09.05.2014

Ад аўтаноміі да федэратыўнай дзяржавы. Амерыканская рэвалюцыя

 Распаўсюджана думка, як сярод жыхароў былога СССР, так і сярод саміх амерыканцаў, што Рэвалюцыя 1775-83 гг. (альбо Вайна за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній) была барацьбой з тыраніяй і імкненнем стварыць новую дзяржаву. Але на самой справе ўсё пачалося з барацьбы за пашырэнне аўтаноміі 13 калоній Вялікабрытаніі. А палітычная барацьба, якая пры гэтым мела месца, была больш складанай з'явай, чым проста спробай скінуць ярмо тырана і атрымаць свабоду. Разгледзім некаторыя факты.

Рэвалюцыянеры і канспіралогія

Амаль усе рэвалюцыі маюць і канспіралагічныя інтэрпрытацыі: унутраныя ворагі і знешнія ворагі Бацкаўшчыны разам плялі інтрыгі і зрабілі рэвалюцыю, каб аслабіць вялікую дзяржаву. Паколькі гэта закранае і Амерыканскую рэвалюцыю, трэба звянуць увагу на адпаведныя тэорыі ў дачыненні да амерыканцаў.

Найбольш папулярна прывязка Рэвалюцыі да масонскіх ложаў. Сапраўды многія рэвалюцыянеры былі членамі такіх тайных таварыстваў, а на доларавай банкноце знаходзяцца некалькі масонскіх сімвалаў. Але сур'ёзных сведчанняў аб тым, што масонскія ложы кіруюць светам ці імкнуцца кантраляваць урад той ці іншай краіны я не знайшоў негледзячы на ўважлівае вывучэнне літаратуры, прысвечанай гэтаму руху. Хутчэй за ўсё, як я ўжо пісаў у адным навуковым артыкуле (1), масонскія ложы ўяўлялі сабой прататып грамадскага аб'яднання, накшалт палітычнай партыі або клуба па інтарэсам. Такія суполкі маглі быць месцам, дзе ішлі палітычныя дэбаты і маглі рыхтавацца нейкія планы перабудовы грамадства, але гэта было стыхійна і весці якое-небудзь нябачнае кіраўніцтва гэтымі дыскусіямі было праблематычна. Да таго ж, масоны падчас Французскай рэвалюцыі 1789-99 гг. без праблем вынішчалі сваіх апанетаў-масонаў праз гільяціну, што сведчыць аб адсутнасці глыбокага адзінства паміж членамі масонскіх ложаў.

У савецкія часы на кухнях інтэлігенцыі таксама ішлі гутаркі і спрэчкі, чытаўся самвыдат, але далей тэорыі гэта не пайшло, і савецкая ўлада рухнула практычна без якога-небудзь удзелу гэтай інтэлігенцыі. Цікава, што аналагічныя дыскусіі вяліся і на сірыйскіх кухнях, але грамадзянская вайна пачалася толькі калі з'явілася досыць людзей, гатовых ваяваць супраць Асада і яго добра ўзброенай арміі, а не толькі разважаць пад чай з цыгарэтамі.

Іншымі словамі, ў 13 калоніях таксама хапала інтэлектуалаў, якія былі чым-небудзь незадаволены і жадалі прыймаць удзел у перабудове грамадства і дзяржавы. Але рэвалюцыйная сітуацыя ўзнікла толькі пасля прыняцця т.зв. «невыносных законаў» у 1774 г. І тады ўзнікла магчымасць перайсці ад тэорыі да практыкі. А канспіралагічныя тэорыі добра працуюць на два віда аўдыторыі. Першая – аматары сенсацый, для якіх падобныя змовы і інтрыгі цікавы толькі каб пазабавіць сябе інтэлектуальна. Ніякай спробы разабрацца ў сітуацыі з боку аматараў сенсацый звычайна няма, таму такія канспіралагічныя тэорыі з'яўляюцца свайго кшалту відам бізнеса ад журналістыкі.

Другая група, больш сур'ёзная – гэта ідэолагі пэўных кансерватыўных палітычных структур, асабліва манархісты, мэта якіх -- спісаць усе праблемы палітычнай і эканамічнай сістэмы на інтрыгі знешніх і ўнутранных ворагаў. Ворагаў, асабліва тайных, кантраляваць амаль немагчыма, таму нічога ў палітыцы да эканоміцы мяняць не трэба, бо краіне проста не пашанцавала. (Аналагічным канспіралагічнаму з'яўляецца правідэнцыялісцкі падыход, калі праблемы дзяржавы апісваюць як Божае пакаранне за грахі). Зразумела, гэта аўдыторыя сур'ёзна ўспрымае канспіралагічныя тэорыі і папулярызуе іх.

Тым не меньш, трэба звярнуць увагу на адно таварыства, з якога выйшлі ў вялікую палітыку многія бацькі-заснавальнікі Злучаных Штатаў, -- «Сыны Свабоды». Менавіта дзейнасць гэтага палітычнага клуба прывяла да ўзнікнення рэвалюцыйнай сітуацыі ў 1774 г.

Свабода па-брытанску і яе «Сыны»

Звычайна брытанцы пачынаюць сваю гісторыю свабоды і правоў чалавека з Вялікай Хартыі вольнасцяў. Але паводле гэтага дакумента толькі абмежаваная частка грамадства надзялялася правамі свабодных людзей.

Крызіс абсалютнай каралеўскай ўлады, які спарадзіў Англійскую рэвалюцыю 1640-60 гг. Стаў прычынай абмежавання каралеўскай улады парламентам і фарміравання дзвюхпартыйнай сістэмы змены ўлады (у той час лібералы, якіх пазней змянілі лейбарысты, і кансерватары). Заставалася шматлікая «несістэмная» апазіцыя, якая гуртавалася пераважна вакол невялікіх пратэстанцкіх рэлігійных аб'яднанняў. Паколькі заставалася верагоднасць ўзброенага паўстання супраць каралеўскай улады пад эгідай такіх груп «несістэмнікаў» (адно з іх дарэчы добра апісана Вальтэрам Скотам у рамане «Пурытане»), да іх ставіліся прадузята, нярэдка гэтыя рэлігійныя меньшасці былі вымушаны пакінуць туманны Альбіён у пошуках лепшай долі. Урад Брытаніі нічога не меў супраць, каб яны стваралі свае калоніі ў каралеўскіх уладаннях ў Паўночнай Амерыцы і жылі там па сваім законам. Так узнікла сістэма самакіравання амерыканскіх калоній, якая паспяхова развівалася на працягу 18 ст.

Далёка не усе калоніі ствараліся тымі, хто выступаў супраць урада метраполіі. Напрыклад, плантатары Поўдня былі пераважна лаяльнымі каралю. Таксама і нашчадкі пурытанскіх рэвалюцыянераў не мелі прычын выступаць супраць, бо кароль і парламент не заміналі ім жыць у адпаведнасці з іх уласнымі перакананнямі. Падобныя рэчы адбываліся і ў Вялікабрытаніі, дзе розныя плыні пратэстантызму ўжо атрымалі свабоду веравызнання і напруджанасць адносін паміж ім перашла з стадыі ўзброенай барацьбы ў стадыю інтэлектуальных дыспутаў (ізноў адрасую больш падрабязна прачытаць аб гэтым у В. Скота «Пурытане» і «Эдынбургская цямніца»). Пры гэтым ў каланіяльны перыяд гісторыі Амерыкі стварыўся даволі цікавы варыянт вырашэння праблемы суіснавання розных плыняў пратэстантызму: калі якую-небудзь групу не цярпелі ў адным месцы, яна магла спакойна перабрацца ў іншае месца і заснаваць там пасяленне ці нават калонію. Так, дарэчы нараджалася сістэма «адзінства ў разнастайнасці» -- розныя культуры і субкультуры ўтваралі адзіную нацыю...

Такім чынам, тыраніі каралеўскай улады ў звычайным разуменні гэтага слова не было. Але былі людзі інтарэсы якіх закранула палітыка метраполіі, людзі, якіх можна назваць сярэднім класам, людзі, якім было што губляць акрамя ланцугоў. Гэта былі паспяховыя гандляры, такія як Джон Хэнкок, юрысты, як Джон Адамс і некаторыя іншыя людзі, якіх у пэўным сэнсе слова можна назваць элітай калоній. Калі ішла вайна Вялікабрытаніі з французамі і індзейцамі скончылася перамогай іх метраполіі, а амерыканскія каланісты, атрымалі ў якасці «падзякі» новыя падаткі і абмежаванні, менавіта гэта эліта і была асноўным рухавіком супраціўлення брытанскаму каралю і парламенту.

Незадаволеныя стварылі тайную арганізацыю «Сыны свабоды». Ніякіх доказаў дачынення да «Сыноў свабоды» масонаў, іезуітаў, разенкрэйцэраў, сіяністаў і іншых груп, якіх традыцыйна абвінавачваюць у змовах супраць вялікіх імперый, я не знайшоў. Некаторыя рэвалюцыянеры як амерыканскія, так і еўрапейскія, былі масонамі, але масонствам «балаваліся» многія еўрапейцы абсалютна розных палітычных поглядаў. А вось «Сыны свабоды» сталі сапраўднай школай палітычных кадраў будучай супердзяржавы.

Звычайна ўсё пачынаецца з нейкага клуба, дзе джэнтльмены за брэндзі і сігарамі абмяркоўваюць вялікую палітыку, а ва ўмовах глыбокай незадаволеннасці ўрадам пачынаюць гуртавацца ў нейкія суполкі, з якіх фарміруецца палітычная апазіцыя. Так было і ў Беларусі, дзе цяперашняя палітычная партыя БНФ узнікла ў канцы 1980-х гг. як арганізацыя нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа. Так было і ў Амерыцы.

Мне цяжка судзіць колькі членаў «Сыноў свабоды» і блізкіх ім па поглядам людзей былі шчырымі барацьбітамі за ідэалы, а колькі проста рабілі бізнес у галіне палітыцы. Было і тое, і тое. Былі тыя, хто верыў, што чым больш свабоды маюць калоніі, тым лепш, а былі і тыя, хто жадаў мець большы ўплыў на жыццё калоній. Але і тым і другім быў да спадобы лозунг «Ніякіх падаткаў без прадстаўніцтва (у Парламенце)» (No taxation without representation).

У Лондане лічылі інакш: мы дазваляем вам жыць па сваім парадкам у калоніях і збіраць мясцовыя падаткі, але і ў Парламенце вам не месца, а мы, як урад усёй краіны, маем уладу збіраць падаткі з сваіх падданых ва ўсіх сваіх уладаннях. Зразумела, гэта спараджала канфлікт, які падаграваўся палітычнымі правакацыямі, такімі як Інцыдэнт на Кінг Стрыт ў Бостане ў 1770 г і кантрабадысцкай дзейнасцю некаторых будучых рэвалюцыянераў (напрыклад існуюць такія звесткі пра Джона Хэнкока).

