У 2015 г. я накідаў свае крыху сумбурныя ўспаміны пра правадное і бесправадное радыё, якія вырашыў праз 10 год дашліфаваць. Праз пэўны час мне стала зразумела, што дадатковыя матэрыялы патрабуюць новы асобны пост, які аб'яднае зусім новыя тэндэнцыі і даўно забытае мінулае.
Радыё мабільных прыкладанняў
Большасць сучасных беларускіх радыёстанцый актыўна працуе з мабільнымі прыкладаннямі, але я вылучыў некалькі такіх "нішавых", якія практычна ці поўнасцю прывязаны да прыкладанняў для смартфона. Іх (амаль) немагчыма паслухаць на FM-хвалях, але няцяжка знайсці ў інтэрнэце.
Міжнароднае радыё "Беларусь" вяшчае праз 2 мабільныя прыкладанне і анлайн (radiobelarus.by). Прычым анлайн дае 3 варыянты: 1) для Літвы і Латвіі; 2) для Польшчы і 3) спадарожнікавае вяшчанне на рускай, беларускай, англійскай, нямецкай, іспанскай, французскай, кітайскай і арабскай мовах.
Адно з двух асноўных прыкладанняў пазначана на рускай мове як "інфармацыйна-аналітычны канал" і накіравана (з 2026 г.) у асноўным на рускамоўную аўдыторыю Літвы і Латвіі. Значная частка эфіру — разважанні эмігрантаў з Літвы і Латвіі, якія пражываюць у Беларусі па прычыне крымінальнага пераследу на Радзіме, а таксама беларускіх журналістаў і запрошаных у студыю палітолагаў на тэму пэўных праблем у Літве і Латвіі. Гэтыя разважанні практычна поўнасцю паўтараюць тэзісы расійскіх праўладных медыя: крытыка падтрымкі украінскіх "нацыстаў" балтыйскімі "нацыстамі", СССР карміла Прыбалтыку і пры Сталіне было лепш, чым цяпер, Беларусь і Расія развіваюцца, а Еўропа ў крызісе, ЗША — сапраўдны гаспадар Прыбалтыкі. Пры ўсёй спрэчнасці і аднабаковасці такой журналістыкі думкак, у яе ёсць адзін бяспрэчны плюс: такія перадачы часам дапамагаюць падсвяціць рэальныя праблемы краін Балтыі, ад канфліктаў мясцовых адміністрацый з грамадзянамі да не самых паспяховых палітычных рашэнняў.
Прынцыповым адрозненнем эфіру радыё "Беларусь" для Балтыйскага рёгіёну ад расійскіх медыя "рускага свету" можна заўважыць элементы абароны нацыянальнага і культурнага сувярэнітэту. Адна з беларускіх вядучых падкрэсліла: "беларусы і рускія не адзін народ, а брацкія народы", латышскія эмігранты гаворылі пра ідэю незалежнасці сваіх краін ад палітыкі ЕС. У эфір выходзяць пазітыўныя праграмы пра дзейнасць беларускіх каталікоў.
Другі значны сегмент кантэнту для літоўцаў і латышоў: папулярызацыя беларускай культуры, агляд магчымых перавагаў сацыяльна-эканамічнай мадэлі, формы палітычнага ладу, тэрытарыяльнага падзелу. Верагодна, такім чынам ідзе заахвочванне турызму ў Беларусь. Таксама выходзяць навіны з Беларусі, якія не адрозніваюцца ад навінаў для ўнутранай аўдыторыі (напрыклад, значны акцэнт на штодзённую дзейнасць топ-чыноўнікаў, на бітву за ураджай і г.д).
Далей можна вылучыць тэму штодзённых лайфхакаў для жыхароў Літвы і Латвіі і забаўляльнага кантэнту: пераважна балтыйскай эстрады мінулых гадоў. Музыка можа быць і з беларускай эстрады, і мабыць гэта той рэдкі выпадак, калі на гэтым прыкладанні можна пачуць беларускую мову.
Ёсць і рэклама для беларускай аўдыторыі, у тым ліку сацыяльная.
Яшчэ адно прыкладанне з назвай і кантэнтам на польскай мове і тлумачэннем на рускай "свабоднае слова для Польшчы". Пераважна там выступаюць беларускія вядучыя з добра пастаўленай польскай мовай (я толькі раз заўважыў памылку ў словах прамоўцы), часам польскія дзеячы, якія пражываюць у Беларусі і знаходзяцца ў апазіцыі да польскай улады. Частка эфіру ідзе на карысць папулярызацыі кніг беларускіх аўтараў, гісторыі беларускай культуры, раскруткі песень беларускіх выканаўцаў. Сярод іншага гэта ўключае чытанне твораў спачатку на беларускай, потым на польскай мовах. Таксама доля беларускамоўнай эстрады тут адчувальна больш, чым на дзясятках рускамоўных станцый для карыстальнікаў у РБ.
З другога боку, нямала эфірнага часу выдзелена пад ток-шоў, дзе крытыкуецца Еўрасаюз, дзеянні польскіх палітыкаў, узгадваюцца злачынствы украінскіх нацыяналістаў супраць палякаў падчас Другой сустветнай вайны. Пры гэтым пра Расію і Беларусь гаворыцца толькі пазітыўна, але даволі асцярожна, з пазбяганнем спрэчных момантаў, што гучыць кантрастам з рускамоўным кантэнтам для Літвы і Латвіі, апісаным вышэй.
