Навошта гісторыкам ашукваць народ?
Гісторыкі радуюцца, калі знаходзяць інфармацыю па тэме, якую даследуюць. Але проста прачытаць дакумент не значыць знайсці адказ на свае пытанні. Як матэрыялы з непасрэдным апісаннем з'явы, падзеі і г.д. складзеныя ў адпаведны перыяд гісторыі (першакрыніцы), так і гістарычныя даследаванні, якія змяшчаюць апісанне і трактоўку першакрыніц напісаны людзьмі, якія маглі мець даволі неаб'ектыўныя погляды на даследуемую з'яву. Гісторык, як і кожны іншы чалавек, можа або схлусціць, або банальна памыліцца.
Многія звяртаюцца да падману па розных прычынах. Нярэдка за гэтым стаяць патрэбы ў грошах, прызнанні, часам, у асабістым перакананні ашуканца.
Без грошай чалавек, які займаецца гісторыяй ці іншай навуковай, выкладчыцкай або публіцыстычнай дзейнасцю, павінен думаць, дзе дастаць сродкі да існавання. Пры гэтым, ва ўмовах жыцця, маўляў, у Беларусі, такі спецыяліст хоча кожны дзень есці мяса, час ад часу дазваляць сабе тэхнічныя і іншыя навінкі і хоць бы раз на год ездзіць адпачываць не на дачу.
Часам гэта выліваецца ў адыход ад прафесійнай навукі (гісторык зарабляе грошы іншым рамяством, а ў вольны час чытае, піша, вядзе блог, крэмзае камянтары на форумах па сваёй стыхіі), але часцей у падпарадкаванні існуючым правілам гульні ў той ці іншай суполке. Гісторык (ці іншы спецыяліст) павінен гуляць паводле правілаў сваёй каманды і прызнаваць «зоны па-за крытыкай» гэтай каманды. Калі каманда лічыць, да прыкладу, што ўсе імігранты нягоднікі, то ён вымушаны абыходзіць увагай факты, якія аправяргаюць гэты «дагмат», або пісаць пра іх з выкарыстаннем прыёмаў фальсіфікацыі.
Тыя ж матывы рухаюць тымі, хто шукае прызнання. Напрыклад, доўгі час я не мог зразумець чаму ў некаторых амерыканскіх фільмах рускія (ці савецкія) выглядаюць настолькі карыкатурна, бо для звычайнага галівудскага рэжысёра няма праблемы знайсці патрэбнага эмігранта, які за пару даляраў дапаможа прадставіць рускіх, таджыкаў і яшчэ каго заўгодна як яны ёсць. Але карыкатурны вобраз рускага адпавядае ўяўленням сярэднестатыстычнага амерыканскага гледача і рэжысэр паміж праўдай і грошамі выбірае апошняе. Таму на Захадзе бывае мышыная валтузня з нагоды таго, ці варта ўжываць фразы «мама» і «тата», калі ёсць гамасэксуальныя шлюбы (хоць многае ў гэтым плане моцна перабольшваецца ў краінах былога СССР), а ў шэрагу краін былога СССР наадварот модна лаяць гомасэксуалістаў . Таму нярэдка гісторык адчувае, што павінен падфарбаваць факты і высновы, каб патрэбныя «таварышы» слухаючы або чытаючы ухвальна ківалі галавой. Пад «таварышамі» я маю на ўвазе не толькі і не столькі рознае начальства (іх, дарэчы, не так цяжка ў чымсьці пераканаць), колькі патэнцыяльных слухачоў ці чытачоў гістарычнага інфармацыйнага прадукту.
Асобная група ашуканцаў - тыя, хто выдае жаданае за сапраўднае, каб дагадзіць асабістым перакананням, незалежна ад таго, папулярна гэта ці не. Гэта і тыя, хто абараняюць «ліпавыя» дысертацыі з фальсіфікаванымі данымі, каб даказаць свае загадзя ілжывыя высновы. Гэта і гісторыкі пэўнай палітычнай загартоўкі, з жыццёвым прынцыпам «мэта апраўдвае сродкі».
