19.01.2015

Алесь Іваневіч альбо Іншы шлях

Гэта апавяданне -- яшчэ адно з даследаванняў па альтэрнатыўнай гісторыі Беларусі. Сюжэтам служыць гіпатэтычны захоп дзяржаўнай улады беларускімі нацыяналістамі ў 1990-х гг. Магчымае супадзенне імён і абставін ў апавяданні выпадковае. Аўтар не займае ніякай палітычнай пазіцыі і піша выключна з пункту гледжання гістарычнага аб'ектывізму.

 – Жыве Беларусь, спадар Алесь! -- дырэктар падняўся і працягнуў руку інспектару.
-- Жыве Беларусь, спадар Мікалай! -- адказаў інспектар і паціснуў руку дырэктара.
-- Сядайце, калі ласка за стол. Вось дакументы, глядзіце. Я пайду загадаю, каб спадарыня Ганна заварыла Вам каву. Вы, спадар Алесь, не спрабавалі такой: сапраўдная арабіка!
Алесь Іванавіч Іваневіч сеў за стол і стаў разбіраць паперы. Здавалася, яшчэ нядаўна ён вучыўся ў інстытуце, а цяпер яго, 27-гадовага хлопца, імкнуцца ўлагодзіць начальнікі ўдвая старэйшыя за яго. Як гэты 55-гадовы дырэктар гімназіі імя Канстанціна Асторжскага.
Алесь Іваневіч ведаў, што яму пашанцавала дзякуючы таму, што падчас Рэвалюцыі ён хутка зразумеў перавагі магчымасці застацца ў Беларусі. Многія яго аднагрупнікі зараз шукаюць першае стабільнае месца работы ў Расіі з непрызнанымі беларускімі дыпломамі. А хто вінаваты? Беларускую трэба было вучыць. У групе ён да канца вучобы размаўляў па-руску з таварышамі, але з выкладчыкамі – толькі на беларускай. Не, ён рабіў гэта не таму, што за гэта павышалі адзнаку, проста ён зразумеў адразу: новы рэвалюцыйны ўрад патрабуе новыя беларускамоўныя кадры паўсюль. Калі ён, Алесь Іваневіч, будзе добра валодаць беларускай, у яго кар'еры гэта будзе добры старт.
Яго беларуская давала яму бонусы яшчэ і ў тым плане, што ў яго спісвала палова патока, калі пісьмовыя кантрольныя павінны былі быць толькі на нацыянальнай мове. Яго шанавалі і аднакурснікі, і выкладчыкі. У вну ён не стаў сябрам Лігі маладых беларусаў таму, што аднакурснікі смяяліся б з яго, а калі пайшоў уладкоўвацца на першую працу, ён спачатку змяніў сваё рускае прозвішча – Іваноў, на беларускі варыянт Іваневіч і далучыўся да Лігі, а потым аднес дакументы ў аддзел кадраў. У выніку адразу прызначылі школьным інспектарам. Недахоп кадраў стаў прычынай таго, што школьны інспектар быў абавязаны правяраць самыя розныя моманты школьнага жыцця: ад асвятлення ў спартыўнай зале да правільнага афармлення вучэбнай дакументацыі. Спецыялістам па ўсіх пытаннях быць немагчыма, але галоўнае было праверыць ці праводзяцца ўсе заняткі (акрамя заняткаў па рускай, як замежнай) на беларускай мове, ці з'яўляецца больш паловы вучняў сябрамі Лігі, ці гучыць перад першым заняткам нацыянальны гімн. Праўда з гадамі ўсё меньш было патрабаванняў наконт патрыятызму і больш практычных: пажарная бяспека, харчаванне, санітарна-гігіенічныя нормы ў класе, але Алесь хутка вучыўся і добра ведаў свае абавязкі.
Зайшла спадарыня Ганна, сакратарка дырэктара, прыгожая 19-гадовая дзяўчына ў міні-спадніцы і кофтачцы з шырокім дэкальтэ.