Але рэвалюцыйная сітуацыя, калі вакол «Сыноў свабоды» і іншых апазіцыянераў згуртаваліся ўплывовыя асобы амаль усіх 13 калоній, узнікла з прыняццем серыі «Невыносных законаў» у 1774 г. Паколькі я ўжо пісаў падрабязна пра інцыдэнт на Кінг Стрыт (больш вядомы як Бостанская бойня) (3) пра Акцыю супраць чаю (больш вядомую як Бостанскае чаяпіцце) (2) і даваў некаторы агляд па невыносным законам, няма сэнсу падрабязна пісаць пра гэта тут. Варта толькі адзначыць, што гэтыя законы не былі невыноснымі для кожнага каланіста, але яны закраналі эканамічныя інтарэсы і палітычны ўплыў менавіта каланіяльнай эліты. І вось тады пачынаецца рух, які прывёў ад лозунга аб пашырэнні правоў каланіяльнага самакіравання і прадстаўніцтва каланістаў у парламенце Брытаніі да аддзялення калоній і іх згуртавання ў адзіную дзяржаву.

Джэнтльмены збіраюцца на Кангрэс

У той час выбарнасць органаў самакіравання калоній не азначала ўдзел шырокіх народных мас у выбарах: існаваў маёмасны цэнз. І гэта лічылася нармальным: чалавека, які не меў пэўнага матэрыяльнага дабрабыту, магчыма было купіць за 5 капеек, як дарэчы нярэдка адбываецца на сучасных дэмакратычных выбарах. (Зразумела можна было купіць і голас багацея, што таксама не было рэдкасцю ў тагачасных Вялікабрытаніі і яе калоніях). Таму палітычная эліта васямнаццатага стагоддзя брала на сябе адказнасць і ў калоніях, і ў метраполіі выступаць ад імя народа, не пытаючы апошні аб яго сапраўднай пазіцыі.

Дзеля аб'ектыўнасці брытанскі кароль і парламент ужо дапяклі падаткамі і абмежаваннямі многіх амерыканскіх каланістаў. У метраполіі выбар быў чыста тэарэтычны: ці душыць падаткамі і абмежаваннямі англамоўныя калоніі, якія яшчэ не вялі барацьбы з Каронай, ці рабіць тое ж самае з французамі Канады і індзейскімі плямёнамі, якіх толькі што ўпакарылі ў Франка-індзейскай вайне. Таму і атрымалася, што за каралеўскія войны плацілі простыя амерыканцы. У 1770-73 гг. многія падаткі на карысць метраполіі былі скасаваны акрамя сімвалічнага чайнага, і Амерыка крыху супакоілася, але калі ў адказ на акцыю супраць чаю ў 1774 г. былі ўведзены некалькі репрэсіўных законаў узнікла пагроза, што гэтым не абмяжуецца. На дабрабыт простых амерыканцаў гэтыя «нявыносныя» законы не асабліва паўплывалі (акрамя бостанцаў, што жылі на гуманітарную дапамогу ад іншых калоній па прычыне закрытага порта). Але была моцная анцібрытанская прапаганда і быў страх увядзення новых абмежаванняў. Як бы тое ні было, але ўзнікла рэальная рэвалюцыйная сітуацыя: «вярхі» (кароль і Парламент) не здолелі знайсці выхад з крызісу сваёй улады ў калоніях, а «нізы» (простыя амерыканцы) не жадалі новых падаткаў і абмежаванняў. Не тое каб масы фермераў і гараджан рукапляскалі сваёй палітычнай эліце і былі гатовы пайсці за імі, але гатовых узяцца за зброю было дастаткова, каб пачаць рэвалюцыю. А тут быў і яшчэ адзін нюанс: кожны каланіст меў права насіць зброю і многія мелі вопыт партызанскай вайны па прычыне пастаянных канфліктаў з індзецамі.

Першы Кантынентальны Кангрэс (далей для зручнасці -- ПКК) сабраўся ў горадзе Філадэльфія (калонія Пенсільванія) у Карпентэрз Холе 5 верасня 1774 г. і працаваў там па 26 кастрычніка таго ж года. Назва Кантынентальны ідзе ад таго, што меркавалася прыцягнуць да ўдзелу ў ім усе брытанскія калоніі Амерыкі, але Квебек і Багамы праігнаравалі запыт і не прыслалі дэлегатаў, а ад Джорджыі ніхто не прыехаў. Усяго прыехала 56 дэлегатаў, кожную з 12 калоній прадстаўлялі ад 2 (Нью-Гэмпшыр) да 9 (Нью-Ёрк) чалавек. Сярод удзельнікаў ПКК былі такія будучыя палітычныя гіганты як Джордж Вашынгтон, Джон Адамс і яго кузен Самюэль. (4)

Джэнтльмены сабраліся каб абмеркаваць адно пытанне, якое турбавала ўсех дэлегатаў Кангрэса: якім чынам дабіцца адмены «невыносных» законаў. Ішла доўгая работа па распрацоўцы варыянтаў. Гэта нагдвае, як у снежні 1991 г. кіраўніцтва Расіі, Беларусі і Ўкраіны ў Віскулях скасавала СССР: перад тым як лідары дзяржаў паставілі свае подпісы ішла доўгая распрацоўка варыянтаў пагаднення аб стварэнні СНД. Так і на ПКК розныя джэнтльмены прапаноўвалі розныя прадуманыя планы, і ішло доўгае абмяркоўванне прапанаваных варыянтаў. Аб рэвалюцыі і незалежнасці яшчэ гаворка не вялася. Праўда Патрык Генры, прапанаваў аддзяленне калоній ад метраполіі, але большасць дэлегатаў не была гатова дзейнічаць так рашуча. Былі і больш кампрамісныя планы. Некаторыя ўдзельнікі ПКК былі лаяльнымі каралеўскай уладзе і, калі пачалася рэвалюцыя, засталіся на баку Брытаніі. І ў гэтым ніякай здрады не было: яны былі супраць невыносных законаў, а не караля ўвогуле.

Пратаколы паседжанняў ПКК можна знайсці ў Інтэрнэце. Паколькі такія паседжанні не прыцягваюць столькі ж увагі сколькі сама рэвалюцыйная вайна 1775-83 гг., матэрыялы ПКК яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў.(6) Але можна зазначыць тры галоўныя дасягненні: Кангрэс аб'явіў байкот брытанскіх таварам у калоніях, было вырашана стварыць мабільныя атрады апаўчэння каланістаў – атрады мінітмэнаў – для самаабароны калоній ад карных войскаў караля і было вырашана склікаць Другі Кантынентальны Кангрэс.

Паколькі была створана спецыяльная камісія ПКК па кантролю за байкотам англійскіх тавараў, гэты байкот быў больш эфектыўны, чым папярэднія спробы прымусіць каланістаў не купляць англійскае. Зразумела ніякія хлопцы ў масках звычайна не прыходзілі да каланістаў, што працягвалі «купляць англійскае», і не тлумачылі ім іх несвядомасць з дапамогай дубца: такіх каланістаў проста таксама чакаў байкот, а ў некаторых выпадках гэта азначала разарэнне мясцовых прадпрымальнікаў. Трэба прызнаць што і па бізнесу метраполіі байкот нанёс моцны ўдар, і ўзбагаціў амерыканскіх кантабандыстаў...

Працэс пайшоў...

19 красавіка 1775 г. буйны атрад брытанскай арміі накіраваўся з Бостана ў горад Канкорд каб ліквідаваць склад зброі апаўчэнчаў. Каля вёскі Лексінгтан вайскоўцы сустрэлі ўзброеных мінітмэнаў і завязаўся першы бой рэвалюцыі. 8 мінітмэнаў забілі, астатнія збеглі. Але на зваротным шляху з Канкорда апаўчэнцы ўзялі рэванш: па брытанцам стралялі з усіх магчымых сховішчаў і атрад згубіў каля 250 забітымі і параненымі.

10 мая 1775 г. сабраўся Другі Кантынентальны Кангрэс (далей -- ДКК). 15 мая таго ж года ДКК аб'яўляе вайну метраполіі. Пакуль армія апаўчэнцаў Дж. Вашынгтона вядзе няроўныя баі з каралеўскімі вайскоўцамі і атрадамі мясцовых лаялістаў, паралельна ідуць спробы дамовіцца з каралём. Так у Петыцыі аліўкавай галінкі Дж Дыкінсана караля літасціва прасілі адмяніць невыносныя законы (большасць з якіх, дарэчы, былі прыняты як тэрміновыя меры). Кампрамісныя прапановы былі і ў петыцыі каралю філадельфійскіх квакераў. Але Георга ІІІ ўжо дапяклі непаслухмяныя каланісты і да кампрамісаў ён быў не гатовы.

Гэтага караля многія уяўляюць як тырана і недаразумнага салдафона. Але гэта быў вопытны палітык. У 1775 г. ён быў каралём Брытаніі ўжо 15 гадоў. Яго палітыка талерантнасці да каталікоў Квебека і самой Вялікабрытаніі аперажала час і выклікала абрурэнне суайчыннікаў: чаго варты адзін толькі горданаўскі бунт 1780 г. Таксама ўлада караля абмяжоўвалася паўнамоцтвамі парламента. «Шапкай» кожнага каралеўскага закона была заява аб тым, што рашэнне прынята каралём з ухвалы свецкіх і рэлігійных лордаў. Трэба прызнаць, што час ад часу Георг ІІІ хварэў псіхічна, але ў такіх выпадках яго адхілялі ад дзяржаўных спраў пакуль хвароба не праходзіла. Таму рашэнне пакараць рэвалюцыянераў сілай зброі было памылковым, прынятым на эмоцыях, але яго памылковасць стала зразумелай толькі з цягам часу.

Застаецца толькі паўтарыць, што да 4 ліпеня 1776 г. вайна ішла, але незалежнасць калоній яшчэ не была мэтай гэтай вайны.

Ад незалежнасці да Канфедэрацыі

4 ліпеня 1776 г. ДКК прыняў Дэкларацыю незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі згодна праекту Томаса Джэферсана. Праект падпісалі 39 дэлегатаў ДКК з 65, прычым вышэй згаданы Джон Хэнкок першым напісаў сваі імя і прозвішча вялікімі літарамі, каб, як ён тлумачыў, кароль мог прачытаць яго без акуляраў. Сярод падпісатаў Дэкларацыі былі таксама кузены Джон і Самюэль Адамс з «Сыноў свабоды» і Бенджамін Франклін.

Дэкларацыя абвяшчала разрыў сувязяў з Вялікабрытаніяй і незалежнасць калоній ад былой метраполіі. Гэта не азначала аўтаматычна стварэння новай адзінай дзяржавы. Быў сцяг, была армія, але не было яснасці ў многіх іншых справах. Выраз «Злучаныя Штаты» існваў як тэрмін які абазначаў калоніі, што выступалі ў саюзе супраць караля. (Дарэчы з лістапада 1776 па кастрычнік 1781 г. горад Нью-Ёрк заставаўся пад кантролем каралеўскай арміі, як і некаторыя іншыя тэрыторыі паўстаўшых калоній). Але галоўнае ў тым, што невядома яшчэ было ці будуць гэтыя калоніі адной дзяржавай альбо проста стануць садружнасцю незалежных дзяржаў.

15 лістапада 1777 г. ДКК прыняў дакумент вядомы ў гісторыі як «Артыкулы Канфедэрацыі і вечнага саюза паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі». Так ЗША з саюза незалежных дзяржаў перайшла ў статут канфедэрацыі. Кангрэс Злучаных Штатаў і створаны ім Камітэт Штатаў сталі яшчэ не ўрадам адзінай дзяржавы але ўжо арбіртрам і каардынацыйным цэнтрам паміж суб'ектамі канфедэрацыі.

