15.10.2025

З кароткіх вандровак па Беларусі. Частка 5

 Яшчэ крыху вандровак па Беларусі (папярэдні пост тут). У гэты раз жыццё закінула мяне і маю сям'ю спачатку на паўднёвы ўсход, а потым на паўночны захад краіны.

Гомель

Другі па тэрыторыі і насельніцтву горад РБ я наведваў не ўпершыню, але ў гэты раз я правёў там некалькі дзён, звяртаючы ўвагу, як звычайна, на дэталі, якія здаюцца мне іншымі, чым у сталіце.



Рака Сож працякае праз горад шырокім руслам.  Праз гэту раку ў раёне вуліцы  Фрунзэ перакінуты 2сапраўды доўгія масты: аўтамабільны (з якога здымаў гэтыя кадры) і чыгуначны.

Адно з буйных прадпрыемстваў Гомеля мае назву на беларускай, нягледзячы на знешнюю перавагу рускай мовы ў тапонімах.

"Світанак" таксама захоўвае свой брэнд беларускамоўным.

Гэта фота спалучае адразу некалькі цікавых элементаў: 1. гэта школа № 19 на Інтэрнацыянальнай 45, заснаванай яшчэ ў 1936 г. (амаль 90 гадоў на момант здымку!), яе архітэктура даволі нетыповая для большасці беларускіх школьных будынкаў, у тым ліку наяўнасць 4 паверхаў, выхад на праезную частку шырокай вуліцы; 2. элементы святкавання 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якімі Гомель быў поўны па стане на чэрвень 2025 г.; старое, ссохлае дрэва, якое ў свой час паднялося на вышыню будынка, і, мабыць, шмат чаго пабачыла ля школы за свой век...

Вось так аформлены аўтобусна-тралейбусныя прыпынкі. Дарэчы, нярэдка надпісы на іх зроблены толькі на рускай мове.

Так брукаванкай вылучаюць праезную частку на некаторых прыпыначных пунктах Савецкай вуліцы.

А на такіх шчытах размяшчаюць рэкламу і аб'явы.

Гарадскія аўтобусы Гомеля пераважна зялёнага колеру, а нумар на іх пазначаны бывае зялёна-блакітным. 

А так выглядаюць некаторыя сметніцы. Такі дызайн не сустракаў у іншых месцах.

Мясцовы лозунг "Квітней, Гомель!"

Воданапорная вежа з выявай дзржаўнага сцяга. У канцы 2020 г. на фоне барацьбы з распаўсюджваннем бел-чырвона-белых сцягоў як пратэстнай сімволікі і замены іх выявамі афіцыйнага дзяржаўнага флага на некаторых вышынных аб'ектах кшталту заводскіх комінаў сталі маляваць чырвоназялёныя сцягі замест БЧБ-камбінацый, якія наносілі для паветранай бяспекі (каб пазбегнуць сутыкненне верталётаў з аб'ектам). Гэта тэндэнцыя ахапіла і воданапорныя вежы, час ад часу бачыў такія ў розных гарадах.

Гадзіннік на тэрыторыі мясакамбіната сваім распалажэннем стрэлак нагадвае гадзіннік суднага дня, але мяркую, што гэта ён проста спыніўся так :)

У раёне Навабеліцкага рынку ёсць месца каля кафэ "Труханаў" з бясплатным вай-фаем. Праўда, не правяраў ці працуе ён насамрэч для тых, хто проста ідзе побач...

На рагу вуліц Катуніна і Інтэрнацыянальнай на будынку фабрыкі "Камінтэрн" зроблены мурал памяці Іллі Катуніна. Можа было б лагічней размясціць яго з боку аднайменнай вуліцы, але тэхнічна зручней апынулася тут. Як бы яно ні было такія тлумачальныя муралы дапамагаюць лепш разумець гісторыю беларускіх гарадоў.

Кінулася ў вочы крэатыўная назва кавярні на Савецкай, 30 :)

Дом 4 на вуліцы Ленінградскай - рэдкі выпадак, калі вуліцу пазначаюць і па-руску, і па-беларуску. А так значная колькасць вуліц Гомеля бываюць пазначаны альбо на рускай, альбо на беларускай, прычым на рускай часцей другарадныя, а не асноўныя магістралі. 


