23.10.2022

З кароткіх вандровак па Беларусі. Частка 1

 Зараз у Беларусі пачынаецца халодны сезон. Час узгадаць свае кароткія вандроўкі ў 2021-22 гг. Толькі пара з іх была спробай адпачынку з сям'ёй ў кавідны час. Астатнія паездкі былі па справах.

Дукора

Мы з жонкай і дзецьмі наведалі вёску Дукора і Дукорскі маёнтак 29 ліпеня 2021 г. 

Ад Мінска менш гадзіны на маршрутцы і адносна недорага ехаць. Але трэба быць аматарам пешых шпацыраў, каб дабірацца туды пешшу ад аўтобуснага прыпынку Дукора. Спачатку па Мінскай вуліцы да галоўнай плошчы аграгарадка, потым адтуль па Смілавічскай вуліцы, якая плаўна пераходзіць ў трасу Р69 да павароту на маёнтак і яшчэ 700 м. Усяго каля 4-5 км насустрач аўто па абочыне ў спякоту ці дождж, што і было з намі. Але можна даехаць на сваёй машыне на паркоўку маёнтка без спартыўных намаганняў.


Краявід у цэнтральнай частцы вёскі Дукора.

Ад Дукоры яшчэ пешшу па дарозе да паварота


А потым яшчэ да маёнтка ісці 700 м :)
Фантан і плошча па-за ўваходам у маёнтак

Майстэрня васковых свечак. У такіх зрубавых хатках мяшкаюцца і іншыя майстэрні-магазіны...

...напрыклад кузня.



Перакулены дом дае цікавыя адчуванні. Там можа закружыцца галава ад таго што стаіш на столі і ўсё вакол дагары нагамі. У мяне, праўда было адчуванне, што мяне моцна цягне да зямлі

Сад гіганцкіх рэчаў. Нічога асаблівага, проста шмат рэчаў быццам для стражытных волатаў.

Ля гэтай будкі можна паслухаць аўдыяказкі

Ёсць месцы для актыўнага адпачынку: цір для стральбы з лука, дзве канатныя дарогі, адну з якіх штурмуе мой старэйшы сын Данік

Від на плошчу і ратушу маёнтка

Таксама можна пакатацца на кані, якога па плошчы водзіць школьнік-старшакласнік. Ёсць магчымасць пакатацца і ў адкрытай калясцы па маёнтку. Мы выбралі каня і мае дзеці пабывалі вершнікамі на 5 хвілін :)

З пасіўных забаў ёсць выстава рэтра-аўтамабіляў і матацыклаў і заапарк. Рэтра-машыны знаходзяцца па навесам і гэта было дарэчна, бо там мы перачакалі дождж.

На выставе рэтра-машын і матацыклаў можна сесці на экспанат :)





Драўляны сярэднявечны гарадок. Цікавая штука, але гільяціна ў ім выклікае ў мяне як гісторыка ўсмешку, бо гэта як смартфон з надпісам made in USSR.

Яшчэ там ёсць музей з рарытэтамі эпох Сярэднявечча,  Новага часу і часоў Вялікай Айчыннай вайны. Таксама там ёсць макет усяго маёнтка.

Акрамя ўсяго гэтага, там ёсць месцы для адпачынку і рэстаран, дзе прадаюць стравы нацыянальнай кухні і беларускі самагон. Так што не толькі Дудуткі легальна вырабляюць і прадаюць самагон. Тэрыторыя маёнтка - свабодная ад "смалення" (так напісана на ўваходнай браме) таму смаліць кабана там нельга, але курыць ці вэйпіць, як кажа моладзь, можна, судзячы па таму, што мы бачылі. Добра працуе мабільны інтэрнэт і магчымасць плаціць карткай ці праз інтэрнэт банкінг. Можна завіснуць у маёнтку на цэлы дзень, што мы і зрабілі: мы былі там з позняга ранку да вечара і вярнуліся ў Мінск толькі а сёмай гадзіне вечара. З другога боку, па стане на лета 2021 г. вельмі мала інклюзіўнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Чалавек у калясцы мала куды можа патрапіць на тэрыторыі маёнтка.