-- Кава, спадар Алесь!
Спадар Алесь падзякаваў, паназіраў, як дзяўчына пакідае кабінет быццам ідзе па подыуму і ізноў пагрузіўся ў паперы.
У Алеся была каханая дзяўчына, калі ён вучыўся ў інстытуце, але яе бацькі цвёрда вырашылі ехаць у Расію і яна паехала з імі праз тыдзень пасля атрымання дыплома. Спачатку яны пісалі адзін аднаму імейлы (бо праз сацыяльныя сеткі гэта было небяспечна для яго кар'еры). Потым неяк ужо не аб чым было пісаць. Шэрыя будні афіцыянткі ў маскоўскім рэстаране і школьнага інспектара.
Больш дзяўчын у Алеся не было. Алесь Іваневіч адналюбам не быў, але ён добра ведаў, што завесці інтрыжку з той жа спадарыняй Ганнай – сабе даражэй. Адзін яго калега, што правяраў вясковыя школы, спаў з сакратаркамі і маладымі настаўніцамі ды піў самагонку, а потым паліцэйскі стукач запісаў, як настаўнік гісторыі Беларусі ў адной школе правёў тры занятка на рускай мове і, калі пачаўся разбор сітуацыі, калегу выгналі з работы і выключылі з Партыі (бо тыя, каму было за 30 мусілі далучыцца да Партыі беларускага адзінства). Здаецца, цяпер ён працуе дворнікам і больш не размаўляе па-беларуску. Ды і часу з такой працай на дзяўчын не было.
Алесь ўважліва разбіраў паперы, але ён не быў надта патрабавальным да адміністрацыі школ. Звычайна ён рабіў заўвагі вусна ці рабіў нататкі ў блакнот, а потым нечакана вяртаўся праз месяц-другі і правяраў ці ліквідавана праблема, ці не. Калі пару школ напаткалі штрафы за парушэнні, да Алеся пачалі ставіцца сур'ёзна і звычайна ў яго школах буйных праблем не было.
Сёрбаючы каву Алесь заўважыў, што сярод папер няма даведак па ўсегаульнаму навучанню. Ён выйшаў у прыймальню і перапытаў у спадарыні Ганны пра тыя даведкі.
-- Прабачце, спадар Алесь, але мы здаецца здалі іх у раён і не захавалі копіі. -- засаромлена адказала сакратарка.
-- Спадарыня Ганна, так быць не павінна, -- строга, але спакойна сказаў інспектар.
-- Можна, я зараз патэлефаную ім і папрашу даслаць на імейл сканы гэтых даведак? -- спадарыня Ганна ўзяла тэлефон:
-- Жыве Беларусь! Гэта сакратар гімназіі Астрожскага. Мы вам перадавалі даведкі па ўсенавучу, так? А копіі зрабіць забылі, і тут у нас праверка. Дашліце нам іхсканы на імейл, калі ласка. Калі ў вас атрымаецца? Праз гадзіну? А хутчэй не магчыма?
-- Нічога, я яшчэ прыкладна дзве гадзіны буду тут – умяшаўся Алесь.
-- Ну ўсё, шчыра дзякуем. Жыве Беларусь! -- сакратарка паклала трубку.
Алесь удзячна ўсміхнуся і вярнуўся ў кабінет дырэктара да папер.