Цікава, што штаты не спяшаліся ратыфікаваць дакумент і губляць хоць частку сваёй незалежнасці. Вось якую эвалюцыю перажылі Артыкулы.

11 чэрвеня 1776 г. - Кантынетальны Кангрэс вырашыў стварыць камітэт распрацоўкі праекта канфедэрацыі калоній.
12 чэрвеня 1776 г. - Гэты камітэт пачаў працаваць.
12 ліпеня 1776 г. - Першы чарнавы праект Артыкулаў Канфедэрацыі распрацаваны і прадстаўлены Кангрэсу.
15 лістапада 1777 г. - Кантынентальны Кангрэс прыняў Артыкулы Канфедэрацыі.
17 лістапада 1777 г. - Артыкулы Канфедэрацыі прадастаўлены штатам для вырашэння іх далейшага лёсу.
26 чэрвеня 1778 г. - Вырашана дапрацаваць Артыкулы.
27 чэрвеня 1778 г. - Першы дапрацаваны варыянт забракаваны, пачалася распрацоўка другога варыянта.
9 ліпеня 1778 г. - Другі дапрацаваны варыянт падпісалі 8 штатаў: Нью Гэмпшыр, Масачусэтс, Род Айлэнд, Канэктыкут, Нью Ёрк, Пенсільванія, Вірджынія і Паўднёвая Караліна.
21 ліпеня 1778 г. - Ратыфікацыя дакумента дэлегатамі Паўночнай Караліны.
24 ліпеня 1778 г. - Ратыфікацыя дакумента дэлегатамі Джорджыі.
26 лістапада 1778 г. - Ратыфікацыя дакумента дэлегатамі Нью Джэрсі.
5 мая 1779 г. - Ратыфікацыя дакумента дэлегатамі штата Дэлавэр.
1 сакавіка 1781 г. - Ратыфікацыя дакумента дэлегатамі штата Мэрылэнд. Артыкулы пачынаюць дзейнічаць дэ-юрэ.
21 лютага 1787 г. - Кангрэс ухваліў план правядзення Канвенцыі ў Філадэльфіі па распрацоўцы Канстытуцыі ЗША.
4 сакавіка 1789 г. Прынята Канстытуцыя ЗША. Яна замяняе сабой Артыкулы Канфедэрацыі. (7)

І гэта ўсё ва ўмовах, калі ішла вайна з моцнай арміяй караля, лаялістаў і індзейцаў!

Гэты варыянт канфедэратыўнай канстытуцыі замацоўваў за Кангрэсам такія паўнамоцтвы як: арганізацыя арміі, вядзенне войн (але артыкул 6 дазваляў асобным штатам весці войны з індзейцамі і абараняцца ад раптоўных нападаў іншых ворагаў), і дыпламатычных зносін, арганізацыя паштовай сувязі паміж штатамі, чаканка грошай. Канада магла свабодна ўвайсці ў Канфедэрацыю, але якая-небудзь іншая тэрыторыя магла ўвайсці ў яе склад толькі з дазволу 9 штатаў (артыкул 12). Таксама была прадумана складаная сістэма арбітражу спрэчак паміж асобнымі Штатамі ЗША (артыкул 9) (5).

Ставяцца кропкі над «і».

Канстытуцыя ЗША -- гэта невялікі дакумент на некалькі старонак, які пераўтварыў Канфедэрацыю ў федэратыўную прэзідэнцка-парламецкую дзяржаву. Яна ўяўляе сабой нейкі каркас або нават падмурак забудовы, на якім можна пабудаваць што заўгодна. Канстытуцыю ЗША не мянялі на працягу стагоддзяў, але ўнеслі 27 паправак, некаторыя з якіх змянілі асобныя яе палажэнні ці адмянілі іх увогуле. А вось канстытуцыі асобных штатаў уяўляюць сабой больш грунтоўныя дакументы, і іх мянялі і перапісвалі шмат разоў.

Гэта тэндэнцыя адлюстровае цэнтрабежную сілу штатаў: як штаты не прысягалі адзін аднаму ў вечным саюзе, яны імкнуліся захаваць як мага больш незалежнасці. Увогуле рэвалюцыя 1775 г. і прыняцце Дэкларацыі незалежнасці спарадзілі небяспечны прэцэдэнт: магчымасць аб'явіць незалежную рэспубліку і аддзяліцца ад краіны. З падобным сутыкнулася Грузія, калі аддзяленне Абхазіі і Паўднёвай Асетыі ад гэтай краіны суправаджалася спасылкай на выхад Грузіі з СССР. Тое ж самае было і ў ЗША: чаму 13 калоній могуць аддзяліцца ад Вялікабрытаніі, а асобны штат не можа выйсці з ЗША?

Гэта пытанне час ад часу паднімалася да 1861 г., калі асобныя штаты, накшалт Паўднёвай Караліны аб'яўлялі аб сваёй незалежнасці, а потым вярталіся ў склад краіны, атрымаўшы неккаторыя ўступкі. Вірджынія адпраўляла свае пасольства ў Еўропу, а штат Нью-Ёрк гандляваў з Вялікабрытаніяй падчас Другой вайны за незалежнасць (1812-14 гг.), калі Амерыка спрабавала пакласці канец атакам брытанцаў на свой флот і канадскіх індзейцаў на свае паўночныя межы дабіцца далучэння Канады да сваёй тэрыторыі. (Першае атрымалася – больш з Англіяй не ваявалі, а другое не – Канада так і засталася брытанскай). Але ўсё гэта было яшчэ дзіцячымі гульнямі да таго часу калі ў 1861 г. 9 штатаў Поўдня не прызналі абранне прэзідэнтам ЗША А. Лінкальна і стварылі Канфедэрацыю Злучаных Штатаў. Цікава, што тады і самі штаты пачалі дзяліцца на часткі. Напрыклад, ад Вірджініі, якая ўвайшла ў склад Канфедэрацыі, аддзялілася Заходняя Вірджынія, якая засталася вернай федэральнаму цэнтру. Праўда гэта быў адзіны выпадак, калі сепаратызм у межах асобнага штата замацаваўся заканадаўча, і ў сённяшніх ЗША ёсць проста Вірджынія і Заходняя Вірджынія.

Грамадзянская вайна 1861-65 гг. паставіла тлустую кропку ў пытанні каму можна аб'яўляць незалежнасць, а каму не. З таго часу ЗША канчаткова сталі федэратыўнай дзяржавай.

Дасягненне новай цывілізацыі

Сёння ЗША крытыкуюць у спробах навязаць свае разуменне дэмакратыі іншым народам і цывілізацыям. Гэта не зусім так. Злучаныя Штаты спрабуюць не распаўсюджваць сваю сістэму на ўвесь свет, а лепш кантраляваць яго праз аслабленне міжнароднага ўплыву іншых буйных дзяржаў такіх як Кітай, Расія, альбо праз сістэму саюзніцтва накшалт Паўночнаатлантычнага альянса, калі Вялікабрытанія, Францыя і Германія звязаны з ЗША хаўрусніцкімі абавязкамі. Сярод не вельмі ўплывовых саюзнікаў ЗША, якіх дэмакратычнымі можна назваць толькі ўмоўна, лічацца Паўднёвая Карэя і Саудаўская Аравія, і Штаты не спрабуюць звяргаць саудаўскага абсалютнага манарха або вызваляць вязняў сумлення з карэйскіх турмаў. (Правабаронцам з гэтых краін у амерыканскіх пасольствах у адказ на скаргі аб парушэнні правоў чалавека кажуць, што не могуць лезці ва ўнутранныя справы сувярэннай дзяржавы).

Але ўсё гэта не адмаўляе эфектыўнасці самой сістэмы ўлады ЗША. Амерыканцы добра прадумалі сістэму ўзаемакантролю прэзідэнта і парламента, дзякуючы чаму краіна не трапляе ні ў пастку аўтарытарнай дыктатуры адной асобы (што стала адной з прычын гібелі Расійскай імперыі), ні ў анархію парламенцкіх разборак, (якая, напрыклад згубіла Рэч Паспалітую і ледзь не прывяла да знікнення Швецыі). Увогуле сістэма «стрымак і процівагаў» (check and balances) гэта асобная тэма для даследаванняў.

Таксама 2-партыйная сістэма дапамагае гэтай краіне мець стабільны курс развіцця. Няма спрэчкі, гэта не дэмакратыя, калі, маўляў, камуністы альбо «зялёныя» ці нават нацысты не могуць перамагчы на выбарах і прыйсці да ўлады. Але ў выпадку поўнай змены палітычнага і эканамічнага курсу кожныя 4-5 гадоў, дзяржава прыйшла б у заняпад. А «2-партыйка» дазваляе толькі ўносіць карэкцыі ў курс і праводзіць плаўныя рэформы. Пры гэтым радыкалы накшалт некаторых абаляцыяністаў 19 ст., камуністаў 20 ст. і «зялёных» 21 ст. могуць сваімі акцыямі падштурхоўваць улады праводзіць змены. Я не абараняю ні дэмакратыю, ні яе адсутнасць, але як сумленны гісторык мушу прызнаць вышэй азначаныя. перавагі англа-амерыканскай 2-партыйнай сістэмы змены ўлады.

Яшчэ адно дасягненне амерыканскага федэралізму – эфектыўнае ўзаемадзеянне федэральнай і мясцовай улады. Напрыклад на федэральных аўтастрадах пераезд граніцы штатаў неадчувальны для машыны, а ў некаторых іншых краінах такая аўтастрада можна нават і разрывацца па прычыне таго, што ўлады двух штатаў не здолелі злучыць два канцы дарогі. Амерыканская пошта працуе так спраўна, што з яе дапамогай можна атрымаць нават такія афіцыйныя дакументы як пасведчэанне аб нараджэнні і вадзіцельскія правы. Таксама штатам дазваляюць мець шырокую спецыфіку і каларыт. Некаторыя штаты так і не адмянілі сухі закон, а ў іншых наадварот дазваляюць ужыванне марыхуаны. І гэта сітуацыя, калі ў адным штаце штосьці нельга, а ў другім гэта можна замацоўвае турыстычныя сувязі паміж штатамі, негледзячы на ўсю звонкавую дурасць такога становішча.

І ўрэшце, дзякуючы гібкай палітычнай сістэме кіравання з дапамогай «стрымак і процівагаў» амерыканцы навучыліся хутка прыстасоўвацца да змяняючагася свету і знаходзіць аптымальны адказ на выклікі іх цывілізацыі. Калі пачалася Грамадзянская вайна 1861-65 гг., паўнамоцтвы прэзідэнта сталі амаль дыктатарскімі. Падобным чынам Новы курс Ф. Рузвельта, дзякуючы якому Амерыка пераадолела Вялікую дэпрэсію 1929-33 гг. (а гэты эканамічны крызіс мог прывесці да поўнага абрушэння эканомікі), стаў магчымым таму, што амерыканскія прэзідэнты і кангрэсмены навучыліся дамаўляцца паміж сабой.

Усе гэтыя дасягненні сталі магчымымі дзякуючы таму вопыту вядзення перамоў, што быў закладзены на паседжаннях Першага і Другога Кантынентальных Кангрэсаў і развіваўся з цягам гісторыі новай дзяржавы. Падабаецца нам гэта ці не, але за здольнасцю цяперашняга прэзідэнта ЗША Б. Абамы рабіць яркія красамоўныя прамовы без паперкі стаіць моцная палітычная школа, закладзеная амерыканскімі каланістамі 18 ст.