Многае з эфіру міжнароднага радыё "Беларусь" паўтараецца, бо каманда супрацоўнікаў і колькасць запрошаных спецыялістаў абмежаваны бюджэтам, таму адзін і той жа матэрыял можна пачуць і ўдзень, і ўвечар, а адказы гасцёў пэўных праграм можна пачуць як выказванне эспертнай ацэнкі ў іншых праграмах, прычым галасы іншых удзельнікаў прыглушаюцца тэхнічна, і здаецца, што эксперт выказваецца спецыяльна для гэтай іншай праграмы.
У 2023 г. было запушчана анлайн радыё "Перамога" (radiopobeda.by) (у 2025 г. яму дадалі частату ў FM-дыяпазоне 96.2, а ў 2026 ціха зноў забралі). Гэта далёка не першы праект прысвечаны перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне (ВАВ). Але акрамя песень часоў ВАВ або прысвечаных тэме гэтай вайны, там круцяць: 1) інтэрв'ю з ветэранамі і архіўныя навіны з франтоў мая 1945 г., што безумоўна файна ў плане гістарычнай адукацыі; 2) песні савецкіх часоў; 3) сучасныя беларускія песні. Таму гэта радыё не толькі пра падзеі ваеннага ліхалецця. У значнай ступені эфір "Перамогі" запаўняе паўтарэнне адных і тых жа запісаных матэрыялаў. Калі гэта так, то штат станцыі не патрабуе значных фінансавых выдаткаў. Песні на беларускай мове сустракаюцца, але рэдка. У 2026 г. стаў заўважаць у эфіры камерцыйную рэкламу. Таксама час ад часу гучаць выказванні А.Р. Лукашэнкі на тэму Вялікай Айчыннай вайны, што можа быць звязана як з даччынай прыналежнасцю гэтай станцыі і "Жаночага радыё" (пра яго далей) "Альфа-радыё", так і "духам часу".
Таксама радыё "Перамога" унікальна тым, што яно ціха вяшчала на працягу некалькіх месяцаў 2025 г. з адмысловай дызайнерскай скрыні на першым паверху ГЦ "1-ы Нацыянальны" і некаторых іншых бізнес-цэнтраў. Іншых выпадкаў з дызайнерскімі скрынямі, дзе прыёмнік перадае пэўную хвалю ў рэкламных мэтах, я пакуль не сустракаў. У 2026 г. гэтыя "боксы" ўжо не ставілі.
"Бокс" з трансляцыяй радыё "Перамога" ў ГЦ "1-ы Нацыянальны" летам 2025 г.Запіс праграм загадзя стварыў забаўную сітуацыю: у сумесным з "Альфа-радыё" ток-шоу "Сапраўднае жыццё", якое было ў эфіры "Жаночага радыё" 8 мая 2026 г. 11:00-11:30, то бок на пярэдадне Дня Перамогі, вядучыя абмяркоўвалі надыходзячае свята 1 мая. Пры гэтым 9 мая 2026 г. нічога пра Дзень Перамогі на "Жаночым радыё" не нагадвала, акрамя абавязковай на ўсіх тэле- і радыёстанцыях хвіліны маўчання ў 12:00.
З часу ўзнікнення гэтай радыёстанцыі я пакуль не не чуў там: 1) рэкламу, 2) віншаванняў з бягучымі падзеямі, 3) выпускаў навін і прагнозаў надвор'я, 4) песен і перадач на беларускай мове.
Расклад лекцый для камуністычных функцыянераў праз радыёперадачы, пры гэтым Сталін на с.5 ужо узгадваецца як правадыр, хоць яшчэ не мае абсалютнай улады у СССР.
Праграма святкавання 23 лютага. Дарэчы, тут 2 цікавыя факты ў радку пра 10 лютага: 1) Мінск называўся Менскам да 29 ліпеня 1939 г.; 2) нейкія арганізацыі рабочых мелі шэфства над пэўнымі часткамі Чырвонай арміі.
Правапіс 1930-х гг. суправаджаўся нехарактэрным для беларускай мовы "оканнем" у словах "метэОрОлОгічны" "бОльшэвік" "сОвецкі". Як бачым з анонсаў, асноўны эфір ішоў на беларускай мове, асобныя перадачы выходзілі на іншых мовах, напрыклад, на яўрэйскай (відавочна, ідыш) і рускай, што бачна на с.11.
Таксама гучала латышская мова (с.16), польская мова (с.17) і нават эсперанта (с.17). А праграма завяршалася не толькі "Інтэрнацыяналам" і боем маскоўскіх курантаў, але і анонсам перадач на наступны дзень.
Для дзяцей зрабілі рэмейк вядомага рамана Ганчарова "Абломаў" пад назвай "Ільюша Абломаў" (1-ы радок с.30). Выхад партыйнай радыёнарады вырашылі вылучыць чорным (с.31), як і пасляабедзенны канцэрт (с.30).
Цікава, што на с. 37 у адзін і той жа час па эфіру даецца музыка, а па вузлу радыёсувязі -- перадача для прыцоўных Мінскага раёна.
На с.37-38 узгадваецца практыка развучвання чырвонармейскіх песен і кансультацыі самадзейным гурткам да надыходзячага свята 23 лютага. На с 38 таксама узгадваецца перадача на літоўскай мове.
С. 58 частка рэпертуару чамусьці даецца рускай мовай, хоць да гэтага і пра рускамоўныя перадачы пісалі менавіта беларускай.
С. 70 Хлопчык Боб у дзіцячай перадачы відавочна б раззлаваў сённяшніх ура-патрыётаў, якія сцвярджаюць, што хацелі б вярнуць усё як у СССР. Праўда невядома ці гэта Боб ад назвы расліны, ці скарачэнне ад Роберт (што ў тагачасным духу інтэрнацыяналізма было нармальна), ці проста мянушка, але дакладна не Губка Боб, мультперсанаж, які з'явіўся ў 1999 г.


















Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.