Праз дзве гадзіны ён сапраўды ўжо сеў за руль сваёй машыны і накіраваўся ў офіс. Але стары савецкі аўтамабіль даваў яму зразумець, што па разбітых мінскіх дарогах ён доўга не працягне. Машына магла зламацца дзе-небудзь па-за горадам, і лепш было заехаць у нейкі аўтасервіс. А з аўтасервісам праблема: ў яго на пярэднім шкле была наклейка з сімавалам Лігі, а ў аўтамайстэрнях працуе шмат несвядомых – тых, хто не жадаў ні вучыць беларускую, ні ехаць у Расію. Аднойчы, ў такой майстэрні яму паклалі фекаліі кудысці ў раёне матора, і калі ён награваўся, ў машыне стаяў невыносны пах. Усе яго спробы штосьці даказаць не мелі сэнсу, бо ў «нашкодзіўшай» майстэрні намякнулі на даплату ў 100 талераў, а ў двух іншых майстэрнях яго проста адмовіліся абслуговаць. Толькі адзін сусед за бутэльку згадзіўся вычысціць яго машыну. Ізноў бачыць гэтых лайдакоў, якія проста зайсдросцяць тым, каго не разумеюць, жадання не было.
Тут Алесь згадаў, што ў Малінаўцы ёсць аўтасервіс, які адкрыў год таму былы выкладчык беларускай мовы, нейкі спадар Генадзь. Гэты спадар Генадзь мог стаць завучам ці дырэктарам, бо свабодна размаўляў на чыстай беларускай, а не на трасянцы, як большасць настаўнікаў. Але ён быў упарты чалавек, з нейкімі нетрадыцыйнымі рэлігійнымі перакананнямі і адмовіўся далучыцца да Партыі, калі ад яго гэта патрабавалі, а потым і ўвогуле кінуў школу і стаў аўтамеханікам. Алесь памятаў яго падчас нейкай праверкі, калі далучацца да Партыі ці Лігі было яшчэ толькі пажаданым і даведаўся аб яго змене прафесіі, калі праводзіў чарговую праверку.
Гэты спадар Генадзь быў сапраўдны беларускі інтэлігент, і ён ужо не будзе крыўдзіць чалавека за то, што ён чыноўнік, а не слесар. І Алесь накіраваўся шукаць аўтасервіс Генадзя.
Пошукі занялі гадзіну, але ў офісе яго ніхто не чакаў, таму Алеся гэта не турбавала. Калі машына зламаецца дзе-небудзь у Мінскім раёне, ён згубіць не адну гадзіну. І вось ён той гараж, дзе спадар Генадзь рамантаваў машыны.
-- Прывітанне, Алесь Іванавіч, -- першым працягнуў руку спадар Генадзь, высокі сівеючы саракагадовы мужчына, моцнага целаскладу.
-- Вітаю, спадар Генадзь. А чаму Вы не кажаце «Жыве Беларусь!», як усе?
-- А хіба яна памрэ, ад таго, што я гэтага не кажу? -- усміхнуўся Генадзь.
Генадзь працаваў адзін, таму рамонт заняў у яго гадзіны дзве. Калі ўсё было скончана, Алесь расплаціўся і паглядзеў на гадзіннік: пакуль даедзе будзе роўна пяць і ў офіс ехаць ужо не мае сэнсу. Генадзь быццам зразумеў яго думкі:
-- Можа спадар Алесь вып'е кубачак гарбаты?
-- Можа вып'е, калі бясплатна, -- усміхнуўся Алесь.
-- Фірма частуе.
Да гарбаты Генадзь падаў печыва і мужчыны пачалі размову за жыццё.
-- Вы, Генадзь, сколькі зарабляеце ў гаражы?
-- Каля 600 талераў у месяц.
-- Я зарабляю 600 чыстымі. Зразумела, калі б Вы сталі дырэктарам, зараблялі магчыма б 500, але магчымасці былі б зусім іншыя, можна было б праз год-другі нават у Раду балатавацца і атрымоўваць дзве тысячы ў месяц, ці пайсці працаваць у раён альбо зрабіць кар'еру ў Партыі. Не разумею, чаму Вы з Вашай беларускай пайшлі машыны рамантаваць як, нейкі несвядаміт.
-- Спадар Алесь, а сколькі Вам трэба грошай для шчасця?