Я не хачу сказаць, што амерыканскі вопыт мусіць быць эталонам для ўсяго свету. Ніякая створаная людзьмі палітычная сістэма не можа быць дасканалай. Але каб зразумець некаторыя цяперашнія рэаліі ЗША трэба правільна разумець яе гісторыю. Як казаў адзін амерыканскі грамадскі дзеяч, «каб зразумець куды мы ідзем, трэба ведаць адкуль мы выйшлі».

Крыніцы і літаратура


  1. Берастоўскі А. В. Масонскія ложы як папярэдніцы іншых грамадскіх аб'яднанняў Новага і Найноўшага часу // Предпринимательство в Беларуси: Опыт становления и перспективы развития. Материалы VII МНПК. Минск 20 апреля 2010. Мн.: БГПУ 2010, ч.1, с. 111-113. Таксама апублікаваны на сайце Historiapure, доступ: http://historiapure.narod.ru/index/0-7
  2. А. Берастоўскі. Дзве грамадзянскія вайны амерыканцаў // Сайт «Гістарычная праўда», доступ: http://www.istpravda.ru/bel/research/3408/
  3. А. Берастоўскі. Бостанская “бойня” ці Інцыдэнт на Кінг Стрыт // Сайт «Гістарычная праўда», доступ: https://www.istpravda.ru/bel/research/8538/
  4. Поўны пералік удзельнікаў ПКК ад кожнай з 12 калоній у артыкуле «Першы Кантынентальны Кангрэс» // Вікіпедыя, доступ: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%9F%D0%B5%D1%80%D1%88%D1%8B_%D0%9A%D0%B0%D0%BD%D1%82%D1%8B%D0%BD%D0%B5%D0%BD%D1%82%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D1%8B_%D0%9A%D0%B0%D0%BD%D0%B3%D1%80%D1%8D%D1%81
  5. Артыкулы канфедэрацыі Злучаных Штатаў у беларускім перакладзе А. Берастоўскага, доступ: http://berastouski.blogspot.com/2014/04/blog-post_21.html
  6. Full text of Journals of the Continental Congress, 1774-1789 (Пратаколы паседжанняў Кантынентальнага Кангрэса на англ. мове), доступ у Бібліятэцы Кангрэса ЗША: http://memory.loc.gov/ammem/amlaw/lwjclink.html
  7. The Articles of Confederation // Primary Documents in American History. Site: The Library of Congress; access: http://www.loc.gov/rr/program/bib/ourdocs/articles.html
    Усе спасылкі на інтэрнет-рэсурсы дадзены па стану на 10.05.2014.

06.05.2014

Вуліца Ложынская. Там, дзе сустрэліся 3 розных Беларусі.

Вуліца Ложынская ў мінскім мікрараёне Уручча на першы погляд нічым не прыкметная. Яна пачынаецца ад праспекта Незалежнасці паміж пярэднім і заднім выхадамі станцыі метро "Уручча" перасякае вуліцу Гарадзецкую і выходзіць на вуліцу Гінтаўта. Далей яна плаўна пераходзіць у вул. Падгорную вёскі Копішча (о, каб усе граніцы былі такімі, як гэта!) Мінскага раёна.
Я памятаю як на месцы цяперашніх забудоў была суцэльная пустка. Яшчэ падлеткам у 1990-я гг. я хадзіў пешшу з свайго мікрараёна Усход ва Ўручча да цёці, якая працавала бібліятэкарам у школе №191 (у нас з ёй быў бартэр: я дапамагаў ёй у бібліятэцы, яна давала мне кнігі па школьнай праграме, а тады іх не заўсёды было легка дастаць). Потым з жніўня 2002 па ліпень 2004 г. я настаўнічаў у суседняй 197-й школе. І увесь гэты час на Ложынскай было толькі некалькі дамоў савецкай забудовы і будынкі пачатку 90-х, а увесь прамежак паміж Ложынскай і Шафарнянскай быў суцельнай пусткай, калі не лічыць могілкі Ўручча -- адны з найстарэйшых у горадзе. (Дарэчы быў і падземны пераход праз пр. Незалежнасці (тады Ф. Скарыны) на месцы сёняшняй станцыі метро, і гэтым пераходам карысталіся яшчэ і як грамадскім туалетам).
Нажаль я не ведаю, якім было Ўручча да таго як яно стала часткай беларускай сталіцы ў 1978 г., таму не магу нічога дакладнага напісаць пра гісторыю вул. Ложынскай. Але панове чытачы заўсёды могуць узбагаціць мае нататкі сваёй інфармацыяй.
Цяпер будуць слайды...


 від з пр. Незалежнасці




 Новая будоўля бізнес-цэнтра і паркінга побач з могілкамі Ўручча

  Яшчэ адзін паркінг будуюць



 Будынкі 1990-х
 Паркінг паміж могілкамі, Ложынскай і Шафарнянскай

 Цікава, што імя Noami адпавядае біблейскаму жаночаму імю Наэмінь, што значыць "прыемная". Думаю, гэта філіял нейкага амерыканскага спа-салона, дзе такое імя далі яшчэ з часоў панавання пратэстанцкай этыкі. Наўрадці такое імя маглі даць "ад ліхтара"...

 1990-я гг...
 І сярдзіна 2000-х

 Гэтыя дамы яшчэ засяляюцца. Яны лічацца па Гарадзецкай, але фактычна стаяць на Ложынскай.
 Від на дом савецкай эпохі і будоўлю
 За новым домам схаваўся стары савецкі



 Back to USSR...
 Від на вул. Гінтаўта. Жоўта-карычневы дом --ўжо не Мінск!
 Універсам савецкіх часоў...


 І новы "Дзмітрыеў кірмаш насупраць. Канкурэнцыя...
 Від на Ложынскую з вул. Гінтаўта
 Будуюць новы раён
 Гэтыя чырвоныя дамы -- забудова 1990-х.

Гэта ўсё, што засталося ад пусткі. Свята месца не доўга будзе пуставаць?

Вось так на адной вуліцы сустрэліся тры розныя Беларусі: савецкая, рынкавая і парламенцкая 1990-х і сацыялістычная і прэзідэнцкая 2000-х. Можна было б дадаць і пра могілкі з пахаваннямі 19 стагоддзя і пра маманта, якога знайшлі пры будаўніцтве метро, але гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя...

21.04.2014

Артыкулы Канфедэрацыі Злучаных Штатаў у беларускім перакладзе

Многія думаюць, што Вайна за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі (1775-1783 гг) пачыналася з мэтай стварэння новай федэратыўнай дзяржавы. Але ад ідэі пашыранай аўтаноміі 13 калоній Вялікабрытаніі да ўзнікнення сучасных ЗША прайшло шмат гадоў. Аднім з этапаў пасля абвяшчэння Дэкларацыі незалежнасці Злучаных Штатаў як саюза незалежных дзяржаў была спроба пераўтварыць гэты саюз у канфедэрацыю. Першая версія Артыкулаў Канфедэрацыі была прынята 15 лістапада 1777 г. Тут публікуецца яе дапрацаваны варыянт. Дакумент дзейнічаў з 1781 па 1787 гг., калі было вырашана распрацаваць Канстытуцыю ЗША як федэратыўнай краніы (прынята 4 сакавіка 1789 г).

Артыкулы1 Канфедэрацыі і Вечнага Саюза
Усім, каму прыйдзе гэта Паведамленне, мы Дэлегаты Штатаў2, якія паставілі свае подпісы пад гэтым дакументам, шлем свае прывітанні.

Артыкулы Канфедэрацыі і вечнага Саюза паміж штатамі Нью Гэмпшыр, Массачусэцкі Заліў Род Айлэнд і Провідэнс Плантэйшнз, Канэктыкут, Нью Ёрк, Нью Джэрсі, Пенсільванія, Дэлавэр, Мэрылэнд, Вірджынія, Паўночная Караліна, Паўднёвая Караліна і Джорджыя.

I.

Канфедэрацыя будзе існаваць пад назвай

"Злучаныя Штаты Амерыкі".

II.

Кожны Штат захоўвае за сабой свой сувярэнітэт, свабоду, і незалежнасць, а таксама правы і паўнамоцтвы, якія дадзеная Канфедэрацыя не перадае безагаворачна Злучаным Штатам, на скліканым Кагрэсе.

III.

Кожны з гэтых Штатаў асобна далучаецца да непарушнага сяброўскага саюза з іншымі Штатамі для агульнай абароны, забеспячэння сваіх свабод, і для ўзаемакарыснага і агульнага дабрабыту, і бярэ на сябе абавязак дапамагаць іншым удзельнікам саюза ў барацьбе супраць любой, сілы якая супраціўляецца ім ці нападае на іх па прычыне рэлігіі, сувярэнітэту, гандлёвых ці нейкіх іншых зачэпак.

IV.

Каб забяспечыць і замацаваць сяброўскія сувязі паміж жыхарамі розных Штатаў гэтага Саюза, свабодныя жыхары кожнага Штата, паўперы, бадзягі і асобы, хаваючыяся ад правасуддзя, якіх прынялі як бежанцаў, надзяляюцца ўсімі правамі і ільготамі свабодных грамадзян Штатаў; таксама жыхары кожнага Штата павінны мець права на свабоднае перамяшчэнне па тэрыторыі любога з астатніх Штатаў, на іх павінны распаўсюджвацца ўсе правы камерцыйнага характару разам з абавязкамі, падаткамі і абмежаваннямі, якія маюць жыхары гэтага Штата, калі толькі гэтыя абмежаванні не забараняюць перамяшчэнне ўласнасці, якую прывезлі ў адзін Штат, на тэрыторыю другога Штата, дзе жыве яе ўласнік; а таксама ніводзін з Штатаў не павінен накладаць які-небудзь падатак ці абмежаванне на ўласнасць усіх Злучаных Штатаў ці аднаго з іх.

Калі асоба, якую ў нейкім Штаце абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе, феланіі ці іншым сур'ёзным місдзіміноры3, уцячэ ад правасуддзя ў які-небудзь іншы Штат і будзе там знойдзена, гэту асобу неабходна вярнуць па запыту Губернатара ці выканаўчай улады Штата, з якога збег гэты чалавек і ў юрысдыкцыі якога знаходзіцца справа па дадзеным злачынстве.

Кожны Штат абавязаны давяраць запісам, пастановам і судовым разбіральніцвам, якія адбываюцца ў іншых Штатах.

V.

Для найбольш зручнага кіраўніцтва агульнымі інтарэсамі Злучаных Штатаў трэба штогод выбіраць дэлегатаў у Кангрэс згодна заканадаўству кожнага Штата ў першы панядзелак лістапада кожны год, з правам кожнага Штата адклікаць любога з сваіх дэлегатаў і нават усіх іх і прызначыць новых на іх месца на рэштку іх гадавога тэрміна службы.

Кожны Штат павінен мець не меньш за двух і не больш за сем прадстаўнікоў у Кангрэсе; таксама ніхто не павінен быць дэлегатам больш за тры гады на працягу шасцігадовага тэрміну; і ніхто з тых, каго абралі дэлегатам, не павінен займаць якую-небудзь пасаду ў Злучаных Штатах, за якую б ён ці хто-небудзь замест яго атрымоўваў плату ці якое-небудзь іншае ўзнагароджанне.

Кожны Штат павінен прадставіць сваіх дэлегатаў на сходзе Штатаў, яны будуць працаваць у якасці членаў камітэта Штатаў.

