10.02.2025

Несур'ёзна аб сур'ёзным

 Так бывае, што калі вырашаеш пісаць на нейкія тэмы, нешта ідзе не па загадзя прадуманым варыянце. І вось так бывае і на старонках майго блога і маіх кніг.

Звычайна сюжэт кнігі, апавядання ці паста пачынаецца з нейкай замалёўкі, ці сэрыі замалёвак, якія ператвараюцца ў карціну. У 12-томным зборніку твораў Чэхава, напрыклад, ёсць такія замалёўкі на адзін сказ ці фразы. У мяне таксама былі фразы, якія чакалі свайго часу, каб упісацца ў нейкую працу. Напрыклад, у школе, дзе я адпрацоўваў размеркаванне, быў каларытны фізкультурнік, які спарадзіў фразы "сам нічога не рабіў і іншым не замінаў" што ўвайшла ў апавяданне "Парвалі два баяны", і "кароча, хто хоча -- прыходзіць у восем, а хто хоча -- ў восем трыццаць!", якая патрапіла ў апавяданне "Хто як хоча".

 А вось калі пачынаць працу не маленькай замалёўкі, а з гатовай назвы, то можа нічога і не атрымацца. Я пісаў серыю апавяданняў па гісторыі ЗША ў фармаце кнігі. І лічыў неабходным напісаць пра эканамічныя пераўтварэнні часоў Рэйгана. Прыдумаў назву "Рэйганоміка павінна быць рэйганомнай", але сіл і натхнення на напісанне апавядання пад назвай не хапіла. І тут справа была не столькі ў матывацыі і дысцыпліне: шмат часу патрабуе вычытка напісанага і апрацаванага матэрыяла, а мне трэба было самому правяраць больш за сотню ўжо напісаных старонак. У выніку з нагодаў пра часы Рэйгана ў кнізе засталася толькі зноска пра Ўтэргейцкі скандал. І назва засталася толькі ў маёй галаве :)

Яшчэ заўважаў, што бывае пачынаеш пісаць з нейкім адным настроем, а потым ён мяняецца на працягу працы і змена настрою бачна ў выніку. Так атрымалася пры напісанні "За себя и за того парня": я пачаў з цяжкага і сур'ёзнага, але памяць павяла мяне ў смешнае і пазітыўнае напрыканцы. Але ў тым выпадку атрымалася арганічна. А бывае, што пішаш пад уплывам прачытанага ў іншых аўтараў і потым уплыў цябе пакідае, і адчуваеш, што цяпер напісаў бы інакш, але ты ўжо ўсё напісаў. Так было, напрыклад, тут. Падобныя сітуацыі служаць мне напімінам, што пісаць сур'ёзныя рэчы трэба паступова і на халодную галаву.

Але гэтага нельга сказаць пра такія замалёўкі як тая, якую я зараз. Кароткія і простыя рэчы трэба запісваць хутка, пакуль яны не збеглі з галавы...

Таксама: За кадрам і За кадрам-2.

P.S. Спадзяюся, тыя, хто чытаюць гэты пост, не пакрыўдзяцца на адсутнасць ілюстрацыі. Калі я пачынаў пісаць, то не бачыў неабходнасці дадаць карцінку для прываблівання чытачоў. Потым стаў імкнуцца дадаваць іх, каб мае творы чыталі больш. А цяпер проста пішу, не шукаючы ні падзякі, ні славы. Таму дзякуй, што прачыталі гэты пост :)

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...