-- Я плачу за кватэру 120, на машыну ўходзіць каля 80 ў месяц, а на астатнія мушу жыць. Але я разумею, што ў перспектыве, я буду зарабляць больш. А грошай шмат не бывае. Мне, напрыклад, трэба яшчэ сваю кватэру атрымаць. Абяцалі даць ільготны крэдыт ад Лігі. Вось чакаю сваёй чаргі.
-- Спадару, я пачаў працаваць настаўнікам яшчэ пры савецкай уладзе. Потым перажыў распад СССР, аб'яўленне незалежнасці і Рэвалюцыю. Савецкі лад здаваўся вечным, але калі ён рухнуў, мае калегі хуценька забылі пра тое як прысягалі быць адданымі ленінцамі. Калі адбылася Рэвалюцыя, многія з іх з былых камуністаў пераўтварыліся ў беларускіх нацыяналістаў. Як Вы лічыце, яны спараўды вераць у новыя ідэалы?
-- Спадар Генадзь, партыі і ідэалы могуць мяняцца. Але які сэнс ставіцца да іх так сур'ёзна?
-- Спадар Алесь, Вы селі на «Тытанік», які здаецца непатапляльным зараз. Але ў яго ёсць адзін сур'ёзны дэфект канструкцыі.
-- Які?
-- Усе ідэалы, якія абвяшчаюць Партыя і Ліга, павінны быць выкананы людзьмі. А людзі проста не маюць здольнасці кантраляваць нават сабе, не тое, што іншых. Таму гэты карабель пад назвай «беларускі нацыяналізм» патоне, як патанулі савецкі камунізм і дэмакратычная Беларусь. І можа здацца, што для Вас не будзе месца ў ратавальнай шлюпцы.
-- Вы думаеце, што, калі ізноў будзе мяняцца ўлада, яна пакарае ўсіх, хто мае партыйныя білеты? Кім тады гэта ўлада будзе кіраваць?
-- Ведаеце, калі памяняецца дзяржаўная ўлада, яна ўсіх караць не будзе, хутчэй за ўсё толькі найбольш вядомых нацыяналістаў. Але я гавору не пра тое, што Вы можаце стаць ахвярай палітычнай барацьбы, хоць і не выключаю гэта?
-- Дык хто ж тады патопіць «Тытанік», на якім я спрабую заняць каюту першага класа?
-- Напэўна, Вы ведаеце малітву «Ойча наш»?
-- Ведаеце, я не цікаўлюся рэлігіяй...
-- Я толькі адну думку жадаю Вам данесці. У той малітве гаворыцца пра прыход Царства Бога. У мяне ёсць падставы меркаваць, што гэта Царства аднойчы знішчыць цяперашні парадак разам з усімі палітычнымі партыямі і ўсімі, хто жыве толькі для сябе.
-- Нешта Вы такое гаворыце... Разумны чалавек, а верыце ў фантастыку. У Вас сям'я ёсць?
-- Дзве дачкі. Сем і адзінаццаць.
-- А жонка?
-- Памёрла.
-- Вам варта больш працаваць і меньш думаць пра розныя фантастычныя тэорыі.
У адказ, Генадзь дастаў нейкую маленькую кніжку і сунуў у рукі Алесю, які ўжо накіраваўся да машыны:
-- А Вы, Алесь, параўнайце факты, якія Вы ведаеце, з фактамі, пра якія напісана тут.
-- Спадар Генадзь, па харошаму, я мусіў б данесці на Вас у паліцыю, за тое, што Вы мне тут казалі. І часу чытаць кнігі амаль не маю. Але я бяру Вашу кнігу таму, што шаную Вас, як мужнага чалавека. Не кожны адмовіцца ад кар'еры дзеля таго, у што верыць. Жыве... Бывайце!
Калі Алесь ужо сеў за руль. Генадзь падыйшоў і сказаў:
-- Я Вам адрамантаваў усё, што патрабуе тэрміновай замены, але я планую ехаць у Маскву за некаторымі дэталямі, якія маглі б працягнуць жыццё Вашай машыны. Раю заехаць да мяне праз месяц. Дорага браць не буду. Па знаёмству.