Пры вырашэнні пытанняў, якія маюць сур'ёзнае значэнне для Злучаных Штатаў, у Кангрэсе, кожны Штат мае адзін голас.

Свабода слова і дэбатаў у Кангрэсе не павінна абмяжоўвацца ці ставіцца пад пытанне у якім-небудзь судзе ці іншым месцы па-за межамі Кангрэса, а члены Кангрэса не павінны быць арыштаваны ці зняволены ў час калі яны накіроўваюцца на паседжанне Кангрэса, прысутнічаюць на ім ці вяртаюцца з яго, апрача такіх прычын як дзяржаўная здрада, феланія ці парушэнне грамадскага парадку.

VI.

Ніякі Штат не павінен без згоды Злучаных Штатаў, атрыманай ад Кангрэса, адпраўляць пасольства ці прыймаць паслоў, весці перамовы, ўступаць у пагадненне, саюз ці пакт з якім-небудзь Каралём, Прынцам ці Дзяржавай4; ніякі чалавек, які займае пэўную пасаду ў Злучаных Штатах ці атрымоўвае нейкі даход ці даверанную маёмасць ад іх, не павінен прыймаць якія-небудзь падарункі, узнагароды, пасады і званні ад любога Караля, Прынца5 ці замежнай Дзяржавы; ні Злучаныя Штаты, ні кожны з іх па-асобку не павінны даваць якія-небудзь пачэсныя тытулы і званні.

Ні два Штата, ні больш не павінны заключаць ніякіх пагадненняў, утвараць канфедэрацыі ці альянсы паміж сабой без дазволу Кангрэса Злучаных Штатаў, пры гэтым даецца падрабязнае апісанне мэтаў і тэрміну дзейнасці такіх пагадненняў, канфедэрацый і альянсаў.

Ніякі Штат не павінен усталёўваць падаткі ці зборы, якія б маглі стварыць цяжкасці ў рэалізацыі якога-небудзь пункта пагаднення паміж Кангрэсам Злучаных Штатаў і якім-небудзь Каралём, Прынцам ці Дзяржавай, у ажыццяўленні дагавораў, якія Кангрэс ужо прапанаваў дварам Францыі і Іспаніі.

Ніякі ваенны карабель не павінен знаходзіцца ва ўладанні якога-небузь Штата ў мірны час, акрамя той колькасці, якую вызначае Кангрэс Злучаных Штатаў для абароны гэтага Штата ці яго гандлю; таксама ніякі Штат не павінен трымаць у мірны час узброеныя сілы, акрамя той колькасці, якую вызначае Кангрэс Злучаных Штатаў неабходных для размяшчэння ва ўмацаваных гарнізонах для абароны гэтага Штатаe; пры гэтым кожны Штат павінен заўсёды мець добра арганізаванае, ўзброенае і экіпіраванае апаўчэнне, а таксама мець запасы неабходнай колькасці палатак, зброі, бояпрыпасаў і лагернай экіпіроўкі.

Ніякі Штат не павінен пачынаць вайну без згоды Кангрэса Злучаных Штатаў, акрамя сітуацыі, калі на Штат напалі ворагі альбо гэты Штат атрымаў звесткі, што нейкае племя індзейцаў плануе напасці на яго і небяспека настолькі непазбежна, што няма часу параіцца з Кангрэсам Злучаных Штатаў; таксама ніякі Штат не павінен адпраўляць у вайсковыя аперацыі якія-небудзь ваенныя караблі або даваць каперскае сведчанне ці ажыццяўляць карныя аперацыі, калі Кангрэс Злучаных Штатаў не аб'яўляў вайны якой-небудзь дзяржаве і яе жыхарам і не выдаваў адпаведных распараджэнняў, выключэннем з'яўляецца наяўнасць вялікай колькасці піратаў у Штаце, ў такім выпадку можна выкарыстоўваць ваенныя караблі пакуль пагроза не міне або пакуль Кангрэс Злучаных Штатаў не вырашыць спыніць аперацыю.

VII.

Калі нейкі Штат арганізуе сухапутныя войскі ў абарончых мэтах, усе афіцэры ў званні ніжэй за палкоўніка павінны быць прызначаны заканадаўчай уладай гэтага Штата ці іншым чынам, азначаным гэтым Штатам, і ўсе пасады ў войску павінны займаць людзі, якіх прызначае гэты Штат.

VIII.

Усе расходы на вайну і іншыя абарончыя расходы альбо расходы на забеспячэнне агульнага дабрабыту, якія атрымалі згоду Кангрэса Злучаных Штатаў, пакрываюцца з агульнага бюджэту, які фарміруецца з паступленняў розных Штатаў прапарцыянальна кошту зямлі ў кожным Штаце, што маецца ва ўладанні і спажыванні, а таксама будынкаў і камунікацый, згодна працэдуры ацэнкі, якую Кангрэс Злучаных Штатаў мусіць усталяваць і абнаўляць час ад часу.

Падаткі, адпаведныя гэтым прапорцыям, усталёўваюць заканадаўчыя ўлады Штатаў і час ад часу згаджаюць іх з Кангрэсам Злучаных Штатаў.

IX.

Кангрэс Злучаных Штатаў мае эксклюзіўнае права аб'яўляць вайну і мір, апрача сітуацый, узгаданых у шостым артыкуле, адпраўляць і прыймаць паслоў, заключаць пагадненні і саюзы, пры гэтым ніякае гандлёвае пагадненне не можа быць заключана на ўмовах, калі заканадаўчыя органы адпаведных Штатаў не могуць абкладаць мясцовымі падаткамі чужаземцаў або калі забараняюцца экспартна-імпартныя аперацыі з пэўным відам тавараў, усталёўваць парадак рашэння, якія захопы зямельных і водных рэсурсаў лічыць законнымі і якім чынам трафеі, захопленыя арміяй ці флотам Злучаных Штатаў, павінны быць падзелены ці размеркаваны, даваць каперскае сведчанне і санкцыі на карныя аперацыі ў мірны час, арганізоўваць суды па справах аб пірацтве і феланіі, адбыўшыхся ў міжнародных водах, і суды па разгляданню іскаў аб захопах, пры ўмове, што аніводзін член Кангрэса не будзе прызначаны суддзёй у адным з вышэй згаданых судоў.

Кангрэс Злучаных Штатаў павінен быць апошняй інстанцыяй па ўрэгуляванню ўсіх спрэчак паміж двумя ці больш Штатамі на прадмет мяжы, юрысдыкцыі ці чаго-небудзь яшчэ; рашэнні, прынятыя Кангрэсам павінны быць заўсёды выкананы. Калі заканадаўчая ці выканаўчая ўлада, ці іншы законны прадстаўнічы орган пэўнага Штата, маючы судовую спрэчку з нейкім іншым Штатам, падае петыцыю аб разгляданні гэтай спрэчкі ў Кангрэс, з тлумачэннем сутнасці спрэчкі і просьбай аб слуханні справы, Кангрэс уведамляе заканадаўчую ці выканаўчую ўладу Штата-адказчыка пра дзень, у які прадстаўнікі старон спрэчкі павінны сабрацца разам і скласці па ўзаемнай згодзе судовую камісію для разбіральніцтва сітуацыі, але, калі згоды па прызначэнню членаў судовай камісіі няма, Кангрэс складае спіс, у які ўваходзяць па тры кандыдата ад кожнага Штата ЗША і кожная з старон па чарзе закрэслівае па аднаму з кандыдатаў, пакуль колькасць прадстаўнікоў не будзе зніжана да трынаццаці, пры гэтым пачынаюць істцы, таксама не меньш за сем і не больш за дзевяць чалавек з гэтага спіса павінны быць выбраны жэрабям і асобы, абраныя такім чынам, або пяць чалавек з іх ліку павінны ўвайсці ў склад судовай камісіі для разбіральніцтва спрэчкі і прыняцця канчатковага рашэння, заўсёды рашэнне прыймаецца большасцю галасоў, а калі якая-небудзь з старон не з'явіцца на слуханне справы без тлумачэння прычыны, якая можа быць дастатковай для Кангрэса, альбо калі гэтая старана прысутнічае, але не згаджаецца вылучаць кандыдатаў, Кангрэс сам прызначае тры асобы з кожнага Штата, а сакратар Кангрэса выкрэслівае кандыдатаў замест стараны, якая адмовілася ці адсутнічала, а працэс разбіральніцтва і прыняцця рашэнняў прызначанай такім чынам судовай калегіі застаецца нязменным. Рашэнні такіх судовых калегій з'яўляюцца канчатковымі; калі якая-небудзь з старон адмаўляецца згадзіцца з ім ці мае намер абараняць свае інтарэсы па справе, суд усё роўна прымае рашэнне, якое з'яўляецца канчатковым; у любым выпадку матэрыялы слуханняў, разбіральніцтваў і прынятых рашэнняў перадаюцца Кангрэсу на захаванне ў якасці заканадаўчых актаў для бяспекі старон, прымаўшых удзел у разбіральніцтве: пры гэтым кожны дэлегат, перад тым як прыняць удзел у разбіральніцтве дае прысягу «правільна і справядліва разбіраць справу і прымаць найбольш справядлівае рашэнне, без прадузятасці і надзеі атрымаць узнагароду» на пасаду перад аднім з суддзяў Вярхоўнага суда Штата ці суда больш высокай інстанцыі таго Штата, дзе будзе праходзіць судовае слуханне, і той надзяляе яго паўнамоцвам, пры ўмове, што аніводзін Штат6 не згубіць тэрыторыю на карысць Злучаных Штатаў.

Усе супярэчанні наконт прыватных зямельных уладанняў, якія могуць мець месца паміж двумя ці болей Штатамі, калі некалькі Штатаў атрымалі на іх гэтыя землі юрысдыкцыю ад Штатаў, якія мяняюць межы сваёй тэрыторыі, акты бязвыплатнай перадачы такой юрысдыкцыі, як усе, так і любы з іх, які лічыцца асновай для ўсталавання такой юрысдыкцыі, перадаецца па просьбе адной з старон спрэчкі у Кангрэс Злучаных Штатаў для прыняцца канчатковага рашэння згодна вышэй апісанай працэдуры разглядання спрэчак тэрытарыяльнай юрыстдыкцыі.

Кангрэс Злучаных Штатаў мае эксклюзіўнае права на вызначэнне сплаву і кошту манет, якія чаканяць як па загаду Кангрэса, так і ў адпаведных Штатах, на вызначэнне стандартаў вагі і меры па ўсім Злучаным Штатам, на вядзенне гандлёвых і іншых зносін з індзейцамі, не жыхарамі якога-небудзь з Штатаў, пры гэтым не павінны парушацца законныя правы асобных Штатаў, на ўсталяване паштовай сувязі паміж Штатамі на ўсёй тэрыторыі Злучаных Штатаў і кіраванне ёй, а таксама на вызначэнне велічыні збораў на паслугі пошты, якія б пакрывалі яе расходы, на прызначэнне афіцэраў сухапутных войскаў на ўсёй тэрыторыі Злучаных Штатаў, акрамя узроўню палкоў і афіцэраў флоту і на кіраванне ўзбореннымі сіламі Злучаных Штатаў.