У Гомелі неяк асабліва больш адчуваецца прысутнасць Расіі і прыхільнікаў рускага свету, чым у Мінску. Магчыма, гэта тлумачыцца наяўнасцю расійскіх войск у пасёлку Зябраўка на паўднёвы ўсход ад горада на Сожы. У 2022 г. па сведчанню адной мясцовай жанчыны тут было адчуванне вайны, калі пастаянна ў Зябраўку ляцела ваенная авіацыя а праз Гомель у бок Украіны рухаліся вайсковыя калоны. Быў вядомы выпадак, калі калону расійскай тэхнікі вітала група з 10-20 мясцовых гараджан. Пазней у Гомелі лячылі параненых вайскоўцаў з Расіі. Потым наступіў час, калі пад Гомелем збівалі дроны, што ляцелі з поўдня. У інтэрнэце былі чуткі, што як раз у час, калі наша сям'я была ў Гомелі пад горадам збілі 2 БПЛА, але афіцыйныя СМІ Беларусі ніяк іх не каментавалі...

За кадрам засталася даволі значная частка горада і многія магчымасці, якія не саступаюць сталічным, такія як каршэрынг і кікшэрынг. Але скарыстацца імі не было магчымасці, бо арэндны транспарт знаходзіўся далёк ад месца дзе мы спыніліся,  і мы мусілі ездзіць па сваіх справах з Навабеліцкага раёна ў мікрараён Касцюкоўка на аўтобусах і маршрутках з перасадкамі. А калі ўлічыць, што цэны на праезд амаль такія як у Мінску і плаціць трэба было за ўсіх 4 чалавек з маёй сям'і, то паездкі па горадзе былі выпрабаваннем і для кашалька, і для нас саміх.

Таксама не было магчымасці даследаваць прыгожы парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, але нават праездам было бачна як там прыгожа.

Едзем дамоў і робім развітальны здымак горада з акна чыгуначнага купэ. Бывай, Гомель і квітней далей!

Ліпень 2025 г.

Нарач

Варта адразу зазначыць, што тапонім "Нарач" адносіцца адразу да некалькіх розных з'яў: гэта возера, курортны пасёлак і аграгарадок. Летам 2025 г. мы здолелі пабачыць усе гэтыя 3 геаграфічныя лакацыі. У адзрозненні ад паездкі ў Гомель, мы былі на машыне. (Абодва варыянты даюць свае перавагі і абмежаванні)

Возера Нарач з боку пляжа ля Нбярэжнай вуліцы ў к.п. Нарач. Пляж сапраўды дзіцячы. На канцы пірса, які знаходзіцца ў кадры, глыбіня крыху больш за 1 метр. Таму пры моцным ветры тут можна падмёрзнуць пры заходзе ў ваду ці выхадзе на бераг. Таксама можна сустрэць вужыкаў, якія плывуць уздоўж берага па сваіх справах і жывуць у чаротах. Некаторыя з пірса ловяць рыбу, і яна сапраўды можа плаваць сярод купальшчыкаў. Але многае з гэтага можна прымяніць да самых розных беларускіх азёр.

Крыху пазней я і мае сыны прагуляліся па частцы к.п. Нарач.

Магазін "Ілаўскае" (Ленінская 12)

Побач "Еўраопт"


Насупраць дом 11, дзе, судзячы па плакаце, акрамя банка знаходзіцца аддзяленне міліцыі.

У "Еўраопце" можна набыць разнастайную свежую выпечку, што мы і зрабілі :)

Архітэктура спальнай частцы Ленінскай вуліцы.



Ідзем праз паркавую зону ў бок Нарачанскай вуліцы

Углыбіні квартала дамы выглядаюць сціпла і не заўжды прыгожа, аднак людзі едуць сюды не дзеля архітэктуры...

Гаражны масіў па другі бок Нарачанскай вуліцы. Ідзем туды адкуль едзе ў наш бок гэты чорны аўтамабіль.

Праходзім такі выезд з леспаркавай зоны.

Выходзім на скрыжаванне. Від направа: мікрараён Кастрычніцкі, які ляжыць паміж аднайменнай вуліцай, што апаясвае яго з двух бакой і вул. Садовай, якая вядзе ў суседні аграгарадок Нарач.

Від налева: аўтавакзал "Нарач"
Фігурны знак ля скрыжавання вуліц пазначае дзе Нарачанская, а дзе Кастрычніцкая вуліцы. Для гасцей пасёлка, што едуць сваім ходам без навігатара гэта добрая падказка. Дарэчы пазначэнні вуліц у к.п. Нарач зроблены як на рускай, так і на беларускай, напрыклад цэтлікі на Ленінскай.