У Ратушы маёнтка я падняўся з сынамі на самы верх, каб паглядзець краявід. Драўляная абшыўка распісана, як у пераможаным Рэйхстагу: госці імкнуліся пакінуць свой след у гэтым месцы. Мы так рабіць не сталі. 
Від на майстэрні маёнтка і край паркоўкі за яго межамі.
Назад ішлі тым жа шляхам, што і туды. Дзеці вырашылі сфоткацца з каровай на бяспечнай адлегласці. Вяртанне ў Мінск вечарам у нас было ў перапоўненай маршрутцы, але не прыйшлося доўга яе чакаць пад дажджом на прыпынку.

Аграгарадок Лясны і Бараўляны

Я і сыны ездзілі туды ў пачатку верасня 2022 г., каб наведаць праграму "Цырк дыназаўраў" цырка Шапіто. Не спрабуючы перадаць усе асаблівасці аграгарадка, які больш падобны на звычайныя новыя кварталы беларускай сталіцы, я апублікую тыя, што кінуліся мне ў вочы

Гэта не вуліца, а траса Н-9037. Але выглядае як звычайная сталічная вуліца якая звязвае шматпавярховы квартал з сядзібнай забудовай.

За дахамі катэджна-сядзібных дамоў можна разгледзіць бараўлянскія хмарачосы, асабліва, калі клікнуць на фота і павялічыць яго. Але нагадаю, што афіцыйна і Бараўляны, і Лясны -- гэта вёскі пад Мінскам, а не горад-спадарожнік беларускай сталіцы.

Каля пешаходнага пераходу зрабілі з бетону адначасова і нейкі варыянт ліўневай каналізацыі і штучную няроўнасць, мабыць каб не паркавалі тут аўтамабілі.

Каля скрыжавання дарог Н-9037 і Р-40 на вуліцы Бярозавы гай ёсць такія каляровыя двухпавярховыя дамы.

А ў мінскім напрамку трасы Р-40 можна заўважыць як праваслаўная царква схавалася сярод сучасных жылых шматпавярховых дамоў. Цікава, ці яе пабудавалі ўжо спасярод двароў, ці  будаўніцтва новых дамоў адцяніла яе?

Докшыцы

28 красавіка 2022 г. давялося па справах пабываць у цэнтральнай частцы невялікага гарадка Докшыцы на Віцебшчыне. У мяне было не шмат часу, таму фатаграфаваў усё, што на мой погляд мінчаніна здавалася мне адметным ці незвычайным.

Нягледзячы на рэгулярнасць прыезду аўтобусаў і маршрутак у (ці праз) Докшыцы, будынак аўтавакзала прыгожы, але невялікі: толькі сціплая зала чакання, платныя туалеты, касы...

... і камеры захоўвання савецкіх часоў.

У раёне цэнтральнай плошчы гарадка крыху больш крэятыву: бяседка з купалам у форме паўсферы зямнога шара, інсталяцыя ў выглядзе пабітых гарлачоў, ліхтары, стылізаваныя пад старыну, і тыповыя адміністратыўныя будынкі.

Побач з райвыканкамам Докшыцкага раёну ёсць фантан. Я сфоткаў яго ў непрацоўны сезон, але ў цёплы час ён працуе і выглядае куды больш прывабна :)

Побач з мясцовым рынкам стаіць такое "сардэчка" для збору пластыка на перапрацоўку. Добра, што такія штукі распаўсюджваюцца па Беларусі!

2-павярховая гасцініца "Докшыцы".  Можа звонку выглядае не вельмі, але які там сэрвіс я не ведаю, бо мне туды не было трэба :)

Тыя, хто думаюць, што ў горадзе на 6-7 тысяч чалавек можна знайсці толькі магазіны вясковага тыпу, могуць здзівіцца, што вядомыя беларускія сеткі "Віталюр", "Суседзі", "Еўраопт" і, як на гэтым фота, "Востраў чысціні" з 2010-х ідуць у малыя гарады і пасёлкі са сваім сучасным абсталяваннем, добрым выбарам тавараў і сістэмай зніжак.

Каля магазіна "Уют" стаіць веласіпед, а побач у кадр трапляе аўтамабіль. Дарогі ў будні позні ранак і апоўдні паўпустыя ў цэнтры гарадка, але веласіпед і аўтамабіль застаюцца галоўнымі транспартнымі сродкамі тут.