-- Дамовіліся. Толькі спадар Генадзь больш пра рэлігію ці філасофію – ані слова. Мне не патрэбны праблемы на рабоце, і Вам таксама. Калі ў мяне будуць да Вас пытанні наконт Вашай кнігі ці Вашай веры, я сам іх задам.
-- Добра. Бывайце.
Алесь паехаў дадому і думаў, што рабіць з кнігай. Чытаць ён не любіў, гэта для яго была работа, а не баўленне часу. Плюс ён ведаў, што з кніжкай трэба будзе штосьці рабіць. З аднаго боку, чытаць літаратуру такога кшалту не забаранялася, з другога, калі хтосьці ўбачыць у яго падобную кнігу, могуць пайсці чуткі, што ён верыць у тое ж, што і Генадзь, і яго кар'ерны рост будзе ісці марудна.
***
Наступнай раніцай, Алесь прачнуся позна. На гадзінніку на сцяне было 9:05, а на працу трэба было ў 9.00. Мабільнік сеў і не зазваніў у 7:40. Алесь хутка падхапіўся і праз 5 хвілін ужо ляцеў па крутых прыступках уніз. На апошнім пралёце паляцеў тварам уніз на прыступкі. Рэзкі боль.
-- Ну, дзякуй Богу, пералом, -- падумаў Алесь, -- Значыць, маю алібі для работы.
Падняцца ён не здолеў. На яго крыкі аб дапамозе ніхто не выйшаў. Праз некаторы час у пад'езд зайшоў яго сусед зверху і выклікаў хуткую дапамогу.
Пералом нагі і рукі зажываў доўга. За месяц, калі Алесь быў у бальніцы адбыліся некаторыя змены. Перш за ўсё нейкі анархіст застрэліў прэзідэнта Меркуліча. Замест прэзідэнта стаў кіраваць кааліцыйны сімпозіум, які аб'яднаў сілы радыкальных нацыяналістаў, прадстаўленных забітым прэзідэнтам, і памяркоўных, якія былі ў сістэмнай апазіцыі. На першы погляд змена курсу з радыкальнага нацыяналізма на памяркоўны павінна была аслабіць варожасць паміж рускамоўнымі і беларускамоўнымі беларусамі. Але калі Алесь прыкульгаў з метро да дому, ён убачыў чорны абгабгарэлы каркас машыны суседа па дому, які быў лідарам партыйнай групы завода імя Казіміра Семяновіча. Яго ўласная машына, якая стаяла амаль побач з абгарэлай, засталася некранутай, але на ёй не было наклейкі з сімвалам Лігі. Дома яго сустрэла Марыя Сцяпанаўна, гаспадыня кватэры.
-- Жыве Беларусь, Марыя Сцяпанаўна! -- павітаў яе Алесь.
-- Да шел бы ты со своей Беларусью! – адказала гаспадыня.
-- Што здарылася?
-- Мужики в окрестных домах, говорят, что всех вас, бульбашей, будут скоро вешать. Одному вчера машину сожгли. Твою не тронули, потому что я содрала наклейку, как только услышала их разговоры возле магазина. Так что месяц ты еще у меня побудешь, но чтоб дома ни слова на твоей «мове», а потом вали куда хочешь. Мне не резон, из-за тебя повешенной быть.
Раней яна размаўляла з квартырантам то па-руску, то на трасянцы, але заўсёды была ветлівай.
Наступным ранкам Алесь Іваневіч паехаў на метро на работу. Машыну вырашыў не браць Неабходнасці не было, бо яго непрацаздольны цягнуўся яшчэ тыдзень. Але хацелася ўбачыць што адбываецца ў тым беларускамоўным свеце, у якім ён праводзіў большую частку жыцця. У адным будынку з яго дэпартаментам, знаходзіўся дэпартамент сацыяльнай дапамогі. Праходзячы міма кабінета начальніка гэтага дэпартамента, Алесь пачуў размову, ад якой нават спыніўся на некалькі секунд.