Прыпынак "к.п. Нарач" (галоўны і амаль адзіны ў пасёлку) поўнасцю аформлены пад рэкламу пажарнай службы. Нават сметніца :). Спадзяюся, што пры ўзнікненні новых прыпынкаў у к.п. ніхто не будзе афармляць сметніцы пад рэкламу міліцыі (ці міліцыянеры адрэагуюць на такі крэатыў з гумарам...

А мы ідзем ўздоўж Кастрычніцкай да скрыжавання з Ленінскай, каб вярнуцца туды, дзе пакінулі нашу машыну

Часоўня Валянціны Мінскай, пабудаваная ў 2010 г.

Каля сучасных дамоў мікрараёна Кастрычніцкі ёсць нядрэнная паркоўка, а для пасёлка, які жыве за кошт турызма, гэта добры разлік у развіцці інфраструктуры.

Зразаем дарогу праз двор Ленінскай 27


За плотам будынак, падобны на школу, але на Картах Яндэкс пазначаны як сувенірная лаўка "Гіпсавы Віталь". Здаецца, у той дзень, 6.08.2025, там была мастацкая выстава.

Від на прыватны сектар Ленінскай. Дарэчы, гэта не зусім тое, а сядзіба "Стары дом".

Велапаркоўка ля магзіна "Аксаміт" (Ленінская 25)

І асаблівасці архітэктуры таго ж дома.

Ідзем далей па Ленінскай, сустракаем лаўку з крэатыўнай сметніцай

На цотным баку вуліцы -- канкурэнт сеткі магазінаў "Капеечка" з расфарбоўкай пад колер дзяржаўнага сцяга ("Капеечка" ў к.п. таксама ёсць).


На Ленінскай 16 адзін з пунктаў "Вайлдберыз" (іх тут мінімум 2 на пасёлак ў 3000 чалавек і аднайменны аграгародок  з 2-тысячным насельніцтвам).  І наяўнасць турыстаў тут не адзіны фактар. Анлайн маркетплейсы пусцілі карані па ўсёй краіне і робяць канкурэнцыю традыцыйным гандлёвым пляцоўкам.

Запасны выхад на Ленінскай 17 выглядае як сімвалічны шлях у тупік :)

Побач з адносна маладым к.п. знаходзіцца аграгарадок з доўгай гісторыяй, які да 1964 г. называўся Кабыльнікам, а з таго часу - цёзка пасёлка і возера. Лічыцца, што ад к.п. аднайменны аграгарадок аддзяляюць 3 км дарогі, але па факце яны суседзі, і Садовая вуліца пасёлка плаўна пераходзіць у Партызанскую вуліцу аграгарадка. Нават дарожныя знакі "Канец" і "Пачатак населенага пункта" выглядаюць камічна: выехалі з Нарачы і заехалі ў Нарач.

Вуліца Паўднёвая з аднаго боку ідзе ўздоўж ляснога масіву, з другога забудавана катэджамі і аграсядзібамі. За даляглядам траса Р-28, за якой дарога вядзе да мясцовых могілак (іх даследваць часу бракавала). А ў другі бок асфальтаваная дарога пераходзіць у грунтовую не вельмі добрай якасці, якая вядзе ў бок аднайменнага пасёлка.

Від на аграгарадок з 2-га паверха аграсядзібы, дзе мы адпачывалі.

За кадрам засталося некалькі цікавых аб'ектаў: могілкі, ўзгаданыя вышэй, веласіпедны пераезд, пракладзены цераз Кастрычніцкую вуліцу пры адсутнасці пешаходнага пераходу. (Цяпер без светлафора ён не актуальны, бо ПДР змянілі).

У той паездцы мы таксама наведалі суседняе з Нарачу Белае возера. Пляж там таксама дзіцячы, але глыбокі спуск бліжэй да берага, чым на возеры Нарач. Інфраструктура пляжа (спуск, кабінкі для пераапранання) зроблены літаральна з бярвенняў і знаходзіцца ён побач з аўтатрасай. Аднак гэта таксама цікавы вопыт для купальшчыка. 

Жнівень 2025 г.

Усе здымкі зроблены А. Берастоўскім.

Избранное сообщение

Надвор'е 2025-га

  У апошнія гады я рабіў эпізадычныя заметкі на тэму надвор'я (як, напрыклад, тут ). Але глабальнае пацяпленне і пагодныя анамаліі пабуд...