Крыху далей ад цэнтра каля "Беларусбанка" стаіць помнік рублю, уведзенаму ў абарот у 2016 г.

Большасць вулічных надпісаў на дамах сядзібнай забудовы, як гэты на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Чарняхоўскага, робяцца на рускай мове. Часткова гэта спадчына эпохі савецкай русіфікацыі, часткова можа быць элементам "правінцыяльнай культурнасці": калі правінцыялы імкнуцца размаўляць і пісаць па-руску, каб паказаць сваю высокую адукаванасць і памылкова лічаць беларускую мову вясковай. Дарэчы маладыя даксічане (жыхары Докшыц) размаўляюць па-руску чыста, а пажылыя гавораць па-руску з элементамі трасянкі. Але гэта толькі тыя некалькі чалавек, з якімі я меў справу за 2 гадзіны знаходжання ў горадзе.
 
Докшыцы аднапавярховыя і трохпавярховыя побач з аўтавакзалам.

Крыху крэатыву

Рэклама пажарнай службы

Здаецца, ў Мінску ўжо адмаўляюцца ад масіўных каменных сметніц, а ў правінцыяльных гарадах іх можна сустрэць

Сучасны дом на 6 паверхаў з дваром, поўным машын, нават у сярэдзіне працоўнага дня. Новыя дамы робяць Докшыцы больш падобным на буйныя гарады Беларусі.


Забудова ўскраіны Докшыц у бок выезду на Мінск.

Зразумела, Докшыцы могуць зацікавіць вандроўнікаў і турыстаў не толькі тым, што я бачыў за дзве гадзіны. У гэтага горада доўгая багатая гісторыя, рэлігійныя помнікі архітэктуры праваслаўных, каталікоў і мусульман, татарскія, каталіцкія і яўрэйскія могілкі і многа іншага...

Глыбокае

Крыху пазней за візіт у Докшыцы давялося з'ездзіць на некалькі гадзін у Глыбокае. Гэты горад ужо буйней за папярэдні і нават мае некалькі аўтобусных маршрутаў і больш развітую інфраструктуру, чым Докшыцы. Як і ў Докшыцах, я не меў шмат часу на шпацыраванне па горадзе, таму на маю камеру патрапілі пераважна асаблівасці цэнтральнай частцы Глыбокага. Аднак часу было больш і маршрут быў больш працяглым, таму і фотак атрымалася больш за докшыцкія.



Вось такі краявід вакол гарадской аўтастанцыі. Дарэчы, недалёк ад агульнагарадскіх могілак побач са станцыяй, ёсць яшчэ яўрэйскія могілкі.

Аўтобус №3 едзе па вуліцах горада. Усяго па горадзе ходзяць 11 маршрутаў, калі пакінуць без увагі міжгароднія. Ёсць і чыгуначныя шляхі зносін.


Як і ў многіх невялікіх гарадах Беларусі, аўтамабіль і веласіпед -- асноўныя сродкі перамяшкання пасля аўтобусаў.

На прыватнай забудове адрас звычайна пазначаюць па-руску.

А ў цэнтры горада адрасныя шчыльды на беларускай.

Як і іншыя цэтлікі, якія адносяцца да культурнага жыцця.



На скрыжаванні недалёк ад райвыканкама захаваліся старыя 1- і 2-павярховыя дамы. Значная частка забудовы вул. Леніна і Маскоўскай -- гэта ХІХ - пач. ХХ ст.

Стыхійная паркоўка паміж дамамі...

... а таксама клумба ў аўтамабільным коле і бялізна ў агульным двары. Гэта ўжо далей ад цэнтра, але не ў прыватным сектары.

Самы цікавы пешаходны пераход, які я бачыў. Знак паставілі прама за загароджай. Здаецца, гэта раён плошчы 17 верасня.

Мост на вул. Леніна цераз канал, які звязвае азёры Вялікае і Кагальнае, і русалка на фоне газаправоду.

Гэты самалёт -- таксама помнік ваеннай тэхнікі сярод іншых вайсковых экспанатаў у парку Перамогі.

