печынскі дом культуры), спарабуюць выступіць на тэму незаконнай прыватызацыі нейкай маёмасці партыйнай наменклатурай і паставіць пытанне ад правядзенніі рэферэндума аб неабходнасці арганізацыі грамадскага самакіравання ў Пячах. Мясцовае вайсковае камандаванне і дэпутат Барысаўскага гарадскога савета Новік замінаюць ім выступіць і пагражаюць разабрацца. Чым скончылася процістаянне я не ведаю, але сёння Печы існуюць як некалькі вуліц у Барысаве.

Старонка 2. Яшчэ класіка савецкага (і постсавецкага) жанру: салдаты тэрміновай службы будуюць палкоўніку Іванчуку і падпалкоўніку Вялічке дачы і працуюць на розных прадпрыемствах, як бясплатная працоўная сіла. Грошы, заробленыя салдатамі, відавочна, дзеляць між сабой іх афіцэры.

Старонка 2. Маёра Варанца звольнілі з арміі за ўдзел у арганізацыі сустрэчы жыхароў гарадка з дэпутатамі і кіраўніцтвам Беларускага згуртавання вайскоўцаў.

Старонка 3. Заява Савета ваяроў-інтарнацыяналістаў да кіраўніцтва Аб'яднанага вучэбнага цэнтра з шэрагам патрабаванняў і прапаноў

Таксама стар. 3. Яшчэ серыя прапаноў печынскіх ваяроў-інтэрнацыяналістаў. Цяпер да дэпутата Сакалова. У звароце разглядаюцца як прапановы вырашэння праблемы забеспячэння вайскоўцаў жыллём, так і правядзення рэферэндума аб самакіраванні ў гарадку.


Стар. 4. Пры СШ№7, якую мне давялося скончыць у 1996 г., дзейнічала суполка Таварыства беларускай мовы пад назвай "Сябрына". Рускамоўная газета "Печинские новости" зрабіла "Сябрыне" файную рэкламу. Акрамя прапановы прыходзіць у 101 кабінет школы ў апошнюю сераду кожнага месяца ў 20.00, каб чытаць беларускую літаратуру, вывучаць гісторыю і мову Беларусі, у артыкуле ёсць і прамы заклік аддаваць дзяцей у беларускамоўныя школы ў сувязі з тым, што беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь...

Акрамя адрасу рэдакцыі з'яўляецца і заўвага, што адказнаць за праўдзівасць і дакладнасць матэрыялаў нясуць яго аўтары.

Тыраж скараціўся на 1 экз. І друкарня ўжо іншая.

Гэта зніклая газета пачатку "ліхіх" 90-х добра паказала, што і вайскоўцы, цівільныя людзі здольны быць грамадска актыўнымі і ініцыятыўнымі пры спрыяльных умовах. І правінцыялы могуць у гэтым не саступаць жыхарам сталіц. "Печинские новости" можна аднесці да 4-й улады ў заходнееўрапейскім сэнсе: калі СМІ кантралююць дзейнасць мясцовых органаў улады, выкрываюць праблемы і парушэнні парадку. Пры гэтым гэта 4-старонкавае рускамоўнае камерцыйнае выданне было хутчэй познесавецкім, чым беларускім. Невядома ў якім накірунку развівалася б гэта газета, калі б яе працягвалі выдаваць далей. Але яна, безумоўна, стала часткай гісторыі гарадка Печы і ўсёй Беларусі.

Здымкі гісторыка Андрэя Берастоўскага. Зроблены ў чытальнай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 3.04.2018 г.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...