Кангрэс Злучаных Штатаў мае ўладу склікаць камітэт, які мусіць працаваць падчас перапынкаў працы Кангрэса, яго назва -- «Камітэт Штатаў», у яго склад будуць уваходзіць па аднаму з прадстаўнікоў ад кожнага Штата; а таксама арганізоўваць іншыя камітэты і прызначаць чыноўнікаў на пэўныя пасады для работы з паўсядзённымі пытаннямі жыцця Злучаных Штатаў. Таксама Кангрэс упаўнаважаны выбіраць аднаго з сваіх членаў як старшыню паседжанняў, але ніхто не павінен на працягу трох гадоў быць старшынёй больш за адзін год і вызначаць велічыню збораў, неабходных для работы адпаведных служб і аплаты дзяржаўных расходаў Злучаных Штатаў, браць грашовую пазыку і выдаваць векселя па крэдытам Злучаных Штатаў і перадаваць кожныя 6 месяцаў такія пазычаныя ці выдадзеныя грошы адпаведнаму Штату, будаваць і аснашчаць флот, вызначаць колькасць вайскоўцаў у сухапутнай арміі і патрабаваць ад кожнага Штата адпаведную колькасць людзей у армію, згодна вызначаным прапорцыям белага насельніцтва ў гэтым Штаце; такі набор у армію з'яўляецца абавязковым і заканадаўчыя органы кожнага Штата павінны прызначыць палкавых афіцэраў і даць вайскоўцам неабходнае ўзбраенне і амуніцыю за кошт Злучаных Штатаў, а афіцэры і саладаты з амуніцыяй і зброяй адправяцца на месца сваёй службы ў вызначаны час згодна распараджэнняў Кангрэса. Але калі Кангрэс Злучаных Штатаў вырашыць згодна склаўшымся абставінам, што трэба не праводзіць такія вайсковыя зборы у пэўным Штаце ці сабраць меньш людзей, чым адпавядае квоце гэтага Штата, ці больш людзей чым патрабуе квота, то так і павінна быць, калі толькі улада Штата не палічыць немагчымым сабраць і ўкамплектаваць зброяй і амуніцыяй дадатковую колькасць салдат; у такім выпадку Штат адпраўляе ў армію столькі людзей, сколькі яго ўлады палічаць магчымым. Пасля гэтага афіцэры і саладаты з амуніцыяй і зброяй адправяцца на месца сваёй службы ў вызначаны час згодна распараджэнняў Кангрэса.

Кангрэс Злучаных Штатаў ніколі не павінен пачынаць вайну ці даваць каперскія сведчанні ў час міру, а таксама заключаць саюзы і пагадненні, выпускаць у абарот грошы, змяняць вартасць грошай, вызначаць зборы, неабходныя для абароны і развіцця ўсіх Злучаных Штатаў ці якога-небудзь з іх, браць пазыкі, выдаваць крэдытныя білеты, забіраць грошы ў бюджэт, вызначаць колькасць ваенных караблеў, якія трэба пабудаваць ці купіць, і колькасны склад сухапутных і марскіх войскаў і прызначаць камандуючых арміі і флоту без згоды не меньш чым дзевяці Штатаў, а таксама вырашаць якія-небудзь яшчэ пытанні, акрамя працягласці паседжанняў, калі на гэта няма згоды большасці Штатаў.

Кангрэс Злучаных Штатаў мае ўладу збірацца для сесіі паседжанняў на працягу года ў любым месцы ў Злучаных Штатах, пры гэтым працягласць сесіі не павінна быць больш за шэсць месяцаў і штомесячна павінен публікавацца журнал паседжанняў, у якім даецца справадзача аб усіх пытаннях, што разглядаў Кангрэс, акрамя матэрыялаў па заключаным саюзам, пагадненням і ваенным аперацыям, наколькі яны патрабуюць сакрэтнасці, таксама галасаванне дэлегатаў Штатаў «за» і «супраць» па кожнаму пытанню павінна заносіцца ў такі журнал, калі таго пажадаюць усе дэлегаты ці некаторыя з іх, за выключэннем вышэй згаданых сітуацый; журнал заховаецца як дакумент, да якога могуць звяртацца органы ўлады асобных Штатаў.

X.

Камітэт усіх Штатаў або дзевяці з іх мае тыя ж паўнамоцтвы, што і Кангрэс, калі апошні знаходзіцца на канікулах паміж сесіямі паседжанняў, пры ўмове, што дзевяць Штатаў згодны на яго дзейнасць і што гэты Камітэт не атрымоўвае ніякай улады прыймаць рашэнні, якія абавязкова патрабуюць, згодна гэтым Артыкулам Канфедэрацыі, дазвол дзевяці Штатаў.

XI.

Канада можа ўвайсці ў склад канфедэрацыі, далучыўшыся да Злучаных Штатаў, і карыстацца ўсімі магчымасцямі, якія дае гэты Саюз, але ўваход якой-небудзь іншай калоніі магчымы толькі з дазволу дзевяці Штатаў.

XII.

Усе крэдытныя білеты, якія выпускаюцца ўладай Кангрэса, а таксама грошы, пазычаныя ад імя Кангрэса Злучаных Штатаў у згодзе з канфедэрацыяй, разглядаюцца як плацежны абавязак, які Злучаныя Штаты ўрачыста прысягаюць вярнуць і выплаціць.

XIII.

Усе Штаты павінны выконваць распараджэнні Кангрэса па ўсім пытанням, якія канфедэрацыя перадала ў веданне Злучаных Штатаў. І кожны Штат абавязаны непарушна выконваць гэтыя Артыкулы Канфедэрацыі, а Саюз павінен быць вечным; нельга ўносіць якія-небудзь папраўкі ў гэтыя артыкулы без атрымання згоды Кангрэса Злучаных Штатаў і паследуючага зацвярджэння змяненняў заканадаўчымі ўладамі кожнага Штата.

І паколькі Вялікаму Ўладару свету было заўгодна схіліць сэрцы кіраўніцтваў Штатаў, якія мы адпаведна прадстаўляем ў Кангрэсе, падтрымаць вышэй названыя Артыкулы Канфедэрацыі і вечны Саюз і ўпаўнаважыць нас ратыфікаваць іх, хай будзе вядома, што мы, дэлегаты, якія падпісаліся ніжэй згодна атрыманым на гэта паўнамоцтвам, ад імя сваіх выбаршчыкаў поўнасцю ратыфікуем і зацвярджаем кожны з Артыкулаў Канфедэрацыі і вечны Саюз, і ўсё, аб чым гаворыцца ў гэтым дакуменце. Таксама мы даем урачыстую прысягу ад імя нашых выбаршчыкаў, што яны будуць падпарадкоўвацца рашэнням Кангрэса Злучаных Штатаў па ўсім пытанням, якія канфедэрацыя перадала ў веданне Злучаных Штатаў. І кожны Штат, які мы прадстаўляем, абавязаны непарушна выконваць гэтыя Артыкулы Канфедэрацыі, а Саюз павінен быць вечным

У сведчанне гэтага мы ставім тут, у Кангрэсе, свае подпісы. Дакумент складзены ў Філадэльфіі ў Штаце Пенсільванія ў дзявяты дзень ліпеня адна тысяча семсот семдзясят восьмага года ад нараджэння Госпада або ў трэці год незалежнасці Амерыкі7.
1Слова articles у падобных сітуацыях звычайна азначае «дагавор, пагадненне», але літаральны пераклад «артыкулы» з'яўляецца традыцыйнай назвай гэтага дакумента. (заўвага перакладчыка)
2Найбольш удалым перакладам слова state ў гэтым выпадку з'яўляецца «дзяржава», але традыцыйна ў гэтым кантэксце яго перакладаюць «штат» (частка дзяржавы), хоць гаворка ў дадзеным дакуменце ідзе яшчэ не пра сучасную федэратыўную дзяржаву ЗША, а пра Канфедэрацыю -- саюз незалежных дзяржаў. (заўвага перакладчыка)
3Тры катэгорыі злачынстваў пералічаны ад больш цяжкага да меньш цяжкага. (заўвага перакладчыка)
4У гэтай сітуацыі слова state лепш перадаецца словам «дзяржава», бо гаворка ідзе не аб штатах ЗША, а аб замежных кранах (заўвага перакладчыка).
5Альбо «Князя» (заўвага перакладчыка)
6Або «аніводная дзяржава» (заўвага перакладчыка)
7Дакумент пачаў дзейнічаць пасля ратыфікацыі штатам Мэрылэнд 1 сакавіка 1781 г.

14.04.2014

Рэшткі мінулага ў сучасным горадзе

Я працаваў на вул. Сядова ў гімназіі 25 ў 2007-08 гг., і ведаў, што яе будынак стары, але не звяртаў увагі на дробныя дэталі якія хавае і гэта вуліца, і ўвесь раён ўздоўж Партызанскага праспекта паміж станцыямі метро "Аўтазаводская" і "Магілёўская". Неяк выпадкова я заўважыў адпачываючы ля пясочніцы рэшткі старой сцяны паміж былым домам 5 (які больш не выкарыстоўваецца) і былым домам 5а (які стаў домам 5) па вул. Сядова. Цёмна-чырвоная цэгла сцяны нагадала мне тое, што я бачыў у Печах -- на вул. Сярэбрэнікава ў Бырысаве: такі ж колер і від мела цэгла фундамента дамоў 1935-36 гг.
Я разумею, што старая чырвоная цэгла не абавязкова павінна быць рэшткамі даваеннай забудовы Мінска, але калі гэта нават было пабудавана і ў 1950-я гг. -- гэта ўсё роўна той стары Мінск, які саступіў месца новаму.
Падобная цэгла ў падмурку сустракаецца ў практычна кожным 2-4 павярховым будынку азначанага раёна, ў тым ліку і ў суседнім будынку 25-й гімназіі, якая "пераехала" ў яго ў 1958 г., але ёсць магчымасць, што некаторыя рэшткі вулічнай забудовы адносяцца да больш ранняга часу.
Аб гэтым маё невялічкае аматарскае відэа. Прашу прабачэння за якасць і спадзяюся, што нейкі ўнёсак у вывучэнне гісторыі горада яно прынясе.
Відэа здымалася 13.04.2014 г.

10.04.2014

Тэракт у мінскім метро 11 красавіка 2011 г.