Помнік глыбокскай вішне. Ёсць яшчэ і помнік бляшчанцы мясцовай згушчонцы :)

Этнаграфічны музей у будынку 1931 г. на вул. Энгельса

А насупраць райвыканкама ўжо вытанчанае мастацтва спалучаецца з сучасным горадам. Побач з ліхтарамі, зробленымі пад старажытнасць і помнікам "нулявы кіламетр" стаяць супермаркеты з  абсталяваннем сталічнага ўзроўню і будынкі вядомых беларускіх кампаній.

МТБанк і "Востраў чысціні" ў старым будынку з сучаснымі вокнамі.


А на гэтым фота больш запомніліся незвычайныя аблокі на фоне сядзібнай забудовы :)

Двор у дзелавой частцы вул. Маскоўскай.

Паркоўска за гасцініцай "Арбіта" ля набярэжнай Кагальнага возера. Адна з машын - гэта таксі. Нават, калі горад невялікі і там толькі 17,6 тыс. жыхароў, таксісту ёсць што рабіць.

Наябярэжная Кагальнага возера.

У Глыбокім "сардэчка" пад пластык на перапрацоўку запоўнілі шпарка!

У Мінску хамаватым кліентам пагражаюць адміністратыўкай, а ў Глыбокім пабуджаюць усміхацца крэатыўным чынам :)

Усім, хто лічаць правінцыю тэхнічна адсталай, шах і мат! Касы самаабслугоўвання ў гіпермаркеце "Еўраопт" каля "Арбіты" і выканкама. У Мінску я карыстаўся такімі ў "Кароне". 

На даляглядзе канструкцыя з гаршкамі пад кветкі, падобная на кола агляду. Дарэчы ў маім мінскім мікрараёне была такая ж штука, толькі падобная на Эфелеву вежу.

Каля глыбоцкага мяскамбіната ёсць нешта падобнае на міні-сквер, але ліхтары ўжо не стылізаваныя пад старажытнасць.

16.10.2022

Каранавірус у Беларусі. Частка 11 / Coronavirus in Belarus. Part 11

 

У канцы мая 2022 г. я зрабіў запіс, які лічыў апошнім з серыі пра кавід. Але восень 2022 года дала яшчэ некалькі момантаў працягу пандэміі ў новай фазе.

At the end of May 2022 I made a record that I thought to be last in the covid series. Yet autumn 2022 gave some more moments of the pandemic new phase continuation.

Летам Мінздароўя апошні раз апублікаваў статыстыку па кавіду, згодна якой за ўвесь час пандэміі памерлі 7118 чалавек. З таго часу ніякія афіцыйныя лічбы па гэтай тэме больш не публікаваліся. У верасні прайшла новая хваля кавіда "амікрон-ніндзя", які носіў больш устойлівы характар да вакцын і лячэння, але радзей прыводзіў да пнеўманіі. З гэтай нагоды ў Баранавіцкім раёне Беларусі ўводзілі масачны рэжым. Адначасова ўвосень прайшла хваля рэспіраторных захворванняў на пэўны вірус, якім можна хварэць некалькі тыдняў. Я, жонка і дзеці патрапілі пад гэту хвалю і кашляем ужо некалькі тыдняў без тэмпературы і іншых ускладненняў. Пры гэтым флюараграфія маіх і жонкіных лёгкіх паказала адсутнасць запалення. Доктар казаў жонцы, што гэты вірус не звязаны з пандэміяй COVID-19, бо тэст на кавід дае адмоўны ва ўсіх выпадках.

In summer the Ministry of Health published its last stats update that showed death toll of 7118 victims of the pandemic. No other official data on this topic was ever published since. In September Ninja-Omicron covid wave hit Bealrus; it was more resistant to vaccines and treatment, but rarely caused pneumonia. In the Baranavichy District of Belarus they had imposed a temorary mask requirement because of that. At the same time a wave of a different respiratory virus showed up this autumn. It may make patients ill for several weeks. Me, my wife and kids got into this wave, so we've been coughing for a few weeks, but having no fever or other complications. The fluorography of my lungs and those of my wife showed no traces of pneumonia. A doctor told my wife this virus has nothing to do with COVID-19 pandemic as it brings negative results for any covid test.