Няма патрэбы казаць, што фальсіфікатары разумеюць слабыя месцы сваіх канцэпцый і, калі гаворка ідзе толькі пра грошы і прызнанні, нават не вераць у тое, што кажуць і пішуць. Калі толькі яны не закаснелі ў нейкіх забабонах. Але справа ў тым, што свядомых фальсіфікатараў адносна не шмат. Большасць навукоўцаў і калянавуковых мужоў проста вераць у пэўныя рэчы не паглыбляючыся ў сутнасць. Адзін з такіх гісторыкаў савецкай эпохі аднойчы сказаў на лекцыі: «Калі дазволілі думаць, я прыйшоў да высновы ...». Гэта значыць, што да моманту таго дазволу ён не проста маўчаў, а мяркуючы па ўсім не паглыбляўся у нейкія рэчы, аб якіх было забаронена думаць.
Метады, спосабы і прыёмы фальсіфікатараў
Адмаўленне фактаў. Да гэтага звяртаюцца не часта: інфармацыя становіцца ўсё больш лёгкадаступнай, але ўсё ж гэтым карыстаюцца несумленныя гісторыкі і іншыя спецыялісты. Аднойчы, здаецца у 2007 г., але дакладна ўжо не памятаю, у секцыі філолагаў я ўдзельнічаў у навукова-практычнай канферэнцыі факультэта міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта. У той жа секцыі выступіў з дакладам па пытаннях ідэалогіі стары выкладчык з БДЭУ. Даклад насў відавочна антызаходні характар, з ўсхваленнем славянскіх народаў і паганьбеннем амерыканцаў як нацыі, і справакаваў спрэчкі з выкладчыкамі замежных моў. Я задаў яму пытанне, ці разумна казаць пра існаванне рэлігійнай талерантнасці як нацыянальнай рысы беларусаў, калі вайна 1432-1436 гг. ў Вялікім Княстве Літоўскім па сутнасці была вайной праваслаўных з каталікамі. На гэта прагучаў прадказальны адказ: «Не было ніякай вайны».
Галаслоўнае сцвярджэнне. Калі што-небудзь цяжка даказаць, можна проста пазбягаць сітуацый, калі гэтых доказаў могуць запатрабаваць. Адна з разнавіднасцяў галаслоўных сцвярджэнняў - навешванне ярлыкоў. Да такіх ярлыкоў адносяцца, сярод іншага, фразы «калянавуковых», «псеўданавуковы», якімі навукоўцы шчодра ўзнагароджваюць працы і высновы сваіх апанентаў.
Асобны варыянт навешвання ярлыкоў і палівання брудам, папулярны ў інтэрнэце - «тролінг». Па некаторых звестках, кітайская кампартыя актыўна выкарыстоўвае «троляў» для барацьбы з апазіцыяй у сацсетках: ідзе ў сетцы ці на форуме абмеркаванне нейкай праблемы і ў адказ на адно выказванне з крытыкай палітыкі ўрада КНР - дзесяць з ўсхваленнем гэтага ўрада і палівання брудам таго, хто крытыкаваў. Апора на аўтарытэт - яшчэ адзін выгляд галаслоўнага сцвярджэння. Аргумент «прафесар Іваноў, доктар гістарычных навук, які вывучае гэтую праблему 24 гады, піша ...» не з'яўляецца важкім довадам: сваю доктарскую ён мог спісаць, купіць, яе маглі ўхваліць у вузкім коле яго сяброў, (бо аб'явы аб абароне дысертацый ў газетах, чытаюць толькі нямногія, ды і тыя не даходзяць да месца іх абароны) ды і наогул 43 доктарская і кандыдацкая - гэта праца, напісаная ў пэўным стылі на вузкую тэму, якая мала што гаворыць пра агульную эрудыраванасць і прафесійную кампетэнтнасць носьбіта вучонай ступені. А 24 гады чалавек можа проста перапісваць тое, што да яго напісалі іншыя толькі прыгожым каліграфічным почыркам і з новымі прыкладамі. Часам апора на аўтарытэт можа выражацца ў задаванні дзясяткаў пытанняў, на якія задаўшы іх чалавек не шукае адказы, а толькі хоча прымусіць апанента змоўкнуць пад іх ціскам.
Нярэдка аўтарытэтам крыюць, калі больш няма чым крыць, таму гэты прыём крыху падобны на браханне маленькага сабачкі, які не можа спадзявацца на свае зубы.
Хлусня. Гэта можа быць не толькі наўмыснае паведамленне ілжывых звестак аб падзеях, але і чыста акадэмічны падман: выкарыстанне «літаратурных неграў» і крадзеж ідэй, «ліпавае» сааўтарства ў навуковых праектах, калі сааўтар нават не чытаў таго, што «напісаў». Гэта можа быць спасылка на неіснуючую крыніцу інфармацыі ці на крыніцу, якая насамрэч не пацвярджае ідэі і высновы таго, хто на яе спасылаецца. Часам хлусню выкарыстоўваюць у палітычнай барацьбе для дыскрэдытацыі апанентаў наступным чынам: партыя А пускае пра сябе плётку па сваім каналам дэзінфармацыі, і гэта плётка напачатку ідзе на руку яе апанентам - партыі Б. Аднак ілжывасць гэтага слыху вельмі хутка выяўляецца, пасля чаго партыя Б, якая падтрымала хоць у нейкай меры гэтую дэзінфармацыю, апыняецца ў становішчы, калі ўсе яе аргументы і заявы супраць партыі А выглядаюць непраўдападобна. Вывучэння гісторыі гэты прыём тычыцца, як правіла, у тым сэнсе, што даследчыку не трэба быць легкаверным і хутка згаджацца з інфармацыяй, атрыманай ад той ці іншай палітычнай партыі, бо для амаль кожнага ўдзельніка палітычнай барацьбы казаць ману, хоць нават супраць самога сябе, зусім не цяжка.
Абагульненне. Гэты спосаб праяўляе сябе па-рознаму. Ён можа ўключаць у сябе агульныя фразы без апоры на канкрэтныя факты - сказаць аб чымсьці важным, але пры гэтым і ні аб чым. Сюды адносяцца выпадкі, калі адкрытую хлусню спалучаюць з фразамі, якія змяшчаюць агульначалавечыя каштоўнасці і іншыя прывабныя ідэі: «каб дасягнуць свабоды, роўнасці, дэмакратыі, трэба біць (назва каго) і ратаваць (назва каго)». Абагульненне можа прымяняцца для абяленні або ачарнення шэрага, г.зн. перанос прыватнага на агульнае (напр., сярод цыган ёсць злодзеі, значыць усё цыгане такія). У савецкай і постсавецкай беларускай гістарыяграфіі Вялікая Айчынная вайна часцей за ўсё апісваецца менавіта з гэтых пазіцый: былі добрыя «нашы» і былі дрэнныя немцы. Безумоўна, гэтая вайна пакінула свой чорны след у сэрцах многіх беларусаў. І з-за гэтага цяжка судзіць аб'ектыўна. Я сам страціў некалькіх сваякоў на вайне. Пра аднаго з іх планую напісаць. Але калі ідзе вайна, жорсткасці хапае з абодвух бакоў, гэтак жа як і чалавечнасці. Сярод байцоў Чырвонай Арміі і савецкіх партызан хапала марадзёраў, гвалтаўнікоў, забойцаў мірных жыхароў і не ўсе з іх атрымалі пакаранне ад савецкай улады. У нямецкай арміі, як і сярод тых, хто пераходзіў на яе бок, хапала людзей, якія былі нездольны на жорсткія ўчынкі, якія раздавалі дзецям шакаладкі і паілі вадой ваеннапалонных. Не усе чырвонаармейцы і не ўсе салдаты Вермахта пайшлі на вайну дабраахвотна: была мабілізацыя з пагрозай смяротнага пакарання для нязгодных служыць. Вось і прыймалі розныя людзі розныя рашэнні згодна свайму сумленню ці нават насуперак яму. Таму абагульненне падзеяў гэтага адрэзку гісторыі таксама з'яўляецца свайго кшалту фальсіфікацыяй фактаў.