Я не быў на месцы здарэння, калі адбыўся самы вядомы пакуль у Беларусі тэракт, але мае ўспаміны аб гэтай падзеі могуць каму-небудзь дапамагчы скласці поўную гістарычную панараму трагэдыі 11 красавіка 2011 г. Пастараюся перадаць дэталі таго, што памятаю, як мага дакладней.
Перад выбухам
Я працаваў выкладчыкам англійскай і перакладчых дысцыплін у Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці. У гэты дзень у мяне павінна была быць адна пара англійскай з 17.00 па 18.20 на сёмым паверсе. Я прыйшоў загадзя, але ніхто з маіх "турыстаў" на пару так і не з'явіўся.
А справа была ў тым, што ўвосень 2010 г. знешняя камісія праверыла гэты 3-і курс спецыяльнасці "турысцкая дзейнасць" і вынесла вердыкт: закрыць яе па прычыне недастатковай кампетэнтнасці навучэнцаў. Паляцелі галовы, мая загкафедрай В. Г. Захарава была знята з пасады (але пакінута ў вну як прафесар). Спрабавалі і мне "шыць справу" за тое што на 2-м курсе я карыстаўся не прадугледжаным праграмай падручнікам і дазваляў розныя адступленні ад праграмы ў іншых групах, але на атэстацыі нашай кафедры я адказаў, што дзейнічаў у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі рынка працы, ў прыватнасці агенцтваў па перакладу, і мяне пакінулі непакарным. Было вырашана размеркаваць "турыстаў" 1-3 курсаў на іншыя спецыяльнасці, і мае трэццякурснікі згадзіліся перайсці на аналагічную спецыяльнасць на завочку ў верасні 2011 г. І напярэдадні гэтага масава пачалі шукаць работу. 2-3 афіцыйна атрымалі дазвол дэканата на індывідуальны графік заняткаў, а астатнія проста папрасілі мяне дазволіць ім хадзіць на работу і прыходзіць толькі на некаторыя заняткі пры ўмове, што ўсе робяць тыя ж практыкаванні дома і 2-3 чалавека абавязкова прысутнічаюць на кожным занятку.
Я патэлефанаваў адной з студэнтак і папрасіў каб хто-небудзь прыйшоў на пару. Яна адзванілася праз некалькі хвілін і сказала, што ніхто з тых, каму яна дазванілася, не можа прыйсці і яе саму з работы не адпускаюць. Сітуацыя была няпростай. Кожную хвіліну з пятага паверха з праверкай маглі падняцца дэкан ці намдэкана. Першае было горш, другое крыху лепш, бо намдэкана наглядала ў той час за нашай кафедрай замест змешчанай В.Г. Захаравай і ёй было лягчэй патлумачыць сітуацыю, хоць і самому дэкану пры ўсёй яго звонкавай суровасці можна было растлумачыць усё, як гэта было ў некаторых іншых праблемных сітуацыях. Але ўсё роўна атрымаць ад начальства "шышкі" за няяўку студэнтаў не хацелася.
Я пачакаў да 17.20. Калі б у мяне тады быў партатыўны камп'ютар, я б заняўся пісанінай, якой заўсёды хапала, але камп'ютар ў біібліятэцы быў недаступны з 17.00, калі яна зачынялася. Проста сядзець у аўдыторыі і разбіраць свае паперкі абрыдла, і я махнуў рукой на магчымыя "санкцыі" начальства і пайшоў дадому.
На вуліцы быў прыгожы цёплы красавіцкі вечар. Магчыма мае прагульшчыкі не столькі сядзелі па офісах, сколькі гулялі па сонечным вуліцах, але хіба гэта праверыш? У метро я хутка даехаў да "Кастрычніцкай", а адтуль і да свайго "Усходу". Заўсёды гэта займала каля 20 хвілін, таму калі на "Кастрычніцкай" выбухнула, я ўжо купляў адаптар для свайго камп'ютара ў краме ля станцыі метро.
Пасля выбуху.
У пачатку сёмай гадзіны мне на гарадскі тэлефон з Барысава пазваніла мама:
-- Сынок, з табой усё ў парадку?
-- Так, усё нармальна.
-- На "Кастрычніцкай" быў выбух, хтосьці загінуў, толькі што перадавалі навіны. Я так хвалявалася за цябе -- і маці заплакала.
Мы з жонкай уключылі навіны. Гаворылася пра магчымы тэракт, што дакладна вядома пра аднаго загінуўшага пры выбуху. Але інфармацыі было не шмат.
Патэлефанаваў знаёмы з нашай рэлігійнай абшчыны. Пацікавіўся ці ўсё добра з намі. Трэба зазначыць, што ў нашай абшчыне ёсць наладжаная сувязь узаемнай дапамогі: калі адбываюцца надзвычайныя здарэнні, за некаторымі людзьмі размеркавана па некалькі тэлефонных нумароў, дзякучы чаму атрымоўваецца хутка абзваніць усіх, папярэдзіць па які-небудзь ураган ці даведацца каму патрэбна дапамога. Вось я і абзваніў людзей, якія былі ў маім спісе. Ніхто з іх не пацярпеў. (Пазней я даведаўся, што адна мая знаёмая была сур'ёзна паранена ў нагу і год не магла хадзіць, а дзве мае студэнткі-перакладчыцы наглыталіся дыму і некалькі тыдняў ляжалі ў бальніцы). Памятаю, што аператар МТС дрэнна працаваў у той вечар, а Вэлком нармальна, але асноўная частка людзей з майго спісу была на МТСе, таму па перагружанай лініі было цяжка дазваніцца.
Наступны дзень.
Наступным ранкам, як і пасля выбуху, метро не працавала. Мне трэба было ехаць на пару да 13.00. Вырашыў паехаць аўтобусамі ў 12.00. Купіў талончыкі, бо звычайна наземным транспартам не карыстаўся і меў праязны толькі на метро. Толькі ў аўтобусе я пацягнуўся да кампосцера з талонам, як адзін мужчына апярэдзіў:
-- Не трэба, праезд бясплатны.
-- Ну дык добра, -- падумаў я -- хоць не губляю грошы.
Калі аўтобус праходзіў ля Нацыянальнай бібліятэкі, я заўважыў, што ля рэстарана "Мегаполіс" ў будынку Бібліятэкі стаіць "хуткая дапамога". Я не памятаю, ці гаварыў хто-небудзь, што непадалёк на Маскоўскім аўтавакзале адбыўся новы выбух, але чамусьці складалася ўраджанне, што так і было. Тым не меньш, ніякіх прызнакаў гэтага не было бачна на аўтавакзале з боку праспекта Незалежнасці.
На плошчы Перамогі я перасеў на 18-ы аўтобус. Звычайна, гэты маршрут мае асацыяцыю ў мінчан з псіхбальніцай у Навінках, але мне трэба было на яго супрацьлеглы канцавы пункт: чыгуначная станцыя "Мінск-Усходні". Калі ехаў, была адна думка: магу спазніцца, бо дрэнна падлічыў час на дарогу. Але суцяшаў сябе, што тэракт спіша маё спазненне, і начальства мне не прапіша іжыцу за гэта.
У аўтобусе адна жаншчына гадоў 50 громка заяўляла (па руску):
-- Гэты тэракт зрабіў Лукашэнка і яго банда!
Дарэчы, ніхто не спрачаўся з ёй і не спрабаваў яе затрымаць і выклікаць міліцыю. Яна спакойна выйшла на сваім прыпынку.
На канцавым я хуценька пабег на пешаходны мост праз чыгунку. У мяне заставалася хвілін 5 да пары. Пакуль бег па мосціку была думка, што жыццё перастае быць манатонным. Як бы гэта цынічна не было, але той факт, што дзесьці побач небяспека і грымяць выбухі, рабіў жыццё больш цікавым. Ва ўсялякім разе страх і разгубленасць я не адчуваў увогуле.
З мосціка да майго вну на вуліцы Серафімовіча было рукой падаць і за тры хвіліны да пары я ўжо быў ля дошкі раскладу заняткаў на пятым паверсе. Тут стаялі некалькі студэнтаў-перакладчыкаў, якім я калісьці выкладаў.
-- Андрэй Валер'евіч, што гэта адбываецца? -- разгублена запытала адна з іх, Алена Шчукіна.
-- Здаецца, быў выбух яшчэ і на Маскоўскім аўтавакзале, -- адказаў я.
Мы пагаварылі яшчэ пару хвілін. Я спазняўся, але трэба было неяк падбадзёрыць сваіх былых студэнтаў. Потым зайшоў у сваю аўдыторыю, здаецца, на тым жа паверсе.
--Дзякуй Богу! -- з палёгкай казала адна з студэнтак, калі я зайшоў.
Я, здаецца, штосьці пажартаваў у адказ. Мы пачалі пару, але час ад часу вярталіся да тэракта. Я ўсё думаў, ці сапраўды ўзарвалі Маскоўскі вакзал, выйшаў на хвіліну і патэлефанаваў жонцы, якая сядзела дома ў дэкрэце з нашым старэйшым сынам
-- Нічога такога не чула, -- адказала яна.
Пазней у той дзень яна сапраўды пабачыла надзвычайнае здарэнне і патэлефанавала мне: на яе вачах маленькага хлопчыка ў суседнім двары збіў аўтамабіль і цяжка параніў яго.
Не памятаю, ці пачалася мая другая пара ў 14.30 альбо ў 15.00 бо не памятаю, калі ў інстытуце ўвялі вялікі перапынак. Як бы тое не было але першай на пару прыйшла дзяўчына з дрэдлокамі (не памятаю яе імя, можа, Таццяна) і казала з усмешкай:
-- Зараз ехала на метро, дык амаль нікога ў вагонах няма.
Метро сапраўды працавала, і дамоў я ехаў з большым камфортам. Толькі ўваход на кожную станцыю ахоўвала міліцыя, нават 1-2 аўтаматчыка. Ішоў суцэльны дагляд рэчаў кожнага пасажыра і праход праз металашукальнік ці агляд з ручным металашукальнікам. Гэта стала рэаліяй метрапалітэна на некалькі дзён. Потым праверкі сталі выбарачнымі, але з гэтага часу міліцыя дзяжурыла на ўсіх масавых мерапрыемствах, а на кожнай станцыі метро стаіць чалавек з ручным металашукальнікам і правам даглядаць рэчы падазроных пасажыраў. Таксама яшчэ некалькі тыдняў не працавала Кастрычніцкая (але ад плошчы Перамогі да плошчы Незалежнасці хадзіў спецыяльны аўтобус і я хутка дабіраўся да другой лініі метро) і некаторы час на ўсіх станцыях адсутнічалі лаўкі (каб ніхто не падклаў новую бомбу).
Жыццё пасля атакі на метро.
Я заўсёды ведаў, што Беларусь мірная краіна да пары да часу, і тэракты ў Мінску ў 2008 і 2011 гг. мяне не здзівілі. Але для некаторых гэта стала сапраўдным шокам. Я ведаў двух розных маладых людзей, якія баяліся ездзіць на метро пасля выбуху, хоць падас яго там не былі. (Здаецца адзін з іх потым карыстаўся метрапалітэнам)
Не магу не пракаментаваць наконт так званых рэпрэсій супраць прыватных вну, бо ІПД быў адзін з іх. Справа ў тым, што сяброўка галоўных фігурантаў справы аб тэракце была студэнткай прыватнага вну і прэзідэнт Беларусі загадаў правесці праверку дзейнасці ўсіх прыватных інстытутаў і ўніверсітэтаў краіны.
Магу сказаць адразу, што закруціць гайкі больш, чым было закручана, начальства проста не магло. Знешнія праверкі? А нам і ўнутраных хапала па горла. Не выходзіць з аўдыторыі падчас пары, нават у туалет? Гэта заўжды патрабавалі. Не курыць на тэрыторыі вну і побач з ім? І гэта заўжды патрабавалі. Пагроза закрыцця інстытута? Ёй даўно ўжо пужалі.
