У 2015 г. я накідаў свае крыху сумбурныя ўспаміны пра правадное і бесправадное радыё, якія вырашыў праз 10 год дашліфаваць. Праз пэўны час мне стала зразумела, што дадатковыя матэрыялы патрабуюць новы асобны пост, які аб'яднае зусім новыя тэндэнцыі і даўно забытае мінулае.
Радыё мабільных прыкладанняў
Большасць сучасных беларускіх радыёстанцый актыўна працуе з мабільнымі прыкладаннямі, але я вылучыў некалькі такіх "нішавых", якія практычна ці поўнасцю прывязаны да прыкладанняў для смартфона. Іх (амаль) немагчыма паслухаць на FM-хвалях, але няцяжка знайсці ў інтэрнэце.
Міжнароднае радыё "Беларусь" вяшчае праз 2 мабільныя прыкладанне і анлайн. Адно з прыкладанняў пазначана на рускай мове як "інфармацыйна-аналітычны канал" і накіравана на пэўную шырокую рускамоўную аўдыторыю, дзе часам можна пачуць і агляд навінаў на пэўных еўрапейскіх мовах. Пры гэтым кантэнт на рускай мове (часткова і на беларускай) разлічаны на людзей з некаторай настальгіяй па СССР, а навіны проста перакладаюцца на тую ці іншую замежную мову з перакладам каментарыяў ад беларускіх чыноўнікаў і спецыялістаў. Асобна ёсць прыкладанне з такой жа назвай, але на польскай мове і тлумачэннем на рускай "свабоднае слова для Польшчы" Пераважна там выступаюць беларускія вядучыя з добра пастаўленай польскай мовай (я толькі раз заўважыў памылку ў словах прамоўцы), часам польскія дзеячы, якія пражываюць у Беларусі і знаходзяцца ў апазіцыі да польскай улады. Частка эфіру ідзе на карысць папулярызацыі кніг беларускіх аўтараў, гісторыі беларускай культуры, раскруткі песень беларускіх выканаўцаў. Але нямала эфірнага часу выдзелена пад ток-шоў, дзе крытыкуецца Еўрасаюз, дзеянні польскіх палітыкаў, узгадваюцца злачынствы украінскіх нацыяналістаў супраць палякаў падчас Другой сустветнай вайны. Пры гэтым пра Расію і Беларусь гаворыцца толькі пазітыўна, але даволі асцярожна, з пазбяганнем спрэчных момантаў.
У 2023 г. было запушчана анлайн радыё "Перамога" (radiopobeda.by) (у 2025 г. яму дадалі частату ў FM-дыяпазоне 96.2, а ў 2026 ціха зноў забралі). Гэта далёка не першы праект прысвечаны перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне (ВАВ). Але акрамя песень часоў ВАВ або прысвечаных тэме гэтай вайны, там круцяць: 1) інтэрв'ю з ветэранамі і архіўныя навіны з франтоў мая 1945 г., што безумоўна файна ў плане гістарычнай адукацыі; 2) песні савецкіх часоў; 3) сучасныя беларускія песні. Таму гэта радыё не толькі пра падзеі ваеннага ліхалецця. У значнай ступені эфір "Перамогі" запаўняе паўтарэнне адных і тых жа запісаных матэрыялаў. Калі гэта так, то штат станцыі не патрабуе значных фінансавых выдаткаў. Песні на беларускай мове сустракаюцца, але рэдка. У 2026 г. стаў заўважаць у эфіры камерцыйную рэкламу. Таксама час ад часу гучаць выказванні А.Р. Лукашэнкі на тэму Вялікай Айчыннай вайны, што можа быць звязана як з даччынай прыналежнасцю гэтай станцыі і "Жаночага радыё" (пра яго далей) "Альфа-радыё", так і "духам часу".
Таксама радыё "Перамога" унікальна тым, што яно ціха вяшчала на працягу некалькіх месяцаў 2025 г. з адмысловай дызайнерскай скрыні на першым паверху ГЦ "1-ы Нацыянальны" і некаторых іншых бізнес-цэнтраў. Іншых выпадкаў з дызайнерскімі скрынямі, дзе прыёмнік перадае пэўную хвалю ў рэкламных мэтах, я пакуль не сустракаў. У 2026 г. гэтыя "боксы" ўжо не ставілі.
Запіс праграм загадзя стварыў забаўную сітуацыю: у сумесным з "Альфа-радыё" ток-шоу "Сапраўднае жыццё", якое было ў эфіры "Жаночага радыё" 8 мая 2026 г. 11:00-11:30, то бок на пярэдадне Дня Перамогі, вядучыя абмяркоўвалі надыходзячае свята 1 мая. Пры гэтым 9 мая 2026 г. нічога пра Дзень Перамогі на "Жаночым радыё" не нагадвала, акрамя абавязковай на ўсіх тэле- і радыёстанцыях хвіліны маўчання ў 12:00. З часу ўзнікнення гэтай радыёстанцыі я пакуль не не чуў там: 1) рэкламу, 2) віншаванняў з бягучымі падзеямі, 3) выпускаў навін і прагнозаў надвор'я, 4) песен і перадач на беларускай мове.
Расклад лекцый для камуністычных функцыянераў праз радыёперадачы, пры гэтым Сталін на с.5 ужо узгадваецца як правадыр, хоць яшчэ не мае абсалютнай улады у СССР.
Праграма святкавання 23 лютага. Дарэчы, тут 2 цікавыя факты ў радку пра 10 лютага: 1) Мінск называўся Менскам да 29 ліпеня 1939 г.; 2) нейкія арганізацыі рабочых мелі шэфства над пэўнымі часткамі Чырвонай арміі.
Правапіс 1930-х гг. суправаджаўся нехарактэрным для беларускай мовы "оканнем" у словах "метэОрОлОгічны" "бОльшэвік" "сОвецкі". Як бачым з анонсаў, асноўны эфір ішоў на беларускай мове, асобныя перадачы выходзілі на іншых мовах, напрыклад, на яўрэйскай і рускай, што бачна на с.11.
Таксама гучала латышская мова (с.16), польская мова (с.17) і нават эсперанта (с.17). А праграма завяршалася не толькі "Інтэрнацыяналам" і боем маскоўскіх курантаў, але і анонсам перадач на наступны дзень.
Для дзяцей зрабілі рэмейк вядомага рамана Ганчарова "Абломаў" пад назвай "Ільюша Абломаў" (1-ы радок с.30). Выхад партыйнай радыёнарады вырашылі вылучыць чорным (с.31), як і пасляабедзенны канцэрт (с.30).
Цікава, што на с. 37 у адзін і той жа час па эфіру даецца музыка, а па вузлу радыёсувязі -- перадача для прыцоўных Мінскага раёна.
На с.37-38 узгадваецца практыка развучвання чырвонармейскіх песен і кансультацыі самадзейным гурткам да надыходзячага свята 23 лютага. На с 38 таксама узгадваецца перадача на літоўскай мове.
С. 58 частка рэпертуару чамусьці даецца рускай мовай, хоць да гэтага і пра рускамоўныя перадачы пісалі менавіта беларускай.
С. 70 Хлопчык Боб у дзіцячай перадачы відавочна б раззлаваў сённяшніх ура-патрыётаў, якія сцвярджаюць, што хацелі б вярнуць усё як у СССР. Праўда невядома ці гэта Боб ад назвы расліны, ці скарачэнне ад Роберт (што ў тагачасным духу інтэрнацыяналізма было нармальна), ці проста мянушка, але дакладна не Губка Боб, мультперсанаж, які з'явіўся ў 1999 г.