З'явіліся расійскія лекі ад каранавіруса, але яны дэфіцытныя і каштуюць сотні рублёў. Магчымасць вакцынацыі ад кавіда пашырылася на дзяцей. Няглядзячы на тое, што большасць людзей не носіць маскі ў публічных месцах, нашэнне масак застаецца нармальнай з'явай. Шэраг мерапрыемстваў стаў праходзіць у гібрыдным фармаце (з магчымасцю прысутнасці па відаэсувязі), у прыватнасці рэлігійныя сустрэчы Сведкаў Іеговы, якія мы з сям'ёй наведваем. Таксама стала нормай даць магчымасць не прысутнічаць у калектыве чалавеку з сімптомамі рэспіраторных захворванняў. Дзецям вярнулі магчымасць не хадзіць у школу да 5 дзён запар пад адказнасць бацькоў падчас усплёску рэспіраторных захворванняў, што дае магчымасць не ствараць доўгія чэргі ў паліклініках. На фоне эканамічнага крызісу і іншых праблем кавід становіцца чымсьці абыдзеным, часткай паўсядзённага жыцця.

Russian medicines for the coronavirus appeared, but they are in short supply and cost hundreds of rubles (or dollars in equivalent). The possibility of vaccination against covid has been extended to children. Despite the fact that most people do not wear masks in public, wearing masks is still normal. A number of events began to take place in a hybrid format (with the possibility of presence via videoconferencing), in particular, religious meetings of Jehovah's Witnesses, which my family and I attend. It has also become a norm to give the opportunity not to visit people to a person with symptoms of respiratory diseases. Children have been given back the option to stay out of school for up to 5 days in a row under the responsibility of their parents during the outbreak of respiratory diseases, which makes it possible to avoid long queues at clinics. Outshadowed by economic crisis and other problems covid is becoming something casual, a part of the everyday life.

16.12.2022 пятніца (Friday)

У мінулую пятніцу 9 снежня вакцынаваўся ад кавіда вакцынай, якая была заяўлена як беларуская, але па факце была расійскай gam-cov-vac. У ноч на суботу мяне трэсла амаль да раніцы, а на наступны дзень я ледзь трымаўся на нагах, стала лягчэй толькі калі потым паспаў гадзіну. Таксама 3-4 дні балела плячо ў месцы ўкола, але быў нюанс: мне прыйшлося чысціць снег увечар пасля прышчэпкі, нягледзячы на забарону фізічнай актыўнасці на першыя 3 дні пасля ўкола. Аб вакцынацыі не шкадую, бо цана кавіда можа быць больш высокай.

Last Friday, on the 9th of December I got vaccinated with what was called Belarusian vaccine yet turned out to be Russian Gam-Cov-Vac. On Saturday night I had a big fever and was shaking nearly till the morning; next day I was really weak, got better after taking an hour nap. Also for 3-4 days my shoulder ached in the shot area, yet there was one specific feature: in the evening following the vaccination I had to clean some places off snow despite the prohibition of any physical activities for the first 3 days after the shot. I don't mind this side effects as the covid price may be much higher.

18.02.2022 субота (Saturday)

У пачатку 2023 г. было некалькі выпадкаў, калі ў бальніцах распаўсюджваўся кавід і арганізоўвалі каранцін. Але ўжо 17 лютага стала вядома, што 3 лютага COVID-19 разам з сіфілісам і ганарэяй Мінздароўя РБ выключыла са спісу небяспечных для насельніцтва захворванняў. Магчыма гэта ставіць кропку ў эпідэміі каранавіруса ў Беларусі.

At the beginning of 2023 several splashes of the covid took place in hospitals and quarantine was organized there. But on 17 Februrary is became known that on 3 February the Ministry of Health of Belarus exluded COVID-19 from the list of diseases dangerous for the population together with siphilis and honorrea. Probably, it's the end of the coronovirus epidemic in Belarus.

Фота ў пачатку артыкула: рэклама пункта вакцынацыі на цэнтральным чыгуначным вакзале Мінска / The photo at the article top: Vaccination point ad at the Central Railway Station of Minsk

Избранное сообщение

Метэаназіранні 2026 г.

 Працягваю свае назіранні за глабальным пацяпленнем. У мінулым годзе рабіў падрабязны агляд , у гэтым вырашыў пісаць крыху лаканічней. Студз...

Зараз чытаюць