-- Жэншчына, вы акупантка! -- лаяўся начальнік дэпартамента, -- Вы размаўляеце на расейскай мове і жадаеце, каб мы вам плацілі сацыяльную дапамогу, калі ў нас не хапае грошай на сірот?!
-- Ну что я сделаю, я почти не учила белорусский в школе. Я не могу на нем разговаривать. Я ведь ничего плохого для страны не сделала...
У гэты час Алеся ўбачыў спадар Дзяніс, яго ўласны начальнік, 45-гадовы нізкі і поўны мужчына з абсалютна лысай галавой.
-- Жыве Беларусь! -- Ён абняў падначаленнага і жэстам запрасіў у свой кабінет.
-- Справы ў нас, спадар Алесь, кепскія. Работы робіцца шмат, а людзей ужо не хапае. З нашага дэпартамента звольніліся 7 чалавек, пакуль Вы хварэлі. Дакладней: двух мы звольнілі за скаргі на хабарніцтва, 2 ўехалі ў Расію, 2 змянілі прафесію, пашйлі гандляваць на рынку і адзін збег, бо кажа «Баюся, што хутка ўсіх партыйных вешаць пачнут». Але заяву на выхад з Партыі так і не падаў...
***
Алесь вырашыў заехаць у майстэрню Генадзя даведацца наконт дэталяў і рамонта, пакуль яшчэ дзейнічаў яго непрацаздольны ліст. Але вакол майстэрні стаяў натоўп людзей. Ля дзвярэй у гараж стаяў Генадзь з слядамі біцця на твары і ў парванай на грудзях кашулі. Насупраць яго стаяў афіцэр паліцыі і два паліцэйскіх з аўтаматамі. Побач з афіцэрам стаяў мужчына ў цывільным з разгорнутым нацыянальным сцягам.
-- Я даю табе апошні шанец, несвядаміт! -- закрычаў афіцэр. -- Або ты становішся на адно калена і цалуеш сцяг, або мы цябе расстраляем!
-- Я ўжо ўсё вам сказаў. Больш мне няма чаго дадаць, -- адказаў Генадзь.
-- На расстрэл!!
У натоўпе многія ахнулі. Паліцэйскія павялі Генадзя за гаражы і праз кароткі час адчуліся дзве кароткія чэргі. Алесь хутка сеў за руль і паехаў дадому. Ён быў узрушаны тым, што ні за што забілі чалавека, які меў смеласць быць іншым. Але такая смеласць была яму не зразумелай.
Наступным ранкам ён праходзіў міма кабінета начальніка дэпартамента сацыяльнай дапамогі, а там за сталом сядзеў новы чалавек.
-- Жыве Беларусь! А дзе спадар Рыгор Мухляеў?
-- Жыве! Я цяпер за яго. Зволілі Мухляева за тое, што нейкай рускамоўнай жаншчыне адмовіў у сацыяльнай дапамозе, а яна запісала яго размову на тэлефон і выклала ў сацыяльныя сеткі.
-- А Вы – новы начальнік?
-- Пакуль толькі выконваю абавязкі.
Алесь развітаўся і як выйшаў сустрэў спадара Дзяніса, які ішоў у свой кабінет.
-- Спадар Алесь, як раз добра, што Вы прыйшлі. Нага і рука не баляць?
-- Дзякуй. Не баляць.
-- Цудоўна. Бо камандзіроўка па школах раёнаў Вашых зволеных калег павінна пачацца заўтра?
-- Вы ж казалі, што праз тыдзень. Мне яшчэ трэба кватэру шукаць. А камандзіроўка мусіць заняць амаль месяц!
-- Спадар Алесь, Вы ведаеце, што, як член Лігі, Вы маеце права на ільготны крэдыт на жыллё. Вось я хачу, каб Вы атрымалі яго як самы працавіты і эфектыўны інспектар. Калі Вы здолееце разабраць завалы, што нарабілі Вашы калегі, ад якіх акрамя беларускай мовы ніякай карысці, я пастаўлю сітуацыю перад кіраўніцтвам Лігі так, што Вам яны проста не павінны будуць адмовіць. Плюс камандзіровачныя будуць вельмі неблагія. Зараз загадаю выдаць Вам 300 талераў, а потым па Вашых справаздачах аб расходах атрымаеце яшчэ.
Камандзіроўка зацягнулася больш чым на месяц, бо завалаў сапраўды хапала, асабліва з папяровай работай. За гэты час Алесь жыў альбо ў гасцініцах, альбо на кватэрах. Працаваў амаль увесь час. Урэшце надыйшоў час вяртацца шукаць новую кватэру і атрымоўваць свае бонусы на рабоце. Марыя Сцяпанаўна дазволіла, каб яго рэчы яшчэ заставаліся ў яе да таго як ён вернецца. Вось урэшце ён забраў іх у машыну, пакінуў ключ гаспадыне і паехаў у офіс.
Усю справаздачу Алесь ужо загадзя адправіў па імейлу, заставалася толькі аднесці некаторыя паперкі ў бухгалтэрыю. Калі ён паркаваўся ля работы, спадар Дзяніс даслаў яму смс: «Як прыедзеце, адраўу зайдзіце да мяне. Сур'ёзная размова»
З трывожным сэрцам Алесь пастукаў у дзверы кабінета начальніка:
-- Можна?
-- Заходите, господин Александр Иванов.
Ніколі раней Дзяніс не размаўляў з ім па-руску.
-- Што гэта значыць?
-- Александр Иванович, мы серьезное государственное учреждение и вот получаем на Вас сигнал. Оказывается Алесь Иванович во время учебы в вузе в Лигу вступать не собирался и был Александром Ивановым, а как пришло время работать, подсуетился и перековался в националиста.
Какое это имеет отношение к моей работе? -- перайшоў на рускую Алесь, -- Я действительно сменил фамилию, но не имя. А в Лигу я вступил, когда дозрел до этого. Но какое это отношение имеет к тем годам, когда я работал здесь как вол? Я хоть раз скомпрометировал Ваше серьезное учреждение пьянками или бабами?
-- Калі б у Вас былі бабы, Вас было б лягчэй звольніць. -- уздыхнуў шэф, -- Але ёсць разнарадка, што ўсіх падазроных у радыкальным нацыяналізме трэба паціху звальняць з дзяжслужбы. Я проста выконваю загад. Разумею, што Вы можаце паскардзіцца на мяне ў суд і дабіцца аднаўлення на гэтай пасадзе, але мяне ніхто за гэта не звольніць, бо мяне ёсць каму абараніць у міністэрстве. І Вам ізноў прыйдзецца працаваць пад маім кіраўніцтвам. Вы ж разумны чалавек, і ведаеце, што калі я пастаўлю сабе мэтай знайсці за што зачапіцца, то знайду абавязкова. Напрыклад, пакуль Вы будзеце звольнены, я патэлефаную ў службу прызыва рэзервістаў, і скажу, што Вы больш у нас не працуеце і свабодны выканаць свой абавязак перад Бацькаўшчынай...
-- А ў чым праявіўся мой радыкальны нацыяналізм? Я – памяркоўны патрыёт, ніякіх заўваг пра несвядамітаў не рабіў, нічога не пісаў...
-- Вы ўдзельнічалі ў шэсці на дзень БНР ад нашага калектыву, год таму і ішлі ў адной калоне з аднім з чатырох радыкалаў, якіх тыдзень таму знялі з урадавых пастоў і аддалі пад суд за заявы пра рускамоўных беларусаў. Ёсць фота, дзе Вы трымаеце транспарант і стаіце недалёк ад аднаго з гэтых радыкалаў. Ёсць новая лінія «адзінства нацыі праз адзінства рускамоўных і беларускамоўных беларусаў». Праз год-другі нацыяналізм увогуле спусцяць на тармазах. Трэба было ўзяць непрацаздольны, як я і не мітусіцца перад камерамі.