Націск на эмоцыі. Калі напісана «ўсе разумныя людзі, у тым ліку нас з вамі, згаджаюцца, што...», гэта ўжо не столькі галаслоўнае сцвярджэнне, колькі спроба ўздзеяння на чалавечы гонар і пачуццё ўласнай значнасці для іншых. На пачуццё жалю і / або нянавісці спрабуюць ўздзейнічаць праз апісанне пакутаў каго-небудзь (гэты прыём часта ідзе ў ход разам з абагульненнем і некаторымі іншымі спосабамі, пра якія пойдзе гаворка далей). Яшчэ адну з разнавіднасцяў эмацыйнага пасылу я паспрабую ўмоўна назваць «шарм рускага мядзведзя». Так французы называюць кавалераў, якія пакараюць сэрцы дзяўчат праз нейкую звонкавую брутальнасць. Пра такі прыём пісаў рускі паэт Някрасаў: «дивил я дерзостью мальчишек и похвалой гордился их, бичуя маленьких воришек для удовольствия больших». Калі гісторык, журналіст, публіцыст ці хто-небудзь яшчэ з таго ж «братэрства» бруднымі словамі называе гамасэксуалістаў і жанчын лёгкіх паводзінаў як быццам не баіцца цэнзуры, або кажа нешта накшталт «вы як хочаце, можа гэта непапулярна, а я ў гэтым пытанні патрыёт», ён стварае ўраджанне асобы моцнай духам, харызматычнага лідара, хоць нярэдка гэта чалавек, які не можа сабе дазволіць перайсці пэўныя межы дазволенага з фінансавых меркаванняў. Такіх падчас і трымаюць, каб яны вялі аўтарскія праграмы на радыё ці ўласную калонку ў газеце, ад чаго ёсць ураджанне, што гэта незалежныя людзі, але такія аўтары ніколі ці амаль ніколі не пераходзяць мяжу ідэалогіі сваёй рэдакцыі: калі дэманстратыўна біць бутэлькі падчас тэлешоў, бос толькі пагразіць пальцам, а калі стварыць таму босу праблемную сітуацыю з чыноўнікамі ці спонсарам – то заўтра будзеш сам збіраць тыя бутэлькі, што не паспеў разбіць. Безумоўна, хутчэй за ўсё такі чалавек можа знайсці сябе і ў іншай камандзе, але тады шарму і харызмы ў яго будзе значна менш. Вось яны і выбіраюць стабільнасць. Усе варыянты націску на эмоцыі аб'ядноўвае адно: трэба ўключыць эмоцыі чалавека, каб ён не разважаў над фактамі аб'ектыўна.
«Пыл у вочы». Гэта спосаб падмануць ці ухіліцца ад тлумачэння з дапамогай статыстыкі. Вось задача: Вася сабраў на два грыба больш, чым Пеця. Колькі ўсяго сабралі грыбоў Вася, Пеця і Даша? Ці яшчэ: сантэхнік Пятроў прапіў 32,43% свайго месячнага заробку. Колькі грошай ён прынёс жонцы (у рублях, а ня працэнтах). Адказы на гэтыя задачы атрымаць немагчыма паколькі там занадта шмат невядомых і можна толькі гадаць. Але калі не ставіць такія пытанні, то самі сцвярджэнні ў патоку іншых прыгожых выразаў будуць непрыкметныя. Такім жа чынам «голыя» працэнты нічога не паведамяць чытачу, калі незразумелымі застаюцца больш істотныя лічбы і факты. Таксама статыстыкай можна маніпуляваць з дапамогай інтэрпрытацыі: 20 тыс. долараў - гэта шмат ці мала? Гледзячы для якіх праектаў. Хтосьці можа казаць дзе трэба «толькі 20 тыс.», а яго апанент скажа «ажно 20 тыс.». Калі не паглыбляцца ў падрабязнасці, можна лёгка быць падманутым. А яшчэ статыстыку выкарыстоўваюць, каб «загрузіць» масавага чытача: ён яе прагартае і згадзіцца з сцвярджэннем аўтара не гледзячы.
Наступная група спосабаў маніпуляцыі фактаў - выбарка. Сюды адносіцца замоўчванне нязручных фактаў. Гэта адрозніваецца ад прыёму адмаўлення прызнаннем існавання такіх фактаў. Але пры гэтым пра іх імкнуцца гаварыць як мага радзей. Адзін з варыянтаў як можна гэта зрабіць - пакінуць нязручны факт прадметам выключна акадэмічнай спрэчкі, 46 публікаваць інфармацыю пра яго ў выданнях, якія амаль ніхто не чытае (напрыклад, у зборніках навуковых выступленняў выкладчыкаў пэўнага вну). Так савецкія гісторыкі ВАВ прызнаюць факты марадзерства, знішчэння паліцаяў разам з іх сем'ямі і іншыя ваенныя жорсткасці з боку партызан, але аб гэтым гавораць рэдка. Звярніце ўвагу, на якой старонцы апублікавала такія факты адна з галоўных дзяржаўных газет Беларусі: (1) і (2). З аднаго боку факт не адмаўляюць, з другога, толькі ўважлівы чытач да іх дакапаецца. Выбарка можа ўключаць у сябе не толькі падбор патрэбных кніг, газет і архіўных дакументаў, але і патрэбных людзей, у якіх возьмуць інтэрв'ю. Інтэрв'ю для фільмаў, тэле-і радыёперадач загадзя запісваюць, часам яшчэ і рэпетыруюць і абавязкова рэдагуюць. На ток-шоў можна запрасіць патрэбных людзей, як і на навуковы сімпозіум. Як гаворыцца, непатрэбнае закрэсліць ... Адна з праяў выбаркі - самацэнзура і паліткарэктнасць. (Дарэчы, на Захадзе паліткарэктнасць праяўляюць у асноўным дзяржслужачыя на працы, але гэта не значыць, што там усе па струнцы ходзяць, баючыся пакрыўдзіць імігрантаў ці каго-небудзь яшчэ).
Не хачу сказаць, што самацэнзура і паліткарэктнасць - гэта самі сабой віды фальсіфікацыі. Фільтраваць інфармацыю, каб не параніць чалавечыя пачуцці - справа патрэбная. Адна і тая ж навуковая думка па-рознаму пішацца для спецыялізаванага перыядычнага навуковага выдання, для газеты «Рэспубліка», для энцыклапедыі і для выдання «Юны тэхнік». Ды і амаль кожнаму чалавеку калі-небудзь даводзіцца ў чымсьці ісці на кампраміс. Тым не менш, калі грошы і прызнанне прымушаюць спецыяліста выкідаць істотную інфармацыю з свайго даследчага прадукту, прыходзіцца казаць аб свядомай фальсіфікацыі гісторыі.
Яшчэ адну групу спосабаў маніпуляціі данымі я ўмоўна назаву «фоташоп». У асноўным гэта перабольшанне і пераменшванне. Напрыклад, колькасць непасрэдных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій (знішчаных рэпрэсіўным апаратам СССР) нярэдка перабольшваюць да многіх мільёнаў, але ў такім выпадку насельніцтва СССР да моманту яго распаду складала б мільёнаў пяцьдзесят. Перабольшваюць і масштабнасць гэтых рэпрэсій ў 1937 годзе. 47 Перабольшваюць і масштабы хрушчоўскай адлігі. (Гэта звязана з тым, што ў 1937 г. камуністы знішчалі камуністаў, а пры Хрушчове, наадварот, вызвалялі рэпрэсіраванных камуністаў, а колькі пацярпела нявінных некамуністаў у розныя гады савецкай улады значэння не мела). У савецкім ідэалагічным слэнгу быў выраз «асобныя недахопы». Часта гэты спосаб пераменшвання хаваў за сабой значныя праблемы. Наогул слова «асобны» у дачыненні да чаго-небудзь з савецкіх рэалій паказвала яго нязначнасць і ізаляванасць: асобныя таварышы не згодныя з рашэннем калектыву. Дарэчы, адным з найбольш удалых прыёмаў пераменшвання «асобных недахопаў» заўсёды быў і застаецца ... гумар. Савецкія фельетоны высмейвалі як асобныя недахопы праблемы, якія па сутнасці былі недахопамі ўсёй сістэмы. Сучасныя гумарыстычныя пародыі пра прагных святароў і прадажных паліцэйскіх, пра недалёкага розуму спецыялістаў і ўсемагутных чыноўнікаў таксама паказваюць сур'ёзныя праблемы як асобныя недахопы.
Да фоташопаўскай групы адносіцца яшчэ адзін прыём прыхарошванне. Вось прыклад: блакада Ленінграда падчас Вялікай Айчыннай была ў сутнасці трагедыяй і сведчаннем неталенавітасці ваеннага кіраўніцтва абароны горада. Узяць гэты горад сілай зброі немцам было амаль немагчыма. Таму яны вырашылі задушыць яго голадам. І задача абараняючыхся была не дапусціць блакады. Да таго ж яшчэ да наступлення блакады можна было назапашваць прадукты харчавання ў горадзе і прадумаць сістэму іх размеркавання. Але ў начальнікаў было шмат іншых разважанняў вялікіх і важных. Тым больш, што прадуктамі, якія паступалі ў абложаны горад праз Ладагу, спачатку ўволю кармілі гэта начальства і тых, хто яго ахоўваў, а потым ужо і астатніх ленінградцаў. Многія жыхары паміралі ад голаду па дарозе на працу. Савецкая і сучасная прапаганда кажа пра іх як пра патрыётаў, гатовых з апошніх сіл змагацца за Радзіму ля станка на заводзе. Але, калі ў самога ў жываце пуста ды дзеці ўвесь час хочуць есці, нармальны чалавек думае ўжо не пра Радзіму, а пра тое, як выжыць і дзе дастаць ежу. Калі не будзеш працаваць, не атрымаеш хлебныя карткі. Ды і з 1940 г. савецкі чалавек проста не мог не хадзіць на працу: заканадаўча ён быў пастаўлены ў палажэнне афінскага нявольніка: не меў ні выхадных, ні права звольніцца, ні магчымасці спазніцца. Можна абвінаваціць мяне ў блюзнерстве, але, я думаю, гэта кашчунствуюць тыя, хто робіць з гэтай трагедыі фарс. Такія бізнесмены ад гісторыі, якія ўкладаюць сцягі і транспаранты ў рукі памерлых ад голаду ленінградцаў, падобны хвацкім трунарам, якія знойдуць патрэбныя словы, каб зарабіць грошы на чалавечым горы.
Проціпастаўленне «кат-ахвяра». Я вылучаю гэты спосаб асобна. Калі хтосьці пацярпеў паражэнне ў вайне, пакуты і смерць, яго лёгка можна запісаць у ахвяры і нават пакутнікі. Напрыклад, бальшавікі расстралялі царскую сям'ю (нават не царскую, а сям'ю двараніна і былога расійскага імператара Мікалая Раманава), то значыць былы цар быў добры. Я далёкі ад думкі, што Мікалай ІІ апраўдваў сваю мянушку “Крывавы” і не мне судзіць, ці заслугоўваў ён смяротнага пакарання ці не, але нельга сказаць, што ён не нёс ніякай віны за агрэсіўную руска-японскую вайну 1904-1905 гг., крывавыя падзеі 1905-07 гг. і іншыя цяжкасці той эпохі. Падобным чынам, калі Садам Хусейн знішчаў цэлыя курдскія паселішчы на поўначы Ірака хімічнай зброяй падчас ірана-іракскай вайны 1980-х гг., лёгка пакінуць без увагі факт, што курды да гэтых масавых рэпрэсій паднялі паўстанне за незалежнасць і атрымлівалі падтрымку ад Ірана. Як бачым, нярэдка проціпастаўленне «кат-ахвяра» выкарыстоўваецца там, дзе мела месца супрацьстаянне двух і больш агрэсараў. І калі перамагае адзін з іх, то знойдуцца гісторыкі гатовыя навесіць на пераможанага, як зрэшты і на пераможцу ярлык ахвяры.
Адсяваем збожжа ад пустазелля
Не трэба быць геніем, каб здолець разабрацца хоць бы ў агульных рысах ў спрэчных момантах гісторыі і не дазволіць прадузятым прапагандыстам фарміраваць свой светапогляд. Калі мы не ўпэўнены ў дакладнасці дыягназу, які паставіў адзін доктар, мы ідзем да яшчэ аднаго спецыяліста. Таксама і ў вывучэнні падзей мінулага добра параўнаць некалькі розных апісанняў і ацэнак аднаго і таго ж факту або з'явы. Калі гэта па пэўных прычынах немагчыма, то варта разглядаць выкладзеную трактоўку як магчыма верную, а не прымаць яе на веру як праўду ці катэгарычна адкідаць як хлусню. Гэта гультаі прыдумалі, што сапраўдная гісторыя схаваная ў архівах. На самай справе нават без архіваў з 2-3 добрымі апублікаванымі крыніцамі (кнігі, старонкі ў Інтэрнэце і г.д.) можна шмат што зразумець.
Існуюць правераныя часам спосабы, якія дапамагаюць гісторыкам не стаць ахвярай ілжывай ці неправеранай інфармацыі. Напрыклад, гісторык можа праверыць крыніцы на тэндэнцыйнасць і глыбіню пытаннямі: хто аўтар тэксту і каго ён прадстаўляе? Што жадае даказаць аўтар гэтай інфармацыі? Наколькі ўсебакова ён разглядае праблему?
Вось яшчэ адзін прыклад: у вучэбным дапаможніку 1990-х гг. «Нарысы гісторыі Беларусі» распавядаецца пра дзейнасць шэрагу падпольных арганізацый у пасляваеннай Беларусі, якіх аб'ядноўвала беларуская мова і нацыянальная самасвядомасць. Без каментарыяў прыводзіцца судовае абвінавачванне іх ўдзельнікаў у нацыяналістычнай прапагандзе, падрыхтоўке тэрактаў і збору зброі. (3) Але ці можна па дакументам савецкіх карных устаноў судзіць аб самім факце існавання такіх падпольных груп? Многія тэрарыстычныя групы лёгка прыдумываліся следчымі дзеля выканання планаў работы МУС і МДБ і дзеля атрымання грашовых і рэчавых бонусаў, у выніку чаго ў турму ішлі людзі, якія наогул не цікавіліся пытаннямі, па якіх ім «шылі справу».
Яшчэ адна рыса неабходная для даследчыка – інтэлектуальная сумленнасць. Гісторык можа мець асабістыя перакананні марксіста, ліберала, касмапаліта, праваслаўнага мадэрніста і сумленна прызнаваць абмежаванасць сваіх поглядаў. Гэта дапаможа не адкідываць убок факты і дакументы, якія супярэчаць навуковым і асабістым поглядам гісторыка. Лідар эстонскіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны А. Меры паказаў добры прыклад інтэлектуальнай сумленнасці ў адным са сваіх інтэрв'ю: «Пры ўсіх маіх сімпатыях да марксізма-ленінізма і Савецкага Саюза я не думаю, што ў будучым пашанцуе аднавіць савецкую ўладу. Час цяпер іншы і людзі не тыя.» (4).
Таксама неабходна добрае лагічнае мысленне. Яно дапамагае разумець псіхалогію чалавечых паводзін і бачыць перабольшванне станоўчых ці адмоўных рысаў у апісаннях той ці іншай асобы ці падзеі гісторыі, як бачна на вышэй апісаным прыкладзе з блакаднікамі.
Трэба памятаць, што выкарыстанне гісторыі ў мэтах выхавання моладзі не адмаўляе магчымасці быць праўдзівым. У многіх людзей, якія жылі да нашых дзён можна вучыцца мужнасці, працавітасці, цярпенню і іншым рысам, якія не залежаць ад асаблівасці палітычнага і эканамічнага становішча ў свеце. Наадварот, калі неправераная і тэндэнцыёзная інфармацыя падаецца як факт, то ўсе роўна знойдуцца людзі, якія зразумеюць цану такога «факта» і эфект будзе як раз супрацьлеглы: у грамадстве будзе яшчэ больш расці нецікавасць да мінулага сваей краіны і да гісторыі ўвогуле.
Спасылкі:
(1) Еремин Л. Уберите трупный смрад!//СБ-Беларусь сегодня, 17 октября
2008 г., № 196, с. 6(2) Коврей А. Н. Перея и алмаз.//СБ-Беларусь сегодня, 5 декабря 2008 г., № 229, с. 8
(3) НА РБ Ф. 4, воп. 20, спр. 244, арк. 216, 218, 261; воп. 54/8, спр. 1026 цыт. па: Навіцкі У. І., Сяргеева Г.Г. Ад культу асобы да спроб дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця.//Нарысы гісторыі Беларусі: у 2 ч. Ч. 2/ М. П. Касцюк і інш. Інстытут гісторыі АНБ – Мн.: Беларусь, 1995 – 560с, с. 337
(4) Сапожникова Г. М. Арнольд Мери: последний эстонский герой. Судьба человека как путеводитель по новейшей истории. – Таллин: Impressum, 2009 – 160 с, с. 137
Аўтар: Андрэй Берастоўскі. 2014-2019 гг.
Руская версія артыкула
Гэты матэрыял раней был апублікаваны на сайце "Гістарычная праўда" (зараз не існуе) і ў дадатку кнігі "Сякера і планшэт".
Яшчэ па тэме:
И газет я не выписываю...
Когда ТВ лучше не верить...
аудиозапись "Советы по изучению истории"
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.