Жорсткія ўмовы працы былі, на мой погляд, звязаны не столькі з спробамі ўрада разбрацца з вну сколькі з унутранай палітыкай самога інстытута. І апошняя караніліася не ў ідэалогіі, а ў камерцыі: калі падначалены кругом вінаваты (а хто хоць раз не спазняўся на пару ці не хадзіў пісаць падчас заняткаў?), яго лягчэй прымусіць штосьці зрабіць, напрыклад, наша кафедра, ў тым ліку Ваш пакорны слуга, бясплатна перакладала дакументы для дэканата і рэктарата. Таксама заўжды вінаватага лягчэй пазбавіць прэміі або не заплаціць за дадатковую работу. Памятаю, як увесь час меў праблемы з аплатай звышурочных гадзін, бо за пераэкзаміноўку студэнта мне палагаліся дадатковыя 0,4 акадэмічнай гадзіны, а за паўторнае прыняцце заліка -- 0,3. Адна гадзіна пагадзінкі каштавала 10000 руб. І за кожнага студэнта так атрымоўваецца 3-4 тыс. Але табе іх не даюць, бо 5-7 гадзін -- гэта мала, каб паперу пераводзіць, а яшчэ трэба сабраць подпісы і ўсё распісаць як трэба ў трох экземплярах. У 2011-12 навуч. годзе я сабраў 7 гадзін такіх пераэкзаменовак, прынёс роднаму вну, па маіх падліках да 500 тыс. рублёў і атрымаў па шыі за тое, што ў адной групе завочнікаў непадрыхтаваных студэнтаў аказалася 12 з 16, і яны атрымалі "незалік". Вось іду афармляць "трафей" у вучэбна-метадычны аддзел.
-- Навошта пераводзіць паперу на такую невялікую колькасць гадзін? -- незадаволена пытаецца загадчыца аддзела.
-- А можна я тады пару прагуляю? -- з кпінай пытаюся ў адказ.
-- Добра, заплацім Вам, -- адказала яна, паглядзеўшы ў мае дзерзкія вочы. І заплацілі. А многім такі адказ пра паперу быў дастатковым, і іх грошыкі ішлі... думаю, на мадэрнізацыю вну.
Але быў адзін інцыдэнт, які меў нейкую сувязь з тэрактам. У маі ў нас з'явілася новая загадчыцца кафедры, а ў чэрвені яна праводзіла апошняе паседжанне 2010-11 гг. І ўрачыста кафедра адпраўляла на пенсію Ларысу Максімаўну Жывіцкую, якая працавала практычна з заснавання вну ў 1992 г. Калі новая загадчыцца перадала падарунак на памяць за добрую працу на кафедры, пані Жывіцкая адказала:
-- Я пакідаю кафедру, бо мяне дапёк дрэнны стасунак кіраўніцтва інстытута да супрацоўнікаў.
-- Не трэба аб гэтым, калі ласка, -- папрасіла загадчыца.
-- Трэба. Я пакідаю кафедру ў знак пратэсту.
Пасля паседжання я падыйшоў да яе і падзякаваў за смеласць. Не магу сказаць, што шчыра, але хацелася казаць ёй штосьці харошае. Пазней яе сяброўка агучыла іншым супрацоўнікам што адбылося паводле слоў Л. М. Жывіцкай.
У дзень, калі адбыўся выбух, яе група перакладчыкаў пісала тэст апошняй парай. На сваю бяду адна дзяўчына напісала раней за іншых, паехала дадому, патрапіла пад бомбу, і, як я ўжо пісаў, наглыталася дыму. А паколькі настаўнік заўсёды вінаваты, то вінаватай аказалася дацэнт Жывіцкая. Праз некаторы час ёй патэлефанавала прарэктар па ідэалогіі і выхаваўчай рабоце Ала Леанідаўна Барчук і запытала:
-- Што адчувае чалавек, які адпраўляе дзяцей на смерць?
-- Ну судзіце мяне, --адказала Жывіцкая.
Прарэктар кінула трубку. Абурыўшыся, Ларыса Максімаўна напісала заяву на звальненне.
Наколькі ўсё так і было судзіць не буду, але, здаецца, больш ніякіх ахвяр "рэпрэсій" супраць прыватных вну ў нас не было. Калі б было, я б пачуў аб гэтым: інстытут маленькі, супрацоўнікаў каля сотні.
Хто ж мог такое зрабіць?
Жаншчына, якая крычала ў аўтобусе, што тэракт зрабіў Лукашэнка, выказала даволі распаўсюджаную думку, якая стаіць на простым лагічным пастулаце: " А хто ж яшчэ, акрамя яго,ў нашай Беларусі здольны на такое?". Я сур'ёзны гісторык, а не аматар танных сенсацый, як маглі заўважыць мае пастаянныя чытачы. Паколькі няма ў шырокім доступе дакументаў і матэрыялаў па справе супраць Канавалава і Кавалёва, якіх судзілі і расстралялі па абвінавачванню ў гэтым і некаторых іншых тэрактах, я не магу аўтарытэтна заявіць, хто гэта зрабіў і даказаць якую-небудзь версію. Таму ўстымліваюся ад спекуляцый і разважанняў аб тэракце 11 красавіка 2011 г.
Трэба дадаць, што адзін замежны бізнесмен, знаёмы маёй сям'і, летам таго ж года заяўляў мне, што быў у інтэрнет-кафе "Белтэлекома" ля ст. м. Кастрычніцкая перад выбухам і бачыў у двары дд. 10 і 12 па вул. Энгельса мноства машын "хуткай дапамогі". Але я яму не веру. Па-першае, я яго ведаю, як аматара распавядаць байкі пра сваё жыццё. Яго паслухаць, дык ён увесь час сутыкаецца з крымінальнымі элементамі ў Мінску, як быццам тут Гарлем, і ўвесь час б'е ім твар ці камп'ютары, а міліцыя нічога яму зрабіць не можа. Па-другое, калі сурёзная спецслужба плануе тэрарыстычны акт, у падрыхтоўцы ўдзельнічае некалькі чалавек, ніякай дакументацыі не вядзецца, і ніякія машыны пажарнікаў ці "хуткай дапамогі" не заганяюцца загадзя ў суседнія двары, бо тады будзе надта шмат сведкаў таго, што штосьці такое планавалася (а калі ў справе замешаны дзясяткі ці сотні людзей, утрымаць яе сакрэтнай проста не магчыма).
І яшчэ расстаўлю кропкі над "і". Я палітычна нейтрален, пішу ўсё гэта проста з цікаўнасці да гісторыі і не стаўлю мэтай кагосьці асудзіць ці апраўдаць. Я з павагай стаўлюся да дзяржаўнай улады ўвогуле, як гаранта некаторай стабільнасці, але пры гэтым не падтрымліваю якую-небудзь палітычную плыню. Асцярожнасць, з якой я выкладаю ўсе гэтыя звесткі звязана не з жаданнем пазбегнуць рэпрэсій (бо ўсё, што мне пагражае за выпады супраць улады -- гэта штраф ці 15 сутак, па першаму можна атрымаць кампенсацыю ў нейкіх апаізцыйных структур, калі напісаць слезлівую заяву аб тым, як мяне за праўду пакрыўдзілі, а другім мяне не напужаеш), а з жаданнем заставацца максімальна аб'ектыўным, наколькі я гэта магу зрабіць як недасканалы чалавек.
Цяпер да пытання, хто здольны у Беларусі рабіць тэракты. Сапраўды, буйныя палітычныя арганізацыі проста не зацікаўлены ў тэрарызме, бо за выбухі 11 красавіка 2011 і 3 ліпеня 2008 г. іх бы чакаў поўны разгром пад апладысменты шырокай грамадскасці. Але да тэрактаў могуць быць здольны і невялікія групы радыкалаў, якія прытрымліваюцца пэўных палітычных перакананняў, але не прадстаўляюць якую-небудзь палітычную партыю (хоць могуць быць яе членамі). Магчымы і сцэнар крымінальнай ці нават пабытовай разборкі "пад тэракт": узарвалі канкурэнта або палюбоўніка жонкі і напісалі на суседняй сцяне што-небудзь накшалт "Бі жыдоў!" ці "Жыве Беларусь!" альбо "Свабоду папугаям!"
Разгледзім толькі адну хвалю палітычнай барацьбы радыкалаў: рускія нацыяналісты супраць "Анціфа". Аднойчы я ўбачыў у пад'ездзе аднаго з карпусоў жылога дома па Русіянава 5 мемарыяльную дошку з надпісам "Тут быў жорстка забіты такі і такі, у такі і такі дзень 2000 г. Вечная памяць герою, які паў за веру і Бацькаўшчыну" (надпіс па руску). Я запытаў чалавека, што заходзіў у блок кватэр, ля дзверы якога была прыбіта дошка:
-- А хто гэта быў такі?
-- А гэта верхавод Рускага нацыянальнага адзінства.
Пытанне ўсім: калі гэтага "верхавода" сапраўды забілі за нацыяналізм, а не за кіданне бізнес-партнёраў ці празмерны інтарэс да чужой жонкі, чым гэта не тэракт? Ці тэракт -- гэта толькі выбух бомбы? Калі слова "тэрарызм" мае корань, значэнне якога "жах", то ідэя тэррарыстычнай барацьбы менавіта ў тым каб запугаць каго-небудзь, а не проста знішчыць ворага. У такім выпадку забойства аднаго нацыяналіста было пасылам астатнім з боку апанентаў: змоўкніце, бо і вас так пераб'ем.
У 2011-12 нав. годзе ў мяне быў студэнт з фанатаў "Дынама". Я казаў яму пра гэту дошку і ён адказаў:
-- Я яго ведаў.
-- А колькі такіх забойстваў яшчэ было?
Ён падумаў і адказаў:
-- Выпадка чатыры.
Калі б хлопец адразу казаў 20, я б не паверыў, але 4 забітых нацыяналіста за некалькі гадоў -- гэта чатыры ціхіх тэракта. Зразумела, кожны асобны выпадак павінна разглядаць не толькі з палітычнай версіяй, але з магчымасцю "пабытавухі". Але гэта сітуацыя ўсё роўна сведчыць аб наяўнасці ў соцыуме людзей, здольных шарахнуць бомбай па тым, каго ненавідзяць.
Час ад часу ў СМІ з'яўляецца інфармацыя аб тым як то нейкі анархіст кінуў "молатава" ў будынак КДБ у нейкім правінцыяльным горадзе, то ў Гомелі забілі турка (праўда мне дакладна невядома ці па расавым прычынам, ці не). Гэта ўсё было і да тэракта ў метро, але разглядалася толькі як злостнае хуліганства. Але і цяпер, пасля таго як выбух забраў жыццё 15 чалавек, грамадства па-ранейшаму не заўважае радыкалізацыі моладзі, часткова таму, што тэракт у пабытовым уяўленні -- гэта заўсёды выбух. Тым не меньш, большасць беларусаў ужо не лічыць тэрарызм немагчымай пагрозай для краіны.
Зразумела, гэты экскурс ніяк не дапаможа адказаць на пытанне, ці сапраўды тэрарыст з маніякальнымі схльнасцямі ўзарваў метро. Але, як я пісаў вышэй, я не спрабую даказаць якую-небудзь версію прычыны гэтага здарэння з-за адсутнасцю адпаведных матэрыялаў у шырокім доступе і жадання займацца разумовай жуйкай.
Эпілог.

Я не раз заўважаў, што самы каштоўны матэрыял для даследчыка, апрача дакументаў, гэта ўспаміны тых, хто піша пра падзею як быццам між іншым. Я спрабаваў напісаць аб гэтай трагедыі менавіта з пазіцыі пабытовага назіральніка і пры гэтым памятаць, якія праблемы для гісторыкаў узніклі ў сувязі з палітычнымі спекуляцыямі над тэрактам і яго наступствамі. Наколькі ў мяне атрымалася, судзіць чытачам...

***

У 2021 г. ахвяры тэракта ў метро мелі права на пазачарговае абслугоўванне ў паліклініцы, хоць мінула 10 год.

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць