Некаторы час таму ў адной сацыяльнай сетцы мяне папрасілі паставіць лайк старонцы Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы. Гэтага я шчыра зрабіць не мог, але стаў думаць, як сам стаўлюся да БАПЦ і іншых "альтэрнатыўных" праваслаўных. У выніку, я напісаў на сваёй старонцы ў той сетцы наступнае:
"Што мне падабаецца ў БАПЦ:
1. Беларускія "альтэрнатыўныя праваслаўныя" добра ведаюць цану свабоды веравызнання: іх правы на мірныя сходы абмяжоўваюцца ў Беларусі, што можа азначаць зрыў набажэнства і штраф, перадачу маёмасці, якая з'яўляецца прадметам спрэчак паміж БПЦ і БАПЦ на карысць першай. Часткова з гэтай прычыны Аўтакефальнай царквы трымаюцца пераважна перакананыя праваслаўныя вернікі, а не "праваслаўныя атэісты" ці "захаджане".
2. БАПЦ спрыяла выданню Бібліі на беларускай мове ў перакладзе В, Сёмухі.
3. Мала сустракаў пакуль сярод прыхільнікаў Аўтакефальнай царквы актыўных барацьбітоў з рэлігійным вольнадумствам.
У чым я не згодны з БАПЦ:
1. Ёсць непераадольныя багаслоўскія адрозненні (напрыклад, я прызнаю аўтарытэт толькі Святога Пісання і лічу шанаванне ікон грахом).
2. Я лічу, што хрысціянства павінна быць па-за палітыкай. Аднак БАПЦ з'яўляецца свайго роду антаганістам БПЦ: Беларуская Праваслаўная царква актыўна падтрымлівае ўрад і мае прарасійскую накіраванасць, а Аўтакефальная царква апазіцыйна і пераважна падтрымліваецца тымі, хто жадае мець "добрыя стасункі з Расіяй праз добрую мяжу". Паколькі гаворка не ідзе пра тэалагічныя адрозненні, то гэта парушае ясны пастулат Хрыста: "Запаведзь новую даю вам, палюбеце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы палюбеце адзін аднаго; Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою." (ад Яна 13:34,35). Калі гэтага прызнака няма сярод пэўнай царквы, то няма там і вучняў Хрыста, якіх павінны ўсе заўважыць па такой прыкмеце.
Што я гатовы рабіць для беларускіх "альтэрнатыўных" праваслаўных:
1. Я шчыра спачуваю ўсім, хто сутыкаецца з дыскрымінацыяй па прычыне рэлігійных перакананняў і паважаю мужнасць тых, хто не баіцца згубіць свабоду ці грошы за выражэнне непапулярных поглядаў. Пры неабходнасці я магу маліцца аб тым, каб спраўдзілася воля Бога адносна такіх вернікаў. Калі трэба будзе схаваць верніка ад пагромшчыкаў, то я паспрабую так і зрабіць.
2. Я гатовы размаўляць пра Бога, Біблію і рэлігію з прыхільнакамі БАПЦ як і любой іншай хрысціянскай царквы, калі яны прыйдуць да мяне дамоў, выконваючы загад Ісуса несці вестку пра Царства Бога. Калі буду сцісла заняты, то вылучу некалькі хвілін, каб выслухаць суразмоўцаў. Калі не -- з мяне чай/кава ўсім, хто прыйшоў да мяне з Бібліяй.
Што я гатовы чакаць ад БАПЦ і тых, хто яе падтрымлівае:
Я мяркую, што аднойчы гэта Царква перастане быць напалову падпольнай і можа заняць месца цяперашняй БПЦ (праз аб'яднанне ці замяшчэнне). У такім выпадку я гатовы і да таго, што Праваслаўная царква будзе трымацца ў большай ступені ідэй верацярпімасці, чым зараз, і да таго, што праваслаўныя актывісты будуць далей пісаць скаргі ў КДБ ці (яго пераемніцу) на маіх аднавернікаў, як гэта ёсць зараз.
Таксама я гатовы да таго, што вернікі, якія трымаюцца БАПЦ, могуць абменьвацца думкамі са мной. Зразумела, не ў якасці экуменізму. Але натуральна, што хрысціянам розных канфесій можа быць пра што пагаворыць."
Пазней, у сувязі з нядаўна праведзеным у Чарнігаве форумам у падтрымку БАПЦ, дзе ў чарговы раз прагучалі заявы, што гэта царква можа аб'яднаць беларускі народ, мне давялося дадаць яшчэ такія думкі ў каментарыях да навіны:
"Мне больш падабаецца палажэнне Канстытуцыі РБ 1994 года, якое забараняла фаварытызм дзяржавы адносна пэўнай рэлігіі. Прапанаваны фаварытызм да БАПЦ будзе працягам цяперашняй ціхай дыскрымінацыі каталікоў, пратэстантаў і нехрысціянскіх канфесій, калі грамадства схіляюць да думкі, што іншыя рэлігіі дрэнныя. Прыкладам служыць візіт святара БПЦ у ІПД. Пры наяўнасці мноства праблем у грамадстве, сям'і і г.д., на якія можа звярнуць увагу святар, падчас такіх візітаў у ВНУ святары амаль выключна абмяркоўваюць тэму сект (ёсць наша правільная вера і іншыя неправільныя ў тым ці іншым аспекце) а ва ўмовах выключнасці палажэння БПЦ ВНУ не запрашаюць прадстаўнікоў іншых канфесій і ў выніку фарміруецца памылковае ўяўленне аб гэтых канфесіях у грамадстве.
І Царква не заўсёды падтрымлівае дзяржаву ў цяжкі для апошняй час. Ва Ўкраіне ў пэўны момант УПЦ перастала маліцца за ўладу. Прычым тады, калі рэвалюцыя пачала перамагаць Януковіча."
Фота выступлення праваслаўнага святара Хацеева ў ІПД на тэму сект.
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.