Спадар Дзяніс падняўся:
Так что, уважаемый, пишите лучше заявление по собственному желанию и «чемодан, вокзал, Россия». И по собственному желанию – выход из Лиги. Кстати деньгами мы Вас не обидим, на пару месяцев хватит, а там и работу найдете.
***
Праз 4 гады Алесь, які жыў з жонкай і сынам у сваіх бацькоў у Гомелі і працаваў на адну расійскую кампанію, заехаў у Мінск. Новы, набыты ў крэдыт аўтамабіль, таксама патрабаваў пэўнага абслугоўвання як і стары, які ўжо даўно быў праданы на запчасткі. Вось і заехаў Алесь ў той малінаўскі аўтасэрвіс. Хоць і не верыў ён у прывідаў, але як убачыў, што ў дзвярах гаража стаіць Генадзь, твар былога інспектара выдаў нейкі жах.
-- Геннадий?!
-- Можаце размаўляць са мной па-беларуску, -- з усмешкай адказаў Генадзь. -- Так, гэта я.
Ім абодвум было што сказаць. Так адбылося, што тады паліцэйскія вырашылі не выканаць загад афіцэра, якога прывёў нейкі даносчык, што ведаў аб тым, што Генадзь не будзе станавіцца на калені перад сцягам. Паліцэйскія вырашылі стрэліць у паветра, а Генадзю загадалі бегчы праз хмызняк далей ад гэтага месца і вярнуцца дадому толькі ноччу, што ён і зрабіў. На афіцэра падалі скаргу некалькі відавочцаў, ён быў зволены з паліцыі і сёў у турму. На судзе ён прасіў прабачэння ў Генадзя.
-- Генадзь, я адно не разумею: Вас ледзь не забілі беларускія нацыяналісты, Вы згубілі пасаду настаўніка з-за таго, што не падтрымалі нацыяналістаў. Што Вас прымушае цяпер размаўляць па-беларуску, калі для кагосьці ў буйных беларускіх гарадах чалавек, што размаўляе на «мове» або чыноўнік, або нацыяналіст?
-- А Вы думаеце, Алесь, што мова і радзіма – гэта ўласнасць палітыкаў? Для мяне беларуская заўсёды была роднай мовай. Мовай, на якой я размаўляю з дзецьмі, на якой малюся Богу, чытаю Пісанне. А радзіма для мяне – гэта Слонім, дзе я нарадзіўся, рака Шчара, дзе падлеткам я лавіў рыбу, Мінск, дзе прайшла большая частка майго жыцця. Гэту радзіму ў мяне ніхто не адбярэ. А палітычныя лідары толькі карыстаюцца ёй, як Вы арэндавалі кватэру ў Марыі Сцяпанаўны.

Алесь ехаў дадому ўздоўж бясконцых узгоркаў і палей Міншчыны. Тую кнігу, што яму даўно даў Генадзь ён так і згубіў, але Алесь даў сабе слова знайсці такую ж пры магчымасці, каб зразумець што ж магло быць натхненнем мужнасці заставацца сабой для чалавека, які перажыў столькі змен рэжымаў і не згубіў унутранага стрыжня. «Генадзь здаваўся мне ідэалістам, а я сябе я лічыў рэалістам», падумаў Алесь, «але ён аказаўся большым рэалістам, чым я». А сонца ўжо заходзіла. Алесь уключыў далёкае святло і настроіў радыё на адзіную хвалю, якая яшчэ вяшчала толькі па-беларуску.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

Іван Шамякін. Першы генерал

 На прасторах сусветнай павуціны ёсць малавядомае апавяданне Івана Шамякіна "Першы генерал", якое варта прачытаць многім. Акрамя м...